№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Уладзімір МІХНО: Капешачка
Капешачка прастаяла паўлета. Учарнела, збуцьвела, дзе-нідзе нават зверху сена пакрылася шэраю плесенню, а што рабілася ўсярэдзіне, ведаць адной ёй, бо ўжо не магла ўздыхнуць на поўныя грудзі. Ледзьве спрабавала захапіць паветра разам са свежым ветрыкам, які парывамі тузаў-казытаў яе, імкнучыся вярнуць да жыцця, як раптам з сярэдзіны вырываўся цэлы стаўпень перапрэлае трухі. Задыхаючыся, капешачка асядала яшчэ ніжай. Нехта звыш як бы дыктаваў ёй: сядзі і не рыпайся, ведай сваё месца на гэтым маленькім лапіку зямлі. Страшна, балюча было глядзець на капешачку. Страшна і — няёмка. Гэтак часам глядзіш на безнадзейна хворага чалавека, у адначассе жахаючыся, спачуваеш і адчуваеш нібы віну перад ім. Хаця хто ж вінаваты, што чалавек смяротна захварэў?
Клевярок касіў Геля яшчэ перад Сёмухай. Тройца сёлета хоць і позняя была, прыпадала недзе напрыканцы чэрвеня, ды, самі падумайце, зараз ужо заканчваўся жнівень. За возерам ваўсю грукацеў камбайн, можна сказаць, адзін жывы на ўсю гаспадарку. І дзень і ноч грукацеў. Камбайну было загадана «высочайшим указом» скончыць жніво да Прачыстай, вось і стараўся. Дарэмна вылузваўся са скуры. Вышэй сябе не скочыш, хай нават табою ву-унь якія мудрыя начальнікі апякуюцца. Адзін у полі не воін. Жнівень пакуль што выстаяў у сухмені. Богу, пэўна, надакучыла паліваць зямельку — падаўся на вакацыі. Ліло, дзе гусцей, дзе цішэй, чатыры месяцы запар. Як толькі снег сышоў напрадвесні, так неба і прасіцілася. Не маглі ўзлезці на ніву, пасеяць, дый касілі-сушылі, выкрадаючы ў Бога кожную сухую хвілінку, якіх сёлета можна на пальцы спячы. У жніўні апагодзілася і трэба было ірваць жылы, каб нешта ў пуню ўкінуць.
Трэба, але каму ірвацца? Геля нешта не заўважаў, каб у вёсцы хтосьці браў на пуп. Унукі вунь да паўдня адсыпаюцца, пасля дасыта набіваюць шлунак, апантана пялешчуцца ў возеры, адмыцца не могуць, як бы хто з іх на малатарні за ноч запокаўся. Варушыцца пачынаюць толькі адвячоркам, абчапаўшыся бліскучымі мабільнымі тэлефонамі ды бессаромнымі дзеўкамі, якія самі прыстаюць да штаноў, як сучкі ў дзядоўніку. І ночачку маладыя «малоцяць» — у паўпустых паветках ды на паўголых сенавалах. Аж трэтар ідзе. Ці блындаюць па вясковай вуліцы, было ўжо, заціхшай, ды зноў аджыўшай улетку. Дзе ж пасля той «малатарні» ўраніцы возьмешся за касу! Ды якая касьба?! Ці ведаюць гарадскія ўнукі, як да тае касы падступіцца? Не спяшаюцца на поплаў і свае, вясковыя дзецюкі, каму гадоў па сорак. Трэба палечыць зранку галаву, вось і рупяцца, шчыруюць: калі хто ўначы дошку якую не сцягнуў у калгасе, не прадаў, то хоць бутэльку пустую знайсці пад плотам, ды ў магазін — прасіцца, напрамілы бог, напавер, да крамшчыцы ў доўг, бо «трубы гараць». А там, глядзіш, «лячэнне» зацягваецца і да вечара, гледзячы якія ў каго «трубы» і як багата тых «лекаў»... Каровы ў вёсцы пазбывалі. Калі засталося штук пяць — на развод. Захацеўшы, у магазіне можна малака купіць, якога заўгодна. У вёсцы ж таксама не ўсе дурні, вось і пралічылі, не выгадна карова, бо не ты яе маеш, а яна цябе... Няма каму касіць, і няма каго карміць. Луг за возерам, каторае лета чакаючы, ды так і не прычакаўшы касцоў, здзічэў. Дзіччу ж пазарастала і бальшыня сваіх агародаў. Людзі махнулі рукою і забыліся пра той клопат.
