№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Сяргей КАЛЕНДА: Бірузовы шалік
«Апранутыя апавяданні» — вялікі літаратурны праект, дзе задзейнічаны 90 герояў, 30 краін і 42 вопраткі, гэта — інтэрпрэтацыя рамана Пітэра Грынуэя «Золата». Галоўныя героі — вопратка, вакол якой апісваюцца жыццё і лёс людзей, якія яе насілі і будуць насіць.
Аўтар
Хіпі вераць у тое, што свет
можа стаць лепшым.
Бітнікі ведаюць, што лепш нічога
не стане, і кажуць:
ды пайшоў ён, гэты свет,
да чорта,
будзем адрывацца і добра
праводзіць час.
Janis Lyn Joplin
Францыск Асізскі, адпачываючы на Нябёсах і знаходзячыся ў выдатным здароўі, атрымліваў асалоду ад таго, што быў вядомым Святым на Зямлі, і ўсяляк гэтым ганарыўся. Нам усім вядома, што на Нябёсах тытул Святога прыроўніваецца да Оскара або Нобелеўскай прэміі. І тут справа ў тым, што на Нябёсах шмат у каго яшчэ не было такога звання, і па гэтым чынніку Францыск дазваляў сабе некаторыя вольнасці ў выглядзе жартаў пра цесляроў, рыбакоў і пра бароды.
Але ён нядоўга жартаваў і радаваўся, усяго толькі да пачатку дваццатага стагоддзя, а менавіта прыкладна ў саракавыя гады яму моцна дасталося на Нябёсах. А праблема заключалася ў тым, што Францыск быў адказны за адзін горад, ён курыраваў названы ў яго гонар Сан-Францыска ў штаце Каларада ЗША. І адказнасць яго была ў тым, каб сачыць за культурай і дабрабытам горада, а ён не толькі не дагледзеў землятрус і пажары ў пачатку стагоддзя, дык яшчэ і не заўважыў той факт: з’яўленне на зямлі незразумелых, дзікіх і вельмі бесцырымонных аматараў наркотыкаў — бітнікаў і хіпі.
Ён бы ўсё аддаў, нават тытул Святога, абы ўсё наладзілася ў горадзе, які на нябёсах псаваў ягонае святое імя. Але пасля шасцідзесятых, сямідзесятых і васьмідзесятых — гарэз, трансвестытаў, наркаманаў, гомасексуалістаў, лесбіянак і хіпі, Францыск пачаў нават падумваць аб самазабойстве, — так яму было не па сабе ад усяго, чым захапляўся і займаўся гэты горад, і ад тых, хто ў ім пладзіўся.
Але калі ты на Нябёсах, пакончыць з сабою немагчыма, з-за спробы гэта зрабіць можна патрапіць у пекла, куды Асізскага не цягнула — не тая кампанія, бо ён не п’е, не пралюбадзейнічае і не слухае Britney Spears, так што духоўна ён чысты як ранішняя раса.
Але пакінем нашага Францыска са згрызотамі сумлення і ганьбай перад калегамі за няўменне засцерагаць уласны горад сам-насам, з думкамі пра суіцыд, і звернемся да людзей…
Maйя была ў белай мужчынскай кашулі, старой і памятай. Кашуля, нягледзячы ні на што, ёй вельмі пасавала, асабліва запраўленая ў старыя працёртыя джынсы-клёш. У такім выглядзе Майя ехала на трамваі на тусоўку хіпі, якая збіралася ў гонар памяці Woodstock’69. Ёй было дваццаць шэсць — яе выдатная кучаравая галоўка ні аб чым у свеце не трывожылася і нічым не цікавілася, акрамя сваёй калекцыі акуляраў ад сонца ды старога добрага сексу пасля марыхуаны ці какаіна.
Вечарэла, і Горад ля заліва пакрываўся залатой вохрай, якая цёпла і далікатна лашчылася на ўсім, што траплялася; асабліва выгодна ў такі час выглядаў мост Залатыя Вароты, дзе на ягоныя шпілі час ад часу спускаўся дух Францыска Асізскага. Майкл добра ведаў такія гадзіны дня, таму, не разважаючы, хуценька выклаў з эцюдніка неабходныя рэчы для замалёўкі цудоўных вячэрніх колераў. Ён збіраўся пісаць кампанію хіпі ў парку. Хіпі тыя былі прыкметна пастарэлыя і даволі пасіўна ставіліся да жыцця; гэта было відаць па іхніх варушэннях, размовах, перамяшчэннях, станах целаў ды і наўпрост па заплытых фізіяноміях.
