№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Франц СІЎКО: Efter paradiset*
…Я гляджу на дзівосы замежнага жыцця і аналізую іх выключна з практычнага боку: зашмуляныя туфлі немаладой парыжанкі ў метро займаюць маё ўяўленне куды больш за багемную выключнасць Манмартра, а заношаная манжэта на рукаве кіроўцы ў аўтобусе на шляху з ускраіны Рыма да Ватыкана дае фантазіі куды больш спажывы, чым велічны выгляд усіх Калізеяў, разам узятых. Так было падчас паездкі ў Італію гадоў пятнаццаць таму, так было падчас выправы ў Парыж у 97-м, так было і ў час нядаўняй неспадзеўнай — з ласкі роднага творчага саюза — вандроўкі на шведскі Готланд.
Мая выправа на Готланд пачалася задоўга да дня ад’езду. Месяцы за чатыры да яго, з тае хвіліны, як міжволі давялося засесці за падручнікі шведскай мовы. Вучыць якую я пачынаў ад нуля, але пачынаў, праўда, з такім запалам, што неаднойчы падчас курсу ўначы прачынаўся, ловячы сябе на тым, што ў дрэме паўтараю ў памяці шведскія словы...
Я стаяў у Вісбю на набярэжнай, як раптам пачуў зусім побач такое гучнае «Sjö! Sjö!», што ажно знянацку скалануўся. Некалькі падлеткаў, заінтрыгаваныя, мусіць, утрапёнасцю майго скіраванага на порсткія балтыйскія хвалі пагляду, захацелі мне нагадаць, што гэта — шё (мора, возера). Вось бы, пэўна, здзівіліся яны, калі б пачулі ў адказ, што ў нас на мяжы трох раёнаў Віцебшчыны, у мясціне, якая продкаў іх, вікінгаў, памятае, сваё Шо маецца. Акваторыя якога, дарэчы, да нядаўняга часу лічылася геаграфічным цэнтрам Еўропы. І што ў ваколіцах вёскі, дзе я вучыўся ў школе, значны адсотак тутэйшых жыхароў носіць прозвішча Швед.
Але найбольш цікавым падалося мне ў шведскай мове слова by (вёска). З-за поўнага падабенства да канцавога складніка нашых айчынных электронных (tut.by-еўскіх) адрасоў — трапней, каб і хацеў, наўрад прыдумаеш. Так і ўяўляецца мне яго шведскі сэнс, ледзь пачну адчыняць сваю паштовую скрыню…
Я прачнуўся ўранку ад нейкага галасу за рогам дома. Вызірнуў з вакна і не даў сабе веры: усю вулку збоч дома акупавала працэсія з маладых бацькоў, якія везлі на драўляных самаробных павозках сваіх дзяцей у цэнтр горада. Усе як адзін, у тым ліку і дзеткі, былі апранутыя ў сярэднявечныя строі, некаторыя — пры цацачнай зброі. Я ведаў, што з гэтага дня ў Вісбю, сталіцы Готланда, мае пачынацца свята Сярэднявечча. Але што ажно гэткім будзе яно маляўнічым і шматлюдным, не ўяўляў. «А хто там ідзе?» — міжволі ўсплыло ў памяці. «Маладыя шведскія бацькі вязуць малых шведзікаў паглядзець «на свет белы», — сам сабою склаўся адказ. І так на працягу тыдня: дзеці, моладзь, старыя — усе на свяце, кожнаму яно дарагое, кожнаму абыходзіць. Такая, мабыць, іхняя ідэалогія: простая, даходлівая, уцямная. Якую не спяцы-ідэолагі будуюць метадам запалохвання.
