№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Анатоль Івашчанка: Словы ні для чаго
Спын
Каля Усходніх могілак сталіцы
штоночы валтузня і шмат машын.
Тут спын аўтобусаў з маскоўскае шашы
(няведама, як пад такое спіцца
тым, хто займеў тут свой заслужаны спачын).
Баулы, скрыні, кайстры і валізы,
чачэны, туарэгі, п’яны смех...
Ці скажуць вам пра штосьці там, унізе,
імёны, што прысыпаў надмагільны снег?..
Сівы туман плыве сабе з нізіны,
як той казаў, і быццам бачу я:
вось паўстае з астылых дамавінаў
былая сакаліная сям’я.
Усе ў выдатных чорных гарнітурах,
з метафізічным сумам у вачох
глядзяць на тых закладнікаў шоп-тураў,
што выгружаюць кілі кілек і панчох.
Вось Караткевіч на сваім пагосце
пацягвае бясконцы «Беламор»,
чакаючы кагось на госці, —
адзін з нямногіх, хто напраўду не памёр.
Ля агароджы Быкаў і Мулявін
гамоняць, пазіраючы на ўсход,
дзе каралеўны ходніку гуляюць,
шукаючы на задніцы прыгод.
А па начной шашы ляціць таксоўка,
падвозячы сталічных жыхароў.
На хвілю робіць спын ля стометроўкі –
і пазірае з-за стырна сівы Харон...
Непадалёк ад могілак усходніх
здзяйсняюць самадайкі аўтаспын,
а побач несупынны хэлоўін
запальвае нябачныя паходні
для тых, хто выйшаў з цесных дамавін...
Жывы
гляджу на свае далоні
счышчаю з іх зямлю
назіраю
як месцамі лопаецца скура
і ўтвараюцца новыя барозны
лініяў лёсу й жыцця...
цякуць (насы, тасол, кран, вочы —
патрэбнае закрэсліць)
спакушае грэхлама
асцярожна, зверы,
зачыняюцца дзверы!
цяпер урытмаваны
дзеткамі, светлафорамі,
парадкам слоў у сказе,
набрынялы паглядамі,
разраджаюся ў нікуды;
інерцыя выпадковасцяў
трохі карэктуе маршрут,
але Закон вяртае да ранейшае ростані...
медытацыя на пральную машыну
на перыферыі сну
сігнал выключэння
як кодавае слова
для сустрэчы з сабой...
«Будзем уважлівымі» —
кажуць святар і светлафор.
Хто б і што ні казаў —
слухаю маці.
Мухі, пачакайце йшчэ
сядаць на мяне...
Творчаскі напал(м)
Пранізлівыя пахі
перадвячэрняй вуліцы
мяшаюцца ў пакоі
з сандалам напалам
карнізавыя птахі
глядзяць як трэніруецца
ў сваёй сабачай школе
хадзіць па жэрдцы колі
ў той час як у пакоі
на коўзкім падваконні
павольна маркітуюцца
дзвюхногія й любуюцца
на галубоў і колі
ўдыхаючы сандал
P.S.
(яны іржуць бы коні
няйначай па прыколе
ці можа па ўколе
няўхільна павышаючы
мой творчаскі напал(м))
Дзеткі маршыруюць
Дзеткі маршыруюць
шыхтуюцца ў пары
бяруцца за ручкі
раз-два раз-два аць-два...
выхавацелька з фізкультурніцай
выводзяць дзетак на зарадку
фізкультурніца паперадзе —
паказвае куды бегчы дзе пералазіць
кажа да якой прыступкі можна ўзлезці
выхавацелька — замыкае. Чэ-
злыя вочкі
крытычна аглядаюць
стракатую калону...
дзетак шмат,
мо тры дзесяткі
дзеткі маршыруюць
заклаўшы рукі за галаву
з боку гэта выглядае алегарычна
але выхавацелька з фізкультурніцай
пра тое не ведаюць
як яны спраўляюцца бедныя
з такой вялікай групай? — шэпчуцца мамкі
вельмі проста, паверце!
яны не ўмешваюцца
не перашкаджаюць дзейнічаць Закону
старажытнаму Закону зграі...
вось дзеткі пераадольваюць жардзіну
трэба ісці распяліўшы ручкі
як канатаходнік
спрытнейшыя засковаюць першыя
тых хто адстае ад тэмпу
хто не можа шпарка ўскочыць
падштурхоўваюць дзеткі з чаргі
незадаволена шыпяць:
«Давай, давай же, залазь!..» —
імітуючы раздражнёны голас
фізкультурніцы
фізкультурніца пляскае ў ладкі:
«В темпе, в темпе,
раз-два, раз-два»...
і вось тут —
на жардзінцы,
на лесвічцы,
на гэтай дзетсадаўскай пляцоўцы
у іх як і ў нас
у нашых дзетак
забіваюцца ўласныя рытмы
і ўласныя жаданні.
Раз і назаўжды.
