xxx

/ Уладзь ЛЯНКЕВІЧ: Паўзе падмарожаная Свіслач

/ Уладзь ЛЯНКЕВІЧ: Паўзе падмарожаная Свіслач

“Пятая калонка” працягвае хваліцца талентамі, якія не даў закапаць у зямлю конкурс маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана, што ладзіўся ПЭН-цэнтрам напачатку 2009 года. Асноўнай адметнасцю сёлетняга конкурса было тое, што ўпершыню маладыя перакладчыкі былі вылучаныя ў асобную намінацыю. А асноўнай прыемнасцю – тое, што найлепшыя фіналісты спалучылі ў сабе адразу дзве творчыя іпастасі, выступіўшы і як паэты, і як перакладчыкі.

Уладзь Лянкевіч спявае свае тэксты пад музыку. Пазбягаючы слова “бард” – найноўшае пакаленне ўвогуле пазбягае слова “бард”, дыскрэдытаванага, на іх погляд, познесавецкай і “дзевяностай” рыторыкай. Але калі гэтае слова ўсё-ткі ўжыць, творчы карунак, у якім рухаецца Уладзь Лянкевіч, можна назваць “бард-мадэрн”. Гэта цяжка ўявіць, прачытаўшы на паперы, – і тым больш мы б не рызыкнулі расставіць акорды над радкамі гэтых вершаў.

Лянкевіч-паэт арганічна абарочваецца Лянкевічам-перакладчыкам паэзіі. Чытаючы ягоныя пераклады Гіёма Апалінэра, разумееш, дзе караніцца яго ўласная паэтыка, а чытаючы яго вершы, – наадварот, цешышся, што ў беларускай літаратуры з’яўляюцца творцы, якім не трэба наступаць на горла ўласнай песні, каб адэкватна і з душой перакласці класікаў еўрапейскага мадэрнізма.

Уладзь Лянкевіч нарадзіўся 1987 годзе ў Мінску. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (беларуская філалогія) і Беларускі Калегіюм (філасофія / літаратура). Сябра рэдакцыі інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “Прайдзісвет” (www.prajdzisvet.org).

 

***
учора караткевіч плакаў пад снегам
непадалёк ад соннай артэрыі менску

усе подбегам
асобныя бегам

я абдымаю дрэвы калі мне кепска

(памятаеш, мы чулі гукі лютні
ды песню чорнага хлеба)

тут ён кавалкамі валяецца
хрумсціць пад нагамі прыцярушаны

галубы гэтага горада адляцелі ў вырай


***
Я жыву на восьмым паверсе

Ягонае цела кінулі дагніваць
Парэшткі скубаў вецер груганнё і сабакі

Груганы вырасталі з добрую хату
клявалі мінакоў і вулічны брук
наеўшыся ўсчыналі спевы пад грукат камянёў у іхных жыватах (шлунках)
не ўзляталі ад цяжару з’едзенага
ператвараліся ў цёмна-вельмі-цёмна-сінія кучы і марудна распаўзаліся магмай
па тым каго мы па звычцы называем
горадам

Я прачнуўся, выйшаў з пад’езду. Здзівіўся, відаць, прапусціў вывяржэнне вулкану.
Хутчэй за ўсё таго, што на адной з цэнтральных плошчаў.
(А ведаеце, можа гэта напраўду прыгожа – даваць плошчам назвы месяцаў)

Павольная пампея

Не. Усё-ткі я прачнуўся, выйшаў з пад’езду і не здзівіўся.
Толькі якім-небудзь халодным вясновым вечарком я падумаю:
як добра мне жыць на першым паверсе

Не, чакайце, тут штосьці не так…
я выразна памятаю суседзяў знізу

***
дробачкі Сёння сыплюцца як жвір
хтосьці выпіў капяжы

я мог бы быць тваім цмокам
вазіў бы цябе на спіне па горадзе
выкідаў бы смецце бегаў у краму
аніякіх праблемаў з паркоўкай
ды ў любую хвіліну – на лецішча

і дахі на якіх заставаліся б сляды маіх ступакоў
ганарыліся б і па начох апавядалі б суседнім
як гэта

проста я ведаю, ты любіш
паржавелую бляху, гарышчы
і крыху мае лусачкі

ты называла б мяне з асаблівасцямі
паўночна-ўсходняй вымовы
Чмок

ты ляпіла б для мяне з батона
юнакоў і дзяўчат

А ў зімовыя вечары
ты б грэла рукі ля маёй пашчы
а ноздры прыдаліся б як фен

Але я не стану тваім цмокам
бо яшчэ з маленства памятаю
чым такія гісторыі сканчаюцца

(песня 1)
усё пачалося з таго, што я перастаў
розніць дождж і снег
розніць дождж і снег
дыхнуў вецер
рыпнулі веснічкі
ты ўпала з дрэва
лужынай на дарогу
лужына на досвітку
я праходзіў побач
патрапіў лапкамі
ты загарнула далоні
і шэпчаш цяпер
ты шэпчаш цяпер
багоўка багоўка
божая кароўка
паляці на небка
прынясі нам хлебка
чорнага і белага
толькі не гарэлага
а я не палячу

