/ Бой з бюракратычным ценем

/ Бой з бюракратычным ценем

У цывілізаваных краінах грамадства ад бюракратызму абараняе палітычная сістэма. У Беларусі — адзін палітык. Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што наша бюракратыя круцейшая.

1 верасня на павестку дня зноў было пастаўлена пытанне пра барацьбу з бюракратызмам, «этой страшной бедой любого общества». Чаму зноў? Бо «о дебюрократизации мы говорим три года». І вось надышоў час перайсці ад слоў да справы, і ажыццяўляцца гэта справа «будет публично». Такое вось нацыянальнае ноў-хаў. Тут варта нагадаць, што пад звон бакалаў з навагоднім шампанскім Улада тры гады таму ўзяла на сябе вельмі пэўнае абавязанне: «В следующем году должен быть окончательно завершён процесс дебюрократизации. Это своего рода экзамен для всех органов власти».

Здаць экзамен, аднак, у «органов» не атрымалася. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Экзамен па дэбюракратызацыі — адзін з самых складаных. Далёка не ўсе егіпецкія фараоны здолелі здаць яго з першага разу. А колькі апранутых у парфіру гаротнікаў было адлічана дэканатамі! Гісторыя поўніцца сумнымі прыкладамі расстання са службовымі тронамі з-за «нездавальняючай» адзнакі па дэбюракратызацыі.

Бюракратычны біяцэноз

Слова «бюракратыя» ўвёў у 1745 годзе французскі мысляр дэ Гурнэ. Ён дадаў да слова «бюро» (што азначала як установу, так і пісьмовы стол) частку, якая паходзіла ад грэчаскага дзеяслова «кіраваць». «Бюракратыя», такім чынам, азначае ўладу чыноўнікаў, а «дэбюракратызацыя», адпаведна, — барацьба з уладай чыноўнікаў.

З 1 верасня гэта змаганне ў Беларусі будзе весціся «очень жестко и даже жестоко». Неабходныя распараджэнні на гэты конт кіраўнік дзяржавы перадаў. Вы спытаеце, каму? Адказ відавочны. Усе цяжкасці і нягоды барацьбы з уладай чыноўнікаў вырашана ўскласці на плечы саміх чыноўнікаў. Ва ўмовах бюджэтнага дэфіцыту, які ўвесь час нарастае, рашэнне, адразу скажам, правільнае. Навошта прыцягваць «шырокую грамадскасць»? Бескарыслівыя грама­дзяне даўно перавяліся. Таму хай кожны бюракрат самастойна зробіць сцяг дэбюракратызацыі і пашые яго непасрэдна на сваім працоўным месцы. Памер сцяга варта прывязаць да памеру акладу. Чым вышэйшы аклад — тым большая плошча сцягу. Барацьба барацьбой, а парушаць прынцып сацыяльнай справядлівасці ў нас нікому не дазволена.

Пярэчанняў наконт дадатковага пункту ў спісе функцыянальных абавязкаў з боку бюракратыі, натуральна, не паступіла. Усе дружна ўзялі пад казырок, дэманструючы тым самым сваю гатоўнасць неадкладна прыступіць да знішчэння бюракратызму. Такая гатоўнасць выцякае з самой прыроды бюракратыі. Галоўнае, каб праблема вырашалася выключна бюракратычным шляхам, г. зн. праз удасканаленне нарматыўнай базы, стварэнне разнастайных камісій і працоўных груп.

 Да такой дзейнасці бюракратыя, нібы юны піянер, «всегда готова». Яна згодна падвышаць сярэднюю зарплату да 500 долараў; ствараць спрыяльныя ўмовы для прыцягнення замежных інвестыцый; зніжаць энергаёмістасць; нават заараць салому, падвышаючы тым самым канцэнтрацыю перагною ў глебе. Бюракратыя гатовая змагацца з бюракратызмам да поўнага знішчэння бюракратыі. І калі момант канчатковай перамогі надыдзе, дык нечакана высветліцца, што адзіным рэальным вынікам барацьбы будзе ўмацаванне бюракратыі.

