/ Сума немагчымасцяў... : новыя выданні ў анатацыях рэдакцыі літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў»

/ Сума немагчымасцяў... : новыя выданні ў анатацыях рэдакцыі літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў»

Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 1. — Мінск: «Лімарыус», 2009. — 500 с.: іл. — Наклад 300 ас.

Мэты, задачы і запал новага выдання грунтоўна выказаны ў рэдакцыйнай прадмове: ««Асоба і час» плануецца яго стваральнікамі як незалежнае навуковае выданне, у якім без адхіленняў у ідэалагічныя бакі ... спецыялісты маглі б публікаваць вынікі сваіх росшукаў у галіне беларускай біяграфістыкі». Аднак гэта і мастацка-культурніцкі альманах, бо ў ім строгія навуковыя артыкулы расквечаныя літаратурнымі нарысамі, партрэтамі, згадкамі. А да ўсяго — архіўным эпісталярыем ды якасным фотаальбомам. Абрысы вобразаў Жыгімонта І Старога, Дамініка Квяткоўскага, Зоські Верас, Янкі Брыля, Алеся Салаўя, Васіля Быкава, Пятра Машэрава, Івана Мележа й іншых «асобаў у часе» малююць лепшыя навуковыя і літаратурныя пёры, а «сшыў» сабранае ў адзіны альманах яго нястомнік-укладальнік Аляксандр Фядута.



Грыцкевіч Анатоль. Старонкі нашай мінуўшчыны. — Мінск: «Кнігазбор», 2009. — 468 с. — Наклад 500 ас.

Грунтоўны зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы і падзеі нашай гісторыі становіцца яшчэ адным помнікам нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў у абсягу стагоддзяў. Па сутнасці, гэтая кніга — плён 80-гадовага жыцця навукоўцы і грамадзяніна, у якой выпісаны сонм беларускіх славутасцяў (Вітаўт Вялікі, Жыгімонт Аўгуст, Алелька, Іван Сапега, Мікалай Радзівіл Руды, Стафан Баторый, Жыгімонт, Уладзіслаў і Ян Вазы, Піліп Орлік, Тадэуш Касьцюшка, Булак-Булаховіч...), у якой з грамадзянскай адказнасцю апісаныя найбольш значныя гістарычныя бітвы і даты (ад бітвы на Сініх Водах 1362 г. да Слуцкага паўстання 1920-га), а таксама — на заканчэнне — сплецены вянок з артыкулаў пра сваіх калегаў-гісторыкаў. Выданнем кнігі апекаваліся МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»» і Дабрачынны фонд «Этнічны голас Амерыкі» (ЗША).



Дзмітрыеў Генадзь. На скразняках лёсу. — Мінск, 2009. — 356 с. — Наклад 299 ас.

Можна спавядацца пра былое родным ці святарам. Можна перапісаць перажытае нуднымі радкамі ў тоўстыя сшыткі, якія той-сёй з блізкіх, можа, і пагартае. А можна перанітаваць усё тое ў кранальную кнігу — пад адной вокладкай і біяграфію (сваю, свайго пакалення і свайго часу), і мемуары, і ўспаміны, і аповесць-летапіс, і раман-сведчанне. На тое хапае і часткова выдуманага, і амаль рэальнага лёсу Рыгора Аўласёнка, аб тым — яго ваеннае дзяцінства, філфакаўскае студэнцтва, настаўніцкае сталенне, узвеўная творчасць-паэзія, сталічная праца — ажно да звышрэалістычнага захопу менскага Дома літаратара ды ліквідавання незалежных літчасопісаў. Многія пазнаюць у тэксце сябе: і светлыя героі, і героі шэрыя.

Кніга адметная і яшчэ адной амаль забытай сёння рысай: годнай аўтарскай сціпласцю ў самападачы.



Казько Віктар. Бунт незапатрабаванага праху. — Мінск: Выдавец І.П.Логвінаў, 2009. — 340 с. — Наклад 300 ас. (Кнігарня «Наша Ніва»).


