/ Руал Дал (Roald Dahl): Генезіс і катастрофа: сапраўдная гісторыя

/ Руал Дал (Roald Dahl): Генезіс і катастрофа: сапраўдная гісторыя

— Усё прайшло нармальна, — сказаў лекар. — Проста адпачніце цяпер, паляжыце.

Ягоны голас гучаў нібыта з далечыні, і падавалася, што ён крычыць на яе.

— Сынок нарадзіўся.

— Што?

— У вас цудоўны сынок. Разумееце мяне? Сынок. Вы чулі, як ён плача?

— З ім усё добра, доктар?

— Усё з ім добра.

— Дайце мне зірнуць на яго, калі ласка.

— Вельмі хутка яго ўбачыце.

— З ім дакладна ўсё добра?

— Абсалютна дакладна.

— Ён яшчэ плача?

— Паспрабуйце адпачыць. Няма чаго хвалявацца.

— Чаму ён больш не плача, доктар? Што здарылася?

— Не стамляйце сябе, калі ласка. Усё так, як і мусіць быць.

— Я хачу яго бачыць. Майце літасць, дайце мне паглядзець на яго.

— Дарагая, — сказаў лекар, паляпваючы яе па руцэ, — у вас цудоўнае, моцнае, здаровае дзіця. Ці вы думаеце, я вас падманваю?

— Што тая фраў з ім робіць?

— З ім робяць звычайныя працэдуры перад тым, каб вам паказаць, — супакоіў доктар. — Яго проста памыюць, вось і ўсё. Гэта не зойме шмат часу.

— Вы даеце слова, што з ім усё добра?

— Даю. А цяпер кладзіцеся і адпачывайце. Ну, заплюшчвайце вочы, вось так. Вось і малайчына. Так ужо лепей. Харошая дзяўчынка…

— Я так шмат малілася, каб толькі ён жыў, доктар.

— Вядома, ён будзе жыць. Пра што вы кажаце?

— Іншыя не выжылі.

— Якія іншыя?

— Ніхто з маіх іншых дзяцей не выжыў, доктар.

Лекар стаяў каля ложка і глядзеў на бледны змучаны твар маладой жанчыны. Дагэтуль ён ніколі яе не бачыў. Яна і яе сужэнец былі новымі людзьмі ў горадзе. Жонка гаспадара гатэля, якая прыйшла дапамагчы з родамі, сказала, што муж гэтай кабеты ўладкаваўся працаваць на памежную мытню і што ў гатэль яны прыехалі нечакана, каля трох месяцаў таму. З сабой у іх былі толькі валіза і куфар. Муж паддае, казала жонка гаспадара гатэля, такі напышлівы і ўладалюбны п’янюжка. Але сама маладая жанчына — далікатная і набожная. Вельмі сумная, ніколі не ўсміхнецца. За некалькі тыдняў, якія яна правяла тут, жонка гаспадара гатэля ніколі не бачыла, каб тая ўсміхнулася. А яшчэ хадзілі плёткі, што ў ейнага мужа гэта ўжо трэці шлюб і што першая жонка памерла, а другая развялася з ім праз нейкую агідную гісторыю. Але гэта было няпэўна, проста так казалі.

Лекар нахіліўся і падцягнуў коўдру, каб яна зручней атуляла пацыентку.

— Нагоды хвалявацца няма, — сказаў ён мякка, — гэтае дзіця абсалютна нармальнае.

— Дакладна тое самае мне казалі і пра астатніх. Але я страціла іх усіх, доктар. За апошнія васямнаццаць месяцаў я страціла ўсіх трох маіх дзяцей, таму даруйце мне хваляванне.

— Траіх?

— Гэта маё чацвёртае… за чатыры гады.

Лекар ніякавата пераступіў з нагі на нагу, голыя дошкі падлогі рыпнулі.

