xxx

/ Дзяржаўныя нефармалы

/ Дзяржаўныя нефармалы

Ёсць такое мудрагелістае слова «аксімаран». Слоўнік падказвае, што з грэчаскай мовы яно літаральна перакладаецца як «дасціпна-бязглуздае» і азначае спалучэнне процілеглых ці кантрастных паняццяў, якія лагічна выключаюць адно аднаго. У слоўніку прыводзяцца прыклады: «жывы труп», «звонкая цішыня», «аптымістычная трагедыя», «убогая раскоша».

Мне здаецца, што выраз «дзяржаўныя нефармалы» з таго ж шэрагу. Нягледзячы на тое, што гэты аксімаран я прыдумаў сам, аформіць на яго аўтарскія правы будзе зусім не проста. У мяне ёсць сур’ёзны канкурэнт у асобе беларускай дзяржавы. Ствараць падобныя аксімараны ў выглядзе нефармальных дзяржаўных структур — яе ўлюбёны занятак.

Мабыць, самая вядомая з дзяржаўных структур хаваецца пад абрэвіятурай НС (Нацыянальны сход). Адкрыем Канстытуцыю. Паводле артыкула 90, Нацыянальны сход — заканадаўчы орган, але сам ён законаў не распрацоўвае. Палата прадстаўнікоў «разглядае праекты законаў» (артыкул 97, частка 2), а Рада Рэспублікі іх «ухваляе або адхіляе» (артыкул 98, частка 1). А хто ж іх тады распрацоўвае? Канстытуцыя пра тое сарамліва маўчыць, так што без падказкі правазнаўцаў у гэтай справе не разабрацца. Падказка ж выводзіць нас на Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў РБ, на галоўнай старонцы сайта якога чытаем: «Асноўныя функцыі Цэнтра — распрацоўка праектаў законаў, правядзенне іх экспертызы, планаванне заканатворчасці ў РБ».

Такім чынам, заканатворчая дзейнасць ажыццяўляецца ў нас па-за рамкамі Канстытуцыі, яна аддадзена на водкуп дзяржаўнаму нефармалу. Каму, дарэчы, ён падпарадкаваны? Калі чытач лічыць, што Нацыянальнаму сходу, то моцна памыляецца: «Агульнае кіраўніцтва Цэнтрам ажыццяўляе Адміністрацыя прэзідэнта РБ».

Урокі дзядулі Леніна


Адзін мой прыяцель рэгулярна прымае «Танакан». Прэпарат паляпшае мазгавы кровазварот, а тым самым — памяць. Для беларускай Улады ў якасці «Танакана» ў мінулым годзе выступіў сусветны крызіс. Падмацую сказанае адпаведным выказваннем вядомага аўтара: «Мы забылі пра тое, што мы ў цэнтры Еўропы і павінны выбудоўваць адносіны з усімі суседзямі... Не толькі з братэрскай Расіяй, але і з Еўрапейскім саюзам». У тым жа ключы і наступнае сцвярджэнне: «Беларусь — гэта еўрапейская дзяржава».

У чым асноўныя адрозненні еўрапейскіх (заходніх) дзяржаў ад нееўрапейскіх? У адпаведнасці з паліталагічнай азбукай, яны — у навуковай і прававой рацыянальнасці, якая не патрабуе для сябе ніякай рэлігійнай санкцыі. «Навука і права — вось рэальны ўнёсак Захаду ў сусветнае развіццё, якім не можа пагарджаць ні адна цывілізацыя», — адзначае філосаф Вадзім Мяжуеў.

Адкінем убок навуку і засяродзім сваю ўвагу на праве. Я не хачу сцвярджаць, што беларуская дзяржава, якая прэтэндуе на цывілізацыйную унікальнасць, цалкам адмаўляецца ад права. Дастаткова наведаць любы судовы працэс, на якім з аднаго боку выступае дзяржава, а з іншага — прыватная асоба або недзяржаўная структура, і можна атрымаць мноства доказаў трыумфу права. Аднак гэта будзе перамога з нацыянальным акцэнтам. У чым яна?

