№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Чалавек з брыльянтавым сэрцам
Леанід Марцінавіч Дайнека нарадзіўся 28 студзеня 1940 года ў вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Беларускім тэлебачанні. Быў адказным сакратаром часопіса «Маладосць», загадчыкам аддзела паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура».
(На здымку: Леанід Дайнека з унучкай Янай)
Друкуецца з 1961 г. Аўтар зборнікаў вершаў: «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976); рамана-дылогіі «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979), раманаў «Футбол на замініраваным полі» (1987), «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988, разам з папярэднім раманам уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя К. Каліноўскага ), «Жалезныя жалуды» (1990). Аўтар фантастычнага рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992).
Творы друкаваліся на рускай, украінскай, польскай, англійскай, эстонскай, латышскай, літоўскай, малдаўскай, армянскай, грузінскай, ідыш, іўрыце і іншых мовах.
— Леанід Марцінавіч, па сцвярджэнні Уладзіміра Арлова — ён ведае свой радавод да пятага калена… Колькі словаў пра Вашыя радаводныя карані…
— Ну так глыбока, як шаноўны спадар Арлоў, у свой радавод я не заглыбляўся. Але тым не менш… Прозвішча Дайнека паходзіць ад балцкага слова «дайна», што азначае — песня. Нездарма ёсць шмат вядомых спевакоў з такім прозвішчам. Ды і ў нашым родзе любяць і ўмеюць спяваць. Род Дайнекаў паходзіць з цэнтральнай Беларусі, з Клічаўшчыны. Мы людзі вольныя, ніколі не былі прыгоннымі. Я перакананы, што ў маім прозвішчы спляліся дзве радаводныя галіны — Дайнека і Данейка. А гэта значыць, што ў нашым радаводзе прысутнічаюць шляхецкія карані…
— Вось адкуль тая цяга да тэмы рыцарскага слугавання Бацькаўшчыне, якая прысутнічае ва ўсіх Вашых гістарычных раманах.
— Мяркую, што так. Ёсць такое паняцце — крэўная памяць. Голас крыві — голас нашых продкаў. А магчыма, якісь царскі пісар знарок зрабіў памылку ў прозвішчы — і Данейкі сталі Дайнекамі. Кастусь Тарасаў напісаў, што Дайнекамі ва Украіне называлі разбойнікаў. А хто называў? Ды тыя ж царскія пісары. А насамрэч — гэта былі ваяры за Вялікае Княства Літоўскае, і я ганаруся гэтым. Бацька мой Марцін Дайнека скочыў Свіслачскую гімназію, мама мела трохкласавую адукацыю, але па жыццёвай мудрасці і любові да беларускай паэзіі і песні яна была акадэмікам...
— Літаратурную дарогу Вы пачыналі як паэт. Ці памятаеце свой першы верш? Што або хто натхніў на паэтычную творчасць?
— Вось якраз мама і натхніла. Яна ведала на памяць безліч вершаў беларускіх паэтаў, любіла дэкламаваць паэзію Коласа. А яшчэ — нашая беларуская прырода. Клічаўшчына — гэта мой паэтычны рай. А першыя вершы я пачаў пісаць вельмі рана — недзе ў 5–6 гадоў. І мой дзед Сцяпан заўсёды любіў казаць бацьку: «Вось пабачыш, Марцін, з гэта хлопца выйдзе сапраўдны пісьменнік…»
— У 1987 годзе з-пад Вашага пяра выходзіць першы раман «Футбол на замініраваным полі», у якім Вы асэнсоўваеце тэму горада, і гэтым жа годам пазначаны выхад рамана «Меч князя Вячкі». Ці не цяжка было ўадначас жыць сучаснымі рэаліямі і, азірнуўшыся на восем стагоддзяў назад, «браць вайсковы чын у барацьбе з крыжакамі»?
— Для мяне гэта абсалютна няцяжка. І цяпер я ўадначас пішу свае «Герадоцінкі», вершы і новы гістарычны раман. А ў маладосці творчай энергіі было столькі, што прыходзілася шкадаваць, што ў сутках толькі 24 гадзіны…
— Зварот да гістарычнай тэмы — гэта свядомы творчы выбар ці шчаслівы падарунак лёсу? Каго з папярэднікаў лічыце за свайго настаўніка?
— Безумоўна свядомы. Бо мне было крыўдна чытаць і чуць, што мы, беларусы, нацыя — рахманая і талерантная. Навокал, у нашых суседзяў — свая гісторыя, свае героі, свой гістарычны лёс. А дзе Беларусы? Дзе дзесяцімільённы народ у самым сэрцы Еўропы? Дзе Вялікае Княства Літоўскае, якое я называю Краінай Ліцвініяй. Нават падчас апошняга перапісу я назваў сябе ліцвінам.