— Думаю, вы не ўяўляеце, што гэта значыць, доктар, паступова губляць іх усіх, усіх трох, аднаго за адным. Я ўсё яшчэ бачу маіх дзетак. Магу бачыць твар Густава гэтак жа ясна, як бы ён ляжаў на ложку побач са мной. Густаў быў прыгожым хлопчыкам, доктар. Але ён заўсёды быў хворы. Жахліва, калі яны ўвесь час хварэюць, а ты нічога не можаш з гэтым зрабіць.

— Ведаю.

Жанчына расплюшчыла вочы, узіраючыся ў твар лекара, потым зноў іх заплюшчыла.

— А маю дачушку звалі Іда. Яна памерла за некалькі дзён да Раства. Толькі чатыры месяцы таму. Хацела б я, каб вы ўбачылі маю Іду, доктар.

— У вас нарадзілася новае дзіця.

— Але Іда была такой прыгожай.

— Так, — сказаў лекар, — я ведаю.

— Адкуль вы ведаеце? — заплакала жанчына.

— Упэўнены, што яна была прыгожым дзіцём. Але гэтае, новае, таксама прыгожае.

Лекар адвярнуўся ад ложка, падышоў да вакна і паглядзеў у двор. Стаяў шэры і вільготны красавіцкі дзень, бачна было, як буйныя кроплі плёскалі па чырвонай дахоўцы дамоў насупраць.

— Ідзе было два гады, доктар… і яна была такой красуняй, што я не магла адвесці ад яе вачэй, ад раніцы, калі апранала яе, да вечара, калі закалыхвала яе ў ложку. Увесь час я адчувала жуду ад таго, што з гэтым дзіцём можа штосьці здарыцца. Густаў памёр, і мой маленькі Ота памёр, і яна была ўсім, што ў мяне заставалася. Часам я ўзнімалася ўначы, на дыбачках кралася да калыскі, толькі дзеля таго, каб нахіліцца вухам да яе рота і паслухаць, ці яна дыхае.

— Паспрабуйце адпачыць, — сказаў доктар, вяртаючыся да ложка. — Калі ласка, паспрабуйце адпачыць.

Твар жанчыны быў белы і бяскроўны. Вакол рота і крылаў носа ляжаў блакітна-шэры цень, да ілба прыліплі вільготныя валасы.

— Калі яна памерла… Я зноў была цяжарная, калі гэта здарылася, доктар. Калі Іда памерла, ужо добрыя чатыры месяцы я насіла гэтае новае.

Не хачу яго! — закрычала я пасля пахавання. — Не буду яго нараджаць! Я дастаткова дзяцей пахавала!

А мой муж… ён тоўкся сярод гасцей з вялікім куфлем піва… хутка падскочыў і сказаў: «Клара, у мяне для цябе навіны, добрыя навіны». Вы можаце сабе гэта ўявіць, доктар? Мы толькі што пахавалі наша трэцяе дзіця, а ён стаіць з куфлем піва і кажа, што ў яго добрыя навіны. «Сёння мне далі перавод у Браўнаў, — ён так сказаў, — так што ты можаш пачынаць пакаваць рэчы. Для цябе, Клара, гэта будзе новы пачатак, — такія былі ягоныя словы. — На новым месцы ў цябе будзе новы лекар…»

— Калі ласка, не размаўляйце больш.

— Доктар, гэта вы той самы лекар?

— Гэта я.

— І вось мы цяпер у Браўнаў?

— Так і ёсць.

— Я баюся, доктар.

— Паспрабуйце не баяцца.

— Якія шанцы ў гэтага чацвёртага?

— Вам трэба перастаць думаць гэтак.

— Не магу. Я ведаю, што нешта спадчыннае забівае маіх дзяцей. Мусіць быць штосьці такое.

— Ды наўрад ці.

— Доктар, вы ведаеце, што сказаў мой муж, калі нарадзіўся Ота? Ён увайшоў у пакой, паглядзеў у калыску, дзе Ота ляжаў, і запытаўся: «Чаму ўсе мае дзеці павінны быць такімі дробнымі і слабымі?»

— Упэўнены, што было не зусім так.

