xxx

/ Ніл ГІЛЕВІЧ: Сілуэты

/ Ніл ГІЛЕВІЧ: Сілуэты

Сын партызанскай Бягомльшчыны

Так, ён сын партызанскай Бягомльшчыны, паэт Юрась Свірка. Сын партызанкі Беларусі.

Зямля была асколкамі паколата.
Вайна мне часта бачыцца і ў сне:
І тыфам, і блакадаю, і голадам
Яна страляла пяць гадоў па мне.


Нехта скажа: «Чаму пяць? Вайна цягнулася чатыры». З пажарамі, з крывавымі расправамі і штодзённым страхам смерці — чатыры. А колькі яна працягвалася голадам і смерцямі ад голаду?

Я добра помню прыход пакалення дзяцей вайны ў паэзію — той кагорты маладых, да якой належыць Юрась Свірка. Гэта была сярэдзіна 1950-х. Адразу — дружна, гуртом — прыходзяць, адзін за адным, Свірка, Зуёнак, Барадулін, Блатун, Бураўкін, Сіпакоў… Да таго фігуравалі імёны трохі старэйшых — тых, хто пачалі друкавацца ў канцы 1940-х: С. Гаўрусёў, П. Макаль, Ул.Нядзведскі, Е. Лось, М. Арочка, Г. Кляўко, А. Ставер, У. Ляпешкін і іншыя.

З таго часу прайшло ўжо трыццаць гадоў. Паэты і адной і другой кагорты — ужо даўно сталыя творцы, ужо адсвяткавалі ці збіраюцца святкаваць першы паважны юбілей.

Чым жыў і чым жыве сёння паэт Юрась Свірка? Што баліць яму — калі баліць? Чым заклапочаны-занепакоены?

Падрэзана штосьці жывое.
Заглыблена дзесьці не так.


Гэта ўжо сур’ёзна, гэта не павярхоўнае слізганне.

Ідуць гады, і позірк не прытупляецца, а наадварот, — вастрэе, і думка ўсё часцей пранікае да самага істотнага сёння:

Жывём пад атамным прыцэлам,
На грані выбуху жывём.


Сёння паэт мае права сказаць пра сябе:

Не тузаў я рыфмаю жылы,
Высвечваў душы глыбіню.


Ён гаворыць пра сёння — і глядзіць у будучыню.

Хачу прачнуцца праз сотні год:
Хачу я толькі на адно імгненне
Паслухаць, як жывеш ты,
мой народ.


Паэту так доўга ўнушалі: ты малады яшчэ, ты малады! Што ён амаль і змірыўся з гэтым. І аднак жа — сталасць ёсць сталасць. І вось — красамоўнае прызнанне:

Прыйшла пара, калі не хочацца
Усё, што бачыш, рыфмаваць.


Гэта не значыцца, што раней паэт рыфмаваў усё, што бачыў. Але рыфмавалася часам і неабавязковае. Нядаўна паэт апублікаваў выдатны верш «Словы»:

У нас сваіх хапае слоў –
Крамяных, росных, васільковах.
Ад мурагоў і ад лясоў,
Ад светлых высяў жаўруковых…


Юрасю Свірку хапае і слоў, і пачуццяў, і думак, хапае таленту, каб гаварыць з людзьмі на поўны голас, важка, шчыра.

1983

Пра Янку Сіпакова ў самым агульным плане

Янка Сіпакоў пачынаў як паэт і сцвердзіў сябе ў літаратуры перш за ўсё як паэт. І Дзяржаўную прэмію Беларусі 20 гадоў назад атрымаў за паэзію (кніга «Веча славянскіх балад»). Аднак жа сёння з няменшым правам, чым пра Сіпакова-паэта, мы можам гаварыць і пра Сіпакова-празаіка. Думаю, што яго талент у мастацкай прозе (кнігі «Крыло цішыні», «Усе мы з хат», «Пяць струн» і інш.) роўнавялікі і раўназначны таленту ў паэзіі. А гэта выпадак досыць рэдкі: звычайна ці адно ці другое — ці проза, ці паэзія — відавочна пераважае. Не хацеў бы бянтэжыць далікатную душу Івана Данілавіча, але асаблівасць моманту дазваляе мне зрабіць экскурс у айчынную і сусветную класіку і прыгадаць імёны вялікіх. Проза Аляксандра Пушкіна роўнагеніяльная ягонай паэзіі. Гэта ж самае можна сказаць пра паэзію і прозу Міхаіла Лермантава, Івана Буніна, Якуба Коласа, Івана Франка, Віктара Гюго, Івана Вазава. Увогуле, калі мець на ўвазе менавіта вялікіх, то іх у цэлым свеце не так і многа. Таленавітая проза Сіпакова не адмяніла і не замяніла яго паэзію, яна годна і ўпэўнена прайшла з паэзіяй поруч. Хоць, можа, у апошнія гады яго вершы мы чытаем радзей, чым апавяданні і эсэ.

