№6 (185) 12 сакавіка 2010
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Усевалад Сцебурака: Дабранач каханая
Перажыць святога Валянціна
…Прачнуцца рана ранкам, зірнуць у вакно і пабачыць ясны дзень, пабачыць сняжок, што блішчыць на лёгкім марозцы. Удыхнуць поўныя грудзі, затрымаць дых і глядзець у далечыню... Пакінуць фортку расчыненай і пайсці зрабіць каву. Вярнуцца да вакна, падставіць твар пад ласкавыя промні сонца, зрабіць першы глыток і не запаліць… Усміхнуцца сабаку, які рады вам, як ніхто іншы на ўсім гэтым свеце, рады нават зранку… Прызнацца сабе, што і вы радыя яму, бо ён шчыры і кожны ягоны дзень — гэта прызнанне ў любові да вас. Выйсці з ім на двор у ірваных хатніх джынсах і куртцы, накінутай на саколку, уздрыгануць ад холаду і пазяхнуць, зляпіць снежку і шпурнуць з усяе моцы…
Вярнуцца дахаты, дапіць каву, памыцца і перарабіць за колькі гадзін усю хатнюю справу, што няўмольна назапашвалася напрацягу месяца і наводзіла скруху нават адной толькі думкай аб сабе. Працаваць, атрымліваць асалоду ад кожнай хвіліны, проста ад таго, што дыхаеш, адчуваць сваё паслухмянае цела, думаць пра добрае… Зрабіць прыборку, выкінуць смецце, пасцяліць белы абрус, перавесіць фіранкі, памяняць месцамі карціны і змяніць фота ў рамцы на пісьмовым стале…. Выпадкова знайсці ў сакратэры калісьці важныя, а цяпер проста незразумелыя паперы, рахункі, чэкі, паштоўкі старых сяброў, гарантыйныя квіткі на рэчы, якія ўжо даўна адслужілі сваё… Засумаваць. Уключыць музыку. Доўга шукаць, амаль перадумаць… і ўсё ж уключыць! Нібы па пакліканні, што-небудзь адтуль, з юнацтва, калі сэрца соладка замірала і, збіваючыся з рытму, збягала ў пяткі ад аднаго погляду ўбок смешнай дзяўчынкі з паралельнага класа. Не думаць пра тое, што яна ўжо карова і разведзеная, проста пасміхнуцца мінуламу.
Улезці ў ванну і, лежачы ў пене, узгадваць і марыць. Выйсьці чыста паголеным і памаладзець гадоў на пяць. Падміргнуць люстэрку і адзначыць пра сябе, што калі не піць і высыпацца, то ў адлюставанні цябе сустрэне цалкам нармальны персанаж…
Затым пайсці на працу і там не выматацца, а сыходзіць з пачуццём задавальнення і шчырым здзіўленнем, што гэтак, аказваецца, яшчэ бывае…
Ісці па вулках свайго горада і не спяшацца сесці ў маршрутку. Ісці і разглядаць усё як турыст, што трапіў на гэтыя вуліцы ўпершыню. Прыйсці да высновы, што места зусім нічога сабе і жыць можна… Пасля ў бары на рагу сустрэць добрага сябра і выпіць кавы, паразмаўляўшы пра дробязі і чужых дзяцей, што хутка растуць…
Вярнуцца ўвечары дахаты… Моўчкі пачухаць за вухам сабаку і, не распранаючыся, стомлена плюхнуцца ў фатэль, ціхенька ўключыць радыё і зірнуць у тое ж, але ўжо цёмнае вакно. Пабачыць агеньчыкі ў далёкіх і блізкіх будынках, унізе — самаходы, што спяшаюцца адвезці дамоў сваіх гаспадароў, агледзецца навокал… Падняцца, дастаць прыхаваную да нагоды і цудам яшчэ нераспітую пляшку каньяку… Зварыць кавы, удыхнуць тонкі пах з бакала, выпіць, напляваўшы на акалічнасці, вялікі глыток, і тут ужо запаліць ад душы, пускаючы дым у нерухомае паветра перад сабой… Наліць яшчэ і з пяшчотай і болем падумаць пра яе, тую, дзеля якой, па сутнасці, калі прызнацца шчыра, усё і рабілася сёння з самага ранку; пра яе, якая за сотні кіламетраў у іншым горадзе таксама пражыла сваё 14 лютага…
Сядзець да глухой ночы, запаліць свечку і глядзець у цемру, дапіць каньяк і халодную каву, прыбраць рэшткі банкету на адну персону… Легчы ў такі вялікі для цябе аднаго ложак і, перад тым, як заплюшчыць вочы, сказаць услых, так, нібы яна побач і здольная пачуць твой шэпт: «Дабранач, каханая. З днём святога Валянціна»…
Альфа і чаравічкі
У пэўны час мой бацька з тэрапеўта перакваліфікаваўся ў эндаскапіста і распачаў працаваць з новай тэхнікай у выглядзе разнастайных зондаў. Медычныя прычындалы мелі непрыемную асаблівасць псавацца і патрабавалі рамонту, які рабілі не бліжэй як у «калысцы рэвалюцыі» — Ленінградзе. Заадно, там жа праходзілі і курсы па падвышэнні новай бацькавай кваліфікацыі. І ён досыць часта наведваў «паўночную Пальміру».
