/ Каму дастанецца меншасць

/ Каму дастанецца меншасць

Пошук апазіцыйнай стратэгіі па-ранейшаму актуальны, але гэта павінна быць нацыянальная стратэгія, а не імпартны аналаг.

«А мы все ставим правильный ответ и не находим нужного вопроса». Гэта Высоцкі, і гэта пра нас. Катаваць сябе і іншых пытаннямі ў нас не прынята. Мы — нацыя гатовых адказаў, і таму, спатыкнуўшыся на праблеме, рэагуем на яе заявай ці маніфестам. Хуткасць рэакцыі залежыць ад глыбіні разумення праблемы: чым меншая глыбіня, тым вышэйшая хуткасць.

Сакавік у гэтым сэнсе стаўся ўраджайным. Да прыкладу спашлюся на дакумент, які з’явіўся ў сетцы пад кідкім загалоўкам: «Байкот дыктатуры — стратэгія перамогі!». Тэкст адпавядае загалоўку. Кожная прапанова ўспрымаецца як загад, а загады, як вядома, не абмяркоўваюцца. І ўсё б выдатна, калі б не апошняя прапанова: «У нас ёсць усе шанцы правесці эфектыўную кампанію байкоту, ізаляваць уладу і прымусіць яе неадкладна вызваліць палітвязняў і пачаць перамовы з апазіцыяй аб правядзенні свабодных выбараў».

Я ўвогуле зарабляю на хлеб напісаннем паліталагічных тэкстаў, аднак логіку аўтараў зразумець не змог, а маніфест, нагадаю, звернуты да шырокай аўдыторыі. У чарговы раз адкрыю слоўнік: «Байкот (анг. boycott) — форма палітычнага і эканамічнага змагання, прадугледжвае поўнае ці частковае спыненне адносін з пэўнай асобай, арганізацыяй, прадпрыемствам…»

Прасцейшую задачу, чым байкот улады, цяжка і ўявіць. Асабіста я здольны байкатаваць нават уладу англійскай каралевы, чым і займаюся на працягу 58 гадоў. Але байкатуючы ўладу Яе Вялікасці, я не спадзяюся, што афіцыйныя асобы Букінгемскага палаца, спалохаўшыся майго байкоту, пачнуць са мной перамовы.

З факту допуску апазіцыі да ўдзелу ў выбарах не вынікае, што ўлада пры гэтым уступае з апазіцыяй у палітычныя адносіны. «Улада, — як адзначае палітолаг Станіслаў Бялкоўскі, — фармуецца ў адным месцы, а выбары праводзяцца ў іншым, у розных сусветах». Гэта азбукавая ісціна для дзяржаў з імітацыйнымі рэжымамі, але ў Беларусі яна чамусьці асвойваецца з цяжкасцю. Зірніце на подпісы ў канцы маніфесту. Сярод падпісантаў —  выключна актыўныя ўдзельнікі мінулых выбарчых кампаній. Сёння яны спадзяюцца, што ізаляваная ўлада пачне «перамовы з апазіцыяй аб правядзенні свабодных выбараў». «Не смяшыце мае тапкі». Гэта ў якасці каментару я цытую ўлюбёную прыказку журналісткі Юліі Латынінай.

Палітычныя арэлі

Акрамя маніфесту палітыкаў сакавік запомніўся заявай Рады інтэлігенцыі. Яго аўтары пачалі за здароўе: «Весці перамовы пра свабодныя выбары з рэжымам, які з’яўляецца нелегітымным, — бесперспектыўна. Ні на сапраўдныя перамовы, ні на сапраўдныя выбары гэты рэжым не пойдзе». Прызнаўшы бесперспектыўнасць перамоваў, што вельмі разумна, аўтары заявы заклікаюць усіх прыхільнікаў дэмакратыі кансалідавацца і… патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі.

Маніфест і заява пры знешніх і відавочных адрозненнях, будуюцца на агульным тэарэтычным падмурку. Аўтары дакументаў апазіцыю ўяўляюць палітычным суб’ектам (ад лат. subjectum — носьбіт дзеяння, той, хто пазнае, мысліць і дзейнічае). Выдатнае ўяўленне, вось толькі на чым яно грунтуецца?