— Ён засунуў галаву проста ў калыску Ота, нібыта даследаваў нязначную мошку, і сказаў: «Мяне здзіўляе толькі адно: чаму яны не могуць быць экзэмплярамі палепей? Толькі гэта й здзіўляе». А праз тры дні пасля гэтага Ота ўжо не было. Мы пахрысцілі яго хутка, на трэці дзень, і ўвечары таго ж дня ён памёр. Потым памёр Густаў. Затым Іда. Усе яны памерлі, доктар… У момант наш дом спусцеў…

— Толькі цяпер пра гэта не думайце.

— Гэтае таксама вельмі маленькае?

— Ды нармальнае дзіця.

— Але маленькае?

— Крыху драбнаватае, але ў маленькіх часта мацнейшая хватка, чым у вялікіх. Толькі ўявіце, фраў Гітлер, праз год, гэтай самай парою, ён ужо будзе станавіцца на ножкі. Ці не слаўная гэта думка?

Яна нічога не адказала на гэта.

— А праз два гады, магчыма, ён будзе балбатаць без упыну і даводзіць вас сваім лапаценнем. Вы яшчэ не вызначыліся з імем для яго?

— Імем?

— Ну, так.

— Не ведаю, я не ўпэўненая. Падаецца, муж казаў, што, калі будзе хлопчык, мы яго назавем Адольфусам.

— То бок яго будуць зваць Адольф?

— Мужу падабаецца імя Адольф, таму што яно крыху падобнае да імя Алаіз. Так завуць мужа.

— Ну і цудоўна.

— О не! — ускрыкнула яна, раптам падскочыўшы з падушкі. — Яны пыталіся тое самае, калі нарадзіўся Ота! Гэта значыць, што ён памрэ! Зараз жа рыхтуйце ўсё для хросту!

— Цішэй-цішэй, — сказаў лекар, далікатна беручы яе за плечы, — вы памыляецеся. Кажу вам, памыляецеся. Проста я не ў меру цікаўны стары, вось і ўсё. Люблю пагаварыць пра імёны. Мяркую, Адольфус — надзвычай удалае імя. Адно з маіх любімых. Дарэчы, зірніце, вось і ён.

Ідучы з асцярогай, высока трымаючы дзіця на неабнімных грудзях, жонка гаспадара гатэля наблізілася да ложка. «Вось ён, маленькі прыгажун! — праспявала яна з замілаваннем. — Не хочаце яго патрымаць, дарагая? Пакласці яго побач?»

— Яго добра загарнулі? — запытаўся доктар. — Дужа халодна тут.

— Вельмі добра загарнулі.

Дзіця было шчыльна спавіта ў белы ваўняны шаль. Адкрыты быў толькі ружовы тварык. Жонка гаспадара гатэля ціха паклала немаўля каля маці. «Вось, цяпер можаце ляжаць і глядзець на яго, колькі душа жадае».

— Думаю, ён вам спадабаецца, — сказаў лекар, усміхаючыся. — Цудоўнае немаўля.

— У яго неверагодна прыгожыя ручкі, — выгукнула жонка гаспадара гатэля, — такія доўгія далікатныя пальчыкі!

Маці не зварухнулася. Нават не павярнула галаву, каб паглядзець.

— Ну, зірніце ж! — падбадзёрыла жонка гаспадара гатэля. — Ён вас не ўкусіць!

— Баюся глядзець. Мне ўсё роўна, што ў мяне новае дзіця, і што з ім усё добра.

— Не дурыце.

Павольна маці павярнула галаву і паглядзела на малюсенькі надзвычай ціхамірны тварык таго, хто ляжаў на падушцы побач з ёй.

— Гэта мой сынок?

— Вядома.

— О… о… але ён прыгожы.

Лекар павярнуўся, перайшоў да стала і пачаў складаць свае рэчы ў валізу. Маці ляжала на ложку, разглядаючы дзіця і, усміхаючыся, пяшчотна кранала яго пальцамі, штосьці ціха казала яму.

— Прывітанне, Адольфус, — шаптала яна. — Прывітанне, мой маленькі Адольф.