Што кінулася ў вочы ў Вісбю падчас тае святочнае сярэднявечнае містэрыі, дык гэта поўная адсутнасць так характэрных для нашых айчынных дзеяў падобнага кшталту рэверансаў на адрас суседзяў. Мясцовая готландская прыгажуня здрадзіла роднаму гораду з-за сімпатыі да дацкага ваяра? У мора яе! Утапіць пад галёканне абураных нечуванаю здрадаю суайчыннікаў! Як непадобна ўсё тое на спалітызаванае, заідэалагізаванае адкрыццё ці сканчэнне нашага «Славянскага базару», калі што ні фраза, то — «братні народ», «вечнае сяброўства», «агульныя карані», агулам жа — любоў да знямогі…
Шведская запалка, шведскі стол, шведская сценка, шведская сям’я — з усіх гэтых шырокавядомых клішэ, што сімвалізуюць іхні лад жыцця ды ступень шведскага ўплыву ў свеце, канечне, апошні — самы пікантны і разам з тым беспадстаўны. Тое рашуча даводзяць складальнікі пачатковага курса шведскай мовы, разбіваючы ўшчэнт нашае аблуднае ўяўленне аб шведскай сям’і як аб сужэнстве трох асобаў. І наогул шведы, як мне падалося, людзі цнатлівыя. І вытрыманыя: тут не спаткаеш звыклых для іншых шыротаў беспардонных заляцанак абарыгенаў да прыезджых жанчын ці сцэнаў прылюднага высвятлення сямейных адносінаў. І разам з тым і голае дарэшты цела на пляжы ў атачэнні людзей у пурытанскага выгляду шортах — таксама не рэдкасць. Дэманструючы прыхільнасць да фундаментальных сямейных каштоўнасцяў, шведскае грамадства, падалося, ставіцца цярпіма да нетрадыцыйных поглядаў на каханне. Такое ўражанне, прынамсі, складваецца, калі гартаеш мясцовыя газеты з аб’явамі. Але гэта, мабыць, на меркаванне старонняга чалавека: у чужую скуру не ўлезеш.
Што асабліва імпанавала і імпануе мне ў шведах, дык гэта іх абавязковасць і схільнасць усё загадзя планаваць. Рысы, безумоўна, выхаваныя стагоддзямі працы над сабой, якіх нам гэтак часта катастрафічна не хапае. Зрабіць якія сваім alter ego, часткай ладу жыцця, а тым больш менталітэту, між іншым, не вельмі і імкнёмся. «Планаваць справы на паўгода наперад? Глупства!» — дружна абурыліся два маладзёны, калі распавёў ім пра практыку планавання справаў іх шведскімі аднагодкамі на трэці, ці семнаццаты, ці дваццаць сёмы ад пачатку новага года тыдзень. «Што ты робіш на трыццаць другім тыдні?» — «Іду ў вандроўку з сябрамі». — «О, тады пазней сустрэнемся. На трыццаць чацвёртым, можа?».
Сімвал Готланда — авечка, сімвал Вісбю — вожык. Апошнія шпацыруюць па горадзе, як у Віцебску каты, адно што не ў гэткай колькасці, канечне. У родным маім Міжрэччы таксама вожыкаў было шмат. Але ўпершыню пабачыць, як харчуецца гэтае жамяраеднае, давялося менавіта ў Вісбю, на пляцы перад галоўнаю готландскай шыркаю (кірхай). Жывёліна з’яўляецца з прыцемкам на лапіку пожні і пачынае ўтрапёна абшукваць яго на прадмет спажывы. Даследуе па дыяганалі траву, як свіння лычам зямлю, — метадычна, дзелавіта, па-гаспадарску, без боязі натыкнуцца на знячэўную злосць істоты двухногае. Кінеш яму са сходаў на стыканую іголкамі спіну лёгкі кавалак друзу — нават не схамянецца. І на вулцы яго спаткаеш на змярканні, калі шпацыруе няведама куды, пераходзячы па бруку ад двара да двара...
