№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Ніл ГІЛЕВІЧ: Першае знаёмства з Прыпяцкім Палессем
На беларускім аддзяленні філфака БДУ (1951—1956) разам са мной вучыўся малады паэт Мікола Арочка. Пад канец 3-га курса мы зблізіліся, шмат гутарылі пра паэзію, пра сваё служэнне Беларусі. Аднойчы я прапанаваў яму пайсці на канікулах у падарожжа па Прыпяцкім Палессі, і ён ахвотна згадзіўся. Ні я, ні ён раней там ніколі не былі. Вырашылі, што пачнем з самай глыбінкі — з Ельскага раёну. Усе дні падарожжа я рабіў у нататніку запісы, якія прапанаваць у друк — з розных меркаванняў — не наважыўся,— ні тады, ні пазней. Тут яны публікуюцца ўпершыню (фрагменты).
Аўтар
З арганізацыйным пытаннем было пакончана. Чатырохразовы візіт у Саюз пісьменнікаў зрабіў, нарэшце, сваю справу: нам былі ўручаны камандзіровачныя пасведчанні і па 300 рублёў грошай — са сродкаў Камісіі па рабоце з маладымі. Аб усім клапаціўся Міхась Мікалаевіч Клімковіч. Калі мы ўпершыню звярнуліся да яго, нам стала зразумела, што поспех будзе, бо адмовіць нам у дапамозе (хаця мы грошай і не прасілі) у іх не хопіць смеласці (ва ўмовах, калі важнейшым лозунгам часу, з пункту гледжання мастацтва, ёсць лозунг «Дарогу маладым талентам!». Ну дык у дарогу!
План такі: да Мазыра — аўтобусамі ці чыгункай, а там — пабачым.
Каля 9-ці гадзін раніцы сышлі з цягніка ў Жлобіне. Вакзал невялічкі, але даволі камфортны, утульны, чысты. І нават баршчы на пероне пахнуць вельмі прыемна. Праўда, мы не аддалі ім чэсці і пайшлі шукаць аўтобус на… Мазыр! Спыталі аднаго тубыльца і пераканаліся, якія мы недарэкі. Дзядзька дзівіўся толькі ў адказ, а я зразумеў, што пытаць аўтобус са Жлобіна на Мазыр, гэта тое самае, што браць білет з Чыты на Слабаду (маю родную).
Праз паўгадзіны мы селі на прыгарадны «Жлобін—Шацілкі» і паехалі. У Шацілках былі а палове адзінаццатай; там за вакзальным будынкам, у цяньку кудлацістых явараў, была наша першая дарожная трапеза. Здуру знішчылі селядца, і потым ледзь не памёрлі ад прагі піць. На нейкім паўстанку я ледзь не астаўся з-за гэтага. Толькі зрабіў першы глыток,— поезд крануўся і пасунуўся. А вагон мой далекавата. І ніяк не магу адарвацца ад конаўкі. Бачу, як ідуць вагоны, і раблю яшчэ глыток, і яшчэ… Усяго чатыры глыткі. Потым страх, што застануся, узяў верх, я кінуўся да цягніка і ўскочыў на падножку апошняга вагона. Але зразумеў і адчуў, што значыць піць, калі цябе душыць смага. Тады вада даражэй за ўсё.
Да Калінкавіч (іх тамтэйшыя людзі завуць Каленкавічы) ехаў з намі адзін малодшы сержант — пакінуў непрыемнае ўражанне. Нейкую дзяўчоху ціскаў усю дарогу, не зважаючы на людзей. Ехаў да Астанкавіч інвалід Айчыннай вайны, з санаторыя, з Прыбалтыкі. Падвыпіў, адзін чацвяртушачку асушыў. У цудоўным настроі быў чалавек. Паказваў «платкі», якія вёз у падарунак жонцы і дзвюм дочкам, а таксама некалькі маткоў мулінэ. Яму ўжо 54 гады, а выглядзіць зусім молада, год на сорак.
У Калінкавічах застаў нас дождж, яшчэ ў цягніку, і мы доўга сядзелі ў вагоне, чакалі, пакуль дождж сціхне. Потым селі ў аўтобус і паехалі ў Мазыр. Кандуктар — дзядзька, без нагі, але з выгляду дужа здаровы мужчына. Даехалі да Прыпяці — і стоп машына: мост разведзены, бо ішоў параход нядаўна. А Мазыр — за ракой адразу ж. Чуем нешта пра лодкі. Аказваецца, будзем пераязджаць на лодках. Спускаемся к рацэ — бяжыць насустрач хлопец гадоў семнаццаці і голасна запрашае: «Дзядзькі, да мяне! Вунь мая крайняя!» — «А ты не выкуліш, часам?» — спрабую жартаваць.— «Ну, што вы! Да не!». Селі ў човен. А вада цёплая-цёплая, і пасля дажджу — мутная, зялёна-жоўтая. Хлопец гнаў човен з азартам, па-майстэрску, абмінуў сваіх канкурэнтаў і даставіў нас на другі бок. За шчыраванне атрымаў лішняга рубля.
У Мазыры зайшлі ў чайную паабедаць. На 8 сталоў — адна афіцыянтка, і тая нешта не ў ладах з буфетчыцай. А праз іх нелады — бяда кліентам. І мы праседзелі цэлую гадзіну. Катлеты з рук вон дрэнныя. Адзін хлеб.
Аўтобус на Ельск пайшоў у 4-ы гадзіны, мы спазніліся на яго. Рашылі пайсці пешшу, з надзеяй сесці на спадарожную. Пайшлі.