Найбольшыя выгоды з ягоных камандзіровак мелі мы з братам. Нам шторазу перападала безліч цацак і прэзентаў: пачынаючы ад дэфіцытных у нас плытак з цікавымі казкамі вытворчасці «Ленінградскай студыі гуказапісу» ды заканчваючы дартсам, лялечнай чыгункай і арбалетам.
Аднойчы, пасля чарговага вяртання, разбіраючы пакункі (як усе дзеці, пачынаючы з найбуйнейшага), мы з братам лёталі па хаце, гучна выказваючы свае эмоцыі. Бацька, які назіраў за гэтым вэрхалам, моўчкі раптам схіліўся, падняў з падлогі зусім невялічкую шэранькую кардонную пушку і працягнуў яе нам... Усе цацкі былі паадкіданыя, бо на дне той, скруціўшыся на шаліку, ляжаў маленечкі шчанючок і салодка спаў.
Ці варта казаць, што новы жыхар нашай кватэры стаў самым любімым і прыцягнуў усю нашую ўвагу і заняў вольны час. Для бацькоў жа спаніэль Альфа ператварыўся ў трэцяга капрызнага дзіцёнка. Як высветлілася, да палявання сабака не меў аніякага інтарэсу, хварэў не меней за нас, еў пераборліва, як кароль, і палюбляў спаць выключна на бацькоўскім ложку ў спальні.
Але ж усё гэта было дробязямі ў параўнанні з адным выбітным яго выкрунтасам.
На той час я ўжо меў непрыемны абавязак пяць дзён на тыдзень зрання атрымліваць веды ў бліжэйшай да нашага дому СШ №2 горада Жлобіна. Мой жа малодшы браток пры гэтым шчасліва бавіў вольны час дома — пры цацках, тэлеку і цюці. Застаючыся дома, шкоды брат і сабака прыносілі звычайна аднолькава, і, што характэрна, у сукупнасці значна менш, чым паасобку. Высветлілася гэта акалічнасць, калі аднойчы Толюсь, засумаваўшы ў кампаніі Альфы, пайшоў сустракаць мяне са школкі.
Выбегшы пасля якіх чатырох урокаў з будынку, я пабачыў малога на арэлях у двары — ужо тады чарвячок прадчування непапраўнага варухнуўся ў мяне недзе пад левай нагруднай кішэняй сіняга форменнага спінжачка. Сам незалежна-бесклапотны выгляд брата пацвярджаў горшыя думкі — незавязаныя шнуркі і несіметрычна зашпіленыя гузікі на кашулі яскрава сведчылі пра тое, што з хаты выйшаў ён цалкам самастойна і пакінуў яе на сваю сяброўку Альфу!!! Зразумеўшы, што наступствы безумоўна не прымусяць сябе чакаць, я схапіўшы Толю за рукаво, пабег да пад’езда і адным скокам заляцеў на другі паверх. Як і трэ’ было чакаць, дзверы ў хату Толя не зачыняў — навошта? Злодзеі б безумоўна спалохаліся страшэннага вартавога ваўкарэза...
