/ Нірвана беларуса: будні беларускага санаторыя

/ Нірвана беларуса: будні беларускага санаторыя

“Як у санаторыі!” — шчасліва пацягваўся дзядзька Грыша, развальваючыся на посцілцы. Перад намі стаяў трохлітровы слоік са свежым малаком, ляжалі пакроены шматок сала, зялёныя пёркі цыбулі і “цаглінка” хлебу — такі зазвычай завозяць у беларускія сельпо, і сяляне выстройваюцца па яго ў даўгія чэргі. Побач з намі сохла толькі што паварушанае сена, пад якім сноўдалі мышкі-палёўкі, а часам у кірунку найбліжэйшага балота дзелавіта прапаўзалі гадзюкі. Дзядзька Грыша ляжаў роўна дзве гадзіны — да пары, пакуль сена не трэба было пачынаць зграбаць у стажкі. І гэта былі самыя залатыя гадзіны дня, а можа быць, і ўсяго лета.

Каб зразумець, пра што гэта дзядзька Грыша, давялося дажыць амаль да яго тагачаснага веку і атрымаць пуцёўку ў Самы Сапраўдны Беларускі Санаторый.

Маскоўскі вырай


Беларускі санаторна-курортны фонд — расійскі вырай. Гэта, здаецца, не навіна і не сакрэт. Паводле газеты “Камсамольская праўда”, у 2010 годзе беларускія санаторыі наведалі 98 тысяч расіянаў. І толькі трапіўшы ў гушчу тэмы, разумееш, наколькі не перабольшаная гэтая лічба. У санаторый “Лясныя азёры” няпроста дабрацца з Мінску — расклад адзінага аўтобуса прыстасаваны пад патрэбы ўшацкіх студэнтаў, якія навучаюцца ў сталіцы. Затое курсіруе спецыяльны санаторны бусік на аўтавакзал ва Ушачы, адкуль адпачывальнікаў аператыўна давозяць на піцерскія і маскоўскія цягнікі ў Віцебск і Полацк. “І гэта яшчэ не сезон, — каментуе сітуацыю суседка па століку, аматарка санаторнага лячэння па лініі прафсаюзаў, — здабыць пуцёўку на лета беларусу амаль немагчыма”...

Расіяне, як і любыя замежнікі, плацяць у беларускім санаторыі ўдвая, а то і ўтрая больш за грамадзян Беларусі. Паводле іх сведчанняў — у сярэднім 20 тысяч расійскіх рублёў з чалавека. І гэта, паводле іх словаў, удвая-ўтрая танней, чым паездка ў любы з санаторыяў Расіі. Як сцвярджае мой магілёўскі сябар, які нядаўна перасякаў усходнюю мяжу РБ, “палова жыхароў Пскоўскай вобласці або толькі што вярнулася з беларускага санаторыя, або збіраецца ехаць туды вось проста цяпер”.

Параўнальна нізкія кошты, ветлівы прыём і сапраўднае малако — вось тры кіты, на якіх трымаецца санаторны бізнэс Беларусі. На першы сняданак пасля заезду госці з Расіі масава замаўляюць сабе паліты смятанай тваражок. Гэта амаль рытуал.

Цэнтральны праменад санаторыя ў абедзенны час ператвараецца ў кірмаш — сюды звозяць вясковыя прысмакі, касметыку і кітайскія сувеніры з усёй ваколіцы. Ушачы — адміністратыўны цэнтр раёну, ні разу не памежнага з Расіяй. У дзяржаўным (!) універмагу ў пакупнікоў пытаюцца: “Якімі рублямі будзеце расплачвацца?” “Хозяйка, купи!” — сутаргава чапляецца ў рукаво гандлярка на рынку ва Ушачах. Каб вокамгненна адпусціла, варта проста адказаць па-беларуску.

На самым буйным партале, прысвечаным санаторна-курортнаму турызму Беларусі, — sanatorii.by — зарэгістравана 103 санаторыя. І ўсе яны, у той ці іншай ступені, выжываюць і нават квітнеюць за кошт расійскага капіталу. Чэшскае міністэрства культуры і турызму ў 2005 годзе выдаткавала вялікія грошы, каб перамагчы сусветны стэрэатып Чэхіі як краіны, дзе можна ў неабмежаваных колькасцях напівацца танным півам і легальным абсэнтам (прычым пажадана ўперамешку). Чэхі абралі сваім дэвізам на пяцігодку да 2010 года словы “klid a pohoda” (“цішыня і спакой”). Беларускі дэвіз мог бы гучаць як “смятана, тваражок і душ Шарко”.

