№6 (185) 12 сакавіка 2010
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Алесь Рыбак. ХРУМКАЧ (Аповесць)
1
Яны не ведалі, што бачацца апошні раз. Сын і родныя яму людзі – бацька і маці.
Ходзікі на сцяне спраўна чэкалі і паказвалі далёка за поўнач, і Ромка прыспешваў сябе, каб да світанку быць у глыбіні пушчы, далей ад чужых вачэй, людных дарог і сцежак.
– Адагрэўся ў вас, – ён стаяў ужо на парозе, нават рамень вінтоўкі перакінуў цераз плячо, а Ганна аберуч учапілася ў яго рукаво, затуманенымі ад слёз вачыма глядзела ў сынаў твар, акурат старалася запомніць на ўсё астатняе сваё жыццё.
– Ну, мам, – Ромка нават адной рукой развязаў матузок насунутай на самыя вушы заячай шапкі-аблавухі, бо станавілася горача. – Мне ўжо трэ. К вясне, калі далёка куды не перакінуць, яшчэ прыбягу поначы.
Але яна ўсё адно як і не чула яго слоў. З ціхім усхліпам кволымі схуднелымі грудзьмі прыпала да яго грудзей, і ён нават праз ватоўку і паддзёўку пад ёй чуў, як трапечацца яе сэрца.
Ігнат быццам не рэагаваў ні на што, сядзеў на ўслоне, уталопіўшыся ў новыя, яшчэ да вайны пашытыя ў мястэчку і зараз наваксаваныя да бляску хромавыя боты ля ягоных ног. Не, ён не збіраўся іх абуваць, быў ужо абуты ў буркі з буцамі, а боты не адымаў ад сябе, бо ўсё яшчэ спадзяваўся, што сын адумаецца і ў апошні момант пакладзе абнову ў свой заплечнік. Ён таксама быў па-зімоваму апрануты – старэнькі латаны-пералатаны кажух наапашкі, на галаве гэткая ж самая, як у сына, толькі трусіная і выскубеная да белай шкуркі шапка без аднаго матузка, адарванага невядома калі.
– То, можа… – ён зноў паклаў цяжкую, спрацаваную далонь, на якой не было мезенца, на боты. – Вясной, калі шугане вада, нагам будзе ой як дабрэнна.
Ромка, аднак, быў катэгарычны:
– Не, тато (Ромка чамусьці заўсёды называў бацьку тато), не і яшчэ раз не. Покуль мне ў валёнках добра. А на талае ёсць у зямлянцы гумовікі. І парцянкі сухія трымаю. Хлопцы маё не чапаюць.
За вакном, завешаным тоўстай суконнай коўдрай, чутно было, як шалее вецер, б’е сухой снежнай крупой у шыбкі, нейкім чынам пранікае трохі і ў кухню, бо агеньчык у газніцы на краі стала трапечацца, гатовы ў любую хвілю патухнуць.
– Што ж, – бацька ўжо падняўся з услона. – Вернешся жывы-здаровы, будзе табе на вяселле спраўны дарунак. А зараз я праводжу цябе. Хоць за лог. Толькі спачатку выйду першы, абыду хату, хлеў, выгляну за брамку. Можа ж усюды ціха.
Стараючыся не скрыпець дзвярыма, ён падаўся ў сенцы, адтуль нячутна выйшаў на падворак. Не было яго хвілін пяць-сем. За гэты час, адарваўшыся ад сына, Ганна зноў укленчыла перад іконай, шаптала малітву, каторы ўжо раз за сённяшні вечар прасіла Бога быць літасцівым да яе крывінкі ў гэтай нечуванай у свеце калатнечы.
– Ну, мама, – Ромка падышоў, падаў матцы руку, прыцягнуў да сябе, пагладзіў яе там-сям дачасна пасівелыя валасы, якія разбэрсаліся па плячы, хоць яна і брала іх ззаду ў тугі вузел. – Вайна ж ужо коціцца на Захад, і фрыцу, лічы, капут. Так што і вокам не міргнеце, як буду ўдома.
– Але ж лютуюць як, – яна ў душы хоць і спеліла гэтую надзею, дзень і ноч думала пра тое, але зараз празмерная ўпэўненасць сына трохі яе палохала. – Я гэных баек, што мы… гэта… ну, самыя дужыя ў свеце, што самыя хуткія нашыя танкі і летакі, начулася шчэ да вайны. І па радзіву, і ў спевах пра тое надрывалася. Але бачыш, што выйшла… Поўны пшык. Цяпер, во, ачухаліся. У мястэчку, вунь, заўчора шчэ трох павесілі. Маладых ды такіх жа гарачых. Не ведаю, ці ўжо знялі з вяровак.
– Стане і на іх вяровак. І куль хопіць. Адплоцім.
У сенцах пачуўся асцярожлівы тэпат бацькавых ног, і Ромка сам узяўся за клямку, прачыніў трохі дзверы, праз якія тхнула ў кухню, ажно агеньчык газоўкі на стале захістаўся туд-сюд, тугім і сцюдзёным.
За кароткі час на дварэ бацькаў кажушок, асабліва каўнер, ды і аблавуха пакрыліся снегавой беллю.
– Пойдзем, – сказаў Ігнат, яшчэ раз глянуўшы на ікону і ў думках перажагнаўшы сына.
Ён не саромеўся хрысціцца, але зараз, каб не паказаць Ромку, а найперш жонцы свайго ўтрапення, сваёй нечаканай слязлівасці (ведаў, баба, калі адчуе хоць якую з яго боку маркоту, а яшчэ, крый Бог, убачыць мокрыя вочы, завые, загалосіць так, што і суняць будзе немагчыма), хаваў твар у ценю газніцы. Аднак Ганна ў гэтым кароткім, акурат хто шархануў па жывым лязом брытвы, слове“пойдзем” адчула невыказны адчай. Хтось таемны бытта шапнуў ёй (такое адно мацяркам дадзена ў самыя адказныя хвілі іх жыцця), што з сынам яны развітваюцца назусім. Яна, ледзьве не самлеўшы, зноўку кінулася Ромку на грудзі, і каб той не падтрымаў матку, няйначай спаўзла б на падлогу.
– Сыно-о-очак, родненькі! – голас яе, даўкі, утробны (выць на ўсю хату яна ўжо баялася), абудзіў котку Мурку, і тая, хоць хваравіта апошні тыдзень сябе пачувала, нічога не ела, толькі зрэдзь піла ваду, скокнула з чарана, дзе моцна спала, падышла і церанулася аб Ромкавы ногі. – Гля, і яна цябе шкадуе. Гэта ж знак якісь… Бо-о-ожачка-а!..
Тут ужо Ігнат не вытрымаў, цыкнуў на жонку:
– До! Супакойся. Што ты, гэта, псуеш хлопцу настрой у дарогу? Усё абыдзецца. Перазімуем, дасць Бог, і пералятуем. І ён, і мы.
Ігнат хацеў адагнаць Мурку, якая ўсё яшчэ сядзела ля парога, заглядвала ў вочы то аднаму, то другому, бытта хацела што сказаць. Але Ромка нахінуўся, узяў котку на рукі, пачаў гладзіць, і тая ад чалавечае ўвагі і пяшчоты ажно замурлыкала, шорсткім языком дацягнулася да ягонага падбародка, лізнула раз і другі. Пасля печы Мурка была цёплая, у поўсці яе грэць бы ды грэць рукі, прыціскаць да голага цела, адчуваючы незвычайную асалоду. Але час прыспешваў, і Ромка, яшчэ раз пагладзіўшы па спінцы сваю любімку, якую не бачыў больш за чатыры месяцы, перадаў яе матцы ў рукі. Сам, хаваючы павільгатнелыя вочы, крутануўся і рашуча адчыніў дзверы ў сенцы. Ганна памкнулася ўслед, але Ігнат не вельмі далікатна адпіхнуў яе ад парога, коратка кінуўшы: “Усё, до”, выйшаў за сынам следам. Сухая снежная каламуць, якая сеялася з цёмнага неба, скуголіла па завуголлі і віхурыла, намятаючы ўпоравень з платамі гурбы пухкага снегу, хутка праглынула іх.
Яны ішлі след у след. Першы Ромка, за ім, стараючыся не адстаць, Ігнат. Мінулі агароды, выйшлі на лог. Тут снегу было больш чым па калена, і Ромка, шкадуючы бацьку, спыніўся, няголасна сказаў:
– Усё, тато, я ўжо адзін пабяруся. Тут блізка санная дарога, якой ездзяць у лес па дровы. Можа ж не замяло.
Ігнат, трохі запыханы, падышоў упрытык, стаў, нацягнуў глыбей аблавуху, прыслухаўся. Вёска, што засталася ззаду, не нагадвала пра сябе ні брэхам сабак, ні якім іншым чынам. Нават пеўні, чакаючы сваёй пары, моцна спалі на седалах у цёплых катухах хлявоў. І ўсё ж да наструненага вуха данёсся, працінаючы жахам наваколле, воўчы галас, на яго праз колькі секунд адгукнуўся працяглым выццём іншы звер.
– Гады, падбіраюцца да нашай Янаўкі, каб чым пажывіцца, – сцепануўся Ігнат. І раптам занепакоена: – А калі, крый Бог, цябе там, у лесе, перастрэнуць? Яны ж зараз лютыя і галодныя…
Ромка, каб падбадзёрыць бацьку, бесклапотна адгукнуўся:
– А ў лабаціну не хацелі? – ён таргануў рамень вінтоўкі. – Патронаў у мяне на дзесяць зграй хопіць. Ды і дзве гранаты ў дадатак. Чуючы порах, яны, ваўкарэзіны, тож не хочуць лезці на ражон.
Трохі пабавіліся на месцы. Мяцеліца, якая, здэцца, яшчэ больш уз’юшылася, тут жа засыпала іхнія сляды.
– То йдзі ўжо. Матка будзе нервавацца. Сёння яна нейкая…
– Матка ё матка. Ты ж у нас адзін, – у голасе Ігната, як ён ні стараўся годна, па-мужчынску трымацца, адчулася невыказная трывога і скруха. Памуляўшыся які момант, на развітанне сказаў: – Я зноўку пра боты. Надта ж яны хвацкія й паглядныя. На іх могуць палажыць вока паліцаі, ды і ў вашых, колькі чутно ад людзей, рукі надта ж заграбушчыя. Не менш за бобікаў валтузяць поначы, выграбаюць усё дарэшты, нават нявінных, калі якое пярэчанне, могуць і за хлявом шлёпнуць.
– Ну, тато… – памкнуўся нешта пярэчыць Ромка.
Аднак Ігнат, ведаючы, што спрэчку з сынам зараз пачынаць не варта, усё ж мусіў удакладніць сваю думку да канца:
– Боты я закапаю. Метры за два справа ад склепа, побачкі з грушай. Каб гэта ведаў, калі што-якое… Спаражню тую жалезную скрыню, у якой ячмень хаваем, абмажу звонку каланіцай, добра закупору і… глыбей у зямлю, каб ніякі прэнт ці шомпал не дастаў. Яшчэ што лепшае туды кіну. Вернешся, дасць Бог, то як знойдзеш.
Ромка нясмела заікнуўся:
– Сам бы, тато, насіў калі на святы. У цябе ж самога нічога людскага няма. Ды і ў мамы. Усё лепшае мне да мне…
– Ат, не будзем зараз пра гэта. Мо й вяселля прычакаем. Нявестаў жа хапае. Чаго вартая хоць бы вучыцелька нашая. Паглядная дзеўка, ого. Ды і вумніца якая. Відаць, ты ёй неабыякавы. Неяк спыніла мяне на вуліцы і, пачырванеўшы, папытала, дзе ты і што з табою. А што я мог сказаць? Не прызнаешся ж, што ў лесе ў парцізанах. Крый Бог да паганых вушэй каму дойдзе. Сказаў, што не ведаю. Што ў армію як забралі, то й ні слыху ні дыху.
– Ну вы, тато… – невядома што хацеў сказаць Ромка, але Ігнат адчуў: згадка пра Наталлю запаліла бляскам сынавы вочы. “То й добра, – падумаў з уцехай. – То, можа, і пабяруцца. Толькі б скарэй”. Ён неяк нялоўка, бы саромеючыся, аберуч ашчаперыў сына, цмокнуў яго ля носа, неатуленага шапкай, пасля, ступіўшы паўкрока назад, зняў рукавіцы, моцна паціснуў Ромку руку:
– То беражы сябе, сынку.
– І вы, тато, і мама, таксама не перасільвайцеся і не бярыце нічога кепскага ў галаву, – у Ромкі, сам таго не чакаў, неяк неспадзеўкі задрыжаў голас, а да горла падступіў даўкі камяк. Каб зусім не расцвеліць бацьку, не паказаць і сваю слабінку, ён павярнуўся і хутка пашыбаваў у бок недалёкага ўжо лесу.
2
Ігнат як у ваду глядзеў. Ужо праз тыдзень, а было гэта незадоўга да абеду, у Янаўку нахлынулі немцы і іх памагатыя – паліцыянты. Яны прыехалі на дзвюх крытых брызентам машынах, спыніліся ў двары мураванай пачатковай школкі, што стаяла наводшыбе бліз гравійкі. У школе ў гэты час мясцовая настаўніца Наталля Рыгораўна праводзіла з дзеткамі апошні ўрок па арыфметыцы. Немцы, як толькі машыны заглушылі маторы, імкліва, пад каманду даўгалыгага і худога, акурат гліст, акулярыстага афіцэра выкуліліся са сваіх буданоў, нястройна, трымаючы на плячы аўтаматы, пасталі ў шарэнгу. Немец штось коратка сказаў ім, і яны задаволена загергеталі, пасля навыперадкі памчаліся да ганка школы. Насустрач ім выйшла ў адной кофтачцы збялелая Наталля Рыгораўна. Расставіўшы ўшыркі рукі, яна засланіла сабою дзвярны праём, нешта па-нямецку, як толькі ўмела, загаварыла да нечаканых візітоўцаў. Услужлівы незнаёмы паліцай (мясцовых тут не было) высунуўся наперад, памкнуўся груба адпіхнуць дзяўчыну, нават лэпнуў яе за руку, хацеў, відаць, заламаць, але настаўніца праявіла ўпартасць, не дала нахабніку зрушыць сябе з месца.
– Ты што, сучка паганая, – вызверыўся паліцай, – не бачыш, хто перад табой? Зараз вось шлёпну, мокрае месца ад цябе застанецца.
– Сам ты паганец, – вырвалася ў дзяўчыны. – Вылупі вочы і паглядзі, што гэта школа, там маленькія дзеткі, і мы вучымся. Хочаш перапалохаць іх да смерці?
Паліцай наліўся крывёю, а вочы шалёна бліснулі. Ён хапіўся быў за карабін, пасля адумаўся і занёс кулак, каб апусціць на галаву настаўніцы. Руку яго, аднак, пераняў камандзір. Кінуўшы на бобіка знішчальны погляд, гняўліва сказаў:
– Хамула ты. Табе толькі жывадзёрам рабіць. Хто ж так з гожымі фрау размаўляе? – І ўжо звяртаючыся да настаўніцы: – Дайце яму па фізіяноміі. Я дазваляю. Калі самі не можаце, то я за вас гэта зраблю.
Не паспела Наталля Рыгораўна зразумець увесь сэнс сказанага немчыкам, як той вокамгненна, нават не паварочваючыся, секануў даланёй па твары паліцая. Трапіў акурат у нос, і з яго цурком хлынула кроў. Уся хеўра, што згрувасцілася ля ганка школы, выбухнула дружным рогатам. Афіцэр узмахам рукі спыніў балаган сваіх падначаленых. Узяўшы настаўніцу пад локаць, пафасна загаварыў:
– Вялікай Германіі патрэбны такія гожыя і рашучыя жанчыны. Яны змогуць і працаваць самааддана дзеля нашай перамогі, і задавальняць іншыя патрэбы гаспадароў фатэрлянда. Запішыце яе першай.
“Што ён вярзе?” – жахнулася Наталля Рыгораўна. – Што ўдумаў?” Яна хацела павярнуцца і падацца ў клас да сваіх вучняў, якія, навучаныя небагатым сваім досведам, нічога добрага не чакалі ад чужынцаў. За тры гады вайны дзеці, нягледзячы на малы ўзрост, пабачылі самі і наслухаліся ад дарослых гэтулькі ўсяго страшнага, што зараз, пакуль не было настаўніцы, затаіліся, бы мышы пад венікам, баяліся нават падысці да вокнаў і зірнуць у двор. Наталля Рыгораўна прыгадала і вельмі ўстрывожылася за здароўе Волечкі Белай, самай здольнай, але і самай хваравітай першакласніцы. У дзяўчынкі яшчэ да вайны выявілі нелады з сэрцам. Ёй нельга было хвалявацца, бо ўжо неаднойчы, нават тыдзень таму, яна млела на ўроках, і Наталля Рыгораўна трымала ў сваім рыдыкюлі нашатыр і патрэбныя таблеткі.
Непакоілася яна недарэмна. Афіцэр яшчэ штось патэтычна балабоніў наконт вялікай Гераманіі, як у часе ягонай слоўнай тырады выскачыў на ганак Міколка Залужны з расшыранымі ад страху вачыма і, заікаючыся, залепятаў:
– Там… яна… Пад стол упала. Не дыхае бытта…
Наталля Рыгораўна адразу здагадалася, пра каго гаворка. З усяе сілы вырваўшы сваю руку з учэпістай немчыкавай клюшні, яна бягом кінулася ў клас. Згледзела Волечку пад сталом у нялоўкай позе, збялелую і нерухомую, папрасіла хлопчыкаў асцярожна пакласці яе на кушэтку, што стаяла пры акне. Сама ліхаманкава пабегла да вешалкі пры парозе, хапіла пачэплены на кручок рыдыкюль, памкнулася як мага хутчэй адчыніць. Там была бутэлечка з нашатыром. Але ў клас, шырока махануўшы дзверы, уварваўся афіцэр, за ім ягоная злавесна маўклівая хеўра. Твар акулярыстага немчыка, калі згледзеў, што вучыцелька штось вымае з сумачкі, страхавіта торгнуўся і пабраўся бурымі плямалі. У імгненне вока ён выбіў з рук Наталлі Рыгораўны рыдыкюль, з якога выпалі і пакаціліся па падлозе няхітрыя дзявочыя рэчы: круглае люстэрка, аловак з тоўстым стрыжнем, відаць, для падмалёўкі броваў і веек, маленькія нажнічкі, акуратна складзеная насоўка, флакон з адэкалонам. Сярод усяго гэтага скарбу была і такая зараз патрэбная бутэлечка з нашатыром. Але яна не вытрымала падзення і разбілася, пакінуўшы на падлозе даволі ладную лужынку, ад якой адразу тхнула ў нос рэзкім пахам лякарства.
“Што вы, нелюдзі, нарабілі?!” – хацела ў роспачы крыкнуць Наталля Рыгораўна, аднак не паспела: глістападобны немчык з афіцэрскімі пагонамі, убіўшы сабе ў голаў, што вучыцелька шукае наган, каб стрэліць у яго, інакш чаго б гэтак вырывалася і ашалела бегла ў клас, а там ліхаманкава корпалася ў сумачцы, адным узмахам касцістай, добра, відаць, трэніраванай далані, трапіўшы ў шыйныя пазванкі, без прытомнасці зваліў дзяўчыну на падлогу.
Дзеці, ні жывыя ні мёртвыя, якія спачатку анямела маўчалі і ад страху калаціліся ўсім целам, а некаторыя ў дадатак дробна ляскалі зубамі, раптам, убачыўшы сваю змярцвелую вучыцельку, выбухнулі працяглым галашэннем. У дзяўчынак дайшло ажно да істэрык. Немец тым часам сам абшнарыў рыдыкюль і, пераканаўшыся, што зброяй тут і не пахла, хіба што нашатыром, які едка раздзіраў ноздры і выклікаў з вачэй слёзы, памкнуўся ўтаймаваць кіндэраў. Калі ж гэта яму не ўдалося (не хапала туземных слоў, а па-нямецку дзеці ані не петрылі), загадаў аднаму з паліцаяў перакласці тое, што ён скажа. А сказаў ён не шмат. Галоўнае, як зразумела малеча, ім трэба ані кроку са школы, ажно да тае пары, покуль яны, немцы, самі не заедуць сюды і не распарадзяцца, як быць далей. А калі іхняя вучыцелька акрыяе, а яшчэ вунь тая, што валяецца чагось на кушэтцы, тое ж самае перадаць і ім. За парадкам будзе сачыць вось гэты ваяка, – афіцэр пагардліва торкнуў пальцам у грудзі бобіка, якому расквасіў нос і які ўсё яшчэ трымаў акрываўленую анучку ля сваёй нюхаўкі.
Чужынцы, хутка скочыўшы ў свае крытыя буданы, падаліся ў вёску. Адна машына затармазіла ля першых хат, другая, адольваючы гурбы снегу, якога за ноч намяло Бог ведае колькі, што людзі не ўправіліся пакуль хоць трохі расчысціць дарогу, спынілася бліз студні ў канцы селішча. Па камандзе афіцэра – ён акурат быў у кабіне той апошняй машыны – паліцаі, а за імі і немцы хутка падаліся ў двары, скуль неўзабаве ўшчаўся шалёны брэх сабак, самых злосных з якіх тут жа ўціхамірвалі стрэламі. У сабачы енк упляліся прарэзлівы віск свіней, гвалт пярнатак, надрыўны плач гаспадыняў.
Рабаўнікі, аднак, не звярталі аніякае ўвагі на гэтыя крыкі і енкі. У хлявах шчыравалі бобікі: курам адкручвалі галовы, а свіней і парасят, у каго яны яшчэ вадзіліся, спрактыкавана валілі долу і калолі штыкамі. Немцы былі занятыя чысцейшай работай: шукалі ў кублах шпэк, ліхтарыкамі высвечвалі цёмныя куты кладовак і знімалі з крукоў кумпякі, а з шастоў над печчу ў хаце – колцы кілбас, вязанкі часнаку, цыбулі. Са шкапчыкаў выграбалі да апошняга яйка, адкупорвалі папяровыя коркі бутэлек і нюхалі. Калі пахла шнапсам, радаваліся не менш чым за яйкі і кілбасы. У шафы і камоды немцы не заглядвалі – ведалі, што гэта дарэмная трата часу. Тыя транты, у якіх на святы фарсілі маладзёны абарыгенаў, іх ані не цікавілі. А каштоўнасці – золата там ці срэбра, пярсцёнкі, іншыя дарагія ўпрыгожанні – яны, дрымучыя вяскоўцы, наўрад ці маюць. А ў каго што і вялося, то ўжо ці памянялі на цукар, соль, апратку, ці схавалі так, што ты іх хоць рэж на кавалкі, хоць разапні на крыжы, не выдадуць месца хованкі.
Не заставаўся без справы і афіцэр. У яго быў яшчэ больш чысты занятак: разам з рабаціністым паліцаем Сталабыцем, які некалі ў палоне ў германцаў (быў ён там ажно тры гады) трохі навучыўся нямецкай мове, якая зараз, з пачаткам вайны спатрэбілася яму, каб слугаваць акупантам. Яны першыя заходзілі на падворак ці ў хату гаспадароў. Афіцэр пытаўся пра іхніх дзяцей – хто і якога года нараджэння. Сталабыць акуратна занатоўваў звесткі ў тоўсты блакнот і заадно папярэджваў бацькоў, каб нікога не ўтойвалі, давалі дакладна звесткі, бо ён усё ведае, у яго ёсць на тое сельсавецкія запісы.
– А Божухна, на што вам гэта? – ушчэнт ашаломленыя, як не спаралізаваныя гвалтоўным рабункам у хаце і на падвор’і, нясмела спрабавалі заікнуцца гаспадар ці гаспадыня. – Нашы дзеці нікому ўрада не робяць. Яны ціхмяныя і рабацяшчыя.
Сталабыць як мог перакладаў афіцэру сказанае, на што той крывіў рот і казаў:
– Ведаем, якія яны ціхмяныя. Удзень, дома, авечкі, а поначы бягуць у лес і разам з бандытамі ўзрываюць пуці і эшалоны, нападаюць на гарнізоны… – Немчык, узгадваючы ўсё гэта, так распаляўся, пылаў такім гневам, што, здавалася, з яго расчырванелага твару брызне блакітная арыйская кроў. І ўсё ж, трохі суняўшыся, глянуўшы на запіс, абменьваўся некалькімі словамі з перакладчыкам, торкаў пальцам у тое ці іншае пазначанае на паперы імя і голасам, які выключаў магчымасць хоць малога пярэчання, загадваў рыхтаваць уладальніка ці ўладальніцу гэтага імя ў няблізкую дарогу. Маўляў, ім выпаў шанец вырвацца з нечуванай дзікасці і свінскага існавання і паехаць у фатэрлянд, то бок у вялікую цывілізаваную Германію, і самаахвярна папрацаваць, тым самым знайсці сваё шчасце і сцвердзіць сябе як асобу. “Во артыст, – у думках дзівіўся сам сабе Сталабыць. – Павязуць як рабоў на згубу, а ён малюе ім райскую жытку”. Аднак ён, хоць і з пятае на дзесятае, стараўся перакладаць, мыляючы губамі, падбіраў адпаведныя словы, каб сэнс сказанага больш-менш дакладна дайшоў да вушэй ні жывых ні мёртвых гаспадароў.
Афіцэр тым часам, выгаварыўшыся, выносіў канчатковы прысуд:
– Праз дзве гадзіны каб ваша паненка (калі гаворка ішла пра дзяўчыну) была гатова да ад’езду, – ён вымаў з кішэні цёплага, на мяху, футра бліскучы круглы гадзіннік, шчоўкаў вечкам і засякаў час. – І хай не ўздумаюць адпірацца ці хітрыць, спасылацца на якую там хворасць. Усіх абгледзяць дактары. Непатрэбных адпусцім дадому. Калі хто схаваецца ці ўздумае ўцячы, знойдзем і зробім пах-пах, – немчык, усміхаючыся, нават адшпільваў кабур і паказваў свой варанёна-чорны парабелум.
Такога пярэпалаху, такога галашэння вёска яшчэ не бачыла і не чула з дня пажару, які надарыўся гадоў дзесяць таму, калі згарэла датла як не палова хат. Пагарэльцы высільваліся, нярэдка галадалі, зімавалі хто дзе, а большасць у зямлянках, але будаваліся, аднаўлялі страчанае ў агні. Многім толькі за год да пачатку фашыстоўскай навалы ўдалося справіць улазіны ў новых дамоўках, у такія ж новыя хлявы прыдбаць што-кольвечы з жыўнасці, каб было чым карміць дзяцей і сябе… І вось зараз гэтыя прыхадні, пачвары ненажэрныя не толькі вымятаюць усё да крошкі, але хочуць адабраць ад іх і звезці невядома куды самае дарагое і святое, дзеля каго яны жылі, на каго ўскладвалі надзеі на сваю старасць і нямогласць – іхніх дачушак і сыноў.
Да Ігната і Ганны налётчыкі ўваліліся на падворак, толькі калі сам гаспадар адшчапіў ім хітра змайстраваную почапку на высокай і шчыльнай брамцы з тоўстых дубовых плашак. З такіх жа плашак былі зроблены і вароты, якія зімой, калі намятала снегу, ні разу не адчынялі: на кані пакуль што нікуды не выязджалі, а карова яшчэ з Пакроваў, калі скавала раннім марозам пашу, стала на сухі – сена ды сечка – корм.
Паліцаі адразу ж кінуліся да хлява, а немцы, весела гергечучы, у сенцы і ў хату. Ігнат загадаў жонцы сядзець ціха, ні ў чым не пярэчыць рабаўнікам. Забраць многа ў іх яны не забяруць: з курэй у хлеўчыку засталося толькі пяць хахлатак і адзін певень, а ладнаватага кабанчыка закалолі яшчэ пад Каляды: частку свежыны ўжо з’елі, цэлы добра ўсолены кумпяк уладкавалі ў заплечнік Ромку. Сала і яшчэ кумпяк з лапаткай Бог нібы падказаў адразу пасля сынавага наведвання закапаць у скрыні ў снег ля грушы. У апошні момант ён кінуў, абгарнуўшы чыстай анучай, туды ж і боты. Гэта, меркаваў, часова, да вясны. Як пачне таяць снег, ён ноччу ўздзяўбе зямлю і больш надзейна перахавае дабро.
Паліцаі злавілі толькі дзве курыцы, а тры, і пеўнік з імі, выскачылі з-пад рук і зашыліся кудысь так, што колькі бобікі ні лазілі, ні шукалі, намаганні іх былі дарэмныя. Ганне і тых дзвюх курак было да слёз шкада. Яна, калі ўбачыла праз кухоннае вакно, як іх, нежывых ужо, за лапкі валакуць ад хлява, не стрымалася, выскачыла на ганак, закрычала-загаласіла:
– Ірады праклятыя, жывадзёры ненажэрныя, каб вы апруцянелі, кроўю каб дрысталі, з’еўшы што не вашае…
Яна яшчэ кляла б іх на чым свет стаіць і на ўсю вёску, але адзін з паліцыянтаў, кінуўшы курыцу долу, выхапіў з вінтоўкі шомпал, падскочыў да ганка і з усяго маху агрэў Ганне ніжэй паясніцы. Ад удару яна звалілася з ганка, кульнулася тварам у снег, захліпнулася енкам ад болю і роспачы. Паліцай хацеў яшчэ аперазаць яе шомпалам, але ў гэты час праз брамку зайшлі афіцэр са сваім прыхваснем-перакладчыкам, і бобік, згадаўшы сённяшні выпадак з вучыцелькай, хуценька, неўпрыкмет сунуў шомпал назад у гняздо. Ігнат вокамгненна выскачыў на падворак з намерам упіцца кіпцюрамі ў глотку нямецкаму халую. Аднак намаганнем волі стрымаў сябе і не стаў дражніць звера. Падняў жонку і зласліва шапнуўшы: “Я ж казаў табе”, павёў у хату, дзе шнарылі-шуравалі двое немцаў. Туды следам зайшоў і афіцэр, усім відам паказаўшы, бытта нічога не бачыў і не чуў, што чыняць яго падначаленыя. Па-гаспадарску ўсеўся ля стала, пачаў прынюхвацца, чым гэта смачным пахне. Пасля, зразумеўшы, імкліва падаўся да печы, адчыніў засланку, і адтуль, з гарачага яшчэ ад рання чэрава тхнула нейкім смакоццем, ад якога дух займала.
– О-о-о! – падняў угору палец. – Гут-гут!
