№6 (185) 12 сакавіка 2010
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Пятая калонка Марыі Мартысевіч: Руал Дал (Roald Dahl). Скура
Ад сённяшняга дня вакол пятай старонкі «Ь» (з магчымым працягам на старонцы шостай) будзе разгортвацца маладая беларуская літаратура большай ці меншай ступені правакатыўнасці. Яе мэты — унядрыцца і падарваць, хоць і ёсць надзеі, што некаторыя аўтары, якіх мы будзем прэзентаваць, проста гуляюцца ў вайнушку. Напрыклад, літаратарка, якая падпісвае сваю іранічную прозу псеўданімам Анка Упала, унядрылася ў фінал конкурса маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (глядзі матэрыял НЧ «Літаратура на конкурснай аснове» ад 8 мая 2009 г.) і цалкам падарвала ўяўленне сябраў журы што да свайго іміджу, выступіўшы з сур’ёзным, па-майстэрску зробленым мастацкім перакладам. Гэты твор быў адзначаны спецыяльным прызам газеты «НЧ», а цяпер у вас ёсць выдатная магчымасць ацаніць яго самастойна. Друкуем у нязначным скарачэнні. У наступных нумарах «Ь» мы працягнем знаёміць вас з творамі пераможцаў конкурса.
Руал Дал (Roald Dahl) (1916 — 1990) — брытанскі празаік нарвежскага паходжання. Быў асам Брытанскай Каралеўскай авіяцыі падчас другой сусветнай вайны. Пасля вайны стаў паспяховым пісьменнікам. Пісаў раманы і апавяданні для дзяцей і дарослых. Яго навэлы славяцца чорным гумарам і нечаканымі развязкамі.
Алена Казлова (Анка Упала) нарадзілася ў 1981 г. у Магілёве. Скончыла факультэт замежных моваў МДУ ім А.А. Куляшова. Жыве ў Магілёве, працуе журналісткай.
-------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
У тым годзе — 1946-ым — зіма затрымалася надоўга. Не гледзячы на тое, што ішоў красавік, ільдзяны вецер гуляў па вуліцах горада, а па небе паўзлі снежныя хмары. Стары, якога звалі Дрыалі, шорхаў па тратуары вуліцы Рывалі. Змёрзлы і бездапаможны ён, як вожык, хаваў нос у заношанае чорнае паліто, па-над узнятым каўнерам былі бачныя толькі вочы і макаўка.
Адчыніліся дзверы кафэ і запахла смажанай курыцай — страўнік адгукнуўся на гэта балючым спазмам. Стары пайшоў далей, без цікавасці сузіраючы тавары на вітрынах: парфума, ядвабныя гальштукі і кашулі, брыльянты, парцалянавыя сервізы, антыкварная мэбля, кнігі ў выдатна аздобленых вокладках… А вось мастацкая галерэя. Яму заўжды падабаліся мастацкія галерэі. Тут, на вітрыне, было выстаўлена толькі адно палатно. Ён спыніўся паглядзець. Ужо было павярнуўся, каб ісці далей. Але затрымаўся, зірнуў назад; і неспадзявана адчуў лёгкае хваляванне, штосьці варухнулася ў памяці, цьмяная ўзгадка пра нешта, падалося, што недзе некалі ён гэта ўжо бачыў. Ён паглядзеў ізноў. Гэта быў пейзаж: купка дрэваў звар’яцела хілілася ў адзін бок, нібыта ад жахлівага ветру, вакол крывілася і круцілася неба. Да рамы была прышпіленая картка з подпісам: «Хаім Суцін (1894-1943)».
Дрыалі разгублена ўзіраўся ў карціну, не разумеючы, што менавіта падавалася ў ёй знаёмым.
«Нібыта вар’ят маляваў, — падумаў ён, — па-дзівацку неяк, але мне падабаецца… Хаім Суцін… Суцін…
Гэта ж калмык, дальбог! — выкрыкнуў ён раптоўна, — Вось хто гэта! Карціна калмычка выстаўляецца ў найлепшай краме Парыжа! Падумаць толькі!»
