№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Юры Станкевіч: Шал
у чалавека на імя і прозвішча андруш валовіч раптам з’явілася пачуццё, што за ім сочаць. пачуццё мела невыразнае адценне. але валовіч звярнуў на гэта ўвагу. падсвядомасць, лічыў ён, нас не падманвае. сачыць маглі хіба што з адной з машын, бо некалькі іх прыбартавалася ля вузла сувязі. у адной, са спушчаным шклом кабіны, сядзелі двое: мужчына і жанчына. валовіч не мог вызначыць іх узрост. але тыя яўна назіралі за ім. валовіч зірнуў на гадзіннік. плюс-мінус пяць хвілін. болей не чакаць. такое было ў яго правіла. ён падняўся з лаўкі, і адразу дзверы кабіны расчыніліся. з машыны вылез мажны чалавек. ён узняў руку ўгору. і валовіч здагадаўся, што гэта заказчык. валовіч зноў сеў на лаўку. заказчык вызначыў яго і, пэўна, сачыў, каб скласці адпаведнае меркаванне. да таго ж, доўгі час плавала ў сеціве PORTFOLIO, якое колькі дзён таму беспрацоўны андруш валовіч размясціў у выглядзе разгорнутай аб’явы. заказчык падышоў. гэта быў даволі моцнага складу чалавек. у дарагім спартовым касцюме. плябейскі твар яго ільсніўся ад поту. заказчык перакінуў ключы ад запальвання з правай рукі ў левую і пасля секунднай паўзы працягнуў яе валовічу. далей паміж імі пачаўся наступны дыялог:
— дык гэта вы — выканаўца? — спытаў заказчык.
валовіч кіўнуў у адказ.
— на сваім блозе вы абмовіліся неяк, што ведаеце айца віталя, экзарсіста з карэлічаў?
— магчыма і так, — сказаў валовіч. ён злёгку здзівіўся.
— мяне завуць кірыла. кірыла віж.
— вам пасуе, — вырвалася ў валовіча. і ён дадаў: — вы сачылі за мной. хто з вамі ў машыне?
заказчык сеў на лаўку побач. яго бледная, незагарэлая лысіна матава блішчэла.
— у мяне да вас далікатная справа.
— «мачылава» не прапаноўваць, — праз кароткую паўзу папярэдзіў валовіч.
— і давайце адразу па тэме, — прадоўжыў ён.
— згода. у мяне ў машыне дачка. яе зваць канстанцыя. прасцей — каня. ёй дваццаць сем гадоў. яна не замужам. вучылася ў тэатральна-мастацкай акадэміі. але не скончыла. часам яна бывае не зусім здаровая, скажам так. лячылася ў псіхіятрычнай лякарні. амаль месяц. мы — я і мая сям’я — хочам, каб яна наведала экзарсіста, айца віталя ў карэлічах. ведаю, што ён там практыкуе ў мясцовым прыходзе. нам яго параілі дасведчаныя людзі.
— і што з таго? — спытаў валовіч.
— з вашага блога я вычытаў, што вы цікавіцеся парапсіхалогіяй. да таго ж, вынікала, быццам знаёмыя з айцом віталем…
— я не лекар, а ўсяго толькі выканаўца.
заказчык віж кіўнуў, але стаяў на сваім:
— да святара чарга, бо хворых усё больш. гэта нават дзіўна. я б хацеў, каб вы праводзілі дачку ў карэлічы. і там каб яе прыняў экзарсіст віталь. пасля таго даставілі дамоў. за адпаведнае ўзнагароджанне. памеры якога мы вызначым. я не бедны.
— чаму вы самі не адвязеце? — спытаў валовіч.
— яна не хоча ехаць са мной ці з кім-небудзь са сваякоў. можа, саромеецца. з чужым ёй больш спрыяльна. так яна сама вырашыла. зрэшты, яна адэкватная. ну, хіба што часам здараюцца адхіленні. неспадзяваныя, так бы мовіць.
— ёй ставілі дыягназ? — пацікавіўся валовіч.
— так. эмдэпэ. але, але. яны там часта перабольшваюць. па ўсім — звычайная эпілепсія.
