xxx

/ Ці ёсць шанец у лібералаў?

/ Ці ёсць шанец у лібералаў?

Пастаноўка мэтаў, што не падмацаваныя сродкамі для іх рэалізацыі, — галоўная загана ідэалагічнага мыслення.

У сваіх «азбуках паліталогіі» я часта звяртаюся да тлумачальнага слоўніка замежных слоў. Гэтым разам ён мне спатрэбіўся, каб удакладніць сэнс слова «працэдура». Падзялюся з чытачамі сваёй чарговай лінгвістычнай знаходкай: «працэдура (лат. «procedere» — «прасоўвацца») — афіцыйна ўстаноўлены, прадугледжаны правіламі спосаб і парадак дзеянняў».

Працэдура, дакладней, пошук адпаведнай працэдуры, вось ужо шмат гадоў знаходзіцца ў цэнтры практычнай дзейнасці беларускай апазіцыі. У наяўнасці чарговае несупадзенне імпартнай тэорыі з айчыннай практыкай. «У іх» працэдура — спосаб і парадак дзеянняў. «У нас» — самі дзеянні. Але гэта не дзеянні па захаванні працэдуры. Божа ўратуй! Гэта дзеянні па яе пошуку.

Такое неардынарнае баўленне часу — быццам грып. Па-першае, носіць цыклічны характар, а па-другое, яно заразнае. Існуе маса разнавіднасцяў працэдурных дзеянняў. Найбольш папулярныя звязаныя з распрацоўкай працэдуры «выхаду на адзінага кандыдата».

У гэтым прэзідэнцкім цыкле пошук «адзінага» не атрымалася лакалізаваць у межах партыйных штабоў. Да яго далучылася грамадскасць. У прыватнасці, Рада беларускай інтэлігенцыі. Свой праект працэдуры рада апублікавала яшчэ ў красавіку. Падтрымкі з боку адрасатаў ён, зразумела, не атрымаў. У жніўні ініцыятары праекту канстатавалі небяспечнае запавольванне працэсу, а таму рашыліся на неардынарны крок. Яны правялі рэйтынгавае галасаванне — г. зн. не проста распрацавалі працэдуру, але здзейснілі на яе падставе дзеянне.

Прадказаць рэакцыю тых, хто не апынуўся ў пачатку рэйтынг-ліста, вялікай складанасці не ўяўляе. Я не збіраюся цытаваць. Адзначу толькі, што спроба ссунуць працэдурны воз з мёртвай кропкі прывяла да зваротнага выніку. Воз уграз яшчэ больш.

Палітык — прафесія?


Акрамя рэйтынгавага міжсабойчыку, праведзенага Радай беларускай інтэлігенцыі, чымсьці падобным займаюцца недзяржаўныя сацыялагічныя службы, толькі ў маштабах краіны. Прывяду чэрвеньскія электаральныя рэйтынгі НІСЭПД: Лукашэнка — 45,6%, Мілінкевіч — 5,4%, Казулін — 4,4%, Гайдукевіч — 1,2% і Сідорскі — 1,0%. Яшчэ 18 «палітыкаў» атрымалі на круг 3%.

Электаральныя рэйтынгі вызначаюцца пры адказе на пытанне «Калі б заўтра адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі, за каго б Вы прагаласавалі?» Пытанне адкрытае, г. зн. спіс палітыкаў не прадугледжваецца. Калі ж яго прапанаваць, што і было зроблена ў чэрвені, то рэйтынгі, натуральна, падрастуць. Параўнаеце: Лукашэнка — 48,3%, Мілінкевіч — 9,9%, Казулін — 7,5%, Гайдукевіч — 3,5%.

Перавысіць узровень статыстычнай памылкі (3%) і ў гэтым выпадку больш ні ў каго не атрымалася. Пры гэтым намеснік старшыні АГП эканаміст Яраслаў Раманчук атрымаў толькі 1%. Здавалася б, такі электаральны мізер супярэчыць узроўню яго вядомасці. Артыкулы Раманчука з’яўляюцца ў прэсе з зайздроснай рэгулярнасцю. Яны досыць папулярныя, пра што сведчыць іх перадрукоўка інтэрнэт-сайтамі. І тым не менш…

Нестыкоўка мае патрэбу ў каментары. Па-першае, грамадская думка часам вельмі інертная. Слова «часам» у дадзеным кантэксце з’яўляецца ключавым. Калі людзям «здаецца» (яшчэ адно ключавое слова), што ім нешта пагражае, то грамадская думка можа сарвацца ў штопар і ад малаважнай падзеі. Аналагічны піруэт яна здольная прарабіць і ў процілеглым кірунку. Але для гэтага грамадская думка павінна папярэдне саспець. Таму месія заўсёды з’яўляецца ў момант яго пікавага чакання.