Стары шчыльней прыціснуўся тварам да вітрыны. Ён памятаў хлопца. Так, памятаў даволі добра. Але калі яны маглі сутыкацца? З падрабязнасцямі было цяжэй. Даўнавата гэта было. Наколькі даўно? Дваццаць? Ды не, болей, недзе трыццаць год таму… Чакайце хвілінку. Так — гэта было за год да вайны, першай сусветнай, у 1913-тым годзе. Дакладна. А гэты Суцін, гэты нязграбны калмычок, замкнёны, задумлівы хлопец, які яму падабаўся, якога нават амаль любіў праз тое — іншай прычыны ён не бачыў, — што юнак умеў маляваць.
«Дзіўна, — падумаў Дрыалі. — Як лёгка ўсё ўспомнілася, як кожная ўзгаданая дэталь адразу ж пацягнула за сабой іншы ўспамін.»
Недарэчнасць з татуяванкай, напрыклад. Ну і дурасць яны тады зрабілі! З чаго ж усё пачалося? О так, аднойчы ён разбагацеў, дакладна, і купіў шмат віна. (Як цяпер памятае, увайшоў у майстэрню з пакункам бутэлек пад пахай. Хлопец сядзеў побач з мальбертам, а ягоная (Дрыалі) жонка стаяла пасярэдзіне пакоя — пазіравала для партрэта.
— Сёньня мы будзем святкаваць, — сказаў ён. — Маленькае свята для нас траіх.
— Свята ў гонар чаго? — запытаўся хлопец, нават не ўзняўшы вачэй. — Вырашыў развесціся з жонкай, каб яна магла выйсці за мяне?
— Не, — адказаў Дрыалі. — Сёння мы святкуем, бо мая праца пранесла мне вялікія грошы.
— А мая не прынесла ніколькі. Таксама можам адзначыць.
— Як скажаш.
Дрыалі стаяў ля стала, разгортваў пакунак. Ён стаміўся і хацеў дабрацца да віна. Дзевяць кліентаў за адзін дзень — гэта, вядома, добра, але для вачэй пякельнае выпрабаванне. Ніколі раней ён не рабіў дзевяць. Дзевяць п’яных салдафонаў, і, што незвычайна, не менш за сем з іх змаглі заплаціць гатоўкай. Гэта зрабіла яго надзвычайна багатым. Але на вачах праца адбілася жахліва. Вочы Дрыалі былі прыплюшчаныя ад стомы, на паверхні бялкоў праступіла чырвоная сетка. Прыкладна на цалю за кожным вочным яблыкам было па кропцы, дзе канцэнтраваўся боль. Але цяпер быў вечар, і ён быў багаты, што кажух валахаты, а ў пакунку — тры бутэлькі: адна — для жонкі, другая — для сябра, трэцяя — для сябе. Ён знайшоў каркоўнік і павыцягваў коркі з бутэлек, кожная з іх зрабіла маленькі «хлоп», калі пакідала рыльца.
Хлопец адклаў пэндзаль убок.
— Божухна! — сказаў ён. — Як можна працаваць у такіх умовах?
Дзяўчына падышла паглядзець на малюнак. Дрыалі — таксама, у адной руцэ трымаючы бутэльку, у другой — шклянку.
— Не! — закрычаў хлопец, раптоўна прыйшоўшы ў лютасць. — Нельга!
Ён сарваў палатно з мальберта і разгарнуў да сцяны. Але Дрыалі паспеў яго убачыць.
— Мне падабаецца.
— Гэта пачварна.
— Чароўна. Як і астатнія твае працы. Проста чароўныя. Я ў захапленні ад усіх.
— Праблема ў тым, — нахмурыўся хлопец, — што імі нельга харчавацца, для страўніка ніякай карысці.
У любым выпадку яны чароўныя.
Дрыалі працягнуў яму куфаль, поўны светла-бурштынавага віна.
— Выпі, гэта зробіць цябе шчаслівым.
«Ніколі, — падумаў ён, — я не сустракаў чалавека больш няшчаснага, і твара больш змрочнага.»
Сем месяцаў таму ён звярнуў на яго ўвагу ў кавярні, бо хлопец піў у самоце і выглядаў, як расеец ці нейкі азіят. Дрыалі падсеў за ягоны столік і загаварыў.
— Ты рускі?
— Так.
— Адкуль будзеш?
— Менск.
Дрыалі падскочыў, каб абняць яго і закрычаў, што таксама нарадзіўся ў гэтым горадзе.