валовіч падумаў крыху:
— усё-такі, чаму вы звярнуліся менавіта да мяне? — зноў пацікавіўся ён.
— скажу прама. бо ведаю, за што вас выціснулі з фірмы. вы не злодзей. не махляр. не падманшчык. значыць, мы можам прыйсці да згоды. і, галоўнае, вы знаёмы з айцом віталем.
— так, мы разам вучыліся ў школе, — пацвердзіў валовіч. — але гэта ў наш час амаль нічога не вырашае.
заказчык кірыла віж згодна кіўнуў:
— мяркую, мы паразумеемся. я... «пасунуся», да слова, на столькі, на колькі вы скажаце…
станцыя, на якой яны выйшлі, так і называлася: «лясная». урэшце, гэта быў невялічкі цагляны будынак брудна-шэрага колеру. зеўрала акенца касы. паламаная драўляная лаўка. валовіч зірнуў на гадзіннік — і яны рушылі па сцяжынцы ў лес.
— паслухай, андруш, — скоса зірнула на яго дзяўчына, — ты мне ўжо нібы родны. я, бадай, нават пайшла б за цябе. ха-ха. калі б ты не супраць. ну не за марыка ж мне выходзіць. а маёр знік.
затоеная ўсмешка выбівалася наверх. з яе зялёных вачэй. гарэзлівасцю і яшчэ нечым. чым? — спытаў сябе валовіч, але адказу не было.
— дзякуй за давер, — сказаў ён. — мне б хацелася, каб у цябе ўсё было пуцём. і сватоў я б да цябе заслаў. але ж я жанаты.
яны раптам апынуліся на залітай сонцам палянцы. навокал стаяла цішыня.
— ты б шворку адвязаў, — папрасіла канстанцыя і спытала: — твая жонка ведае, куды і з кім ты паехаў?
— не, — адказаў валовіч і дадаў: — ніхто не ведае. акрамя твайго бацькі.
дзяўчына зняважліва чмыхнула:
— ён мне — папік. ты што — запамятаваў? а ўвогуле — яны разам з маці зламалі мне жыццё. сукі. ненавіджу.
яна забрала ў валовіча вятроўку. пасцяліла ў траву. і села. ногі яе агаліліся з-пад сукенкі. потым скінула басаножкі.
валовіч падумаў і адвязаў лёску. прысеў побач. зняў красоўкі. і агледзеўся. а потым пачаў слухаць. але, акрамя ледзь чутнага шуму ў верхалінах дрэў, нічога не пачуў. урэшце, ён любіў слухаць, як шуміць лес. але цяпер адчуваў выразны дысананс. трывога, — падумаў ён. — чаму— невядома.
— праз трыццаць хвілін нам вяртацца, — сказаў ён.
і адразу да яго дайшло, што яшчэ ён адчувае. акрамя пачуцця трывогі. цялесную цягу да гэтай дзяўчыны. так. нібы часцінка сонечнай спёкі прабегла паміж імі. у яго галаве прамільгнула неакрэсленая думка, што ён — толькі выканаўца. і што варта засяродзіцца на сваім заданні. але праз якую секунду тая думка знікла. растала ў сонечнай гарачыні. быццам ніколі і не ўзнікала.
— часу нам хопіць, спадзяюся, — сказала канстанцыя. голас у яе стаў хрыплы, а позірк зялёных вачэй пацямнеў.
— вазьмі мяне. на памяць. хутчэй.
і яна пачала расшпільваць на ім кашулю. потым адкінулася на спіну і, падклаўшы пад галаву сваю лёгкую скураную сумку, выгнулася дугой.
— хутчэй.
і валовіч распрануў яе. зняў ёй трусікі. распрануўся сам. і ўвайшоў у яе. адчуваючы гарачыню яе цела. і гарачыню сонца, якое ціснула на іх з неба. ён заплюшчыў вочы, знайшоўшы той рытм, якога хацела дзяўчына.
потым яны сцішыліся. але канстанцыя шэптам сказала:
— не глядзі. паляжы так.