Душа санаторыя

У кожным таварыстве вы знойдзеце таго, каго можна назваць “душой кампаніі”. Адпачывальнікі ў санаторыі — выпадковая супольнасць, на фоне якой непазбежна вылучаецца пэўны тып людзей, якіх можна назваць “душой санаторыя”. Гэта зазвычай мужчыны ў веку ад 40 да 60-ці, тыя самыя, якія могуць без дазволу зазірнуць у масажны кабінет і таямніча прамовіць: “Алачка, як і дамаўляліся, а чацвёртай у альтанцы за трэцім корпусам!..” А чацвёртай у альтанцы за трэцім корпусам збіраецца невялічкі натоўп, які шыхтуецца цугам і з пакункамі ў руках сыходзіць у найбліжэйшы лес, ачолены ўсё тым жа мужчынам. Праз гадзіну з гушчару ўжо даносіцца смех жанчын і дымок шашлыку.

Каб мы не памыліліся адносна іх сацыяльнай місіі, такія мужчыны абазначаюць сябе, проста як падарожнікі флікерамі, уніформай, ролю якой у амаль абавязковым парадку грае спартовы гарнітур незвычайнага колеру. Падчас майго перабывання ў санаторыі былі зафіксаваныя морквава-аранжавы, ярка-блакітны, насычана-чырвоны і снежна-белы варыянты санаторных спецгарнітураў. Абавязковыя атрыбуты “душы санаторыя” — бейсболка і модныя красоўкі. Важна, каб яны пасавалі да ўсяго гарнітура (на мове мужчын гэта азначае адзіную марку фірмы спортадзення па ўсім целе).

Вечарам душа санаторыя бегае ўздоўж карпусоў і крычыць: “На возера! Усе на возера!” Або: “Дамы, я лячу за шампа-а-анскім!” Зранку душа санаторыя вохае на ўвесь лечкорпус і гучна наракае на здароўе ў чарзе па працэдуры: выяўляецца, што гарэліцу ўчора запівалі гаючай вадой з мінеральнай крынічкі, а Алачка махнула келіхам шампанскага ў цеснаватым пакоі трэцяга корпусу і расквасіла кінескоп тэлевізара “Віцязь” — на кампенсацыю шкоды накіраваная сюды адным з беларускіх прафсаюзаў душа санаторыя аддасць усе адпачынкавыя грошы...

...Без гэтых яркіх агеньчыкаў на прысадзе санаторнага праменаду ў лясным санаторыі было б нудотна. Я амаль упэўненая, што дзядзька Грыша ў свой час быў выдатнай душой санаторыя.

Старажытны курорт

Санаторый для мяне заўсёды асацыяваўся з дабрабытам савецкай імперыі, з маладосцю маёй бабулі, з раннім дзяцінствам, калі дома цэлы месяц не было мамы або таты. Прыгожая сацыялістычная казка пра палац Радзівілаў, адабраны ўладамі савецкага Нясвіжу ў узурпатараў і перададзены працоўнаму класу, каб кожны просты беларус меў права адпачыць і “паправіць здароўе” (з вуснаў “душаў санаторыя” гэты народны штамп гучыць асабліва цынічна). Гэта групавыя фотаздымкі людзей у пацешных драпавых паліто на фоне раскошнага класіцызму і з надпісам: “Ялта. Февраль 1952”... І тым большым было маё здзіўленне, калі звычка чытаць шыльды ў калідорах паліклінік паставіла мяне перад вялікім шчытом “Гісторыя санаторыя “Лясныя азёры”.