— Дакладней не зусім Менск, — дадаў хлопец, — але даволі блізка.
— Адкуль?
— Смілавічы, гэта ў васемнаццаці вёрстах.
— Смілавічы! — крыкнуў Дрыалі, абдымаючы яго зноў. — Калі я быў маленькі, быў там некалькі разоў!
Ён прысеў, з замілаваннем разглядаючы твар новага знаёмца. «З выгляду ты не падобны да заходняга расейца. Хутчэй татарын, ці калмык. Выкапаны калмык.»
Цяпер у майстэрні Дрыалі зноў разглядаў хлопца: той узняў шклянку і, перакуліўшы, уліў яе змесціва сабе ў горла. Так, у яго сапраўды быў калмыцкі твар, вельмі шырокі, з высокімі скуламі і буйным пляскатым носам. Адтапыраныя вушы рабілі твар яшчэ больш шырокім. Да таго ж у яго былі вузкія вочы, чорныя валасы, тоўстыя, незадаволена выгнутыя калмыцкія вусны, але вось рукі… Рукі кожны раз здзіўлялі, такія мініятурныя і белыя, як у паненкі, з маленькімі тонкімі пальцамі.
— Налі мне яшчэ, — папрасіў хлопец. — Калі ўжо мы святкуем, дык давай зробім гэта як мае быць.
Дрыалі разліў віно па шклянках і сеў на крэсла. Хлопец — на старую канапу побач з жонкай Дрыалі. Бутэлькі паставілі паміж імі на падлогу.
— Сёння будзем піць, пакуль не лопнем, — сказаў Дрыалі. — Я дзіка багаты. Думаю, можа, мне варта пайсці і набыць яшчэ некалькі бутэлек. Толькі не ведаю, колькі.
— Бяры шэсць, — параіў хлопец. — Дзве на кожнага.
— Добра, зараз здабуду.
— Я табе дапамагу.
У бліжэйшым бары Дрыалі купіў шэсць бутэлек белага віна і прынёс у майстэрню. Паставілі іх на падлогу ў два шэрагі, Дрыалі адкаркаваў усе шэсць. Яны селі зноў і працягнулі піць.
— Толькі вельмі заможныя людзі, — заўважыў Дрыалі, могуць дазволіць сабе святкаваць гэтак!
— Так і ёсць, — падтрымаў хлопец. — Ты згодная, Жазі?
— Вядома.
— Жазі, ты як?
— Нармальна.
— Пойдзеш ад Дрыалі, каб ажаніцца са мной?
— Не.
— Цудоўнае віно, — адзначыў Дрыалі, — Добра п’ецца.
Праз пэўны час ён узняўся, каб уключыць святло. Было дзіўна бачыць, што ногі пайшлі разам з ім, асабліва таму, што ён не адчуваў, як яны дакранаюцца да падлогі. Гэта выклікала прыемнае адуванне лунання ў паветры. Потым ён пачаў хадзіць па пакоі, цішком кідаючы позіркі на карціны, прыстаўленыя да сцен.
— Паслухай, — сказаў ён пасля доўгай паўзы. — Я сёе-тое прыдумаў.
Дрыалі прайшоў праз пакой да канапы і стаяў, злёгку пахістваючыся.
— П-паслухай, мой калмычок.
— Ну, што?
— Я прыдумаў геніяльную рэч. Ты слухаеш, увогуле?
— Я слухаю Жазі.
— Ты мяне паслухай, калі ласка. Ты мой сябар, мой брыдкі калмычок з Менску, і ты для мяне такі мастак, што я хацеў бы мець тваю карціну, прыгожую карціну...
— Бяры ўсе. Усе, што знойдзеш, толькі не перашкаджай мне размаўляць з тваёй жонкай.
— Ды не, не, ты толькі паслухай. Я маю на ўвазе карціну, якая б засталася са мной назаўжды… Куды б я не пайшоў… што б не здарылася… заўсёды са мной… карціна, намаляваная табой.
Ён падышоў бліжэй і патрос хлопца за калена. «Ну, паслухай мяне, калі ласка.»
— Выслухай яго, — сказала дзяўчына.
— Вось што. Намалюй карціну на маёй скуры, на спіне. А паверх таго, што намалюеш, зрабі татуаж, каб яна засталася там назаўжды.