ён адчуў рух яе рук. расслабленасць цалкам авалодала ім. быццам яна нешта шукала ў сваёй сумачцы. расплюшчыў вочы і ўзняў голаў. што і выратавала яго. бо ўдар востра заточанага вязальнага прутка не трапіў у сонечную артэрыю, а слізнуў, падрапаўшы скуру, па шыі. валовіч перахапіў яе рукі, зведаўшы моцны супраціў. быццам косці і мышцы гэтых рук былі з жалеза, а суставы небывала гнуткія і пругкія. пачуццё нечаканай небяспекі надало яму сіл. валовіч пераціснуў ёй локцем шыю, і яна нешта крыкнула нечувана іншым, нізкім голасам. а потым захрыпела, забілася пад ім. і ён вырваў з яе рукі бліскучы пруток і выкінуў прэч. а пасля адпусціў яе. імкліва апрануўся і дастаў з сумкі лёску. зрабіў пятлю і, як і раней, накінуў ёй на кісць рукі. дзяўчына ляжала на траве, па-ранейшаму рассунуўшы ногі. яна цяжка дыхала, а мутны позірк вачэй быў скіраваны ў вышыню. нягледзячы на сонечныя промні, што джалілі ёй амаль у твар.
— збірайся. і хутчэй. бо нам пара, — урэшце спакойна сказаў валовіч. бо ўспомніў ранейшую перасцярогу яе айчыма. і ўвогуле зразумеў, што калі б якая злосць і была ў ім, то выхаду ёй даваць не варта.
яна моўчкі апранулася. і яны таксама моўчкі пайшлі назад. на станцыю. і толькі, калі яе нязграбны будынак узнік перад вачыма, валовіч спытаў:
— хіба я жадаю табе благога? ты ж магла забіць мяне.
на што канстанцыя віж адказала. з простай і яснай усмешкай. скоса зірнуўшы на яго.
— а ты ўспомні пра самку багамола. звычайныя асацыяльныя паводзіны. забудзь, праехалі...
і валовіч зноў замаўчаў. сапраўды, што тут весці допыт, — меркаваў ён. — хіба гэта дапаможа?
яны падышлі да прыстанку. на даляглядзе якраз дарэчы паказалася электрычка. у ёй было менш вагонаў. і як і прадбачвалася, яна была напаўпустая.
…канстанцыя віж бокам праслізнула ў расчыненыя валовічам дзверы. спачатку прасунуўшы сваю прыгожую галаву, — як змяя, — падумаў валовіч. вочы яе, ён адзначыў, гарэлі нязвыклым дзіўнаватым агнём. яна спынілася перад айцом віталем. высокая, стройная. нейкі час яны вывучальна глядзелі адзін на аднаго. святар — добразычліва. дзяўчына — з выклікам. уся, быццам напружаная. да агрэсіі.
— ку-ку, святарушка, — урэшце па-блюзнерску перарвала паўзу дзяўчына.
і табе таго ж, — непарушна азваўся айцец віталь.
— адцэлебаціўся, зайчык? — пакрывіла яна ў яхіднай усмешцы свой ярка напамаджаны, прыгожы рот.
— а ты не журыся, любушка.
але дзяўчына не сунімалася:
— дык смачна ясі, салодка спіш, а чарачку бярэш? а як у цябе накшталт дзеваў буйнацелых? сірэн салодкагалосых? дураплясачак там розных. у топіках?
айцец віталь усміхнуўся. як і раней, добразычліва:
— а вось цяпер пойдзем са мной у храм намолены. там і пагаворым аб усім.
— а можа, тут пабораемся? — спытала канстанцыя хрыпла. нізкім, нязвыклым голасам.
— навошта нам борацца? тым больш — тут? там-та лепей. там у мяне і спецыяльны малітоўнік асвечаны. у некалькіх храмах. з яго я табе і пачытаю.
— а калі я — не хацу. а как захацу, так і вскацу. ха-ха.
айцец віталь зразумела схіліў голаў.
— бачу, фёдара міхайлавіча чыталі. з яго цытуеш. а, між іншым, веруючы быў чалавек. дый захочаш, анягож. цікаўнасць твая і пераможа. а я памагу. — і святар раптам цвёрда ўхапіў яе за руку.
