xxx

/ Дэвід Уолес: Тэніс, Трыганаметрыя, Тарнада: хлапецтва на Сярэднім Захадзе

/ Дэвід Уолес: Тэніс, Трыганаметрыя, Тарнада: хлапецтва на Сярэднім Захадзе

У літаратуры нібыта “ўсё ўжо сказана”. Сказана многае, сапраўды. Але ментальны працэс грамадства адбываецца, і на мяжу грамадскага прызнання выходзяць тыя, хто здольны гэтыя ніткі сувязяў пабачыць, паказаць іх у асляпляльнасці бліскавак жыццёвых падзей. Той, хто ахапляе існы стан цэлым позіркам і можа ў сваёй ацэнцы даць трапную метафару, патрапляе сёння (як і заўсёды) на грэбень хвалі...

Дваццаць гадоў пакутаваў на дэпрэсію амерыканскі пісьменнік Дэвід Уолес (David Foster Wallace). Літаратурная знакамітасць Амерыкі, аўтар бэстсэлераў, што ўваходзяць у сотню найлепшых амерыканскіх раманаў і ў дваццатку найбольш раскупляльных кніг, 12 верасня мінулагагода  засіліўся...

Ён спрабаваў гаварыць пра свет, у якім жыве, праз метафару бясконцасці. І сам, мусіць, разумеў хісткасць такой “метафарычнасці.

Найвядомейшы Ўолесаў раман — “Бясконцы кпін” (Infinite Jest; 1996). Вялізная таміна на тысячу з гакам старонак. У кнізе сплятаюцца аповеды пра жыццё ўяўных Акадэміі тэнісу і Шпіталю для наркаманаў і алкаголікаў. Акадэмія на гары, Шпіталь пад гарой. Беднякі і нябогі з-пад гары мараць быць на гары. Але і на гары – не канцавы пункт, і там маюць сваю мэту і мару. Дзецюкоў у Акадэміі рыхтуюць да “Шоў” (найбольшы гульнёвы турнір). Такая вось складаная метафара сацыяльных каштоўнасцяў. Дзеянне часта пераскоквае ў будучыню, дзе створаны заснавальнікам Акадэміі авангардны фільм – адзіная “Забава” (так усе і называюць), дый такая прывабная, што людзі гатовыя глядзець яе бясконца. Фільм той і мае назву “Бясконцы кпін”. Стваральнік жа фільму даўно ўжо звар’яцеў і скончыў жыццё самагубствам, засунуўшы галаву ў мікрахвалёўку.

Галава, якая згарае ў жары, — не адзіны вобраз, якім аўтар нібы вымалёўвае абразок “чалавек вымысляе бясконцасць”. У іншым рамане “Усё і яшчэ болей: маленькая гісторыя бясконцасці” (Everything and More: A Compact History of ∞; 2003) аповед ідзе пра жыццяпіс знакамітага матэматыка ХІХ стагоддзя Георга Кантара, які запачаткаваў “тэорыі мностваў”. Кантар вымысліў праз розум і матэматычную логіку шчыльней наблізіцца да разумення бога, параўноўваў тое, што дагэтуль лічылася зусім адным і боскім, — з бясконцасцю. Маўляў, бясконцасці могуць быць няроўныя і ўключацца адна ў адну, а “наймацнейшая” бясконцасць і ёсць бог. Не могучы давесці парадоксы сваёй тэорыі, Кантар звар’яцеў і дваццаць гадоў прабавіў у вар’ятні. Згарэў на рабоце, прабачце за чорны гумар...

Нарэшце, тая галава, што ў пісьменніка-Ўолеса згарае-вар’яцее ад разумовага набліжэння да бясконцасці, мае і яшчэ адну бачную рысу. Гэта з апавядання “І яшчэ адзін прыклад пранікнёнасці пэўных межаў” (Yet Another Example of the Porousness of Certain Borders; 1997), у якім маці выйграе ў сына судовы зыск па абароне правоў спажыўцоў, на атрыманыя грошы робіць пластычную аперацыю, якая праходзіць няўдала, і яе твар робіцца застыглай маскай жудкай вусцішы. І цяпер сын мусіць суправаджаць маці ў яе паездках аўтобусам.