І толькі Геля ніяк не хоча, не жадае змірыцца, што ў яго будзе пад вокнамі дзядоўнік расці. Мужык ён яшчэ, разабраўшыся, і не стары, крышачку за шэсцьдзесят натупаў, ды ногі перасталі цвёрда ступаць па зямлі, а рукі адмаўляюцца слухацца. І каб жа гарэлачку папіваў ды перагарэў, мо не так крыўдна было б, а то змалку нос ад яе вярнуў. Іншыя вунь чорныя, як галавешкі, лостам па зямельцы валяюцца, і холад іх не бярэ, і чорт ім не страшны. Праспіртаваліся, то і на тым свеце, мусіць, як муміі ляжаць будуць, век не сатлеюць. А тут, халера цябе ведае, не піў, не курыў ніколі і здароўя не меў, не меў і шчасця. Позна ажаніўся, рана аўдавеў, дый дзяцей Бог не даў. Мусіць, для кожнага ў жыцці сваю сцяжыну Бог прыпасае. А толькі ні разу Геля не паляжаў проці дня на канапе, лыткі пад столь задраўшы. То тут яму не так, то там не гэдак. Бачаць вочы няўходжанае-недагледжанае і гоняць чалавека ці на агарод, ці на падворак, ці ў дрывотнік, ці на пожаньку. Кароўку-карміцельку да апошняга Геля трымаў. Як жа без яе! Бывала, сноўдаюць з бабаю да цёмнага: косяць, сушаць, падграбаюць, у капешачкі складваюць, цягаюць у пуню. А сена далёка. Даўней жа на сваіх агародах травы мала сеялі, усё бульбу, каб і свінням на зіму хапіла, а сена імкнуліся настарацца так дзе. Крышачку ў калгасе на малако дадуць, недзе каля кустоў адкрадзеш-адкосіш атавы ўперамешку з асокаю. Патрымаў яшчэ Геля кароўку і пасля, калі ўжо гаспадыні не стала. За тое ў вёсцы з яго латругі пацвельваліся: хто кулаком зваў, а хто і дурнем. Бо хіба толькі дурань сёння за кароўчын хвост трымаецца ды яшчэ й капітал на тым зрабіць імкнецца. Такі кулак, што грошай жменька...
З тога часу і яго агарод, хай сабе і невялічкі быў, таксама звёўся. Не было яму каго болей карміць. Бульбы Геля даўно ўжо сеяў дробны лапік, кату пад пяту, па-ранейшаму акуратна рабіў грады і стаўляў штогод парнічкі, без якіх бы, мусіць, змогся — і ногі выпруціў, і зубы паклаў на паліцу. Астатнія ж соткі запурыў клевярком — мо каму спатрэбіцца, мо хто возьме. Грады ён акуратна ўрабляў, кланяючыся кожнай травіначцы, кожнай сцябліначцы. З любоўю кланяўся, з павагаю. Зямля адчувала свайго гаспадара, хаця і здрабнелага, змяможанага, і па-ранейшаму радавала яго тымі маленькімі радасцямі, якія магла яму даць. Адным палохаў яго свой агарод — канюшынаю. Клевярок, штодра паліты дажджамі, буяў сёлета, як ніколі. Рана пусціўся расці, добра перазімаваўшы, рана пачаў красаваць. Краскі горда паднялі галовы, зірнулі на свет Божы, парадаваліся сонейку, акрыялі, набраліся моцы і мядова запахлі. Хмель мядовы завабіў на Гелеў агарод працавітых пчолак, тыя радасна-рупліва закружылі над кветкамі, зараз жа ўзяліся за працу. Людзі любаваліся Гелевым клевярком. Зноў жа, хто любаваўся, а хто і пацвельваўся: навошта ён бескароўнаму старому?
Рос клевярок, як на дражджах, адкрасаваў — край касіць трэба, бо паляжа не сёння-заўтра, пакруціць яго бурамі, якія ўсё часцей сталі залётваць ды гуляць па агародах улетку. Сам чорт тады рады не дасць. Забегаў Геля, затурбоціўся, каму збыць пожню? Не прадаць, не! Абы скасілі, высушылі, забралі, хай сабе і задарма, толькі вызвалілі месца для новай маладой травіцы...
Прадавалі пожні раней, калі вёска яшчэ дыхала, калі ў хлявах проці зімы раўлі галодныя каровы, як збавення чакаючы вясновае зялёнае пашы. Цяпер ці забярэ хто пожню дарма?.. Яшчэ каб высушыў, у капешачку склаў ды добра папрасіў, бліснуўшы ў кішэні бутэлькаю. А скасіць як? Таксама бутэльку стаўляй нейкаму чорту з балота... Смех дый годзе, каб за сваё ды гэдак выжыльвацца, ды гэдак маркоціцца. Рынак... нехадавы тавар. Кідаўся Геля, кідаўся, аднаму сказаў, у другога запытаўся, трэцяга прасіў — ніхто яго травы не ўзяў. Што рабіць? Спляжыцца, збузуецца агарод. І аднаго ранку не вытрымаў дзед, дастаў з-пад страхі касу ды рушыў у пракос. Адвыкла каса ад працы, затупілася, заржавела, вісеўшы латругаю пад кроквамі. Лайдацтва нікога не скрашвае. Ледзьве даў рады гаспадар касе сваёй, і біў яе, і мянташыў.