— Ц-с-с-с! — засыкала жонка гаспадара гатэля. — Чуеце? Здаецца, ідзе ваш муж.

Лекар падышоў да дзвярэй. Адчыніў іх і зазірнуў у калідор.

— Гер Гітлер!

— Я.

— Калі ласка, заходзьце.

У пакой ціха ўвайшоў чалавек нізкага росту ў цёмна-зялёнай уніформе і агледзеўся.

— Прыміце мае віншаванні, — сказаў лекар. — У вас сын.

Спадар меў агромністыя вусы, старанна ўкладеныя на манер імпэратара Франца Ёзэфа. Ад яго моцна патыхала півам.

— Сын, кажаце?

— Сын.

— Як ён?

— Цудоўна. І вашая жонка таксама.

— Добра.

Спадар павярнуўся і, неяк дзіўнавата падскокваючы, наблізіўся да ложка, дзе ляжала ягоная жонка.

— Ну што, Клара, — сказаў ён, усміхаючыся ў вусы, — як справы?

Ён нахіліўся, каб паглядзець на немаўля. Потым нахіліўся яшчэ. Рэзкімі рухамі ён нахіляўся ніжэй і ніжэй, пакуль ягоны твар не апынуўся за трыццаць сантыметраў ад галавы дзіцяці. Жонка ляжала збоку на падушцы і гля­дзела на яго з маленнем у вачах.

— У яго найдізвосныя лёгкія, — заўважыла жонка гаспадара гатэля. — Чулі б вы, як ён загаласіў, ледзь з’явіўся на свет.

— Але, божа мой, Клара…

— Што, мілы?

— Гэты яшчэ драбнейшы за Ота!

Лекар зрабіў два хуткія крокі наперад.

— Дзіця абсалютна здаровае.

Павольна мужчына выпрастаўся, павярнуўся спінай да ложка і паглядзеў на лекара. На яго твары былі збянтэжанасць і боль.

— Не варта маніць, доктар. Я разумею, што гэта значыць. Усё будзе гэтак жа, як і мінулыя разы.

— Цяпер слухайце мяне… — сказаў лекар.

— Але ці ведаеце вы, што здарылася з іншымі?

— Забудзьце на тое, што здарылася з іншымі, гер Гітлер. Дайце шанец гэтаму.

— Але такі малы і слабы!

— Дарагі мой, ён толькі што нарадзіўся.

— Хай нават і так…

— Што вы спрабуеце зрабіць? — крыкнула жонка гаспадара гатэля. — Будзеце казаць так, пакуль і гэтага не зведзяце ў магілу?

— Досыць! — адрэзаў лекар.

Маці была ўжо ўся ў слязах, яе цела моцна торгалася ад усхліпаў.

Доктар наблізіўся да мужа кабеты, паклаў руку яму на плячо і вымавіў шэптам:

— Паберажыце яе, калі ласка, гэта вельмі важна.

Моцна паціснуўшы яго плячо, доктар пачаў цішком падштурхоўваць мужа да жонкі. Той вагаўся. Доктар сціснуў пальцы на ягоным плячы мацней, настойваючы. Урэшце, з вялікай неахвотай муж нахіліўся да жонкі і лёгка дакрануўся вуснамі да яе шчакі.

— Усё добра, Клара, — вымавіў ён. — Перастань плакаць.

— Я так шмат малілася, каб толькі ён жыў, Алаіз.

— Усё так.

— Некалькі месяцаў я штодня хадзіла ў царкву і на каленях вымольвала, каб гэтаму было дазволена жыць.

— Так, Клара, я ўсё гэта ведаю.

— Ты разумееш, што больш як трох памерлых дзяцей я не змагу вытрываць?

— Вядома.

— Ён павінен выжыць, Алаіз. Ён павінен, павінен… О божа, будзь літасцівы да яго…

Пераклад з ангельскай Алены Казловай.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Беларусы нагадалі пра "мірны атам" і палітвязняў

Краязнаўчы фестываль

 Беларускае Радыё Рацыя вярнулася ў літоўска-беларускі эфір

З 1 мая перадачы Радыё Рацыя можна пачуць на хвалях «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM), якое транслюецца з Вільні.