У гэтай сувязі эканаміст Алег Грыгор’еў прапаноўвае разглядаць бюракратыю як біялагічную сістэму (біяцэноз). Дам яму слова: «Якая мэта біяцэнозу? Пашырацца, займаючы ўвесь арэал свайго існавання, па магчымасці, захопліваць новыя тэрыторыі і нарошчваць, нарошчваць і яшчэ раз нарошчваць біямасу. Тая акалічнасць, што ў рамках біяцэнозу адбываецца ўнутрывідавая і міжвідавая барацьба, зусім не адмаўляе наяўнасці адзінай мэты біяцэнозу. Наадварот, гэта мэта дасягаецца толькі падчас і ў выніку такой барацьбы. Але і бюракратыя дасягае сваёй мэты толькі падчас жорсткай унутранай барацьбы ўсіх супраць усіх».

Хто з’еў нашу бульбу?

Класік сацыялогіі Макс Вебер у пачатку мінулага стагоддзя распрацаваў канцэпцыю рацыянальнай бюракратыі. У гэтай канцэпцыі ёсць сур’ёзны недахоп: рацыянальнай бюракратыі нідзе і ніхто так і не здолеў адшукаць. У рамках канцэпцыі Вебера бюракратыя павінна лаяльна і кампетэнтна выконваць рашэнні па дасягненні мэтаў, указаных палітыкамі. Самім жа бюракратам усё адно, чаго дасягаць. Для іх галоўнае — працэс. Прадастаўленыя самі сабе, яны рухаюцца туды, куды рухацца лягчэй, і запаўняюць сабой усю вольную прастору.

Як адзначаў ужо знаёмы нам па папярэдніх «Азбуках паліталогіі» Ральф Дарэндорф, «бюракратыя можа панаваць, але не кіраваць». Аднак не ўсё так проста. Палітыкі прымаюць абавязковыя для выканання рашэнні, якія грунтуюцца на інфармацыі, сабранай і адсартаванай… бюракратамі. А хто валодае інфармацыяй, той і валодае светам.

Беларусі Бог даў толькі аднаго палітыка. Усе астатнія, уключаючы прэм’ер-міністра, — бюракраты. Такая спрошчаная канструкцыя істотна зніжае эфектыўнасць кіравання. Па-першае, таму што правам на вызначэнне мэтаў валодае толькі адзін чалавек. І гэта на 9,4 мільёна насельніцтва! Па-другое, не варта забываць пра разнастайнасць кірункаў, па якіх сёння прымаюцца рашэнні на вяршыні ўладнай піраміды. У тым, што кіраўнік дзяржавы разбіраецца ў перагноі, сумнявацца не даводзіцца. Як прафесійны гісторык, ён цвёрда ведае, што беларуская зямля і беларускі народ «никогда танки на Москву не пропускали». Але наколькі ён кампетэнтны ў пытаннях аўтсорсінгу і мерчэндайзінгу? Дзе гарантыя, што з-за інфармацыі, якую падаюць ангажаваныя чыноўнікі, беларускі аўтсорсінг не падзеліць лёс кібернетыкі, а мерчэндайзінг — генетыкі?

Але і з сельскай гаспадаркай не ўсё так проста. Звернемся да афіцыйнай статыстыкі, падрыхтаванай, зразумела, бюракратамі. У рэспубліцы летась было сабрана 8 мільёнаў тон бульбы. 30 тысяч (!) — экспартавана, 970 тысяч — скормлена быдлу і 1,8 мільёна — з’едзена насельніцтвам. А дзе астатнія? Гэта не маё пытанне, гэта пытанне карэспандэнта «Советской Белоруссии» Алены Слаў. Пытанне ёсць. Адказу няма.

Калі правесці нескладанае арыфметычнае дзеянне, мы атрымаем у «сухім» астатку 5,2 мільёна тон паўнаважкіх бульбяных клубняў (65% ад сабранага ўраджаю). Сёлета з-за засухі наш усходні сусед плануе закупіць 4 мільёна тон “другога хлеба”. Як нядаўна высветлілася, рэнтабельнасць экспарту бульбы — ад 60 да 100 працэнтаў. Здавалася б, валюту ў літаральным сэнсе можна грэбці лапатай. Але «более 100 тысяч тонн без ущерба для собственного рынка белорусские хозяйства продать за рубеж не смогут» (крыніца ўсё тая ж — «Советская Белоруссия»).