Майкл пачаў эцюд, ён вырашыў напісаць менавіта гэтую «хіпоўскую» кампанію ў парку, таму што, нягледзячы на тое, што ніколі не паважаў хіпі, ягоны добры настрой сёння вырашыў за яго, што менавіта пісаць. І ягоны пэндзаль пачаў выводзіць алеем расплывістыя сілуэты, каб падкрэсліць экспрэсію колеру, а не настрой кампаніі старых дзетак-кветак.
Майклу трыццаць тры — узрост Хрыста, але жыве ён не па-хрысціянску: штодзённая пагоня за чарговым уколам перашкаджае яму цалкам аддавацца жывапісу. Ён шмат п’е, колецца, у перапынках стварае карціны, і яшчэ адусюль падбірае, купляе і знаходзіць разнастайныя шалікі, гэта ягонае хобі — калекцыянаваць шалікі. І калі з натоўпу людзей спрабаваць знайсці Майкла, то гэта становіцца лёгкай справай: ён бачны адусюль па арыгінальным шаліку, які заўжды нядбайна звісае з тонкай, спаласаванай шнарамі й венамі шыі. Ягоны самы любімы шалік — ваўняны, бірузовы, пяць метраў даўжыні, вельмі тонкі, любоўна звязаны мілай матуляй шаснаццаць гадоў таму, калі ён толькі вучыўся жыццю і мастацтву.
З кожнай новай хвілінай на палатне вымалёўваліся абрысы асяроддзя парку, пастознымі мазкамі якія накладваліся адзін на аднаго, ствараючы дзіўную фактуру. І Майкл не зазначыў, як за яго спіной, спяшаючыся і прабягаючы, раптам спынілася Майя, зачараваная алейнымі колерамі. Праз колькі хвілін яна, разглядзеўшы мастака з ног да галавы, адзначыла яго шалік, шырокія плечы, відавочную нясвежасць вопраткі і тонкія рукі, якія нервова калаціліся, але чароўна набывалі кантроль і спрыт перад халстом. Майя ўжо не спяшалася на тусоўку з нагоды Woodstock, дастала з кішэні загорнутую ў фальгу марыхуану, скруціла доўгі тоўсты касяк і, моўчкі распаліўшы, працягнула Майклу, які па знаёмым паху даўно ўжо зразумеў, што адбываецца за ягонай спіной.
Майкл з прагнасцю накінуўся на траву і, адчуўшы цьмянае галавакружэнне й любоўную эйфарыю, кінуў недапісаную працу, кінуў эцюднік, пэндзлі, фарбы, кінуў усё гэта ў парку. Ён прапанаваў маладзіцы прагуляцца да аднаго знаёмага буйнага дылера і падаўся з парку. Ён не паглядзеў убок Майі, таму што добра ведаў такіх, як яна, хіпі-німфаманак: яна пойдзе за ім, абавязкова пойдзе, калі ёй хочацца…
У дылера ён прыкупіў трохі гераіну для сябе і какаіну для маладзіцы.
Потым Майя, узяўшы яго за руку, моўчкі павяла да трамваяў з пэўнай мэтай ехаць да яе хаты, таму што ад травы ў яе даўно салодка цягнула жаданнем ніз жывата.
Напудрыўшы свае ноздры парашком, яны доўга і пад канец ужо пакутліва займаліся сексам да самай раніцы: Майкл не раставаўся са сваім шалікам нават у пасцелі, прывязваючы яе рукі да ложка, сціскаючы вузламі ногі, завязваючы яго на вачах… А яна ўпершыню не марыла пра любоўны трохкутнік, а разважала, што ён цалкам прыстойны палюбоўнік. І хто яго ведае: можа, яму атрымаецца ўціхамірыць яе вар’яцкую юрлівасць?!
Пад раніцу Майкл зразумеў, што калі ён тэрмінова не спыніцца — памрэ ад недахопу моцы.
Спыніўшы даўно бессэнсоўныя рухі, Майкл развязаў шалік на яе руках, абматаў ім шэсць разоў сваю худую шыю і як ёсць, голы і ў шаліку, адправіўся ў прыбіральню, па дарозе дастаўшы з торбы неабходную «кухню», каб зрабіць укол.