Замысліўшы прагаварыць пра бясконцасць, Уолес даў зразумелую метафару: бясконцасць, спадарства, – гэта не бог, не лічба і не абстракцыя; бясконцасць – гэта вашая галава, што палае вар’яцкім пякельным агнём і носіць пячатку гэтага агню на сваім твары. Такая апакаліптычная выява свету, які жыццё вылічвае, бога вымярае, а даброты праграмуе.

Уолес не стрываў і ўдавіўся. Маўляў, і прыкладам сваім пацвярджаю...

 


 Калі я пакінуў сваё заціснутае сярод фермерскіх абсягаў Ілінойсу мястэчка, каб пайсці ў бацькаву alma mater у шумлівым Беркшыры, што ў заходнім Масачусэтсэ, я адразу ж выявіў свае здольнасці ў матэматыцы. Цяпер пачынаю разумець, чаму так. Матэматыка ў каледжы выклікала тугу ў жыхара Сярэдняга Захаду па доме. Я вырас сярод вектараў, ліній ды ліній, перпендыкулярных лініям, крáтаў. А на ўзроўні даляглядаў – тлустыя скрыўленыя лініі прыроднага асяроддзя, дзіўнай тапаграфічнай кругаверці, што пасела, круцячыся на брыжах вялікай навакольнай талеркі, пасярод якой была суцэльная, адпрасаваная ледавіком роўнядзь. Я мог на вока вызначыць плошчу паміж тымі тлустымі крывымі і ніжэй за іх, на сутыку зямлі і нябёснага шляху, – яшчэ задоўга да таго, як хоць нешта ўведаў пра фармальныя інтэгралы або ступені свабоды. Вылічэнне было, у літаральным сэнсе, маёй дзіцячай забавай. <…>

Вось жа, умовы ў Цэнтральным Ілінойсе з матэматычнай перспектывы цікавыя, а з гледзішча тэнісу кепскія. Улетку – спёка і вільготная сырасць; матылі і здакучлівыя мушкі, што ўтвараюць астэроідны паяс вакол кожнага высокага ліхтара ўначы, і ўсё гэта прасвятляе на паверхні корту спазматычныя дробныя цені; камары, якія насядаюць на палявыя барозны і заімшэлыя разоры на мяжы кожнага поля; а найболей вецер.

Той, хто не з Сярэдняга Захаду, кажа пра яго суцэльную роўнядзь, чорную зямлю і палі зялёных зараснікаў (“лёгкае шчацінне”), далікатныя ўзгоркі і пукатасці, якія робяць тапалогію пакутлівым практыкаваннем з вызначэння квадратаў, а шашу – такой аднолькавай і змярцвелай, што гэта даводзіць вадзіцеляў да шаленства. Калі свой Сярэдні Захад згадвае каторы з Індыяны, Вісконсіну або паўночнага Ілінойсу, дык прыгадвае сельскую гаспадарку і прыбытак з яе, кукурузу-бабы-зерне, і яблычна-шчокія нардычныя тыпы, і сідр, і рэзанне жывёлы, і футбольныя матчы з белым туманным дыханнем, што выходзіць са шлемаў. Але ў дзіўнай цэнтральнай кішэні, дзе Шампань-Урбана, Рэнтул, Філа, Магамет-Сэймур, Матун і Талона, цэнтральна-заходняе жыццё фармуецца і дэфармуецца ветрам. На захад, паміж намі і Гарамі, няма бадай нічога высокага, і непазбежныя зефіры і паветраныя зрухі злучаюцца з лёгкімі і рэзкімі павевамі ды з чорт ведае чым аднекуль з Нэбраскі і Канзасу, ды рушаць на ўсход як ручаіны ў раку, як струмяні гарачага паветра, як ваенныя франты – наспельваюцца, бы снежныя абвалы, і, равучы, сунуцца назад па выараным следзе першага бізона, да нашых непрытуленых трыбухоў. Ніхто, каго я ведаў у Філа, не часаў сваіх валасоў, бо чаго ж непакоіцца. <…>

