xxx

/ Уладзімір МАРУК: Намоўленае (абрысы няспраўджаных вершаў)

/ Уладзімір МАРУК: Намоўленае (абрысы няспраўджаных вершаў)

* * *

Сілом сустрэчны вецер абхапіў у час, калі тлом яшчэ не стала ўсё былое. Не ўсё яшчэ жывое, што ажывіў. І часта пытаешся сам у сябе: «Дзе мы аджываем, а дзе будзем жыць заўжды? Ці ў словах паважнага знаўцы, ці ў цьмяных вачах ізгоя?..». А вецер, нястомны вецер... І лепшае слова — не браня ад яго. І ўсё шукаеш там, дзе нельга — анідня, ні сціплай хвіліны, хоць і перабудзе каля душы ледзь не паўсвету. Сляпы напой — настой на каранях, хоць і не абудзіць мроі, але абмые лёс... І толькі калі сціхне самазабойна вецер, — спаткаеш права сваё думаць сярод разнатраўя, а потым — пасля атавы, услед за якой далягляд спаткае твой бруд і пот... Нібыта ажыў і з тла прытупаў жывы, але дазвання здзіўлены, што не хапае хіба што вятрыска нястомнага ў грудзі.

* * *

Нібы паразумнелае чало, блішчыць ставок. Прытулілася да лодкі вясло. І ўжо нічога не можа спыніць пачуццяў ранняй паводкі. Каля пахілай і задаўнелай русалчынай вярбы шукаюць цвярозай рызыкі верныя рабы пачуццяў — шал юначы і сталы розум. Яны, дзіўнота, сарвалі з арбітаў воблакі і п’юць, нібыта любовы напой. Ды вада — ну суцэльны маналіт! — расколе іх вярбовы пагляд. Патрывожанае гняўлівае дно перакуліць, бы лодку, чало. Таму, здзіўленыя, як на замежнае кіно — збягуцца з блізкіх вуліцаў людзі. Ды зрокам прымучаных стомай вачэй не згледзяць ранняй паводкі, і толькі позірк іх апячэ лодкі забытай сухое дно.

* * *

Вецер парвецца, як смык, і зробіцца запомнаю цішынёю, і проста будзе ў свеце — як за глухой бранёй. Праз лес і праз лёс імчаць прыкутыя да руху вагоны. Ад ляскату колаў у вуху расце цяжар, як сын Гаргоны — камень. А ў небе Дзень Чацвёрты прадбачыць свой доўгі век і абвесціць час сабачы — як для жывых, так і для мёртвых. І камусьці ў гэтыя хвілі здаецца, што вызнаны ўсе драбніцы, кроплі, кропкі, а застаецца ўсяго толькі — свой век кароткі спазнаць.

* * *

Як не сатлець, бо гэтак боязна прызнацца, што здавён прывучаны блазнаваць на аплёваным пляцы перад людзьмі, адначас і сярод прароцтваў, што сталі высновай закону, які касавурыць вока на веру і помсліва сіпіць на праўду... Ды гнеў мой яшчэ глыбока ў недрах слоў кіпіць на шчырасці немаўлячай. І так пякельна, нібы на душы ў асілка, які дазнаўся, дзе Цмок лютуе, бо жыццё — пакуль што адзіная памылка, што падалася куточкам, абстаўленым крыштальным злом.

* * *

Крык у горле, пагасні, атухні, бо гляджу я на прысак, аціхлы пад ранак. Нечаканая кропля дажджу вугалькі ператлелыя ясніць. А над прыскам чутны перазовы святла, ацалелага ў цемры. Ля тла пазбягаліся грэцца непрытульныя дзікія словы. І не знаю, чаму так пякельна: ці кроў гарачая кратае скронь, ці спакойная мудрасць зямная мудрэй за агонь сагравае.

* * *

Калі я мяняю час на попел трывалай сівізны, дык на мне відны, як у раскопе, пласты гадоў. І як бы ні стараўся, але сляды былой адвагі — жар напластаванняў — не вымеце і казённы камінар развагі. Таго камінара, як заўсёды, я праганю і сёння. Няхай перагарае мой лёс у шчэлепах агню. І пакуль гарыць агонь, я не змагу заплюшчыць вачэй, гледзячы на невідушчы попел, што ўпадзе і на маю скронь.

* * *

Здагадка. Яна пакуль што адзінокая. Пры яе нетрывалым святле я паспрабую па кроплі спазнаць, дзе няшчырасць, дзе цёмныя звадкі, ці папраўдзе — і словы баляць. Хоць не сказалі нічога істотнага, яны і не кажуць, не будуць, сябе спавядаць ані не дазволяць... Але ж даравалі нястомнаму Юду?!. Ды ці можна сабе дараваць?.. Але ж толькі і ёсць — што слова апошняе, на якое злыдух блаславіў, на яго пазлацаных аковах і маёй крыві не стае.