З трымценьнем у каленях я ўвайшоў у вітальню, і адразу з цемры да мяне кінулася, круцячы куртатым хвосьцікам, Альфа. Я наважыўся распрануцца і скамянеў: на падлозе ля шафы з адзеннем ляжала нашая супольная з сабакам смерць — згрызеныя ўшчэнт бясцэнныя лакаваныя імпартовыя (швейцарскія), мо толькі раз апранутыя, матуліны чаравічкі!!!
...Пад вечар з працы дахаты вярнуліся бацькі. Іх прыходу я чакаў як Армагедону, якога не пазбегнуць і ў якім нельга перамагчы. І мае прадчуванні спраўдзіліся. Апускаючы падрабязнасці гвалту і ляманту, які стаяў ў кватэры нумар 77 недзе з паўгадзіны, паведамлю толькі вырак: шкодная і сацыяльна небяспечная жывёліна Альфа жыве ў хаце апошнюю ноч. Безумоўна, пачуўшы такое, мы з малым прапанавалі замяніць прысуд цюцю нашым, хоць і самым балючым фізічным пакараннем, — прапанова была прынятая, але і рашэнне аб дэпартацыі сабакі не скасавалі. У адказ на гэта я заявіў, што пайду па белым свеце разам з гаротнай выгнанніцай і, задаволены такой самаахвярнасцю, пайшоў разам з ёй спаць...
Ранкам, не пабачыўшы сабакі побач, я падскочыў як мячык і адчуў жудасны страх і роспач — канец! Гаўняны з мяне цімуравец, калі я не ўпільнаваў сябра ад расправы. Дзе ўжо мой сабачка — страшна было падумаць. Я саскочыў з ложка і ... наступіў на нешта цёплае, якое незадаволена рыкнуўшы, пацягнулася, пазяхнула і пачало лашчыцца, просячыся ісці сікаць на двор. Жах трохі адпусціў, але я не спяшаўся святкаваць перамогу — меў падазрэнні, што бацькі задумалі нешта іншае ці проста часова адклалі абяцаную ўчора помсту...
Гэтак у напружаным чаканні правёў я некалькі дзён. Драпежная знішчальніца абутку паводзіла сябе як звычайна, робячы дробную шкоду, але да шафы ў вітальні не падыходзіла і блізка. Канфлікт аціх неяк сам сабой і адышоў у сямейны фальклёр.
Прайшлі гады, і матуля забылася на тыя чаравічкі, памерла Альфа, малодшы брат скончыў універсітэт, а я ва ўласнай хаце маю сябра сям’і — рудога, як медзь, добрага і сімпатычнага сабаку Эмі, дарэчы, таксама спаніэля. І ён, як колішняя гераіня аповеду, яшчэ той шкоднік і неслух, але гэта, як кажуць, зусім іншая гісторыя.
Virtuti Military:
Дзяцінству дзеда Анатоля прысвячаецца
У мястэчку Крывічы, што нездарма за Польшчай з’яўлялася цэнтрам гміны, было ўсё. Царква, касцёл, сінагога, кірмаш, крамы, заезныя дамы, пошта, больніца, аптэка і чатыры млыны. Недалёка ад мястэчка праходзіла чыгунка, што яшчэ больш ажыўляла і так не маруднае жыццё. Дзеля паўнаты карціны ўжо намаляванага дабрабыту дадамо, што меліся ў Крывічах таксама рэстаран Старасцінскага і нават майстэрня па рамонце і пракаце ровараў.
Адпаведна палітыцы дзяржавы, гэтую інфраструктуру дапаўнялі ўстановы адукацыі. Школа ў мястэчку месцілася ў ладным будынку, зробленым якасна і трывала. Дырэктарам у ёй служыў пан Эймант. У Крывічах ён лічыўся чалавекам адметным. Як шмат хто з начальніцтва, пан Эймант апранаўся па тагачаснае модзе: хромавыя боты, галіфэ, фрэнч. Сваёй кавалерыйскай паставай і выключна бравай хадой дырэктар, хоць і выкладаў ён адно толькі фізічнае выхаванне, выклікаў у вучняў і дарослых павагу. Яго колішнія смаркатыя вучні, цяпер сівыя дзяды, памятаюць выпадак, калі дырэктар, дапамагаючы нешта рамантаваць на даху школы, сарваўся долу. Імгненна зарыентаваўшыся, ён спрытна, нібы кот, здолеў перавярнуцца ў паветры, згрупавацца і саскочыць на зямлю без траўмаў і пашкоджанняў. Памятаюць яны і як збіралася палова мястэчка паглядзець, як пан Эймант ранкам скідае кажух ля палонкі і тройчы запар у любую сцюжу бултыхае ў зімную ваду Сэрвачы...