Чым прываблівае, чым моцная і паэзія і проза Янкі Сіпакова? Што ў яго творчасці і ў яго мастакоўскім характары асабліва заслугоўвае на чытацкую ўвагу? Па-першае, яго давер і павага да жыцця. Адкуль гэта? Ну гэта ўжо, відаць, ад Бога, ад бацькоў. Жыццё ён паважае і любіць. І распараджаецца ім як пісьменнік вельмі сур’ёзна. Па-другое, давер і павага да самога сябе. Да свайго таленту і густу. А гэта само не прыходзіць. Гэта здабыта вялікім жыццёвым і творчым вопытам. Па-трэцяе, любоў да чалавека, да людзей, дабрыня.

Стрыжнем-апірышчам яго духоўнага свету з’яўляецца мараль працоўнага народа. Сіпакоў не абыходзіць у сваёй творчасці зла і не баіцца паказаць яго, але па-над ім абавязкова ўзвышаецца дабрыня і людскасць, чалавечнасць. Вера ў чалавека.

Здзіўляе працавітасць Янкі Сіпакова, яго клопат пра ўласнае майстэрства, яго нецярпімасць да неахайнасці ў абыходжанні са словамі, а гэта — найпершая адзнака майстра. Увогуле яго стаўленне да літаратуры не проста высакароднае, а я сказаў бы — рыцарскае. «Гэта ж паэзія! Гэта ж мастацтва! Тут абы-як няможна! Толькі старанна, шчыра і з вялікай адказнасцю!».

Паэт і празаік з вялікай чуйнасцю да сучаснасці, да клопатаў і праблемаў сённяшняга дня, Янка Сіпакоў вызначаецца і такой жа чуйнасцю да подыху часоў далёкіх, незвычайнай інтэлектуальнай цягай да падзей, сюжэтаў і асобаў гістарычных. Таму ў паэзіі ён — і лірык, і эпік. Яго гістарычныя балады — адметная з’ява ў сучаснай беларускай літаратуры, годны працяг таго, што зрабіў непараўнаны ў гэтым жанры Уладзімір Караткевіч.

А яшчэ адна творчая іпастась паэта Сіпакова — яго перастварэнні ў беларускай мове многіх вершаў і паэм як з класічнай, так і з сучаснай замежнай паэзіі (Ф. Прэшэры, У. Уітмэн, Хо Шы Мін і інш.). І тут — той жа высокі прафесіяналізм, тое ж майстэрства, што і ў яго арыгінальнай творчасці…

1996

Міхась Савіцкі

…У асобе Міхася Савіцкага мы бачым гранічную паяднанасць лёсу мастака і лёсу народа, бацькаўшчыны. Усё, што выпала на долю народа — ён спазнаў самай поўнай мерай; і яго пакуты, і яго цярпенне, і яго бяду-гора, але ж гэтаксама — і яго веліч, і яго гонар, і яго славу! Героі карцін Савіцкага — гэта сам народ, людзі з народа, прыгожыя, чыстыя, высакародныя людзі, у іх вобразах — нязломная вера мастака ў Чалавека. Мы ведаем, праз якія жахі, якія здзекі і прыніжэнні прайшоў аўтар гэтых карцін, і сёння мы бачым: чым страшнейшым было зверства нелюдзяў — тым мацней і вышэй была вера мастака ў Чалавека!

Значэнне і роля мастака ў грамадстве вызначаецца па тым, у якой меры сучаснікі адчуваюць яго прысутнасць у сваім духоўным жыцці і наколькі шырокае кола тых, на каго яго творчасць, яго жыццё, яго асоба ўплываюць і ўздзейнічаюць. Плён творчай працы Міхася Савіцкага даўно ўжо выйшаў сваім гучаннем за межы краіны. Савіцкі належыць да ліку тых, хто выводзіць імя народа і свайго краю ў вялікі свет, па кім нас пазнаюць, прымаюць і вітаюць усюды. Тут хацелася б падкрэсліць, што прысутнасць Міхася Савіцкага ў нашым мастацтве, яго творчы набытак, яго постаць, яго слова на палатне і слова вуснае — асабліва адчуваецца і ўспрымаецца дзеячамі літаратуры і мастацтва — успрымаецца як высокі прыклад служэння народу, як узор каласальнай, незвычайнай працавітасці і працаздольнасці, апантанасці ў творчасці, грама­дзянскай мужнасці, непахіснасці ў перакананнях і прынцыпах як узор процістаяння дробнай і нікчэмнай мітусні, пагоні за выгадамі ды іншай мішурою.

