№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Фэст аднаго верша: “Дзед Мароз старэнькі нясе Раство”
Новага году зашмат не бывае. Напярэдадні Вадохрышча гэта пераканаўча давялі беларускія (і не толькі) літаратары. 18 студзеня ў мінскім доме-музее Ваньковічаў падвялі вынікі інтэрнэт-конкурсу “Фэст аднаго верша”, цэнтральнай тэмай якога сталі навагоднія і калядныя настроі, якія толькі-толькі пачалі адпускаць насельніцтва. Аўтар ідэі і натхняльнік конкурсу, кіраўнік суполкі “Lito-Беларусь” Георгій Барташ, сцвярджае, што ідэя мерапрыемства была “простая, як валёнак”. Аўтары пад псеўданімамі дасылалі творы на рускай і беларускай мовах, пасля чаго журы, у склад якога ўвайшлі аўтарытэтныя літаратары і крытыкі Людміла Рублеўская, Дзмітрый Строцаў, Андрэй Хадановіч, Віктар Шніп, Наталля Кучмель, Наталля Капа, Юры Сапажкоў, а таксама музыкант Сяргей Пукст і супрацоўнікі сувенірнай інтэрнэт-крамы vilka.by выбіралі найлепшае. Ажно 27 вершаў склалі праграму выніковых чытанняў. Вершаў – але не аўтараў: бо ўдзел у конкурсе прынялі 48 чалавек з 12 гарадоў Беларусі, Расіі,Украіны, Літвы, Латвіі і нават Італіі. (Минск, Мінск і Менск гумарныя арганізатары палічылі за тры розныя гарады). Па зразумелых прычынах адлегласці у чытаннях удзельнічалі далёка не ўсе пераможцы. Нягледзячы на дэклараваную “простасць валёнка”, вершаў пра гэты сезонны прадмет абутку на конкурс не паступала. Затое былі вершы пра мандарыны. Як рускамоўныя, так і беларускамоўныя ўдзельнікі сёлета як ніколі аддалі належнае Іосіфу Бродскаму, распачынальніку каляднай традыцый сучаснай паэзіі. Прагучалі як авангардныя, нестандартныя інтэпрэтацыі вігілійнай і сільвестровай тэматыкі, так і класіка навагодне-каляднага жанру. А некаторыя ўдзельнікі літаральна зразумелі дзвюхмоўнасць конкурсу і даслалі адразу як вершы, так і ўласныя іх пераклады. У параўнанні з мінулым годам яўна на карысць творчасці пайшло тое, што вынікі конкурсу падводзіліся пасля святаў, у новым годзе, а не да яго. Гэта дазволіла кожнаму вершу быць унікальным і непаўторным. Як адзначыў сябра журы Сяргей Пукст: “Конкурс атрымаўся вельмі моцным”. Гісторыя стварэння вершаў былі вельмі розныя. Так, Валярыну Куставу натхніла знаёмства з сяброўкай Максіма Багдановіча, а Вольга Базылёва-Клімко, калі адчувала, што складаюцца радкі, уночы замыкалася ў ваннай, каб, не будзячы хатніх, запісаць іх. Не ў змозе перадаць шаноўнаму чытачу атмасферу свята, падзелімся з вамі хаця б тэкстамі. Фэст аднаго верша, выбар “Новага часу”. Андрэй Адамовіч (Мінск) * * * Калі птушкі, зьвяры, і варажбіты сьпявалі Езусу песьні, а Ён: – хапаў сябе за ногі, ногі засоўваў у рот, – даваў кіруючыя парады сінадрыёну, – сцаў і сраў у далоні рымскім легіянэрам, рымскія легіянэры прасветленыя кідалі службу, а Язэп, які да гэтага свята меў сваё асабістае стаўленне, адрэзаўшы малому пупавіну, абкруціў яе вакол шыі, і павёў сям’ю ў Егіпет. І так ён пасля і хадзіў з гэтаю пупавінаю, якая нагадвала яму хвост бэтлеемскае зоркі