Мінеральныя воды возера Малая Баркоўшчына былі пазначаныя на швейцарскіх мапах ужо ў 1502 годзе, а ў пачатку ХVІІІ стагоддзя тут ужо дакладна адбывалася лячэнне. У ХІХ стагоддзі тут дзейнічаў шырока вядомы на абшарах былой Рэчы Паспалітай двух народаў ды Расійскай Імперыі курорт, дзе, напрыклад, у 1860 годзе “паправілі здароўе” каля 300 чалавек. Некаторыя жылі ў драўляным гатэльчыку, збудаванаму вакол купальняў на 32 ванны (вада падавалася з крыніцаў па дубовых трубах і награвалася). Тыя, каму бракавала месца ў гатэльчыку, спыняліся ў вёсцы, якая, трэба думаць, ужо тады навучылася зарабляць на багатых гасцях з Варшавы і Франкфурту, Масквы і Пецярбургу.

На двух азёрах бруяла чатыры крыніцы — дзве з сернай вадой, а дзве з жалезістай. Галоўны профіль баркоўшчынскай гаючай вады — хваробы апорна-рухальнага апарату: параліч, рэўматызм.  І таму тут густа адбываліся ўсе гэтыя эфектныя гісторыі пра хворых, якіх прывозілі на насілках, а сыходзілі яны ўжо сваімі нагамі... Таксама тут лячылі ад залатухі, няплоднасці, эпілепсіі.

У 1919 годзе ў Баркоўшчыне адчыніўся першы беларускі санаторый, які праіснаваў да Вялікай айчыннай вайны. Цікавасць выклікае факт, што “ў 1941 годзе фашысты захапілі санаторый і цэлы год скарыстоўвалі яго па прамым прызначэнні”. “Ну так — лячылі тут ад ран сваіх салдатаў і афіцэраў”, — задуменна пацвярджае даведкавую інфармацыю маладая масажыстка, ды так, нібыта была сведкай падзеяў. Паколькі ў познія гады вайны Ушаччына была фактычна партызанскай рэспублікай, доўга немцы не лячыліся — прайгралі беларускім партызанам бітву за джакузі і пры адступленні санаторый спалілі. Аднавіць працу ён змог ужо толькі ў 1961 годзе.

А з канца 1990-х пачынаецца ўжо зусім сучасная гісторыя санаторыя “Лясныя азёры” — з СПА і салямі Мёртвага мора, але апісанне ўсіх гэтых вабнотаў я пакіну калегам з парталу sanatorii.by. Галоўнае, інфармацыя з шыльды цалкам пацвярджаецца, калі спускаешся з высокага берагу да возера Доўжына. Як і пяць стагоддзяў таму, лясныя азёры Ушаччыны агаломшваюць сваёй тэрапеўтычнай прыгажосцю.

Выхад у астрал

Такім чынам, рэспектабельныя расійскія пажылыя пары, самотныя беларускія ваўкі ды ваўчыцы па накіраванні прафсаюзаў — і паміж імі я, цалкам выпадкова. “Девочки, это деревня, и поэтому развлечений там нет вообще никаких!!!” — гэты водгук у інтэрнэце быў найлепшай рэкамендацыяй для чалавека, які зарабляе на жыццё анонсамі, правядзеннем і апісаннем культурных мерапрыемстваў. І ў выніку я няблага адпачыла ад усяго гэтага і “паправіла здароўе” — хоць ні разу не схадзіла ў лес разам з Алачкай і іншымі. Але галоўнае, я канчаткова зразумела, пра што вялося дзядзьку Грышу.

Беларускі санаторый — гэта кароткатэрміновы выхад у астрал у разгар цяжкой працы. Санаторый — нірвана беларуса. Санаторый — гэта баракамера сацыяльна арыентаванай дзяржавы, увасабленне мары накшталт вядомага гогалеўскага “каб галушкі самі ў рот заскоквалі”. Санаторыі — гэта не проста гаючыя гразі або дыетычнае харчаванне на аснове “сапраўднага малака”. Санаторый — гэта месца, дзе за цябе ўсё вырашылі іншыя — дактары, медсёстры, кухары на кухні. У санаторыі тваё жыццё рэгламентаванае, прадуманае, а таму бестурботнае. Тваражок, смятана, душ Шарко і тэлевізар “Віцязь”. І твой адзіны клопат — не зачапіць гэты тэлевізар келіхам ад шампанскага, і тады ты будзеш мець сілы і імпэт з чыстым сумленнем заступіць на новую працоўную змену.
 