* * *

Я нават разгубіўся, бо прысуха ноч была чарнейшая за самае чорнае, а ля ног валторнай асіплай сапла рака. Чараты сіпелі наўсцяж баскакамі навяглымі, і сонна плакалі хвалі, штурхаючы ў цемру-далеч плыты. А недарэка плыт, як заўсёды, і не пытаўся метрыкі ў лёгкае хвалі. Тым часам таямнічая плынь задумна чытала санскрыт ракі. А намоклыя ад нястомных дажджоў берагі распытвалі ў аеру, якія гэта я модлы згадваў з забытых вераў. І што за крэскі пакінуў я на пяску, стоячы ў одуме і пытаючыся невядома ў каго: «А сёння чыё жыццё біблейскае вісіць на валаску?..».

* * *

У садзе на сухое лісце, не кранутае расою, прысядзе нехта стомлены, абяздолены штодзённай красою, простай і непрытульнай, як падгрэбенае лісце. Прысядзе разам са сваёю пагбанаю помстай за ўсё, што чакае яго і шукае выйсця ў свеце. Помстай, што здаецца карнаю, ды няздатная на пагрозлівы крок, неаплатнаю — белым светам і свету — непадатліваю. З помстай, чуйнаю да прынукі, што падаравала жыццё: на мукі выпраўляючы, жыць — як помсціць — выпраўляла за сваю скупую веру, за крылы свае невялічкія... Нехта прысядзе, а сякеру кіне, бы ў магілу, у лісце.

* * *

Дзеці прагі, дзеці страсці, неўтаймоўныя пачуцці паляцелі з нашых крылаў, з жылаў цёмных павымаўшы карані шалёных нашых намераў. Яны самазванцы, самагубцы; як без’языкія прамоўцы, абсвістаныя; непрытульныя, як познія танцы на прыцёмненай пляцоўцы. Яны — важакі зграі слухмянай і ваўкалакі выгнання; дзеці раю і пекла — горкія прысмакі часу. Снамі нашымі анішчымленыя, не мінулі яны жорсткай кары — быць заўсёды побач з намі ад узлёту і да сканання.

* * *

Я самы віноўны за тое, што маю. Падасца, што пракаветны, а прыгледзішся — цнотны; і прыгонны, і белая косць; на пагляд — караністы, а ўсё ж — пералётны. Хоць гаспадарыў, а чуўся, як госць; умошчваў за краты, а сам — закаваны... За тое, што ёсць — вінаваты. Гэтаксама за тое, што быў.

* * *

З Венерынай рукі ляціць пчала спакусы. Над галавою промні жнуць крукі. А за бліскучай шыбай хтось варожыць за праснакі з мукі свянцонай — усяго за два — і слоў не кажа, як рыба перад рыбай. І не зважае, што зумчыць пчала, а промні малаціць усеўся крук, а ў спраты праснакі аднёс пацук... Ды чым яшчэ за праўду заплаціць, каб толькі ўчуць, што ў нечым вінаваты.

* * *

Апрануся дыхтоўна, нібыта на баль, і свой плеш у парык агарну. Выйду ў свет — зіхаткую катоўню, паўз якую прайсці не мінеш. Там у дзверы, апляваныя золатам, свой гонар нясуць кавалеры годных ордэнаў, выспелых дам, што ў прэстыжныя строі прыбраліся. Там штодня фантазёры зыкуюць — сляпні, пазбіраныя разам. Старыя, як пні, падбіраюць пагубляныя ноты з мажору. Там падзелены ролькі і ролі — і на смак, і пад вызнаны густ... Пачакайце, і я разам з вамі, засталося адно зашпіліць свой карослівы фрак.

* * *

Зноў пяе гусляр майго сіроцтва — змагар аднае мелодыі. Не маўчыць спаміж скнараў, хабарнікаў ды блатнякоў. І — сярод чужых прароцтваў. Зацкаваны енкам, свістам, басам, умерзлы ў лёд, затаптаны ў гразь, ён раздае разбэшчаным паненкам свой пот паганскі і плебейскі. Хрышчаны — днём, кляты — начою, да апошніх нот абабраны, ён сілком аблытаны ў піраты, каб забыўся на паганскі свой род. Вось і раздае здабычу пірацкую, голас родны, памяць — на званы... Але як зайздроснікі яго ні клічуць, ні просяць, — маны ад яго не пачуюць. Як яго ні катуюць, ні бэсцяць, зрэшты — не даюць пайці на смерць, — не пачуюць пра сябе ані гуку, так і не здолеўшы зразумець.

* * *

Помню — сярод дня свяціў неабачлівы месяц, нясмела пазіраючы долу. А ў развіхуранай конскай грыве ляцела пералётная птушка. На памежку прыгнёту і волі, на мяжы небыцця, зусім яшчэ крохкай, сляпое дзіця назбірала пазбіваных красак юдолі. Праз даўніны пасівелай голас прабіваліся да амярцвення скупыя гукі — гэта дзіцячыя сны спавівала шматпакутная Дзева Марыя.