— Ты ашалеў.
— Я пакажу табе, як рабіць тату. Гэта лёгка. Нават дзіця зможа.
— Я не дзіця.
— Ну, калі ласка.
— Ты вар’ят. Што ты ад мяне хочаш? — Мастак паглядзеў у п’яныя, цёмныя, бліскучыя ад віна вочы суразмоўцы. — Што, напрамілы бог, табе трэба?
— Ты б лёгка мог гэта зрабіць! Мог бы!
— Татуяванку маеш на ўвазе?
— Так, татуяванку! За дзве хвіліны цябе навучу!
— Немагчыма!
— Па-твойму, я не ведаю, пра што кажу?
— Я проста думаю, — сказаў хлопец, — Што ты п’яны, і ідэі ў цябе такія самыя.
— Жазі магла б папазіраваць, а ты б яе намаляваў на маёй спіне. Я што, не маю права мець партрэт жонкі на спіне?
— Жазі?
— Так. — Дрыалі ведаў, што варта яму ўзгадаць жонку, як цёмныя вусны хлопца перастануць быць такімі суровымі, і ён завагаецца.
— Не, — сказала дзяўчына.
— Жазі, мілая, калі ласка. Дапі гэтую бутэльку — і ты палагоднееш. Ідэя проста супер, ніколі ў жыцці мне не прыходзіла ў галаву нічога лепей!
— Якая ідэя?
— Каб ён намаляваў цябе ў мяне на спіне. Няўжо нельга?
— Мяне?
— У аголеным выглядзе, — удакладніў хлопец, — Тады ідэя нішто сабе.
— Толькі не голай, — не пагадзілася дзяўчына.
— Ідэя супер, — паўтарыў Дрыалі.
— Ідэя, чорт яе бяры, ідыёцкая, — запярэчыла дзяўчына.
— Так ці інакш, гэта ідэя, — сказаў хлопец. — Ідэя, якая патрабуе, каб яе адзначылі.
Яны распілі яшчэ адну бутэльку. Затым хлопец сказаў:
— Нічога не атрымаецца. Я, напэўна, не здолею зрабіць тату. Лепей проста намалюю гэты партрэт у цябе на спіне, і ён будзе з табой, пакуль ты не прымеш ванну і не змыеш яго. Калі ты ўвогуле больш не будзеш мыцца, ён застанецца з табой назаўсёды, да канца тваіх дзён.
— Не, — адказаў Дрыалі.
— Так, і ў той дзень, калі ты вырашыш памыцца, я буду ведаць, што мая карціна табе болей не патрэбная. Пагляджу, наколькі ты цэніш маё мастацтва.
— Мне гэты варыянт не даспадобы, — умяшалася дзяўчына. — Ён у такім захапленні ад твайго мастацтва, што шмат гадоў не будзе мыцца. Лепей ужо татуаж, але не ў голым выглядзе.
— Тады толькі твар, — сказаў Дрыалі.
— У мяне не атрымаецца.
— Гэта надзвычай лёгка. Бяруся навучыць цябе за дзве хвіліны. Вось паглядзіш. Зараз дастану прылады. Іголкі і атрамант. Там шмат розных колераў. Столькі ж колераў, колькі ў цябе фарбаў, і яны нашмат прыгажэйшыя…
— Немагчыма.
— У мяне шмат атраманту. Жазі, хіба ў мяне няма вялікай колькасці атраманту розных колераў?
— Ёсць.
— Вось убачыш, — сказаў Дрыалі. — Зараз прынясу.
Ён узняўся з крэсла і мэтанакіраванай, хоць і няцвёрдай хадой, падаўся з пакоя.
Праз паўгадзіны Дрыалі вярнуўся, размахваючы карычневай валізай, крыкнуў: «Я ўсё прынёс! Тут, у торбе, усе прылады для тату!» Паставіў валізу на стол, адчыніў і павыцягваў электрычныя іголкі і маленькія бутэлечкі каляровых чарнілаў. Уключыў іголку і націснуў на гузік. Іголка загула, верхняя яе частка стала мягка вібраваць уверх-уніз. Мастак скінуў куртку і закатаў рукаў. «Цяпер сачы за тым, што я буду рабіць, пакажу табе, наколькі гэта проста. Зраблю малюнак на руцэ, вось тут.»
