№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ У гонар Гедройца
Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчаюць пра заснаванне ЛІТАРАТУРНАЙ ПРЭМІІ ГЕДРОЙЦА за найлепшую кнігу прозы, якая выйшла ў 2011 годзе на беларускай мове.
Мэты прэміі: ушанаваць памяць Ежы Гедройца (1906 — 2000) — публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыжскага грамадска-палітычнага часопіса «Kultura». Ежы Гедройц нарадзіўся ў 1906 годзе ў Мінску і ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай; паспрыяць паглыбленню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры; папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы; падтрымаць актуальных беларускіх пісьменнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасці на міжнародны ўзровень.
Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі (журы прэміі пакідае за сабой права вызначаць жанр твораў у спрэчных выпадках).
Намінаванне пройдзе ў тры этапы. На пачатку 2012 года будзе абвешчаны лонг-ліст прэміі (12 пазіцыяў). На пачатку лютага будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі (6 пазіцыяў). Абвяшчэнне і ўшанаванне пераможцы(-аў) адбудзецца 3 сакавіка 2012 года — у Міжнародны дзень пісьменніка. Сярод узнагародаў — магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.
Права прапаноўваць кнігі для ўключэння ў лонг-ліст прэміі маюць: сябры журы, дырэктары выдавецтваў, кіраўнікі творчых суполак і пісьменніцкіх арганізацыяў і (у перспектыве) лаўрэаты прэміі папярэдніх гадоў. Для намінацыі кнігі на прэмію неабходна даслаць або перадаць у сядзібу Беларускага ПЭН-Цэнтра падпісаную заяўку ў адвольнай форме, далучыўшы да яе 5 асобнікаў намінаванай кнігі.
Кантакты для падачы заявак: 220050 Мінск, а/с 218 або: Мінск, вул. Залатая горка, д. 2, кв.101.
Даведкі па пытаннях вылучэння: (017)2881461 (з 9:00 да 16:00 па буднях); e-mail: pen@vessobel.by.




















Пакінуць новы каментар