№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Сойм Партыі БНФ — супраць ЕўрАзЭС
Сойм Партыі БНФ на сваім пасяджэнні 19 лістапада прыняў рашэнне распачаць маштабную кампанію супраць уваходжання Беларусі ў Еўразійскі саюз, які, згодна з рашэннем прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Казахстана, павінен узнікнуць ужо ў 2015 годзе. Апазіцыйная партыя бачыць у гэтым вялікую небяспеку для незалежнасці і будучыні беларускай дзяржавы.
Як распавёў “Новаму часу” па завяршэнні Сойму старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, на суботнім пасяджэнні былі разгледжаны шматлікія пытанні, у тым ліку і план дзейнасці партыі на 2012 год, была сфарміравана новая Управа.
“Аднак у палітычным плане асноўны акцэнт быў зроблены на ацэнцы ўсіх тых новых-старых інтэграцыйных ініцыятывах пад новымі шыльдамі, якія апошнім часам атрымалі новы імпульс і новую дынаміку і якія нам падаюцца надзвычай небяспечнымі для незалежнасці як эканамічнай, так і палітычнай, — адзначыў палітык. — Сойм Партыі БНФ прыняў адпаведную заяву, дзе даецца адназначная ацэнка таго, што ўсе наднацыянальныя інтэграцыйныя органы цалкам кантралююцца Расійскай Федэрацыяй, і фактычна ўдзел у іх Беларусі з’яўляецца здачай часткі нацыянальнага суверэнітэту. У дакуменце заяўляецца аб тым, што далейшае паглыбленне гэтых інтэграцыйных працэсаў адкідае для Беларусі перспектывы інтэграцыі ў агульнаеўрапейскую і агульнасусветную эканамічную і палітычную прастору. Сойм прыняў рашэнне распачаць бестэрміновую кампанію Партыі БНФ супраць уваходжання Беларусі ў Еўразійскі саюз, а таксама за выхад краіны з саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, а таксама з усіх іншых наднацыянальных інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы”.
Па словах Аляксея Янукевіча, апроч заяваў, партыя збіраецца праводзіць шырокую інфармацыйную кампанію праз распаўсюд адпаведных інфармацыйных матэрыялаў.
“Мы прыкладзем усе намаганні, каб у бліжэйшы час гэтыя інфармацыйныя матэрыялы ўжо былі гатовыя, і мы будзем іх даносіць да людзей там, дзе яны ёсць, — у дварах, на прахадных, на рынках, будзем раскідваць друкаваную прадукцыю па паштовых скрынях. Мы збіраемся на фактах, якіх сёння дастаткова, тлумачыць, што беларуская эканоміка страчвае ў лічбах, якія перспектывы мы страчваем, калі ўдзельнічаем у гэтых інтэграцыйных утварэннях, і якія небяспекі за ўсім гэтым стаяць”, — паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.




















Пакінуць новы каментар