/ Кім быць. Беларусь рыхтуецца да перапісу насельніцтва 2009 года (спроба фельетона)

/ Кім быць. Беларусь рыхтуецца да перапісу насельніцтва 2009 года (спроба фельетона)

Мова, нацыянальнасць, эміграцыя і адкуль бяруцца грошы — вось шорт-ліст тэм, здольных уцягнуць грамадзяніна Беларусі ў зацятую дыскусію на доўгія гадзіны, а то і суткі. Кожнаму ёсць што сказаць пра дзвюхмоўе ў краіне, заблытаную этнічную карціну ва ўласным радаводзе, падзяліцца гісторыяй сваяка, які з’ехаў з Беларусі ў пошуках лепшай долі, і (абавязкова!) даць сваю ацэнку яго жыццёваму выбару, а пытанне: “Як вы зарабляеце?” — умомант ахінае рэспандэнта містычны жахам, што заробленае ў яго забяруць. Але не за гарамі момант ісціны. Хутка жыхарам краіны давядзецца ў абавязковым парадку адказваць на пытанні, датычныя названай праблематыкі. Праўдзіва і, галоўнае, сцісла. З 14 па 24 кастрычніка 2009 года жыхароў РБ будуць перапісваць.



Калі пытанні пра мову і нацыянальнасць для аб’ектаў будучага перапісу даўно не дзіва, то пытанні пра міграцыю насельніцтва як у межах краіны, так і па-за яе межамі, а таксама пра месца працы і “крыніцы прыбытку” будуць зададзеныя ўпершыню. Ёсць і яшчэ адно новаўвядзенне ў параўнанні з папярэднімі перапісамі: тэрмін апытання падоўжаны на тры дні, а ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў звыш 24 тысяч чалавек будуць арганізаваныя стацыянарныя пункты, куды людзі змогуць звярнуцца ў любы зручны ім час. Як на выбарчы ўчастак.

Паралель з выбарамі нацягнутая, але небеспадстаўная: у схільных да рэфлексій колах ужо каля года вядуцца спрэчкі вакол загадкавага падпіснога бланку, які будзе прапанаваны кожнаму з 10 мільёнаў у “час ікс”. Нараджаюцца міфы вакол таго, як паўплывае на той ці іншы аспект нашага жыцця ўвядзенне той ці іншай графы. І вядзецца палкая агітацыя, як тую ці іншую графу запаўняць.

Прычым калі з мовамі (шматвяковы вопыт шматмоўя не прап’еш!) усё больш ці менш зразумела, пытанне: “Да якой нацыянальнасці вы сябе адносіце?” — адна з тых харугваў, за якую ідзе мэтанакіраваная і жорсткая барацьба. Добра, калі вы са спакойным сумленнем можаце напісаць: “украінец”. Або “габрэйка”. Сапраўдныя праблемы пачынаюцца, калі вы ўсё жыццё думалі, што вы — беларус. Пасля знаёмства з некаторымі сучаснымі нацыянальнымі тэорыямі вам, магчыма, закарціць прамовіць: “Дзякую Табе, Божа, — але лепей бы я быў маскаль”.
 

Што за народ такі?..

Ідуць тры беларусы: рускі, немец і паляк...
Анекдот ад Андрэя Хадановіча

 

Калі мне было 17 гадоў, я трапіла на вельмі дзіўны сход. Заваблівалі ўдзельнікаў на творчы вечар вядомай паэткі — я не магла абмінуць акцыю. У той перыяд я бурліва перажывала ўсведамленне сваёй беларускасці, пачынала з цікавасцю знаёміцца з жывой літаратурай ды музыкай. Той факт, што творчая сустрэча мелася адбыцца не на нейкім там філфаку, а ў дыскусійным клубе прэстыжнай тэхнічнай ВНУ, толькі надавала імпэту. Беларусы выходзяць з гета, думала я, нарэшце беларус — гэта не прафесія!