— пайшлі, любушка. і андруша, які цябе сюды прывёз, з сабой забяром. няхай пабачыць, пачуе. не дарма ж вы сюды ехалі. так?
дзверы невялікай царквы былі адчынены. некалькі старых сталага веку трымалі запаленыя свечкі. і ўтаропіліся на тых, хто ўвайшоў. айцец віталь, не адпускаючы рукі дзяўчыны, перакрыжаваў сябе перад іконай. старыя, пэўна, ужо ведалі, што адбудзецца. і паслухмяна пацягнуліся да выхаду. святар даў андрушу валовічу ключ і папрасіў зачыніць храм. знутры, часова. валовіч пайшоў і зрабіў, як было сказана.
— і што з таго? — пачуў ён голас дзяўчыны. — што вы мне дэманструеце? а мне пляваць! так, пляваць! вы мне лепш член пакажыце! у вас ёсць член? ха-ха-ха. у вашага сябрука андруша — ёсць. ха-ха.
айцец віталь паднёс ёй крыж усутыч. да твару. але канстанцыя адхілілася.
— ды я проста не жадаю! вашых малітваў! і вашага лекавання! — выкрыкнула яна нізкім голасам, — і рохкаць вам у масць не буду. брахаць па-сабачы. сукенку на сабе рваць. не дачакаецеся! — і засмяялася, але даволі істэрычна.
айцец віталь скіраваў валовіча ўбок. за нешта падобнае на шырму.
— лепш табе не глядзець. дый і мне так лепей, — дадаў ён. і валовіч паслухмяна адышоў.
ён чуў спачатку, як святар пачаў чытаць з малітоўніка заклінанні. усё больш узвышаючы і ўзмацняючы голас. само заклінанне складалася з дзвюх частак: на латыні і старажытнаславянскай мове. але дзяўчына раз-пораз перапыняла няўцямнымі выкрыкамі. пагрозамі. праклёнамі. заклінальнік рабіў кароткую перадышку і пачынаў усё наноў. так прайшло з паўгадзіны.
— і-і-і! — раптам закрычала дзяўчына. і пачала рвацца з рук. але святар затрымаў. і сам узвысіў голас.
— імя! — крычаў ён. — гавары, як цябе зваць! імя!
— а я не скажу! не скажу! і пайшоў ты на х...
…пасля таго, як дзяўчыну пакінулі адну ў бакоўцы, дзе яна дзіўным чынам хутка заснула, айцец віталь аб’явіў тым, хто ўпарта чакаў яго, што прыме іх заўтра. бо цяпер не ў стане. і сапраўды, як адзначыў валовіч, святар быў адчувальна знясілены.
айцец віталь падвёз абодвух візіцёраў да прыстанку. ехалі на яго танным аўто. старым. але дагледжаным. канстанцыя вяла драмала. валовіч хацеў было працягнуць былую размову са святаром. яму ў голаў якраз прыйшоў важкі аргумент. як ён лічыў. але айцец віталь гутарку не падтрымаў, і валовіч адразу зразумеў, чаму. справа была ў дзяўчыне.
на станцыі валовіч купіў білеты і развітаўся з айцом віталем. пад канец толькі не ўтрымаўся: спытаў у таго, ці задаволены ён сваім становішчам? тут, у правінцыйным гарадку. лічы, пасёлку. і святар адказаў яму, што нават не варта спакушаць сябе падобнымі думкамі, а прымаць жыццё такім, якое яно ёсць. кароткім варушэннем арганічнай субстанцыі. адпаведна боскай задумцы. бо памятайма пра час страшнага суда. магчыма, нават той суд даўно пачаўся. але ніхто гэтага не ведае. і ніхто таго не агучыць. але прыкметы таго бачныя на кожным кроку. і першая з іх — шал.
