№6 (185) 12 сакавіка 2010
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Вiктар ХУРСIК: Лінія медсанбата
Калi трымаеш у руках пажоўклыя ўспамiны пра 1941-ы, пачынаеш дыхаць адным дыханнем з пакаленнем забытых. Там, у той краiне, якая звалася СССР, яны кахалi, спадзявалiся, верылi. Большасць мела высокую чалавечую годнасць i сумленне. Патрыёты сваёй Айчыны былi да самаахвяравання адданыя iдэi лепшай будучынi, а ў час выпрабаванняў iх любоў да Радзiмы выклiкала павагу нават у ворагаў.
Вайна i пасляваенны час наклалi свой адбiтак на паводзiны тых людзей, знiк i сам СССР, але мужнасць байцоў 1941-га прапiсаная ў гiсторыi навечна. Яна заўсёды будзе крынiцай разважанняў пра смеласць у барацьбе за свабоду i незалежнасць краiны.
…Малады ваенны ўрач Фёдар Мацвеевiч Вялiчка скончыў ваенна-медыцынскую акадэмiю ў Ленiнградзе ў 1939 годзе i атрымаў размеркаванне ў Прыволжскую ваенную акругу. Праз год ён ужо камандаваў медсанбатам 154-ай стралковай дывiзii. У 1941 годзе не маючы часу на фармiраванне поўнай штатнай колькасцi гэтая дывiзiя ў складзе 63-га корпуса была тэрмiнова накiраваная на папаўненне войскаў Беларускай ваеннай акругi. Адбылося гэта за некалькi дзён да аб’яўлення вайны. Праз тыдзень, калi вайна ўжо iшла, эшалон дасягнуў месца разгрузкi на станцыi Добруш. Пад нямецкай бамбёжкай часткi рушылi займаць абарону на ўсходнiм беразе Дняпра па лiнii Жлобiн-Рагачоў. Да сярэдзiны лiпеня часткi корпуса вялi крававыя баi, пакрысе пасоўваючы ворага на захад. Аднак нацiск фашыстаў мацнеў. Увынiку пад канец лiпеня часткi 63-га корпуса перайшлi да абароны. У гэты час медсанбат Вялiчкi размясцiўся ля дарогi, у лесе непадалёк Лугавой Вiрнi. Батальён меў у сваiм складзе сорак чалавек i восем адзiнак аўтатэхнiкi. Урачы працавалi кругласутачна, аперацыi выконвалiся пад электрычнае святло ад акумулятараў, пастаянна iшла эвакуацыя цяжкапараненых. За кароткi час баявых дзянняў была аказаная дапамога звыш шасцi тысячам байцоў.
Аб ваеннай абстаноўцы Фёдар Мацвеевiч даведваўся ў штабе дывiзii. Дзесятага жнiўня там стала вядома, што пад нацiскам немцаў адзiн з палкоў дывiзii адступiў, вораг фарсiраваў Днепр. Медсанбат тэрмiнова перабазаваўся на ўсход i праз два днi размясцiўся ў лесе на паўднёвы-ўсход ад вёскi Негаўка непадалёк ад шашы Рагачоў-Гомель. Аб сваiм месцазнаходжаннi данеслi ў штаб цераз сувязнога, але ён адтуль не вярнуўся. Вырашылi быць напагатове, выставiлi баявую ахову. Ранкам трынаццатага жнiўня правялi рэкагнасцыроўку ўбок вёсак Мяркулавiчы i Глыбочына. Сэрца ёкнула, калi ўбачылi, што на лузе ля кустоў’я прызямлiўся нямецкi самалёт. З яго павыскаквалi ўзброеныя салдаты i схавалiся ў лесе. Самалёт адразу ж паляцеў, а на яго месца пачалi прылятаць новыя з такiм жа “грузам”. Тэрмiнова склалi аб гэтым данясенне ў штаб дывiзii i адправiлi з сувязным на машыне.
Але нi машына, нi сувязны не вярнулiся...
Ноччу ў раён размяшчэння медсанбата прыбыў ветэрынарны лазарэт дывiзii ў колькасцi сарака байцоў пад кiраўнiцтвам камiсара Мiнегалiя Загiрава i васьмi байцоў-рамонтнiкаў з дывiзiённага аўтабата. У ветэрынараў мелася пяць машын i адзiн станкавы кулямёт, а таксама гармата-саракапятка з камплектам снарадаў.
Што магла супрацьпаставiць гэтая жменька фашысцкай ваеннай машыне? Нiчога. Акрамя ўзору служэння Радзiме. Не штрафбат гнаў урачоў i ветэрынараў пад яе колы (як часам гэта малююць). У 1941-м людзьмi рухала iншае: забытае цяпер пачуццё асабiстай адказнасцi за лёс дзяржавы, за яе будучыню, iмi рухала бясстрашша, без якога перамагчы немагчыма. Калi ноччу ў лес, што на пуўднёвы ўсход ад Негаўкi, быў дастаўлены загад камандуючага дывiзiяй генерала Фоканава заняць абарону, нiхто з асабiстага складу групы не збег, не дэзерцiраваў. Хаця кожны разумеў, чым можа скончыцца бой для медсанбата.
Задачай групы было адцягнуць увагу фашыстаў i даць магчымасць адысцi часткам 63-га стралковага корпуса. Мiж тым Вялiчка не ведаў, што фашысты ўжо завершылi i яго акружэнне, i корпуса цалкам.