Ад тыгра да малпы
пракладаю свой шлях
па снах
патанаю ў абдоймах неба
па птушыных брыду слядах
па няз’едзеных крышках хлеба
пракладаю свой шлях
па днях
распісаных празрыстымі фарбамі
бачу дрэвы ў дарожных слупах
спапялёныя стрэчнымі фарамі
пракладаю свой шлях
па касцях
улагоджваю гожага звера
у гаршках на святарных пнях
стыне прысак змарнелае веры
пракладаю свой шлях праз пяскі
без кампасу ды зорнае мапы
нацянькі да чаканай ракі
па трыядах — ад тыгра да малпы
Сырадой
як добра зрэдку
пабачыць збоку
якім напраўду
усё тут ёсць
прачнуцца зранку
не торгаць жонку
і выйсці вонкі
нібыта госць
пракрочыць паркам
звярнуць у арку
на лаўку ўзлезці
цяжкім катом
дастаць запалкі
раздзьмуць цыгарку
схаваўшы голаў у палітон
галінка гнецца
дзе тоўста — рвецца
назад — да шляху
пустой рукі
не з гумы сэрца
усё мінецца
ды вырашаюць
не кулакі
між гэтых словаў
нямала ловаў
наставіў хтосьці
маёй рукой
жыцця палову
зліжа карова
нагбом другую
бы сырадой
Бярозавік
«И может быть, я найду ту строку,
которую еще никто не прочел...»
Вольга Арэф’ева
абдымаю дрэва
прыхінаюся скронню да яго цела
слухаю наш супольны
старажытны пульс...
падыходзіць ззаду дачка
«тата тата што ты робіш?
табе дрэнна тата?»
«не. абдымі з таго боку.
слухай»...
укладаю яе пальчыкі
ў стыгматы бярозы.
«тата адкуль гэтая рана?»
«ад сякераў».
ёсць словы для чытання
слухання занатоўвання...
а ёсць — ні для чаго.
так, усе сапраўдныя словы
ні для чаго...
дзядуля бярэ калаўрот
малаток бляшаныя жалабкі
свідруе дзірачкі
убівае жалабкі
падвязвае пластыкавыя бутэлькі...
дома нас чакае працэджаны бярозавік.
але дачка не п’е...
Так, Стакгольм
Так, я закахаўся ў цябе
з першага погляду
(сціхніце, гора-філолагі
й абаронцы маралі,
так, закахаўся),
а можа — яшчэ раней,
калі дзесяткі тваіх лепшых дзяцей
вітальна ўсміхаліся мне
са сценаў аэрапорту «Арланда»,
калі цудоўная Ан
везла нас у гатэль
і чамусьці хвалявалася,
хаця хвалявацца мусілі б мы,
бо гэта ж мы — іншапланетнікі
(і вочы таксёра ў люстэрку
ўсміхаліся гэтак жа ветла,
як і ў людзей са сценаў).
Так, ты вельмі хутка завербаваў мяне
ў асабовы склад
сваіх неганаровых месцічаў,
знёс дах,
зрабіў лабатамію,
засяліўшы сюды рагатых чалавечкаў
з прапелерамі, сякерамі, рудымі бародамі
і ў розных панчохах.
Так, ты адкрыў мне,
што нам з дзяцінства хлусілі,
быццам бы тут жыве
гарэзлівы абжора
ў поўным росквіце сіл,
які насамрэч апынуўся
дзіцячай шызафрэніяй.
Вось яна —
страшная праўда:
тут ненавідзяць Карлсана!
Так, ты ўсё змяшаў.
Гэты міні-Бабілон,
што скача па тваіх вулках,
насамрэч цалкам упарадкаваны:
кожнаму тут ужыўлены
мікрачып з адмысловым заданнем
і нават сарока
ў дворыку нашага Арт-гатэлю
ведае, на якім суку ёй трэба серыць!..
Дарэчы, мяне пераследуе думка,
што мікрачып ушыты і ў мяне.
(Так, гэта матрыца, куды трапляеш,
надкусіўшы лакрыцу!)
Так, Стакгольме,
пэўна, і я выконваю заданне,
а не проста бадзяюся ранкамі
па тваіх пустых прысадах
са здымачом,
фоткаючы й так да дзірак зафотканыя фрагменты:
вось заходжу ў маркет,
набываю асадку «Bic» за 7 кронаў,
сядаю ля кірхі
(унутры якой
на касе сядзіць
праколатая дзяўчынка-гот,
(о майн Гот!)
а звонку,
абняўшы сцяну,
спіць нейкая ці то валацужка,
ці то проста прасветленая)
і пачынаю занатоўваць...
«Так, так, так, так...» —
шапчу я табе па-шведску.
«Дзякуй».
Але паслухай:
каму патрэбны гэты
наш з табою досвед?
Тыя, у каго замест сэрцаў —
палымяныя маторы,
не зробяць аніякіх высноў,
нават пражыўшы тут
некалькі жыццяў.
Гэтыя ёлупы свята вераць,
што ўсе вакол ім вінаватыя,
і нават ты.
Іх савецкія заточкі
адразу вытыркаюцца
ў тваіх стракатых натоўпах.
«Тут па ходу есть такая тема!..»
Даруй ім.
І даруй мне за іх.
Так, Стакгольме,
адзінае, што мне застанецца,
вярнуўшыся ў свае цудоўныя гомлі,
якія гэтыя гомліны засяляюць, —
У-вэй.
Інакш мне давялося б
стаць тэрарыстам...
Таcк, Stockholm.







.jpg)













Пакінуць новы каментар