Гэта раман-боль, так і не названы ў кніжным выданні раманам. Бо аніякі традыцыйны раман не здолее змясціць у сваёй зазвычай лагічнай форме аўтарскага непакою, спадзевак, нараканняў, перажыванняў, заўвагаў да традыцыйнага нашага лёсу, быццёва-рэчаісна-сучаснай дурноты, жаху, тупасці, хамлоты. А найперш — аўтарскіх прадбачанняў, папярэджванняў і прароцтваў. Асадка Віктара Казько — не толькі бязлітасны молат, кулак, але і панацэйны мастакоўскі скальпель; раманныя героі — асістэнты ды пацыенты ў хірургічным пакоі, празаічны стыль — ці як запавольная кропельніца над галавой, ці як нервовае пульсаванне прабітай вены. А пафас і сімвалізм, як трапна заўважыў у пасляслоўі да кнігі Міхась Тычына — «нагадвае знакамітую карціну Эдварда Мунка «Крык»... што чакае лю­дзей на пачатку ХХ стагоддзя, яму (мастаку) невядома, а нам добра вядома. І пра гэта раман Віктара Казько».



Капусьцінскі Рышард. Падарожжы з Герадотам: выбраныя творы / пер. з польскай Алеся Пяткевіча і Алены Пятровіч. — Мінск: Выдавец І.П.Логвінаў; Вроцлаў: Калегіюм Усходняй Еўропы, 2009. — 392 с. — Наклад 1000 (1 завод 1 — 500 ас.) — (Кнігарня «Наша Ніва»).

Два тэксты — «Імператар» і «Падарожжа з Герадотам» — польскага журналіста стагоддзя, народжанага ў Пінску, — як два творчыя паўшар’і, як два бакі аднаго мастакоўскага медаля. Аўтар дэманструе незвычайнае пераўтварэнне вандроўных запісаў па экзатычных краінах у насычаную настроямі, пахамі і колерамі мастацкую прозу, пераўтварэнне асабістых успамінаў у аўтабіяграфічную паэму ў прозе. А можа, і наадварот: праз аўтабіяграфічную проза-паэму і мастацкую прозу вяртаецца ў сваё мінулае ды блукае па колісь наведаных краінах?



Лыч Леанід. Міжнацыянальныя дачыненні на Беларусі (верасень 1943 — кастрычнік 1964 г.). — Мінск: «Галіяфы», 2009. — 284 с. — Наклад 300 ас.


Навуковы і фактаграфічны фаліянт пра вынікі правядзення савецкай палітыкі «збліжэння ды зліцця нацый, культур і моваў». Навуковая сага пра задушэнне беларускай нацыянальнай ідэі. Расповед пра дэнацыяналізацыю духоўнага, палітычнага і эканамічнага жыцця Беларусі ды дэфармацыю самасвядомасці народу. У аснове расповеду — ціск Масквы-Цэнтра на беларускую душу-ментальнасць, неабвержныя матэматычныя факты — і згадкі пра канкрэтных «тутэйшых» асобаў, чыімі рукамі ён праводзіўся: у навуцы, асвеце, грамадскім жыцці. У агульнанацыянальным кантэксце дбайна разглядаецца і культурна-грамадскае жыццё беларускага замежжа.



Ляхновіч Павел. Золата князёўны: апавяданьні, байкі. — Мінск: «Поліфакт», 2008. — 196 с. — Наклад 300 ас.


Чытаючы экспрэсіўна-кароткую прозу Паўла Ляхновіча здабываеш веру не толькі ў прыгажосць мастацкага беларускага слова, але й упэўненасць у ягонай моцы, у патэнцыяле традыцыйнай белетрыстыкі з «пярчынкай», гумарынкай, самаіроніяй, «збокуіроніяй». Пачынаеш думаць, што сцэнарнае кінабачанне назаўсёдна адстала ад літаратуры, а то й нават не набліжалася да яе... Сацыяльная показка-анекдот у форме апавядання ці празаічнай байкі, з псіхалагічным угрунтаваннем, з сюжэтным дапаўненнем, з аўтарскім імпэтам-вопытам і захапляльнай апантанасцю — тое, чым можна ахарактарызаваць знойдзенае чытачом «Золата князёўны».



Паслаў бы табе душу... Ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (1954 — 1971). — Мінск: «Лімарыус», 2009. — 276 с.: іл. — Наклад 500 ас.