…у вагоне электрычкі з карэлічаў было шмат людзей. але месцы валовічу і яго падапечнай знайшліся. у самай сярэдзіне. у канцы вагона ігралі на гітары. гікалі і падсвіствалі. некалькі маладых на падпітку. былі сярод іх і дзяўчаты, апранутыя як прастытуткі. яны часам пускаліся ў скокі. валовіч паспрабаваў адчыніць акно. але атлусцелыя кабеты за спінай адразу ўшчалі лямант. канстанцыя па-ранейшаму была вялая. яна схіліла голаў валовічу на плячо. ён вырашыў, што дзяўчына заснула. быццам і не было ранейшых усплёскаў істэрычнай зласлівасці. нават спробы забіць яго.
жанчынам мы даруем амаль усё, — меркаваў валовіч. — яны маюць усё большы ўплыў у старым свеце. жывуць нашмат дольш за нас. выхоўваюць дзяцей так, як ім хочацца. іх усёдазволенасць разбурыла не адну дзяржаву…
у праходах пачалі бегаць мурзатыя і нахабныя дзеці.
— грошай, дай! — крычалі яны то аднаму, то другому пасажыру. і некаторыя давалі. дробныя паперкі. потым у вагон уціснуліся двое маладых і мажных мужчын з дурнаватымі тварамі. у аднаго ў руках была гармонь. другі трымаў у руцэ невялікі бубен са званочкамі. а ў другой руцэ — фанерную скрыню са шчылінай пасярэдзіне. туды, як здагадаўся валовіч, павінны былі кідаць грошы. Яны зайгралі на гармоні і пачалі адбіваць рытм на бубне. а потым заспявалі па-расійску. слоў валовіч не падзяляў. бо яны адскоквалі ад свядомасці і раствараліся ў пустаце.
тирлитирлитирлили
тюрлирлениайлюли…
і, не спяшаючыся, рушылі па праходзе. падсоўваючы пасажырам скрыню са шчылінай. зрэдку ім туды таксама кідалі дробныя паперкі. яны параўняліся з месцам, дзе сядзелі валовіч і яго падапечная. і раптам канстанцыя віж абудзілася і ўхапіла аднаго з музыкаў за рукаў кашулі. той з гатоўнасцю спыніўся. нават пакінуў трэсці бубнам.
— можа, грошай пазычыш? беднай жанчыне? — спытала яна даволі ласкава.
таўсматы музыка сумеўся. навокал адразу сцішыліся і пачалі прыслухоўвацца.
— ты такі тупы? — зноў пацікавілася дзяўчына і засунула руку ў скрыню. — інвалідзік? у калгасе цяжка працаваць?
бубнач вырваў скрыню ў яе з рук. бабы за спінай у валовіча ажывіліся. і падтакнулі:
— і праўда. такія маладыя. здаровыя. акурат кабаны. а яны па вагонах жабракуюць.
музыкі памкнуліся далей, але канстанцыя не адпускала.
— чуеш ты, бюль-бюль-аглы, — спытала яна бубнача: — а хто з вас муж, а хто — жонка? вы ж, спадзяюся, традыцыйнай арыентацыі?
замінаючы канфлікт, валовіч улез у непажаданую гутарку. адчапіў руку дзяўчыны ад бубнача і прапанаваў першае, што прыйшло ў голаў:
— вы б праспявалі што-небудзь па-нашаму. не на чужой мове. збацаеце?
жанчына ў капялюшыку, якая сядзела насупраць, ля самага праходу, раптам абурылася:
— а чіво гэта для вас чужое? — спытала яна з ноткамі істэрыі. — чім вам наш рускій язык не нравітца?
бубнач з гарманістам зрушылі з месца і пасунуліся далей. канстанцыя сказала ім услед.
— пакуль, педыкі! заходзьце яшчэ!
між тым бабы за спінай у валовіча не сунімаліся.
— да какая разніца — какой язык? мову ім давай! а что мне з той мовы? мовай не пад’ясі.
на што канстанцыя пакпіла па-езуіцку:
— мова — не вош. адразу не заб’ёш...
але яе не зразумелі. з розных бакоў пасыпаліся рэплікі. баба сталага веку, што сядзела праз праход, выкрыкнула ў паўзе:
— нацыяналісты! усё дашчэнту давялі!