Праз пяць хвілінаў яго сэрца спынілася, ён так і не паспеў давесці ўвесь наркатычны састаў у вену, пакінуўшы ў шпрыцы апошні з дзесяці «кубікаў». На ўнітазе, голы, з пераматанай бірузовым шалікам шыяй і перацягнутай тым жа шалікам рукой, Майкл памёр, так і не паспеўшы скончыць свой эцюд пад назвай «Памяці Woodstock’69», які, магчыма, стаў бы шэдэўрам, калі б не…
Майя ягонае цела знойдзе праз трыццаць хвілін і доўга яшчэ будзе стаяць каля дзвярэй прыбіральні ды смяяцца, абкураная марыхуанай: настолькі пацешнай падасца ёй смерць на ўнітазе…
Хуткая, а потым паліцыя яшчэ доўга дапытваліся ў Майі, якое ў яго імя, але яна не паспела з ім пазнаёміцца, таму, пасля дастаўкі ў трупярню, цела мастака было накіраванае на судмедэкспертызу, а пасля на могілкі, і пахаванае як «Невядомы» побач з такімі ж безназоўнымі гаротнікамі.
Тонкі бірузовы шалік, даўжынёю пяць метраў, любоўна звязаны маці для сына-мастака, будзе тры гады вандраваць у Сан-Францыска па руках розных нацыянальнасцяў і колераў скуры ў пошуках новага гаспадара — і праз Чырвоны крыж знойдзе яго, гаспадара, у Менску, абматаўшыся аж дзесяць разоў тоўстай змяёй вакол старой шыі праваслаўнай бабулькі Агафіі.
Бірузовы шалік спыніўся на бабульцы і стаў саграваць яе доўгімі цёмнымі вечарамі, калі Агафія блукала ў пошуках пустых бутэлек па дварах, каб абмяняць іх у «Пункце прыёму шклотары» на грошы і купіць сабе хлеба, а мужу танны партвейн.
Муж, Парфір, як звычайна, як апошнія дзесяць гадоў, паралізаваны па пояс, і з-за гэтага прыкаваны да ложка, нязменна чакае кожны вечар сваю бабульку-жонку з бутэлькай, каб хуценька выпіць, пахарашэць ды заснуць ціхамірным немаўлём.
Парфір паралізаваны, калі можна так сказаць, «дзякуючы» галалёду і алкаголіку брамніку Васю, які своечасова не прачнуўся адной зімовай раніцай ды не пасыпаў соллю з пяском асфальт каля дома. І на ягоныя, Васевы, худыя плечы — судовай справай аб халатнасці — павіслі: Парфір, цяпер ужо інвалід, які зламаў пры падзенні пазваночнік, суседка Ганна з пераломамі абедзьвюх рук ды першакласнік Ягор з пабітым ілбом.
Бабулька Агафія ў свае шэсцьдзесят два з дзяцінства ні пра якіх бітнікаў, хіпі ды Францыскаў Асізскіх з нараджэння не чула. Вось толькі Joe Cocker, які выступаў яшчэ на Woodstock’69, быў ёй знаёмы і мілагучны вушам і сэрцу.
Слухала бабулька яго на касетным «магніта-электрафоне стэрэафанічным РАМАНТЫКА МЭ-222С». Магнітафон быў даўно набыты яе сынам і пакінуты ў цэнтры залы помнікам савецкаму «магнітафонабудаванню», а сам сын ужо дзесяць гадоў як у Маскве менеджэрам працуе, пакінуўшы пасля сябе толькі «Рамантыку» і касету Joe Cockerа.
Бабулька Агафія абмотвае тонкім бірузовым шалікам сваё худое цела і, адчуваючы лёгкі пах паленай марыхуаны ад ваўняных нітак, уладкоўваецца ля ног п’янага паралізаванага мужа, доўга глядзіць на сцяну з аблупленымі рудымі шпалерамі, заседжанымі мухамі. А з магнітафона працягла цягне Cocker: «You can leave your hat on…» — з лёгкім, шапатлівым касетным фонам. Шкада толькі, што бабульцы ніколі не зразумець сэнсу слоў, гэтага прыемнага голасу з сексуальнай мужчынскай хрыпатой.







.jpg)













Пакінуць новы каментар