Дэвальвацыя Карацупы

Прыведзены прыклад падводзіць нас да праблемы адказнасці. Паводле галоўнага закона бюракратыі, адказнасць варта перадаць палітыкам (палітыку), сабе ж пакінуць паўнамоцтвы. На самым версе гэта разумеюць. Адсюль і чарговая кампанія, накіраваная супраць бюракратычнага біяцэнозу, які распладзіўся. У свой час Сталін стрымліваў яго рост вельмі простым, аднак тым не менш эфектыўным спосабам. Пазней ён атрымаў назву «Вялікі тэрор».

Скарыстацца сталінскімі напрацоўкамі сёння не ўяўляецца магчымым. Час на дварэ не той. Ад заходняга досведу таксама мала карысці. Прыцягненне да кантролю грамадства азначала б пераход да рэальнай дэмакратыі з яе непазбежнай палітычнай канкурэнцыяй. Для адзінага беларускага палітыка «оба варианта хуже». З такой адзнакай альтэрнатыўных магчымасцяў, запазычанай у «лепшага сябра савецкіх чыгуначнікаў», цяжка не пагадзіцца.

Вось і атрымліваецца тое, што атрымліваецца. Пад кананаду пагроз бюракратычны Васька слухае, але працягвае есці. Усё лагічна. Як заўважыў гісторык Андрэй Фурсаў: «Калі служба — галоўны фактар, які вызначае быццё і быт пануючых груп, то непазбежны пастаянны прырост колькасці служылага люду». Любыя ж спробы абмежаваць рост бюракратычнага біяцэнозу будуць прыводзіць да зваротнага выніку.

У час майго дзяцінства хлопчыкі марылі служыць на мяжы і, як легендарны Карацупа, затрымліваць «засланных казачков». Пасля 12 красавіка 1961 года самай прэстыжнай працай стала прафесія касманаўта. Сёння па-за конкурсам — дзяржаўныя чыноўнікі. Як сказаў выпускнік адной гімназіі: «Значна цікавей быць тым, каму даюць, чым тым, хто дае». Пры ўсёй цынічнасці фармулёўкі ў мяне няма аргументаў, каб запярэчыць маладому чалавеку па сутнасці.

Галасаванне дзвюма рукамі

У палітычных сістэмах з адзіным палітыкам праблема кантролю дакладнасці інфармацыі, якая паступае з бюракратычнай сістэмы, робіцца невырашальнай. Усё, што можа дазволіць сабе адзіны палітык, — стварыць паралельную бюракратычную сістэму. Але паколькі прынцып скажэння інфармацыі ад такой інавацыі не знікае, то аўчынка выгады не перакрывае матэрыяльных выдаткаў. Да таго ж, як лёгка заўважыць, дубляванне толькі паскарае рост масы бюракратычнага біяцэнозу.

Створаная для рэалізацыі палітычных мэтаў, бюракратыя з механізму пачынае ператварацца ў суб’ект палітыкі. І што важна, у суб’ект, які пазбаўлены палітычнай адказнасці. Так фармуецца класічная сітуацыя, пры якой світа робіць караля. І не істотна, што «кароль» атрымаў свой «скіпетр» не па спадчыне, а праз працэдуру ўсенароднага галасавання. Народ пры гэтым можа лічыць, што ўсенароднаабраны абараняе іх ад бюракратыі, на самай справе ён абараняе бюракратыю ад народа.

Інтарэсы бюракратыі, як ужо адзначалася, прынцыпова нічым не адрозніваюцца ад «інтарэсаў» любога біяцэнозу. Бюракраты хочуць жыць, і жыць з кожным днём усё лепш. Падобныя мэты не могуць быць заяўленыя публічна ў якасці дзяржаўных, тым больш агульнанародных. Вось і даводзіцца адзінаму палітыку круціцца вужакай на патэльні, вінавацячы публічна бюракратыю ва ўсіх смяротных грахах. Але што прапаноўваецца наўзамен? Наўзамен прапаноўваецца «внести нормативные акты — законы, указы, декреты Президента, распоряжения, постановления Правительства, чтобы мы однозначно могли «раскрепостить» человека». За такую адназнач­насць прагаласуе любы бюракрат, прычым дзвюма рукамі.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Беларусы нагадалі пра "мірны атам" і палітвязняў

Краязнаўчы фестываль

 Беларускае Радыё Рацыя вярнулася ў літоўска-беларускі эфір

З 1 мая перадачы Радыё Рацыя можна пачуць на хвалях «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM), якое транслюецца з Вільні.