Вечар пачаўся. Але замест вядомай паэткі на сцэну выйшла прывабная дзяўчына з даўгімі валасамі і ў этнічных фенечках і прадставілася Аксютай. Яна сказала словы вітання і абвесціла, што мы сабраліся тут, каб высветліць нешта важнае. “Хто з прысутных лічыць сябе беларусам?” — запыталася Аксюта ў аўдыторыі. Я з гонарам і адчуваннем гістарычнасці моманту пацягнула руку ўгару. Але апынулася ў меншасці.

Вочы Аксюты дапытліва і з нейкім няясным шкадаваннем свідравалі тузін тых, што азваліся. “Добра. А цяпер падымаюць рукі тыя, хто лічыць сябе літвінам”. Для мяне было шокам, але пара рук узляцела ўгару. “А цяпер няхай падымуць рукі крывічы”. Няхай і рэдкі, але лес рук. О, ды ў іх тут банда, — прамільгнула ў маёй галаве, што ледзьве паспявала страваваць інфармацыю.

Потым Аксюта падняла з першых шэрагаў іншую дзяўчыну і папрасіла яе расказаць сваю гісторыю. Дзяўчына расказала, што яе ва ўсіх сэнсах ніхто не разумее, і найперш — родныя бацькі, бо яна размаўляе па-беларуску, думае па-беларуску і ўсе яе сябры — такія самыя. І таму яна — крывічка. Потым, па-мойму, была дыскусія, і толькі напрыканцы выпусцілі паэтку. Чыталіся розныя вершы, але я іх не слухала, а думала пра тое, што, насуперак маім спадзяванням, усведамленне сябе беларускай ні на каліва не спрасціла карціну свету, а наадварот, ускладніла яе.

“Адзін беларус — партызан, два беларусы — партызанскі атрад, тры беларусы — партызанскі атрад са здраднікам”, — так у адным анекдоце, сярод іншых нацый, апісваюцца “мірныя людзі”. Кім яшчэ могуць запісацца жыхары нашай краіны падчас усенароднага перапісу? Вынікі нацыятворчых канцэпцый 1990-х — 2000-х гадоў я буду называць “новымі этнасамі”, хоць, у адрозненні ад такіх сусветна папулярных фэнтэзійных расаў, як “эльфы”, “гобліны” ці “джэдаі”, нашы новыя — гэта добра забытыя старыя.
 

 

Жыве ў беларускім Палессі…

Адзін паляшук — хутар, два палешукі — аўтаномія, тры палешукі — аўтаномія з сепаратысцкім рэгіёнам.
Спроба анекдота

 

Храналагічна першымі, хто ўголас заявіў пра сваю небеларускасць у Беларусі, сталі палешукі-інтэлігенты. Яшчэ напрыканцы 1980-х, дзякуючы філолагу і арыгіналу з Драгічына Міколу Шэляговічу, лідэру руху за аўтаномію Палесся (яно ж “Етвызь”), заснавальніку газеты “Збудзіння” (выдавалася ў 1989–1995 гады), палеская тэма востра і модна загучала з вуснаў беларускіх інтэлектуалаў. Нягледзячы на тое, што актывісты выступалі за аўтаномію Беларускага Палесся са сталіцай (“чолотвэрдю”) у Пінску (пры духоўнай падтрымцы Берасця), палеская тэматыка, як сведчыць Андрэй Дынько, захапіла галоўным чынам менскую багему, далёка не ўсе прадстаўнікі якой маглі пахваліцца яцвязкімі каранямі.

Палешукі — адзіны “новы этнас” Беларусі, вагомай падставай для аўтаноміі якога магла б паслужыць мова (Шэляговіч ужываў паняцце “волода”). Заходнепалеская граматыка, распрацаваная Шэляговічам, уключыла ў сябе самыя непадобныя да ўкраінскай ці беларускай моваў элементы, але, пры ўсёй сваёй штучнасці, больш-менш адпавядала жывому маўленню сучасных жыхароў “глыбі Палесся”.