і яго чорнае і ссохлае жыццё. А перад жыдоўскім Вялікднем, пакуль Язэп спаў, пупавіну нехта скраў. Язэп плакаў, бо ведаў, што на добрае ўжо не павернецца, і ягоныя рукі не падняліся ўскрыць ягню горла. А на пупавіне пасля павесіўся Юда, ён і скраў яе, пупавіну, бо не было тады горшага чалавека ва ўсёй Юдэі, а, можа, нават і ва ўсім свеце. А пупавіну пасля знайшлі нейкія жыдкі і прадалі яе першым хрысціянам за трыццаць срэбных рублёў. Пупавіну доўга хавалі і перадавалі адзін аднаму розныя манахі і сябры патаемных арганізацый. А яшчэ яе шукаў Дэн Браўн, але не знайшоў, дзе яна цяпер ніхто ня ведае. Хоць шмат хто верыць, што ў Дэна Браўна. Хто ім забароніць верыць у гэта. Я дык вось веру, што гэтая пупавіна на маёй шыі, а раней была на шыі майго бацькі. Бо што так цісне мне горла, што так цісне і замінае дыхаць, калі я гляджу на цябе і на нашага сына. Шмат хто называе гэта каханнем, любоўю або мілосцю. А я называю гэта хрыстоваю пупавінаю. Бо часам яна цісьне мне так балюча, што цяжка паверыць нібы гэта каханне, любоў або мілосць. Хоць напэўна такое яно і ёсць – каханне да самое смерці, каханне пра якое гаварыў нам Езус. Маргарыта Аляшкевiч (Мінск) (ВЕЧАРОВЫ БОРШЧ, МЯСТЭЧКАВАЯ ЭЛЕГІЯ) Калі згасаюць свечы і спаць кладуцца рэчы, і дзень прад ноччу ўкленчыць: Дабранач! – Будзь здароў! – Прадроглае мястэчка глядзіцца ў сіні вечар. Там цень танцуе нечы ў прысадах ліхтароў, і Варгін цёмна-шэры там разнасцежыць дзверы для цудаў... Ці паверыш ты каралю катоў? Ці ўбачыш на паперы цагліны ўсіх памераў? Ты цягнешься, абмерлы, да холаду муроў... Глядзі і чуй – у вежы скуголіць-плача нежыць, кажаны просяць ежы ў сваіх гаспадароў, вядзьмак уздыме вечка куфэрку тайнаў вечных, хто ў нэндзы, хто ў галечы – насыпле ўсім дароў, і соннаму мястэчку накрые снегам плечы, ў кішэнь схавае вечар, развяжа мех вятроў і на віхуры з’едзе, і будзе танчыць недзе, і больш яго не ўгледзіш ля нашых ліхтароў. Вольга Базылёва-Клімко (Мінск) Вольга – абсалютная пераможца конкурсу: па прызе ад Людмілы Рублеўскай, Наталлі Капы і Наталлі Кучмель. НАВАГОДНЯЯ НОЧ Хоць лыжку бяры дый хадзі па двары, Бы цукар, каштуючы снег навагодні. У гэтай пары, як у кожнай пары, Свой колер адметны – і неверагодны. У свеце, дзе часта бракуе святла, Такія сумёты – найлепшыя ноты. Зіма са спазненнем, але ж надышла – За колькі гадзінаў да Новага года. Віна ўсім наліць. Спакваля запаліць Чародку румяных васковых анёлкаў. На белай зямлі, на цукровай зямлі Дванаццаць імгненняў адлічваць ля ёлкі. Пасля – віншаваць, абудзіўшы крышталь. І грэць у далонях бурштын мандарынаў. Здзіўляцца, ажно хвалявацца амаль, Знайшоўшы пад ёлкай стракатую скрыню... І быць, як усе. І ў той міг адчуваць, Што ты шчаслівейшы за князя любога, Таму што цярушыцца снег з рукава Прасветлага і клапатлівага Бога... Алеся Башарымава (Магілёў-Мінск) Алеся атрымала прыз ад Дзмітрыя Стрцава) * * * на дубец павесіўшы клунак свой дзед мароз старэнькі нясе раство глянь ды гэта ж бог у чырвоным з белым