Калі вожык — сімвал Вісбю, то фірмовы знак горада, безумоўна, — ровар. Але не ў сэнсе характарыстыкі ўзроўню дабрабыту ці чагосьці яшчэ са сферы матэрыяльнага, а ў сэнсе вартасці ўзроўню ўзаемаадносінаў між людзьмі. У прыватнасці, адносінаў паміж кіроўцам і пешаходам. Роварам у Вісбю, як і наогул у Швецыі, нікога не здзівіш, іх тут так шмат, што стракаціць уваччу. А вось язда на ровары, асабліва пры перасячэнні шматлікіх пятлястых пераходаў, надоўга застаецца ў памяці. Дома я не садзіўся на ровар каля 40 гадоў. А ў Вісбю гэта адбылося так проста і натуральна, быццам усё жыццё толькі гэткаю справаю і займаўся. Проста сеў і паехаў. І як не паехаць, калі ты на вуліцы — пан. Табе яшчэ пяць метраў да «зебры», а вадзіцелі аўто з абодвух бакоў ужо спыняюцца, каб саступіць дарогу. Цудоўнае адчуванне, але і небяспечнае, бо да добрага хутка прывыкаеш. Апошняе на сабе зведаў, ледзь не трапіўшы па вяртанні ў Віцебск, залюляны памяццю аб простасці язды па вулках Вісбю, пад машыну на адным з нашых пераходаў.
Пры знаёмстве з чужым горадам важна пабачыць яго ваколіцы. Прыгарадны ландшафт, рэльеф мясцовасці, нават моц ветру, што ў кожным закутку розная, — усё гэта спрыяе больш поўнаму ўяўленню аб самім горадзе, дае адчуванне яго прасторавай перспектывы. Так я зразумеў у свой час, ужо ладна пажыўшы ў горадзе над Дзвіною, свой Віцебск. Так раблю кожны раз, трапляючы ў незнаёмую дагэтуль мясціну. Тым болей калі мясціна такая пярэстая, як Готланд, дзе што ні дзесятак вёрстаў, то новы відарыс, новае ўражанне, адметная візуальная карціна.
Чым здзіўляе сельскі Готланд, дык гэта нераўнавагаю паміж «непрычасанасцю» прыроды і цывілізаванасцю сядзібаў. Дзікая, нейкая нават часам, здаецца, агрэсіўная ў сваёй першароднай дзікасці натура — і дагледжаныя, блісь ды ясь, будынкі. Жытло і адцяняе неўтаймоўнасць прыроды і разам з тым быццам суцішвае яе, падвысакароджвае, ці што. Так што нават пабудовы кшталту абораў для падкормлівання авечак, што раз-пораз узнікаюць сям і там усцяж складзеных з горнай пароды загародак, не здаюцца на Готландзе рудыментамі прамінулага часу. Наш ватыканападобны Мосар у параўнанні з выспавымі готландскімі краявідамі — наадварот, аазіс хараства на тле ўбоства. Памятаю першае сваё, неспадзеўнае, па дарозе аднекуль, знаёмства з Мосарам. Быццам у казку ўехаў. А выехалі з таго парадызу: хаты пахілыя, шэрыя наўкола — і быццам і не было ніякага цуду…
Хоць канец ліпеня і пачатак жніўня і цёплыя на Готландзе, і Гальфстрым дае аб сабе знаць падчас купання ў моры, і сонца на пяшчоту не сказаць каб скупое, усё адно адчуванне, што гэта краіна паўночная, не пакідае ні на хвіліну. То вецер падзьме раптам з Балтыкі, вокамгненна зменіць краявід ды спупырышыць скуру на руках-нагах, то крывенькія хвоі ды іншыя прадстаўнікі мясцовай флоры ўсцяж дарогі пацямнеюць пад завесаю наплылых няведама адкуль хмараў, то трава збоч сцяжыны пахінецца долу пад ціскам дажджавых кропляў. Едзеш на ровары ўздоўж узбярэжжа і чамусьці міжволі ўяўляеш, як яно ўсё выглядае тут узімку: сцішна, самотна, маўкліва.
Здаецца, і невялікі Готланд, усяго крыху больш за 3 тысячы квадратаў займае разам з прылеглаю выспай Форё, а прыбярэжная марская паласа так адрозніваецца ў процілеглых яго кутках, быццам у розных кліматычных шыротах размешчаная. У Вісбю бераг камяністы, адно пільнуйся, каб ногі не парэзаць, а на Форё — такая роўнядзь пясчаная пры вадзе, што, здаецца, без парашута можна на яе прызямляцца. І пляжы адпаведна розняцца, як неба і зямля. Затое расліннасць пры берагах усюды падобная — калматая, дзікая, шматкамі. Ды яшчэ пах аднолькавы — вострай гаючай гнілі водарасцяў, што працінае кожную тваю клетку, а ўсё яго мала.