Гонар паляшуцкай інтэлігенцыі за родныя дыфтонгі не грунтаваўся ў паветры. Малавядома, але ў ХІХ стагоддзі палеская гаворка, паралельна з беларускай мовай, пачала ставацца мовай новай беларускай літаратуры. “Пінская шляхта” была напісаная “па-пінску” — у школе мы вывучаем пераклад на беларускую, і гэты факт непрыгожа замоўчваецца настаўнікамі. Да таго ж, менавіта палешукі і Палессе сталіся магутным культурна-антрапалагічным фонам значных беларускіх твораў ХХ стагоддзя — трылогій “На ростанях” Якуба Коласа і “Палескай хронікі” Івана Мележа. Толькі жаданне быць зразуметым усёй Беларуссю прымусіла апошняга ўжываць у творы адно элементы палескіх гаворак — паводле першазадумы, паляшук-Васіль і паляшучка-Ганна мусілі гаварыць “у арыгінале”.

Такая прыгожая і такая рамантычная ідэя адраджэння беларускага Палесся была даспадобы далёка не ўсім. Як расказваў сам Шэляговіч у інтэрв’ю 1990 года, спроба арганізаваць палескую фракцыю БНФ скончылася няўдачай і нават скандалам: “Разгарэлася жорсткая, непрыемная дыскусія. Зянон увогуле выйшаў, заявіўшы, што падзяляе пазіцыю Гілевіча — маўляў, заходнепалескай праблемы ў прыродзе не існуе”. Паводле распаўсюджанай канспіралагічнай версіі, за палешукамі стаяла слаўнавядома “рука Масквы”: маўляў, “кантора” таемна заахвочвала палескі сепаратызм, бо гэта падрывала памкненні беларускіх нацыяналістаў, раз’ядноўвала іх.

Так гэта ці не — навуцы пакуль невядома. Тэкст Андрэя Дынька “Найноўшая гісторыя яцвягаў”, падшыўкі “Збудіння” ды пару інтэрв’ю з Міколам Шэляговічам — вось, бадай усё, што дайшло да нас з таго часу. Паводле дадзеных моладзевага мультымедыя-часопісу “34”, сам Шэляговіч пераехаў у Маскву, прыняў расійскае грамадзянства і ад сваёй паляшуцкасці, роўна як ад сваёй беларускасці, на дадзены момант рашуча адмаўляецца.

Маладыя патрыёты адраджэння яцвяжскай свядомасці смела запісваюць у палешукі каля мільёна насельніцтва Берасцейшчыны і Гомельшчыны. Пытанне, куды запішуцца самі гэтыя палешукі. Бо, як ні абуджала іх “Збудіння”, абсалютная большасць з іх — па-ранейшаму “тутошні” і размаўляюць “по-просту”. Колькі патрыётаў Палесся набярэцца ў 2009 годзе, на 20-я ўгодкі выхаду першага нумару газеты на заходнепалескай мове? 10 чалавек? Сто? Тысяча? Перапіс пакажа. Перапіс ведае ўсё.

 

Саўка ды Грышка ладзілі дуду…


Адзін крывіч — дудар, два крывічы — дударскі фэст, тры крывічы — буйны дударскі фэст.
Спроба анекдота

 


Нягледзячы на ваяўнічасць сустрэтай колісь мною Аксюты, крывічы здаюцца мне самым памяркоўным “новым этнасам”. Пры ўсёй радыкальнасці іх ідэалогіі. У знаёмай мне фармулёўцы суполкі “Гегарух” і яе ідэолага Сяржука Санько, беларусы — больш балты, чым славяне, і краіна мусіла б называцца Крыўя, а народ, адпаведна — крывічы. Вось “Захад—Усход” навязаная нам пазнейшай цывілізацыяй.