Наша праграма гучыць з 21.30 па 22.00 літоўскага і беларускага часу. У будзёны дзень у ёй можна пачуць апошнія навіны Беларусі, актуальныя матэрыялы нашых карэспандэнтаў, а таксама расповеды пісьменніка Уладзіміра Арлова пра гісторыю Беларусі у цыкле перадач «Адкуль наш род». У суботу акрамя навінаў гучаць актуальныя культурніцкія матэрыялы і перадача пра гісторыю Гародні «Імёны Гародні». У нядзелю можна пачуць перадачы пра мастацтва, музыку, інтэрнэт, кампутары.

Слухаце Беларускае Радыё Рацыя на літоўска-беларускім памежжы.

Нашы беларускамоўныя перадачы будуць гучаць у эфіры «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM) да 1жніўня.
 


 

ПАДРАБЯЗНЕЙ >>>


 

 ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
У межах выканання праекта “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці” ладзіць


Краязнаўчы фестываль

28 мая 2012 г.


Праграма фестывалю:


10.00 – 11.00   Рэгістрацыя ўдзельнікаў.
11.00 – 13.00 – дыскусійныя пляцоўкі па тэмах:
                1) Валанцёрскі рух на Беларусі: набыткі, поспехі, перспектывы.
                2) Ахова помнікаў як дзяржаўны клопат і як праява грамадзянскай пазіцыі.
                3) Перспектыўныя накірункі развіцця турызму ў Беларусі.

13.00 – 14.00 Абед

14.00 – 16.00 — Прэзентацыі, майстар-класы, кірмаш рамёстваў.
16.00 – 16.45 — Выступ этна-, фольк-выканаўцаў.
16.45 – 17.00 — Закрыццё фестывалю.


Мерапрыемства адбудзецца ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К.Маркса, 12, г. Мінск).


Запрашаем да ўдзелу!

Заяўку з указаннем формы ўдзелу (дыскусійная пляцоўка, або майстар-клас...) просім даслаць на эл. адрас siadziba@gmail.com з пазнакай – Фестываль.
Іншагароднім удзельнікам фестывалю гарантуецца аплата праезду і аплата выдаткаў на харчаванне.


Шаноўнае спадарства! Калі вы хочаце больш даведацца пра дзейнасць ТБМ, завітайце на наш партал: tbm-mova.by


 


ЯНЫ ВАС ЧАКАЮЦЬ!

Шэлі — ласкавая дзяўчынка з годным позіркам

 

Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, Шэлі захавала спакой і выхаванасць. Хоць выгляду Шэлі і грознага, але добра ставіцца да дзяцей. Ёй толькі тры гады, ростам каля 50 сантыметраў, тыгравай афарбоўкі. Рыхтуецца да стэрылізацыі.

 

Валанцёр прытулку «СуперПёс» гатова пазнаёміць вас з прыгажуняй Шэлі, тэлефануйце: 8-029-775 57 53 (Анастасія).

 


 

Шансі — ідэальная котка

 

Цяжка зразумець, як беспраблемную ва ўсіх адносінах котку вырашылі здаць у пункт адлову на Гурскага, 42. Але ж здалі… Зараз Шансі чакае свой другі шанец знайсці ўтульны дом і клапатлівых гаспадароў. Характар у яе проста анёльскі: даецца ціскацца, калі гуляецца — не драпаецца, дазваляе сябе вычэсваць. Ненавязлівая, ахайная, ходзіць у латочак.

 

Шансі 2,5 гады, стэрылізаваная, прышчэпленая ад шаленства. Мае шыкоўнае срэбна-шэрае футра з белай манішкай.

 

Шансі прынясе радасць у ваш дом! Тэлефануйце валанцёрцы прытулку «СуперКот» Кацярыне: 8-029-378 78 26.

 


 

Болей катоў і сабак — у каталогах на форуме прытулку “СуперКот” http://forum.superkot.com/