Ён, усё яшчэ ўцягваючы ў ноздры паветра, штось сказаў перакладчыку. Той выклаў жаданне афіцэра падсілкавацца хатняй стравай, чаго даўно не пробаваў. Ганна, якая знямела сядзела на падлозе пры печы і раз-пораз мацала пальцамі паясніцу і мяккае месца, пачуўшы, што хочуць гэтыя прыхадні, памкнулася зноў злосна выгаварыцца ў іхні адрас. Але Ігнат зласнавата зіркнуў на яе вачыма, змусіўшы на паўслове змоўкнуць і больш не вытыркацца. Перакладчыка ж папрасіў перадаць немцу:
– Нашыя людзі заўсёды былі і будуць спагадныя і ў шчырай просьбе ніколі не адмовяць, а калі гвалтам… Карацей, калі пан афіцэр не грэбуе сялянскай ежай, то можна і пачаставаць. Чаму ж не? У гаршку акурат добра ўпараная бульба з бручкай. Там жа і мясная костка і грыбоў троху.
– Я-я, – каўтануў сліну афіцэр, калі яму пераклалі сказанае гаспадаром.
Ігнат узяў у чалесніку вілкі, лоўка падчапіў з поду чыгунок, выцягнуў на прыпечак. Без накрыўкі бульбяныя крышаны зверху ўзяліся апетытнай ружовай скарыначкай, якую вельмі любілі і ён сам, і асабліва Ромка. “Божухна, як ён, сынку, там? Ці ж хоць дабраўся без прыгод да сваіх?”
Драўлянай лыжкай Ігнат памяшаў у чыгунку, выявіўшы нямала адмысловай жончынай прыправы, якая і давала гэткі апетытны пах.
Немец штось хуценька гергетнуў, і перакладчык тут жа ці то ад яго, ці ўжо ад свайго імя выказаў нездавальненне:
– Не цягні ката за хвост. Нам некалі доўга бавіцца. Скора прыедзе машына забраць вашых, якіх, стала быць, намецілі ў Германію. А дзе твой, як яго, здэцца, Раман? Штось не бачу.
Ад нечаканасці Ігнат ледзьве не спаткнуўся, не змахнуў долу чыгунок. Ён толькі зараз здагадаўся, што Сталабыць з суседняе вёскі Жорнаўка, які за два з нечым гады слугавання новай уладзе гэтак адкарміў ражку сваю і карак, выгадаваў ладнаватае пуза, што й маці родная ці пазнала б у ім свайго сына.
– Што табе муляе мой сын? – узяў сябе ў рукі Ігнат, накладваючы чыну ў адмысловую місу ежу. – Ён у войску, не тое што некаторыя…
Сталабыць зразумеў намёк, па-сабачы, быццам яму нечакана прышчамілі хвост, віскнуў:
– Ты гэта во што. Заткні лепш сваю ляпу. Не пагляджу, што па кабеце маёй ты якімсьці родзічам даводзішся. Варта мне толькі адно слова… Думаеш, не ведаю, што твой Ромка ў лясной бандзе, а нядаўна і да цябе заскокваў, і ў вучыцелькі як не да раніцы бавіўся.
Сталабыцевы словы сталі бы гром сярод яснага неба. Нават Ганна, якая была безуважная да ўсяго, што тут рабілася і гаварылася, раптам напялася ўсім целам, твар напачатку пачырванеў да кончыкаў валасоў, пасля стаў белым-белым, акурат у нябожчыцы.
Афіцэр тым часам згаладала глядзеў на яду. Аднекуль з кішэні выцягнуў агорнутую ў насоўку сваю бліскучую лыжку, чэрпнуў з місы, пакаштаваў:
– О-о! – зноў, склаўшы кулак, падняў угору вялікі палец. – Карашо-о.
Бульба дымілася густой парай, з сярэдзіны была дык надта гарачая, але, нягледзячы ні на што, немец хапаў яе напоўніцу, каўтаў так хутка і спрытна, ажно худы яго кадык хадзіў туд-сюд.
Ігнату, аднак, было не да едака. Галаву свідравалі думкі пра Ромку, пра тую смяртэльную небяспеку, што навісла над усімі імі. “Хто ж усё-ткі віжаваў за намі тыдзень таму, калі наведваўся сын? І няўжо Ромка, як правёў яго ледзьве не да лесу, вярнуўся назад, каб пабачыцца з Наталляй Рыгораўнай? Калі ж пачаліся ў іх любошчы? А ці не там, у вучыцелькі, калі ўсё гэта так, нехта мо з супернікаў, і засёк сына ды з рэўнасці данёс куды не трэба”.
Ігнат, паглыблены ў сваё, схамянуўся, як немец ужо забразгацеў лыжкай па апусцелым посудзе.
– Папытай, – звярнуўся да Сталабыця, – мо яшчэ дабаўку даць? Ды і сам перакусі. Чаго ж ужо. Нямецкі харч, гледзячы па табе, нядрэнны, але й наш, як бачыш, не горшы.
Сталабыць прапусціў міма вушэй гэты ўкол, нешта коратка сказаў афіцэру. Той секунду падумаў, выхапіў з кішэні гадзіннік, глянуў на стрэлкі і, бы ўджалены, ускочыў з месца.
– Шнэль, шнэль, – ён таропка абярнуў насоўкай лыжку, схаваў у кішэню і, не падзякаваўшы, падаўся да парога.
Налётчыкі спяшаліся да змяркання зрабіць сваю чорную справу і хутчэй змыцца адсюль, бо баяліся цемнаты і нападу партызан.
3
Зіма тая прынесла янаўцам шмат гора. Мала таго, што налётчыкі апустошылі як не ўсе хлявы (дзякуй Богу, што яшчэ не паднялася рука на кароў і коней, у каго тыя былі), пачысцілі кублы ў сенцах і свіронках (ат, гэта не смяртэльна, і на посным можна пратрымацца, былі б гурок ды бульба). Ды самая вялікая бяда, ад якой дачасна пасівелі валасы мацярок, а мужчыны-бацькі ад глыбокіх перажыванняў сталі зацята-панурыя, смалілі адна за адной самакруткі, – гэта хапун, раптоўны, гвалтоўны хапун іх яшчэ не зусім расквітнелых і ўзмужнелых дзетак – дачок і сыноў. Ад сэрца адарвалі і павезлі ў невядомасць, на здзек і згубу ў саменькае варожае пекла іхніх гадаванцаў, іхнюю радасць і спадзеў на старасць, а зараз нядрэнных ужо памочніц і памочнікаў у нялёгкім сялянскім гаспадаранні. І ўсё гэта рабілася з такім спехам, што не было калі ні апамятацца, ні сабраць па-людску патрэбныя рэчы, ні папрасіць у Бога ці так у каго, хто быў трохі ў хаўрусе з гэтай уладай, якога заступніцтва. Сталабыця, які вёў улік пазначаных для адпраўкі і якога многія янаўцы добра ведалі, прасіць было марнай тратай часу. Заўзяты нямецкі служка на словах нібы спачуваў гаротным бацькам, абяцаўся там, на зборным пункце ў горадзе, закінуць за таго ці іншага нявольніка ці нявольніцу колькі слоў. Але мала хто верыў гэтаму пустабрэху, тым больш ведалі, што ён нідзе і ніколі нікому не зрабіў нічога добрага.
На Ігната і Ганну многія з вяскоўцаў пачалі касіцца. Неяк жа стала вядома, што ў іхняй хаце афіцэра смачна пачаставалі (няўжо Сталабыць ляпнуў каму пра гэта?), што ён, афіцэр, які распараджаўся ўсім, даў каманду вярнуць ім курэй, што нічагуткі не ўзялі ні з кубла, ні так якіх рэчаў. Колькі Ігнат ні даказваў, што немец сам ледзьве не выцягнуў чыгунок паранай бульбы з поду, што куры, якія засталіся, былі ўцяклі ад гвалтаўнікоў, а некалькі колцаў кілбасы, падсушаных і пакінутых на Вялікдзень, і апошні брус сала ў іх таксама канфіскавалі, янаўцы гэтых довадаў не прымалі на веру. Ганна дык нават перасварылася з некаторымі бабамі, у парыве гневу, як апошні аргумент сваёй праваты, падымала, калі не было побліз каго з мужчынаў, шарачковую спадніцу, сцягвала ніжэй каленаў рэйтузы і паказвала набрынялыя чырвоныя пісягі на мяккім месцы, з-за якіх яна яшчэ і зараз, хоць мінула дзесяць дзён пасля тога разбою, не можа сесці ні на што цвёрдае.
Дазнаўшыся пра дэманстрацыю жончыных “аргументаў”, Ігнат нават ускіпеў:
– Хопіць срамоцце сваё паказваць. Хутка з нас і куры смяяцца будуць. А бабы паменцяць языкамі і сунімуцца. Усім у раты не тыцнеш кляп. Тут, во, іншы клопат гняце…
Яны як ніколі раней баяліся зараз за сына. Бачыш жа, нейкая гадзюка падкалодная, вядома, са сваіх, вясковых, сочыць за іхняй дамоўкай. Тое апошняе Ромкава наведванне не засталося па-за ўвагай таямнічай віжакі. Хоць і было цёмна, вока ажно выкалі, хоць мяло і віхурыла, але ж, бач, згледзеў, вынюхаў, прасачыў нават, як Ромка даў кругаля (во падпольшчык, бацьку роднага абвёў вакол пальца!) і завітаў у школу, пры якой жыла Наталля Рыгораўна. А ніколі і слова не выціснуў, што ён паклаў вока на вучыцельку і што ў іх, невядома толькі з якога часу, свае шуры-муры. Толькі зараз да Ігната дайшло, чаму гэтак ветліва і нават пачціва віталася з ім, калі бачыліся выпадкова ў краме ці так дзе на вуліцы, Наталля Рыгораўна. У яе ажно шчокі ўспыхвалі яркім румянкам, і, бачачы гэтую зграбную і гожую дзяўчыну, якая кінула-рынула дзесь пад Бягомлем сваю скнару цётку (бацькоў Наталля не ведала, бо гадавалася ў дзіцячым доме) і з набытай спецыяльнасцю настаўніцы пачатковых класаў не збаялася прыехаць сюды вучыць малалетак, Ігнат у думках-марах прымяраў яе да свайго сына. Добрая была б пара, ого! Калі гэтымі марамі-летуценнямі ён дзяліўся з жонкай, Ганна, звычайна пераборлівая ў адносінах да мясцовых дзяўчат, да вучыцелькі ставілася досыць пашаноўна.
– Ні круцяшчая, здэцца, і сюр’ёзная. Толькі як яна да сялянскай, ета, работы, ці хвацкая?
– Ты ўжо хочаш, каб яна пры чалесніках, у сажы, поркалася з чыгунамі, засланкай бразгала. У яе сваё.
– Сваё то сваё, але і ета не лішне было б.
– Ат, – махаў рукой Ігнат. – Абмяркоўваем, бытта яна ўжо нашая нявестка. Ці шчэ згадзілася б пайсці за Ромку? На яе хлопцы зыркаюць, ажно аблізваюцца.
– Сын наш таксама глядны і ўсякім смаркачам нос падатрэ.
Што тычылася Ромкі, Ганна лічыла яго найлепшым кавалерам не толькі ў іхняе Янаўцы, але і ў бліжэйшых, якія яна ведала і дзе там-сям бывала, селішчах.
Зараз яны скрушліва ўздыхалі і шкадавалі настаўніцу, што і яе загрэблі разам з вясковымі хлопцамі і дзяўчатамі, не палічыліся, што дзетак не будзе каму вучыць хоць якой грамаце. А новы хто, калі фрыцы нават дазволяць быць вясковай школцы, ці паедзе ў гэтую глушэчу, тым больш на ражон і карнікаў, што час ад часу налятаюць сюды груганнём, прасейваюць мясцовых, быццам праз сіта, і партызанаў, ці якія лічацца толькі партызанамі, бо многія не так ваююць з немцамі, як лютуюць і рабуюць сваіх. Карацей кажучы, школка, якая яшчэ нядаўна поўнілася дзіцячым гоманам, стала зараз начлежкай рознага бадзяжнага люду.
Непакоіла Ігната з Ганнай, хаця б не схапілі знянацку сына, калі тому выпадзе магчымасць наведаць дамоўку. Можа, слежка за іхняй хатай вядзецца і зараз? Але ж нейкая гадзюка так лоўка маскіруецца, што не пакідае пасля сябе аніякага следу. Ігнат вельмі шкадаваў, што ў свой час, спасылаючыся, што няма чым карміць, яшчэ і адсутнасць будкі, а зрабіць новую не даходзілі рукі, адмовіўся ўзяць ад знаёмага з Пагарэльцаў добрай пароды шчанюка. Той, хто б ноччу ні таіўся дзе побліз, брэхам падаў бы знак, і нягодніку, каб яго не выкрылі, нічога не заставалася б, як пакінуць месца назірку. Толькі ж хто, хто з вяскоўцаў мог прадаць душу д’яблу, згадзіўся на такую погань? Бач, высачыў Ромку нават у школе. Толькі ж штось перашкодзіла схапіць сынка там, у пакойчыку вучыцелькі. Мо не было памагатага? Або збаяўся выяўляць сябе? А калі гэта сапернік, які паклаў вока на вучыцельку, а ўбачыўшы, што ён для яе пустое месца, вырашыў так подла расквітацца і далажыў нават у нямецкую камендатуру? Сталабыць, магчыма, сам падрадзіўся разабрацца ва ўсім і тое-сёе ад немцаў утаіў. Але ці надоўга хопіць яму сваяцкай прыязнасці?..
Трывога гняла і Ігната, і Ганну, але і ў страшным сне яны не маглі ўбачыць, скуль, з якога боку сыдзе ўжо не на сына, а на іх саміх смяртэльная пагроза.
Неяк, бліжэй к вясне, апоўначы, у незамерзлую шыбку акна, што выходзіла на падворак, хтось нямоцна пастукаў. Першая ўсхапілася з пасцелі Ганна і горача, ажно сэрца закалацілася ад неспадзеўкі, зашаптала ў вуха Ігнату:
– Сынок! Няўжо адважыўся? Ідзі ж адчыняй, а я хуценька апрануся.
Ігнат са сну адразу нічога не кеміў, і жонка моцна штурханула яго ў бок. Калі стук паўтарыўся, гаспадар ужо і сам быў на нагах, у непрагляднай цемені лэпаў па камодзе, шукаючы што, каб на хуткую руку кінуць на плечы. Намацаў паддзёўку з аўчыны і ўжо хацеў басанож бегчы ў аледзянелыя сенцы, як штось спыніла яго, змусіла прыкласці нос да шыбкі. На снежнай белі двара вока змеціла дзве постаці. Адзін з начных візіцёраў, відаць, той, які будзіў іх, стаяў бліз акна, другі неяк бы нясмела туліўся да шула брамы. Што гэта не сын з некім са сваіх, можна было вызначыць адразу. Але і на паліцаяў не было падобна. Тыя так не асцярожнічалі б. Ламіліся б і мацюкаліся на чым свет стаіць. Выходзіла, што гэта людзі з лесу. Вядома ж, іх трэба хутчэй прасіць у хату. Мо ад сына прынеслі якія звесткі, дзе ён і што з ім.
Ганна ўжо таксама была на нагах, пайшла на кухню запаліць газоўку. Толькі спачатку, перш чым чыркнуць запалкай, звычна памацала, ці не адхінулася дзе коўдра, якая наглуха завешвала акно ў бок хлява. Пачуўшы, што муж усё яшчэ чагось марудзіць, не ідзе адчыняць, хацела ўжо заглянуць у залу, сказаць яму колькі моцных слоў. Але ён сам выйшаў у кухню, нячутна прычыніў дзверы.
– Гэта не сынок наш, – сказаў шэптам. – Там нейкія двое. Чуе маё сэрца, з нядобрым яны прыперліся. Мо памыляюся, але ж…
– Ты, ета, дурное не чаўпі, не змушай людзей чакаць. Можа, яму самому не выпала як адлучыцца, то хоць скажуць што пра яго.
Сэрца тахкала ў грудзёх, зрабіліся бы дзеравяныя ногі. Тым часам, раз і другі, настойліва стукнулі ўжо ў дзверы. І хочаш не хочаш, Ігнату давялося ісці ў сенцы. У поцемках звычна намацаў рукой і адкінуў з крукоў тоўсты дубовы завал. Намацаў клямку і, адчыніўшы трохі дзверы ў блекла асветленую кухню, пачакаў, пакуль услед за ім не зойдуць тыя двое. Але парог пераступіў толькі адзін з начных гасцей. Не павітаўшыся і не здымаючы з пляча вінтоўку, ён застыў каля вушака, падазрона зыркнуў на печ, пасля ўжо сіпата, ці не з прастуды, скрозь зубы працадзіў:
– Каго там, у святліцы, хаваеш?
– Святліцы ў паноў, а ў нас звычайнае сялянскае жытло, – сказаў Ігнат. – Ты, міл чалавек, расслабіўся б, нішто табе тут не пагражае, мы толькі во, – махнуў рукой у бок жонкі, якая наструнена сядзела на ўслоне, – удваіх з бабай жывём.
– Жывём і хлеб жуём, – незнаёмец усё яшчэ таптаўся ля парога, нейкая хцівая ўхмылка блукала па ягоным твары.
– Хлеба з Калядаў нямашака. Што паспелі самі спажыць, а больш забралі немцы, ды і вашыя не драмалі, – нібы апраўдваўся гаспадар. – Але пакарміць людзей баба ці я нешта збярэм. Бульба вараная ёсцека, гурок салёны, капустка квашаная нядрэнная.
– Гэта чаго не пажадаў жэрці немчык, той, з пагонамі, якому ты так дагаджаў? – у голасе сіпатага з’явіліся металёвыя ноткі. – Фашысту дык і кілбаса, і рабрынкі знайшліся, а партызану што – нішчымная капуста?
Тут ужо не стрывала, выйшла з утрапення Ганна:
– А скулы тады не хочаш? – як не на ўсю хату заскуголіла яна. – Мяне, ета самае, шомпалам спаласавалі, падчысцілі ўсё ў кладоўцы, а ты нейкага брахуна наслухаўся, таксама цяўкаеш, бы той цюцька. Вось прыйдзе Ромка…
Жанчына невядома яшчэ колькі гаварыла б, ды сіпаты нечакана сшоргнуў з пляча вінтоўка, клацнуў затворам:
– Куля зараз тваю хлебагрызку заткне. Навечна.
Спалатнеўшы, Ганна штось хаўкнула і ледзьве не звалілася долу. Ігнат кінуўся да жонкі, падтрымаў яе, хацеў адвесці ў залу і пакласці ў ложак, але начны госць жэстам вольнай рукі спыніў яго, здзекліва працадзіў скрозь зубы:
– Хай калываецца. Усё адно здохне.
Тут ужо і Ігнат не ўцярпеў:
– Ты што, міл чалавек, паздзекавацца прыйшоў? Наш сын тож у лесе, парцізаніць, дак разі ж ён так са сваімі? Вось кліч напарніка, які ў двары застаўся, пагрэйцеся, а я тым мігам на стол вам што зварганю. Не абіжайся, міл чалавек, але яно і праўда скаромнага нічога німа. Магу хіба што курыцу засекчы.
– Ага, дык немцы ўсё ж аддзякавалі табе за халуйства, пакінулі чубатак? – ашчэрыў зубы сіпаты. – Можа, лізнуў яго ў задніцу і хромавікі за тую паслугу аддаў? Кажы, не хітруй.
Зноў Ігнат не ўстрымаўся і ўскіпеў:
– Чалавек ты ці вырадак? Нейкія злыдні наплявузгалі вам несусветнае, а вы, як попкі, паўтараеце і нас на мушку бераце. Німа, німа ў нас ні скаромнага, ні хрому. Боты сын забраў у лес. Гэта яму былі шытыя. А што да трох курак, дык яны ўцяклі з-пад заграбушчых лап бобікаў.
– Зноў ты, падла, брэшаш, – вызверыўся начны прышэлец. – У Ромкі, твайго адроддзя, хромавікаў няма. Сам пахваляўся, што ты іх прыхаваў, покуль ён саўсім не вернецца з вайны. Але яны ўжо не спатрэбяцца яму… будзь спок.
Ігнат адчуў, як халадзее ў грудзях, як здрадліва падкошваюцца ногі. Намаганнем волі дайшоў да ўслона, сеў непадалёк ад Ганны, якая, бы ў ліхаманцы, трэслася і наўзрыд галасіла.
– Дак ты ведаеш нашага сына? – спытаў здзіўлена, з дрыготкай у голасе. – Што ж зразу не сказаў, што спяктакаль з намі разыграцьме? Толькі нам з бабай не да спяктакаляў. Раскажы лепей, міл чалавек, як Ромка, як вы ўсе. Гэта ж трэба…
– Не выдурняйся, сам не ламі камедзію. Твой чокнуты вырадак надта ўзганарыўся, што камандаваць мною даручылі, і са скуры вылузваўся, выдумляючы новыя і новыя заданні. Калі што не па ім, то ўсё капаў у штаб. Мяне пад расстрэл чуць не падвёў, гад печаны. Але палучыў сваё. Куля поначы не разбірае, каму патыліцу раструшчыць…
Як выкінуты тугой спружынай, Ігнат вокамгненна скочыў да парога, цяжарам свайго цела збіў з ног чужака, што ў тога ад неспадзяванкі далёка адляцела і бразнулася вобзем вінтоўка. Задышліва хаўкаючы, пацягнуўся рукамі да горла сіпатага, маючы намер без аніякага хістання задушыць гэтую погань. Ганна, ікаючы ад страху, шырока расплюшчанымі вачыма глядзела на паядынак мужа з лясным прыхаднем, які прынёс у хату жахлівую вестку пра сына і цяпер ці не хоча завалодаць ягоным дабром.
– Ігнатка-а-а, – раптам вырвалася ў яе з грудзей роспачнае, – адпусці ты яго. Хай Бог яго пакарае, калі і праўда ён кепскае што ўчыніў сыну. Але ж не такі падатлівы наш Ромка, сыночак наш любы.
Ігнат, узгарачаны схваткай, бы і не чуў жончынага галашэння. Ён ужо добра ўссеў на сіпатага, і хоць сэрца разрывалася ад натугі, а ў грудзях не хапала паветра, пальцамі ўсё ж стараўся дацягнуцца да яго няголенай шыі, ціскануць на кадык. Сіпаты хаўкаў адно і як мага шпарчэй малаціў рукамі і нагамі, жадаючы перавярнуцца. Пакуль што гэта яму не ўдавалася. Ён аніяк не разлічваў, што гаспадар праявіць такі спрыт і сілу і мядзведзем наваліцца на яго. Цяпер бы ў помач Веньку, якога пакінуў ля брамы пільнаваць, каб папярэдзіць, калі што будзе пагражаць ім. Праўда, на напарніка ён не надта разлічваў, бо той, хапіўшы лішку прыпасенай у дарогу нейкай дужа пякучай гары, ледзьве стаяў на нагах і не мог варочаць языком. Цяпер вось аднаму выкручвайся. “Мне толькі б вінтоўку…”
Ігнат, хоць жонка істэрычна малёгала не браць на душу грэх, выпусціць злыдня, недзе краем свядомасці разумеў, што, акрамя як задушыць гада, іншага выйсця ў яго няма. Той, калі ўжо прызнаўся ў злачынстве над сынам і прыйшоў рабаваць бацькоў, наўрад ці пакіне іх у жывых. Жонка, відаць, не падумала пра гэта. Праўда, на імгненне ў яго зноў мільганула ў галаве думка, што мо іх разыгрывае гэты нягоднік, невядома чаго хоча дамагчыся. Але сказаць у вочы бацькам такое?..
Трохі паслабіўшы свой імпэт у схватцы, Ігнат не змеціў, калі сіпаты дацягнуўся левай вольнай рукой да прыклада. У тое ж імгненне адчуў, як штось секанула па галаве, ажно з вачэй пасыпаліся іскры, затуманілі свядомасць. Ганна нема ўскрыкнула, памкнулася выхапіць з рукі бандзюгі вінтоўку, але той хуценька ўсхапіўся на ногі і ўдарам тулава зваліў жанчыну пад стол. Ігнат, лежачы на падлозе, трохі ачомаўся і недаўменна лыпаў вачыма. А як дайшло, што сталася, квола застагнаў і папрасіў:
– Дабівай, гад, хутчэй. І яе, і мяне. Калі і праўда пазбавіў жыцця Ромку, то й наша жытка страціла сэнс.
Сіпаты пнуў яго валёнкам пад дых, здзекліва працадзіў скрозь зубы:
– Здыхаць шчэ рана. Пакажаш, дзе боты схаваў, то разыдземся, як у моры караблі. Ты мяне не знаеш, я цябе. Панятна? А не, дак рэзаць буду на кавалкі. Спачатку яе, – кінуў у бок амаль нерухомай жонкі, – апасля цібе. Панятна алі не?
– Што ты вырадак, якіх свет белы не бачыў, гэта мне добра панятна, – азваўся, ужо гатовы на ўсё, нават самае горшае, Ігнат. – Якая толькі матка цябе нарадзіла, пусціла ў людзі. А пра хромавікі забудзь. Няма ў мяне іх. Паліцаі вынюхалі і забралі.
– Зноў брэшаш. Я точна ведаю, што яны ў цібе схаваны, і неча на каго-та спісваць. Аддасі палюбоўна, жыць будзіця, а не – піняй на сібе. І паспяшайся, бо нам ішчэ далёка цёгціся назад.
Ганна застагнала, як магла павярнула спакутаваны твар да мужа. Які ні быў цмяны водсвет газоўкі, ён усё ж змеціў, як яна мыляе губамі, штось ціха, каб не дайшло да вушэй іхняга ката, хоча сказаць. За доўгія гады сумеснага жыцця Ігнат навучыўся па жончыным твары чытаць кожны яе капрыз, кожнае яе жаданне, мальбу, а зараз не працівіцца нягодніку, пайсці адкапаць і аддаць тыя хромавікі. Хай ён імі падавіцца. Кара і яго знойдзе.
Ігнату было шкада жонку. Усяго ў іхнім сямейным побыце хапала. Былі і павага, клопат, не абыходзілася часам без сварак і згрызотаў. Неяк нават з-за дробязяў распачалі бойку: яна ў яго шпульнула з-пад рукі макатру, у якой збіралася ціснуць таўкачом ільняное семя. Макатра – Ганна сама гэтага не чакала – трапіла яму акурат у лоб, набіла цёмна-сінюю шышку. Ён, церпячы пякельны боль, матлянуўся да стала, хапіў жонку за каршэнь, маючы намер некалькі разоў тыцнуць яе галавой у сталешніцу, каб таксама памацала гузяк. Але жонка неяк спрытна вылузалася з яго чэпкіх рук і замест таго, каб уцячы куды далей ад гневу, раптам абхапіла мужа за шыю, прыціснулася сваім гарачым целам да ягонага, хапатліва пачала цалаваць у губы, лоб, лізаць языком гузяк на ім. Праз хвіліну, разгарачаныя, яны кінуліся на неразасланы ложак, задыхнуліся ў любоўным шале. Гэтак, ведаючы тэмперамент мужа, ад якога і сама ажно млела, яна згладжвала любыя вострыя вуглы, па-свойму моцна кахала, гэтак жа, як і ён яе. Яны жылі хоць і трудна, але верылі, што ўсё ліхое мінецца. Вось ужо пасталеў сын, іх адзіны, такі жаданы Ромачка (хацелі яшчэ каго з дзяцей, асабліва дзяўчынку, аднак пасля адной нескладанай, але досыць няўдалай аперацыі па жаночай лініі, Ганна з сумам дазналася, што ёй нельга быць цяжарнай) хутка мо прывядзе ў хату нявестку, якая заменіць ім дачку. Усё, пэўна, гэтак і сталася б, каб не вайна, гэтая нечуваная крывавая калатнеча. Божа міласэрны, здэцца, увесь свет уз’юшыўся, стаў на дыбкі. Забівалі, палілі жыўцом, рабавалі і вешалі не толькі чужынцы, заваёўнікі, але і свае нехрысці і ліхаімцы, якія невядома скуль павыпаўзалі, далі волю сваім самым паганым інстынктам. Ганна няўцешна гаравала, што яе чалавека, гаспадара на другі ж дзень вайны змабілізавалі. Як паехаў раненька, ледзьве свет, у ваенкамат, так і не вярнуўся нават развітацца ні з ёй, ні з сынам. Гэтак было і з многімі іншымі мужчынамі сяла. Пайшла погаласка, што калону машын, у якіх везлі пад Воршу новае папаўненне няўмекаў-салдат, размялі ў пыл і пух нямецкія бамбавозы. Многія жанкі, хто паверыў у гэта, няўцешна галасілі і рвалі на сабе валасы. Ганна таксама кожную хвіліну плакала, але дарослы сын як мог суцяшаў матку, угаворваў не надта верыць чуткам. Мо ўсё абыдзецца, немцаў хутка – ведама, гэткая сіла ў Саветаў – ушчэнт разгромяць, і бацька шчэ героем вернецца ў вёску, і яны будуць ім ганарыцца.
Ён і праўда праз паўмесяца вярнуўся – страшны, схуднелы, адны дэрбы тырчаць, вочы ўпалыя, без адзінай жывінкі. Ён з тыдзень адлежваўся, нічога не гаварыў, адно ноччу жахліва скрыгатаў зубамі і голасна ўскрыкваў. Калі трохі дайшоў да сябе, разгаварыўся і аднойчы сказаў сваім хатнім: “Брахалі, брахалі пра нашу моцу, а дзе яна? Нас, бяззбройных, гналі на ражон, а самі нічога не ўмелі. Многія драпалі, ратавалі сваю скуру. Не трапіўся нам талковы камандзір, які б з нас, акружэнцаў, арганізаваў якую сілу. Вось і разбегліся ўсе хто куды мог. Можа ж немцы не будуць чапаць, хто застаўся на сваёй гаспадарцы”.