Варта стаць крывічом, развярнуўшы свой светапогляд на 90 градусаў, на “Поўнач—Поўдзень”, “з варагаў у грэкі”. Памкненні адэптаў “Гегаруху”, які плённа працаваў у інтэрнэце ў 2001–2005 гады і меў, па чутках, шчыльныя духоўныя сувязі з аднадумцамі ў Латвіі і сучаснай Літве, заўжды ляжалі ў сферы культурна-рэлігійнай, а не сацыяльна-палітычнай. Дружная, знітаваная і крыху нават заканспіраваная суполка — зацятыя даследчыкі дахрысціянскай культуры беларусаў, рэканструктары этнікі і (многія) паганцы паводле веравызнання. 24 студзеня ў Мінску быў прэзентаваны “літоўскі” нумар саліднага альманаху “Druvis” — плён інтэлектуальнай працы крывічоў. На імпрэзе таксама адзначаліся 20-я ўгодкі Цэнтра этнакасмалогіі KRYŬJA.

Увасабленне крывіцкага руху, на мой погляд, — выдатны дудар і дудар-майстар Тодар Кашкурэвіч. Не распыляючыся на шматслоўную агітацыю, ён дудзіць у дуду. Выходзіць вельмі красамоўна — дый проста прыгожа.

Паколькі крывічы нашы — суполка хутчэй эзатэрычная, чым адкрытая, — ніякай спецыяльнай мэты пашырыць крывіцкую свядомасць на беларусаў яны не маюць. Дадзеныя перапісу насельніцтва — не тое, што займае іх думкі, таму ніякай адмысловай агітацыі не вядзецца. Тым не менш, некалькі крывічоў у кастрычніку 2009, пэўна, выплывуць. Некаторыя з іх — скажам, рэдактар “Друвіса” Аляксей Дзермант, адрозніваюць сябе ад сучасных беларусаў, называючыся літвінамі. А літвіны, панове — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

 

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!..


Адзін літвін — шляхцюк, два літвіны — шляхецкі соймік, тры літвіны — шляхецкі соймік з пагромшчыкам
Спроба анекдота

 


Калі вам вельмі хочацца абразіць літвіна — спачатку напішыце яго нацыянальнасць “ліцвін”. Правільна — па-беларуску “літвін”, гэтаму ёсць разгорнутае лінгвістычнае меркаванне, але я яго не чытала. Калі гэта выпадкова не дапаможа, нанясіце літвіну канчатковы ўдар — назавіце яго “спадаром”. Рэч у тым, што сучасныя “паны-літвіны” супрацьпастаўляюць сябе “свядомым беларусам”, якія называюць сябе выдуманым словам “спадар” і грунтуюцца, уласна, на ідэі нацыяналізму — ідэі, якая і з’явілася адно ў ХІХ стагоддзі і мода на якую, маўляў, імкліва праходзіць.

Сама па сабе канцэпцыя, што сучасныя жыхары Беларусі — нашчадкі народа(ў) Вялікага княства Літоўскага, і варта адраджаць гэтую прывабную ідэнтычнасць — сімпатычная, хоць і ўтапічная. Яна набірае ўсё большую папулярнасць у краінах-спадчынніцах ВКЛ: Літве, Польшчы, Украіне. І, зразумела, Беларусі. Варта згадаць хаця б міжнародны праект “Вялікае княства паэтаў”, які ўжо трэці год аб’ядноўвае літаратараў са згаданых краінаў. Няхай ідэя Вялікага Княства разумеецца паэтамі хутчэй метафарычна, чым літаральна.
Літвінства — дэмакратычны праект, які бярэ ад дзяржавы-продка, дзяржавы-прататыпа асноўны прынцып роўнага суіснавання рознасцяў у грамадстве, культуры і палітыцы. У адрозненне ад іншых “новых этнасаў”, што паўсталі ў галовах некаторых жыхароў Беларусі, літвіны — адкрытая супольнасць. Стаць літвінам можа не толькі чалавек, чые продкі пакаленнямі жылі на тэрыторыі ВКЛ (чым бліжэй да Вільні — тым лепей), але і любы, хто “адчувае вялікі сантымент да азначанага рэгіёна”.

Але этнічны прынцып не адкідаецца цалкам. Калі ў таго, хто нарадзіўся ў Данецку ці Разані, яшчэ ёсць тэарэтычныя шанцы давесці грамадзе сваю літвінскасць, кеніец ці японец, што пачуўся патрыётам Літвы (у праўдзівым значэнні гэтага тапоніма), сустрэнуць на сваім шляху перашкоды.

