№6 (185) 12 сакавіка 2010
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ З СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАЭЗІІ
ХРЫСЬЦІЯНСКІ КАНЦЭПТУАЛІЗМ У МАЛАДЗЁЖНАЙ ПАЭЗІІ ЯК ВЫНІК ГІСТАРЫЧНЫХ ЗЬМЕНАЎ НА БЕЛАРУСІ
Маладзёжная паэтычная культура Беларусі – настолькі размаістае паняцьце, што даць яе ацэнку ў адзіным невялікім артыкуле-прадмове складана. Хутчэй тут лепей сказаць пра панятак працэсу, калі ў полі чытацкай увагі зьяўляюцца сотні імёнаў, але застаюцца адзінкі, выбітныя сваёй ня толькі харызмай, але й упартасьцю ды праявай сілы волі.
Як паказвае жыцьцё, талент, відавочна, ёсьць вынікам выключнай працы, што характэрна для ўсіх вялікіх беларускіх паэтаў, -- ад Кірылы Тураўскага да Анатоля Сыса, а праявы Духу Божага, што мы называем геніем, дасягаюцца ўвогуле поўнай самаахвярнасьцю. Пра гэтае, у прыватнасьці, сьведчыць вопыт гісторыі літаратуры Беларусі. І для некаторых т.зв. “забойнасьць радка” сталася, як кажуць, выключнай мэтодай і на сёньня.
Прычына сучаснага маладзёжнага літаратурнага і паэтычнага буму палягае ня толькі ў відавочнай паэтычнасьці самой Беларускай нацыі, але і ў сытуацыі, якая склалася на Беларусі з прычыны доўгачаканага абвяшчэньня незалежнасьці нашай краіны.
Назіраючы разьвіцьцё ўсёй нацыянальнай культуры пасьля 1991 году, асабіста ў мяне складваецца ўражаньне – “нібыта плаціну прарвала”... Навонкі выйшла тая закансэрваваная энэргія, якая драмала доўгія дзесяцігодзьдзі, калі не стагодзьдзі нацыянальнага гістарычнага сну, бо стрымлівалася вядомымі гістарычнымі абставінамі.
За гэты час у літаратуру прыйшло два арыгінальных пакаленьні паэтаў, якія праяўляюць сябе ня толькі ў традыцыйных жанрах прыгожага пісьменства, але і прапануюць навацыі.
З т.зв. моладзьдзю пакаленьня ХХІ стагодзьдзя яшчэ шмат пытаньняў, яно толькі акрэсьлілася і хутчэй прадстаўлена імёнамі (Віка Ляйкоўская (Трэнас), Верка Бурлак (Джэці), Вальжына Мартынава (Морт), Вольга Гапеева, Сяргей Прылуцкі, Вольга Чайкоўская, Арцём Кавалеўскі дый інш.), чымсьці вартаснымі вынікамі творчасьці, якіх пакуль малавата, -- у іх, відавочна, усё яшчэ наперадзе!
Пакаленьне ж адраджэнскага часу 1990-ых, безумоўна, ужо патрабуе сур’ёзнага навуковага разбору...
Існуе і дзьве плыні сучасных маладых аўтараў ў падыходзе да творчасьці і развою ўласных здольнасьцяў: адна зь іх абапіраецца на акадэмічную традыцыю, дзе найбольш яскрава праявілі сябе хрысьціянскія паэты --А.Пашкевіч, В.Кобрут, М. Віч (Гілевіч), Т.Будовіч, Н.Капа, А.Брусевіч, В.Слінко, А.Спіцын, А.Новікава, Я.Лайкоў, І.Сіроткін, С.Патаранскі, В.Кустава; другая плынь апілюе да наватарства, дзе найбольшых дасягненьняў прыдбалі маньерысты, і найперш В.Жыбуль, Ус.Гарачка, А.Хадановіч.
Прапануем падборку маладых паэтаў хрысьціянска-філасофскай лірыкі, якая, узьнікшы як зьява канцэптуальнага кшталту апошніх дваццаці гадоў, мае найбольш вартасны характар для нацыянальнай культуры наогул.
Бо ёсьць тым апірышчам, якое і ўвасабляе жывы Дух нашай вялікай славянскай нацыі.