Яна, Ганна, была бясконца радая, што муж, хоць і зацята замкнуўся ў сабе, быў побач, у сям’і, і апантана ўпрогся ў работу. Сын, праўда, таксама замкнуўся, але з іншай прычыны: яму, як заўзятаму камсамольцу і нядаўняму актывісту, было нібыта трохі брыдка, што бацька апынуўся ў ліку ўцекачоў з арміі, хоць у душы радаваўся бачыць яго жывым. Аднак сам, калі ў іх мясцовасці з’явіліся першыя партызаны, цвёрда вырашыў ісці ў лес, узяць у рукі зброю. Ніхто і нішто яго ад гэтага намеру не адгаворыць…
Лежачы на падлозе, Ганна пракручвала ў памяці найбольш яркія старонкі свайго і сумеснага з мужам жыцця. Гэтак, мусіць, бывае з кожным у хвіліну смяртэльнай небяспекі. Тады любая дробязь набывае асаблівы сэнс і значэнне, і прыходзіць здзіўленне, што так мала цаніліся гэтыя дробязі, як імкненне своечасова падбегчы і перахапіць цяжкі кош бульбы, апярэдзіць і самому прынесці са студні вядро вады ці бярэма дроў, альбо нават пры людзях, быццам няўзнак, дужай і гарачай сваёй далоняй дакрануцца да пляча. Можна было не гаварыць, дзе трэба і не трэба слова “люблю” (ды ён, Ігнат, быў чамусьці скупы на гэтыя словы), але яна і без іх усёй сваёй жаночай існасцю адчувала мужаву закаханасць і нязмушана, са шчаслівым трапятаннем душы плаціла яму тым жа…
Стракаты калейдаскоп, які Ганна пакутліва пракручвала ў цяжкай ад удару вобзем галаве, абарваў раз’юшаны вокрык сіпатага:
– До валяцца, бы тая падла, – ён з усяго маху правай нагі пнуў распластанага Ігната ў бок. – Я не буду доўга паўтараць, што нам некалі з вамі валаводзіцца. Пакажы адно хованку, а тады…
Ігната гэты цяжкі ўдар, ад якога сцяла дыханне, усё ж змусіў больш цвяроза ацаніць іхняе з жонкай становішча. Ён ужо дакладна ведаў, што начныя налётчыкі жывымі іх не пакінуць, нават калі і трапяць ім у рукі жаданыя хромавікі. Можна, чапляючыся за саломінку, паспрабаваць зноў як-небудзь вывернуцца, ашукаць іх пільнасць, бо лезці на ражон з голымі рукамі да гэтага, хоць і не надта дужага, але спрытнага бандзюка, калі ён яшчэ мёртвай хваткай ашчаперыў прыклад зараджанай вінтоўкі, было б недаравальнай памылкай. Клікаць жа каго на помач таксама не выпадала: хто з суседзяў у гэткую поўнач, зачыніўшыся на ўсе засовы і бачачы сёмыя сны, пачуе іхні роспачны крык? А каб і пачуў, то, баючыся за сябе, ці высунуў бы нос са свае бярлогі. Гэта не ў летнюю пару і не ў часе вайны.
Заставалася адно – пад дулам ісці ў апусцелы хлеў, шукаць лапату і лом, адкідаць зляжалы снег на месцы хованкі, пасля дзяўбці скамянелую ад маразоў зямлю, пакуль жалеза не заскрыгоча аб жалеза. Вядома, у начной цішы гэтая работа будзе дужа грымотнай. Але хай-хай. Ён, Ігнат, калі на тое пайшло, як мага гучней будзе рабіць сваю справу. Раптам хто ўчуе незвычайную валтузню непадалёк, запаліць ліхтар і выйдзе на ганак. Адчуўшы штось нядобрае – крадзе са склепа ці хлява, – падыме лямант на ўсю вуліцу. Тады ўжо бандзюкам нічога не застанецца, як адмовіцца ад свае чорнай задумы і падацца ў лес. А калі ніхто не ўчуе і не выйдзе? Усякае ж можа быць. Тады трэба шукаць іншы шанец. Уцячы ад дваіх узброеных ніяк не выпадзе, ды і жонку на іхні здзек не кінеш. Трэба рашыцца на крайняе: чым-небудзь адцягнуць увагу канваіра, лапатай ці ломам аглушыць яго і забраць у свае рукі зброю. Напарнік сіпатага, застаўшыся без падтрымкі, наўрад ці пачне на вуліцы страляніну.
– Добра, пакажу, – нарэшце расшчаміў губы Ігнат. – Але трэба капаць умёрзлую зямлю. Там, у агародзе, хованка.
Бандзюк, падумаўшы хвіліну, згадзіўся:
– Тады шавяліся. – І ўжо да жанчыны: – А ты ляжы і не пікні. Зараз з тваім выйдзем, а замест сябе паклічу маладога і дужа гарачага, – ён рагатнуў, але гэты рогат разбіўся аб сцяну зацятага і трывожнага маўчання.
4
– Маё ты дзіцятка, добра было б, каб на тых кладах каго стрэціць. Мо паказалі б месца. Сам ці адшукаеш? Гэта ж тры гадочкі мінула, і там, мусіць, усё пазарастала. Хто дагледзіць як след чужое?
– Самі, мама, справімся. Не хачу нікога абцяжарваць. Ды, мусіць жа, хоць якія крыжы з надпісамі павінны стаяць.
– Хіба што. Суседка пра іх казала, – згадзілася яна, ідучы ўслед за гэтым рослым, маладым, але рана ссівелым, бы дзед, хлопцам. Галава яго на патыліцы толькі нядаўна ўзялася мяккім пушком, які хоць трохі прыкрыў шырокі, з пядзю, і глыбокі шрам, які зараз прыкрывала цёплая шапка. “Божа, уберажы яго ад бяспамяцця, дай сілы майму хлопчыку”, – каторы ўжо раз за доўгую дарогу сюды прасіла яна Усявышняга.
Стаяла глыбокая восень, але снег яшчэ не выпаў, і па голых укамянелых грудах ісці было нялёгка. Тады-сяды з-за рваных хмар выблісквала нізкае сонца, але яны абое быццам не заўважалі яго шчадраты. Рупіла хутчэй, пакуль яшчэ светла, быць на месцы, адшукаць гэтыя самыя дарагія яму, а зараз заадно ўжо і ёй, магілы. Ён, хвалюючыся, усё хутчэй і хутчэй прыспешваў крок, і жанчына на сваіх няўклюдных, ушчэнт запыленых туфлях, якія да таго ж мулялі ў насках, ледзьве паспявала за ім.
– Ромачка, – задышліва гукнула ўслед. – Трошкі збаў тэмп, ногі мае млеюць і гараць агнём.
Ён азірнуўся і прыцішыў хаду. Яна дагнала, пайшла поручкі.
– Даруйце, мама, – павініўся ён. – Задумаўся, і вот…
– Я разумею твой стан, дзіцятка маё ты гаротнае, разумею, што робіцца ў цябе на душы. Але хочацца, каб не сарваўся. Ужо калі гэтулькі ўсяго ўспомніў, і радзіну сваю, і бацьку з маткай, дзе і з кім партызаніў, то, дасць Бог, іншыя маменты тваёй жыткі прыйдуць на памяць. Але пакуль што трэба паасцерагацца, не перанапружваць галаву. Гэта ж, лічы, з тога свету вярнуўся…
Да могілак, якія бачыліся на высокім узлобку сярод поля цёмнымі крыжамі, было яшчэ з паўкіламетра, і яна пачала аглядацца па баках, каб знайсці на што прыткнуцца, даць хоць хвілінку спачыць нагам.
– Ромачка, – зноў, калі ўбачыла непадалёк круглы высакаваты камень, папрасіла сына. – Я трошкі пасяджу, здыму сваю абуўку. Гэтыя чортавы кандалы навярэдзілі ногі. А ты памаленьку ідзі. Я пастараюся хутка дагнаць.
Ён паспачуваў маці, але ісці адзін не схацеў. Адно зазначыў:
– Я пачакаю ля агароджы.
Застаўшыся адна, яна кінула на камень ваўняную хустку, адразу зняла туфлі, затым і панчохі. Глянула на голыя ступні і ажно спалохалася: мазалі на пальцах наліліся крывавымі пухірамі і гатовы адразу ж лопнуць, варта толькі паспрабаваць зноў усцягнуць панчохі. “Во ўліпла, – жахнулася са свае неабачлівасці. – Збіралася ў вялікую дарогу, а пра мяккі абутак не падумала. Лепш бы ўжо буркі з галошамі. Дык пафарсіць, дурніца, удумала. Што скажа Ромачка”. І ўсё ж, неяк перамагаючы боль, усунула ногі ў ступакі, накінула на галаву хустку і, накульгваючы, пайшла. Ромка бачыўся ўжо бліз агароджы. За дваццаць з нечым хвілін, пакуль плялася да кладоў, зноў і зноў перакруціла, бы ленту ў кіно, у памяці тую трохгадовай даўніны падзею, якая ўварвалася ў яе адзінокае хутарское жыццё нечаканымі зменамі, а з імі пасяліўся ў душы страх. Страх ад таго, каб хто непажаданы, збіўшыся з тропу, не заблукаў на ейны падворак у самотную хаціну ўдавы, не вынюхаў яе таямніцу.
У тую зіму, паснедаўшы цыбуляй з соллю, некалькімі бульбінамі, яна выправадзілася з пілой-аднаручкай і сякерай за вераўчаным поясам, які апярэзваў старую, усю на латках, целагрэйку, у няблізкі лес нарыхтаваць трохі якіх таўсцейшых сукоў, непадабраных вершалін ад зваленых некалі елак ці сосен. За сабою яна цягнула досыць умяшчальныя самаробныя санкі. Калі нарыхтуе, загрузіць іх да верху, то на месяц які, калі не болей, хопіць чым паліць у печы і грубцы. На лаўжы прыдатных да палення дроў яна натрапіла не адразу. Давялося пакругляць па лесе, палазіць па густых зарасніках ляшчынніку, нямала паспатыкацца на зацярушаным снегам гнілым пнеўі, покуль не змеціла між густых сосен светлую прагаліну. Пайшла на яе і натрапіла на асеннюю высечку, скуль лесарубы не змаглі ці не паспелі забраць сабе нямала годнага для печы сучча. Яна абрадавалася знаходцы і пачала дзе піліць, дзе секчы сукі і акуратна складваць на санкі. Наладавала ўжо высакаваты горб, але хацелася яшчэ і яшчэ, бо дровы былі, як рэдка калі трапляліся ёй дагэтуль, – не ўчарнелы гніляк, а моцныя, ядрана смалістыя, ужо нямала і падсохлыя. Уходаўшыся, трохі прыткнулася адпачыць на высакаваты пень, папярэдне змахнуўшы з яго снежную шапку (яшчэ пашкадавала, што давялося гэта зрабіць – такая яна была белая, пульхная і прыгожая). Зачарованая цішынёй, зімовай лясной казкай, яна неяк і забылася, што паўсюль вайна, недзе страляюць, скідаюць бомбы, забіваюць адзін аднаго. Зноў успомніла свайго чалавека, Івана, з якім разам пражылі амаль дваццаць гадоў. “Дзе ён і што з ім, у тым Сібіру? Гэта ж як упяклі туды за адно неасцярожна прамоўленае слоўка, так пяць гадоў ужо кантуюць на лесавале. І ні гуку аб сабе. Ці жывы хоць? А мо адпусцілі і ваюе?” Ёй вельмі хацелася, каб ён апынуўся на фронце. Калі скончыцца вайна і дасць Бог прыйдзе дадому жывы-здаровы, а яшчэ з якой медаляй, то хоць пальцам кожны не будзе тыкаць, што муж вораг народа і яна ад яго ані не лепшая.
Думкі яе перапыніў якісь слабы, нібы ішоў з падзямелля, стогн, і яна, насцярожана ўслухоўваючыся, усхапілася з пня, на ўсялякі выпадак узяла ў рукі сякеру, наструнілася. Варочала галаву ў розныя бакі, адхінула нават, каб лепш чуць, хустку, але больш нічога падазронага вуха не ўлавіла. “Падалося, мабыць”, – сказала сама сабе і пайшла да чарговага лаўжа, які быў адсюль у метрах трыццаці. Але толькі зрабіла колькі крокаў, як стогн паўтарыўся. “Божа, то ж чалавечы!” – жахнулася яна, не ведаючы, што рабіць. Уцякаць з лесу з усіх ног, ці ўсё ж пацікавіцца, што за бяда сталася з некім. Мо які нягеглы дрывасек моцна параніў сябе, альбо звер накінуўся і пагрыз? Тады яму патрэбна помач.
Адкінуўшы ўсякія хістанні, яна таропка, ужо ледзь не подбегам, пакіравалася да кучы яловага лапніку, што быў непадалёк ад аблюбаванага лаўжа. Стуль, яна ўжо не сумнявалася, нямоглы голас прасіў паратунку. І праўда, яшчэ за некалькі крокаў да лапніку яна згледзела прыхінутую спінай да кучы цёмную фігуру. Падышла ўпрытык і жахнулася: снег вакол чалавека быў густа набрынялы крывёю, а сам ён расхрыстаны, з-пад расшпіленых гімнасцёркі і бушлата было бачна ашмоцце белай кашулі, і ўсё роўна як непрытомны, закінутымі за галаву акрываўленымі далонямі прыціскаў да патыліцы штось накшталт анучкі, такой жа акрываўленай, што і рукі.
– Мой жа ты чалавеча, хто гэтак з табой? – яна нагнулася, каб зазірнуць нябогу ў вочы, пераканацца, ці цепліцца ў іх яшчэ якое жыццё. Але ён сам расплюшчыў павекі, умольна глянуў на жанчыну і, квола застагнаўшы, зноў заплюшчыў. Яна згледзела, як з куточкаў вачэй чалавека капнулі скупыя слёзы.
…Толькі праз паўгода ён пачаў крыху ачуньваць. Божа, чым толькі яна ні лячыла няшчаснага: настоямі розных зёлак, якія добра ведала і яшчэ з лета назапасіла ўдосталь, прамывала глыбокую рану ў чэрапе і наўкруг яе, паіла і карміла з лыжачкі, бы дзіця, хавала ад старонняга вока. Паслала яму ў бакоўцы, на палку пры печы. На ўсялякі непрадбачаны выпадак – зойдзе хто з хутаранскіх ці прыпруцца чым пажывіцца бобікі – яна прыкрывала яго зверху старымі трантамі і калацілася, каб хворы не трызніў ці ў бяспамяцтве чаго не ўскрыкваў. Па ране ў галаве паліцаі адразу скумекаюць, каго яна прытуліла і выходжвае. Тады ўжо каюк будзе і яму, і ёй заадно.
Мінула, аднак, зіма, і ніхто да іх і носа не сунуў. Хворы тым часам, неяк прачнуўшыся на досвітку, ціха, нібы не верачы сам сабе, паклікаў:
– Ма-ма.
Хату яшчэ поўніў густы прыцемак, і змроку дадавала дажджлівае за акном надвор’е. Тым не менш яна па даўняй звычцы рана ўставаць паспела падаіць кароўку, на даўгаватай вяроўчыне прывязала за плотам пасвіцца, а сама прылегла яшчэ ў пярэднім пакоі на ложак і няўзнак прыкархнула. Спрасоння падумала, што ёй памроілася, але калі ўжо другі раз назвалі яе мамай, ад радаснага ўзбуджэння ўсхапілася на ногі, прыскочыла ў бакоўку.
– Што, сынку, што? Табе кепска ці падаць чаго?
У бакоўцы, покуль прывыкала вока, сама нічога не бачыла, але ён працягнуў ёй руку, папрасіў сесці побач. Папытаў:
– Дзе я, мама? І што са мной?
– Хвала Богу, што загаварыў. Гэта я ў цябе хацела папытаць, што з табой было ў лесе, хто гэтак… ну, чэрап размажджэрыў. Але ж ты паўгода ні слоўка не выціснуў. Думала, нямко, ці рана насаўсім пазбавіла мовы. Не ведала, што і рабіць-чыніць, якую помач шукаць. Доктара ж якога не паклічаш. Хаваю, во, каб фашысты часам не вынюхалі.
Ён нібы здзівіўся:
– А што, яшчэ ідзе вайна?
…З тае амаль трохгадовай даўніны размовы, якая напачатку акрыліла яе, высветлілася горкае і зусім непрадбачанае: хворы нічагуткі не памятаў. Не ведаў ні імя свайго, ні скуль родам, дзе быў да вайны і ў часе яе. Колькі пытанняў ні задавала, ён адно зацята адмоўчваўся, хітаў галавой. Не пытаўся пра сям’ю, ні пра матку ды бацьку, быццам у яго ніколі іх і не было. Паправіўшыся і ўжо мацней стаўшы на ногі, пачаў прасіць якой работы. Яна як мага адгаворвала яго, ласкава называла сынам, даўшы яму сваё імя – Дзіма. Сама ж назвалася Хрысцінай. Расказала пра мужа, якая бяда надарылася з ім перад вайной. Пабедавала, ці хоць жывы-здаровы.
Тым часам абвясцілі Перамогу, не стала сэнсу хаваць больш Дзіму ад людзей, хоць тут, на хутарах, іх было хіба што двое адзінокіх жанок ды некалькі сівых дзядоў. Маладзейшыя хто загінулі на фронце ці ў партызанах, каго звезлі ў Германію, і адтуль ніхто не падаў пакуль ніякага знаку.
Хрысціна не паехала ў раён (ды і чым дабярэшся за дваццаць кіламетраў), каб паказаць хлопца ўрачам. Мала спадзявалася, што яны нешта добрае парадзяць. Хто ж лечыць бяспамяцтва? Ды і Дзіма наадрэз адмовіўся куды-небудзь адлучацца з двара. Яна здагадвалася, што ён баіцца любых роспытаў пра сябе. А што яны, тыя роспыты, будуць, і хто ведае, чым усё гэта можа скончыцца. Могуць куды-небудзь забраць небараку, яшчэ чаго добрага западозраць, што слугаваў у паліцыі, а партызаны выкралі і кокнулі вылюдка, ды не зусім да канца. Паспрабуй тады апраўдайся, што гэта не так. Сам жа ён нічога не скажа, таму і не можа пастаяць за сваю годнасць. Бедны хлапчына! Божа міласэрны, няўжо ж ён не пашкадуе яго, не верне памяць?
Яна па некалькі разоў на дні стаяла наўколенкі перад іконай, біла паклоны, шаптала малітвы, прасіла Усявышняга заступіцца за іх абаіх, бо і Дзімку, і самой нічога, відаць, добрага не свеціць наперадзе. Ад мужа па-ранейшаму не было ніякай вестачкі, хоць канчаўся другі пасляваенны год і жыць без надзеі рабілася ўсё цяжэй і цяжэй. А тут яшчэ пачалі ціснуць з падаткамі, ды так, што дух перацінала. А ў яе ж зямлі той кот наплакаў – тое толькі, што ў агародзе, ды лапік за плотам. Жыўнасці – кароўка-карміцелька, некалькі курак, адно свінчо. І за ўсё, што ёсць і чаго няма – дай, дай, дай. То падатак, то нядоімка, то пазыка. І аддавала, пакідаючы сабе крошкі. Летам дык было нішто – грыбы там, ягады, з градак які гурок, моркаўка, пад восень – бульба. Аднак к вясне ўжо было зусім голадна. Толькі ж неяк трымаліся на малацэ. Ёй вельмі шкада было Дзіму. Маладому арганізму патрэбны быў тлушч, хлеба якая луста. А дзе іх узяць?
Хрысціна ўжо не ад кога не хавала хлопца. Калі хто пытаўся, скуль ён узяўся, казала, што гэта мужаў пляменнік. У канцы вайны іхні дом на Магілёўшчыне разбамбілі, усе кроўныя пагінулі, а яго з ранай галавы ледзьве выхадзілі суседзі. Пасля адшукалі адрас Івана, і бядотніка прывезлі ёй. А ён нічога й не памятае, якая трагедыя напаткала сям’ю. Цяпер кліча яе мамай. Ну хай. Яна і радая замяніць хлопцу маці.
Хрысціна не ведала, вераць ёй ці не, але цвёрда прытрымлівалася гэтай прыдумкі. Ніхто ж не стане правяраць. Людзям і сваіх бедаў і турбот хапае. Між тым мінула ўжо і трэцяе паваеннае лета. Яна, Хрысціна, пажала ўжо бульбоўнік, развешвала яго на плоце, каб высах, а зімой ужываць на сечку кароўцы. Дзімка ля хлява калоў і складваў да сцяны дровы. Яна любавалася яго работай, не-не дый кідала позірк на сына, пракручвала ў галаве планы на яго будучыню. Праўда, нічога асабліва ўцешнага не вымалёўвалася. Хлопец жа не мае ні метрыкі, ні так якога дакумента, які б пацвярджаў яго прысутнасць на гэтай гаротнай зямлі. Пайсці разам у сельсавет, запісаць яго на сваё прозвішча – дык жа там таксама пачнуць лезці ў душу, да нечага дакопвацца, могуць западозрыць чортведама ў чым. Ды Дзімка ні разу не заікнуўся, каб што памяняць у сваім становішчы. Ажаніць бы яго, паглядны і добры ж хлопец, але ці знойдзецца такая, што стала б жыць без роспісу, ды яшчэ з чалавекам без мінулага.
Гэтак, паглыбіўшыся ў свае думкі, звыкла парадкуючы картаплянік, яна змеціла, што Дзімка прысеў на калоду, ашчаперыў аберуч галаву і нерухома застыў, бы задрамаў. Хрысціна занепакоілася, хаця б сын не захварэў, і падышла да яго ўпоруч. Пачуўшы крокі, ён прыўзняў твар, і жанчына ўбачыла, які ён белы-белы, акурат палатно, а ў вачах сполах і разгубленасць.
– Што з табою, сынку? – спытала са спагадай і адначасна з незразумелай трывогай.
Ён, ледзьве не заікаючыся, агарошыў прызнаннем:
– Я ўсё-ўсё ўспомніў, мама. Хто я і што я. Як жа цяпер быць? Мяне ж, пэўна, пожыву аплакваюць родныя, не ведаючы, дзе загінуў і дзе пахаваны. Але ж, дзякуючы вам…
У Хрысціны ад такой навіны ледзьве не падкасіліся ногі. Усё яшчэ верачы і не верачы чутаму, захлынаючыся ад радаснага ўзбуджэння, яна прысела наўколенкі ля калоды, абняла сына за плечы…
5
Ад гэтых невысокіх горбікаў зямлі, якія стараннем дзвюх жанчын – Хрысціны і Клаўдзі – хоць трохі прывялі ў людскі выгляд, Ромку нельга было адцягнуць. Маўклівы, з асунутым пашарэлым тварам, ён стаяў ля драўляных самотных крыжоў, на якіх хімічным алоўкам хтось з вяскоўцаў накрэсліў прозвішчы нябожчыкаў, іхнія гады народзінаў і адзін і той жа дзень смерці. Ён быццам нікога і нічога наўкруг не прыкмячаў. Не чуў ці рабіў выгляд, што не чуе, калі жанчыны звярталіся да яго.
– Ромачка, – ужо занепакоілася Хрысціна, – ты ж бы, дзіцятка, трохі і паплакаў. Саромецца слёз не трэба, нават самаму годнаму з мужчынаў. Вот паглядзіш, лягчэй стане. Мы, бабы, гэта добра ведаем.
Яе падтрымала і суседка:
– Анёж. Твая новая матка праўду кажа. Я дык мора слёзаў тых выплакала. І тады, калі ранічкай знайшла тваіх у лужынах крыві на падлозе ў кухні, і калі хавалі. У тваіх бацькоў, царства ім нябеснае, хоць магілкі ёсцека, можна прыйсці і пакланіцца, а ў маго ж мужа груганы можа дзе і вочы паклёвалі. Хто там, на тым хронце, меў час, каб закапаць забітага. Прыслалі апасля пахаронку, але ні слова, ні паўслова, як загінуў чалавек. Цяпер, во, гадуй адна двох вісусаў, а помачы ад уласці ані. Б’юся, бы тая рыба аб лёд. – Клаўдзя наўзрыд заплакала.
І толькі тады Ромка схамянуўся і папрасіў:
– Цёця, не надрывайце душу. Ні сабе, ні мне. Вам жа гадаваць дзяцей. А я закіну за вас дзе слова. Мне толькі трэба з усім разабрацца. Хто зрабіў так са мной, а пасля з маткай ды з бацькам, доўга гадаць не трэба. Калі ён яшчэ не здох, то з-пад зямлі гада дастану.
Ромка не схацеў начаваць у сваёй хаце – было балюча за тыя многія месяцы бяспамяцтва. Ён толькі нібы зараз убачыў на яве ўсё самае прыкметнае і дарагое, звязанае са сваімі роднымі, з каханай дзяўчынай Наташай (дзе яна і што з ёй, у суседкі ці то баяўся, ці то пасаромеўся папытаць), з баявымі таварышамі, з якімі разам партызаніў. Дзе яны сёння, ці застаўся хто жывы? Пэўна ж, нехта застаўся. І ён, што б там ні было, адшукае іх, праз іх адновіць свае дакументы. Божа, столькі ж упушчана часу! Але ці яго ў тым віна?..
Клаўдзя настаяла, каб начавалі ў яе. Сказала, праўда, што туга з пасцеляй, але ўжо хай выбачаць, неяк жа размесцяцца і накрыюцца. У хату Хрысціна ўжо ледзьве ўвалілася – так распухлі і смылелі агнём ногі. Перш-наперш гопнулася на лаву ў кухні і сцягнула з ног праклятыя тыя туфлі-гамакі. Убачыўшы на ступаках і ў пальцах акрываўленыя панчохі, Клаўдзя ажно ўспляснула рукамі:
– Мая галубка, як жа ты гэтулькі трывала? Абуўка твая гожая, але для носкі нікчэмная. Зараз будзем якую раду даваць.
Яна адкінула засланку печы, вілкамі выцягнула пузаценькі чыгун, у маленькія выдзяўбленыя з дрэва начоўкі лінула досыць гарачай яшчэ вады.
– Во, любка, сунь ногі сюды, а я буду шчэ падліваць. Пасля знойдзем чым і памазаць. У мяне недзе трохі і несалёнага тлушчу прыхавана.
З печы на ўсю гэту валтузню жанчын зіркалі цікаўныя вочкі двух хлопчыкаў з аднолькавымі дагала стрыжанымі галовамі. Большы надта ж пільна ўглядаўся ў Ромку, сіліўся пазнаць суседа, але, відаць, не пазнаў з-за сівых у тога валасоў. Хацеў бы папытаць, чаму яны ў яго такія, ды пасаромеўся.
– Ну што, жэўжыкі? – сам азваўся да іх Ромка. – Не памятаеце, нябось, гэтага ссівелага дзядзьку. Не? Вы ж мяне колькі разоў прасілі разам у свінку пагуляць, калі не было больш з кім. А табе, Віцёк, памятаеш, як востры аскалепак шкельца выкалупліваў з пяткі. Во дык паенчыў!
– Цяпер помню, – большы абрадаваўся і нават скочыў з печы, падышоў да Ромкі, каб паглядзець на яго зблізку.
– На жаль, няма гасцінца, – пашкадаваў госць.
– Ё, ё гасцінец, – азвалася, седзячы над начоўкамі, Хрысціна. – Ромачка, у мяне там у хатулі загорнута ў паперцы колькі падушачак. Аддай іх дзецям. І два абаранкі дай. Як ведала, прыхавала.
Вячэралі ўжо пры скупым святле лямпы. Дзеля гасцей Клаўдзя зварыла ў грубцы бульбы, зрабіла таўканіцу са смажанай на здоры цыбуляй, прынесла са склепа місу салёных гуркоў. Дзяцей трохі раней пакарміла, і малыя на печы, дзе загадала ім гэту ноч спаць, усчалі нейкія свае забавы, валтузіліся і часам голасна высвятлялі адносіны. Але на іх ніхто не звяртаў увагі. Быў самы час пра ўсё пагаварыць. Клаўдзю найперш цікавіла, ці будзе Ромка жыць у бацькоўскай хаце. Калі не, то як далей пільнаваць яе, што рабіць з мэбляй, якой яшчэ не ўспелі скрасці ці паламаць зладзеі. Зноў жа падушкі, коўдры, такі-сякі посуд. Гэта ж яна пасля той страшнай бяды з Ганнай і Ігнатам узяла на сябе клопат як мага аберагаць суседскае дабро. Што да сябе занесла, што пакінула на месцы. Павесіла (быў у яе запасны) дабрэнны замок на дзверы, дошкамі крыж-накрыж забіла вокны, каб праз іх не лазілі, нанач моцна запірала брамку. На першым часе пасля вайны спадзявалася – можа, Ромку не забілі, вернецца дамоў і ўсё ой як спатрэбіцца. Калі ж пайшоў погалас, нібыта хлопца няма ўжо на гэтым свеце, чакала каго з родных, ці то Ганны, ці Ігната. Але і з іх боку ніхто не падаў і гуку. Не ведала, што й рабіць далей. Ісці ў сельсавет і сказаць, каб самі думалі, як распарадзіцца і хатай, і ўсім іншым дабром, нешта стрымлівала. Сэрца бы падказвала не спяшацца. І вот… Прычакала-ткі.
– Дзякую, цёця Клаўдзя, – Ромка, хоць ужо і смачна паеў, не варухнуўшыся, сядзеў на месцы, уважліва слухаў усё, што тычылася апошніх дзён жыцця бацькоў.
Жанчыны між тым пачалі прымаць са стала, рэшткамі цёплай вады з чыгуна мыць посуд. У Хрысціны, Ромка гэта бачыў, настрой быў не з лепшых. Вядома, усё перажытае і пачутае за гэты дзень, а яшчэ няўвязка з абуўкай, з-за якой так абязножылася, хоць ты плач, паўплывалі на яе. Але ж… Ён сэрцам адчуў і іншую прычыну прыгнечанасці гэтага бясконца дарагога яму чалавека. І, не вагаючыся ні на секунду, вырашыў унесці поўную яснасць у свае далейшыя планы, каб гэта пачула Клаўдзя з ягоных вуснаў, а не ад каго-небудзь іншага.
– Я, цёця, – сказаў цвёрда, – усё ўжо вырашыў: жыць сюды болей не вярнуся, хіба толькі каб адведаць магілкі маіх родных, ну і вас, вядома ж. Дарагі мне яшчэ адзін чалавек, але не ведаю пакуль, ці тут ён, як склаўся яго лёс, баюся і папытаць нават.
– Ты, Ромачка, відаць, пра вучыцельку, Наталлю Рыгораўну, хацеў сказаць? – са спагадай зірнула яму ў вочы Клаўдзя. – Думаеш, мы не ведалі пра твае шуры-муры з Наташкай? Яшчэ як ведалі. Ад нас, баб, нічога не ўтоіш. Дык вось мушу засмуціць цябе і ў гэтым: немцы і паліцаі незадоўга да трагедыі з бацькамі пахапалі нямала хлопцаў і дзяўчат з вёскі і звезлі ў Нямеччыну. Ім, бачыш, рабы трэба, і чым паболей. Вот сярод іх апынулася і вучыцелька. Не палічыліся, гады, што дзетак адарвалі ад граматы, ад школкі. Як-ніяк, а ўсё ж чытаць-пісаць, рашаць задачкі вучыліся. Цяпер во многім наганяць трэба, што ўпусцілі. Зараз там, на месцы Наташкі, другая вучыцелька, таксама маладая і паглядная, але пакуль яшчэ не вучыць, бо рамантуюць школку: мяняюць падлогу, дах, які пацёк.