Творцам нашага права з’яўляецца Улада. Менавіта таму Парламент як прадстаўнічы орган да стварэння законаў дачынення не мае. Такім чынам, беларускае права — гэта права, якое спарадзіла Улада. Сэнс яго — абслугоўванне Уладай самой сябе, сваіх уласных патрэбаў. Спіс уладных патрэбаў вялікі, але на першым месцы знаходзіцца неабходнасць самазахавання. Хай даруюць мне чытачы, але я ў чарговы раз працытую вядомага аўтара: «Божа, а каму я павінен гэту ўладу аддаць?! Вы што, мне гэту ўладу далі для таго, каб я камусьці гэту ўладу аддаў? Калі вы марксізм-ленінізм уважліва вывучалі, то дзядуля Ленін вучыў, што толькі тая ўлада чагосьці вартая, калі яна ўмее бараніцца».

Заўважу мімаходзь, што прыватная ўласнасць, гэты найістотнейшы інстытут сучаснай эканомікі, у падобнай прававой прасторы не памнажаецца, але гэта тэма для асобнай размовы.

Такое вось ГА


Але як не круці, а на дварэ XXI стагоддзе, і з гэтым вымушана лічыцца нават беларуская Улада. Сярод родных балот сёння ніхто не адважыцца адкрыта заявіць: «Я супраць дэмакратыі». Іншая справа, што заходнія палітычныя дасягненні, перш чым рэалізавацца ў айчынныя практыкі, праходзяць апрацоўку па прынцыпе «Беларусь здольная гэту дэмакратыю перажаваць і выплюнуць».

У выніку такога немудрагелістага фізіялагічнага працэсу змест руйнуецца, а форма застаецца. Нацыянальны сход — прыватны выпадак перамогі дэклараванай формы над рэальным зместам. У паліталогіі дэмакратыі, атрыманыя шляхам перажоўвання і выплёўвання, прынята называць «імітацыйнымі».

Не абавязкова валодаць талентам Дарвіна, каб прасачыць эвалюцыю імітацыйных дэмакратый. У выкладанні палітолага Мікалая Пятрова паслядоўнасць крокаў выглядае наступным чынам: «Спачатку экспансія прэзідэнцкай улады ва ўсіх накірунках прыводзіла да аслаблення астатніх інстытутаў. Затым, калі няздольнасць аслабленых інстытутаў выконваць у поўным аб’ёме свае функцыі ў палітычнай сістэме рабілася відавочнай, ім «у дапамогу» ствараліся рознага кшталту субстытуты (замяняльнікі)». Далей падзеі развіваюцца па нарастаючай: рэальнай карысці ад субстытутаў няшмат, уласнай легітымнасці яны не маюць, таму для падтрымання палітычнай стабільнасці неабходна далейшая экспансія прэзідэнцкай улады.

У свой час сярод незалежных экспертаў было модна разважаць пра палітычныя перспектывы ГА «Белая Русь». Некаторыя гарачыя галовы бачылі ў ёй правобраз «партыі ўлады» — беларускі аналаг расійскай «Адзінай Расіі» (АР). Праблема, аднак, у тым, што АР ні па сваім уладкаванні, ні па функцыях партыяй улады не з’яўляецца. Яна не валодае правам фармаваць урад, як у дэмакратычных краінах. Яе асноўная задача — імітацыя масавай падтрымкі Улады.

Варта адзначыць, што ні адзін з кіруючых работнікаў Адміністрацыі прэзідэнта Расіі не з’яўляецца сябрам АР, не з’яўляецца сябрам партыі і сам яе старшыня! А вось стаць сёння губернатарам і не быць адначасова сябрам «партыі ўлады» шанцаў няшмат. Уступленне ў АР — гэта тэст на лаяльнасць да Улады. Зразумела, што супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта ў падобным тэставанні патрэбы не маюць. Цікава, а ці ёсць свая ячэйка ў ГА «Белая Русь» у чырвоным будынку на вуліцы Карла Маркса?

У базе Міністэрствы юстыцыі «Белая Русь» пазначана як грамадскае аб’яднанне. Але чытачы «НЧ», спадзяюся, і без «Танакана» памятаюць, як гэта грамадскае аб’яднанне стваралася. Прывяду фрагмент «Паслання–2008»: «…нядаўна да мяне прыйшоў кіраўнік справамі прэзідэнта і разгарнуў карту, маўляў, гэта патрабаванне кіраўніцтва грамадскай арганізацыі, каб ім былі створаныя ўмовы, — сотні квадратных метраў офісаў, суперсучасныя кампутары і іншае, іншае, іншае. І нямала чыноўнікаў. Што гэта за патрабаванне? І што гэта тады наогул за партыя? І з чаго пачынае гэты грамадскі рух?»