неспадзявана ўраз
знячэўку й раптам
нечакана знянацку
самахоць у балота
спакваля неўпрыцям цішком
незаўважна паціху
ціхачом і паволі
самахоць у балота

ты мая любая імшара алёс
багна балота дрыгва і твань
ты мая багна дрыгва і твань
морач круговіна вязь ды алёс
ты мяне зацягнеш
ты трасавіна дрыгва і твань
морач круговіна багна алёс
ты мяне зацягнеш
ты мяне засмокчаш
ты маё балота

Твае абдымкі былі незамкнёныя я
ўвайшоў

(песня 2)

Вазьмі мяне на рукі і занясі туды,
У княства, дзе не ловіць мабільны тэлефон,
Дзе вуліцы брукуюць бульбай ды яблыкам
А на правым крысе твайго паліто
А на правым крысе яго паліто
жывуць казкі
Ужо на даляглядзе, здымай абутак,
Кладзі мяне ў пантофлю ды і сама лягай,
Плывем пад бзззз пчолкі па густасеянай расе
А на левым крысе твайго паліто
А на нейкім крысе яго паліто
дом пчалярскі
Тут кнігі пішуць галубы
Люлі-люлі-люлі,
прыляцелі гулі,
селі на варотах
у чырвоных ботах

гэткія ж як боты
кніжак пераплёты

І жаўцее самотная рыбіна ў сажалцы,
Скідае луску, а тая ўсплывае –
Прыкідаецца лісцём апалым

Распраніся і стань люстэркам

***
“мяне ў дзяцінстве называлі – Ляля”
З ейных словаў

Пакажы, што ты хаваеш у руцэ
пальчыкі быццам у лялькі, зробленае з кавалачкаў крэйды
і чым даўжэй яна водзіць рукой па маіх валасах,
карацеюць ейныя пальцы, сціраюцца, спісваюцца
а я сівею
ножкі ейныя, калі танчыць, пакідаюць малюнкі
а трохі пазьней, як не стане грошай, мы ўладкуем цябе на працу
ты будзеш наносіць разметку (куды дагэтуль не заязджала кола машыны)
толькі цяпер я разумею, чаму яна не ўмее плаваць (чаму ты не ўмееш плаваць, лялечка)
крэйду лёгка пакрыўдзіць
крохкая
хто цябе сабраў з крэйдзінак? што засталіся ў зарослых імхом класах,
закаціліся пад настаўніцкі стол
старыя драўляныя дошкі пакрыла зяленіва, нехта ўпрыгожыў маем
лабірынты шчылінак у зацёртым паркеце, пісягі
ляцелі сарокі, ухапілі ўрокі
я чуў, што на моры на кіяне стаіць белы камень,
дзяды над морам праляталі, іхныя слёзкі на камень упалі
Ты адтуль?

Я хвалююся, калі ты пячэш што-колечы з мукі, я баюся,
каб ты не заблукала ў ёй, не схавалася,
а печыва тваё заўсёды з такім чароўным смакам
а раптам гэта ты штораз крышку сябе ў цеста крышыла?
а разынкі ў пірагу – гэта твае зрэначкі? чалавечкі? лялечкі?

***
Sous le pont Mirabeau coule la Seine

Паўзе падмарожаная Свіслач

[яна даўно не сябруе з Менскам больш не адбівае яго]

Яна любіць калі качкі казычуць яе лапкамі
качкі – выгнанцы
рака – рэзервацыя
Яны месяць гушчу вады – за гэта дзякуй
дзякуй таксама рэдкім аматарам круціць катамараныя колы
што яшчэ паўзе, не застыгла, не стала колам
Яе пашчыпвае мароз ды чайка дзюбаю
абое вязнуць
Рыбіны ў ёй з цягам часу сталі нагадваць кратоў,
бо інакш аніяк не прабрацца скрозь зеленаваты кісель
[кемкія дзядкі ўзяўшы рыдлёўку й вядро не кепскі часам прыносяць дадому ўлоў]

Паўзе падмарожаная Свіслач

Мы часта задаемся пытаннем, куды падзяецца наш горад. Я ўспомніў адказ.
Як быў я малым, боўтаў дубчыкам у свіслачы [гэта было па-за горадам, з бацькам рыбаліць пайшлі]
я разбіваў павуцінне за кустом
трэба падчапіць вось там
падалей цягнуся – бульк
крычу тата! і не чую, толькі звініць увушшу
і тут я прыкмеціў, як па дне супраць плыні
валакуцца старыя будынкі драўляныя хаты камяніцы і цэрквы касцёлы і плошчы сядзібы
а між іх шпацыруюць па рухомых вулках дзіўныя людзі
я падумаў
вялікі эскалатар ляжыць на дне свіслачы і ўсё гэта падымае ўверх па цячэнні

напэўна, я не патануў тады
бо ўчапіўся за травяную чупрынку берага
бо тата схапіў мяне за руку
гэта здарылася, калі яшчэ можна было патануць у ёй
цяпер – толькі загразнуць

са свіслачы нельга напіцца,
толькі адарваць кавалачак,
вылепіць з яго свісцёлку й падараваць дзіцяці

паўзе падмарожаная Свіслач

я ведаю, калісьці я пакажу табе тое месца.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).