Ян БЕЛАКРЫЎСКІ
Анатоль БРУСЕВІЧ
ДАРОГА ПРАЗ ШЭРАСЬЦЬ
Што страшней? – ці памерці, ці жыць,
Каб калісьці памерці ўсё роўна...
Мне шкада,
-- што ніводнай душы
Навакол,
толькі мёртвая поўня.
Толькі мёртвае Неба – і я...
Плачуць зоркі у шэрай пустэльні...
Мары збудуцца толькі ў снах...
Ну, а шчасьця ня будзе...
Павер мне.
Шчасьце прыйдзе таксама у сьне.
Альбо прыйдзе, калі нас ня будзе...
Лепш памерці, чым жыць у труне,
І зграшыць,
чым прабачыць Юдзе...
Натальля КАПА
РАСТВО
Матыў І.Бродскага
Спас нарадзіўся
У лютую сьцюжу,
Гарэлі ў пустэльні вагні пастухоў,
Буран бушаваў, выцінаючы душу
З цароў, што прынесьлі дары да Яго.
Вярблюды ўздымалі касматыя ногі...
Выў вецер...
І ясная зорка Раства
Глядзела, як трох караванаў дарогі,
Бы промні, сыйшліся ў пячоры Хрыста...
Валярына КУСТАВА
***
Родна, пяшчотна, гладка...
І небясьпечна...
Хаця...
Ты паглядзеў, як дзіцятка...
Я, -- як дзіця.
Янка ЛАЙКОЎ
НЯЗВОДНАЕ
На паверхні пашарпаных сьцен
І на твары братоў-езуітаў
Клаўся змрочны, сутонлівы цень
Неспатоленым болем спавіты.
Я зьнямоглы сьляпы ерэтык
Сярод цемры зьнямоглай адчайнай
То нясьцерпна зрываўся на крык,
То вымройваў зацята маўчаньне
А пасьля у трывожным паўсьне
Я уздрыгваў раптоўна,
нібыта
Праз парожнюю стынь ка мне
Бог працягваў рукі Нябыту...
***
Дванаццаць сьвечак на куце,
І кожная – згарае,
А велізарны смутны цень
На хату наступае.
Але ратуе нас вагонь, --
Гарачы,
аж балючы...
І гэты сон – вякоў спакон
Трываць,
Трываць нас вучыць.
***
... І прыкра нам, што мы – багі,
Што падуладны нам стыхіі,
Сьвятло калысак, змрок магіл,
Сьвятыя дзеі і ліхія.
Мы знаем Веру і Любоў,
Мы разумеем іх прыроду, --
Свой Дух, расьпетраны наноў,
Кідаем на алтар Свабоды.
Каб не змаглі пазбыцца мы
Таго, што здолелі адужыць, --
Каб вы,
сыны жыцьця зімы,
уратавалі свае душы!..
Сяргей ПАТАРАНСКІ
ТАЙНА МЛЕЧНАСЬЦІ
Маці Бога збан малака
Абраніла спадкова ў Нябёсах...
З таго часу там зор рака
Зіхаціць у пярлінах дзівосных.
А быць можа Гасподны сын,
Не напіўшыся з таго збану,
Сьлёзы ліе...
А нам Нябёсы
Падаюцца у восень нірванай,
Калі падае зорны дождж
На зямлі ліставейнае лона.
Сьлёзы Бога –
ў маім сэрцы нож, --
Растанаюць у вечнасьці звонна,
Нам адплочваючы грахі
Паміж тайны нязнанай Нябёсаў,
Адкрываючы жыцьцяшляхі
Ў зарападнасьці зорна-дзівоснай.
***
Вострая Брама,
як брама у Рай,
Што Беларусьсю Нябёснай завецца...
Тут захаваны Дух цнотны і сэрца
Ісьцінаў Божых.
Як не шукай
Іншае брамы да родных мясьцін,
Дзе Дух Радзімы у сімвалах Веры.
Вострая Брама між вечных часін
У Беларусь –
ёсьць Нябёсныя Дзеверы.
***
І гэты сьвет, і той, --
Які ж нарэсьце лепшы?
Душу сьвяты спакой
Краіны роднай цешыць.