Ягонае перадплечча ўжо было прыкрытае блакітнымі значкамі, але ён адшукаў каштоўны лапік чыстай скуры, каб паказаць, як гэта робіцца.
Хлопец быў заінтрыгаваны.
— Давай я паспрабую на тваёй руцэ.
Прыладай, якая гула, як пчала, ён правёў блакітныя лініі на руцэ Дрыалі.
— Гэта проста. Падобна да малявання чарнільнай асадкай. Розніцы аніякай, апроч таго, што гэта марудней.
— Няма тут нічога складанага. Ты гатовы? Можам пачынаць?
— Зараз жа.
— Так, мадэль! — крыкнуў Дрыалі. — Хадзі сюды, Жазі! — Ён нецвяроза хістаўся па пакоі ў запале, аддаючы распараджэнні, падобны да дзіця, якое рыхтуецца да нейкай захапляльнай гульні. — Куды ты хочаш, каб яна стала?
— Няхай становіцца каля туалетнага століка, распусціць валасы па плячах і возьме грабянец. Намалюю, як яна расчэсвае валасы.
— Грандыёзна, ты геній!
Дзяўчына, не выпускаючы з рук шклянкі з віном, неахвотна прайшла да туалетнага століка.
Дрыалі сцягнуў кашулю і вылез са штаноў. З вопраткі на ім засталіся толькі майткі, шкарпэткі і пантофлі. Ён стаяў крыху хістаючыся, цела драбнаватае, мускулістае, беласкурае і амаль безвалосае. «Цяпер... — сказаў ён, — я палатно. Куды ты мяне змесціш?»
— Як заўжды, на мальберт.
— Ты ў сваім розуме? Я ж палатно!
— Адпаведна запрашаю на мальберт, туды, дзе ты і павінны быць.
— Але якім чынам?
— Дык ты палатно, ці не?
— Зразумела, палатно. Ужо пачынаю сябе адчуваць цалкам палатном.
— Тады, калі ласка, на мальберт. Складанасцяў тут не мусіць быць.
— Сур’ёзна, гэта немагчыма.
— Добра, сядай на крэсла, задам наперад. Так ты зможаш пакласці сваю п’яную галаву на спінку. Паспяшайся, бо я ўжо пачынаю.
— Я гатовы. Чакаю.
— Спачатку, — сказаў хлопец, — я намалюю звычайную карціну. Потым, калі яна мяне задаволіць, паверх зраблю татуаж. — Шырокім пэндзлем ён пачаў маляваць на голай скуры.
— А-яй! — закрычаў Дрыалі. — Гіганцкі вусень маршыруе па маёй спіне!
— Цішэй! Сядзі ціха! — Хлопец імкліва клаў празрыстыя, каб потым не заміналі рабіць тату, мазкі блакітнай акварэлі. Як толькі ён пачаў маляваць, ягоная засяроджанасць неяк выцесніла сабой нецвярозасць. Мазкі ён клаў хуткімі ўдарамі пэндзля, трымаючы запясце нерухома, і меней чым за паўгадзіны малюнак быў скончаны.
— Вось і ўсё, — сказаў ён дзяўчыне, якая вярнулася на канапу, легла і адразу ж заснула.
Іголка гула і не спыняла працу яшчэ доўга пасля надыходу раніцы. Дрыалі ўзгадаў, што, калі хлопец адышоў і прамовіў «Гатова», за вокнамі ўжо зусім развіднела, і было чуваць, як людзі ішлі на працу.
— Хачу бачыць, што атрымалася, — сказаў Дрыалі.
Мастак патрымаў люстэрка пад вуглом, і Дрыалі выгнуў шыю, каб паглядзець.
— Сюр! — выгукнуў ён.
Відовішча было дзівоснае. Уся спіна, ад верху плячэй да самага нізу зіхацела фарбамі: і залатой, і зялёнай, і блакітнай, і чорнай, і пурпурнай. Татуаж быў накладзены так шчыльна, што выглядаў практычна намаляваным алеем. Хлопец як мага больш дакладна трымаўся лініяў пэндзлю і надзвычай удала пабудаваў кампазіцыю: так, што выгін спіны і выступ лапатак пайшоў малюнку на карысць. Да таго ж, пры ўсёй маруднасці працэсу, ён неяк здолеў дасягнуць непасрэднасці. Партрэт атрымаўся даволі жывым. Акурат у той самай вывернутай пакутлівай манеры, адметнай для Суціна. Не проста партрэт, а хутчэй схоплены настрой: твар мадэлі смутны і п’янаваты, фон віецца вакол галавы вялікай колькасцю цёмна-зялёных завіткоў.
