/ Усевалад СЦЕБУРАКА: Лісты маёй музе

/ Усевалад СЦЕБУРАКА: Лісты маёй музе

Юліі Васюк

Мне — ужо не тваіх дваццаць пяць,
не любы акіян па калена.
І званы не так гучна звіняць,
хоць яшчэ не па мне напэўна.

Мне цяпер ўсё часьцей шкада
таго рознага, што не збылося.
Ды няспынна бяжыць вада –
і сплыло болей? чым засталося.

Мне не страшна было губляць,
дый не меў я нічога, зрэшты.
Як нядаўна было дваццаць пяць,
як няўлоўна змянілася нешта...

* * *

Цяжка пісаць пра вочы —
не бачу тваіх вачэй.
Не адчуваю далоняў,
не абдымаю плячэй.
Грэшна пісаць пра цела,
сьмешна пісаць пра душу.
Ведаю, ты б хацела…
Ведаю і прашу:
я напішу пра вочы,
рукі і валасы,
у іх запляту бы стужкі
нашыя галасы...
Я ўздыхну з палёгкай,
вернецца мой спакой.
Толькі не будзь далёка
толькі пабудзь са мной…

* * *

Ю. В.
Давай падлічым pro et contra,
святло і цень.
Скрозь гук фінальнага акорда
сцячэм слязой па джалу корда
у ноч, у дзень…

Давай зусім без дэкарацый?
Спектакль — удвох.
Без воплескаў і без авацый,
без бліскавіцаў папарацы.
Хай чуе Бог…

Давай пасля забудзем словы,
вось так — знарок!
Ўвесь свет маўчыць, і адмыслова
жыццё сваё пачнём нанова –
і зробім крок!

* * *


Штосьці няўлоўнае,
штосьці няроўнае,
нібы інэртны газ,

штосьці няпэўнае
штось патаемнае
ў рытміцы гэтых фраз.

Штосьці балючае,
штосьці калючае
стрэмкаю ў галаве.

Штосьці няіснае,
штосьці наўмыснае
дымам сівым плыве.
Штосьці такое,
што непакоіць,
што прыпыняе час...

Слухай, каханая,
шчырую споведзь:
нам не хапае НАС!

УСЯ ПРАЎДА ПРА ЯЕ

Ю. В.

Яна ведае мовы і моду,
мае цвёрды жыццёвы план,
і з усмешкай ўкладае прыгоды
ў наш сур’ёзны лірычны раман.

Яна любіць тэкілу “Альмеку”
і кудлаціць мае валасы.
Мы ляцім наўздагон яе смеху
з разваротам праз дзве паласы.

Яна можа ні чым не займацца —
проста плакаць, ці проста спяваць,
а ўвечары так затрымацца,
што я двойчы стамлюся чакаць...
Ды калі, нібы на фотаздымках,
загарнуўшыся ў мяккі плед,
яна сцішыцца... У абдымках
мне падасца — трымаю свет!

* * *

Усе нашыя недарэчнасці,
усе нашыя “супраць” і “за” –
такая дробязь для вечнасці,
як для акіяну сляза.

Бясспрэчна — жыццё складанае,
бясспрэчна — ва ўсіх свой крыж,
але не крыўдуй, каханая.
Так цяжка, як ты маўчыш!

Даруй! І ў звычайным вечары,
стамлёная доўгім днём,
адчуеш — казыча плечы
анёлак твае
крылом...

ПЕРАД АД’ЕЗДАМ

Тэкіла і пах парфумы,
соль на вуснах тваіх.
Думак маіх тайфуны
і Lucky Strike на дваіх.

Бяссонная жарсць у абдымках.
Наш цёплы і колкі плед.
І памяці фотаздымкі.
І твой ад’езд у абед.

Наш вечар, ў якім мы разам.
Наш вецер, які — у твар.
Уверх ад гатэлю “Плаза”
у наш караоке-бар.

Як мала апошняй ночы!
Як шмат аднаго ў адным!
Па-здрадзніцку рэжа вочы
слязой тытунёвы дым…

 #
Сева!!! прывiтанне!! цудоуныя вершы!!! P.S. як там Эмi?)
 
 #
вершы цудоуныя! пяшчотныя і рамантычныя. нават не ведаю, каму больш пашанцавала, вам - за тое, што муза з вамі, ці музе - якой прясвячаюць такія вершы.
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Апошні нумар

Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Грамадства
Грамадства
міжнародныя навіны

ЛІТБЕЛАРУСЬ

Відэа

maryjka's picture
Блог Марыйкі Мартысевіч "Нью Эйдж"
pulsha's picture
Блог Сяргея Пульшы
chvoin's picture
Блог Вольгі Хвоін "У трох соснах"
kiesnier's picture
Блог Генадзя Кеснера
chadyka's picture
Блог Аляксея Хадыкі

Аб'явы

Паважаныя сябры!

З 1 студзеня 2010 года Саюз беларускіх пісьменнікаў абвесціў новы конкурс на лепшы літаратурны твор, у якім асвятляецца вобраз жанчыны ў сучасным грамадстве і асэнсоўваюцца актуальныя гендэрныя праблемы.

На конкурс прымаюцца тэксты ўсемагчымых жанраў: паэзія, проза, драматургія, крытыка. Аўтарамі конкурсных твораў могуць быць і мужчыны, і жанчыны, і пачаткоўцы, і прафесіяналы.

Лаўрэатаў літаратурнага конкурса «Жанчына ў сучасным грамадстве», які будзе доўжыцца да 1 кастрычніка 2010 года, чакаюць прэміі, прызы і падарункі, а пераможца атрымае магчымасць выдаць свой тэкст асобнай кнігай!

Калі ласка, дасылайце свае творы на адрасы: паштовы – 220025, Мінск-25, а/с 91; электронны – sbp@tut.by.

Сакратарыят Саюза беларускіх пісьменнікаў