Я вельмі цаніў тое, што пачуваўся адмыслова ўтульна сярод простых ліній. Тое было ад асяроддзя. Маё мястэчка Філа – гэта такая ссунутыя краты: дзевяць вуліц з поўначы на поўдзень супраць шасці з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад, дзесяткі і дзесяткі скасавурана-крыжападобных вуглоў (тангенсы вуглоў перасячэння ўсходу і захаду маглі б інтэгральна ацэньвацца паводле іх секансаў!) вакол гарадскога цэнтра, што складаўся з трох перасячэнняў. Большасць маіх успамінаў дзяцінства – ці гэта ўзараныя акры зямлі альбо варта жняцоў ўздоўж вуліцы Р.Р.104В, альбо гульня рэзкіх ценяў у прыцемках поля на сафтболе ў Легіён-Холе, – усё гэта пры патрэбе я мог бы зараз аднавіць з вугольнікам і транспарцірам.

Мне падабаліся вострыя дачыненні простых ліній больш, чым каму з дзяцей, з якімі я вырас. Мяркую, гэта дзеля таго што яны былі тамтэйшыя, тады як мяне ў маленстве правезлі з Ітакі, з Нью-Ёрку, дзе тата меў навуковую ступень. Такім чынам, я ведаў, хоць бы і дзіцём, гарызантальна і паўсвядома, нешта іншае – высокія пагоркі і серпантын аднабаковых дарог паўночнага Нью-Ёрку. Я ўпэўнены, што захаваў гэтую кашу з крывых і ўзвышшаў як кантрастны фон дзесь глыбока ў змяёвай частцы маіх мазгоў. Дзеці з Філа, з якімі я біўся і гуляў, ніколі не зналі нічога іншага і не бачылі тут, у такім плане мястэчка, нічога надта дзіўнага; адпаведна, гэта і не ўзрушала іх.

Мой першы дэталёвы ўспамін – спрэс вострыя вуглы. Аднойчы ў красавіку я дапамагаў суседскаму хлопчыку дапамагаць яго маці палоць іх новы гарод на заднім двары. Абрыс гароду быў дакладна квадратны, з пяццю размешчанымі “ў шахматным парадку” дзялянкамі – у цэнтры свяшчэнныя цукіні – усё спарадкавана ў такую літару “Н”, разлінавана калкамі і вяроўкамі. Мы, малыя хлопчыкі, адкідалі каменне і буйныя камякі з дарогі кабеты, якая працавала з культыватарам – заарандаваным, у форме вазка з ручкамі, на бензінавым паліве; культыватар роў і хроп, станавіўся на дыбкі і, здавалася, сам хутчэй штурхаў сваю гаспадыню, чым яна яго; яе ногі пакідалі п’яныя сляды на зямлі. Неўзабаве ў слязах і з плачам на двор выйшаў маленькі брат майго сябрука, мо’ гады чатыры на той час. Ён быў у нейкай пухнатай чырвонай апранасе і трымаў у звернутай угору далоньцы нешта не дужа прыемнае з выгляду. Ромбападобны кавалак цьвілі з нейкага экзатычнага завуголля іх вільготнага падвалу. Нешта зялёнае, у чорных плямках, няўцямна-калматае. Горш за тое, кавалак цьвілі выглядаў недавершаным, падгрызеным; нейкай гідкай дрэнню быў спэцканы маленькі рот малечы. “Я з’еў гэта”, – пачаў ён румзаць, як толькі маці выключыла культыватар і падышла да яго. Мой сябрук і я былі забытыя, як на дзяцей забываюцца пры яшчэ меншых дзецях. Але ж маці таго малога, якая цяпер, здаецца, ужо адышла ў няпэўных медыцынскіх абставінах пару гадоў таму, зусім зашалела:

“Памажыце! Мой сын з’еў гэта!” – крычала яна зноў і зноў, высока трымаючы плямісты кавалак і бегаючы вакол сваіх квадрантаў, а мой сусед і я здзіўлена пазіралі на першую ў нашым досведзе дарослую гістэрыю; усхліпваючага малога забылі і мы, і кабета.