Міхась Савіцкі — адно з самых яркіх і прыгожых увасабленняў таленавітасці беларускага народа, шчодрасці зямлі, на якой ён нарадзіўся. У такога народа як наш — народа такога лёсу, такой гісторыі, такога таленту — павінны быць выдатныя і вялікія мастакі, дзеячы культуры. І яны ёсць. Іх не можа не быць...

1982

Слоўца пра Лучанка

Мы пачулі некалькі песень Ігара Лучанка. Усяго некалькі. А ўсіх іх у маэстры колькі? Не ведаю. Тых, што я люблю — дзесяткі. Ужо можна гаварыць пра эпоху Лучанка ў гісторыі песеннай культуры Беларусі. Наша сучаснае жыццё нельга ўявіць без яго песень. Можна гаварыць з пачуццём удзячнасці лёсу: калі нашу песню, а значыць нас, нашу зямлю ведаюць далёка ў свеце, то вельмі вялікая тут заслуга Ігара Лучанка. Вядома, узнік ён нам на радасць не на голым месцы. Яго настаўнікі: Нестар Сакалоўскі і Рыгор Пукст, Анатоль Багатыроў і Уладзімір Алоўнікаў. На карысць быў яму і вопыт старэйшых таварышаў, такіх, як Юрый Семяняка і Яўген Глебаў.

А найпершы настаўнік Ігара Міхайлавіча — беларуская народная песня, беларускі нацыянальны мелас. Была скрыпка бацькі Міхася Лукіча Лучанка — артыста знакамітага тэатра Галубка; так што — нічога выпадковага!

Як сапраўдны буйны талент Ігар Лучанок не мог не зразумець: толькі творчае далучэнне да вялікай паэзіі сваёй зямлі, да класікі найперш — забяспечыць яму жыватворную моц у працы.

Што тады несла яму не проста славу, а любоў народа?.. Што адкрыла ў ім як у творцы глыбіню?.. Што дапамагло яму сцвердзіць сябе як выдатнага беларускага кампазітара?.. Усведамленне, што па-за нацыянальным мастацтва няма і ні ў чым так, як у музыцы, нацыянальны дух не выяўляецца. Гэтым — вялікі нарвежац Грыг, і гэтым — вялікія Чайкоўскі, Глінка, Даргамыжскі, Барадзін і іншыя геніі Расіі.

Мілыя вобразы роднага краю!

Лёс зямлі і народа.

Злітнасць, знітаванасць з духоўнай спадчынай свайго народа, а праз гэта — і з самім лёсам народа.

Ці трэба дадаваць да сказанага, што Лучанок — палымяны інтэрнацыяналіст, узор сяброўства і творчага супрацоўніцтва з паэтамі братніх народаў, асабліва — з расійскімі? Гэта таксама даўно заўважана і ацэнена.

Гэтак жа, як і нястомная грамадская чыннасць кампазітара, у прыватнасці — яго незлічоныя сустрэчы з тымі, хто любіць песню. І яго даўняя і верная дружба з моладдзю.

Радасна бачыць, што ўслед за Лучанком ідзе слаўная кагорта кампазітараў: Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Уладзімір Буднік, Эдуард Зарыцкі, і яшчэ, і яшчэ, і яшчэ, а далей — і зусім маладыя…

Упэўнены, што яго досвед, яго творчы плён дапамогуць маладым акрыліцца і сказаць сваё слова, прабачце — прапець сваю песню… Гожа і годна.

1988

Светлай, паэтычнай душы беларус (згадка пра Міколу ПАШКЕВІЧА)

Помню Міколу Пашкевіча яшчэ з яго ўніверсітэцкіх гадоў, хоць маім студэнтам, у дакладным значэнні слова, ён не быў: калі ён паступіў на філфак БДУ (1958), я яшчэ займаўся ў аспірантуры і лекцый на беларускім аддзяленні не чытаў. Але гэтага вельмі сімпатычнага і вельмі ж беларускага па абліччы хлопца запрыкмеціў сярод студэнтаў. Ды ён і падкрэслена ветліва даваў мне заўсёды «Дзень добры!». А яшчэ я часта сустракаў яго ў кнігарнях Мінска — у кампаніі сяброў-аднакурснікаў В. Рагойшы і Л. Акаловіча. Яны былі як неразлучныя, і калі я заўважыў у кнігарні аднаго — ведаў, што дзесь тут і другі і трэці. Апантаныя кнігалюбы, яны дапамагалі арганізаваным чынам прапагандаваць беларускую літаратуру.