Ромка, як ні стараўся трымаць сябе ў руках, ад гэтай навіны яшчэ больш спахмурнеў, на правай шчацэ, нават пры скупым святле лямпы, было бачна, заторгаўся жалвак, аднак, хвіліну памаўчаўшы, прадоўжыў ранейшы сказ:
– У мяне цяпер, цёця Клаўдзя, іншы дом, новая мая мама, якая ўратавала мне жыццё. Ёй самой пагражала смяртэльная кара, калі б фашысты ўнюхалі, каго хавае. Яна, другая мама, мірылася і з маёй немаччу, з правалам памяці. Так што лёс мой звязаны толькі з ёю. Адсюль, што згадвае маіх родных, можа што і возьмем. Раніцай паглядзім. Астатняе – ваша. І хата, і іншае ўсё. Гэта я засведчу і ў сельсавеце. Распараджайцеся як сабе знаеце. Вы, цёця, заслужылі тое. Колькі я сябе помню, вы з нашымі былі найлепшымі суседзямі, а ваш Рыгор, хай пухам будзе яму зямелька, у якой ён знайшоў свой апошні прытулак, з бацькам маім сябравалі гэтак, як, можа, ніхто другі. Шкода, што ні аднаму, ні другому не давялося хоць трохі яшчэ пажыць. А ў вас дык вабшчэ такія малыя хлопцы. Гадаваць бы разам ды цешыцца.
Клаўдзя пры апошніх Ромкавых словах разрыдалася так, што толькі паўкварты сцюдзёнай вады, якую паднесла ёй госця і дала ў саменькія рукі, трохі супакоілі гаспадыню.
– Вой, Ромачка, ці ж мне ўсё гэта трэба? – скрозь слёзы вымавіла балесна. – Каб мог жыць мой Рыгорка, то мо давёў бы ўсё да ладу, і сваё, і тваё. А то ж хата без анікога – гэта што і чалавек, у каго вынялі душу. Ён хутка зачэзне.
– Добра, тады я сам аформлю купчую на вас і памагу прадаць, – разважыў хлопец. – На ладнаваты кус спадзяванкі мала, але і тое вас крыху падтрымае. Дзяцей жа гадаваць уга колькі трэба.
Хрысціна, калі Ромка пачаў разважаць, дзяліцца сваімі планамі, не магла нарадавацца. У часе вячэры думалася яшчэ і так, і гэтак пра сваю тут ролю. Узяла нават грэх на душу ўсумніцца, ці помніць пра яе. Аднак сын усё расставіў на месца. Аддаў даніну павагі кожнаму. Цяпер яна можа спаць спакойна і ў чужой хаце.
6
Праз тыдзень Ромка засабіраўся ў раён. Хрысціна ўгаворвала, каб яшчэ трошкі счакаў, аклямаўся як след пасля наведвання радзіны. Але тут сын праявіў упартасць, з якой яна змушана была палічыцца.
– Хто ж там цябе прывеціць, калі затрымаешся? Грошай тых кот наплакаў, каб у гасцініцы паначаваць, – бедавала жанчына. – Ды і з яды амаль няма чаго ўзяць. Адно дзела дома звару што, а ў дарогу ж не возьмеш керагаз ці прымус.
– Мама, усё будзе нармалёва, – суцяшаў яе як мог. – Партызанка многаму навучыла. Так што не прападу.
– Ну, то глядзі, сынку, хай Гасподзь спрыяе табе. Але ж ці стрэнеш каго знаёмых?
Ромка развеяў сумненні:
– Многія ў партызанах былі з мясцовых. І не ўсе склалі галовы. Недзе ж жывуць і робяць. Так што адшукаю некага, хто за мяне паручыцца.
– То дай Бог.
Вечарам Хрысціна доўга сядзела пры лямпе, шыла торбачку з брызенту, дабрэнны кавалак якога хавала шчэ з даваеннай пары. Брызент быў шчыгульны, іголка ажно гнулася, калі папіхала пальцам, на які надзявала спецыяльны жалезны каўпачок з насечкамі. Кончыла і сама палюбавалася, якая атрымалася ладная сумка. “Цяпер знайсці ды што пакласці ў яе“, – мазгавала ў час шыцця і пасля, як скончыла. Вырашыла, што напячэ паболей картапляных аладак, дасць літровы слоік смятаны, ёсць трошкі масліца, а ўчора адтапіла малако і з тварагу адціснула ў клінку сыр. Калі ашчадна, то на колькі дзён хопіць. Толькі б знайшлося там дзе паначаваць. Бронь Бог пайсці дзеля гэтага на чыгуначны вакзал, муляць бакі на лаўках, а то і яшчэ горш – на заплёванай падлозе. Цяпер на тых станцыях ды вакзалах процьма ўсялякага зброду: кішэннікаў, бадзягаў, хцівых жабракоў, якія не толькі могуць цябе да ніткі распрануць, абчысціць, але і пырнуць гойстрым шылам ці нажом, калі памкнешся пікнуць слова, паклікаць міліцыю. А міліцыя што? Абароніць? А дакуменцікі дзе твае, галубок? Чым дакажаш, што ты чысты, як шкельца, і сумленны?
Не ведаў Ромка, што Хрысціна ў сваёй трывозе за яго бы ў ваду глядзела…
Ранічкай – было яшчэ досыць цёмна – ён развітаўся з маці, абняў, пацалаваў і, стараючыся не паказаць хвалявання і трывогі, пераступіў парог хаты. Яна перажагнала яго, зашаптала малітву. Гэтак было пяць гадоў таму, калі пасля начнога наведвання родных сваіх адыходзіў у лес, не ведаючы, што бачыць іх апошні раз. Але тады была вайна, і думалася ўсякае. Зараз жа ціха і мірна, але ўсё роўна гняла невядомасць, хоць перад маці ён спрабаваў харахорыцца.
На гравійку выйшаў, разлічваючы толькі на свае ногі. Ведаў, што машыны зараз ходзяць гады ў рады, а так рана спадзеву, каб пад’ехаць, наогул ніякага. Але ж так-сяк тыя дваццаць кіламетарў да райцэнтра адолее. Добра, што хоць дажджу няма, а то да гэтага ажно два дні амаль запар неба, бы праз сіта, сеяла і сеяла імжаку. За ногі ён не баяўся. Знайшліся ў Хрысціны клееныя ў некалькіх месцах гумовікі, якія, аднак, ніколькі не пускалі вады. Жанчыну яны выручалі ў самых розных выпадках: у часе імклівай веснавой паводкі, у хляве, як выкідвала вонкі гной і было шмат жыжы, калі выходзіла на топкі пасля дажджу поплаў. Тады ў гумовіках было надта добра. І Хрысціна як мага берагла іх, бо ўзбіцца на новыя пакуль нават і не марыла. Прадбачачы, што Ромку таксама давядзецца шлёпаць па мокрым – чаго-чаго, а лужаў ды гразі і на разбітай гравійцы хапала, – яна ўгаварыла ісці ў гэтай абуўцы. Тым больш што ягоныя кірзачы, у якіх знайшла яго акрываўленага ў лесе, за пяць гадоў знасіліся да дзірак і ў падэшве, і ў халяўках.
На сухую цёплую парцянку Ромка і праўда адчуваў сябе ў гумовіках камфортна. Ішлося лёгка, гэтак жа, як і дыхалася. Ён пратэпаў ужо кіламетраў сем-восем і не адчуў ніякай стомы. Ужо добра разднела, і ён з задавальненнем аглядаў наваколле – лагчынкі, пагоркі, купкі самотных аголеных бяроз, сінечу не такой далёкай, за полем, у прадчуванні блізкай зімы, паласы замаркочана сцішанага лесу.
Як яго вабіў лес! Ён быў для яго жаданы ў любую пару. Без малога два гады лес даваў ягоным баявым пабрацімам прытулак, аберагаў ад небяспекі, суцяшаў у горы, калі хто-небудзь з блізкіх сяброў не вяртаўся жывым з задання. А заданняў было шмат. Партызаны яго атрада, якім камандаваў Пётр Вікенцьевіч Пушкароў, строгі, але справядлівы і смелы, з ліку тых афіцэраў-вайскоўцаў, каму не ўдалося вырвацца за лінію фронту, хутка наладзілі свой быт, прайшлі неабходную падрыхтоўку і ўжо праз месяц-другі адчайна пачалі заяўляць пра сябе. Пакуль немцы ўшалопалі, што і да чаго, хто ў іхнім тыле рашыўся на збройны чын, партызаны паспелі ўзарваць у бліжэйшых ад райцэнтра ваколіцах некалькі важных мастоў, пусцілі пад адхон тры таварнякі з баявой тэхнікай, зрабілі паспяховыя засады на дарогах.
Яго, Ромку, камандзір неяк спачатку бы не прыкмячаў – ат, як і ўсе, спрытны і дужы. Трохі толькі нібы марудліва задуменны. А як бліжэй прыгледзеўся, калі ўбачыў, што за гэтай задуменнасцю тоіцца чуллівая душа, а пэўная, у меру, марудлівасць, у процівагу бяздумнай спешцы пры выкананні той ці іншай задачы, змянілі камандзірскае стаўленне да маладога партызана. Так, з ласкі начальства ён, Ромка, узначаліў групу падрыўнікоў. Лепш, вядома, ён быў бы радавым выканаўцам, чым узваліць на сябе такі цяжар адказнасці. Але загад ёсць загад, яго трэба выконваць.
Спачатку ўсё было як мае быць. Яго падрыўная група па загадзя прадуманым да драбніц плане зрабіла нечакана марш-кідок у памежны з іхнім раён, каб і там навесці жах на фашыстаў, бо партызаны, якія апекавалі гэтую зону, неяк бязглузда панеслі велізарныя страты і доўгі час нікуды не высоўваліся.
Цэлую ноч яго група з дзевяці чалавек дабіралася да месца мяркуемай аперацыі на стратэгічна важны аб’ект – велізарнейшыя ёмістасці нафтапрадуктаў, з салярам ці бензінам, каб пусціць вогненны шал, які б асвяціў зямлю і неба на дзесяткі кіламетраў наўкол…
Зараз, калі зноў – каторы ўжо раз! – прыгадаў тую сваю апошнюю і самую рызыкоўную вылазку, яго працялі дрыжыкі ад усведамлення той, здэцца, зусім непасільнай задачы, якую яны ўзвалілі на сябе, і нечалавечага страху, калі самі ўцякалі з вогненнага пекла пад шал страляніны і ціўканне куль, выццё якіхсьці сірэн, панічны крык узброенай да зубоў аховы. І ўсё ж яны вырваліся, задышліва дапялі да лесу, праўда, ужо ў меншым складзе – трох чалавек, хоць і счакалі колькі хвілінаў, так і не дачакаліся. Доўга бавіцца астатнім не выпадала. Ведалі, што, апамятаўшыся, немцы могуць, нягледзячы на ноч, паслаць пагоню з аўчаркамі паперадзе. Таму дзе лесам, дзе ўскрай яго хлопцы без аніякага пярэдыху зноў беглі, пакуль маглі трымаць ногі. На шчасце, паваліў густы снег, і за сляды яны не сталі баяцца: такая жаданая зараз, з ветрам, завіруха ўраз замятала ўсякія прыкметы чалавечай прысутнасці. Цяпер можна было перавесці дых, тым больш што з кожнага валіла пара. Ды і світанак прыкметна пачаў браць сваё, а повідну, нягледзячы на мутна-белую крутаверць, рухацца на сваю базу было рызыкоўна. Ён, Ромка, прыняў рашэнне счакаць да вечара.
Вось тут і ашчэрыў зубы Лявон Пахілкін, паказаў сваё сапраўднае мурло, якое да пары да часу старанна хаваў.
– Ты што тут дужа раскамандаваўся, герой Шыпкі, – вызверыўся ён. – За цэлы дзень пры такім надвор’і, яшчэ зашыўшыся, бы мышы ў нару, хутка адкінем канькі. І са жратвы нічога, апроч сухароў, не засталося.
Пахілкіну падтакнуў Венька Пешка, таксама выказаўся за тое, каб не марудзячы выправіцца ў няблізкую дарогу. Іншыя з гэтымі двума не пагадзіліся, падтрымалі кіраўніка групы. Спрэчка між аднымі і другімі доўжылася б невядома колькі, каб Ромка сваім рашучым словам не паклаў ёй канец:
– До базарыць. Я нясу адказнасць за ўсё, што мы сёння зрабілі, і за страты, якія панеслі. Калі па маёй віне загінулі людзі, то буду трымаць справаздачу, чаму не ўбярог, чаго не ўлічыў пры нападзе на базу. Буду адказваць і за астатніх. Таму маё рашэнне цвёрдае: чакаць і не рыпацца нікуды да цемнаты. Грэйцеся хто як можа, але і вогнішча раскладваць небяспечна. Раптам фрыцы прачэсваюць лес і заўважаць дым? Думаеце, яны змірыліся з такой згубай?
…Зараз, хоць ужо мінула пяць гадоў з тога страшнага дня, ён, Ромка, толькі вярнулася памяць, што б ні рабіў, куды б ні ішоў, не-не дый трывожыў душу і сэрца думкамі-сумненнямі: ці трэба была гэтая яго ўпартасць? Можа і варта было, карыстаючыся мяцеліцай, бегчы без аглядкі як мага далей і далей ад тога месца, дзе спыніліся і якое палічылі бяспечным у дзённы час? Хлопцы тады яго паслухаліся, нават Лявон нібы змірыўся з загадам, але з-пад ілба зыркнуў па-звярынаму калюча і нядобра. Хутка ён першы абвясціў, што да костачак акалеў і хоча трохі прайсціся, каб размяць ногі і агледзецца. За ім увязаўся і Пешка. У хаўрусе, прыхапіўшы сваю зброю, яны рушылі не ўглыб лесу, а па цаліку ўскрай поля.
– Ці не да дзевак куды навастрылі лыжы? – пакпіў Марат Слінькоў, а Ромка, каб не ўскладняць адносіны, міралюбна дадаў:
– Калі ўчуеце які рух ці так што падазронае, неадкладна бяжыце назад. Разам адбівацца будзе лягчэй.
Калі яны зніклі з поля зроку, Марат з сумам канстатаваў:
– Адбівацца, кажаш? А чым? Патронаў жа кот наплакаў. Хіба па адной кулі кожнаму для сябе.
– Ну, пра смерць рана думаць, – Ромка, як і астатнія хлопцы, шпарчэй пачаў махаць рукамі, заадно прытанцоўваць, бо холад і праўда з кожнай хвіляй скоўваў усё нутро.
– Можа, хоць невялікае цяпельца раскласці? – выказаў жаданне самы малады ў групе, але і самы завадны і адчайны Максім Бобрыкаў, якога ўсе ў атрадзе клікалі “Бабёр” – па сугуччы не толькі з прозвішчам, але і за ўмельства выяўляць і лавіць у большых ці меншых лясных рэчках і запрудах з паваленых дрэў гэтых дзіўна асцярожных і палахлівых жывёлін. З ласкі Максіма бабровым тлушчам карысталіся многія, вылечвалі прастуду грудзей, нават сухоты.
Максім, адразу бачна было, менш за ўсіх замёрз – частае знаходжанне ў вадзе, бывала, што і ў ледзяной, загартавала хлопца, але, пэўна, ён дбаў зараз не гэтак пра сябе, як пра іншых, што змусіла Рамана размякчыцца і даць згоду распаліць колькі сухіх, каб не дымілі, яловых ці сасновых лапак, нятоўстых сукоў.
За паўгадзіны пры невялікім цяпельцы хлопцы крыху адышлі, расслабіліся, пачалі нават жартаваць. Між тым Пахілкіна і Пешкі бы і след прастыў. “Няўжо далі драла адсюль, плюнулі на дысцыпліну, – пачаў нервавацца Раман. – Самі напоруцца на засаду і нас падставяць”.
І не паспеў ён гэтак падумаць, як ад поля, з-за крутаватага пагорка, парослага купкамі бялюткіх, бы снег, бяроз, пачулася шалёная страляніна, якая набліжалася к лесу. Хлопцы наструніліся, без усялякай каманды затапталі, засыпалі снегам пятачок, дзе было вогнішча. Хацелі ўжо бегчы ў гушчар, ды Максім, апошні раз кінуўшы позірк на бярозы, голасна крыкнуў:
– Гляньце, гляньце!
І праўда: адтуль, з пагорка, кулём скаціліся ўніз дзве постаці і, стаўшы на ногі, памчаліся ў іхні бок.
– То ж нашы, – канстатаваў Слінькоў. – Во сволачы! Самі выткнуліся і нас падставілі. Што рабіць?
Пахілкін і Пешка былі ўжо за метраў трыста ад іх, як на пагорак выскачылі, трымаючы напагатове аўтаматы, чалавек дваццаць даганятых – здалёк не было як разабраць, немцаў ці паліцаяў. Згледзеўшы ўнізе тых дваіх, аўтаматчыкі зноў дружна далі некалькі залпаў па ўцекачах. Кулі, нават адсюль было чуваць, ціўкалі над іх галовамі, успорвалі снег ззаду і па баках.
– Жывымі хочуць узяць, гады, – сцяўшыся ад напружання, сказаў Ромка. – А як памагчы хлопцам? Была б у нас такая зброя… Кінуць жа адных таксама не кінеш.
Нічога ім іншага не заставалася, як, стаіўшыся за камлямі таўсцейшых елак, назіраць. Раптам згледзелі: Венька – ён бег трохі ззаду – ускінуў рукі, хіснуўся і, бы падкошаны, зарыўся носам у снег. Шапка, якая ледзьве тырчала на галаве, адкацілася далёка наперад. Хлопец не шавяліўся. “Відаць, напавал”, – з болем прашаптаў сам сабе Ромка і бездапаможна скрыгатнуў зубамі.
Пахілкіну ўсё ж удалося дабегчы да першых дрэў. Затраўлена, бы звер, азірнуўся, згледзеў непадалёк сваіх і, крыкнуўшы: “Уцякайма”, першы стрымгалоў шуснуў у гушчар. Пераканаўшыся, што Венька больш не ўстане, хлопцы таксама пабеглі ўглыб лесу. Іх, відаць, заўважылі. Нехта брыдкім рускім матам крыкнуў якуюсь каманду, і ўся зграя, падпарадкоўваючыся ёй, рынулася ў пагоню. “Жывымі, жывымі хоць каго!” – зноў той жа, з мацюкамі, голас, які то набліжаўся, то адставаў. Партызаны, пасля змушанага прывалу, трохі набраліся сіл і, яшчэ не зусім нагрэўшыся ля агню, цяпер не баяліся новай запаркі. Любы лес, нават самы бураломны, не палохаў іх, бо яны ў ім жылі, тут праходзіла іх сталенне, сюды вярталіся з паспяховых ці з трагічным зыходам для некаторых баявых вылазак. Таму і зараз ім было лягчэй сігаць праз вываратні, рабіць імклівыя зігзагі між ствалоў, ухіляцца ад шквальнага агню, якога не шкадавалі паліцаі. Што гэта бобікі і ім пастаўлена катэгарычна задача знайсці і абясшкодзіць падрыўнікоў, Ромка адразу здагадаўся па іх бруднай мацяршчыне.
Уцякаючы і хаваючыся ад пагоні, партызаны неяк няўзнак пагублялі адзін аднаго. Гукаць жа ў лесе было небяспечна, хоць, як адчуў Ромка, страляніна паступова аціхала, не стала чутно і брыдкаслоўя. Сам ён, адолеўшы глыбокі роў, дзе бруіла, то выходзячы на паверхню, то зноў хаваючыся пад крохкі лёд, нешырокая, пераступіць нагой, рачулка са сцюдзёнай і крыштальна чыстай крынічнай вадой, з прыгаршчы прагна папіўшы яе і апаласнуўшы потныя твар і шыю, падняўся на касагор і спыніўся, аддыхваючыся і прыслухоўваючыся да наваколля. Стаяла гулкая цішыня, і ажно не верылася, што адарваўся ад зграі. Але ж дзе астатнія? Хоць бы хто не трапіў пад сляпую кулю. Да болю стала шкада Веньку. Трапіў пад каблук Пахілкіна, кудысь разам марсянулі, і во… Напароліся на засаду, адзін так недарэчна загінуў, а другі – хапіла ж розуму, уцякаючы і наклаўшы, відаць, у штаны – павёў ворага проста на іхнюю групу. За такое партызанскі суд можа ўляпіць і “вышку”. Чатырох з дзевяці ўжо няма ў жывых і, крый Божа, яшчэ каго не стане, то не знесці галавы і яму, кіраўніку групы. Не паглядзяць, што пусцілі ў неба вогненны смерч, перакрылі кісларод фашыстам, змусіўшы іх грозную тэхніку стаяць на месцы з халоднымі маторамі.
Бавіцца тут далей не выпадала, і Ромка, навучаны арыентавацца не толькі па сонцы, а ноччу па зорках, але і па камлях дрэў, як і з якога боку яны пакрытыя мохам, выбраў патрэбны яму накірунак і, чуйна ловячы вухам кожны шолах, пайшоў, аддаляючыся ад небяспечнага месца. Ён добра ведаў, што і іх праследавацелі недзе тут блізка, яны змянілі тактыку і таксама прыслухоўваюцца, дзе і хто падасць голас. Каб не густы снег, які хутка замятаў сляды, яны не таіліся б, перлі напралом, бо, пэўна ж, здагадаліся, што ў партызан няма чым адбівацца. Інакш бы не маўчалі, адстрэльваліся б да апошняга патрона.
Кіламетраў мо з дзесяць прайшоў ён у тэмпе, пазбягаючы палян, лясных прагалін, асцярожліва перасякаў санныя дарогі. Пачынала змяркацца, і Ромка адчуў сябе вальней. Ён ведаў, што ноччу ні немцы, ні бобікі ў лес не папруцца, і можна зараз падумаць, як быць далей. Бліз паляны, што белым снежным нерушам высвечвалася наперадзе, ён прысеў на тоўсты сасновы выварацень, зняў з сябе заплечнік, развязаў матузкі, абшнарыў рукой сваё патрэбнае ў паходзе майно: складанчык, без якога нідзе не абыходзіўся, невялікую шкатулку з бярозы, са шчыльнай, недасяжнай для вільгаці, накрыўкай, у якой хаваў сухімі запалкі, тры патроны да карабіна – гэта ўсё, што засталося пасля атакі на базу, нескарыстаную лімонку, зачахлены бінокль. Намацаў мяшочак з сухарамі, а з ім і пару кавалачкаў колатага рафінаду. Акрамя хлеба, бляшанкі кансерваў і шматка ёлкага сала, якія дасталіся яму пры зборах на заданне, неабачліва, не думаючы затрымацца, на першым прывале што з’еў сам, што перадаў хлопцам, тым, хто выказаў незадавальненне малым пайком. Больш за ўсіх абураўся і гарлапаніў Пахілкін, і Ромка дзівіўся, як нечакана, калі яго прызначылі кіраўніком групы, Пахілкін з сябра, якому раней давяраў многія тайны, распавёў пра бацькоў, пра любімую дзяўчыну, нават з лёгкім гумарам пра пасаг – тыя новенькія хромавыя боты, закапаныя бацькам у надзейным месцы, раптам ператварыўся ў зацятага непрыяцеля, ваўкаватага зайздросніка. А чаму, чаму зайздросціць? Што яго камандзір часам выдзяляе, але і запрог у такі мулкі хамут, якога не пажадаў бы нікому на сваю шыю.
Азадачаны няўдалым сваім вяртаннем пасля паспяхова выкананай задачы, Ромка не адразу змеціў чыюсь фігуру, што стаілася для аснежанага ядлоўцавага куста і палахліва азірала паляну. Мяцеліца, якая няўтомна ўсё яшчэ шчыравала і, здаецца, не думала браць пярэдых, памяшала адразу разгледзець незнаёмца. Калі ж той, ацаніўшы абстаноўку, пераканаўшыся, што пагрозы ні скуль няма, вытыркнуўся з-за ядлоўца ў поўны рост, Ромка, абрадаваны, няголасна паклікаў:
– Ты, Пахілкін?! Не дрышчы драбней маку. Няма тут нікога чужога. Здэцца, збілі пагоню са следу.
Пахілкін не пазнаў голасу і хацеў ужо, бы заяц, даць драпака, але зачапіўся за нябачную пры кусце патарчаку і тварам зарыўся ў пульхны снег.
– А ё-маё, – падскочыў да бедалагі Ромка і падаў руку. – Што ж ты так скапыціўся? А дзе астанія хлопцы?
Пахілкін атрэпаўся і замест падзякі злосна вышчарыў зубы:
– Ты, ты ва ўсім вінаваты. Казалі ж, трэ ісці, не чакаць ночы. Дык ты, герой, упёрся, на сваім настаяць рашыў. А нас голад, холад дапякаў.
– То вы з Пешкам, можа, кінуліся шукаць жратву? – апаліла Ромку здагадка.
Пахілкін не стаў аднеквацца:
– Там, за пагоркам, тры хутары стрэліся. Мы і ткнуліся ў двор, думалі для ўсіх разжывёмся. Хто ж ведаў, што там нас чакалі.
– Тваю маць, – вылаяўся Ромка, уражаны пачутым. – Ты перш-наперш пра свой трыбух думаў. А добрага хлопца пад кулю падставіў. За гэта, будзь пэўны, па ўсёй строгасці спытаюць. Я не маю намеру цябе пакрываць. Калі не я скажу, то іншыя не змоўчаць.
Пахілкін паслаў яго на тры літары, паправіў на плячы рамень вінтоўкі і пайшоў прэч, кінуўшы на хаду злавесна-загадкавае:
– Шчэ паглядзім, хто як вернецца. І ці вернецца. Вунь ужо аднаго ўцекача, Слінькова, стрэў акрываўленага, з такой жа крывавай пенай з рота. Яму ўжо сам Гасподзь не паможа. Нехта яшчэ дзіка енчыў непадалёку ў гушчары…
Ромка, пачуўшы гэта, хапіў напоўніцу паветра, але яго ўсё роўна не ставала, грудзі здушыла, бы абцугамі. Ён хацеў крыкнуць Пахілкіну, каб вярнуўся, паказаў, дзе, у якім месцы бачыў хлопцаў, якіх, можа, удасца ўратаваць. Пэўна ж, адольваючы раптоўную слабасць, і крыкнуў, але голасу свайго не пачуў…
Прыйшоў у свядомасць, лежачы на снезе, паспрабаваў стаць на ногі, але гэта яму не адразу ўдалося. Пасля, хістаючыся, бы п’яны, пацёгся назад, скуль ішоў, некалькі разоў садзіўся на пень ці паваленае дрэва, каб перавесці дых. Сілы пакрысе вярталіся, і ён, ужо нікога і нічога не баючыся, пачаў гукаць. Думаў, мо хто жывы ці паранены з яго сяброў якім-небудзь чынам адзавецца. Але ні скуль не было чутно ні гуку. Ён кругляў невядома колькі часу ўжо ў поўнай цемнаце. Завея між тым трохі ўтаймавала свой шал, і Ромка не ведаў, лепш гэта для яго ці горш. Калі зусім перастала месці і паліцаі недзе ў чаканні раніцы і лепшага надвор’я прытаіліся, то выяўленыя імі свежыя сляды дадуць шанец узнавіць пагоню з новым імпэтам. Трэба было рашацца на нейкі крок – дабірацца да сваёй базы, што ў цемнаце і без цвёрдага грунту пад нагамі будзе няпроста, ці яшчэ, застаючыся ў гэтым квадраце лесу, паспрабаваць знайсці хлопцаў. Мо Пахілкін, злосны на ўвесь свет за свае няўдачы і каб даканаць старшага, неабдумана ляпнуў абы-што пра акрываўленага Слінькова і яшчэ пра чыйсьці перадсмяротны стогн? А тым часам хлопцы, жывыя-здаровыя, зараз ужо набліжаюцца да знаёмых мясцін і неўзабаве будуць у сваім ахоўваемым лагеры ў цяпле і поўнай бяспецы. Толькі вось чамусьці Рамана няма. Няўжо і яго, як і Веньку Пешку, скасіла аўтаматная чарга?
Гэтак думаючы, ён не змеціў, як зноў апынуўся бліз паляны, для тога ядлоўцавага куста, за якім не так даўно таіўся Пахілкін. Дзе ён зараз? Як, калі вернецца, будзе трымаць справаздачу перад камандзірам атрада, як гляне ў вочы астатнім хлопцам?
І ўжо зусім нечакана Раман зноў убачыў яго, бы тут ён увесь час быў на месцы і нікуды не адлучаўся.
– Ты што, Пахілкін, абязножыўся? – сказаў незласліва і памкнуўся падысці бліжэй. Але той, бы заяц, адскочыў назад, прысеў і нечага замітусіўся з вінтоўкай. Не паспеў Раман падумаць што кепскае, як грымнуў стрэл, на галаву бы хто, раструшчыўшы чэрап, лінуў з доменнай печы расплаўлены метал. І ўжо не памятаў, як падаў у глыбокае і да чарнаты змрочнае прадонне…
7
Яго ўсё ж нагнаў гружаны даўгімі, метраў мо па дваццаць, сасновымі хлыстамі, што звешваліся нават з прычэпа, ваеннай пары “студабекер”, увесь абмызганы, памяты, з нейкай бы скасабочанай кабінай, але з досыць яшчэ цягавітым маторам. Ромка, каб прапусціць гэткі шырокі і магутны лесавоз, збочыў і ступіў у перапоўненую дажджавой вадой каляіну. Хацеў счакаць, калі ён паедзе далей, але машына раптам прытармазіла. Шафёр, малады, без шапкі, з расхрыстанай грудзінай хлапец, расчыніўшы скрыгатлівыя дзверцы са свайго боку, прапанаваў:
– Калі, браток, да станцыі, то сядай. Мне на таварную, а табе адтуль да вакзала рукой падаць. Пэўна ж, на поезд?
– Ага, спяшаюся, – салгаў Раман, залазячы ў высокую і цёплую, але прапахлую тытунём кабіну. Павітаўшыся, спытаў:
– Так рана з лесу?
Шафёр, ва ўхмылцы паказаўшы пракураныя зубы, пахваліўся:
– Ледзь вырваўся з абдымкаў ненасытнай маладзічкі. Ну і гоцкала на сабе, і вішчала! Ноч навылёт не дала вока змружыць. А так яшчэ з вечара мяне загрузілі. Трэба было ехаць, чакалі ж на станцыі. Але скажу, што паўсутак правалаводзіўся, чыніў матор. Хай правераць.
