№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Апалітычны сіндром
На мінулым тыдні скончыўся тэрмін вылучэння прэтэндэнтаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі па выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў — у структуры, дзе ўласна адбываецца падлік галасоў. Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, працаваць у іх складзе выказалі жаданне больш за 77 тысяч чалавек. Прадстаўнікі партый ад колькасці заяўнікаў складаюць менш за тры працэнты.
Найбольш сярод іх тых грамадзян, якія вылучаліся шляхам падачы заяў — больш за 40 працэнтаў, ад працоўных калектываў — 22,5 працэнта, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў — 37,3 працэнта. Аднак непасрэдна на палітычныя партыі прыпадае толькі 2,9 працэнта ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў на ўключэнне ў склад участковых выбаркамаў, што, уласна, і з’яўляецца яскравым сведчаннем ступені развіцця і плюралізму палітычнай сістэмы дзяржавы.
Па звестках ЦВК, найбольшая колькасць вылучэнцаў ад Камуністычнай партыі Беларусі (516 прадстаўнікоў), Беларускай сацыяльна-спартыўнай парты (434 прадстаўнікі), Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (358 прадстаўнікоў), таксама сваіх сябраў вылучылі Беларуская аграрная партыя, Ліберальна-дэмакратычная і Рэспубліканская партыі. Расклад па апазіцыйных партструктурах наступны: Аб’яднаная грамадзянская партыя — 281 прадстаўнік, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” — 160, партыя БНФ — 122, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 24, “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” — 9, КХП БНФ — 8 чалавек. Што тычыцца вылучэнцаў ад грамадскіх аб’яднанняў, то традыцыйна найбольш кандыдатаў у выбаркамы выставілі “Белая Русь”, БРСМ, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ды Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў.
Паралельна ўвесь гэты час (да 15 сакавіка) працягваецца прыём дакументаў па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. І, як адзначаюць прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, якія адсочваюць ход выбарчага працэсу, не ўсе так гладка. Напрыклад, у некаторых рэгіёнах увогуле не вылучаюцца апазіцыйныя кандыдаты. Адна з прычынаў гэтага — ціск з боку мясцовых уладаў. “У Рагачове работнік мясцовай школы мастацтваў Мікалай Мельнікаў, сябра партыі “Справядлівы свет”, збіраўся вылучыцца кандыдатам у раённы савет, але адмовіўся ад свайго намеру пасля таго, як начальнік раённага аддзела культуры Міхаіл Зайцаў пад пагрозай звальнення запатрабаваў ад яго забраць заяву з выбарчай камісіі”, — паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Аналагічная сітуацыя была і ў гарадскім пасёлку Свіслач Пухавіцкага раёна — ад удзелу ў выбарчай кампаніі быў вымушаны адмовіцца Яўген Якіменка — малады спецыяліст, сябра АГП. Актывіста аргкамітэта БХД Андруся Кашэўскага, які збіраўся балатавацца ў Жодзінскі гарсавет, пасадзілі на 15 сутак быццам бы за супраціў міліцыі. Аднак прадстаўнікі БХД лічаць, што такім чынам улады наўмысна пазбавілі магчымасці патэнцыйнага апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў своечасова здаць подпісы ў выбаркам дзеля рэгістрацыі.
Ёсць нараканні і на перашкоды падчас збору подпісаў. Звычайна гэта тычыцца забароны на збор подпісаў у інтэрнатах навучальных установаў. Такія прэцэдэнты былі зафіксаваныя ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, Салігорску.
Адна з найбольшых праблем выбарчых кампаній такога ўзроўню, і сёлетняй у тым ліку, — нізкая інфармаванасць насельніцтва пра час правядзення выбараў, дый уласна веды, каму і для чаго патрэбнае гэта дэпутацтва. Напрыклад, сябра бабруйскай суполкі БСДП “Грамада” Андрэй Стаселовіч гаворыць, што падчас збору подпісаў у яго склалася ўражанне, што пра выбары ведае толькі кожны дзесяты жыхар горада. У выніку патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты ды сябры іх ініцыятыўных груп вымушаныя браць на сябе асветніцкую функцыю ды тлумачыць сваім выбарцам, “што гэта за выбары і з чым іх ядуць”.
Мясцовыя органы ўлады да 10 сакавіка сфармуюць па ўсёй Беларусі 6 387 участковых выбарчых камісій, у тым ліку 279 — у лячэбных установах і 48 — у воінскіх частках. Пасля зацвярджэння складу камісій яны пачнуць выконваць свае абавязкі: будуць атрымліваць спісы выбаршчыкаў і звяраць іх, зоймуцца абсталяваннем выбарчых участкаў, падрыхтоўкай да галасавання, правядзеннем самога галасавання (датэрміновага, у дзень выбараў і дома) і падвядзеннем вынікаў галасавання па выбарчаму ўчастку.







.jpg)













Пакінуць новы каментар