Пасля ўніверсітэта Пашкевіч паехаў у родныя Сваткі працаваць настаўнікам. Аднойчы ён запрасіў на сустрэчу ў школу названых ужо сваіх сяброў, а таксама Івана Навуменку і мяне. Сустрэча была добра ім падрыхтавана (уклаў душу!) і прайшла вельмі хораша, цёпла, на патрыятычным уздыме — так што і вучні і настаўнікі, ну і госці, засталіся задаволенымі.

Апрача ўсяго, гэтая паездка ў Сваткі запомнілася мне двума эпізодамі. Першае: убачыўшы, як я зацікаўлена разглядаю яго новую кніжную пакупку — зборнічак лірыкі расійскага паэта В. Фёдарава, Пашкевіч зразумеў, што ў мяне гэтай кніжыцы няма, і тут жа прапанаваў мне ўзяць яе на ўспамін аб сустрэчы. Няёмка было яго, вялікага аматара паэзіі, пазбаўляць такой уласнасці, і я стаў адмаўляцца, але бачу, што калі не вазьму — ён пакрыўдзіцца: так захацелася яму зрабіць мне гэты паэтычны падаруначак.

Другое, чым запомнілася мне тая паездка ў Сваткі — страшная прастуда, якую я адчуў назаўтра ж і якая не адпускала мяне амаль месяц. Была тады якраз пара майскіх «чаромхавых халадоў», і я не ўсцярогся. Доўга пасля жартаваў: ну буду гэтыя Сваткі помніць!

Яшчэ адна незабыўная сустрэча з Міколам Пашкевічам адбылася ў Мядзеле, якая прадоўжылася ў Міхася Лынькова на Нарачы. У Мядзел, у школу, нас — Васіля Быкава, Міколу Аўрамчыка і мяне — запрасіў мой былы аднакурснік па БДУ Кастусь Каратай. Упусціць такую магчымасць — паслухаць пісьменнікаў — Мікола Пашкевіч не мог, і прыязджаў са Сватак у Мядзел, і ў час сустрэчы ўсё запісваў і запісваў нешта ў свой нататнік. Даведаўшыся, што мы з Мядзела паедзем праведаць Міхася Лынькова на ягоным лецішчы на беразе Нарачы, Мікола страшэнна расхваляваўся: як бы гэта каб і яму апынуцца там, на сустрэчы з Лыньковым? Пачалі садзіцца ў машыну, а яна маленькая, чатырох на заднім сядзенні ніяк не памесцяцца, бо і траім цеснавата. Выгляд у Міколы быў проста няшчасны — так засмуціўся, што яму месца няма, у Лынькова разам з намі пабыць не зможа. І раптам усклікнуў: «Дазвольце, я тут прымашчуся, у вас за спінамі! Я скручуся і ўлягуся! Дазвольце! Вельмі прашу вас!..». Падумалі — жартуе? Не! Глядзіць такімі жаласнымі вачыма, што на жарт зусім не падобна. І Быкаў сказаў: «Ну, Мікола, такой любові да беларускай літаратуры я яшчэ не бачыў. Але ад міліцыі — калі затрымае — будзеш адкарасквацца сам. Мы скажам, што не бачылі, калі ты сюды забраўся». На шчасце, у нашай «калясцы» месца «за спінамі» было трохі больш прасторнае, чым звычайна ў легкавых аўто. Ну і міліцыя, дзякаваць Богу, не затрымала.

Так і даехалі да Міхася Лынькова, і добрую гадзіну са старым нарачанцам прагутарылі. Шчаслівейшым за ўсіх нас чуўся, канешне ж, Мікола. І, як і ў Мя­дзеле, таксама стараўся занатаваць гаворку са старэйшынам беларускай літаратуры.

А праз некалькі гадоў ад ягоных жа сяброў я даведаўся, што Міколы Пашкевіча не стала. Вестка адазвалася ў сэрцы болем: які прыгожы, чысты, добры чалавек адышоў ад нас назаўсёды! Светлай, паэтычнай душы беларус.