– Вясёлы ты і бестурботны чалавек, – ці то з пахвалой, ці з няпэўным асуджэннем сказаў Раман. – Мне б так…
Астатак дарогі да райцэнтра праехалі хутка. Падзякаваўшы вадзіцелю, Раман счакаў, пакуль той паедзе на сваю таварную, і сам па мокрым тратуары падаўся ў бок царквы, што здалёк бачна была высокім купалам з пазалочаным крыжам наверсе. Ля яе, як помніў яшчэ з даваеннага часу, разлеглася плошча, а ўзбоч, ледзьве не ўпрытык, як ва ўсіх такіх невялікіх гарадках, месціліся галоўныя ўстановы – райвыканкам, райкам, пошта, міліцыя, ваенкамат. Куды ж перш-наперш падацца? Хто выслухае, паверыць у амаль што нерэальную гісторыю і паспагадае? Была апаска, што яго, калі дзе і згадваўся ў спісах партызан, якія дзейнічалі ў тутэйшай і прылеглых да яе мясцовасцях, выкраслілі з ліку жывых. Ці мала такіх безыменных бедалаг параць зямлю. І пра месца іх пахавання (добра, калі было хоць каму па-людску закапаць) не ведае ні адна жывая душа.
Рашыў спачатку наведаць ваенкамат. Але, падышоўшы ўпрытык да шэрага прыземістага, акурат барак, з шыльдай на дзвярах, нязграбна пісанай самадзейным мастаком, ён разахвоціўся ступіць за парог яе дзвярэй. Ну што, што ён скажа ваенкаму ці іншаму якому службоўцу з пагонамі лейтэнанта альбо маёра? Ён жа не імі змабілізаваны, тады быў не дарос яшчэ, каб стаяць на іхнім уліку. З пачатку вайны яму і шаснаццаць не стукнула. А ў партызанах не вельмі глядзелі на ўзрост, абы не выглядаў хіляком і мог трымаць у руках вінтоўку. Так ці інакш, у ваенкамаце маглі б выслухаць, але што з тога? Даведкі якой, што ты ёсць ты, а не хто іншы, што ваяваў тут, у гэтым раёне, ды во бяда: цябе ледзь не ўгробіў твой жа падначалены, які баяўся за сваю шкуру, – такой даведкі без пэўных доказаў, без сведак ніхто і не падумае даць. А дзе ўзяць тыя доказы, тых сведак? Мінула ж тры гады пасля вайны, і многія ці загінулі, ці разышліся-разбегліся па сваіх кутах. Аднак ён таго-сяго адшукае, але ж для гэтага патрэбен час, патрэбна мо куды ехаць. А без дакументаў, без якой бы там ні было паперкі, якая пацвярджала б тваю асобу, выпраўляцца куды-небудзь зараз рызыкоўна.
Раман, павагаўшыся, надумаў заглянуць у райкам камсамола. Усё ж да вайны ён быў камсамольцам, яшчэ і ў партызанскім атрадзе сярод іншых сваіх рэчаў хаваў членскі білет. Дык мо ў райкаме захаваліся якія ўліковыя карткі, мо і ў вайну іх збераглі, вывезлі куды за лінію фронту?
Зайшоў у прыёмную першага сакратара. Маладая, але досыць змардаваная ў твары дзяўчына з ног да галавы агледзела незнаёмага чалавека, неяк стомлена пацікавілася, да каго і па якой справе прыйшоў. Ромка кіўнуў на дзверы першага, па шыльдачцы І. П. Магільца, папытаў, ці мог бы прыняць яго па вельмі важнай справе. Сакратарка, аднак, расчаравала:
– І Магілец, і Бусько, і ўсе іншыя адказныя работнікі днююць і начуюць у раёне. Хто па падпісцы на пазыку, хто па арганізацыі калгасаў. Іншыя памагаюць органам лавіць і абясшкоджваць бандзюкоў. А я тут адна зашылася.
– То калі таварыш Магілец будзе? – у голасе Рамана чуліся адчай і безнадзейнасць.
– Давайце запішу вас на прыём. Як прозвішча? – сакратарка памакнула пяро ў чарніліцу. Калі Ромка назваў сябе, сказала:
– Заўтра па абедзе зайдзіце альбо пазваніце. Можа, к вечару заявіцца. Праўда, тэлефон у нас наравісты, то працуе, то маўчыць. Бяда проста.
Ужо на вуліцы Раман зусім разгубіўся. Што рабіць далей, не меў ніякага ўяўлення. Ісці яшчэ ў якую ўстанову, скажам, у міліцыю ці райвыканкам таксама не было сэнсу. Відаць, трэба дабірацца на сваю радзіну, з якой, думаў, развітаўся назаўжды, хіба каб наведаць магілы бацькоў. Там завітаць у свой сельсавет, што ў мястэчку побліз, і з яго пачаць дзейнічаць. Сельсавет ужо аніяк не можа адмахнуцца, бо там, хто б з мясцовых ні працаваў, павінны помніць ягоных бацькоў. Знойдуцца і тыя, хто пацвердзіць, што іхні сын быў у партызанах, чэсна ваяваў.
Ромка з самага пачатку ўсю гэту мінтрэгу з дакументамі меўся пачаць з сельсавета, аднак стрымлівала тое, што не ўсім землякам хацеў адкрывацца ў тым, якая спасцігла яго бяда. Знайшліся б такія, хто мог усумніцца, чортведама чаго напрыдумляць на ягоны конт. На чужы раток не павесіш жа замок.
Зараз на ганку райкама ў глыбокім одуме ён прыкідваў, які зрабіць далейшы крок. Што не пойдзе ні ў адну тут установу, гэта, мусіць, будзе лепей за ўсё. Разам з тым, нешта стрымлівала, каб завярнуць аглоблі назад, на хутар. Што скажа маці? Яна ж з гэткай жальбой і надзеяй збірала і праводзіла яго ў дарогу. А тут раптам першая няўдача – і ўсё, здаюся на міласць абставінам. Не, так не пойдзе. Трэба ўсё ж, мусіць, трапіць да Магільца. Калі ён займае такую пасаду і сам шчэ малады, то не мае права быць абыякавым да лёсу нядаўняга камсамольца, хай сабе зараз і без білета.
Вырашыўшы перачакаць да заўтрашняга дня, ён скіраваў у бок чыгуначнай станцыі. Пэўна ж, там у любы час таўкуцца людзі, і яму ўдасца дзе-небудзь прыперціся, прыкархнуць да раніцы. Пад дахам можна будзе і падсілкавацца. Маці ж пастаралася, паклала яму ў торбу гэтулькі ўсяго, што, калі ашчадна, на тыдзень хапіла б.
Не ведаў Раман, што з вакзала (мясцовы люд справядліва называў гэты несамавіты, грубай цаглянай кладкі будынак станцыяй), глыбокай ноччу яго, да дзікага болю заламаўшы назад рукі, пасадзіўшы пад вока цёмна-сіні фінгал быццам бы за супраціў і непадпарадкаванне ахоўнікам парадку, з “камфортам”, тварам на голай жалезнай падлозе закратаванага “варанка” даставяць туды, куды лепш ніколі не трапляць.
А ўсё з-за свайго няўмення трымаць язык за зубамі. Дзе той дзядзька, з-за якога ўсчаўся сыр-бор? Ён ужо, пэўна, прытаіўся на пероне, чакае, калі прыбудзе ягоны цягнік. Яму зараз начхаць на нейкага там заступніка. Ромку тады, на сваю бяду, собіла ж прымасціцца побач на адной з нешматлікіх, спрэс “упрыгожаных“ імёнамі і пахабнымі словамі, дашчанай лаўцы, спінка якой таксама была размалявана голымі, з шырокімі азадкамі, кралямі. Побач сядзелі, лузгалі семкі, шалупінне кідаючы сабе пад ногі, дзве няпэўнага ўзросту маладзіцы ў амаль што аднолькавых плюшаўках, бліскучых гумавых боціках, досыць цёплых квяцістых хустках. “Не адзін я ў гумовіках, – падумаў Раман, аглядаючы сваю несамавітую абуўку. – На такую хлюпэчу, аднак, самы раз”. Яшчэ два па шырыні месцы займаў гэты стары з кашолкай, з якой вытыркаў голаў жывы гусак. Птушцы, відаць, абрыдзела сядзець у цеснаце і нязручнай позе, і яна як мага пнулася вылузацца наверх, на волю вольную. Але гаспадар не вельмі цырымоніўся са сваім дабром, лэпаў гусака за дзюбу і груба асаджваў назад, у кашолку.
– І далёка з такім набыткам? – пацікавіўся Раман.
Стары, яшчэ раз задаўшы гусаку добрую прачуханку за непаслушэнства, неахвотна сказаў:
– Баба голаў адурыла – вязі ды вязі. Дачка, яна жыве побач з Мінскам, схацела мець сваю жыўнасць на падвор’і. А ў іх за парканам лужок, сажалка – палічыла, будзе райская жытка. Купіла сем малых гусятак, а мужчынскага племя дык ніводнага не аказалася. А без яго як? Вот і вязу, хай стараецца, топча сваіх лапачак.
Расказваючы, дзед згубіў пільнасць, гусак, напяўшыся з усяе моцы, выскачыў з кашолкі і, хоць ногі ў яго былі добра звязаныя, умудрыўся неяк скаціцца на калені адной з маладзіц. Тая, залямантаваўшы, акурат яе па-жывому рэжуць, няшчадна малоцячы затурканую ўшчэнт птушку кулакамі, спрабавала скінуць яе на заплёваную падлогу. І тут гусак не вытрымаў такога з ім абыходжання, хапянуў дзюбай за палец крыўдзіцельку, да таго ж і спаражніўся па вялікай і малой патрэбе ёй на калені. На гвалт маладзіцы збегліся ўсе, хто быў у пачакальнай станцыі. Разабраўшыся, што да чаго, грымнулі дружным рогатам. Аднаму гаспадару птушкі было не да смеху. Ля яго ўжо стаяў у поўны рост хілы, але з нахабным тварам міліцыянт, якога, кудысь збегаўшы, паклікала другая, некранутая гусаком сяброўка пацярпелай.
Ахоўнік парадку, пераканаўшыся, што птушка належыць старому, так груба хапіў яго за адварот суконнага, шытага з салдацкага шыняля, уцепленага фрэнча, ажно з мясам вырваліся і пырснулі долу два металёвыя гузікі. Дзядзька памкнуўся штось сказаць у сваё апраўданне, але міліцыянт пад віск і лаянку абгаджанай маладзіцы занёс кулак, каб ударыць чалавека па галаве ці твары. У Рамана, які спачатку весела глядзеў на ўсю гэтую камедыю, спрацавала імгненная рэакцыя – ён перахапіў руку ахоўніка парадку і з усяе сілы тузануў назад. Цікаўныя, якіх яшчэ паболела, аслупянелі ў чаканні: што будзе далей? Зараз уся ўвага перакінулася не на маладзіцу, якая, крывячы нос і апошнімі словамі праклінаючы дзядзьку, гаспадара гусак, шматкамі намочанай сяброўкай газеціны выцірала плюшаўку, а на тога, хто адважыўся на адзінаборства з міліцыянтам. Натоўп загудзеў, нехта ззаду, заахвочваючы смельчака, досыць голасна выгукнуў:
– Усып, браток, гэтаму мільтону напоўніцу, каб юшкай заліўся. А то надта ж многа ўлады заімелі.
Чуў ці не чуў Раман тую параду, але, насуперак ёй, тут жа расцяў пальцы і сеў на сваё ранейшае месца. Міліцыянт ад нечаканасці на секунду нібы разгубіўся, апусціў руку. А дзядзька тым часам з кашолкай і гусаком шмыгнуў за спіны цікаўных, толькі яго і бачылі. Ачомаўся ад неспадзяванкі і ахоўнік парадку. Стаўшы перад нахабнікам, які дазволіў сабе не тое што да мундзіра дакрануцца, але і прымяніў сілу, ён грозна запатрабаваў:
– Дакументы! Быстра!
Чаго заўгодна, а вось такога павароту Раман не чакаў. Як жа гэта ён не падумаў, што ён ніхто тут, чалавек без імя, роду і племені. І ўвязаўся, маючы нічыйны статус, некага там абараняць. Лепш бы сядзеў, бы мыш пад венікам. Дык, бачыш, загаварыла ў ім пачуццё справядлівасці. Не ведаючы, як выкруціцца, прыдумаў:
– То яны дома. Ці ж заўсёды з сабою браць? Мала хто выцягне. Цяпер жа кішэннікаў тых хоць адбаўляй.
Міліцыянт, наліўшыся крывёю, гаркнуў:
– А ну марш на выхад. І рукі назад. Быстра!
Не паспеў хлопец апамятацца ад такога патрабавання, як, адкуль ні вазьміся, да яго падскочыў грудасты мардаварот у форме. Коратка спытаў у напарніка, з якой прычыны такі вэрхал. Хіляк кіўнуў на Рамана:
– Во, без дакумантаў. Няйнакш, бандзіт. І бандзіцкі напад на прадстаўніка ўласці ўчыніў.
“Што, што ён вярзе? О, Божа!!” Не паспеў Раман гэтак падумаць, як мардаварот учэпіста хапіў яго рукі, заламаў назад і зашчоўкнуў на запясцях кайданкі.
– Што вы робіце, ён жа нічога не ўчыніў благога, толькі старога не даў біць, – крыкнуў інтэлігентнага выгляду акулярысты чалавек з натоўпу.
– І ты хочаш разам з ім? – ашчэрыўся мардаварот. – То ходзь, ходзь сюды. За намі не заржавее. Мо пасобнік бандзіта, га?
Акулярыстаму нічога не засталося, як праз расхлябленыя насцеж дзверы шмыгнуць у прыстанцыйную цемрань. А Ромку, груба піхнуўшы ў плечы, змусілі ісці да службовага выхаду, дзе стаяў напагатове “варанок”. Ведаючы, што нічога добрага яго не чакае, усё ж асмеліўся папрасіць:
– Торбачка там мая. Харчы маці паклала. Дык узяць трэ.
– Яшчэ паглядзім, што ў той торбе, – хіляк падхапіў з лаўкі паклажу затрыманага. – Можа, аружжа, тол альбо граната.
– Глядзіце, колькі вам захочацца. Мне ўсё роўна, – неяк адчужана кінуў сваім канваірам Раман.
На вуліцы, калі не стала зявак, абражаны міліцыянт падскочыў да яго спераду і нечым цвёрдым, ключом ці тронкай сцізорыка, садануў пад вока.
– Гэта табе, падла, каб помніў, каго лапаеш сваёй паганай клюшняй.
Ад болю ў Рамана пацямнела ўваччу, ён нават хіснуўся, але ўстояў на нагах і, каб не было кайданкоў, па-кашачы кінуўся б на гэтага хліпіка, пакуль стрэл ззаду нанова не размажджэрыў бы яму чэрап.
З “варанка”, заехаўшы ў двор міліцыі, яго кінулі ў ледзяны цэментны “пенал”, надзейна замкнулі і пайшлі далажыць дзяжурнаму пра падазронага маладога чалавека, у якога не было дакументаў. Пры вобыску той аказаў рашучае супраціўленне. У іх ёсць падазрэнне, што затрыманы адзін з банды Венькі Лютага, на якога яны ўжо тры гады безвынікова палююць.
– Во, прынеслі ягоную торбу, – пахваліўся хіляк. – Корпацца ў ёй было некалі. Ды і асцярога патрэбна. Там, можа, якое выбуховае прыстасаванне на ўзводзе. Недарма ён так дрыжаў за сваё дабро.
– Ну, дай Бог хоць якую зачэпку, – сказаў дзяжурны, – трэба далажыць таварышу Пушкарову, але ў яго зараз запознены госць з вобласці, прасіў не турбаваць. А торбу, чым чорт не жартуе, хай агледзяць спяцы. Толькі заўтра, бо ўжо нікога няма.
– Дак куды яе?
Дзяжурны пачухаў патыліцу:
– Мо ў падвал кацельні? Але ж калі раптам выбухне, то і нам хана будзе. Лепш схавайце да раніцы ў смеццевы бак, што за прыбіральняй. Накрыйце чым цяжкім, каб каты ноччу не палазілі, не нарабілі бяды.
У “пенале” Раман прамёрз да костачак. Яшчэ даймала і сырасць. З дна гэтай магільнай ямы, толькі што з трыма ўверсе прыступкамі да жалезных дзвярэй, патыхала застаялай, невыносна смярдзючай вадой, у якой, чутно было, штось боўталася, часам гідка папісквала, нешта ядомае грызла. “Пацукі, – здагадаўся Ромка. – Іх тут, відаць, знарок трымаюць і падкормліваюць. Дзеля псіхічнага ўздзеяння, каб зняволены адчуў сваю поўную нікчэмнасць. Колькі ж будуць мяне тут трымаць? Да раніцы, няйнакш”.
Ноччу, каб не заснуць і па прыступках не скаціцца ў жыжу, а яшчэ не меней апасаючыся гэтых ненажэрных брыдот, якія могуць і на жывое цела накінуцца, ён бясконца размінаў ногі, нават калі векі пачыналі самахоць зліпацца, да крыві кусаў вусны. Што тычылася думак пра сваё становішча, то прызнаваў яго самым безнадзейным. Шкада, да слёз шкада было яго другую і не менш любую матулю, якая мела нейкі спадзеў у сваім адзінокім бядотным існаванні. З якой любасцю яна збірала яго ў дарогу! Недзе, пэўна ж, і зараз, перад сном, стаіць наўколенкі перад іконай, просіць у Бога, каб ён паспрыяў сыну ў пошуках самога сябе. Ведала б яна, матуля, дзе яму даводзіцца бавіць гэту ноч, то, пэўна, бегма бегла б сюды, у райцэнтр, стукалася б у любыя дзверы, каб даказаць сынаву невіноўнасць. Аднак добра, што яна нічога не ведае. Мо яго і ейнай мальбой выблытаецца з гэтай гісторыі, мо не ўпякуць яго на многія гады за краты. Але ж пачатак нічога добрага пакуль што не абяцае…
Калі скончыцца гэта кашмарная ноч, ён ані не ведаў. Дзверы на выхад не прапускалі ні свежае паветра, ні праз якую дзюрку ці шчылінку хоць кроплю святла. “Дамавіна яна і ёсць дамавіна”, – з сумам канстатаваў сам сабе. За ноч ад кайданкоў ацяклі запясці рук, і боль зараз, калі ён тузаўся, каб трошкі аблегчыць ціск гэтых абцугоў, станавіўся невыносным. З цяжкасцю стаўшы на амаль што ватныя ногі, ён упёрся лбом у дзверы і прыслухаўся: мо за імі, у двары, усчаўся ўжо які рух? Тады нагамі пагрымеў па жалезе, каб пачулі, што тут, у каменнай дамавіне, жывы яшчэ чалавек і яму не толькі есці-піць хочацца, але схадзіць па пэўнай патрэбе туды, куды водзяць самых адпетых бандзюкоў і забойцаў. Знадворку, аднак, не было чутно ні гуку. Раман зноў хацеў быў умасціцца на прыступку, але да наструненага слыху раптам данеслася вуркатанне матора, ляпанне дзверцаў, гучныя два ці тры мужчынскія галасы. Адзін, Раман адразу пазнаў, належаў учарашняму мардавароту, які адмыкаў лядоўню, піхаў яго ў цемнату і прапахлую пацукамі гніласць.
– Мо здох ужо, – другі голас, падобна, што хіляка, пачуўся ля самых дзвярэй склепа.
Бразгаючы ключамі, мардаварот хіхікнуў:
– Тады, Патапкін, і твой худасочны азадак будзе абгрызены гэтымі мярзотнымі стварэннямі. Начальнік не даруе, калі ў ягоны кабінет кінем абгрызены труп.
– Але ж мы разам… – памкнуўся нешта давесці Патапкін, аднак напарнік ужо не слухаў яго. Адамкнуўшы дзверы, гукнуў у паўзмрок:
– Гэй, ты, хара бандзіцкая, жывы ці мёртвы – гайда на выхад. Высокае начальства зажадала на такую птушку адным вокам зірнуць.
Жмурачыся ад святла, Раман выйшаў у двор і найперш, як вырашыў ноччу, не папрасіў, а запатрабаваў:
– Адвядзіце мяне, калі ўжо так пільнуеце, у прыбіральню.
– Іч, чаго захацеў. А там, у начлежцы, не мог спаражніцца? Усе так робяць, – гэта ўжо Патапкін уставіў сваё слова.
– Я не жывёліна і не хара бандыцкая. З людзьмі, пакуль не разбярэцеся, трэба па-людску абыходзіцца. Не гэтак, як вы ўчора.
– Павякай мне, павякай. Ураз і новы фінгал пасадзім. – Патапкін упрытык наблізіўся да сваёй ахвяры, гатоў быў замахнуцца, але Раман, вырашыўшы, што горш ужо не будзе, усёй застаялай у роце слінай плюнуў яму ў твар. Слізь трапіла хіляку ў вочы. Ён адвярнуў голаў, каб выцерціся, і адначасова правай рукой пачаў расшпільваць кабур, намагаючыся выхапіць пісталет.
– Ты, Патапкін, гэта… збаў свой пыл, – піхнуў напарніка ў грудзі мардаварот. – Ён, – кіўнуў на затрыманага, – яшчэ сваё палучыць. Куля яго не міне.
Пасля валтузні ў двары Рамана ўсё ж адвялі ў прыбіральню, нават знялі кайданкі, бо ведалі, што ўсё роўна ён ад іх нідзе не дзенецца.
У прыёмную Рамана даставілі, трымаючы подручкі з абодвух бакоў. Дзверы ў кабінет начальніка былі трохі прачынены, адтуль чулася тэлефонная размова, і міліцыянты чакалі, калі яна скончыцца, каб зайсці і пра ўсё па парадку далажыць. Толькі вось з падканвойным сталася штось незразумелае: раптам абмяк і стаў валіцца на падлогу.
– Налажыў, мабыць, у штаны і зараз сімулюе беспрытомнасць, – шапнуў мардатаму Патапкін. – Не мяшала б яму кухталя добрага даць.
– Дамо, дамо, будзе час.
У гэты момант дзверы расчыніліся, і гаспадар кабінета паўстаў перад тройцай.
– А-а, вы, – сказаў рассеяна, вярнуўся да стала і паклаў назад якуюсь паперу. – Ну, пакажыце, якога арла сцапалі, нешта ж на разбойніка з вялікай дарогі ён не выдае. А пад вокам што?..
Раптам і начальнік змяніўся ў твары, кінуўся ў крэсла, аддыхаўся секунду, пасля, працёршы вочы, няўпэўнена спытаў:
– Ты, Зотаў?! Няўжо?! Няўжо з тога свету? Сам сабе не веру.
Раман устрапянуўся і, таксама не верачы ў такую выпадковасць, як некалі ў партызанах, адчаканіў:
– Так точна, таварыш камандзір атрада. З небыцця, лічыце, з тога свету вярнула мяне жанчына, якая замяніла родную маці. А гэтыя, бачыце, даўбуны зноў хочуць кінуць мяне ў апраметную.
У адным парыве, адпіхнуўшы сваіх падначаленых, баявы нядаўна партызанскі камандзір абняў Ромку, расчулена сказаў:
– Тыдні праз два, як прапала ўся група, мы паслалі па вашым следзе разведчыкаў. Жывых, вядома, не спадзяваліся знайсці. Ведалі, якія сілы кінулі немцы, каб сцапаць падрыўнікоў. Але думалася, што хоць забітых не крануць, і мы зможам годна пахаваць герояў. Ды дзе там! Снегу ў тую зіму намяло столькі, што любыя пошукі сталі б марнымі. А тут яшчэ і нас аблажылі з усіх бакоў…
Расказваючы, начальнік забыўся пра сваіх служакаў, якія, ні жывыя ні мёртвыя, стаялі бліз дзвярэй і не ведалі, што рабіць. Патапкін, адчуваючы, што гэты дзень можа скончыцца для яго вельмі дрэнна, апусціў долу вочы. Пасля ці то ад страху, ці так з якой прычыны ў яго пачалася частая ікаўка. І толькі тады галоўны раённы міліцыянер схамянуўся і, наліўшыся крывёю, гаркнуў:
– Вон з кабінета! Абодва. А ты, Патапкін, на суткі ў склеп. І каб не акрайца хлеба. Ужо другі раз у цябе такі пракол… А-а, пачакай, пачакай, – глянуўшы ў падбітае Ромкава вока, спытаў: – Твая работа?! Маўчыш? То за разбой яшчэ суткі арышту. Зброю здасі дзяжурнаму. Выконвай!
Раман усё яшчэ ніяк не мог паверыць у рэальнасць таго, што за кароткія хвілі пачуў і ўбачыў. Толькі калі яны засталіся ўдвох, адчуў страшэнную спустошанасць, на вочы нагортваліся слёзы. Ён і заплакаў, хоць меней за ўсё хацеў, каб камандзір атрада ўбачыў яго слабасць.
– Прабачце, Пётр Вікенцьевіч, нешта са мной робіцца, – сказаў вінавата, – распусціў тут у вас нюні. Ніколі са мной такога не было.
– Нічога, хлопча, і мы, мужчыны, неаднойчы плакалі, калі хавалі баявых сяброў. Душа бывае плача і зараз, бо радасці ў нашай справе мала… Але што ж гэта я трымаю цябе ля парога. Давай, хлопча, распранайся, садзіся вунь на тую канапку, а я зараз распараджуся, каб кавы прыгатавалі, бутэрбродаў.
Пушкароў дачакаўся, калі Раман зніме з сябе верхнюю апратку, сам павесіў яе ў шафу і толькі тады, сказаўшы, што хутка вернецца, выйшаў з кабінета. “Ну і ну, – ужо трохі супакоіўшыся, Ромка не пераставаў дзівіцца гэткай удачы. – Мабыць, і з дакументамі ўсё ўтрасецца. Дзе ж лепшага сведку знайсці, як не былога камандзіра партызанскага атрада, а зараз начальніка раённай міліцыі”. Ён ведаў, што ў Пушкарова будзе да яго нямала пытанняў. Ды і самому карцела шмат пра што даведацца. Найперш, вядома, ці ўсё ж застаўся хто жывы з іхняе групы. Няўжо ўсе да аднаго загінулі? А Пахілкін? Пра гэтага нелюдзя пакуль ні слова. Хіба што сам Пушкароў папытае…
Пакуль ён сядзеў у пустым кабінеце, нехта тры разы званіў, адзін дык надта настойліва, відаць, здалёку, мо з Мінска, а то й Масквы. Сакратаркі таксама не было на сваім рабочым месцы, інакш бы яна адказала на тыя званкі. Але неўзабаве яна ўвайшла з падносам, на якім, бы гусак, цягнуў шыйку ўгору і дыміўся парай досыць ёмісты, на некалькі шклянак, заварнік, ярка, з густам расквечаны. На невялікіх белых сурвэтках ляжалі бутэрброды з якойсьці чырвонай рыбай, на сподачку – кольцы апетытнай каўбасы, у слоіку моклі ў расоле дужа малюпасенькія гурочкі. Такіх Раман яшчэ ніколі не бачыў. Ці не далі ім падрасці, набрацца моцы, ці гатунак такі дзіўны. Ён напружыў зрок і здаля прачытаў на этыкетцы: “Венгерскія”. Бач ты, падумаў, ажно з Венгрыі вязуць, нібы сваіх не могуць мець.
Сакратарка, паставіўшы ўсю гэтую раскошу на асобны столік, неяк змушана ўсміхнулася незвычайнаму госцю свайго начальніка. Яна, адчувалася, была ледзьве не ў шоку: толькі што гэтага куца апранутага, у няўклюдных гумовіках на нагах маладога, але дужа змардаванага чалавека, з крывавай шышкай пад вокам, прывялі да яе шэфа ў ролі дужа небяспечнага злачынца, якога ў самы раз на шыбеніцу, а той прывячае яго, як, пэўна, не прывячаў бы самога міністра. Пайдзі ты разбярыся, што да чаго. Але ж калі сам…
Сам не прымусіў сябе доўга чакаць. Імкліва зайшоў у кабінет, яшчэ сказаў сакратарцы:
– Наташа, на тры гадзіны мяне няма. Ні для кога. Ведай, тэрмінова ў райкам да першага паклікалі. Хто па тэлефоне будзе трызвоніць, кажы, пасля абеду няхай.
Ужо седзячы не на сваім рабочым месцы, а за столікам насупраць Рамана, прызнаўся:
– Ахранавела мне гэта міліцэйская служба. Па прафесіі я геолаг, а ў армію змабілізавалі, не пытаючыся, хачу там служыць ці не. За паўгода да вайны кінулі нашу часць у падмацаванне заходняй мяжы. Падмацавалі, называецца. А як фашысты паперлі, выявілася поўнае бязладдзе ва ўсім. Пакуль сарганізаваліся, драпалі з усіх ног і гінулі сотнямі тысяч. Крыўдна было да слёз. Добра, што сам палону пазбегнуў. У лесе наладзілі супраціў акупантам. Гэта і запомнілася, тое хоць трохі апраўдвае твой уклад у Перамогу. Вось за гэта, за наша незабыўнае партызанскае мінулае, за тых, хто выжыў, а найперш за маладых, такіх, як ты, каму не пашчасціла вярнуцца дадому, да сваіх родных, да любай дзяўчыны, давай, хлопча, вып’ем па кроплі і памянём іх добрым словам, – Пётр Вікенцьевіч з шуфлядкі століка, крутнуўшы ключ, выняў пляскатую бутэльку з карычневатай вадкасцю, адкаркаваў, наліў у кубачкі, падняўся і прапанаваў чокнуцца.
Раман, таксама стоячы, чокнуўся, прыгубіў вадкасць. Здагадаўся, што гэта не абы-што, а каньяк, якога ніколі ў жыцці не даводзілася пробаваць. Глытнуў палову налітага і адчуў, як апякло ўсё ўсярэдзіне – гэткае моцнае аказалася пітво.
– Ух ты, – сказаў разгублена, напоўніцу аддыхваючыся. – І партызанскі пяршак нішто ў параўнанні з ім.
– Закусвай, ты ж, здагадваюся, і зернетка макавае ў роце з учарашняга не трымаў, – Пушкароў падсунуў бліжэй да яго бутэрброды і каўбасу. – Я таксама перахаплю чаго, бо жонка ў бальніцы з запаленнем лёгкіх, а дачку пакуль сабраў у сад, для сябе не засталося ні хвіліны.
– Я ж, Пётр Вікенцьевіч, як пайшоў на тое апошняе заданне, так ні пра вас, ні пра кога іншага нічога не ведаю.
– Як і я пра цябе, хлопча. Але спачатку, перш чым паспавядацца адно аднаму, давай яшчэ патрошку. Даўнавата не браў у рот ні грамулькі, а часам, калі нервы на ўзводзе, ой як патрэбна такая расслабка.
– Цяжкавата, мабыць, кіраваць такімі, прабачце, доўбнямі, якія мне ўчора трапіліся? – спытаў Раман, пакуль гаспадар кабінета даліваў яму кубачак. – На вакзале, каб перачакаць ноч, сядзеў ціха, мірна. А тут у дзядзькі вясковага жывы гусак вылузаўся з кашолкі і скочыў дамачцы на прыпол. Яна і падняла несусветны вэрхал. Гусак той з перапуду нарабіў ёй на калені.