ёй ва ўнісон за спінай азвалася яшчэ адна:
— да гарбач, сволач, разваліў!
валовіч звыкла адчуў, як вяртаецца туга. яму нават нясцерпна захацелася апынуцца ў цішыні. у сваёй, няхай і занядбанай, кватэрцы. у душэўным спакоі.
— ці спыніцца, урэшце, гэтае рохканне? мову хоць не чапайце, — сказаў ён быццам нягучна, сам сабе, але яго нечакана пачулі. пасыпаліся заўвагі. іншыя даволі зласлівыя.
— хто как хаціт, тот так і гаварыт.
— жыць не дают. разумнікі.
— нацугі.
канстанцыя нібы ўзляцела:
— спыніцеся! — закрычала яна ўслед музыкам, якія ўжо выходзілі з вагона, — я ўспомніла! хачу песню! вось гэту: остановите музыку! скажу вам я! скажу вам я! с другим танцует девушка моя!
жанчына ў капялюшыку падтрымала адабральна:
— правільна! я ж помню. это бюль-бюль-оглы! харошая песня!
яе перабілі бабы за спінай у валовіча:
— эта не бюль-бюль-оглы. эта магомаев пел. муслім.
у размову нярвова ўмяшалася яшчэ адна. праз праход:
— не муслім. вы няправільна гаварыце.
бабы абурыліся:
— чіво эта неправільна? так хто эта пел?
тая, што сядзела праз праход, узвілася з месца.
— эта тыніс мягге пел! надо знать!
навокал загаманілі:
— какой ішчо мяге? эта не наш!
канстанцыя была ў захапленні:
— куды? куды вы цягу далі? — закрычала яна ў спіны музыкам. — мы хацім гэту песню!
але двое з гармонню і бубнам ужо таропка выйшлі ў суседні вагон.
за спінай зноў зацвэнькалі на гітары. пачалі гікаць. затанчылі. але неўзабаве кінулі. ад неспакойнай суполкі аддзяліўся адзін і няцвёрдай хадой скіраваў да валовіча. Уталопіў у яго выцвілыя свіныя вочкі. кірпаты нос быццам нешта вынюхваў.
канстанцыя між тым трыумфавала.
— правільна! і я люблю эту песню! — і нягучна заспявала нізкім, не сваім голасам:
тирлитирлитирлили
тюрлирлениайлюли…
і нечакана дадала на вуха валовічу:
— а вось і марык ідзе. двайнік. клон. ха-ха.
хлопец пасвідраваў вачыма валовічаў твар. яго слінявы рот нядобра перакрывіла. на спалох бярэ, — вяла падумаў валовіч. — хоча вэрхалу. і хоча быць пабітым. комплекс наздрова. з гогалеўскай паэмы.
— а чё ты выламваешся, га? чё, па-нармальнаму гаварыць не можаш? — з націскам спытаў маладзён.
валовіч адцапіў лёску са сваёй рукі.
— а, ты менавіта да мяне? з базарам? — спытаў ён маладзёна і дадаў амаль лагодна: — дык я з табой свінню не пасвіў.
на што канстанцыя радасна зашаптала. вочы яе блішчэлі. свінню не пас, свінапас! — і сказала ўжо ўголас:
— а вось і «паганяла»: сві-на-пас!
маладзён пасунуўся на валовіча. намагаючыся ўхапіць рукастай даланёй. валовіч падняўся з месца і ўдарыў таго хукам злева. прыцэльна. у падбародак. і не спудлаваў. маладзён пачаў асядаць на жанчыну ў капялюшыку. тая ўзвыла з перапуду. да маладзёна ўжо беглі. на дапамогу. замахалі рукамі, перашкаджаючы адзін аднаму.
нехта завішчэў:
— міліцыю! міліцыю выклікайце!
на сігнальную кнопку з адпаведнай шыльдай ужо торкалі пальцам.
над гэтым вэрхалам лунаў радасны голас канстанцыі віж.
— астанавіце музыку! скажу вам я! — яна тыкала пальцам у твар асалавеламу маладзёну і працягвала. у рыфму: — ну, хіба гэта не свіння?