— Вашыя гітарычныя раманы адразу заваявалі неверагодную папулярнасць, як прынята сёння гаварыць — траплялі ў лік бэстселераў, таму што Вы адкрывалі ў іх для чытача малавядомыя старонкі нашай гісторыі. Гэта значыць — адкрывалі нашую беларускую Душу… Якая яна для вас — душа беларуса?
— Беларуская душа — гэта душа нязломнага ваяра. Гісторыя беларусаў — гэта гісторыя войнаў, у якіх нашыя продкі бралі ваярскі чын і ў бальшыні выпадкаў перамагалі. Згадайма вайну з Тэўтонскім ордэнам, з Масковіяй, супраць крымскіх татараў. І ў авангардзе літоўскага войска заўжды выступала беларускае рыцарства — прадстаўнікі шляхецкіх родаў. Адзін з галоўных герояў майго рамана гетман Канстанцін Астрожскі, які ў бітве пад Оршай у 1514 годзе разграміў на шмат пераўзыходзячае маскоўскае войска, якое імкнулася захапіць і падпарадкаваць сабе нашыя землі.
— Як мне здаецца, Вашыя раманы вельмі кінематаграфічныя. Згадваючы досвед палякаў, якія знялі фільмы амаль па ўсіх рамах Генрыка Сянкевіча, не магу не запытацца, ці не марыце аб экранізацыі сваіх твораў?
— Яшчэ за савецкім часам мне патэлефанавалі з Беларускай кінастудыі і прапанавалі зняць фільм па рамане «Меч князя Вячкі». Але прайшло дваццаць гадоў, а воз, як кажуць, на тым жа месцы. Як мне здаецца, сучасным дзяльцам ад кінематографа не выгадна здымаць фільмы, дзе б паўстала рэальная гісторыя нашага народа. Таму і з’яўляюцца ў пракаце фальклёрныя трэшы пра слуцкую князёўну — па версіі рэжысёра — змагарку не столькі за вольнасць Беларусі, як за праваслаўную веру і міфічную ідэю славянства ўвогуле. У выніку атрымалася вялікабюджэтная кінематаграфічная казка, а не гістарычны кінаэпас галівудскага ўзроўню.
— Ведаю, што на некалькі Вашых вершаў напісаны песні. З кім з беларускіх кампазітараў пашчасціла супрацоўнічаць?
— Сапраўды, я лічу сваім творчым шчасцем, што на мой верш напісаў песню бліскучы майстар беларускай мелодыкі — Юрый Семяняка. Ёсць дзіцячая песня, якую стварыў Леанід Захлеўны. Супрацоўнічаў я і з Алегам Чыркуном. Самая вядомая мая песня — «Беларуская застольная». Яе выконвае хор Цітовіча і ансамбль «Свята».
— Менавіта ў гэтым песенным хіце, які цудоўна выконвае Дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята», і ёсць такія радкі:
Зноў за сталом нявузкім
Дружнай сядзім сямейкаю…
Хто збіраецца сёння за гэты нявузкі сямейны стол Дайнекаў?
— За гэтым нявузкім сямейным сталом Дайнекаў збіраецца вялікая і дружная сям’я. Бог узнагародзіў мяне трыма сынамі: Сяргеем, Зміцерам і Сцяпанам. У мяне цудоўная гаспадыня — жонка Зінаіда, з якой у радасці і скрусе мы жывем ужо сорак чацвёрты год.
Гэта маё студэнцкае каханне. І пачуццё таго юначага кахання і вернасці мы збераглі па сённяшні дзень. Нашая восеньская радасць — нашыя ўнукі. Іх у нас пяцёра: тры ўнукі і дзве ўнучкі.
— У часопісе «Дзеяслоў» за 2010 год друкуецца Ваш раман «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка». А што сёння на пісьмовым стале Леаніда Дайнекі?
— Працую над дзесятым па ліку гістарычным раманам: «Той, каго ўдарылі па шчацэ...». У аснову гэтага рамана лёг лёс нашага беларускага пакутніка, змагара за вуніяцкую веру — Ясафата Кунцэвіча… Які пасля быў кананізаваны самім Папам Рымскім.
— Гэта юбілейны па ліку раман у Ваш юбілейны год! Хочацца па-эстраднаму выгукнуць: «Брава, майстра!». Дазвольце пажадаць Вам моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця, асветленых любоўю і павагай блізкіх людзей — і Божым дабраславеннем на новыя творчыя вышыні.
Гутарку вёў Эдуард АКУЛІН







.jpg)













Пакінуць новы каментар