* * *

Кроў, я да амарокі баюся за цябе, бо ты наклічаш незлічоныя прыгоды, — цяжка ўмасціць іх на крыжы долі. Жаданняў падводы не зрушаць іх, бо парвуцца гужы і лопнуць пастронкі. Кроў, ты неаднойчы нагадаеш пра час пнём — пад нагамі, а ўваччу — дымком... Я, як калючы ядлоўчык, хачу да цябе прыхінуцца прыскам душы, каб слухаць, як па мне твае токі блудзяць, нібы ў трысці русалчыны дзеці, і да апошняй расстанай валокі разам несці нялёгкую ношу.

* * *

Уяўляеце, я — тыран. Мой гнеў, што занадта класічны, даўно ўжо апеты. І самыя трыумфальныя паэты выціраюць мне ногі. А я ж не выстар, ахвота і мне пешчы піць кожнае ночы. І мёд да рота падносяць мне безліч гойных маладзічак. Я не падслепы і зусім не брыдкі, ні на волас не сівы. Сам, калі захачу выпіць свежае крыві, кожны дзень спускаюся ў склепы. Чым яшчэ свой гнеў улагодзіць, засведчыць — хоць малым, хоць нязначным, — мне ж не запярэчыць ніхто, значыць, я ўсім патрэбны. І, як арэх, лускаць славу не можа ніхто, бы я... Я ж — тыран... І можа, гэта мой адзіны крэўны грэх.

* * *

Хаваючыся ад скразняку, заходжу ў высозны сланечнік. Я думаў, што ён гаманкі-шапаткі і будзе гавэндзіць са мною на мове сваёй жоўта-чорнай. Ды ён зацята маўчыць. Можа, таму, што я згадваў Ван Гога, таго, што з адрэзаным вухам?.. Прайшоў праз бяскрыўдны сланечнік, які пакланіўся мне ўслед, па жоўтым, калючым іржышчы брыду, бо бачу ў прыжоўклай смузе абрысы вабных стагоў і чалавечую постаць... А капялюш саламяны лятае, лятае, лятае... над ім, як нязбыўнае, што засталося ў душы... Ван Гог?.. Няўжо гэта ён — які не ўмее страляць?..

* * *

Бог не стварыў мяне падслепым, а ні брыдотай, ні паганцам. Я ўзяў ды паламаў ягоны капыл і ўсё прыдбаў уласным потам. І вужаваў я, і віжаваў, абы сваёю ратай валодаць, ды выжываў я штораз і там, дзе іншы быў распяты на глум. Смактаў і я, дзе ўсе смакталі, пакуль не выпаў апошні зуб... Вось тады нехта болесна зарагатаў і след мой засыпаў попелам.

* * *

Каліна глядзіць на вогнішча праз шклянку цёмнага віна. Кахання нашага даўнасць каўтнута, як сліна сухая. Але праз тлум хвілін чуваць ува мне водгалас кахання, нібыта начная прыпавесць. Няўжо андрагін забыты мяне распачынае наноў? Віно налівае ў сухія жылы, каб кроў зацеплілася ў іх... А я ж усё роўна даўнейшы — такі, як стварыла ты.

* * *

Карчомку — нечаканую прыдарожную, напаткалі мы за стомленым лесам. Ты — забыўшыся на жонку, а я — на тых, што ўсё жыццё цкавалі. Не пазіраючы на бакі, мы ўселіся на пашчэрбленыя лавы і з патаемнай ухмылкай глядзелі, як цурчыць гаркавы напой. Ты ціха мовіў: «За цябе...». «За цябе...» — гэтак жа ціха сказаў і я. А тым часам за нашымі спінамі нехта кроіў на кавалкі нашае ліха. І мы пашкадавалі яго, хоць і без таго хапала свайго жалю, як і шкадобы ў нас хапала. Задрыжалі нашыя кубкі, і слязіна ўпала ў напой. Тады мы паволі паўставалі з лаваў. — «Годзе!» — сказалі за спіну. Вось так і ходзім, як хадзілі, са сваёю ліхою славай.

* * *

Дзе прыпыняюся — гэта яшчэ не супынак. Крывёю апошніх хвілін шалахціць незваротнае лісце. Ці ў такі час здагадаецца хтосьці, што свабода — не вырак, што дазваляе сябе хрысціць на няволю. Смешкі ў вачах... Ды яны ж — крымінальная радасць, якую пазнаць і караць не здолее нат сэрцаскоп... Дзе прызвычаюся — адцураецца падаць і леташні ліст, быццам каштоўнасць на безліч нявартых карат.

* * *

Палымяныя прамоўцы прамінулае хвіліны, вешчуны — да сіпаты, гарлапаны — на імгненне, слодыч горкай арабіны не ўсмакталі вы крывёю, ды раты перапоўнілі спакуслівай славай. Вы малітоўныя — да часу, а без часу — як без Бога, нагуляныя спатоляй спавядаць і панаваць. Вашай славы абярога — ваша лёгкая нястомнасць, за якой неабудным не відно пустое сэрца. Палымяныя забойцы — знаўцы падкаваных словаў, творцы голасу стальнога і пагляду, бы страла, вы апынуліся на ранах, калі залезлі на трыбуну-моўніцу, ды высокая трыбуна ўсё ж не здолела ўзняць вас пад неба.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).