– І што далей было? – не стрымаўся, зарагатаў Пушкароў.
– А далей знекуль, бы з канопляў, вынырнуў гэты ваш, як яго? Патапкін, накінуўся на нявіннага дзядзьку. Калі размахнуўся, каб ударыць яго па твары, я перахапіў руку крыўдзіцеля і адвёў убок. Што тут пачалося! Падскочыў напарнік Патапкіна і запатрабаваў дакументы, а калі я сказаў, што няма, разам запіхалі ў “варанок”, яшчэ абвінавацілі ў супраціве міліцыі, назвалі бандзюком і, пасадзіўшы кастэтам ці так чым вострым вось гэтую пад вока пячатку, кінулі на ноч да пацукоў у цэментную лядоўню.
– Н-да, – пасуровеў Пушкароў. – Яны, абодва, сваё атрымаюць па поўнай. На жаль, ці стане гэта для іх урокам? Ды каб адны яны такія былі. Усё ў нашай міліцыі трымаецца на страху, уніжэнні падазронага. Вось чаму абрыдла мне гэта служба. Каб адпусцілі, пайшоў бы к ядронай фені на ўсе чатыры бакі. Гэта ж тут, у Беларусі, мора нязведаных падземных скарбаў. Мяне так цягне ў геалогію.
Яны зноўку выпілі і закусілі. Пётр Вікенцьевіч, як бы між іншым, папытаў:
– А з дакументамі што, за гэтыя гады мог бы ўжо запасціся. Без іх зараз, не кажучы пра пашпарт, нікуды не сунешся.
Раман зразумеў, што не настырна, неяк нават вельмі далікатна былы камандзір хоча вярнуць яго ў той помны, дужа чорны дзень у жыцці атрада, калі і ён сам бясследна прапаў, і яшчэ невядома ці хто іншы з падрыўнікоў, хоць адзін з іх, вярнуўся з задання. Пэўна, для яго гэта было вельмі важна. І тады, у лесе, калі да Перамогі было яшчэ не так блізка, і цяпер, у пасляваенны час. Ён чакаў, пэўна ж, хоць і запозненай, але так патрэбнай справаздачы ад старшага групы. Аднак, перш чым пачаць свой сумны аповяд, Раман папытаў:
– Скажыце, хто-небудзь з маіх тады дабраўся да базы?
– Я чакаў ад цябе гэтага пытання, – Пушкароў пільна глянуў у вочы субяседніку. – Тут кожны момант мае прынцыповае значэнне. Дык вось адказваю – прыбег адзін Пахілкін і адразу ў зямлянку, у свой катух, на нары. Пачаў у гарачцы штось трызніць. Улілі яму ў рот трохі самагонкі, расцерлі твар, рукі, ногі, а ён па-ранейшаму ні жывы ні мёртвы. Хацелі што-небудзь высветліць, што сталася з астатнімі хлопцамі, дзе яны, але Пахілкін толькі лыпаў вачыма, пыкаў-мыкаў і правальваўся ў бяспамяцтва. Два тыдні амаль нічога ў рот не браў, тросся, бы ў ліхаманцы, са страхам, усё-роўна кагось чакаючы, глядзеў на дзверы ў зямлянку. Схуднеў, засталіся адны скура ды косці. І самае цяжкае для нас – не мог путнага чаго сказаць. Што ні рабіў атрадны фельчар, каб ажывіць жывы труп, нічога ў чалавека не атрымлівалася. Вырашылі, дазнаўшыся, што жывы-здаровы родныя Пахілкіна – маці і сястра, нейкім чынам пераправіць хворага пад іхняе апекаванне. Тым больш, жылі яны ў глухой, закінутай сярод лясоў і балот вёсачцы, у далёкім кутку вобласці, куды немцы і носа не патыкалі. Маці з сястрой мо выхадзяць бедалагу, а не, то…
Расказ Пушкарова Ромка слухаў, думаючы пра штось сваё. Адразу ўспомніліся бацькі, іх трагічная смерць. Хто ж такое зладзейства ўчыніў? Дасюль на гэты конт не было цвёрдай пэўнасці. Праўда, апроч Пахілкіна, ніхто іншы не мог рашыцца на такі бандыцкі крок. Толькі ён ведаў, што трэба шукаць, а пасля як непрыкметна замесці сляды. Але ж калі ён гэта паспеў? Да дня вылазкі на важны фашысцкі аб’ект? Тады ўсё зразумела. Толькі цяпер прыгадалася, што Пахілкін адну ноч не спаў у зямлянцы, а пад ранак, знекуль прыцёгшыся, кулём кінуўся на свой саламяны матрац і як непрытомны заснуў. Абудзіўся, праўда, разам з усімі, пабег абцірацца снегам. Ён, Ромка, спытаў быў, дзе бадзяжнічаў, ці далажыў каму трэба пра сваю адлучку, але Пахілкін, чамусьці адводзячы вочы ўбок, непрыветна буркнуў: “Скора і за куст хадзіць буду пытаць дазвол”. Іншым, праўда, крывячы ўхмылку, пахваліўся, што бегаў за сем кіламетраў да згаладалай па мужчынскім целе ўдавы і добра-ткі адцягнуўся, на месяц хопіць.
Пракручваючы ў памяці гэты выпадак, Раман усё больш і больш прыходзіў да высновы, што той, хто замахнуўся на яго жыццё і пазбавіў жыцця бацьку і маці, – адна і тая ж асоба. Гэта – Пахілкін. Але ж якое трэба мець звярынае нутро, каб так лоўка нейкі час маскіравацца.
– Ты, хлопча, нешта непрыемнае прыгадаў? – ад Пушкарова нельга было схаваць самай нязначнай перамены настрою.
Раман спахапіўся:
– Прабачце, лезе ў голаў нешта несусветнае. Але што ж далей з Пахілкіным, яго такой дзіўнай хваробай?
– Знайшлі з канём вясковага дзядзьку, які калісьці жыў паблізу ад тае вёсачкі і які згадзіўся, быццам каб адведаць радню, адвезці туды і хворага. Больш у атрад ён не вярнуўся і не падаў пра сябе ніякага знаку. Толькі паўгода таму дазнаўся, што Пахілкін жывы-здаровы, у сталіцы ўладкаваўся на важную пасаду ў саліднай установе, часам папісвае ў газеты пра свае гераічныя партызанскія будні.
– Во як! – не стрымаўся, усклікнуў Раман. – Герой, няйнакш, – прагучала ўжо амаль здзекліва.
Пушкароў адрэагаваў адпаведным чынам:
– Відаць, пра гэтага чалавека мы аднолькавай думкі. Толькі ты ведаеш пра яго ўсё, а я аб чымсьці здагадваўся, а фактаў, доказаў – кот наплакаў. Цяпер, хлопча, не выпушчу цябе з кабінета да той пары, пакуль не пачую з тваіх вуснаў усю праўду. І пра загінуўшых хлопцаў, і пра тваё жыццё-быццё з тога трагічнага дня, і пра Пахілкіна. Мне, вашаму камандзіру, які за ўсіх нёс адказнасць, вельмі важна знаць гэту праўду. Чатыры гады, як апошні раз бачыў цябе і тваіх баявых пабрацімаў, я не адзін раз прачынаўся ад цяжару на сэрцы, ад усведамлення, што гісторыя вашага знікнення не зусім чыстая. Цяпер, думаю, ты ўнясеш поўную яснасць.
Калі на пачатку іхняе размовы Раман яшчэ вагаўся, раскрываць перад Пушкаровым да канца свае карты, ці счакаць, пакуль сам не развее ўсе сумненні, то, пачуўшы такія звесткі пра Пахілкіна, рашыў, што цямніць зараз было недаравальна.
…Справаздача яго доўжылася мо гадзіны дзве. Пушкароў часам перапыняў Ромку, удакладняў дэталі: спачатку як падступіліся да той нафтабазы, бо яна ж моцна ахоўвалася, хто закладваў узрыўчатку, прозвішчы тых трох герояў, якіх, пасля пякельнага бою і адступлення, не далічыліся ў групе. Абурыў камандзіра факт самавольнай адлучкі Пахілкіна з месца ляснога прывалу і па яго віне гібель групы. Калі ж Раман урэшце-такі прызнаўся, што гэты чалавек, баючыся адказнасці, стрэліў у патыліцу і яму, а пасля кінуў паміраць на снезе, Пушкароў хапіўся ажно за сэрца. Вольнай рукой ён выняў з пінжака якуюсь таблетку, узяў пад язык і з пабялелым тварам сядзеў не варухнуўшыся.
– Мо сказаць, каб сакратарка выклікала “хуткую”? – не на жарт расхваляваўся Раман. – Шкадую, што пачаў пра гэтага нягодніка.
Пушкароў змог адолець сваю слабасць і ўжо, выбачаючыся, папрасіў працягваць далей.
– А далей не меней сумная гісторыя. Падабрала мяне жанчына, якая паехала ў лес па дровы і амаль што мерцвяком прывезла на санках на свой хутар. Чым лячыла, не ведаю, але неяк аходала. Загаварыў не хутка, а вось памяць, нават як зваць, страціў на гады. Ні скуль родам, ці ёсць бацька, маці, як зваліўся на плечы гэтай святой жанчыне. Поўная цемрань, ніводнага проблеску ў мазгаўні.
– І пра сваё забойства таксама? – слухаючы, Пётр Вікенцьевіч стараўся як мага бадзёрыцца, хоць атрымлівалася гэта ў яго не лепшым чынам. Праўда, пасля таблеткі крыху палепшала, твар з зямліста-шэрага пакрысе набываў больш-менш нармальны выгляд.
– Пра Пахілкіна, пра ўсё, што адбылося ў той зімовы вечар, успомніў, як акрыяў, – сказаў Ромка. – Не хацеў спачатку вас трывожыць, але вы самі нагадалі. Думаў, калі ён жывы застаўся, з-пад зямлі дастану.
– Не ўсё так проста, хлопча. Сведак жа ў цябе няма? Няма. Не, голымі рукамі гада гэтага не возьмеш.
Дапіўшы рэшту з бутэлькі і добра закусіўшы, на чай ужо махнулі рукой. Адзін раз, пастукаўшыся, заглянула ў кабінет сакратарка, моўчкі паклала на стол шэфа якіясь паперы і гэтак жа моўчкі, шчыльна зачыніўшы за сабою дзверы, выйшла.
– Мо што вельмі важнае? – занепакоіўся Ромка. – А тут я са сваімі праблемамі галаву марочу. Ганіце мяне прэч.
Пётр Вікенцьевіч, бы і не чуў ні слова, падышоў да стала, не сядаючы ў сваё выцертае да белага скураное крэсла, бегла прагледзеў паперы і адклаў убок. Сказаў:
– Чаго-чаго, а гэтага дабра хапае. Адусюль шлюць. І ўсё патрабуюць тэрміновага выканання. Карацей, хлопча, сёння едзь спакойна дадому. Даю машыну з шафёрам. Хутка закіне куды трэба. А праз тыдзень-другі, як вярнуся з Масквы, паклічу да сябе. Пакінь толькі адрас. Саспелі такія-сякія думкі наконт Пахілкіна. І яшчэ. Пасведчанне, якое часова заменіць табе пашпарт, выпішуць у аддзеле кадраў. Ідзі на першы паверх, а я пазваню, каб зрабілі як найлепей.
Ромка ў той дзень, хоць і быў змучаны бяссоннем, здзекамі тупых міліцыянтаў, адчуваў сябе на сёмым небе. Дзякуючы, вядома, шчасліваму выпадку, якія не часта здараліся ў ягоным жыцці.
8
Хрысціна, падаіўшы карову, выйшла з хлява і адразу ўчула вуркатанне матора побліз варот у двор. “Хто гэта пажалаваў? – падумала з раздражненнем. – Пэўна, па заём ці так па якую трасцу. Ужо ж вытраслі ўсё дазвання”. А ўбачыла міліцэйскую машыну, і сэрца, бы птушка ў сілку, забілася ў незразумелай трывозе. “Мо Ромачку што кепскае ўчынілі. Паехаў на злом галавы, без дакументаў, без анічога, яшчэ такі правільны і гарачы”. Ляпнулі дзверцы і… яна ўбачыла сына, усмешлівага, радасна ўзбуджанага, і адразу схлынулі ўсе страхі. Праўда, калі згледзела пад вокам дабрэнны сіняк, ледзьве не выпусціла з рук даёнку.
– Хто ж гэта цябе, сынку, так расквеціў? Гэныя? – яна кіўнула ў бок машыны.
– Не яны, мама, не. – Ромка цвёрда вырашыў не казаць маці пра ўчарашні канфлікт з міліцыянтамі. – Выпадкова спатыкнуўся ля паваленага дрэва і наляцеў на сухі зламаны сук. Добра, што вока цэлае засталося.
– Дык хто там у кабіне? – Хрысціна верыла і не верыла ў тое, што казаў Ромка. – Ён цябе жджэ?
– Паедзе зараз, мама, не хвалюйся, я застаюся і ўсё раскажу. Будзеш давольная. А шафёр вады папрасіў. Кажа, смага дужа мучыць.
– То мо, сынку, сырадойчыку чалавеку? І хай бы зайшоў у хату, ногі трохі размяў.
Ромка, бы не чуючы яе, збегаў на кухню па кварту, з калодзежа выцягнуў вядро сцюдзёнай вады, чэрпнуў і панёс вадзіцелю. Пачакаў, пакуль той вып’е да дна, забраў посуд і, паціснуўшы хлопцу руку, падаўся ў двор. Машына з незаглушаным маторам развярнулася і шыбка памчалася к большай дарозе.
Тое, што расказаў Ромка, калі сеў на сваё звычнае месца за сталом у кухні, вельмі парадавала Хрысціну.
– Маё ты дзіцятка залатое, не ўсё ж табе гараваць. Мо і ты сваё шчасцейка прыдбаеш, – яна сядзела на зэдліку насупраць сына, глядзела на яго змардаваны, чамусьці надта схуднелы за суткі, як не бачыліся, твар і раптам успомніла: – Ты ж з голымі рукамі прыехаў. А дзе торбачка, якую я шыла? Няўжо ўсё з’еў і не хапіла, каб так змарнець? Ой, тут штось не так. Хаваеш ты, сынку, ад мяне праўду.
Пра торбачку Ромка, атрымаўшы ў міліцыі так патрэбную яму паперку, зусім забыўся. А тут яшчэ шафёр, якому Пушкароў загадаў адвезці яго дадому і адразу ж вяртацца назад, прыспешваў: едзем ды едзем. Шэфу скора спатрэбіцца машына, то будзь ласкавы, карэта пададзена да ганка. Ужо ад’ехаўшыся кіламетраў з пяць, успомніў пра торбачку з правіянтам. Але вяртацца назад, каб забраць, ніяк не выпадала: хлопец і так гнаў машыну, бы спяшаўся на пажар. “Забяру іншы раз, – падумаў не без занепакоенасці, як і што скажа маці. – Толькі вось сыр і смятана сапсуюцца, калі хто не з’есць”.
Раману давялося выкручвацца, хоць ведаў, вялікі грэх маніць гэтай святой жанчыне. Але ж дзеля яе душэўнага спакою можна ў выключных выпадках і адступіцца ад пэўных правілаў.
– У прыёмнай у міліцыі забыўся, мама. Не прападзе. Пушкароў не дапусціць, каб што маё прапала. Ён жа сказаў, што хутка сам пакліча, каб абмеркаваць тое-сёе наконт Пахілкіна.
– А ты сказаў пра бацькоў і хто іх угробіў? – Хрысціна, паклаўшы на стол свае натруджаныя, у густых зморшчыках, рукі, якім рэдка калі давала спачын, глядзела на сына, жадаючы пачуць на гэты конт думку яго былога камандзіра.
– Не, мама, пакуль што змаўчаў. За адну сустрэчу было замнога адмоўных эмоцый. Яго і так сэрца не каменнае, пры мне ссаў таблетку. Пра трагедыю бацькоў – сказ асобны. Трэба самому не драмаць, рабіць хоць што-небудзь. Злачынец, пэўна ж, пакінуў свае крывавыя сляды. І жыў не буду, калі не выйду на гэты след.
– Нешта новае ўзбрыло табе, сынку, у голаў? Як я баюся за тваю гарачнасць. Апякчыся можна не за панюх табакі. Ты, здагадваюся, хочаш знайсці Пахілкіна. Так?
Ён нічога не адказаў, і Хрысціна ўжо ніколькі не сумнявалася, што яго ў сваім намеры зараз нішто не спыніць. Між тым, пасля нудотных дажджоў пакрысе пачало праясняцца, і Ромка, пакуль не зажыве, не згладзіцца знак пад вокам (маці бясконца рабіла яму ўсемагчымыя прымочкі), уздумаў латаць страху хлява, у якой працякала акурат над катухом каровы. Было некалькі абмалочаных цэпам жытнёвых кулёў, якіх, па прыкідках, павінна хапіць аж занадта. Хрысціна адгаворвала яго, казала, што тут патрэбна ўмельства, і яна папросіць старога Яўхіма з суседняга хутара. Той за клінок сыру і галоўку масла за дзень зробіць гэту работу. Але Ромка праявіў упартасць – не і не, мы і самі з вусамі. Каб маці не перажывала, сказаў, што перад вайной з бацькам перакрывалі ўсю страху свае хаты, і ён займеў такі-сякі вопыт.
– Ну то й хай, сынку, – змірылася Хрысціна. – Толькі калі мая помач патрэбнна будзе, кажы. Я пайду за хатай капаць астатнюю картоплю. Не заладзілі б гэныя дажджы, то ўжо ўся была б у склепе.
Работа ў Ромкі спорылася. Усё ж бацька многаму яго навучыў, і зараз ён добра ведаў, з чаго пачаць, як састыкаваць, каб вільгаці ані не было ходу ўсярэдзіну, стары покрыў з новым. Маці некалькі разоў падыходзіла да хлява, глядзела, як сын, абапіраючыся на прыстаўленыя збоч аголенай дзіркі драбіны, лоўка арудуе пазычанай у Яўхіма спецыяльнай дошчачкай з дзяржальнам, падпраўляе і раўняе ёй кулі, каб ляжалі гладка і шчыльна. Захапіўшыся справай, ён не зважаў, ні колькі часу без пярэдыху працуе, ні чаго іншага наўкруг сябе. Не бачыў і маці. А яна, усцешаная, каторы раз дзякавала Богу, што даў ёй у такой недалёкай ужо старасці не толькі спагаднага, з добрым і чулым сэрцам сына, але і надзейнага памочніка па гаспадарцы. Яна хацела гукнуць, што, мусіць, пара палуднаваць, аднак Ромка, бы пачуўшы яе думкі, сам пачаў злазіць з драбінаў. Але, размяўшы ногі, адышоўся на колькі крокаў ад хлява, зводдаль глянуў на плён сваіх рук. Відаць, нечым застаўся незадаволены, бо зноў, кінуўшы маці, што з ядой хай трохі пачакае, палез на страху, цягнучы за сабой туга перавязаны залацісты куль саломы. Зноў дошчачкай папраўляў, раўняў і трамбаваў, спяшаўся зрабіць як мага болей. Хацеў, відаць, да абеду, хай і запознена, скончыць усю работу, але, прыкінуўшы, што аніяк не паспее, зноў злез на ніз, пайшоў мыць рукі. Ужо за абедзенным сталом, як цвёрда абдуманае і вырашанае, сказаў маці:
– Паслязаўтра на колькі дзён адлучуся. Кепскага нічога не думай. Я ўжо цёрты калач. А з дакументам мне і чорт лысы не страшны.
Хрысціна, ведаючы сынаву ўпартасць – што ўдумаў, тое, хоць кол на галаве чашы, будзе рабіць, – не стала ўпоперак, толькі забедавала:
– Я ж не паспею чаго сабраць у дарогу. Ды і грошай тых капейкі нейкія дома. Мо пачакаў бы яшчэ з тыдзень-другі. Пад вокам ужо лепей, але ж відаць чарната. Каб за якога злодзея не прынялі і нанова не расквасілі твар.
Ромка засмяяўся:
– Нічога, мама. За аднаго бітага сем нябітых даюць. А з грашыма… Прадам каму на таўкучцы пінжак, які купілі перад саменькай вайной. Добра што суседка забрала з пустой хаты і зберагла. Я ўжо вырас з яго, але для мальца нехта купіць, ён жа саўсім новы.
– Я таксама штось для таўкучкі знайду. І са свайго, і мужава адзення. Усё бераглі на свята, але і ў святы не вельмі радзіліся, шкадавалі, каб, крый Бог, не запэцкаць, не замусоліць.
Гэты раз, паколькі дажджоў нібыта не прадбачылася, Ромка ўззуў на ногі свае керзавыя бацінкі, у якіх хадзіў на апошняе заданне. Яны ўжо шмат дзе працякалі, але калі на сухое, то было яшчэ ніштавата. Да райцэнтра, як ні спадзяваўся на спадарожную машыну, ніхто не падвёз, усю дарогу давялося тэпаць пешкі. Добра, што вельмі рана выйшаў, бо трэба было хаця б да абеду паспець заскочыць у міліцыю, папрасіць сакратарку, калі не будзе самога Пушкарова, каб запатрабавала вярнуць яму торбу. Там жа, апроч такой-сякой ежы, пэўна ж ужо з душком, меўся хвацкі складанчык з касцянымі тронкамі, без якога ў лясным побыце аніяк было не абысціся. І цяпер, куды б ні ішоў, ён стараўся браць яго з сабой. Кепска будзе, калі на яго хто паквапіўся. Пэўна ж, торбу ўжо абнюхалі і абшнарылі не адны рукі. І калі зжэрлі аладкі, сыр ды смятану, то хай сабе, усё адно сапсаваліся б, а вось ножык, будзь ласкавы, аддай, а то будзеш мець справу з Пушкаровым.
Апасенні яго, аднак, аказаліся дарэмнымі. Толькі ён пастукаў і адчыніў дзверы ў прыёмную, як сакратарка, якая штось ляпала на машынцы, згледзеўшы нядаўняга госця свайго начальніка, першая прыязна павіталася, папрасіла хвілінку пасядзець і кудысьці выбегла. З’явілася з ягоным брызентавым скарбам, у якім, па выгляду, было не пуста. Вінавата сказала:
– Пётр Вікенцьевіч, калі ад’язджаў у камандзіроўку, загадаў любым чынам адшукаць вас і перадаць гэта, – кіўнула на торбу, – з рук у рукі. Але ў спешцы не пакінуў адрасу. Шафёра таксама няма, бо паехалі разам. Я і не ведала, як быць. Здагадалася, што там прадукты, і аднесла ў халадзільнік.
– О Божа, гэтулькі клопату з-за мяне, – ад няёмкасці Ромка ажно пачырванеў. – Мне не так прадукты, як сцізорык патрэбны. Усё ж партызанская памяць. З ім я ўсюды.
– Разумею. І вы мяне так выручылі. А то з’явіўся б шэф, наганяй быў бы на ўсю катушку, хоць і не мая ў тым віна.
Падзякаваўшы гэтай ветлай дзяўчыне, Раман адразу накіраваўся на вакзал. Па шляху, прыткнуўшыся ў скверыку на лаўцы, агледзеў торбу, намацаў не дне складанчык і з палёгкай перавёў дых. Прадукты, пасля такога захоўвання, таксама былі годныя для ежы. І галоўнае – іх у торбачцы ці ніхто не намацаў, ці, баючыся якой атруты, не стаў нават каштаваць. То й ладна. Самому будзе добры дадатак да таго, што ўчора сабрала маці. Цяпер толькі б здабыць трохі грошай. На білет да Мінска і на кулідку хлеба Хрысціна што наскрэбла сама, што пазычыла ў Яўхіма, паабяцаўшы доўг аддаць, калі пажадае, смятанай ці маслам. Яму, Ромку, дужа было няёмка, што пры бядотным іх становішчы, не зарабіўшы сваімі рукамі ні капейкі, абцяжарвае маці такімі нечаканымі выдаткамі. Ён не хацеў браць грошы, казаў, што ў райцэнтры што-колечы выручыць, хопіць не толькі на паездку, але, як вернецца, яшчэ разлічыцца з падаткамі. Хрысціна ажно заплакала, пачуўшы ад яго такую дурноту. Каб ехаць за край свету і спадзявацца толькі на ўдачу – прадасць ці не прадасць якое шмаццё, – гэта яна сабе ніколі не дазволіць.
Быць у Мінску Ромку ніколі не даводзілася. Ведаў, што яго няшчадна бамбавалі, але цяпер, хоць яшчэ і адчувалася дыханне вайны, – шматлікія руіны камяніц, якія зеўралі пустымі праёмамі вокан і дзвярэй, разбітыя тратуары, амаль на кожным кроку пакалечаныя, з шапкай на доле ў людных месцах, дзе прадаваліся хлеб і гарэлка, групы афіцэраў з вялікімі чамаданамі і валізкамі ў доўгай чарзе на таксоўкі, – цяпер, нягледзячы ні на што, жыццё віравала напоўніцу. Асабліва на вакзале і на ўсёй немалой тэрыторыі пры ім. Латочніцы гучна заклікалі купіць хто марожанае, хто піражкоў. Па праезнай частцы дарогі снавалі легкавікі, нярэдка і цяжкагрузныя “студабекеры” з будаўнічымі матэрыяламі. Тут жа грымеў трамвай, які бралі ледзьве не штурмам. Ромка ад усяго гэтага гармідару напачатку разгубіўся, не ведаў, куды пайсці і дзе шукаць той стол даведак. Быў упэўнены: калі Пахілкін атабарыўся ў сталіцы і мае жытло і прапіску там, то знайсці яго адрас будзе не такой ужо складанай праблемай. Нават у вялізным горадзе. А маючы адрас, дапне і да логава, дзе жыруе былы аднаатраднік, рукі якога па локаць у крыві. Пэўна, думае, што абрэзаны ўсе ніці, якія звязвалі яго са злачынным мінулым, ніхто нічога не ведае і можна спаць спакойна. Не, спакою яму не будзе. Што зробіць з гэтым бандытам, Ромка пакуль што не меў уяўлення. Але што злачынства патрабуе адплаты, і адплаты самай жорсткай, на гэты конт ён быў пэўны. Пушкароў, мабыць, не адобрыў бы яго самадзейнасць, але ж камандзір не ведае пра Пахілкіна амаль нічога. Афіцыйна распачаць справу супраць злачынца – пустая, мусіць, задума, бо ўсюды запатрабуюць доказаў, сведак. Ані тога, ні другога ў яго, Рамана, няма. Ну, як ён дакажа, што Пахілкін, маючы чорны намер, неўпрыкмет выслізнуў з зямлянкі, калі ўсе партызаны спалі, акурат пшаніцу прадаўшы, дапаў у завірушную ноч да невядомай яму вёскі і за нейкія там боты ўкакошыў старых нямоглых людзей. А боты пасля куды падзяваў? Хто бачыў іх на нагах падазронага? Пытанні, на якія ці дасі пэўны адказ. Пра няшчасных бацькоў ён пакуль што ні слова не сказаў і Пушкарову. Палічыў, што пакуль тое-сёе не высветліць сам, не трэба марочыць чалавеку галавы. Але ж як узяць за карак гэтага бандзюгу з вялікай дарогі? Пахілкін, з яго нахабствам і карыстаючыся новым сваім становішчам, можа абвінаваціць у шантажы і паклёпе на яго, шчэ ўпячы ў турму, вырвацца з якой будзе не так проста.
І ўсё ж воўка баяцца – у лес не хадзіць.
Міліцыянт, якога стрэў бліз пляцоўкі для таксовак, падказаў, дзе месціцца адрасная будка. Яна была за вуглом будынка вакзала, побач з газетным кіёскам і, на шчасце, не замкнёная. Павітаўшыся з пажылой стомленай жанчынай, якая пры адчыненай фортцы штось пісала ў журнал, Раман папытаў, ці можна даведацца адрас былога аднакашніка, з якім разам партызаніў. Жанчына моўчкі дала яму запоўніць лісток, у якім трэба было ўказаць, акрамя прозвішча, імя і імя па бацьку, яшчэ і год народзінаў таго, каго адшукваеш. Ні па бацьку, ні года нараджэння Пахілкіна Раман не помніў, пра гэта і сказаў шчыра, баючыся, што з ім не стануць нават размаўляць. А яшчэ прызнаўся – у яго няма чым пісаць, і папытаў, дзе можна купіць ручку. Асадку жанчына дала сваю, а вось адносна няведання біяграфіі свайго баявога пабраціма зрабіла папрок:
– Хутка ж вы забываеце адзін другога. Ваявалі, вошы кармілі разам, жыццём рызыкавалі, а чуць разбегліся, і ўсё – ні адраса, ні ліста, ні памяці.
Аддаючы запоўнены лісток, Раман шматзначна паабяцаў:
– Знайду, то ён запомніць мяне на ўсе астатнія дні, і я да дробязей вывучу яго паднаготную.
Жанчына ці то не ўчула загадкавы сэнс Ромкавых слоў, ці нічога не зразумела, але папрасіла пачакаць хвілінаў пятнаццаць-дваццаць, пакуль прагартае патрэбныя запісы і даведнікі.
Далёка ад вакзала Ромка не схацеў адыходзіцца, хоць і карцела заглянуць у якія крамы, папытаць, што і па якім кошце прадаецца. Апроч хлеба, купляць ён, праўда, нічога не збіраўся з-за безграшоўя, але ж у магазіне, у якім гандлююць абуткам, пабываць яму патрэбна будзе абавязкова. Калі часам удасца няблага прадаць свой пінжак і матчыны ніколі не адзяваныя рэчы – дзве рознага колеру блузкі, белую крамную хустку з чыстай воўны, таксама крамную спадніцу, у якой, лічыла, няма дзе і позна ўжо красавацца, – то купіць ёй на хворыя ногі што-небудзь цёплае і мяккае, каб не пускала вільгаць і было фабрычнага вырабу. Ведаў, задачка гэтая з нялёгкіх, але ён, Ромка, пастараецца, аббегае ўвесь горад, пабудзе на таўкучцы, аднак на нешта прыдатнае натрапіць.
Хацеў быў дзе перакусіць, бо кішкі пачыналі граць марш, аднак ніводнай лаўкі побліз не ўбачыў. У памяшканне ісці не выпадала, бо ведаў, што і там няма такога месца, дзе можна было б прыткнуцца, выняць што ядомае з торбы і без пабочных вачэй падсілкавацца. Пракаўтнуўшы сліну каля латка з булачкамі і піражкамі, ён прыкінуў, што пара ўжо паказацца на вочы жанчыне з адраснай будкі. Падышоў да акенца і засмуціўся: яно было зачыненае і ўсярэдзіне за фіранкамі нікога не праглядвалася. На ўсялякі выпадак лёгка пастукаў у шкло, аднак усё было дарэмна. “Няўжо так доўга бадзяўся? – павінаваціў сябе. – Трэба было стаяць побач і чакаць”. Не ведаючы, што рабіць, сноўдаўся туд-сюд па плошчы, раз за разам кідаў позірк у бок будкі. Яго нехлямяжы выгляд, бязмэтнае аціранне сярод людзей выклікалі падазрэнне ў міліцыянтаў, якія ля вакзала неслі сваю службу.