Адкрыты рэйтынг прэм’ера Сідорскага таксама склаў 1% (у спіс закрытага пытання ён уключаны не быў). З пазнавальнасцю ў прэм’ера праблем няма. Рэйтынг даверу ўрада не нашмат саступае рэйтынгу даверу прэзідэнта, але як палітык Сідорскі грамадствам не ўспрымаецца.

Палітык — прафесія адмысловая. Звярніце ўвагу: рэйтынгамі, якія перавышаюць статыстычную памылку, валодаюць выключна ўдзельнікі прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Сам факт трапляння ў выбарчы бюлетэнь на прэзідэнцкіх выбарах робіць чалавека палітыкам. Спіс такіх шчасліўчыкаў не можа быць шырокім. Калі б у сілу якіх-небудзь прычын спіс перасягнуў разумныя межы, то ўвага людзей усё роўна сфакусавалася б толькі на найбольш верагодных кандыдатах. Грамадская ўвага не гумавая. Гэта добра ведаюць прафесійныя менеджэры шоу-бізнесу.

У кожнага свая рацыянальнасць

Што грамадская думка не гумавая, зразумела і на побытавым узроўні. А вось ці з’яўляецца яна рацыянальнай? Пытанне не выпадковае. Ад правільнага адказу залежыць выбар перадвыбарных стратэгій кандыдатаў. Звернемся, да прыкладу, да заяў ужо згаданага вышэй Раманчука. На сайце www.ucpb.org ён рэкламуецца ў якасці самага паслядоўнага ліберала Беларусі. Выбар на карысць ліберальнага ладу абгрунтоўваецца сацыялогіяй: «46% беларусаў хочуць больш эканамічных рэформаў і лібералізацыі».

Адзначу, што гэта ход нестандартны. «Лібералы нават у Вялікабрытаніі — партыя меншасці. Лібералізм па самой сваёй сутнасці — філасофія не масавая, а элітная», — заўважаў Марк Урноў. Для праверкі меркавання расійскага палітолага звернемся да вынікаў электаральнай падтрымкі лібералаў у Вялікабрытаніі. Узгадаем, што Партыя ліберальных дэмакратаў ёсць прадукт зліцця ў 1988 годзе Ліберальнай партыі з Сацыял-дэмакратычнай партыяй (!).

Адпаведна, захоўваць ліберальную цнатлівасць і пры гэтым займаць месцы ў парламенце сёння праблематычна нават на радзіме лібералізму. Такім чынам, у 1992 годзе «падпсаваныя» лібералы атрымліваюць 20 месцаў у парламенце (з 650), у 1997 годзе — 46, у 2001 — 52, у 2005 — 62 і ў 2010 — 57. Для параўнання — кансерватары на апошніх выбарах атрымалі 305, а лейбарысты — 258 месцаў.

Самы паслядоўны айчынны ліберал, калі абгрунтоўвае свае прэзідэнцкія амбіцыі, прыводзіць наступныя аргументы: «Я эканаміст, што ва ўмовах крызісу для большасці выбарцаў з’яўляецца вырашальным фактарам. Па-другое, я новы твар беларускай палітыкі, а яго і хоча бачыць большасць грамадзян Беларусі ў бюлетэні для галасавання. Па-трэцяе, у маім партфелі цэласная праграма рэформаў, якія неабходна здзейсніць у Беларусі. Па-чацвёртае, вакол мяне сфармаваўся касцяк высокапрафесійнай каманды, здольнай рэалізаваць задуманае на практыцы».