Папярэдняя «Азбука» (гл. «Дыялог», «НЧ» ад 18 сакавіка) была прысвечана суб’ектнаму рэсурсу апазіцыі. Ён, мякка кажучы, невялікі. Нам усім “пашанцавала” нарадзіцца ў краіне, дзе ўлада і апазіцыя адначасова моцнымі не бываюць. Так ужо ўладкаваная наша рэальнасць: або ўлада выступае ва ўсёй сваёй сакральнай красе, пакідаючы апазіцыі пятачок у выглядзе скверыку побач з пляцам Бангалор, або ўлада «валяется в грязи», і тады на кароткі прамежак часу фармуецца палітычнае поле, а разам з ім і палітычныя гульцы. Усё гэта мы назіралі напачатку 90-х. Хто не памятае — няхай перагартае падшыўкі газет.

Такія арэлі (моцная ўлада — слабая апазіцыя, слабая ўлада — моцная апазіцыя) разбіваюць апазіцыйную стратэгію на своеасаблівыя аналагі ленінскіх праграмы-мінімум і праграмы-максімум. Першая праграма павінна быць разлічана на перыяд моцнай улады. У гэты перыяд апазіцыя паўнавартасным суб’ектам быць не ў стане. Суб’ект (гл. азначэнне) пазнае, мысліць і дзейнічае, але для дзеяння аб’ектыўных магчымасцяў сёння няма. Удзел у імітацыйных мерапрыемствах улады, што перыядычна арганізуюцца ў форме выбараў, адносін да рэальных дзеянняў не мае.

Немагчымасць дзейнічаць не адмяняе абавязкаў пазнаваць і мысліць. Аўтарам маніфесту поспех байкоту бачыцца ў данясенні «праўдзівай інфармацыі да ўсяго насельніцтва краіны». У гэтай сувязі я хачу звярнуцца да аўтараў з асабістай просьбай. Дарагія мае, данясіце праўдзівую інфармацыю да мяне. Мне яе страшэнна бракуе. Інтэрнэт і нешматлікія незалежныя газеты ў гэтай справе не памочнікі. Сур’ёзнай інфармацыі пра беларускае грамадства і ўладу папросту не існуе ў прыродзе. Вось і даводзіцца бягучыя факты і факцікі аналізаваць з дапамогай імпартаваных тэорый.

Каб эфектыўна кіраваць якой-небудзь сістэмай, неабходна мець пэўны аб’ём ведаў пра яе функцыянаванне. У 1991 годзе «Гайдар і яго каманда» прыступілі да эканамічных рэформаў у Расіі. Галоўным вынікам іх дзейнасці стала дыскрэдытацыя дэмакратычных каштоўнасцяў у расійскім грамадстве. На прэзідэнцкіх выбарах 2004 года адзінага дэмакратычнага кандыдата (Ірыну Хакамаду) падтрымала 3,84% выбарцаў. У Беларусі апазіцыйныя кандыдаты атрымліваюць у 7–9 разоў больш! Пашанцавала нам, мы ў «ліхія гады» абышліся без Гайдара.

Не толькі маральныя дывідэнды

У Гайдара было алібі. Калі Бог раздаваў народам гуманітарныя веды, будучы рэфарматар жыў у СССР. Лічу, каментары тут не патрэбныя. Але з тых часоў шмат вады ўцякло, а мы ўсё гэтак жа кідаемся ад байкоту да патрабавання адстаўкі.

Працытую апошні абзац папярэдняй «Азбукі»: «Не выключана, што чарговы распад не за гарамі. Чым ён завершыцца — шмат у чым будзе залежаць ад узроўню згуртаванасці «меншасці». Менавіта на «меншасці» і варта засяродзіць апазіцыі свае высілкі».

Пакуль апазіцыянеры працуюць над чарговымі пераможнымі стратэгіямі, улада сур’ёзна пачала клапаціцца пра праблемы «меншасці». Па-першае, яна прызнала яе наяўнасць, па-другое, прыступіла да пошуку (стварэння) квазісуб’екта, здольнага стаць выразнікам яго інтарэсаў. Падрыхтавана ўжо і тэарэтычная база. Прывяду асноўную тэзу ў выкананні рэдактара часопіса «Беларуская думка» Вадзіма Гігіна: «Нармальнае дэмакратычнае грамадства, тым больш грамадства, якое развіваецца дынамічна і імкнецца забяспечыць пераемнасць існуючай сацыяльна-эканамічнай мадэлі і стабільнасць палітычнай мадэлі, не можа абысціся без апазіцыі, прадстаўленай у органах улады».