Гвалтоўна ў літвіны не заганяюць, але — актыўна запрашаюць. Мэта літвінаў — каб па выніках перапісу–2009 у Беларусі іх стала больш за тысячу. Тады іх будуць змушаныя пазначыць асобным радком, а не запісваць у “іншыя нацыянальнасці”.

Пакуль што літвінаў далёка не тысяча, аднак наяўныя сілы паспелі разбіцца на варагуючыя фракцыі гіпатэтычнага сойму. Манарха-літвіны мараць у перспектыве запрасіць на княства ў Літву-Беларусь якога-небудзь прыстойнага нашчадка еўрапейскай дынастыі. Літвіны-паганцы настальгуюць па часах балта-крывіцкага адзінства і вызнаюць шматбожжа.

Апошнім часам “асноўныя літвіны” моцна крыўдуюць на палона-літвінаў (не ад слова “палон”, а ад слова “Палонія”). Маўляў, адзіны прадстаўнік гэтага руху — гісторык і кухар Алесь Белы — беспардонна дыскрэдытуе іх, бо вызначае сваю ідэнтычнасць не столькі праз сантымент да ВКЛ, колькі праз нянавісць да сучасных беларусаў, лаючы іх то фашыстамі, то марксістамі.

У 2009 годзе беларускія літвіны таксама святкуюць юбілей. Але не нейкае там убогае 20-годдзе. У 1009 годзе назва “Літва” ўпершыню была згаданая ў хроніках. Так што жаданая лічба ў тысячу літвінаў можа быць сакральнай: па літвіну на кожны год існавання вялікай дзяржавы нашай.

Кім жа быць? Здаецца, ёсць яшчэ амаль год на тое, каб перадумаць — і, выпісаўшыся з неактуальных у новым сезоне беларусаў, стаць імпазантнай паляшучкай (я магу па бацьку) ці стылёвай манарха-літвінкай. Але вызначацца ўсім нам, людцы, неяк трэба. Інакш усіх нас — і палешукоў, і крывічоў з літвінамі — чакае агульнае і традыцыйнае ўжо ліха. Як была казала адна беларуская бабуля, “усе мы — рускія людзі”.

 #
Пані Марыя! :) Палёна-літвінамі йх лепей ня зваць. Ёсьць паняцьце "новалітвіны" ці "літвіны РБ"
 
 #
niekatoryja "Monarcha-Litwiny" taksama majuć daczynieńnie da 'polskaj nacyjonalnaści'. Gorliwy Litwin - Nowy Litwin.
 
 #
niekatoryja "Monarcha-Litwiny" taksama majuć daczynieńnie da 'polskaj nacyjonalnaści'. Gorliwy Litwin - Nowy Litwin.
 
 #
Перапрашаю, а зь якога боку тут выкарыстаны DRUVIS у якасьці візуалу? Што ён мусіць ілюстраваць? Рэдакцыя альманаху мо і ня супраць такой рэклямы, але проста цікавіць вашая матывацыя. А датычна крыівічоў — шчыра ўсьміхнулі абазнанасьцю ў тэме ;)
 
 #
Перапрашаю, а зь якога боку тут выкарыстаны DRUVIS у якасьці візуалу? Што ён мусіць ілюстраваць? Рэдакцыя альманаху мо і ня супраць такой рэклямы, але проста цікавіць вашая матывацыя. А датычна крыівічоў — шчыра ўсьміхнулі абазнанасьцю ў тэме ;)
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Апошні нумар

ад рэдактара
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
тыднёвы агляд
Палітыка
Повязь часоў

ЛІТБЕЛАРУСЬ

Відэа

maryjka's picture
Блог Марыйкі Мартысевіч "Нью Эйдж"
pulsha's picture
Блог Сяргея Пульшы
chvoin's picture
Блог Вольгі Хвоін "У трох соснах"
kiesnier's picture
Блог Генадзя Кеснера
chadyka's picture
Блог Аляксея Хадыкі

Аб'явы