— Неверагодна!
— Мне і самому падабаецца. — Хлопец адступіў на крок, крытычна сузіраючы малюнак. — Ведаеш, — дадаў ён, — думаю, ён варты таго, каб я паставіў свой подпіс.
Ізноў узяўшы джала, мастак вывеў сваё імя з правага боку, над тым месцам, дзе была нырка Дрыалі.
Стары, якого звалі Дрыалі, стаяў у своеасаблівым стане трансу, утаропіўшыся ў карціну на вітрыне мастацкай гелерэі. Усё гэта было так даўно, нібыта адбывалася ў мінулым жыцці.
А мастак… Што з ім здарылася? Цяпер Дрыалі здолеў узгадаць: пасля таго, як вярнуўся з вайны, першай сусветнай, ён сумаваў па хлопцы і пытаўся ў Жазі пра яго:
— Дзе мой калмычок?
— З’ехаў, — адказала яна. — Не ведаю, куды, але чула, што ўладальнік галерэі адправіў яго ў Сэрэ, каб ён маляваў больш.
— Магчыма, ён вернецца.
— Магчыма. Хто ведае?
Гэта быў апошні раз, калі яны ўзгадвалі пра яго ў размове. Неўзабаве яны пераехалі ў Гаўр, дзе было больш маракоў і справы ішлі лепей. Стары ўсміхнуўся, узгадаўшы Гаўр. Гэта былі прыемныя гады, час паміж войнамі. Маленькі салон каля доку, утульныя пакойчыкі, і заўжды багата працы: кожны дзень прыходзілі тры-чатыры, а то і пяць маракоў, якія хацелі тутуіроўку на плячы. Сапраўды добрыя часы...
Потым пачалася другая сусветная, і забілі Жазі, і прыйшлі немцы, і гэта быў канец для ягонага бізнесу. Пасля гэтага ўжо ніхто не хацеў малюнкаў на плячах. І на той момант ён ужо быў занадта стары для якой-небудзь іншай працы. У роспачы ён вярнуўся ў Парыж, спадзеючыся на тое, што ў вялікім горадзе справы пойдуць лепш, але памыліўся.
Цяпер, як вайна скончылася, у яго не засталося ні сілаў, ні прыладаў. Не так проста старому чалавеку знайсці выйсце, асабліва пры ўмове, што прасіць міласціну яму не даспадобы. Але чым яшчэ можна было жывіцца?
Паддаўшыся раптоўнаму імпульсу, Дрыалі павярнуўся, штурхнуў дзверы ў галерэю і ўвайшоў.
Гэта быў доўгі пакой з тоўстым дываном віннага колеру. Божа, які прыгожы і цёплы! І ўсе гэтыя людзі хадзілі і разглядвалі карціны, ахайныя і прыстойныя наведвальнікі, кожны трымаў у руцэ каталог. Дрыалі стаяў перад дзвярыма, нервова разважаючы, ці хопіць яму адвагі зрабіць яшчэ адзін крок наперад. Але раней, чым ён наважыўся, пачуў голас: «Што вам трэба?»
Дрыалі застыў.
— Калі вам не цяжка, — сказаў спадар, — выйдзеце вон з маёй галерэі!
— Мне нельга паглядзець на карціны?
— Я вас папрасіў выйсьці.
Нечаканая знявага не на жарт раззлавала.
— Давайце не будзем ствараць праблем, — шыпеў спадар. — Калі ласка, на выхад.
Пухлай белай лапай ён схапіў Дрыалі за руку і настойліва пачаў выпіхваць таго за дзверы. І тут Дрыалі сарваўся:
— Рукі прыбяры ад мяне! — Ягоны голас празвінеў нават у канцы галерэі, і наведвальнікі здрыгануліся. — У мяне таксама!.. — крыкнуў Дрыалі, — у мяне таксама ёсць карціна гэтага мастака! Ён быў маім сябрам, і ў мяне ёсць карціна, якую ён мне падарыў!