Касілася цяжка, хоць клевярок яшчэ й не паспеў сабе пакруціцца, ды, мусіць, заржавелі і ў гаспадара ўжо рукі без касы. Кожны ўзмах даваўся яму задушлівым потам, кожны пракос выходзіў з неймавернымі намаганнямі. Геля і хакаў, і курхукаў, і штораз адпачываў, знямогла абапёршыся на касавільна. Думаў, ужо й канцы аддасць тут, у пракосах. Але ні разу не прыйшло яму ў голаў дакараць сябе за тое, што робіць нібыта марную, сізіфаву працу. Так трэба, бо іншага не дадзена. Бо калі ён дапусціцца да быльнягу, то ўчыніць вялікі гвалт над сабою і страшны грэх перад Богам. Хай сабе лайдачуць іншыя, хай пралічваюць, што ім выгадней ды як лацвей, хай збягаюць у горад, за мяжу з’язджаюць. То іхняе — і ў іх там, пэўна ўсё атрымаецца, ашчаслівеюць. А гэта во — яго: яго клевярок, яго зямелька, гэта яго крыж, які ён мусіць па жыцці несці. Плюнуць на крыж, растаптаць?!..
І — адолеў, скасіў... Дзівіліся людзі, як, узяўшы аграбелькі, рупна разбіваў ён пракосы. Праца гэта, даўно забытая, патыхала дзяцінствам, маладосцю і прыносіла старому сапраўднае задавальненне. Уяўляў, як гушкаецца ён, малы, паўзверх возу пахучага свежага сена, на які ўссадзіў яго бацька, каралём адчувае сябе падшыванец-хлапчук, гаспадаром сапраўднага зямнога багацця. Спамінаў-адчуваў таксама Геля, як бы сёння было, слодыч першага, нясмелага, цнатлівага пацалунка ў густой пахучай цемры, на сенавале, дзе з’ехала дранічана і праз шчыліну ў даху цікаўна зазірала адзінокая зорка ды зрэдзьчас падміргвала-падбадзёрвала юных закаханых рамантыкаў. Уяўляў, адчуваў, і лёгка працавалася старому на сакаўных зялёных пракосах. А потым сенца трэба было дасушыцца. І Божанька акурат на дзень ці на тры схаваў дажджы, а з-за хмараў выпусціў праветрыцца-пагуляць сонейка — ён таксама радаваўся за чалавека, які хаця і марную справу робіць, ды робіць яе па ягонаму, па-Боску. Сенца высахла ўмомант, разы са два падвярнуў яго Геля, як настаў час складваць у капешачку. О, гэта ён умее і любіць! Бывала, і стажкі стагаваў, а ўжо капешачку зробіць ён, як лялечку — не дачэпішся, не дакапаешся. Хоць ты яе на выстаўку вязі. Зразумела, пагана складзеную капешачку любы, нават лёгкі, вецярок набок паваліць, і дробны дожджык намочыць. А ўдалая капешка — як хата ўдалая, доўга прастаіць і людзям паслужыць. Напластаваць яе толькі як трэба, абгрэбці, не шкадуючы, ды спрытна завяршыць.
І скасіў, адзін, і высушыў, і напластаваў, і завяршыў Геля свой твор, вось толькі прадаць яго годна, ці хаця б аддаць, каб карысць ад яго паймелі добрыя людзі, так і не здолеў стары руплівец. Несучасным, някідкім таварам аказалася яго капешачка, у якую ўклаў творца гэтулькі душы. Кінуўся, зноў жа, па суседзях ён, па знаёмых. Ды хто накасіў ужо, хто паленаваўся ехаць па маленькую капешачку ды валэндацца з ёю. Адны адразу адмовілі, іншыя, паабяцаўшы, не забралі. Так і зачакалася капешачка свайго прынца, які павінен быў з’явіцца на белым кані ды з кап’ём у выглядзе вілаў. Перастаяла-пераспела, як дзеўка-векавуха. Сёння бяры — самы сок, а заўтра-паслязаўтра, калі абмыюць цябе халодныя дажджы ды абсівераюць ветравеі — каму ты патрэбен будзеш? Чаму так несправядліва ўладкаваны гэты свет: чаму ўсё прыгожае, сапраўднае, зямное аказаўшыся непатрэбным, лішнім, незапатрабаваным, мусіць гібець і гніць, скарыўшыся бязлітаснаму лёсу, а ўсё таннае, ненатуральнае, бліскучае ды пустое як порхаўка, і ў цане цяпер, і ў модзе, і баль правіць?! Дзе ж ёсць Бог!