Колькі ў выніку квадратных метраў офісаў атрымала ГА «Белая Русь», я не ведаю, але што атрымала пры гэтым дзяржава — здагадацца нескладана. Для гэтага дастаткова перачытаць бравыя справаздачы ЦВК з нагоды фармавання выбарчых камісій. У поўнай адпаведнасці з абноўленым выбарчым заканадаўствам, яны зараз на адну траціну фармуюцца з сяброў «грамадскіх» арганізацый. Недахопу ў падобных сябрах арганізатары выбараў сёння, думаю, не адчуваюць.

Пра канкурэнцыю трактароў і народаў

Захапленне імітацыйнымі формамі прыводзіць да сумных наступстваў. Дастаткова прыгадаць лёс СССР. Сёння мільёны яго прыхільнікаў праліваюць кракадзілавыя слёзы з нагоды «найвялікшай катастрофы XX стагоддзя». Але прабачце, а дзе яны былі, калі катастрофа толькі набірала абароты? Чаму ніхто з іх не выйшаў на плошчу? Сярод прафесійных плакальшчыкаў нямала людзей у пагонах. Чаму ж яны тады не ўзяліся за зброю? Баяліся парушыць прысягу? Дык менавіта прысяга якраз і абавязвала іх узяцца за зброю!

Пытанні можна працягваць, але адказ у агульным выглядзе відавочны. «Найвялікшая катастрофа XX стагоддзя», як бы мы да яе сёння ні ставіліся, была рэальнай падзеяй. Для яе прадухілення патрабавалася здзейсніць рэальныя ўчынкі, аднак людзей, здольных на такое, у краіне не знайшлося. Адна шостая частка сушы! Амаль 300 мільёнаў насельніцтва! І нуль палітычнага ўдзелу прыхільнікаў СССР на выхадзе!

Імітацыйная дзейнасць не спрыяе фармаванню пачуцця грамадзянскай адказнасці. Не буду паглыбляцца ў гісторыю і прыгадаю свежы прыклад. 16 лютага на чарговай нарадзе зноў усплыла праблема дэбюракратызацыі. Прабачыце, але пад бой курантаў 31 снежня 2007 года Улада ўзяла на сябе пэўны абавязак: «У наступным годзе (у 2008-м) павінен быць канчаткова завершаны працэс дэбюракратызацыі. Гэта своеасаблівы экзамен для ўсіх органаў улады».

На дварэ люты 2010 года. Дзе можна азнаёміцца з вынікамі экзамену? Калі яны былі нездавальняльнымі, то хацелася б хоць адным вокам зірнуць на аналіз прычынаў і даведацца, хто канкрэтна прыцягнуты да адказнасці і якія зробленыя высновы на будучыню?

Пра тое, што беларускія трактары канкуруюць з трактарамі замежных фірмаў, сёння вядома ўсім. Але ці шмат хто здагадваецца, што на знешнім «рынку» канкуруюць паміж сабой дзяржавы і народы? У выніку такой канкурэнцыі адны дзяржавы і народы развіваюцца, а іншыя дэградуюць. Апошнім не пазайздросціш. На гістарычную сцэну выйсці двойчы — задача практычна безнадзейная.

У снежні 2008 года падчас апытання НІСЭПД 42 працэнты рэспандэнтаў заявілі пра сваю гатоўнасці пераехаць у іншую краіну на сталае месца жыхарства. Безумоўна, жаваць дэмакратыю як жуйку, а потым выплёўваць перажаванае ў грамадскіх месцах некаторым персанажам палітычнага працэсу можа прыносіць пэўнае задавальненне. Толькі не трэба пасля гэтага дзівіцца прыведзенаму вышэй выніку апытання.

Сярод тых, хто жадае выехаць на ПМЖ, пераважаюць людзі маладыя і адукаваныя. Краіна, у якой законы пішуцца для кіравання падданымі, а не для абароны грамадзян ад Улады, іх не задавальняе. Імітацыйнымі моладзевымі арганізацыямі кшталту БРСМ становішча не выправіць, і ніякія сродкі падаткаплатнікаў, шчодра вылучаныя з бюджэту, пры гэтым не дапамогуць. Імітацыя — яна і ёсць імітацыя, у адрозненне ад чалавечага жыцця, якое заўсёды канкрэтнае. Хай даруе мне класік савецкай літаратуры, але жыццё, сапраўды, даецца адзін раз, і ўсё больш беларусаў лічаць, што пражыць яго трэба там, каб не было потым пакутліва балюча за бессэнсоўна пражытыя гады тут.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).