— Нейкі вар’ят.
— Псіх, проста трызніць.
— Хто-небудь, выклічце паліцыю!
Дрыалі раптоўна выкруціўся з рук, якія яго трымалі, і, пакуль яго не паспелі схапіць ізноў, ірвануў уздоўж галерэі з крыкам «Я пакажу вам! Пакажу вам! Пакажу!». Ён садраў з сябе паліто, затым — камізэльку і кашулю і павярнуўся да людзей так, каб была бачная яго голая спіна.
— Вы бачыце? Вось яна!
У залі раптоўна ўсталявалася напружаная цішыня. Шакаваныя людзі нерухома глядзелі на тое, што ён рабіў. Глядзелі на татуяванку. Яна ўсё яшчэ была там. Колеры не пабляклі, але спіна старога цяпер была худзейшай, лапаткі вытыркаліся болей, і праз гэта карціна выглядала недарэчна зморшчанай і памятай.
Хтосьці сказаў: «Божа, але ж гэта праўда!»
Усхваляваныя людзі рушылі наперад, каб паглядзець, загаманілі.
— Беспамылкова!
— Ягоная ранняя тэхніка, так?
— Ашаламляльна, ашаламляльна!
— Паглядзіце, яна падпісаная!
— Разгарніце плечы, дружа, каб карціна нацягнулася.
— Старая… Калі яна была зробленая?
— У 1913-тым, — сказаў Дрыалі, не паварочваючыся. — Увосень 1913-га.
— Хто навучыў Суціна рабіць тату?
— Я.
— А жанчына хто?
— Гэта мая жонка.
Уладальнік галерэі праціскаўся праз натоўп да Дрыалі. Цяпер ён быў лагодны, надзвычай засяроджаны, на твары — усмешка.
— Месье, — сказаў ён. — Я яе купляю.
Дрыалі мог бачыць, як трэсліся тлустыя складкі на твары, калі ён адкрываў рот.
— Кажу: «Я купляю яе, месье!»
— Як вы можаце яе купіць? — запытаўся Дрыалі ціха.
— Даю за яе дзвесце тысячаў франкаў.
Вочы дылера былі маленькімі і цёмнымі, ноздры пачалі раздзьмувацца.
— Не рабіце гэтага! — выгукнуў хтосьці з натоўпу. — Яна ў дваццаць разоў даражэйшая!
Дрыалі адкрыў рот, каб штосьці сказаць, і не знайшоў слоў... Потым ізноў адкрыў і марудна вымавіў:
— Але якім чынам я магу яе прадаць?
У ягоным голасе адчувалася сусветная туга.
— Паслухайце, — сказаў дылер, наблізіўшыся. — Я вам дапамагу, зраблю вас багатым. Наконт карціны мы з вамі зможам дамовіцца ў прыватным парадку, так ці не?
Дрыалі разгублена глядзеў на яго спалоханымі вачыма.
— Але як вы яе купіце, месье? Што вы зробіце з ёй, калі купіце? Дзе будзеце захоўваць?
Дылер пастукаў сябе па пераноссі тоўстым белым пальцам.
— Падобна на тое, — сказаў ён, — што калі я набываю карціну, то набываю і вас таксама. Гэта нейкім чынам не зусім зручна... — Ён зрабіў паўзу і зноў пастукаў сябе па носе. Сама па сабе карціна не вартая нічога, пакуль вы не памерлі. Колькі вам гадоў, дружа?
— Шэсцьдзесят адзін
— Але здароўе, відаць, не самае лепшае?
Дылер адпусціў свой нос і агледзеў Дрыалі з галавы да пят, уважліва, як фермер ацэньвае старога каня.
— Мне гэта не падабаецца, — сказаў Дрыалі, незаўважна адсунуўшыся.
Ён адступіўся проста ў абдымкі да нейкага высокага спадара, які выцягнуў рукі і далікатна схапіў яго за плечы.
— Паслухаце, дружа, — сказаў незнаёмец, усё яшчэ ўсміхаючыся, — вы любіце плаваць і загараць?
Дрыалі паглядзеў на яго збянтэжана.
— Вы любіце добрую ежу і чырвонае віно з вінаграднікаў замка Бардо?