Не ведаў адказаў на тыя пытанні і гаспадар, які нудзіўся з кожным днём усё болей, гледзячы на той непрыкрыты гвалт, які ўчынілі над яго капешачкай суровыя вятры і дужыя дажджы. Нудзіўся і гніў Геля разам са сваёю капешачкай, пакуль тая бездапаможна прыгіналася да зямлі, урастаючы ў новае зялёнае пакаленне канюшыны. І аднойчы не вытрымаў. Гэдак і балота на агародзе развесці нядоўга. Пад капешкаю — трава не расце. А лета сыходзіць. Будзе пасярод яго клевярка наступным разам чорная пляма, як бяльмо на воку. Трэба, мусіць, спаліць, пакуль апагодзілася, бо далей болей, ужо й запалкі не падаткнеш — не загарыцца, хіба што пакідаць на кампосты. Ды як спаліць-спапяліць дзіця сваё дарагое, хай яно сабе і слова не скажа, бо немаўля, ды глядзіць на цябе з нямым адчаем... Немаўля, а пагляд дарослы, дакорлівы. Што ж ты, супастат, сваю працу губіш, свайму твору, якому гэтулькі спрыяў ды столькі з ім няньчыўся, сам жа галаву сячэш? А што рабіць, калі не куецца не плешчацца, а толькі век «вузка, цесна, мала». «Скуль узяць?»
І Геля, да чорта ў хаўрус запісаўшыся, рашуча схапіў запалкі. Было ў бутэлечцы крышачку газы, раптам не пакоціць збуцьвелае сена. Неслухмяныя, бы не свае, ногі цягнуліся да капешачкі, быццам ён злодзей які, быццам і не на сваім агародзе, а на чужым тую прыкрую справу задумаў. Усё яшчэ ногі на нешта спадзяваліся: раптам адбудзецца цуд і зменіць, зыначыць усё. Але цуд не адбыўся...
А капешачка, хоць не ведала пра блізкі свой канец, ды пра нешта такое здагадвалася, прадчувала. Прадчувала — але не баялася... Ат, чым так жыць... Згарыш — не згніеш. Не калацілася, не дрыжэла яна перад новым, нязведаным дасюль выпрабаваннем. Мо не засталося ўжо ў ёй анічога жывога ўсярэдзіне, і не было там чаму калаціцца і дрыжэць? І, калі яшчэ заставаліся парэшткі душы, дык тымі парэшткамі яна... ухваліла намер гаспадара, ухваліла, бо гэта быў, як ёй здавалася, адзіна правільны і магчымы, а галоўнае, годны і рашучы ўчынак.
Геля не мог пачуць перажыванні капешачкі, бо свае дасюль нязведаныя пачуцці перапоўнілі і аглушылі яго. Ці хопіць толькі рашучасці, ці раптам адумаецца? З жаркосці ды ў роспачы стары плёснуў газы, чыркануў запалкам ды — ходу. Толькі не глядзець, не бачыць, дабегчы да хаты і схавацца, перачакаць. А там — што будзе... Надзіва шпарка хлюпаў ён старымі галёшамі, заблудзіўшыся ў вузкіх барозначках між градамі, надзіва мужна трымаў раўнавагу, каб не ўпасці, не спатыкнуцца аб воглае каменне, што як на грэх кацілася пад ногі. Тым часам кволыя язычкі полымя за спіною, дужэючы, радасна нішчылі капешачку. Маленькія агеньчыкі неўзабаве зліліся ў адзін і паўсталі грозным вогненным слупам. Агонь, адчуўшы волю, расквітнеў, расправіў плечы, зрабіўся вялікім і страшным у сваёй прыгажосці. Сапраўдны пажар, на здзіў суседзям, разгараўся на агародзе ў дзеда Геляра.
Цяпер — дабегчы дадому... Каб толькі не здрадзілі ногі, якія з кожным крокам станавіліся ўсё болей цяжкімі ды неслухмянымі, бы хто гіры да іх прывязаў. Каб толькі не выскачыла сэрца, што з адчаем зняволенай птушкі, як у клетцы, білася ў грудзях. Яшчэ адзін крок, яшчэ... Пакутліва доўгаю здавалася яму дарога да свае хаты...
Друкуецца ў скароце







.jpg)













Пакінуць новы каментар