на зямлю да нас з аблачыны збеглы кідае снегам раство – лавіце! вам – у ружовасці вам – у блакіце і калі ты выйдзеш на ганак, брат глянеш – там дзе самая далячынь прэч сыходзіць нейкі дзівак-жабрак з тонкай палкаю на плячы Кацярына Зыкава (Мінск) Каця фактычна заняла другое месца, атрымаўшы два прызы, – ад Андрэя Хадановіча і Сяргея Пукста) НА РАСТВО-2 (беларуская версія) зiма гэта недзе памiж малiтвамi лыжнай крамы пра тры- ста тон сьнегу i дворнiка пра бясьснежжа. памiж калi ты зiму ня хочаш i калі яна ўжо ўну тры. зiма гэта калi срэбная рыба зыходзiць для нас каб стала з-усім-проста і ты прачнуўся ад адчуваньня ў якога няма назвы (як у месца паміж верхняй губой і носам) Анатоль Івашчанка Мінск АД ТЫГРА ДА МАЛПЫ пракладаю свой шлях па снах патанаю ў абдоймах неба па птушыных брыду сьлядах па нязедзеных крышках хлеба пракладаю свой шлях па днях распісаных празрыстымі фарбамі бачу дрэвы ў дарожных слупах спапялёныя стрэчнымі фарамі пракладаю свой шлях па касцях улагоджваю срэбнага звера у гаршках на святарных пнях стыне прысак змарнелае веры пракладаю свой шлях праз пяскі без кампасу ды зорнае мапы нацянькі да чаканай ракі па трыядах – ад тыгра да малпы Валярына Кустава (Мінск) Валярына стала прызёркай Віктара Шніпа) ЗIМОВЫЯ ПАМАРАНЧЫ На вуліцы снежаньскай яны елі ільдзяныя памаранчы. А потым... Ён хукаў на яе схаладнелыя пальцы. А потым... Ён набыў ёй кветку сінюю, як ліхтарык. А потым... Ён назваў яе “дзеткай” і пацалаваў у ружовы тварык. І нават анёлы ў нябёсах заўзелі: “Давайце, давайце!..” А ён цалаваў яе пальцы. І яны памаранчы елі. Яна Санько (Мінск) Яна атрымала прыз ад крамы Vilka.by ) * * * на раство ўсё навокал халва ў цэнтры з елкі прыбралі свастыку але зорка гарыць. ты з хлява выбягаеш і робіш гімнастыку варыць каву смурны ліліпут а астатнія глушаць будзільнік але гэта – не цуд, вы спыніліся тут і нікога не нарадзілі Таццяна Сівец (Мінск) Мае месца “ калядны цуд”: гэты верш не толькі не атрымаў прыза, але і ўвогуле не трапіў у фестывальную праграму. Але ён так нам спадабаўся, што мы не можам яго не надрукаваць. * * * Зоркі саспелі, а колькі пад імі багоў, Пэўна, адно што Галоўнаму Богу вядома. Мы адзначаем “чарговае” – дома-не дома – Гэтае свята – не горш ад астатніх нагод. У СМС-ках – “надзея”, “святло” ды “любоў”… Хай прэзідэнты штурмуюць шыкоўныя храмы, Іншых чакаюць да рання “ўсяночныя” крамы – І дачакаюцца літасціва, далібог!.. “Тых, хто не спіць”, павіншуе самотны святар І папярэдзіць, што месца на небе – замала, Хопіць не ўсім. Карацей, каб за ім не займалі!.. (Значыць, не варта стаяць у чарзе, калі так.) Толькі ізноў у пакоі на самай мяжы, Дзе з двух бакоў раскашуюць нашчадкі Іуды, Плача дзіця, з нараджэння не верачы ў цуды. Божухна, дапамажы яму, дапамажы яму… Жыць. Рэшту вершаў-удзельнікаў чытанняў 18 студзеня можна пабачыць на сайце Lito.ru: http://lito.ru/text/68674 http://lito.ru/text/68677







.jpg)













Дата: суб, 16/07/2011 - 18:23 #
Пакінуць новы каментар