№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Радаводнае
Цяжка нават і сказаць, чаму так засцерагаецца наш сённяшні час свайго мінулага, старанна хаваецца за тое, чаго і не было: паданні, небылі і міфы. І няма нічога больш прыемнага, калі праз гэтыя напластаванні навастворанай сучаснай цаліны далучаешся да сапраўднасці. І гэта ў першую чаргу тычыцца працы Уладзіміра Лякіна.
Мы больш ведаем пра старажытных этрускаў, рымлянаў ды грэкаў — і трымаем у занядбанні кут сваёй зародкавасці. Адкуль мы пачаліся, дзе крыкнулі, піскнулі, убачылі родную зямлю і адчулі бязмежнасць свету. І гэта мо галоўнае, што можна сказаць пра творы палескага краязнаўца.
З пачуццём адкрыцця сябе і невядомага мне мацерыка — матчынай зямлі, зямлі сваіх бацькоў, дзе пачаўся і сам я, — чытаў гістарычны нарыс пра родны і назаўжды прырослы да мяне куточак мілага палескага краю — «Калинковичи на перекрестке дорог и эпох». Пясчынку сусвету, якую не здолеў ні страціць, ні пахаваць у курганах вякоў вецер забыцця. Уражаны неадрыўнасцю гэтай пясчынкі ад сваёй прарадзімы, яе далучанасцю і непарыўнай повяззю з гісторыяй сённяшняй Беларусі і колішняга Вялікага Княства Літоўскага.
Адно крыўдна, што такія кнігі ствараюцца сёння аматарамі без дзяржаўнай ці хаця б мясцовай гарадской падтрымкі, выдаюцца за ўласныя грошы заўзятараў і творцаў, у большасці пенсіянераў, на іх капейкі. Хаця ўсё павінна быць зусім інакш. Такія кнігі павінна мець кожная мясцовая бібліятэка, кожная школа і школьнік, каб хоць крыху ведаць свой радавод, сваіх папярэднікаў: Змушак, Цярашкоўцоў, Андрыеўскіх і іншых, каб не згубіліся імёны наступнікаў. Імёны тых, хто вызначае сёння лёс і твар старажытнага горада.
Віктар КАЗЬКО




















Пакінуць новы каментар