1939 навучальны год для пана Эйманта стаўся вельмі непрацяглым. Разам з новым палітычным парадкам на далучаных землях і крывіцкая школка займела новага «правільнага» кіраўніка. Восеньскія месяцы былы начальнік сядзеў без справы. Тым часам партыя нястомна шукала шкодны элемент сярод новадалучаных заходніх братоў. Напрыканцы восені, калі ранкам на траве ўжо пракідвалася шэрань, у дзверы дома рукой лейтэнанта НКУС пагрукалася савецкая Фэміда. Нельга сказаць, што зборы былі доўгімі, бо пан дырэктар разумеў сітуацыю і не дужа здзівіўся прыходу гасцей. Гэтак яны і пайшлі па мястэчку: пругкай бадзёрай хадой, апрануты ў свой вайсковы строй Эймант, далей — афіцэр, за імі два жаўнеры з вінтоўкамі.
Будынак мясцовых камісараў знаходзіўся непадалёк у польскім паліцэйскім пастарунку, прыгожым дамку з мансардай. На ганку іх сустрэў дзяжурны і прапусціў у сярэдзіну. З калідора канвой рушыў у свой пакойчык, афіцэр — з дакладам да начальніка, а спакойнага, паслухмянага затрыманага пакінулі на лаўцы пад дзвярыма.
Гмінны пастарунак ужо не быў тым ціхім месцам, што раней, калі ў ім трымалі двух-трох дробных злодзеяў ці п’янчуг. За апошнія месяцы сюды на допыты перацягалі вялікую колькасць людзей рознага веку і занятку. І не шмат каму шчасціла вяртацца дадому пасля наведвання гэтае ўстановы. Усё часцей небаракаў адвозіў на станцыю чорны фургон... Кароткая дарога па мястэчку, палахлівыя позіркі мінакоў, злавесная цішыня за чорнымі дзвярыма кабінетаў — нішто не абяцала добрае развязкі. Экс-дырэктар гэта адчуў і зразумеў, што ёсць адзінае выйсце...
Прайшло некалькі імгненняў, як цёмны калідор спусцеў. Пан Эймант рэзка скінуў з плячэй кажух, падняўся, спрактыкаваным рухам паправіў форменны строй і цвёрдым поступам пайшоў, не азіраючыся, па калідоры да выхаду. Крокі гулкім рэхам разносіліся па памяшканні пастарунка і паміралі ў цёмных кутах. Перад дзвярыма ён яшчэ раз хутка агледзеў сябе і рашуча выйшаў на ганак. Павольна, але не спыняючыся, спусціўся па прыступках паўз вартавога. Жаўнер павярнуўся да яго. На хвілю падалося, што чалавек нагадвае таго, каго нядаўна ўводзілі пад канвоем... але не... гэты ідзе так упэўнена...
Чаканячы крок, як на дэфілядзе па пляцы, незнаёмец з вайсковай выпраўкай прайшоў праз двор і знік за будынкам.
Далей гэты дзіўны афіцэр мітулем пераскочыў праз высокі плот, ірвануў па вуліцы і хутка знік з Крывічоў, разам — і з поля зроку ўсюдыіснае канторы.
Праўда, чуткі пра яго ўцёкі доўга хадзілі па наваколлі. Пазней нехта нібы бачыў яго ў няўлоўных аддзелах АК, іншыя казалі, што ён служыў у Арміі Людовай. Так было ці па-іншаму, але мой дзед і цяпер з непрыхаваным захапленнем і павагай узгадвае свайго колішняга дырэктара, які на сваім простым вайсковым гарнітуры на рочныя святы з шляхецкай годнасцю насіў узнагароду легіянера Пілсудскага — крыж Virtuti Military.




















Дата: суб, 20/02/2010 - 21:26 #
Пакінуць новы каментар