 #
Gee whiz, and I tuhoght this would be hard to find out.
 
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  
 #
accutane 8971 levitra 1734 buy accutane xfkk
 
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  
 #  

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Беларусы нагадалі пра "мірны атам" і палітвязняў

Краязнаўчы фестываль

 Беларускае Радыё Рацыя вярнулася ў літоўска-беларускі эфір

З 1 мая перадачы Радыё Рацыя можна пачуць на хвалях «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM), якое транслюецца з Вільні.

Наша праграма гучыць з 21.30 па 22.00 літоўскага і беларускага часу. У будзёны дзень у ёй можна пачуць апошнія навіны Беларусі, актуальныя матэрыялы нашых карэспандэнтаў, а таксама расповеды пісьменніка Уладзіміра Арлова пра гісторыю Беларусі у цыкле перадач «Адкуль наш род». У суботу акрамя навінаў гучаць актуальныя культурніцкія матэрыялы і перадача пра гісторыю Гародні «Імёны Гародні». У нядзелю можна пачуць перадачы пра мастацтва, музыку, інтэрнэт, кампутары.

Слухаце Беларускае Радыё Рацыя на літоўска-беларускім памежжы.

Нашы беларускамоўныя перадачы будуць гучаць у эфіры «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM) да 1жніўня.
 


 

ПАДРАБЯЗНЕЙ >>>


 

 ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
У межах выканання праекта “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці” ладзіць


Краязнаўчы фестываль

28 мая 2012 г.


Праграма фестывалю:


10.00 – 11.00   Рэгістрацыя ўдзельнікаў.
11.00 – 13.00 – дыскусійныя пляцоўкі па тэмах:
                1) Валанцёрскі рух на Беларусі: набыткі, поспехі, перспектывы.
                2) Ахова помнікаў як дзяржаўны клопат і як праява грамадзянскай пазіцыі.
                3) Перспектыўныя накірункі развіцця турызму ў Беларусі.

13.00 – 14.00 Абед

14.00 – 16.00 — Прэзентацыі, майстар-класы, кірмаш рамёстваў.
16.00 – 16.45 — Выступ этна-, фольк-выканаўцаў.
16.45 – 17.00 — Закрыццё фестывалю.


Мерапрыемства адбудзецца ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К.Маркса, 12, г. Мінск).


Запрашаем да ўдзелу!

Заяўку з указаннем формы ўдзелу (дыскусійная пляцоўка, або майстар-клас...) просім даслаць на эл. адрас siadziba@gmail.com з пазнакай – Фестываль.
Іншагароднім удзельнікам фестывалю гарантуецца аплата праезду і аплата выдаткаў на харчаванне.


Шаноўнае спадарства! Калі вы хочаце больш даведацца пра дзейнасць ТБМ, завітайце на наш партал: tbm-mova.by


 


ЯНЫ ВАС ЧАКАЮЦЬ!

Шэлі — ласкавая дзяўчынка з годным позіркам

 

Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, Шэлі захавала спакой і выхаванасць. Хоць выгляду Шэлі і грознага, але добра ставіцца да дзяцей. Ёй толькі тры гады, ростам каля 50 сантыметраў, тыгравай афарбоўкі. Рыхтуецца да стэрылізацыі.

 

Валанцёр прытулку «СуперПёс» гатова пазнаёміць вас з прыгажуняй Шэлі, тэлефануйце: 8-029-775 57 53 (Анастасія).

 


 

Шансі — ідэальная котка

 

Цяжка зразумець, як беспраблемную ва ўсіх адносінах котку вырашылі здаць у пункт адлову на Гурскага, 42. Але ж здалі… Зараз Шансі чакае свой другі шанец знайсці ўтульны дом і клапатлівых гаспадароў. Характар у яе проста анёльскі: даецца ціскацца, калі гуляецца — не драпаецца, дазваляе сябе вычэсваць. Ненавязлівая, ахайная, ходзіць у латочак.

 

Шансі 2,5 гады, стэрылізаваная, прышчэпленая ад шаленства. Мае шыкоўнае срэбна-шэрае футра з белай манішкай.

 

Шансі прынясе радасць у ваш дом! Тэлефануйце валанцёрцы прытулку «СуперКот» Кацярыне: 8-029-378 78 26.

 


 

Болей катоў і сабак — у каталогах на форуме прытулку “СуперКот” http://forum.superkot.com/