Лепш за аўтара прадмовы да гэтай кнігі У.Някляева не скажаш: «Калі й не хапала ў беларускім прыгожым пісьменстве нейкай кнігі, дык такой».

...«1954 год... Усім, усім, мама, я табе абавязаны. Вазьму есці сала, і адразу ўспомніцца, чые рукі збіралі храп’е, чые рукі прыгатаўлялі яго. Надзену штаны, мне ўспомніцца, што твае рукі ўсё гэта зрабілі» (Сын); «1955 год... Кажаца, недажду таго шчасливага денёчка, той светлай минутки, каб мае вочы глянули на тибе…» (Маці); «1960 год... Родная, залатая, малю цябе, пясок, па якім ходзіш, цалаваць буду, толькі кінь ты работу, кінь... Цалую твае рукі» (Сын); «1967... Мой галубочак, мая зорачка ясная! Закатилася ты далёка ат мене летась, хоть глядела на усход сонца, думала: мой сынок у тым баку, а сёлета не знаю, у який бок глядеть…» (Маці); «1971... Родная мамачка, дарагая, залатая мая! Усё будзе добра... Мой пакой заўсёды для цябе — і цёпла, і ціха. У цябе ж усё-ткі сын ёсць, хай благі, але сын»... І падобныя спавяданнні — на цэлую кнігу, якая разам з фотаілюстрацыямі перарастае ў душэўна-шчымлівую жыццясагу.



Разанаў Алесь. Сума немагчымасцяў: зномы. — Мінск: Выдавец І.П.Логвінаў, 2009. — 122 с. — Наклад 500 ас.

З гукаў вырастаюць словы і думкі, са словаў і думак — усё астатняе. З радкоў Алеся Разанава — і лірыка, і матэматыка, і аблокі, і зямля. Спалучыць усё тое, звязаць немагчымае і дапамагаюць яму сабраныя ў кнізе зномы: як маланкі, як вязьмо сцяблінаў дажджу. І сама анатацыя да кнігі пагражае пераліцца ў асобны зном: ««Паэзія — асаблівая веда», — зазначаецца ў адным са зномаў. Што тычыцца саміх зномаў, то гэта веда, у якой паэзія крышталізуецца ў высновы і, крышталізуючыся, набывае адмысловы кшталт».

Які? Аб тым даводзіцца ў кожным радку і паміж імі.



Сучаснае швэдскае апавяданьне: проза / Уклад. Вольга Цьвірка. — Мінск: «Галіяфы», 2009. — 176 с. — Наклад 300 ас.


Першая ў нашай гісторыі (калі не лічыць «Дзеяслоўных» падборак) мініанталогія шведскай літаратуры прэзентуе найбольш значныя тэндэнцыі скандынаўскай краіны: і рэчаіснасць, і сон, і нерэальнасць, і сацыяльныя зрухі, і іхнюю абсурднасць, і сур’ёзнасць, і гумар, і драматызм, і ўзнёсласць — жыцця, быцця і творчасці. Назвы навэлаў успрымаюцца як надпісы-тату на невядомым і маладым целе шведскай культуры («Нядзельная імша», «Бэтон», «Жыцьцё і сьмерць», «Перашкода», «Сябры», «Дыяграма»...), а каскад прозвішчаў у змесце — як радкі чараўнічага верша-замовы: Энглюнд, Каліфатыдэс, Шульцэ, Давідсан, Хеміры, Руус, Аскестад, Кільгорд, Плэель, Лёвэндаль, Маркс... Не Карл, натуральна, а Клаўдыя, аўтарка вытанчаных апавяданняў пра чалавечыя лёсы.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Апошні нумар

ад рэдактара
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
тыднёвы агляд
Палітыка
Повязь часоў

ЛІТБЕЛАРУСЬ

Відэа

maryjka's picture
Блог Марыйкі Мартысевіч "Нью Эйдж"
pulsha's picture
Блог Сяргея Пульшы
chvoin's picture
Блог Вольгі Хвоін "У трох соснах"
kiesnier's picture
Блог Генадзя Кеснера
chadyka's picture
Блог Аляксея Хадыкі

Аб'явы