Звярніце ўвагу на слова «стабільнасць». Уладзе неабходна апазіцыя, але канструктыўная, г. зн. спрыяльная стабілізацыі існуючага рэжыму. Сённяшняя апазіцыя для гэтай задачы не падыходзіць. «Гэта людзі, — тлумачыць Гігін, — для якіх апазіцыйная дзейнасць стала сэнсам жыцця. Яны імкнуцца прыйсці да ўлады і выкарыстоўваюць сваю апазіцыйную дзейнасць для канфрантацыі, самафінансавання і самарэкламы». Абапіраючыся на прыведзеную тэзу, намалюю партрэт ідэальнага «канструктыўнага апазіцыянера»: ён цалкам пазбаўлены імкнення да ўлады, ён не марыць пра канфрантацыю з тымі, хто гэтай уладай сёння манапольна валодае, ён не імкнецца да самафінансавання, а тым больш да самарэкламы!

Самафінансаванне робіць чалавека надзвычай небяспечным для ўлады, нават калі ён і не марыць пра палітычную дзейнасць. Гэта ключавы момант. Таму і не ідзе ў рэспубліцы прыватызацыя, не павялічваецца ўдзельная вага прыватнага сектару ў эканоміцы. Беларуская эканоміка заснаваная на цэнтралізаваным пераразмеркаванні рэсурсаў, і манапольным правам іх размяркоўваць валодае ўлада.

Але вернемся да канструктыўнай апазіцыі. Без фінансавання яна не застанецца. Вось што піша з гэтай нагоды ў «Советской Белорусии» наш стары знаёмы Вячаслаў Оргіш: «Апазіцыя — гэта не абстрактная сутнасць, а жывыя людзі са сваімі эгаістычнымі запатрабаваннямі і праблемамі, якія маюць пэўнае фінансавае выяўленне». Для задавальнення запатрабаванняў апазіцыі Еўрасаюз вылучае ўнушальныя сродкі, «таму, — тлумачыць Оргіш, — калі нехта сур’ёзна думае займацца канструктыўнай апазіцыяй як альтэрнатывай пазасістэмным апазіцыйным структурам, яму таксама давядзецца, жадае ён таго ці не, ускласці на сябе некаторыя матэрыяльныя выдаткі. Сістэмная апазіцыйная дзейнасць павінна прыносіць не толькі маральныя дывідэнды».

Крыху практычнай сацыялогіі

Што мы маем на сёння? Мы маем недавер, які стабільна павялічваецца, да «адзінага палітыка» (АП): у снежні, паводле апытання НІСЭПІ, яму не давяралі 34% рэспандэнтаў, у сакавіку — 42%. Але не варта думаць, што той, хто не давярае АП, з’яўляецца прыхільнікам апазіцыі. У снежні рэйтынг даверу да апазіцыйных палітычных партый складаў 16%, а рэйтынг недаверу — 63% (дадзеных за сакавік па апазіцыйных партыях няма). З мінулага досведу, аднак, вынікае, што падзенне рэйтынгу АП не прыводзіць да адэкватнага росту рэйтынгу апазіцыйных партый.

У снежні на пытанне «Ці лічыце Вы сябе ў апазіцыі да цяперашняй улады?» станоўча адказала толькі 19% (рэкорд апошніх гадоў). Доля ж «меншасці» ў беларускім грамадстве, г. зн. тых, хто галасуе на прэзідэнцкіх выбарах за прадстаўнікоў апазіцыйных партый, амаль у два разы вышэйшая. Яна практычна роўная долі тых, хто не давярае АП. Якая з гэтага напрошваецца выснова? Амаль палова прагаласаваўшых за апазіцыйных кандыдатаў на апошніх прэзідэнцкіх выбарах галасавала не «за», а «супраць». Зразумела, супраць АП.

Я пачаў «Азбуку» з цытавання Высоцкага. У тэксце яго песні «Лукамор’е» ёсць яшчэ адзін актуальны для нас радок: «И начались тут его подвиги напрасные, с Баб-Ягами никчемушняя борьба». Ва ўмовах моцнай аўтарытарнай улады адкрытая барацьба з уладай можа ажыццяўляцца толькі ў «никчемушнем» рэжыме, што мы і назіраем пасля 1996 года. Як бы за гэтай барацьбой не праспаць «меншасць». Час, адпушчаны гісторыяй на рэалізацыю праграмы-мінімум, мяркуючы па навінах, што паступаюць з фінансавых палёў, заканчваецца.