20.3.2004

Некалькі слоў  пра Генадзя Равінскага

З гэтым выдатным беларускім інтэлігентам — педагогам, асветнікам, краязнаўцам, гісторыкам, літаратарам — у мяне было сустрэчаў небагата, а размоў-гутарак і зусім мала. Часцей бачыліся — віталіся і тут жа развітваліся — у якой-небудзь шматлюднай мітусяніне, напрыклад — на з’ездах Таварыства беларускай мовы, дэлегатам якіх ён бываў, на святах паэзіі, на розных іншых літаратурных урачыстасцях… А пагутарыць больш-менш непаспешліва давялося толькі двойчы. На вялікі жаль. Кажу так, таму што гаварыць з ім, слухаць яго было вельмі цікава і, я сказаў бы, прыемна, на душы рабілася хораша, як ад сустрэчаў і размоў з блізкім табе па духу, па грамадскіх настроях і інтарэсах чалавекам. Зрэшты, так яно і было: менавіта такога чалавека распазнаў я ў асобе Генадзя Антонавіча Равінскага.

Помню нашу досыць працяглую размову ў Саюзе пісьменнікаў, дзе я тады працаваў першым сакратаром Праўлення. Было гэта, калі не памыляюся, на пачатку 1984-га, у юбілейны год В. Дуніна-Марцінкевіча, а можа, і раней, але гаварылі мы менавіта пра ўшанаванне памяці першага прафесійнага беларускага драматурга, «бацькі беларускага тэатра», пра адносіны ўладаў і грамадства да яго творчай спадчыны, пра захаванне ацалелых знакаў-слядоў яго жыцця, яго патрыятычных клопатаў аб Беларусі і беларускім народзе. Я слухаў расповеды госця, углядаўся ў мяккія, добрыя рысы яго аблічча, бачыў непрытворную далікатнасць яго манеры гава­рыць і ўвогуле трымацца — адзнакі шляхетнага выхавання, прыроднай інтэлігентнасці, не паказной культуры. А яшчэ бачыў яго грунтоўную дасведчанасць у пытаннях краязнаўства і гісторыі Валожыншчыны, і ва ўсім тым, што звязана з Люцінкай В. Дуніна-Марцінкевіча. А яшчэ — за далікатнасцю і мяккасцю манераў я адчуў з яго расповедаў характар зусім не хілы, не слабасільны. У тым, што датычыла прынцыповых праблемаў школьнай адукацыі, выхавання і, вядома ж, абароны гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі, ён ого як мог пастаяць за праўду і пазмагацца з бюракратызмам чыноўнікаў.

У другі раз мы паспелі трохі пагутарыць на котлішчы выдатнага драматурга ў Люцінцы, дзе Генадзь Антонавіч быў гаспадаром сітуацыі, ласкава расказваў і паказваў, дзе што на сялібе і ў наваколлі было, выяўляючы пры гэтым дасканалае веданне рэалій і такое захапленне, такую любоў да святога куточка беларускай зямлі, што менавіта ён і забяспечыў у той дзень маёй душы свята. Хоць ізноў жа, хачу падкрэсліць, нават у той атмасферы юбілейнай прыўзнёсласці ён не таіў ні болю, ні горычы, ні абурэння, калі пералічваў страты, якія несла культура ад неразумнай, неабачлівай гаспадарчай дзейнасці мясцовых улад. Вяртаўся я з той святочнай гасціны ў Люцінцы і сам сабе думаў: калі б ды ў кожным раёне Беларусі было хоць некалькі вось такіх апантаных энтузіястаў краязнаўства, такіх палымяных абаронцаў помнікаў і іншых каштоўнасцяў нацыянальнай гісторыі — наколькі б больш упэўнена і аптымістычна мы, беларусы, пачуваліся, наколькі б смялей заходзілі мы ў велічны храм культуры свету, і наколькі б урэшце лягчэй нам стала дыхаць!

Тым больш горка было аднойчы пачуць, што Генадзя Антонавіча не стала.

Колькі ён не паспеў зрабіць — з таго, чым жыў, пра што марыў і клапаціўся! Але ж і колькі ён зрабіў, здзейсніў, напрацаваў! Вось і яскравае сведчанне — падрыхтаваная сябрамі яго кніга. Значыць, плён яго самаахвярнай і таленавітай працы будзе і надалей служыць Бацькаўшчыне. І будзе высокім прыкладам для іншых, перш за ўсё — для моладзі, у думках і клопатах пра якую ён прайшоў свой нялёгкі жыццёвы шлях.

2004

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).