урэшце ў вагон увайшоў міліцыянт, а за ім — другі: абодва — маладыя, вузкаплечыя, але яшчэ без прыкметных жыватоў. у аднаго з іх з-пад брыля фуражкі выторкваўся чуб. зусім, як у казакоў перыяду імперыі, — падумаў валовіч. чубаты быў шараговец, а яго напарнік — з сяржанцкімі нашыўкамі.
— гэта ў вас тут бойка? што здарылася? — запытаўся сяржант.
яму адразу пачалі паказваць на сярэдзіну вагона, дзе яшчэ валтузіліся вакол валовіча. шараговец насунуў на чуб фуражку і адхінуў тых, хто яму перашкаджаў.
— так. хто «цярпіла»? — спытаў ён і паправіўся: — хто пацярпелы?
адразу загаманілі атлусцелыя жанчыны за спінай у валовіча. узбуджана паказвалі на яго пальцамі. даводзілі, што менавіта ён усчаў бойку.
— нацыяналіст! — даносілі яны. — руская мова яму не падабаецца. такія і бомбы падкладаюць.
канстанцыя ўзняла руку як вучаніца ў школе:
— я — пацярпелая. — кіўнула на п’яных маладзёнаў: — і вось яны. і яны, — паказаўшы на жанчын.
сяржант неахвотна ўзначаліў дазнанне. спытаў, агледзеўшы валовіча:
— і гэта ўсё ён?
канстанцыя віж скрушна кіўнула галавой у знак згоды і патлумачыла:
— я — патранажная медсястра з псіхіятрычнай лякарні. куды яго, — яна паказала на валовіча, — мне трэба даставіць ужо сёння. як вы разумееце, ён не надта адэкватны. але цалкам транспартабельны. ён спачатку быў згодны ехаць на месца лячэння. але цяпер заўпарціўся. звязаў мяне лёскай. вось зірніце… ён жа здаровы мужык.
сяржант азадачана ссунуў фуражку. на патыліцу.
— у вас ёсць дакументы? — спытаў ён у канстанцыі. — пакажыце, калі вам не цяжка.
валовіч на ўсё гэта ўсміхнуўся:
— не давайце ёй веры. яна жартуе. гэта я вязу яе ад экзарсіста.
шараговец красамоўна зірнуў на сяржанта.
— ад каго? — пацікавіўся ён спачувальна і забраў з рук канстанцыі паперкі і пасведчанне. сяржант пераняў іх. і пачаў чытаць:
— так. сарока лада міхайлаўна. медсястра. рэспубліканская псіхіятрычная клініка.
валовіч перапыніў яго.
— ды не яна гэта. давайце разбярэмся. бачыце — яна прыхварэла. я вязу яе дамоў.
сяржант прысеў насупраць. яму з гэтай нагоды вызваліла месца жанчына ў капялюшыку.
— эйш, нацуга пракляты. дык яшчэ і псіх. — пракаментавала тая ў адрас валовіча. — а з выгляду — прыстойны. адразу і не разгледзіш.
валовіч ужо з цяжкасцю стрымліваўся.
— выйшла б ты прэч, клімактэрычка, — сказаў ён, але яшчэ даволі спакойна.
жанчына адразу завішчэла. замахнулася на валовіча сумкай. праз праход.
— забярыце яго! мы тут усе ў сведкі пойдзем!
сяржант вытрымаў невялікую паўзу і звярнуўся ўжо да валовіча.
— прад’явіце вашы дакументы, грамадзянін.
валовіч пацягнуўся да сваёй рыбацкай сумкі. расшпіліў замок — і ўспомніў, што ў спешцы не браў нічога. дый навошта яму былі дакументы? каму прад’яўляць?
— у мяне іх няма. — сказаў ён.
шараговец, які, стоячы, зазірнуў у раскрытую сумку валовіча, спытаў:
— а чаму там у вас камень? — і паказаў на ружовага колеру, з крапінамі, брукаванец, які валовіч знайшоў раней на храмавым падворку. і адтуль прынёс айцу віталю.