Са здольнасцю Раманчука фармуляваць рацыянальныя аргументы не паспрачаешся. Вось толькі ці супадае яго рацыянальнасць з рацыянальнасцю большай часткі беларускіх выбарцаў? Памятаеце, як казаў Трус з мультфільма пра Віні-Пыха: «Што значыць «я»? «Я» бываюць розныя!» Заменім Труса класікам сучаснай сацыялогіі Максам Веберам, які вылучаў тры асноўныя тыпы жыццёвых стратэгій: прыстасаванне да свету, уцёкі ад свету і авалоданне светам. Кожнай стратэгіі адпавядае свой тып рацыянальнасці. Таму беларускія пенсіянеры, якія падтрымліваюць Лукашэнку, дзейнічаюць рацыянальна. Толькі прырода іх рацыянальнасці іншая, і з гэтым неабходна лічыцца. А вось спадзявацца, што падчас выбарчай кампаніі яны зменяць свой тып рацыянальнасці, не варта. Так не бывае.

Разуменне як дзеянне

Прывяду яшчэ адно выказванне Раманчука: «Палітолагі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і палітыкі, якія прыкрываюцца праваабарончай дзейнасцю для атрымання знешніх рэсурсаў, жорстка крытыкуюць дэмакратычныя партыі і АДС па некалькіх асноўных прычынах: 1) ігнаруецца аўтарытарны кантэкст, 2) ігнаруецца рэсурсны кантэкст, 3) ідзе зачыстка палітычнага поля ад канкурэнтаў, 4) папросту хочацца размазаць каго-небудзь за што-небудзь».

Я не палітык, таму пункт 3 дачынення да мяне не мае. Што да пункта 4, то ў рамках ліберальнай рацыянальнасці аспрэчыць яго немагчыма, і таму не буду марнаваць на яго час. А вось пунктам 1 і 2 я б зрабіў алаверды.

Толькі калі цалкам ігнараваць беларускія аўтарытарны і рэсурсны кантэксты, можна заяўляць пра рэальныя шанцы на электаральную перамогу практычна перад кожнымі прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі. Толькі калі не разумець прыроду легітымнасці беларускай улады, можна сцвярджаць, што «ва ўмовах крызісу ў Лукашэнкі няма адказаў на тыя пытанні, якія хвалююць большасць» (Лябедзька). Для большасці якраз адказы ў Лукашэнкі ёсць, чаго не скажаш пра адказы для меншасці.

Толькі пры ўмове поўнага адрыву ад беларускага кантэксту ў якасці працэдуры «выхаду на адзінага» можна было прапанаваць праймерыз, разлічваючы пры гэтым прыцягнуць «100, 200, а яшчэ лепш — 500 тысяч чалавек». На шчасце, напалеонаўскі план даволі хутка сціснуўся да ініцыятывы «правядзення праймерыз у тэставым рэжыме на тэрыторыі Аршанскага раёна». Адказных за такое сцісканне, як заўсёды, не знайшлося, як не знайшлося і адказных за натуральную смерць такой неардынарнай працэдуры.

Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што ні адна з прапанаваных апазіцыйных стратэгій не мела пад сабой паліталагічнага абгрунтавання. Зразумела, што любое абгрунтаванне будзе спрэчным. Але яно павінна быць, і рабіць яго неабходна ў рамках сучасных паліталагічных тэорый і мадэляў. Хто сёння, да прыкладу, памятае пра стратэгію дыялогу, прынятую на кангрэсе ў 2007 годзе, мэтай якой быў «пачатак перагаворнага працэсу, свабодныя выбары і ўключэнне дэмакратычных сіл у працэс кіравання краінай, пачатак мадэрнізацыі грамадства і дзяржавы»?

Тэма супрацьстаяння аўтарытарнай улады і апазіцыі распрацоўваецца ў паліталогіі не адзін дзесятак гадоў. Даўно апісаныя ўмовы, пры якіх дыялог з аўтарытарнай уладай становіцца магчымым. Ці знайшлі час аўтары Стратэгіі–2007 скарыстацца парадай Леніна, каб «узбагаціць сваю памяць веданнем усіх тых багаццяў, якія выпрацавала чалавецтва» па дадзенай праблеме? Пытанне рытарычнае.

Разуменне сацыяльнай рэальнасці, як падкрэслівае сацыёлаг Леў Гудкоў, — гэта таксама дзеянне, прычым больш істотнае, чым удзел у прамых грамадзянскіх акцыях. Перш чым выканаць свой грамадзянскі абавязак, кожны з нас павінен зразумець, у чым яго сутнасць. Гэта асабліва актуальна для палітыкаў, таму што ім па штаце належыць не толькі выконваць свой асабісты грамадзянскі абавязак, але і заклікаць да гэтага іншых.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).