– Вашы, грамадзянін, дакументы? – запатрабаваў адзін з іх, вушасты, са шрамам на ўсю шчаку.
Ромка цяпер ужо не баяўся: хай сабе не пашпарт, але сур’ёзная даведка, хто ён і што, калі і дзе нарадзіўся, у яго напагатове ў пінжаку, у кішэньцы спадыспаду. Акуратна складзеную ў чатыры столкі паперку выняў з сырамятнага капшука, які замяніў партманет, падаў ахоўніку парадку. Той пачытаў і чмыхнуў носам:
– Тожа мне дакумент. А пашпарт дзе? Ты што, з лагера драпануў?
– З якога такога лагеру? – не зразумеў напачатку Раман. – Дык вы мяне за асуджанага прымаеце? Так, я быў у лагеры, толькі ў партызанскім, і вось гэту даведку падпісваў былы камандзір партызанскага атрада, а зараз начальнік раённага аддзялення міліцыі. – Яго пачала ўжо браць злосць. – Хіба гэта не сапраўдны дакумент? А пашпартоў нам, хто ў сельскай мясцовасці, не спяшаюцца даваць.
– Ладна, ладна, цішэй абароты, – голас шрамістага міліцыянта стаў калі не лагодным, дык больш-менш памяркоўным і разважлівым.
– А чаго тут гэтулькі часу ты, бы тычка, тырчыш?
Ромка трохі супакоіўся і паказаў рукой на ашклёную будку:
– Чакаю, калі адчыняць, каб адрас аднаго тыпа дазнацца. Даўно не спатыкаліся на вузкай кладцы. Знарок ехаў здалёку.
Міліцыянт, які ўсё ведаў на даверанай яму тэрыторыі, абнадзеіў:
– А, Варвару Міхайлаўну маеш на ўме? Яна адбеглася. Хлеб у магазін меліся падвезці, то бягом вочарадзь заняць. Прасіла, калі будуць чакаць ля будкі, папярэдзіць, што хутка з’явіцца.
– Ну, калі такое дзела, пачакаю, – падзякаваў Раман паставому. – А то й не ведаў, як быць.
Міліцыянт, пачуўшы якісь рэзкі жаночы крык у натоўпе, падаўся туды, а Ромка вырашыў пільнаваць будку, нікуды не адлучацца ні на крок.
Варвара Міхайлаўна з кулідкай свежавыпечанага хлеба ў руцэ з’явілася толькі праз паўгадзіны. Убачыўшы нядаўняга свайго кліента, павінілася:
– Зачакаліся, мабыць. Прашу выбачыць. З хлебам туга, то давялося падушыцца ў чарзе.
Яна адамкунула дзверы, адшоргнула фіранку і, сеўшы на месца, праз фортку падала запоўнены лісток, на якім чырвоным алоўкам быў пазначаны адрас Пахілкіна.
– Гэтага ці не гэтага чалавека шукаеш, але ў мяне толькі адзін з такім прозвішчам.
Падзякаваўшы, Раман папытаў, колькі ён павінен заплаціць. Жанчына неяк жаласліва глянула на яго і, секунду павагаўшыся, сказала:
– Што змусіла чакаць, то аніколькі. У самога, бачу, фінансы пяюць рамансы.
Да будкі тым часам падступіўся запыханы афіцэр у чыне маёра, нервова пачаў поркацца ў кішэнях шыняля, і Ромка кіўком галавы яшчэ раз падзякаваў жанчыне і падаўся шукаць якое зацішнае месца. Трэба было ўсё ж перахапіць чаго ў рот і абдумаць далейшыя свае дзеянні. Цяпер, калі патрэбны адрас у ягоных руках, знайсці Пахілкіна будзе не самай складанай задачай. Толькі б гэты азначаны ў паперцы Пахілкін не аказаўся зусім іншым чалавекам, якога ён мроіў дастаць хоць з-пад зямлі. Але ж яму не сказалі, што ёсць яшчэ такія прозвішчы ў адраснай кнізе. Прыдатнае дзе недалёка месца, і каб не назаляць нікому, і не саромецца ад выстаўленай на голую зямлю ежы, ён знайшоў, адышоўшыся ад вакзала метраў на дзвесце. Між жалезнай агароджай і гарой якіхсьці старых, спарахнелых дошак, утыканых паржавелымі цвікамі. Тут валяліся пустыя бутэлькі з-пад гарэлкі, нейкія ашмоткі ваты, абгрызеныя косткі, рыбныя хвасты. Пахла гнілым, але галоўнае, не было відаць чалавечага дзярма. Раман знайшоў ля дошак нейкую, ці не з пісьмовага стала, шуфлядку, прыстасаваў сабе для сядзення. На разасланую анучку, выняўшы ўсё з торбы, расклаў яду, яшчэ раз панюхаў, ці не папсавалася што, і пачаў трапезу. Ёў напоўніцу, бо ўсё матчына, хатняе, было і смачнае, і каларыйнае. Шкадаваў толькі, што не разжыўся на якую лусту хлеба, з ім было б яшчэ спарней. Але картапляныя аладкі, хоць яны нямала акалавелі, макаў у смятану і кідаў у рот з воўчай прагнасцю. Унюхаў спажыву і баязліва наблізіўся да яго дужа схуднелы рыжы кот, увесь у калючках чартапалоху. Раману шкада стала бядотную жывёлінку. Пашукаў вачыма якую бляшанку, каб адліць са слоіка трохі смятаны. Чаго-чаго, а жаляззя з-пад кансерваў валялася тут нямала. Выбраў цалейшую і чысцейшую, пакрышыў тварожнага сыру, са смятанай размяшаў і паставіў на адлегласць выцягнутай рукі. Кот, як бы не верачы такой удачы, краўся да бляшанкі з асцярогай, баяўся падвоху. Відаць, ён нямала паспытаў на сабе не толькі чалавечай чэрствасці, а і жорсткасці. Каб не спудзіць гэтую жывую істоту, Раман разам з шуфлядкай адсунуўся як мага далей, нават павярнуўся спінай. Калі ж глянуў, і ката, і бляшанку нібы карова языком злізала. “Во гэта лоўкасць, – здзівіўся нямала. – Такі і з-пад носа сцягне, не паспееш нават міргнуць”. Кот пацешыў, але ж трэба было думаць, як дзейнічаць далей. Найперш, вядома, адшукаць тую вуліцу і той дом, дзе атабарыўся Пахілкін. Мяркуючы па нумары кватэры, можна было здагадацца, што гэта не прыватны сектар, і лічба 58 сведчыла: дом вялікі, пэўна ж, у некалькі паверхаў. Во гадзюка, падумаў пра Пахілкіна, неяк жа прапоўз, ушыўся ў давер, выпнуў грудзі – як жа, герой, партызаніў, кроў праліваў, калеў у сырых зямлянках, пухнуў ад голаду. Адапхнуўшы ўбок сапраўдных герояў, шматлікіх калек, зачмурыўшы каму трэба галаву ўяўнымі сваімі заслугамі, падсунуўшы пад нос уласнаручна зварганены артыкульчык пра свой мужны ўдзел у рэйкавай вайне, і асабліва пра аперацыю па ўзрыве магутных нафтаёмкасцей пад носам да зубоў узброенага ворага, ён, пэўна, выбіў сабе неблагое жытло, пасля гэткім жа макарам узбіўся на хлебную і ўгрэўную пасаду…
Як выкрыць змяюку і накінуць на яе зашмаргу – задача з задач, не выканаўшы якую ці зможа Раман тады глянуць у вочы і Пушкарову, і жанчыне, якая ўратавала яму жыццё і якая стала роднай. І прах рана памерлых пакутнай смерцю бацькоў клікаў да адплаты.
9
Колькі помніў сябе Ромка, любую няпростую справу, як перакрыць дах, зрабіць апалубку пад будучую лазню, выдзяўбці ў тоўстай калодзе дупло – борць для новых пчол, – усё, што вымагала кемнасці і немалых высілкаў, бацька пачынаў зрання. Паснедаўшы, выходзіў на ганак, садзіўся на прыступку, вымаў капшук, трыма пальцамі выграбаў з яго шчопаць дробна нарэзанай сухой табакі, укручваў у кавалачак газеціны, слініў і з дапамогай крэсіва раздзьмухваў кноцік, а ад яго запальваў цыгарку. Фабрычных запалак бацька шкадаваў, бо не заўсёды іх можна было купіць, ды і купіла таго дзе набярэшся, таму заўсёды насіў у кішэні так патрэбныя курцу прычындалы.
Бацькаў вопыт здабывання агню Ромка пераймаў з ахвотай, і ў партызанах без крэсіва і кнота ў пустой гільзе, змочанай яшчэ газай, не выпраўляўся ні на якое заданне. Сам хоць не курыў (бацька, заядлы аматар тытуню, як мог адгаворваў сына ад згубнай звычкі, ад якой пасля не будзе спасу), Ромка заўсёды выручаў, калі адсырвалі запалкі, а трэба было раскласці цяпельца ці выручыць курца. Дык вось бацька без гэтага абавязковага ранкам рытуалу, без пускання кольцамі дыму праз нос ці рот, без абдумвання, як лепш распарадзіцца часам і свежай сілай, нават не падымаўся з ганка, не хапаў у рукі ні сякеру, ні які іншы інструмент. Гэткай няспешнасці, дзелавітай развазе вучыў і адзінага свайго спадкаемца – яго, Ромку.
Зараз, на прывакзальнай плошчы, перад ім таксама стаяла задача – з ходу кінуцца ў вір галавой, ці ўсё ж, як бацька, сто разоў адмераць і адзін раз адрэзаць. Прыйшоў да думкі, што ў пасляабеддзе позна патыкацца куды-небудзь, тым больш у незнаёмым чужым горадзе, населеным людзьмі-мурашамі, сярод якіх нямала хцівых “мурашкаедаў”. Трэба дзесь перакантавацца ноччу, а чуць пачне днець, падацца спачатку на таўкучку, за рэчы што-кольвечы выручыць і тады ўжо, кіруючыся прынцыпам: “альбо пан, альбо прапаў”, ісці, не губляючы развагі, у наступ на такога “мурашкалова” з людаедскімі схільнасцямі.
У думках нават і ў сне надаючы свайму кроўнаму ворагу самыя мярзотныя мянушкі, якіх было яшчэ і замала для нягодніка, што маскіраваўся пад прыяцеля, а сам паціху матаў на вус усё сказанае па сакрэце, каб пасля скарыстаць дзеля сваёй чорнай задумы, Раман такім чынам даваў паслабку напятым да звону ўвушшу нервам. Аднак бясконца гэтак не магло доўжыцца.
Начаваць рашыў у вакзале, дзе было хоць і душна, але ўсё ж цярпіма. Доўга блэндаўся між радоў пакручастых фанерных лавак, спрэс занятых седакамі з напакаванымі нечым клункамі, торбамі, мяшкамі, зваленымі для ног і пад нагамі. Было ўражанне, што гэтыя людзі – жанчыны, мужчыны розных узростаў – гэтак прыкіпелі да нагрэтых азадкамі месцаў, што іх нічым ужо не зрушыш. Дзятва пры некаторых з іх – дык тая не ведала ўгамону, насілася па зале, галёкала, але на іхняе свавольства ніхто не звяртаў увагі. Дзеці ёсць дзеці, ім можна калі не ўсё, то многае. Ромка з замілаваннем пацікаваў за светлагаловай дзяўчынкай годзікаў двух ці трох, якую трымала на каленях гожая, з ярка намаляванымі вуснамі маладзіца. Дзяўчынка мусоліла ў роціку абаранак і таксама рвалася пабегаць разам з іншымі дзецьмі, але яе рашуча не пускалі. Хутка падышоў да іх мужчына з лейтэнанцкімі пагонамі, паказаў, мусіць, білеты, і яны, падхапіўшы рэчы, рушылі да перона. Раман скарыстаўся момантам і хацеў заняць вольнае месца, але, згледзеўшы на лаўцы пакінутую ляльку, якая, бясспрэчна, належала дзяўчынцы, кінуўся даганяць маладую сям’ю. Яны, усе ўтраіх, стаялі пасярод платформы, чакалі хуткага цягніка. Раман з лялькаю ў руцэ падышоў да пары і працягнуў знаходку.
– Вашая? – папытаў, гледзячы дзяўчынцы ў вочы.
Тая аберуч ухапіла цацку і ад радасці ажно заскакала.
– Вой, ну і разява я, – павінілася маладзіца. – Анютка хутка выявіла б прапажу і было б мне на абаранкі. Яна дрыжыць над гэтай лялькай. З ёю і есць, і спіць.
Лейтэнант з дзвюма зорачкамі на пагонах удзячна паціснуў Раману руку, а дзяўчынка адарыла такім пяшчотным поглядам, ад якога соладка і разам з тым балюча зашчымела сэрца. Седзячы ўжо на лаўцы – добра, што месца не паспелі заняць, – ён узгадаў Наташу, апошнія дзве з цяжкасцю выкраеныя гадзіны еднасці душ і целаў. Яна, гэтак жа як і маці, бы таксама прадчуваючы штось нядобрае, не магла расшчаперыць абвітых вакол яго цела гарачых рук, сама бясконца цалавала вусны, твар, шыю, грудзі, зарывалася пад коўдру да саменькіх ног і таксма апантана цалавала. Ён плаціў той жа пяшчотай, шаптаў словы кахання, кляўся, што ніхто і нішто іх не разлучыць. А як скончыцца гэта крывавая бойня, ён вернецца з лесу і адразу забярэ ў сваю хату як жонку і маладую, у помач маці, гаспадыню.
Калі развітваліся, Наташа, яшчэ раз цалуючы яго твар, горача шапнула:
– Хачу дзяўчынку ад цябе. Дачушку. Хутчэй вяртайся. Будзем разам гадаваць.
Захлынуўшыся ад радасці, ён падхапіў яе на рукі, зноў асыпаў пацалункамі і знік у снежнай крутаверці. “Наташа, любая, дзе ты сёння? Як склаўся твой лёс? Ці вярнулася з той праклятай Нямеччыны? Мо, калі суджана і не позна яшчэ, стрэнемся. Каб паяднацца. А мо бегае дзесь і мая крывінка. Мая і твая”.
Зашчымела ў грудзях, і не ад болю фізічнага, хутчэй ад салодка-горкіх успамінаў. Трэба было б пахадзіць, але ён баяўся за месца. Бо калі адзін раз пашанцавала, то далей і ноч можа прабавіцца на нагах. Народу ў вакзале не ўбывала, а з цемнатой, мусіць, што пазачынялі магазіны і крамы, станавілася ўсё болей і болей. Бачна, такіх валацуг, як ён, каторым няма дзе прыткнуць галаву і прыкархнуць, у вялікім горадзе было колькі заўгодна.
Запалілі святло і можна што-небудзь было пачытаць, бо так даўно, жывучы на хутары, адарваны ад усяго на свеце, не трымаў у руках газеціны, не меў магчымасці паслухаць нават радыё. Кіёск з друкаванай прадукцыяй знаходзіўся на плошчы, і ён дакараў сябе, што не адшкадаваў якую драбязу на так патрэбнае зараз чытво. Павадзіў наўкол вачыма: мо хто непадалёку шамаціць паперай, дык калі чалавек стоміцца і захоча падрамаць ці так бяздумна пасядзець, то папросіць у яго пагартаць тое, што ў руках: кніга ці тая ж газеціна. Аднак альбо святла зверху не хапала і людзі бераглі вочы, альбо ім, здарожаным, апроч сваіх думак і клопатаў было ні да чога, Ромка не здаволіў свой інтарэс.
Ноч, падклаўшы пад шчокі далоні і абапіраючыся на локаць, прабавіў больш-менш спакойна. Праўда, на кожную абвестку па гучнагаварыцелі, калі правальваўся ў глыбокі сон, рэагаваў рэзкім нервовым уздрыгваннем. Тады механічна мацаў брызентавую торбу з рэшткамі яды, клунак з адзеннем, якое намеціў на продаж, і, упэўніўшыся, што ўсё на месцы і бальшыня начлежнікаў дрэмле ў самых нялоўкіх позах, зноў змружваў вочы. І гэтак некалькі разоў, покуль дзве прыбіральшчыцы не пачалі бразгаць вёдрамі, мыць-шараваць шчоткамі з накручанымі на іх анучамі цэментную падлогу. Яны не цырымоніліся з тымі, у каго пад нагамі валяліся акуркі ці шалупкі ад семак, сланечнікавых альбо гарбузовых. Адна з іх, старэйшая, з недавольным пакамечаным тварам, азлоблена шоргала венікам па абутку, па шкарпэтках і панчохах, а калі хто рабіў заўвагу, ці нельга было б асцярожней, агрызалася:
– А свінячыць льга? Дома не с… бы, а тут… Апошнія валацугі дак больш акуратныя.
Мудрэйшыя мужчыны маўчалі, той-сёй нагінаўся, падымаў кінутае, сціскаў у жмені, каб пасля выкінуць у сметніцу. Жанчыны ж, прысаромленыя, пачыналі агрызацца: маўляў, рабі сваё і надта не цяўкай, а то парвеш пуп. Гэтак сказанула напамаджаная маладзіца, абкладзеная трыма пукатымі сумкамі. Відаць, гандлярка, якая чакала раніцы, каб адной з першых трапіць на таўкучку. Што тут толькі пачалося! Гвалт, крыкі, брыдкаслоўе з абодвух бакоў, і, каб не абвялі вушы, Раман падхапіў сваю паклажу, выйшаў на паветра, з палёгкай уздыхнуў. Пакрысе днела, пачынаўся рух на вуліцы і на плошчы. З рэпрадуктара, устаноўленага на вільчыку будынка вакзала, пачуўся трэск, затым бой курантаў, і адразу ж, з адлікам шостага ўдару, грымнула магутная мелодыя гімна з шырокай, з безліччу палёў і рэчак краіны. “Во зарадка, на ўвесь дзень хопіць”, – ад такога ашаламляльнага напору музыкі і слоў Раману хацелася скокнуць на недасяжную для ўсіх смяротных вышыню, ашчаперыць першага стрэчнага міліцыянта і са слязамі на вачах паціснуць яго руку за тое, што ён ёсць, стаіць на ахове інтарэсаў гэтай неабдымна шырокай і непераможнай.
Каркнула на слупе варона, вярнуўшы яго, Ромку, у будённасць. Каб быў пры ім яго партызанскі аўтамат, цэлую абойму выпусціў бы па гэтай гадаўцы. Бач, знайшла калі драць сваё паганае горла.
Пара было, перш чым выправіцца на “таўчок”, да якога, як дазнаўся з вечара, трэ ехаць нямала прыпынкаў на трамваі, добра падзаправіцца рэшткамі таго, што засталося ў торбе. Пацёгся на ўчарашняе месца сярод гнілых дошак і іншага будаўнічага друзу. Скрынка, на якой вячэраў, валялася не ранейшым месцы. Аднак вокал нехта так напаскудзіў і так тхнула чалавечым дзярмом, што было хоць нос затыкай. Не захацелася затрымлівацца тут ні на хвіліну. Пайшоў зноў у вакзал і, убачыўшы, што ўжо працуе буфет, рашыў стаць у чаргу, заказаць пару шклянак гарачага засалоджанага чаю. Хацелася б абаранак ці булачку, якіх, апроч буфета, ці дзе адразу купіш. Але, ведаючы, што ёсць у яго яшчэ дзве аладкі, рашыў з чаем спажыць іх. Чай – адну і другую шклянкі – паставіў на вольнае месца, на высакаваты, упоравень з грудзьмі, круглы столік, за якім размясціліся яшчэ два едакі. Бачна, бацька з сынам, бо з твару былі падобныя, як дзве кроплі вады. Яны таксама ўпляталі хатняе. На вырваным са сшытка лістку было парэзанае на тоўстыя скрылі сала, на намоклай газеціне ляжалі салёныя агуркі, з расхінутай палатнянай торбачкі тхнула ў нос пахам хатняй выпечкі хлебам. На дубовым лісці і кмене. Пасля чужога смакоцця Раману было трохі няёмка вымаць свае ўчарнелыя аладкі, зноў тую ж досыць нясвежую ў слоіку смятану, рэшткі сыру. Але дзе дзенешся – таксама выліў і, бы саромеючыся, пачаў накладваць на аладкі сыр, каўтаць і запіваць пакуль яшчэ не астылым, бляклага колеру ўзварам, які ані не нагадваў чай. Суседзі па стале трымалі ў бутэльцы нейкі свой напой і раз-пораз прыкладваліся да рыльца, рабілі па некалькі глыткоў, пасля якіх з большай ахвотай накідваліся на яду.
– Хіба ж гэта гарбата? – парушыў маўчанне старэйшы, бацька. – Пустая вада, нечым трохі падфарбаваная. Толькі што гарачая. Таксама былі ўзялі па шклянцы, але папробавалі і вылілі. Добра што свой хлебны квас зрабілі ў дарогу.
– І далёка куды навастрыліся? – пацікавіўся Ромка.
– Далёка, ажно ў Піцер. – Бацька, адарваўшы шматок газеціны, выцер ёю ад тлушчу пальцы, куточкі рота. – Хлопец млее ў марское вучылішча, а там у мяне, у гэтым ведамстве, кораш, з якім прайшлі ўсю вайну ад званка да званка. На немалой пасадзе працуе. Абяцаў падсобіць.
– Ну, тата, што ты на кожным вуглу трызвоніш – абяцаў, абяцаў. Абяцанкі-цацанкі. Я і сам не зломак, абышоўся б без блату.
“Гэты сынок з характарам, – парадаваўся за хлопца Ромка. – Такі даможацца”. І адначасна падумалася пра сябе: падвешаны між небам і зямлёй, няскончаная сярэдняя школа, адсутнасць якой-небудзь сур’ёзнай прафесіі. З такім набыткам у мірным часе далёка не пойдзеш. Але ж ці віна яго ў тым? Праклятыя абставіны, якія выкраслілі з яго жыцця больш чым чатыры гады. І ўсё з-за яго, Пахілкіна, гэтага крумкача-хрумкача.
Суседзям па століку было яшчэ чакаць ды чакаць, таму Ромка, пажадаўшы абодвум шчаслівай дарогі, а хлопцу ўдачы ў паступленні, развітаўся і пайшоў на выхад. Упершыню праехаўшы ў грымотным і бітком набітым людзьмі трамваі адлічаныя прыпынкі, сышоў там, дзе падказалі, непадалёк штодзень ад ранку і да цемнаты шчыруе чалавечы муравейнік – усім і ўсюды вядомая камароўская таўкучка. Далей падказка ўжо не спатрэбілася, балазе як не палавіна трамвая кіравалася акурат туды. Гэта бачна было па ношках у руках, сумках, чамаданах і чамаданчыках, партфелях, худых і нечым, ажно распірала, напоўненых. Па ўсім нядоўгім да таўкучкі шляху стаялі з працягнутымі перад сабой шапкамі, а то сядзелі на кардоне і проста на сырой зямлі пакалечаныя – бязногія і бязрукія, прасілі міласціну. На душы шчымела ад гаркоты, гледзячы на такую плойму абяздоленых. Упершыню падумаў: а што ж дзяржава? Калі абароніць іх, дасць годнае існаванне? Яны ж, бальшыня, маладыя, не шкадавалі ні крыві, ні самой жыткі дзеля яе. А яна выставіла іх на вуліцу з працягнутай рукой, а то і голай кульцяй – выжывай як знаеш. Ад усяго бачанага неяк адразу прыцьмелі свае балячкі. Адно толькі нясцерпна смылела – тое, дзеля чаго выправіўся зараз у дарогу. Гэта яго святы абавязак перад памяццю бацькоў, а таксама палеглых у няроўным баі таварышаў, якім, ратуючы сваю шкуру, здрадзіў той, з кім у яго будуць свае рахункі.
Было яшчэ зарана, але таўкучка ўжо поўнілася гоманам, расхвальваннем тога ці іншага тавару, назойлівым дамаганнем цыганак пагадаць, зазірнуць у тваё мінулае, сённяшняе і будучае. Тут круцілася, вынюхваючы здабычу, нямала рознай шпаны – ад кішэннікаў да адпетых бандзюгаў.
Самым каштоўным для Рамана была яго паперка з міліцыі, з якой пачуваў сябе ў адноснай бяспецы. На яго торбу з някідкім шмаццём зладзеі наўрад ці паквапяцца. Ды і пакупнікі, якіх прыбывала ўсё болей і болей, не надта цікавіліся ягонымі строямі. На “таўчку” хапала адзення, абутку, ад фасонаў, расфарбоўкі, якасці якіх ажно дух займала. Бальшыня з гэтых рэчаў былі трафеі, вывезеныя з пераможаных краін па сканчэнні вайны. Але ж і цэны на такое багацце ашаламлялі.
Змарнаваўшы дарма з гадзіну, Ромка не ведаў ужо, што й рабіць далей. Прайшоў у іншае, не такое гаманлівае месца, падпёр задам драўляны слуп, даючы спачын спіне, у якой адчуў незразумелы боль. “Не хапала, каб шчэ радыкуліт падхапіць, – падумаў з неспакоем. – На хутары гарачая чарэнь як рукой зняла б усё балеснае. Але ж там не апынешся пакуль”.
Да яго неяк бокам падкацілася, бы калабок, таўсматая гараджанка, гідліва скрывіўшы рот, пачала лэпаць, ледзь не спрабуючы на зуб, кожную рэч паасобку. У пінжаку мацала падкладку, моршчылася, бы тая была ўся выцертая альбо на дзірках, круціла гузікі, углядвалася ў швы. Астатнюю апратку вывучала з гэткім жа, ажно пыхкала, стараннем. “Шчэ вазьмі панюхай ці пакаштуй”, – брала Рамана злосць, але, сцяўшы зубы, цярпеў і маўчаў, чакаючы выніку гэткага перабору. Нарэшце таўстуха агламошыла яго:
– Ты, малец, можаш тут хоць месяц стаяць, але на сваю старызну нікога не спакусіш. Я магу, так і быць, выручыць, узяць усё, вызваліць табе рукі. Але…
– Што “але”? – папытаў Ромка.
Гандлярка памямліла губамі і назвала суму, мала чаго большую на праезд дадому.
– Дурняў, цёця, так дзе-небудзь пашукайце, – ён похапкам пачаў скаладваць адзенне ў палатняны мяшэчак, намерваючыся пайсці з гэтага месца.
Таўстуха, аднак, перахапіла яго руку, спытала:
– Дак кажы сваю суму. Чаго спяшацца? Мы ж не ў магазіне, дзе не таргуюцца. То колькі просіш за ўсё гэтае барахло?
– То не барахло, – зноў успыхнуў Раман. – Пінжак ні разу не адзяваны. – Ды і ўсё астаняе не было ва ўжытку. Хіба ж не бачна?
– Дак колькі? – настойвала гандлярка. – Сама ж я гэтае дабро насіць не буду, мо каму па дзяшоўцы ўдружу.
Раман наўздагад агучыў лічбу, мала спадзеючыся на згоду.
– А аканчацельна? Хочаш дам палавіну. Болей не магу. Мне ж таксама нейкі навар палагаецца. То як? – гандлярка, убачыўшы, што прадавец раздумвае, палезла за пазуху і выняла схоплены гумкай пук паперак рознага памеру і вартасці.
Сышліся на прапанаванай суме, і Ромка, калі аддаў тавар і рушыў прэч ад таўкучкі, з палёгкай уздыхнуў. Ён здагадваўся, што яго рэчы каштуюць значна больш, і гандлярка будзе мець за іх немалы куш, але ж і атрыманыя грошы досыць немалыя, маці пэўна ж будзе давольная. Купляць ёй што-небудзь на ногі замест тых грамакоў, у якіх дабіраліся на яго, Ромкаву, радзіну, зараз не схацелася. Ведаў, што таўкучка віруе да позняга вечара, і ён яшчэ сёння ці заўтра, як разбярэцца з галоўным, вернецца туды.
10
Патрэбную вуліцу пытаць доўга не давялося. Яна была ў самым цэнтры горада, у некалькіх, лічы, кроках ад вакзала. Бліз высіўся магутны гмах Дома ўраду, у якім асела процьма большых і меншых начальнікаў, іншага службовага люду. Няўжо сярод іх і Пахілкін?
Раман адчуў, што пачаў нямала хвалявацца. Калі ж глядзеў на шыльды шуканага дома, хваляванне тое перарасло ў дрыжыкі. “Стоп! – загадаў сам сабе. – Перад кім і чым пасуеш? Перад нягоднікам, якую б пасаду ён ні займаў? Не, так не пойдзе”. Ён зайшоў у двор, досыць прасторны і азяленены, з некалькімі драўлянымі лаўкамі між маладых ліпак. Ля адной быў нават грубавата скалочаны, але габляваны зверху столік, за якім, мусіць, мужчыны ў цёплы час забівалі “казла”, а то й рэзаліся ў карты. Адна парваная карта – крыжовы валет – валялася на доле, прытаптаная ў гразь нагамі. Раман сеў за гэты столік, акінуў паглядам чатырохпавярховік, які нейкім цудам ацалеў у часе налётаў нямецкіх ды і сваіх бамбавозаў. Тры пад’езды раз-пораз расчынялі пашчу дзвярэй, прапускалі туды-сюды якіхсьці людзей, пэўна ж, жыльцоў гэтага дома. Бо з крайняга справа пад’езда выбегла, падскокваючы на адной назе, гадоў чатырох-пяці дзяўчынка ў цёмна-сіняй куртачцы, вязанай белай шапачцы, якая вельмі пасавала да тварыку здаволенай магчымасцю пагуляць малой пястухі.
– Леначка, ты ж з мячыкам хацела пагуляць, – гэта голас з прачыненага акна на другім паверсе. – Я кіну. Лаві! – Маладзіца высунула вонкі галаву з утыканымі ў валасы накруткамі, аберуч шпурнула велікаваты мяч, які, ударыўшыся аб зямлю, скокнуў некалькі разоў і падкаціўся як не пад самыя ногі дзяўчынкі. – І нікуды за дом ні кроку. Чуеш?