Дзве загадзя планаваныя рэчы не зрабіў я на Готландзе. Першае — не паспытаў расхваленай аўтарамі турыстычных праспектаў як ледзь не галоўнае шведскае мясное стравы пад назовам шётбуля (köttbulla). Другое — не пабачыў тамтэйшага верасу. Шётбулю да апошняга спадзяваўся з’есці ў Стакгольме на шляху дадому, ды на той дзень яе акурат у меню рэстарацыі, куды павялі падмацавацца супрацоўнік Шведскага саюза пісьменнікаў Хенрык Энбом, паэт Зміцер Плакс і калега-перакладчыца Ан, не аказалася. Што да верасу, то ён стаўся ахвяраю ўласнае мае забыўлівасці. Быў момант, калі можна было тое зрабіць па дарозе на Форё, папрасіўшы кіроўцу на колькі хвілін прыпыніцца ў ляску. Але выскачыла з галавы назва па-шведску, а слоўніка, каб патлумачыць, што дзядзьку з Беларусі абыходзіць у гэным лесе, як на тое, пры сабе не аказалася…
Праз тыдзень па вяртанні з Готланда — тэлефонны званок увечары пад тытры па-шведску на канале «History». Віля Швед, аднакласніца з малой радзімы:
— Ну, як з’ездзіў? Кавы, віна, мабыць, папіў смачных? Было? Хваліся.
Было — галоўным чынам падчас выправаў за межы горада ды ў сталоўцы дома творчасці пад сіпенне грамадскае кававаркі. Хапала, вядома, хоць, канечне, не з каптуром: думка пра тое, што вось вернешся дадому і павінен будзеш круціцца на менш як 200-даляравы выкладчыцкі заробак у месяц, не надта пусціць раскашаваць.
Яшчэ праз тыдзень па справе да біскупа Уладзіслава Бліна пайшоў, а ў яго на стале — дай веры! — вазон з галінкамі верасу. Нашага, мясцовага, вядома: хтосьці прэзентаваў. І вось стаіць букет у гасцёўні, радуе гаспадара сакаўною квеценню ды быццам адмыслова, каб страту готландскую кампенсаваць, майго прыходу чакае. Не прыгажэйшы, мабыць, за готландскі, ды, пэўна ж, і не горшы. Свой.
Сваё — тое, што належыць нам паводле закону спадчыннасці. Альбо набытае ва ўласнасць працаю, намаганнямі, і часам немалымі. Калі ж нешта чужое нас прываблівае, і займець яго ў якасці свайго надта хочацца, тады адзіны шлях да задавальнення такога неадольнага свербу — скарыстаць узор жаданага чужога дзеля стварэння гэткага ж свайго. Прыкладна так мне думалася ў цягніку з Вільні на Мінск падчас вяртання з Готланда. Ззаду засталіся пералёты з Вісбю ў Стакгольм і са Стакгольма ў Вільню, яшчэ зусім свежыя былі ўражанні ад выспы і гасцінных, зычлівых гаспадароў Baltic Centre, а мне хацелася як хутчэй апынуцца ў Беларусі. Канечне, такую мясціну, як Готланд, не палюбіць немагчыма. Ды, надзіва, асаблівага смутку ад расстання з зямным раем не было — толькі стома ды жаданне адасобіцца ад не ў меру схільных да размоваў суседзяў па купэ. Апошнім штрыхам утомнага ваяжу сталі тры піражкі ў будынку мінскага вакзала, якімі я не даў рады не спакусіцца з-за неймавернай іх (у параўнанні са шведскімі коштамі на прадукцыю падобнага кшталту) таннасці. Якія тут жа, нягледзячы, што былі тыя піражкі каляныя, бы глыжы, похапкам і праглынуў: дома, вядома, і салома ядома.
* Пасля раю (шведск.).
Друкуецца ў скароце. Цалкам эсэ будзе апублікавана ў часопісе «Дзеяслоў»







.jpg)













Пакінуць новы каментар