(працяг будзе)

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Беларусы нагадалі пра "мірны атам" і палітвязняў

Краязнаўчы фестываль

 Беларускае Радыё Рацыя вярнулася ў літоўска-беларускі эфір

З 1 мая перадачы Радыё Рацыя можна пачуць на хвалях «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM), якое транслюецца з Вільні.

Наша праграма гучыць з 21.30 па 22.00 літоўскага і беларускага часу. У будзёны дзень у ёй можна пачуць апошнія навіны Беларусі, актуальныя матэрыялы нашых карэспандэнтаў, а таксама расповеды пісьменніка Уладзіміра Арлова пра гісторыю Беларусі у цыкле перадач «Адкуль наш род». У суботу акрамя навінаў гучаць актуальныя культурніцкія матэрыялы і перадача пра гісторыю Гародні «Імёны Гародні». У нядзелю можна пачуць перадачы пра мастацтва, музыку, інтэрнэт, кампутары.

Слухаце Беларускае Радыё Рацыя на літоўска-беларускім памежжы.

Нашы беларускамоўныя перадачы будуць гучаць у эфіры «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM) да 1жніўня.
 


 

ПАДРАБЯЗНЕЙ >>>


 

 ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
У межах выканання праекта “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці” ладзіць


Краязнаўчы фестываль

28 мая 2012 г.


Праграма фестывалю:


10.00 – 11.00   Рэгістрацыя ўдзельнікаў.
11.00 – 13.00 – дыскусійныя пляцоўкі па тэмах:
                1) Валанцёрскі рух на Беларусі: набыткі, поспехі, перспектывы.
                2) Ахова помнікаў як дзяржаўны клопат і як праява грамадзянскай пазіцыі.
                3) Перспектыўныя накірункі развіцця турызму ў Беларусі.

13.00 – 14.00 Абед

14.00 – 16.00 — Прэзентацыі, майстар-класы, кірмаш рамёстваў.
16.00 – 16.45 — Выступ этна-, фольк-выканаўцаў.
16.45 – 17.00 — Закрыццё фестывалю.


Мерапрыемства адбудзецца ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К.Маркса, 12, г. Мінск).


Запрашаем да ўдзелу!

Заяўку з указаннем формы ўдзелу (дыскусійная пляцоўка, або майстар-клас...) просім даслаць на эл. адрас siadziba@gmail.com з пазнакай – Фестываль.
Іншагароднім удзельнікам фестывалю гарантуецца аплата праезду і аплата выдаткаў на харчаванне.


Шаноўнае спадарства! Калі вы хочаце больш даведацца пра дзейнасць ТБМ, завітайце на наш партал: tbm-mova.by


 


ЯНЫ ВАС ЧАКАЮЦЬ!

Шэлі — ласкавая дзяўчынка з годным позіркам

 

Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, Шэлі захавала спакой і выхаванасць. Хоць выгляду Шэлі і грознага, але добра ставіцца да дзяцей. Ёй толькі тры гады, ростам каля 50 сантыметраў, тыгравай афарбоўкі. Рыхтуецца да стэрылізацыі.

 

Валанцёр прытулку «СуперПёс» гатова пазнаёміць вас з прыгажуняй Шэлі, тэлефануйце: 8-029-775 57 53 (Анастасія).

 


 

Шансі — ідэальная котка

 

Цяжка зразумець, як беспраблемную ва ўсіх адносінах котку вырашылі здаць у пункт адлову на Гурскага, 42. Але ж здалі… Зараз Шансі чакае свой другі шанец знайсці ўтульны дом і клапатлівых гаспадароў. Характар у яе проста анёльскі: даецца ціскацца, калі гуляецца — не драпаецца, дазваляе сябе вычэсваць. Ненавязлівая, ахайная, ходзіць у латочак.

 

Шансі 2,5 гады, стэрылізаваная, прышчэпленая ад шаленства. Мае шыкоўнае срэбна-шэрае футра з белай манішкай.

 

Шансі прынясе радасць у ваш дом! Тэлефануйце валанцёрцы прытулку «СуперКот» Кацярыне: 8-029-378 78 26.

 


 

Болей катоў і сабак — у каталогах на форуме прытулку “СуперКот” http://forum.superkot.com/