Спадар усё яшчэ ўсміхаўся, паказваючы здаровыя белыя зубы. Словы ён вымаўляў мякка і пранікнёна, рука ў пальчатцы ляжала на плячы Дрыалі.
— Ну… так, — адказаў Дрыалі, усё яшчэ збіты зпанталыку, — вядома.
— А кампанія прыгожых жанчын?
— Чаму не?
— А пампушка-манікюрка, якая б клапацілася пра вашыя пазногці?
Хтосьці ў натоўпе хіхікнуў.
— А званочак каля вашага ложку, каб выклікаць пакаёўку са сняданкам? Вы б гэтага хацелі, мой дружа? Вас гэта прываблівае?
Дрыалі моўчкі глядзеў на яго.
— Рэч у тым, што я — уладальнік гатэля «Брыстоль» у Канах. Запрашаю вас туды жыць у раскошы і камфорце да канца вашых дзён!
Дрыалі глядзеў на гэтага высокага спадара ў жоўтых пальчатках з недаверам.
— Ідэя камічная, — вымавіў ён марудна.
— Гэй, пачакайце! — умяшаўся дылер. — Слухайце сюды, дзядуля. Вось рашэнне нашай праблемы: я куплю карціну і найму хірурга, які выража скуру ў вас са спіны. Вы зможаце ісці куды хочаце і распараджацца вялікімі грашыма, якія я вам заплачу!
— Без скуры на спіне?
— Не, не, калі ласка! Вы не так зразумелі. Хірург прышые новы кавалак скуры на месца старога. Гэта проста.
— Хіба ён можа такое зрабіць?
— А нічога асаблівага ў гэтым няма.
— Немагчыма! — сказаў спадар у жоўтых пальчатках. — Ён занадта стары, каб перанесці такую вялікую перасадку скуры. Гэта яго заб’е. Гэта заб’е вас, дружа!
— Гэта заб’е мяне?
— Натуральна. Вы не выжывеце. Застанецца толькі карціна.
— Божа літасцівы! — крыкнуў Дрыалі.
Рука ў ярка-жоўтай пальчатцы зноў паляпала Дрыалі па плячы.
— Ну, — казаў спадар, расцягваючы рот у белазубай усмешцы, — вы і я зараз пойдзем добра павячэраем і яшчэ пагамонім пра гэтую справу. Як вам прапанова? Хочаце есці?
Дрыалі слухаў яго, насупіўшы бровы. Яму не падабалася доўгая гнуткая шыя гэтага фацэта і тое, як ён па-змяінаму выцягваў яе наперад, калі штосьці казаў.
— Смажаная качка і сухое шамбэртэн, — працягваў спадар. Словы ён вымаўляў з асаблівым націскам, глыбока і сакавіта, смакуючы кожнае. — І, магчыма, суфле з каштанаў, лёгкае і далікатнае.
Дрыалі ўзвёў вочы да столі, ягоныя вусны сталі бязвольнымі і вільготнымі. Бачна было, што гаротны стары ажно захлёбваецца слінай.
— Як вы хочаце, каб для вас пасмажылі качку? — працягваў спадар, — моцна, да залацістай скарынкі, ці каб…
— Я іду, — хутка сказаў Дрыалі. Ён ужо падабраў з падлогі кашулю і рашуча нацягваў яе на сябе праз галаву. — Пачакайце мяне, месье, я іду з вамі!
Літаральна праз хвіліну яго і ягонага новага знаёмца ўжо не было ў галерэі.
Не больш чым праз некалькі тыдняў на аўкцыёне ў Буэнас-Айрысе ўсплыла карціна Суціна: выкананы ў незвычайнай манеры жаночы партрэт, змешчаны ў цудоўную раму і пакрыты дарагім лакам. Гэта і той факт, што ў Канах няма гатэлю «Брыстоль», прымушаюць крыху насцярожыцца і памаліцца за здароўе старога. І моцна спадзявацца на тое, што дзе б ён цяпер не знаходзіўся, пампушка-манікюрка паліруе ягоныя пазногці, а пакаёўка прыносіць зранку сняданак у ложак.
Пераклала з ангельскай мовы Алена Казлова (Анка Упала)




















Пакінуць новы каментар