Абавязкi па кругавой абароне размеркавалi наступным чынам. Паўночна-заходнюю частку ляснога масiву абараняў ветлазарэт на чале з камiсарам Загiравым. Намеснiку камандзiра медсанбата Сухiнiну разам з двума дзесяткамi байцоў (у тым лiку ўрачамi i фельдшарамi) дасталася паўночная частка лесу побач з дарогай Доўск-Гомель. Камiсар медсанбата Грэйскап разам з рамонтнiкамi i рэшткай медсанбата заняў паўднёва-ўсходнi рубеж. Сам жа камандзiр з шасцю байцамi залёг у кустах на заходнiм узлеску.
Ранкам 15 жнiўня 1941 года група пачала ўцягвацца ў баi з немцамi, якiя рухалiся па дарозе на Гомель. Ад стралянiны, распачатай ветлазарэтам, купка немцаў разгубiлася, пачала адстрэльвацца, а калi запрацаваў станкавы кулямёт, то ўвогулле ратавалася ўцёкамi. Праз гадзiну пасля здарэння на баявую групу Сухiнiна выпаўзлi тры танкеткi. У байцоў у распараджэннi акрамя вiнтовак было шмат бутэлек са спiртавымi настоямi i некалькi гранат. Пры наблiжэннi па бронемашынах быў адкрыты агонь. Танкеткi павярнулi назад, па адступаючым было зроблена некалькi выстралаў з гарматы. У гэты ж час на захадзе, побач з засадай камандзiра медсанбата спынiлася аўтамашына з немцамi. Каля двух дзесяткаў фашыстаў з аўтаматамi саскочылi на зямлю, пачалi размiнаць ногi, перагаворвацца. Вялiчка прыкiнуў: шэсць вiнтовак i пiсталет супраць дваццацi аўтаматаў. Але ж ёсць яшчэ пара гранатаў, а на чатырох вiнтоўках штыкi.
Атакавалi знянацку. Вораг быў часткова пабiты, але частка фашыстаў збегла ў недалёкую нязжатую пшанiцу. Пабеглi за ўцекачамi, ды вярнулiся. Раптам сцiхла. У час перадышкi камiсар Грэйскап арганiзаваў адыход раненых жанчын-урачоў i медсясцёр у вёску Негаўка. Жыхарка гэтай вёскi Аляксандра Мiкалаеўна Гаўрыленка схавала жанчын, пераапранула.
Пазней яны перабралiся ў партызанскi атрад.
Ледзь толькi жанчыны сыйшлi, як над лесам закружыў нямецкi самалёт-разведчык “рама”. Лес пачалi бамбiць самалёты i абстрэльвала артылерыя. Усё змяшалася. Вiдаць фашысты прынялi медсанбат за больш сур’ёзную частку i нанеслi па ёй сакрушальны ўдар. Гарэў лес, машыны, гінулі абаронцы лясной крэпасцi. А сёмай гадзiне вечара сцiхла, i толькi група Загiрава працягвала бой у сваiм сектары, ды i там з цягам часу наступiла цiшыня.
...Ранены ў нагу камандзiр медсанбата агледзеўся. З шасцi яго байцоў жывымі засталіся трое. Стала вядома, што значныя страты былi i ў iншых групах. Загiнулi камiсар Грэйскап, Сухiнiн, Загiраў. Належала адшукаць жывых i як мага хутчэй адступiць. Не зважаючы на боль, Вялiчка кiнуўся да аўтамашын. Дзякуй Богу, тры на хаду. Размеркаваў у iх каля двух дзесяткаў чалавек. Сам сеў у кабiну першай. Аднак ледзьве ад’ехалi ад лесу, як трапiлi пад моцны мiнамётны абстрэл. Машыну перавярнула. Камандзiр цудам ацалеў. Аглушаны ўзрывамi, ён паглядзеў наўкола: машыны былi разбiтыя, многiя байцы забiтыя цi цяжка параненыя. Вораг пасля мiнамётнага абстрэлу пайшоў у атаку.
Вялiчка паспрабаваў з байцамі падняць аўтамашыну, але гэта не ўдалося. Ён адчуў моцны ўдар па галаве i страцiў прытомнасць. Агоўтаўся тады, калi ўбачыў, як два немцы адшпiльвалi дзягу i кабуру. “Камiсар?”— запытаў афiцэр. “Не, Arc, урач”, — захітаў ён галавой. Жывых аказалася каля дванаццацi чалавек. Хто не мог падняцца, таго прыстрэлiлi на месцы. З байцоў сарвалi знакi адрознення i пагналi ў вёску Дубраўка (там фашысты збiралiся вячэраць).
На наступны дзень жывыя пад наглядам немцаў хавалi ў лесе сваiх таварышаў. Iх загiнула амаль сотня...
Часта чуюцца галасы аб прымiрэннi. Маўляў, пара адзначыць i дагледзець месцы нямецкiх пахаванняў. Зразумела, час гоіць раны. Жыць на зямлі з пачуццём вечнай нянавісці немагчыма. Перакананы, каб быў такi дазвол, то сталёвымі нямецкімі крыжамi тэрыторыя Беларусi была б пакрытая даволi хутка. А вось з мемарыялiзацыяй подзвiгу бацькоў i дзедаў нашых у нас i да сёняшняга часу — непярэліўкі. Прыдумалі і прафінансавалі “Лінію Сталіна”, каб цешыць “Сталіна”, а лінію медсанбата ды поле подзвігу яго байцоў зааралі...




















Пакінуць новы каментар