– Ага, ма, – малая нават не зірнула ў акно, пачала забаўляцца з мячом. Хацела напачатку ашчаперыць яго, але ён выслізнуў з рук, і тады дзяўчынка разагналася і занесла карычневы боцік для ўдару. Мяч, аднак, застаўся на месцы, а малая, прамахнуўшыся адзін раз, вярнулася на зыходную пазіцыю, каб зноў разбегчыся і ўдарыць яшчэ. Гэта ёй удалося, мяч сігануў далекавата, пад ножку століка, дзе сядзеў чужы дзядзя. Дзяўчынка з падазронасцю глянула на незнаёмца, з дзіцячай непасрэднасцю папытала:
– Ты п’яніца? Толькі не бі там пасуду, а то і мой мячык парэжацца аб вострае. Добра, дзядзя?
Раман нават рассмяяўся:
– Не, зайка, я ані не п’ю. І шкла ў мяне няма. А сама бегай і гуляй, – ён нагнуўся і пульнуў мяч увысь, закруціўшы яго, каб той трапіў акурат у пясочніцу. Гэта яму ўдалося, і дзяўчынка нават запляскала ў ладкі:
– Ву-ух, і я хачу так.
Яна пабегла да пясочніцы, але строгі голас з акна спыніў яе:
– Лена, хуценька дадому. Чуеш?
– Ну, ма-а, – захныкала малая, але маці няўмольна стаяла на сваім:
– Бяры мяч і каб зараз жа была ў кватэры.
Раман зразумеў, што яго, чужака, швэнданне тут напалохала жанчыну. Замілавана глянуўшы на разгубленую дзяўчынку, ён падняўся і пайшоў да дальняга ад іх пад’езда, дзе, меркаваў, яго не ўбачыць мама Леначкі. Ды, можа, тут і кватэра Пахілкіна. Трэба ж у рэшце рэшт скінуць з сябе утрапенне, знайсці і пастукацца ў патрэбныя дзверы. Аднак намаляваныя фарбай нумары над уваходам сведчылі, што трэба шукаць праваруч, у першым пад’ездзе.
Рамана нечакана апякла згадка: а раптам Леначка – дачка Пахілкіна? Горшае і ўявіць сабе было цяжка. Бацька – здраднік і забойца, а дачушка, якая ні пра што не ведае, – анёлак, спасланы ў іхнюю сям’ю з нябёсаў. Божа міласэрны, калі ты ёсць, няўжо мог дапусціць такое?!
Яго зноў кінула ў дрыжыкі, калі падымаўся па лесвіцы, углядаючыся ў нумарацыю дзвярэй. На пляцоўцы перад другім паверхам не так убачыў, як адчуў, што на яго ўтаропіліся чыесь насцярожаныя вочы.
– Што вам трэба, чаго палохаеце дзяцей? Дачушку заманьваеце ў нейкую сваю хітрую гульню. Хочаце, каб міліцыю паклікала? То паклічу. – Перад расхлябанымі насцеж дзвярыма, засланяючы спінай праход у прыхожую, з вялікім кухонным нажом у руках стаяла маці Леначкі. Круглы жывот яе сведчыў, што жанчына неўзабаве прынясе ў сям’ю новы прыплод.
Ад неспадзеўкі Раман нават разгубіўся. Павярнуў быў назад, але калі маладая маці зачыняла за сабой дзверы, згледзеў на ліштве зверху шуканы нумар. У скроні малаточкамі ўдарыла кроў, памутнела ўваччу. Вялікім намаганнем волі выціснуў з сябе, пакуль не шчоўкнуў у замку ключ:
– Мне б Лявона Пахілкіна. Ён тут жыве? Разам у партызанах…
Не паспеў ён да канца сказаць, як дзверы зноўку расчыніліся, і твар цяжарнай жанчыны заззяў прыязнай цікаўнасцю:
– Няўжо?! Божа, то што ж адразу не прызналіся? А я чортведама што падумала пра вас. Цяпер усякага зброду бадзяецца, дзіцятка пасі ды пасі, – усё ў тых жа завітушках на галаве, яна выскачыла на пляцоўку, хапіла Рамана за руку. – Проша ў кватэру. Вы, відаць, знекуль здалёк і здарожыліся. Божа, а я такая няўходжаная. Але зараз, зараз прывядуся ў парадак. Хто ж гадаў-думаў, што будзе госць?
Бы з кулямёта, кабета няспынна страчыла абоймы слоў, і яны стралялі ў саменькае Ромкава сэрца, пакуль ён прыкідваў, як лаўчэй выйсці з няёмкага становішча, у якое незнарок трапіў. Гаспадыня кватэры амаль сілком пацягнула яго ў прыхожую.
– Во, знімайце сваю апратку, – яна расчыніла шафку, прызначаную для верхняга адзення, а ўнізе і для абутку, тога, у якім ходзяць на вуліцу. – А я тым часам пагляджу, ці заснула Леначка. Нешта ж быццам мармытала. Потым, покуль прыйдзе з працы Лёня, прыгатую што перакусіць. Ён будзе так рады, так рады стрэць свайго пабраціма.
Жанчына, стараючыся не шлёпаць тапкамі па падлозе, падалася ў пакойчык, у якім, мабыць, паклала малую спаць. Раман, быццам злоўленая ў пастку птушка, не ведаў, як вырвацца адсюль. З аднаго боку, ён настойліва шукаў магчымасці сам-насам стрэцца са сваім ворагам, каб глянуць яму ў вочы, сказаць, што і як думае з ім зрабіць, вывесці гада на чыстую ваду. З другога – вось гэткая нечаканая гасціннасць жонкі, якая, пэўна ж, нічога не ведае, з якім зладзеем звязала сваё жыццё. А яшчэ яе цяжарнасць.
Пакуль раздумваў, распранацца ці не, вока зачапілася… за боты, тыя хромавікі, якія ашчаджаў насіць сам, а бацька схаваў у зямлю за склепам, каб уберагчы ад рабаўнікоў. Так, гэта былі яго боты, якія дзе хочаш пазнаў бы па адмысловым узоры шытва дратвай, па каляровых гафтачках, прышытых спадыспаду на галянішчах, каб было лягчэй абувацца. Раман намерыўся ўзяць адзін хромавік у рукі, але, учуўшы крокі гаспадыні, не стаў тога рабіць. Разгублены, як рэдка калі было з ім, ён статуяй тырчаў у калідорчыку, хапаючы ротам паветра, якога зараз вельмі не ставала.
– Божа, дык вы яшчэ не распрануліся? А я, даруйце, пакінула вас аднаго, думала… – жанчына раптам асеклася на паўслове: – Што з вамі? Ды на вас жа твару няма. Што, кепска з сэрцам? То, можа, хуткую выклікаць? Я пазваню, – яна, не на жарты ўстрывожаная, кінулася да тэлефона, які вісеў тут жа, на сцяне ў прыхожай,
– Не, не, – з цяжкасцю Раман суняў дыхавіцу. – Не трэба дактароў. Я вот выйду, пакуль муж не вернецца, і пасяджу на свежым паветры, гэта найлепшыя лекі.
– А мо каб таблетку якую ці салодкага чаю? – не супакойвалася маладзіца.
Раман, падзякаваўшы за клопат, як не сваімі нагамі выйшаў на лесвічную пляцоўку, сышоў па прыступках уніз, пацёгся на нядаўняе сваё месца ў двары. Ля століка лаўка была акурат не занятая. Але ён пашукаў вачыма, ці можна яшчэ дзе прымасціцца, каб пільнаваць пад’езд, а яго самога не было бачна з акна, з якога цікуе збянтэжаная кабета. Ён і праўда ўбачыў яе ў прачыненым акне. Яна, махнуўшы рукой, штось гукнула, але з-за гулу машын на вуліцы і звону ў вушах, што разрастаўся і біў па мазгах, нічога не зразумеў. Адвінуць з яе поля зроку ніяк не выпадала, бо падумае шчэ, што знарок уцякае, за нешта пакрыўдзіўся. Эх, любка-галубка, ведала б ты, хто прыгрэўся ля твайго боку, каму ты верай і праўдай слугуеш?! Так што не здзіўляйся і не крыўдуй з-за маіх паводзінаў. Ты тут ні пры чым.
Уцёкі не ўдаліся, трэба было ўсё ж дзеля прыліку пасядзець ля століка, сабрацца з думкамі. Тое, у чым ён яшчэ тады-сяды сумняваўся наконт ботаў і забойства бацькоў, пацвердзілася самым нечаканым чынам. Цяпер – мера платы за ўчыненыя злачынствы. Толькі як жа быць з Леначкай, гэтым нявінным анёлкам, якую смяртэльную рану нанясе ён маці дзяўчынкі і той істоце, якая вось-вось павінна з’явіцца на свет? Веданне пра мужа і бацьку заб’е іх, гэта бясспрэчна…
Поўны супярэчлівых думак, ён не заўважыў, як з пад’езда выйшла цёпла, па-асенняму апранутая, жонка Пахілкіна, пакіравалася ў ягоны бок. На твары жанчыны ляжаў адбітак разгубленасці і вінаватасці.
– Я, мусіць, дрэнна вас прыняла, кінула аднаго ў прыхожай і пабегла, – падышоўшы ўпрытык да століка, мовіла яна. – Так што даруйце. Нават не папытала, як вас завуць. Я – Вераніка. А вы?
– Раман, – не стаў хітрыць перад гэтай шчырай жанчынай. – Раман бацькавіч. І не карайце сябе ні за што. Мне і праўда стала блага. Трохі вось аддыхаюся.
– І я з вамі. Не памяшаю? – яна змахнула штось з супрацьлеглай ад стала лаўкі і прыткнулася на край, бо жывот не даваў магчымасці ўсесціся як след пасярэдзіне. З няпэўнага колеру вабнай скураной сумачкі выняла шклянку і бутэльку з каламутнай вадкасцю, на дне якой бачны былі якіясьці карэньчыкі.
– Гэта добрае лякарства ад сэрца і нерваў, – сказала заклапочана. – Налью чвэртку шклянкі, а вы, хоць настой і вельмі горкі, не трымайце доўга ў роце. Муж мой гэтым толькі і ратуецца. – Яна адкаркавала паўлітроўку, нахіліўшы, адмерала патрэбную дозу. – Піце!
Аднеквацца было б раўназначна што абразіць, і ён, нават не скрывіўшыся, адным глытком пракаўтнуў лякарства. Нават пажартаваў:
– Убачаць вашы знаёмыя – каюк будзе і мне, і вам. Скажуць, спойваю пасярод двара чужую кабету. Шчэ і міліцыю паклічуць.
– А вы ўжо і спалохаліся? Не была б такой тоўстай бабёхай, то і пафліртавала б. Чаму не? Не ўсё ж дома сядзець, дагаджаць аднаму чалавеку.
– І вельмі дагаджаеце?
Яна ўздыхнула:
– А што зробіш? Лёня, толькі пажаніліся пасля вайны, увесь час хварэе. І каб што канкрэтна балела, дык не, не скажаш па вонкавым выглядзе. На рабоце, у мінісцерстве, неяк трымае марку, а як пераступіць парог кватэры, мяняецца на вачах. Нервовы, не падыдзі, не скажы слова. Вось і лячу гэтым, – яна кіўнула на бутэльку з карэньчыкамі. – Таблеткі, што выпісваюць у паліклініцы, ані не памагаюць, а маё варыва хоць трохі.
– Што ж ён, ваш суджаны, так распусціў сябе? – папытаў асцярожна, каб не спудзіць, каб не ўчула якіх кпінаў, якога падвоху.
Занятая сваімі мыслямі, Вераніка сапраўды ці не пачула, ці не звярнула ўвагу на яго рэпліку, працягвала дзяліцца, мусіць, нямала набалелым для яе:
– А начамі дык ваабшчэ кашмар суцэльны. Быццам спіць, а вочы расплюшчаныя, страхотныя, акурат у нябожчыка, на якога знянацку напалі і задушылі. Таўхану ў бок, то павернецца, прыціхне, нават мармытне штось незразумелае. Ну, думаю, мо хоць трохі спакойна адпачне. І толькі сама змружу вочы, а тут немы крык, ад якога ў каго хочаш мурашы па целе пабягуць. Зноў будужу, пытаюся, ці не чарцей рагатых убачыў у сне. Маўчыць, аддыхваецца, пасля ідзе ў прыхожую ці на кухню і адну за адной смаліць папяросы.
– То, мабыць, і праўда чарцей бачыць. У царкву яму, паспавядацца б. Але ці паможа? – нібы паспачуваў Раман.
Вераніка махнула рукой:
– Гаварыла, і не раз. Дык дзе там! І слухаць не хоча. Парцейны ж. А дактары кажуць, што ў яго… як гэта? Сіндром перажытага на вайне, у партызанах. Раілі нават паляжаць у псіхіятрычнай бальніцы. І слухаць не схацеў. На дыбкі стаў, быццам абразілі гэтай прапановай, – яна, адкасаўшы рукаво, глянула на гадзіннік і спахапілася: – Ой, цэлы кораб я вам нагаварыла. А там малая мо прачнулася, ды і Лёня праз якіх паўгадзіны павінен прыйсці, калі не ўздумаюць праводзіць нараду ці яшчэ што. То, можа, пойдзем разам, у кватэры пачакаеце? Бачу, ад майго напою вам палягчала. То й добра. А бутэльку і шклянку забяром з сабой, вызвалім месца для даміношнікаў.
– Вы ідзіце, а я яшчэ трошкі пасяджу. Вашага мужанька тут пачакаю. Даўно не бачыліся, і нам ёсць што сказаць адно аднаму…Сакрэты? – яна неяк насцярожана заўсміхалася. – Ад жанчын нічога не ўтоіш. Так што паседзімо разам, зраблю вам дзеля такой сустрэчы дыхтоўную вячэру і паслухаю абодвух.
– Трэба ж яго сустрэць. Я хачу тут, – заўпарціўся Раман, і гэта жанчыну нямала збянтэжыла.
Раптоўна неяк паніклая, яна пайшла ў пад’езд, а Раман, хоць ужо зябка стала сядзець на адным месцы, нават не шалахнуўся. Блізіўся момант, якога чакаў цягам доўгіх гадоў, і думкі, адна супярэчлівей другой, зноў, калі застаўся сам-насам, пачалі расколваць галаву. Зараз ён гляне ў вочы свайму заклятаму ворагу, і між імі нешта павінна адбыцца. Толькі што? Кінуцца на яго са сваім сцізорыкам, вышчарбленым ад доўгага карыстання, але яшчэ досыць вострым лязом, пырнуць яго ў твар, шыю, грудзі, каб больш не смярдзеў на гэтым свеце? Не, не стане ён пэцкацца крывёю паганца. Гэта не адобрылі б ні яго маці, ні родныя бацькі, пакутны дух якіх, пэўна ж, вітае над ім, ні Пушкароў, які наогул пакруціў бы пальцам ля скроні. То што застаецца? Хапіць за каршэнь і сілком павалачы ў міліцыю? Наце, даражэнькія, палюбуйцеся на замаскаванага здрадніка і забойцу, які ўвайшоў у давер не вельмі пільных і непераборлівых людзей, вызвягаў без чаргі неблагую кватэру і высокаграшовую пасаду, а яшчэ, расправіўшы крылы, папісвае, услаўляе свае неацэненыя як след заслугі ў вайне з фашыстамі. Але ж у міліцыі яго, Рамана, сустрэнуць як апошняга псіха. Хто ты, з якой нары выскачыў, гэткі праўдалюбец? У цябе факты ёсць? Тое, што ты расказваеш, – дзіцячыя байкі, не болей. Ах, твае хромавыя боты, з-за якіх нехта забіў бацькоў? То ці мала каго ў вайну немцы альбо паліцаі катавалі альбо рабавалі. А каб свае, партызаны? Ну, гэта злосны паклёп на нашых слаўных лясных змагароў, з-за чаго можна паклёпніка падвесці пад стаццю. І таварыш Пахілкін, якога мы ведаем як паважанага міністэрскага работніка, заслужанага партызана, добрага сем’яніна, за абразу гонару і годнасці сваёй дасць згоду на затрыманне грамадзяніна Зотава і прымусовае лячэнне ў Навінках. Неча швэндацца па горадзе і шантажыраваць сумленных людзей…
Чаўплося немаведама што. Аднак Раман інтуіцыяй адчуваў верагоднасць такой размовы з міліцэйскімі чынамі, калі ён паткнецца да іх нешта сваё даказваць. Заставаласяч адно – чакаць сустрэчы з Пахілкіным, прад’яўлення яму свайго партызанскага прысуду і, што малаверагодна, добраахвотнай яўкі з пакаяннем. Інакш…
Што будзе інакш, Раман пэўна не ведаў. Зараз, схамянуўшыся, ён уважліва прыглядаўся, хто з вуліцы заварочвае ў двор, расцякаецца па пад’ездах. Быў канец працоўнага дня, і люду на вуліцы і ў двары значна паболела. Кабеты, а яны сярод прахожых пераважалі, яго не цікавілі. Уся ўвага скіроўвалася на мужчын, асабліва на тых, якія былі прыстойна апранутыя, чаго вымагала становішча дзяржаўнага службоўца. Раман быў перакананы, што каго-каго, а Пахілкіна нават і са спіны адрозніў бы сярод іншых па яго дробненькай, як бы крадучыся, хадзе, па трохі крываватых, акурат у кавалерыста, нагах. А з боку твару – тым болей пазнаў бы, колькі б ні бачыліся. Нізкі лоб, на вастраватым, як у птушкі, носе – прыроджаны нараст у выглядзе круглай бародаўкі, моцныя сківіцы і зубы, якія перамелюць што заўгодна. Апетыт у Пахілкіна быў воўчы, калі ён еў, то сківіцы хадзілі, бы жорны ў млыне. Часта і ноччу, як усе спалі, ён цішком хрумстаў, за што хлопцы ахрысцілі яго, па аналогіі з вялікім птахам, які падбіраў падлу. Крумкач-хрумкач нібы не крыўдаваў за такую яму мянушку, але калі хто клікаў яго так пры начальстве, тому спадцішка помсціў злосна і вынаходліва.
Раман як старшы групы часта заступаўся за Пахілкіна, бо лічыў разлад у маленькім калектыве падрыўнікоў, якія амаль кожны дзень глядзяць у твар смерці, недапушчальнай раскошай. Было, што і перад камандзірам атрада пакрываў той ці іншы грашок гэтага чалавека. Пахілкін, бачачы такое заступніцтва, хінуўся да Рамана, хоць хлопцы папярэджвалі, што лепш трымаць яго на кароткім павадку, не раскрываць свае карты. “Эх, хлопцы, хлопцы, сябры мае незабыўныя! Як жа далёка вы глядзелі. А я, быццам аслеплены, не бачыў відавочнага пад саменькім сваім носам. Вы раілі не браць Пахілкіна на гэтае апошняе ў вашым жыцці труднае і рызыкоўнае заданне. Але я на сваю бяду не паслухаўся і зараз на ўсё жыццё не буду мець спакою”.
– Мяне чакаеце? – голас чалавека, які падкраўся не збоку пад’езда, а са спіны, змусіў Рамана ўздрыгнуць.
“Няўжо ён, уласнай персонай? Як жа я прагледзеў? А мо жонка пазваніла і папярэдзіла, што ў двары госць, які нізавошта не жадае пачакаць у кватэры? Толькі кудою ішоў, каб апынуцца ззаду?” Ромку, навучанага ў партызанах рэагаваць вокамгненна, бы тугой спружынай ускінула з лаўкі, змусіла павярнуць голаў на гэты голас. Першае імгненне, не мігаючы, яны глядзелі адно на аднаго. У Пахілкіна ад здзіўлення, а найперш ад страху, ажно адвіслі пашчэнкі, па іх прабег нервовы цік.
– Т-т-ты?! – не так вымавіў, як выдыхнуў з грудзей сцятае паветра. – Ж-ж-жывы!?
Раман быў гатовы да гэтых выклічнікаў, таму, узяўшы сябе ў рукі, адказаў стрэчным пытаннем:
– А ты, гад, ужо закапаў мяне? Думаеш, схаваў усе сляды? Справіў хаўтуры па маіх бацьках?
Збялелы, як палатно, Пахілкін хаўкнуў, хапіўся за сэрца і зняможана апусціўся на лаўку. Хвіліну цяжка дыхаючы і ўталопіўшы позірк у сталешніцу, маўчаў, штось пакутна думаў. Пасля, засадзіўшы правую руку за пазуху, спадыспаду крапавага палітона выняў якісьці загорнуты ў анучку прадмет, пасунуў у бок Рамана.
– Бяры, – працадзіў асуджана. – Я кожны дзень чакаў такой развязкі. Мне ўжо ўсё роўна.
– Што гэта? – насцярожыўся Раман. – Зарад, які пусціць мяне ў паветра? Не ўдалося ў зімовым лесе, не удасца і зараз.
– Бяры, – настойваў Пахілкін. – У ім адна толькі куля. Для мяне.
Раману нічога не заставалася, як дацягнуцца і разгарнуць скрутак. Апякла далонь варанёная сталь браўнінга. Баючыся, каб хто не згледзеў, што ў руцэ, схаваў зброю пад крысо курткі, прысеў на ранейшае месца і ўжо пад сталом праверыў наяўнасць у ствале патрона. Заставалася толькі прыцэліцца і націснуць на курок. Замест гэтага, змушана ўсміхнуўшыся, аддаў браўнінг уладальніку.
– Правакуеш, каб арыштавалі са зброяй у кішэні? Не хітруй. А страляць цябе я не меў і не маю ніякага намеру. Занадта лёгкай захацеў канчыны? Не выйдзе. Сам пусціш кулю ў патыліцу, калі хопіць адвагі. Толькі перад тым абуй хромавікі, якія скраў і з-за якіх па-бандыцку расправіўся з маімі. Чаго не носіш, хаваеш ледзь не навідавоку?
– І тое ведаеш?.. – цяжка выдыхнуў з сябе Пахілкін.
Раман схітраваў:
– Пушкароў таксама ўсё ведае. Ён тут. Недалёка, па справах у міліцыі. Ты ў пастцы, Лявон. Ніхто і нішто цябе не ўратуе. Ні пасада ў міністэрстве, ні твае ўяўныя заслугі, якія ты распісваеш у газетах, зводзячы ў зман даверлівых людзей. Хутка іншае напішуць пра цябе, будзь пэўны.
– Мужчынкі, вячэра чакае. Нешта ж вы доўга бавіцеся, – гэта зноў голас з акна другога паверха. – Лёня, госць, пэўна, замёрз, я ты яго ўсё байкамі корміш. Гайда за стол.
– Добрая ў цябе жонка, Пахілкін. І дачушка такая слаўная. А будзе ж нехта яшчэ. І табе не шкада іх? – Ромкава пытанне павісла ў паветры, бо каму яно адрасавалася, панура і зацята маўчаў. – Ідзі вячэрай, а сваёй Вераніцы перадай, што выбачаюся, бо бягу на цягнік. І ведай, дзеля спакою, дзеля тваіх дзяцей я пакуль што буду маўчаць. Кабета твая казала, што начамі табе кашмары сняцца. Думаю, ты сам ператварыў сваё жыццё ў кашмар. Што ж, жыві з гэтым, хрумкач. Крый Божа, каб яшчэ калі скрыжаваліся нашы дарогі.
Блізіўся Новы год. Хутар, як і ўсё ваколле, укрыў бялюткі снежны покрыў. З невялікімі перапынкамі мяло і мяло, і работы на вуліцы хапала па вушы. Удзень, калі трэба было раскідаць лапатай сумёты, ачышчаць дарожку да хлява, студні, да склепа, карміць і паіць карову, нанасіць у хату ўсё неабходнае на заўтра, час для Ромкі ляцеў імкліва. Авось у вечары, у густых поцемках хлопец пачынаў нудзіцца. Кнігі, якія вяліся дома, даўно перачытаў і раз, і другі, а каб схадзіць куды, папрасіць што свежае, дазнацца пра навіны, хутараніну было няпроста – усе, як і яны з маці, былі быццам выкінутыя на бязлюдны востраў. А між тым маладыя сілы вымагалі зносін і нейкага дзеяння.
Хрысціна, палячы грубку і рыхтуючы вячэру, не-не дый паглядала на сына, шкадавала яго, употай уздыхала. Не раз думала, як бы напытаць якую ладную, з добрай сям’і, дзяўчыну, звесці іх разам і пажаніць. Зусім па-іншаму пайшло б у іх жыццё. Дык дзе, дзе ў ваколлі тыя дзеўкі? Хто быў, саспеў у гадах, то ці завербаваўся куды, ці ўжо ўхапілі іншыя больш спрытныя жаніхі.
У адну з раніц, увіхаючыся ў двары, Раман учуў гул матора, а пасля яшчэ здаля ўбачыў крытую брызентам невялікую машыну. То быў усюдыходны газік, які снежныя намёты, хоць і пыхкаў чадным гарам і надрыўна роў, адольваў з нязменным поспехам. “Няўжо ад Пушкарова?” – гадаў хлопец.
То і праўда быў знаёмы міліцэйскі шафёр. Ён, баючыся ехаць упрытык да варот, дзе снегу было па пояс, спыніўся трохі наводдаль, заглушыў машыну. Рамана, які стаяў пры шуле і ўсё бачыў, шафёр не заўважыў, таму даў тры працяглыя гудкі, выклікаючы каго-небудзь з хаты. Згледзеўшы непадалёк гаспадара хутара, з адчаем сказаў:
– Ну да вас і дабрацца, здохнуць можна. Добра, што пасля рамонту рухавік як звер. Інакш бы каюк. Карацей, збірайся і хутка да начальніка. Пётр Вікенцьевіч загадаў хоць з-пад зямлі знайсці і даставіць у кабінет.
– Мо і ў кайданках? – пажартаваў Ромка.
– Хутчэй на мяне надзене, – адпарыраваў вадзіцель, – калі не выканаю задання.
Зборы былі нядоўгія. Ужо праз пятнаццаць хвілін Раман сядзеў у кабіне, заручыўшыся абяцаннем сёння ж даставіць яго назад. Дарога да райцэнтра заняла з паўгадзіны, не тое што было дабірацца пешкі. У кабінет Пушкарова, пастукаўшыся, зайшлі разам. Начальнік гаварыў з кімсьці па тэлефоне. Трымаючы ля вуха трубку, раздражнёна слухаў нябачнага субяседніка на другім канцы провада, зрэдзь устаўляў сваё слова. На Ромкава здароўканне махнуў рукой у бок крэсла побач са сталом. Шафёр, паказаўшыся начальніку, выйшаў у прыёмную, а Раман сеў на прапанаванае месца. Нарэшце, паклаўшы слухаўку на рычаг, Пётр Вікенцьевіч падаў руку, стомлена прызнаўся:
– Дасталі мяне гэтыя правяральшчыкі, розныя цыркуляры з грыфам і без грыфа сакрэтнасці, бясконцыя натацыі сталічных лжээскулапаў у форменным абмундзіраванні. Дасталі во, – ён чыркнуў рабром далоні па горле. – Але хутка абяцаюць адпусціць у геолагаразведку. Там, як ужо казаў, маё сапраўднае месца. Але чаго так тэрмінова паклікаў? Калі быў у Маскве, дамовіўся, каб цябе залічылі ў адну надзвычай сакрэтную вучэльню. Ёй патрэбьны вельмі надзейныя людзі. Месціцца вучэльня не ў самой сталіцы, а ў вобласці, у густым лясным масіве. Там ты і жыць будзеш. І адпаведную адукацыю, якую недаатрымаў з-за вайны, спаўна атрымаеш. А кім пасля будзеш – даведаешся на месцы. Скажу адно, што табе пазайздросцілі б многія. Зараз афармлляй пашпарт, а я напішу характарыстыку і ўсе іншыя патрэбныя паперы. У добры шлях, хлопча.
Раман, ашаломлены пачутым, сядзеў, схіліўшы голаў, не ведаючы, радавацца гэткай нагодзе ці не. Пушкароў здагадаўся і супакоіў:
– Ведаю, пра маці прыёмную думаеш. Але і яе не пакінем без увагі. Знайшліся дакументы, якія сведчаць, як гераічна загінуў яе муж – Іван Ігнатавіч Сердзіч. Можаце разам парадавацца: хутка яе паклічуць у ваенкамат і ўручаць на захаванне ордэн Славы першай ступені, якім пасмяротна ўзнагароджаны старшы сяржант Сердзіч. За мужа ёй прызначаць прыстойную пенсію, знізяць падаткі. А сельсавет абавяжуць памагчы з сенам, дрывамі. Пакуль я ў гэтым яшчэ крэсле, зраблю ўсё магчымае, каб хоць трохі аблегчыць яе долю. Пра тое ты сам будзеш ведаць.
– Вух, не чакаў такіх навін, – Ромка горача паціснуў руку свайму былому камандзіру. – Каб жа ўсюды былі такія начальнікі, як вы, наколькі лягчэй жылося б на свеце…
– Не падхалімнічай, – пасуровеўшы, перапыніў Пушкароў. – А зараз прызнайся, чаго ездзіў у Мінск, што казаў Пахілкіну. Знайшоў усё ж яго адрас?
Раман устрапянуўся:
– А вы скуль ведаеце?
– Я ўсё ведаю. Шкада, што мяне не паслухаўся, праявіў самадзейнасць. Яна магла б дрэнна для цябе скончыцца. Але ж нечым ты яго даканаў, што…
– Напрыклад? – выцягнуў шыю Раман.
– …што ён прыбег у кабінет да намесніка міністра ўнутраных спраў і запатрабаваў арыштаваць сябе. З сакваяжа выняў нейкія боты і, кінуўшы на стол, на паперы, сказаў, што з-за іх забіў двух чалавак, а сына іхняга, партызана, таксама прыкончыў, каб той часам не разнюхаў пра ўчыненае злачынства. Карацей, дабушаваўся да таго, што быў выхапіў нават пісталет і прыставіў сабе да скроні. Яму надзелі кайданкі і адправілі ў псіхіятрычную бальніцу ў Навінках. Выйдзе ён адтуль калі-небудзь ці не, не ведаю. Але дыягназ, які паставілі ўрачы, мала абнадзейвае.
– Што ж, хрумкачу – крумкачова, – загадкава для Пушкарова прашаптаў Раман, але той, відаць, ці не пачуў, ці не зразумеў сэнсу сказанага. Аднак зазначыў:
– Ты, аказваецца, злапомны. Але ў тваім выпадку, праўда, так і трэба. Аднак добра тое, што сам рукі не запэцкаў… Зрэшты, я дазнаўся і пра лёс тваіх бацькоў. Чаму ж адразу не прызнаўся?
– Не быў канчаткова ўпэўнены, хто забойца, – сказаў Раман.
– Боты твае?
– А то ж. Падавіўся ён імі. Па-мойму, так ні разу і не абуў, – хлопец падняўся, даўшы зразумець, што яму не хацелася б больш гаварыць пра сваё, што гэтак набалела і будзе смыляць, відаць, усё жыццё.




















Пакінуць новы каментар