№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Марына НАТАЛІЧ: Святло ў вачах
***
Сярод россыпу жоўценькіх
дзьмухаўцоў
Толькі адзін аксакал –
На вузлаватай назе
Белая галава.
Кліча яго дзядулем
Гарэзлівая малеча,
Рагоча без дай прычыны:
Самая раніца траўня,
А ён ужо такі сівенькі!..
***
Таму ты такая самотная,
Лёткая ластаўка ў небе,
Што ў твайго сябрука
Нават наймення мужчынскага
Няма, не было і не будзе...
***
Мой каханы,
Лёсам наканаваны,
Што ведаем мы
Пра яго выборы?
То палыну ліне
Ў арабінавае віно,
То ў студні бяздоннай
Пакажа дно.
То пяшчотай апаліць,
То сцюжаю абвее, –
На вятрах мілосці
Палаю-калею.
А лёс рагоча,
Стары белачубы,
Як ты нямееш
У адчаі ад згубы.
Штó мы яму, каханкі,
Не вартыя жалю падранкі,
Кволыя птахі
Без апранахі?
Выштурхне з сэрцавіны кахання –
Ні спагады няма, ні адхлання.
Сэрцайка ўшчэнт разаб’ецца,
А лёс бессаромна смяецца
І шыбуе далей
Шукаць маладзенькую пару –
Забаўку і ахвяру...
Страчаная
Адвярніся, любы,
Хмура не сачы,
У чыю далонь я
Магла згубіць ключы...
Я зірнула ў студню,
Як па воду йшла, –
Жоўтая вяргіня
Вочы апякла.
Жоўтая вяргіня
Там, на глейкім тле,
Мой адбітак зыбкі
На празрыстым шкле.
Хто ж мяне сурочыў,
У час які і дзе,
Што канаю кветкай
Ў ледзяной вадзе?
...Не ключы згубіла –
Душу не зберагла,
Кветкай упусціла
У прадонне зла...
Мастаковыя сны
Клопат збуду –
Гуляю ў пацеркі:
Жэмчуг чорны,
Перлінкі белыя.
Ночкі цёмныя,
Ранні імгненныя...
Бог за мной
Падглядае ўпотайкі:
Раптам я што прыдумаю новае –
Сіне-светлае,
Пекна-ружовае.
Ён мяне разумее,
Самотную...
***
Не сястра, не каханка,
Не дачка я табе –
Падчарка.
Не змяя-камняломка,
Не жонка ласкавая –
Яшчарка,
Безабаронная, нецікавая,
стылая,
Вачам – не паглядная,
Сэрцу – не мілая.
Навошта злавіў ты мяне,
Утаймаваў, прыручыў,
Як святло ў вугальку,
Прысабечыў злоўлены пламень,
А потым раптоўна адрынуў, скамечыў
Выклікам хлёсткім: “Хачу і хлушу!..”
І стаў дом мой – трывушчы камень,
У ім яшчарка залатая схавала душу.
***
Празрыстасць вінаграду – радасць,
Смуглявасць вінаграду – сум,
І вінаватасць далягляду
За вырай нашых лёгкіх дум.
Віна зялёны вір і морак,
І патанулы райскі сад,
Зноў вінаграду сыты голад,
Начэй паўднёвых зарапад.
Ўсё гэта там, за даўнім часам,
У снах, у восеньскіх начах,
Дзе я не чайка над баркасам –
Святло ў вачах.







.jpg)













Пакінуць новы каментар