— вы не супраць, што я яго забяру? а то яшчэ ўжывяце тут. у вагоне.
валовіч выдыхнуў. ён змусіў сябе гаварыць спакойна і па справе.
— гэта яна мне падклала, — ён паказаў на дзяўчыну. — сцягнула яго ў экзарсіста. я б не раіў вам браць гэты камень у рукі, бо, магчыма, туды загнаная «бесавіца». калі тая выйшла вось з яе, — ён зноў кіўнуў на канстанцыю. быў злы на яе.
— а можа, і не выйшла. можа, іх там дзве, а то і больш.
канстанцыя засмяялася. зрабіла адпаведны выраз на сваім прыгожым твары. кранула міліцыянта за руку.
— ну, вы самі чуеце. і каментаваць не трэба. добра, што вы з’явіліся. я б адна з ім не справілася. калі вам не цяжка, звяжыцеся па рацыі. няхай вышлюць з лякарні брыгаду. прама да цягніка. тым больш, што мы ўжо амаль у сталіцы.
шараговец, пакуль сяржант раздумваў над прапановай, пацікавіўся:
— а чаму яго адразу з брыгадай не скіравалі? хто гэта вас адну прымусіў?
канстанцыя развяла рукі і патлумачыла:
— эканамічны крызіс, як кажуць. самі ведаеце. то паліва няма. то яшчэ чаго. вось і вязу. адна.
валовіч сказаў:
— не давайце ёй веры. яна — апантаная. вельмі хітрая. выкрутлівая. і дакументы скрала. і камень.
на што дзяўчына зрабіла свой каментар:
— бачыце — у яго абвастрэнне. ён і тут усчаў бойку. а раней — забіў марыка.
сяржант узняў голаў, нібы ганчак.
— калі гэта — раней? і якога марыка?
валовіч толькі фыркнуў. але не надта весела.
— яна трызніць. няхай скажа. я яшчэ зрабіў падкоп. да стакгольма. ха-ха.
сяржант супакоіў жанчыну ў капялюшыку і пацікавіўся ў канстанцыі:
— вы кажаце пра забойства нейкага марыка? вы былі сведкай забойства?
канстанцыя адказала пасля секунднай паўзы, што прозвішча марыка не ведае і сведкай забойства не была. валовіч ужо з цяжкасцю стрымліваў сябе і толькі заўважыў:
— а вы праверце па сваіх зводках. і пабачыце, хто з нас хлусіць.
між тым, сяржант выйшаў у тамбур і выцягнуў рацыю. валовіч убачыў праз шкло, як той гаварыў. але слоў, вядома, разабраць не мог.
напруга ў вагоне пакрысе зменшылася. за акном з’явіліся ўжо аднастайныя будынкі прыгарада. яшчэ праз некалькі хвілін канстанцыя ўсхапілася са свайго месца. падняўся і валовіч.
— я пакуль у прыбіральню, — патлумачыла міліцыянтам дзяўчына і выйшла з вагона. валовічу выйсці не дазволілі. міліцыянты…
«хуткая» са спецбрыгадай ужо чакала на вакзале. нягледзячы на пратэсты, валовіча запіхалі ў машыну. хапіліся медсястры сарокі лады, але яе нідзе не знайшлі. санітары, а іх было двое, выглядалі небяспечна. скуластыя. з пустымі раўнадушнымі вачыма. пэўна, студэнты з інстытута фізічнай культуры, — вырашыў валовіч, гледзячы на іх набітыя касцяшкі рук. — падпрацоўваюць такім чынам. разбярэмся.
— ну, што, напалеон? — сказаў валовічу адзін з іх абыякава: — паедзем на адпачынак?
валовіч паціснуў плячыма, бо па розуму трэба было стрымацца, і выцягнуў надалоннік. але адзін з санітараў нечакана выхапіў яго і сунуў сабе ў кішэню.
— вярні мабілу, — як мага ветліва папрасіў валовіч. — я пазваню жонцы.
і ў адказ пачуў:
— пазваніш з вострава… святой алены.




















Пакінуць новы каментар