/ Рэтраспектыва? Гісторыя!

/ Рэтраспектыва? Гісторыя!

Выдавецтва «Галіяфы» ў серыі «Адсутнае беларускае мастацтва» прапанавала чарговае выданне. У кнізе «Рэтраспектыва» наш калега, мастацкі крытык па прызванні і журналіст па спосабе рэалізацыі, Пятро Васілеўскі прапанаваў пад адной вокладкай выбарку сваіх рэфлексіяў-эсэ «з нагоды розных падзей культурніцкага жыцця». Тэксты раней, ад 1990 года, друкаваліся ў «ЛіМе», «Народнай волі», «Дзеяслове». Як заўважае сам Васілеўскі, прызвычаіўшыся «спяваць у хоры» аўтараў перыёдыкаў, выбіраючы для перадруку свае публікацыі, ён адчуў сябе пастаўленым перад неабходнасцю выйсці да публікі з сольным канцэртам.

Канцэрт атрымаўся не надта працяглым — 16 нарысаў на 130 старонак, але надзвычай прафесійным, шчырым і выразным. Улічваючы вялікую працаздольнасць аўтара, трэба разумець, што для першага сольнага выхаду ён меў магчымасць адбору твораў, якія палічыў вартымі, з вялікай колькасці зробленага ім за абраны прамежак часу. Найбольш уражвае тое, як лёгка падчас укладання зборніка тонкі крытык мастацтва пераўтварыўся ў грунтоўнага і разважлівага гісторыка, стварыўшы своеасаблівы міні-дапаможнік менавіта па гісторыі сучаснага беларускага мастацтва. Пазнаёмцеся з творчымі партрэтамі «патрыярхаў» Міхаіла Савіцкага, Заіра Азгура, Барыса Заборава, Арлена Кашкурэвіча і больш маладых мастакоў — Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі, Яўгена Шатохіна, Сяргея Цімохава, Валянціна Губарава, Артура Клінава, Алеся Пушкіна, Аляксандра Ісачова, са старонкамі, прысвечанымі выставам беларускага авангарду на зломе ад савецкіх часоў да гадоў адноўленай незалежнасці.

Сабраны імёны, якія засталіся і застаюцца ў гісторыі (нехта з персанажаў ужо не жыве), стаўленне да якіх часам неадназначнае і ў самога аўтара, і ў публікі. Але далікатна, узважана, без крайнасцяў, якія б пакідалі магчымасць усумніцца ў этычнай самадастатковасці крытыка-гісторыка, гэтыя імёны пастаўлены ў шырокі гісторыка-культурны еўрапейскі кантэкст. Апошняе — не вынік жадання аўтара лішні раз выказаць сваю бліскучую эрудыцыю — чытачу прапануецца інтэлектуальна закончаны і адпрацаваны збор нарысаў (яшчэ раз падкрэслю!) гісторыі новага мастацтва нашай краіны. Авангард і традыцыя, прафесіяналізм і мастацкая кан’юнктура, патрыятызм у спалучэнні з вытанчанай адаптацыяй сусветнай мастацкай практыкі, стасункі творцы і гледача — праблемная частка нарысаў, спалучаная з прысутнай у іх неабходнай інфармацыйнасцю.

«Рэтраспектыву» можна разглядаць як накід падручніка ў акрэсленай вышэй сферы ведаў, але так не дазваляе сказаць лёгкі і жывы, з добрай доляй іроніі стыль нарысаў. Варта прыгадаць хоць бы эпізод пра пераўтварэнне песняра аголенай натуры Аляксея Кузьміча ў «художника Мадонн». Але тут ужо ідзе пра дачыненні творцы і музы ў ідэальным і фізічным вымярэнні.

Зазначым, што ў праекце выдавецтва «Галіяфы» (Зміцер Вішнёў, Міхась Башура і іншыя) на 2009–2010 гады — тры тузіны імёнаў і пазіцый кніг прозы, паэзіі, эсэістыкі, крытыкі (серыя «Другі фронт мастацтваў»), фантастыкі, мастацкіх перакладаў і дзіцячай літаратуры. Зычым поспехаў.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Апошні нумар

Факты, падзеі, людзі
ад рэдактара
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
Факты, падзеі, людзі
тыднёвы агляд
Палітыка

ЛІТБЕЛАРУСЬ

Відэа

maryjka's picture
Блог Марыйкі Мартысевіч "Нью Эйдж"
pulsha's picture
Блог Сяргея Пульшы
chvoin's picture
Блог Вольгі Хвоін "У трох соснах"
kiesnier's picture
Блог Генадзя Кеснера
chadyka's picture
Блог Аляксея Хадыкі

Аб'явы