Вось родны твой абсяг,
Дзе ў храмах Боскі Гонар,
Дзе наш Хрыстовы сьцяг,
Дзе сонм сьвятых бароніць,
Дзе Вастрабрамскі крыж,
Як зорная надзея,
Дзе вецер дзён старых
З бацькоўскіх стрэхаў вее,
Дзе наш вясновы Рай
Між бэзу і шыпшыны...
Адно сумленьне май,
Сваю шануй краіну!
І гэты сьвет, той –
Усё табе спазнаці...
Але няма сьвятой
Вышэй уласнай маці.
БЕЛАРУСКАЯ ПРАЎДА
Беларусы нясуць сваю Праўду
Па гасьцінцах Еўропы сівых,
Дзе шмат мелі ад Неба парады,
Ды таксама і сьцежын крывых.
Беларусы нясуць сваю Праўду
На гісторыі зьбітых нагах,
Дзе спазналі і велічы радасьць,
І вялікае Годнасьці крах.
А куды ж нясуць тую Сьвятую,
Што адвечная ў кожным, як зьніч?!.
Дзе Радзімы абшар прастуе
Гістарычнай, што ў Духу ня зьнік
Але ў чым жа ёсьць існая Праўда
Беларусаў у сьвеце сьвятым? –
Каб сябе пачуваць у ім варта –
Ў службе Госпаднай,
толькі ў тым!
***
Ка.
Акіян Беларускага неба
Над тваёю сьвятой галавой,
Як віно, і, як бохан хлеба,
Як душы тваёй сьветлы спакой.
Зноў вятры заплятаюць косы
Ў гольле дрэў і ў тваіх валасох,
А ў Нябёсах ідзе анёл босы,
Бласлаўляе твой кожны крок.
Ты адзіная ў гэтым сьвеце
Беларускай зямлі анёл мой...
І сьпявае нам песьню вецер,
Цябе славячы...
Над галавой
Акіян Беларускага Неба,
Ад якога нам шчасьце прыйшло,
Як віно і як водар хлеба,
Як ад Неба сьвятое сьвятло.
Алесь СЬПІЦЫН
***
Я вокам абшар і нябёсы абмераю
І зорысты пыл сьнягоў, --
Бог даў Беларусам больш, чым імпэрыю,
Бог даў Беларусам Любоў.
Хай неба начное пакрыецца млечнасьцю
І прыйдзе сьвітанак, як госьць.
Бог даў Беларусам болей, чым велічнасьць,
Ён даў ім сваю прыгажосьць.
Хай зло над Сусьветам часова ўладарыць
І сее бязьлітасны гвалт.
Бог даў Беларусам больш, чым ўсёўладнасьць,--
Гасподзь міласэрнасьць нам даў...
***
О не! У Неба не бывае дна...
Але як дзень, бы вогнішча, зацьмее,
Вада сьвятла заўважна абмялее,
То буйныя жамчужыны відаць.
Але – у Неба не бывае дна:
Блакітны, шэры, залаты і сіні...
Бяздонна-сьветлай напаўненьне скрыні –
Густая каляровая вада.
О не! У Неба не бывае дна.
Сінечы шоўк, зарослы сьветлым рэхам,--
І толькі спрэс суцэльная паверхня,
І толькі спрэс сьвятая глыбіня.
***
У гэты год гарэлі Леаніды...
Хай Божым знакам стануцца яны.
Хай метэорамі згараць зямныя крыўды
І дробязяў штодзённых камяні.
У гэты год гарэлі Леаніды...
А іх ніхто ня бачыў праз туман,--
Празь невычэрпны боль зямны і крыўды,
На покліч іх ніхто не адказаў.
У гэты год гарэлі Леаніды,
Хоць іх ужо ніхто і не чакаў,--
Ня зьменены зямныя краявіды,
Бо пра Любоў ніхто не запытаў.
Ды ўсё ж аднойчы, праз пустэчы міты,
Дзе сон душы,
хай зразумее сьвет,
Што недарма прыходзяць Леаніды,
Згараючы у полымі
ушчэнт...
Укладаньне падборкі
Яна БЕЛАКРЫЎСКАГА.




















Пакінуць новы каментар