“Памажыце! Мой сын з’еў гэта! Памажыце!” – яна ўсё галасіла, бегаючы кампактнымі складанымі кароткімі маршрутамі акурат унутры вяровак, што пазначалі дзялянкі гароду. І я запомніў, што заўважыў, – і, мусіць, я адзін такі, хто заўважыў, – якімі роўнымі, нават падчас стрэсу, былі лініі яе палёту, якімі сапраўды па-амерыканску прамымі былі яе сляды, а яе павароты, унутры ідэаграмаў вяровак, – выразна-акрэсленымі і нейкімі зусім вайсковымі. Яна бегала і галасіла і разварочвалася і галасіла і бегала. Тата майго сябрука, з твару якога вытыркалася люлька, урэшце прыцягнуў шланг з вадой. <…>

Што да надвор’я, дык маё мястэчка, а па праўдзе і ўвесь усходне-цэнтральны Ілінойс, – гэта ладная частка таго, што метэаролагі называюць Алеяй Тарнада. Я асабіста бачыў два ці тры на зямлі і пяць па-над зямлёй, што намагаліся сабрацца. Гратэскная часціня тарнада вакол майго мястэчка – гэта, як я кажу, функцыя тых жа пераменных, што выклікаюць і звычайныя ветры. Мы ж на такой каардынаце, дзе франты і паветраныя масы сыходзяцца. Большасць дзён паміж познім сакавіком і чэрвенем у тэлевізары нашых ТВ-станцый мільгаціць: “Пільнуйцеся Тарнада”. Пільнуйцеся – значыць, умовы  для тарнада спрыяльныя. Але толькі на радзейшыя “Небяспекі Тарнада” трэба, каб хто адзін адмыслова назіраў і пры патрэбе ўключаў сірэны грамадскай абароны. Сірэна на версе Пачатковай Школы мястэчка Філа мела вышыню і цыкл гуку, адрозныя ад сірэны ў паўднёвай частцы мястэчка Ўрбаны, і вішчанне гэтых дзвюх сірэнаў злівалася і раз’ядноўвалася ў жахлівым хаўтурным пяянні...

Тарнада былі ладнай часткай майго дзяцінства на Сярэднім Захадзе, і, як малое дзіцё, мяне мучылі страхі пра тарнада. Найранейшыя мае кашмары былі пра скавытанне сірэнаў і змярцвела-белыя нябёсы, пра тонкага монстра на даляглядзе з боку Аёвы, які хутчэй па-яшчарнаму, чым па-фалічнаму, вытыркаўся з нізкага цяжкога неба, лётаючы туды-сюды так шалёна, што ён амаль падвойваўся, спрабуючы з’есці свой хвост, і раскідваў салому, пыл, крэслы. Ад далягляду ён ніколі не набліжаўся; ён і не мусіў.

Тое самае пераследавала мяне і калі я вырас. І я ведаю, чаму. Тарнада для мяне былі пераканфігураваннем. Як і ўсе сур’ёзныя вятры, яны былі такой z-каардынатай для нашага маленькага прасцягу роўнядзі, такім вытырканнем з еўклідавай манатоннасці нашых разораў, дарог, восяў і кратаў. Мы вучылі пра тарнада ў школе: канадскае ўзвышша накіроўвае тарнада на паўднёвы-ўсход ад Дакоты, а вільготная цёплая маса расцягвае яго на поўнач ад Арканзасу. Вынікам было не грэцкае х і нават не картэзіянская вось, але алхімічнае кручэнне квадрата па коле. У нашай частцы Цэнтральнага Ілінойсу тарнада былі кропкай без вымярэнняў, у якой паралельныя лініі сустракаліся, закручваліся і выбухалі. Тарнада тут былі і без мэтаў – дамкоў не раздзьмувалі, але выдзьмувалі. Мёртвых свойскіх жывёлаў знаходзілі за тры мілі без адзінай драпінкі на іх...
 

 1991 г.
З ангельскай пераклаў
Алесь МІКУС.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).