Наша праграма гучыць з 21.30 па 22.00 літоўскага і беларускага часу. У будзёны дзень у ёй можна пачуць апошнія навіны Беларусі, актуальныя матэрыялы нашых карэспандэнтаў, а таксама расповеды пісьменніка Уладзіміра Арлова пра гісторыю Беларусі у цыкле перадач «Адкуль наш род». У суботу акрамя навінаў гучаць актуальныя культурніцкія матэрыялы і перадача пра гісторыю Гародні «Імёны Гародні». У нядзелю можна пачуць перадачы пра мастацтва, музыку, інтэрнэт, кампутары.

Слухаце Беларускае Радыё Рацыя на літоўска-беларускім памежжы.

Нашы беларускамоўныя перадачы будуць гучаць у эфіры «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM) да 1жніўня.
 


 

ПАДРАБЯЗНЕЙ >>>


 

 ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
У межах выканання праекта “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці” ладзіць


Краязнаўчы фестываль

28 мая 2012 г.


Праграма фестывалю:


10.00 – 11.00   Рэгістрацыя ўдзельнікаў.
11.00 – 13.00 – дыскусійныя пляцоўкі па тэмах:
                1) Валанцёрскі рух на Беларусі: набыткі, поспехі, перспектывы.
                2) Ахова помнікаў як дзяржаўны клопат і як праява грамадзянскай пазіцыі.
                3) Перспектыўныя накірункі развіцця турызму ў Беларусі.

13.00 – 14.00 Абед

14.00 – 16.00 — Прэзентацыі, майстар-класы, кірмаш рамёстваў.
16.00 – 16.45 — Выступ этна-, фольк-выканаўцаў.
16.45 – 17.00 — Закрыццё фестывалю.


Мерапрыемства адбудзецца ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К.Маркса, 12, г. Мінск).


Запрашаем да ўдзелу!

Заяўку з указаннем формы ўдзелу (дыскусійная пляцоўка, або майстар-клас...) просім даслаць на эл. адрас siadziba@gmail.com з пазнакай – Фестываль.
Іншагароднім удзельнікам фестывалю гарантуецца аплата праезду і аплата выдаткаў на харчаванне.


Шаноўнае спадарства! Калі вы хочаце больш даведацца пра дзейнасць ТБМ, завітайце на наш партал: tbm-mova.by


 


ЯНЫ ВАС ЧАКАЮЦЬ!

Шэлі — ласкавая дзяўчынка з годным позіркам

 

Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, Шэлі захавала спакой і выхаванасць. Хоць выгляду Шэлі і грознага, але добра ставіцца да дзяцей. Ёй толькі тры гады, ростам каля 50 сантыметраў, тыгравай афарбоўкі. Рыхтуецца да стэрылізацыі.

 

Валанцёр прытулку «СуперПёс» гатова пазнаёміць вас з прыгажуняй Шэлі, тэлефануйце: 8-029-775 57 53 (Анастасія).

 


 

Шансі — ідэальная котка

 

Цяжка зразумець, як беспраблемную ва ўсіх адносінах котку вырашылі здаць у пункт адлову на Гурскага, 42. Але ж здалі… Зараз Шансі чакае свой другі шанец знайсці ўтульны дом і клапатлівых гаспадароў. Характар у яе проста анёльскі: даецца ціскацца, калі гуляецца — не драпаецца, дазваляе сябе вычэсваць. Ненавязлівая, ахайная, ходзіць у латочак.

 

Шансі 2,5 гады, стэрылізаваная, прышчэпленая ад шаленства. Мае шыкоўнае срэбна-шэрае футра з белай манішкай.

 

Шансі прынясе радасць у ваш дом! Тэлефануйце валанцёрцы прытулку «СуперКот» Кацярыне: 8-029-378 78 26.

 


 

Болей катоў і сабак — у каталогах на форуме прытулку “СуперКот” http://forum.superkot.com/