Мазыр — цікавы горад. Невялікі, але раскіданы, і прытым па такіх узгорках, што здаецца — гэта недзе на Каўказе. Вуліцы — у цяснінах, аўрагах, таму — абы прайшоў дождж — яны шумяць паводкай. Дужа многа зеляніны, і на вуліцах прысады, і каля дамоў і домікаў, і на схілах узгоркаў — кругом зелень. Студэнтам тут вельмі добра. Праўда, з хлебам цяпер — няпроста. Чэргі вялікія, цяжка дастаць.
Выйшлі за горад. Толькі ўзняліся на горку, як у твар дало знаёмым, родным, прыемным водарам збажыны. Да чаго мілы пах! Я некалькі разоў ажно ўзацяжку дыхнуў, на поўныя грудзі…
* * *
Крыху прайшоўшы, селі на спадарожную машыну. Каля Пянькоў заспеў нас дождж і суправаджаў аж да самага Ельска, кілометраў дваццаць. Плашчы прамоклі наскрозь. Але як добра, што мы ўзялі іх!
Спыніліся ля гарпасялковага савета, перачакалі ў Савеце дождж і накіраваліся ў рэдакцыю, у белы домік на рагу вуліц. «Калгаснае жыццё» — так называецца мясцовая раённая газета. Рэдактар Юнкер сустрэў нас прыветна. Невысокі ростам, гадоў сарака пяці, у зашчытнага колеру кіцелі і штанах.
— З чым пажалавалі? — і шчурыцца ў самай прыязнай усмешцы.
— Ды вось пацікавіцца, паглядзець, як вы тут, у Ельску, жывяце, працуеце, чым добрым можаце пахваліцца…
А камандзіровак не прад’яўляем. Юнкер заварушыўся, забегаў. Людзі з Мінска — не частыя госці тут. І прытым прыйшлі адразу ў рэдакцыю. Пачаў расказваць аб сабе, падкрэсліваючы, што ён тут не на месцы, што сам ён педагог, але выпадкова папаў у абласную газету палескую, а з абласной быў перакінуты сюды. А галоўнае — што іх усяго двое ў рэдакцыі — ні карэктара, ні машыністкі, што ўсю работу ён нясе на сваіх плячах і г. д. і г. д. Тут жа схапіў падшыўку, калі Мікола папрасіў яе, і сам стаў нам гартаць, паказваючы, тлумачачы асобныя нумары. Адным словам, ясна: ён быў службовец, і не ведаў, хто мы. Тады Мікола дастаў і прад’явіў яму пасведчанні. Юнкер яшчэ больш расшаркнуўся перад гасцямі і між іншым пахваліўся, што ў свой час ён таксама пісаў нарысы. Калі мы спыталі, куды ён раіць паехаць нам у маштабах раёна, ён назваў нам калгас імя Кірава. Аднак не мог узяць на сябе «адказнасці» за такую параду і два разы тактоўна, як толькі ўмеюць яўрэі, прапанаваў нам зайсці заўтра раніцой у райкам, паколькі зараз сакратары ў раз’ездзе і ў райкаме нікога няма, а сёння пайсці ў гасцініцу і адпачыць, пераначаваць (хаця была ўсяго гадзіна дня). Мікола «ірваўся ў бой адразу ж», але я парашыў, што ў райкам заявіцца сапраўды патрэбна, а адпачыць таксама не зашкодзіць. Калі мы заявілі аб згодзе, Юнкер зняў трубку і пазваніў у гасцініцу. Вось яго размова:
— Гасцініца? Здравствуйце! Гэта Юнкер вас беспакоіт. У вас места ёсць? Дык вот слушай. Січас да вас прыдут два пісателя, з Мінску прыехалі. Панімаешь? Найдзі ім комнату, каб больш нікога не было, каб яны маглі работаць. Панімаешь? Прымі как паложана, а то за паследсцвія на вас будзе атветсцвеннасць. Распішуць! — І кладучы трубку падарыў мне вельмі прыемную ўсмешку.
Я хацеў адказаць тым жа, але не атрымалася.
Пайшлі ў гасцініцу. Адпачынак быў самы прыемны. Умовы для «працы» нам стварылі сапраўды выдатныя: адзін грамадзянін быў пераселен з нашага пакою, каб не замінаў нам.
Назаўтра раніцой заявіліся ў райкам партыі. Сакратары — на Пленуме ЦК КП Беларусі. Прыняў нас Яцухна — агітпрап. Быў таксама інструктар абкама Калацей. Пазнаёміліся, пагутарылі. Праз гадзіны дзве, сказаў Яцухна, будзе машына з «Кірава», якая і давязе нас да месца. Яцухна ўжо доўгія гады працуе ў апаратах раённага маштабу і, відаць, «працаваць» навучыўся. Увесь дзень, калі мы чакалі машыну, ён праседзеў у райкаме без справы — то з намі гутарыў, то з кім іншым. У летні час, калі касавіца ідзе ў раёне слаба, а жніво — не за гарамі — такі стыль работы здзіўляе. Здаецца, гэта чалавек «ціхі», сядзіць,— пакуль сядзіцца, а потым дзе-небудзь зноў уб’ецца. З намі трымаўся проста. Расказваў усё, аж да анекдотаў. Калі верыць яму, чалавек ён сумленны, працуе па сіле магчымасці, не вылазячы са скуры. Калацей — хлопец, відаць, талковы, малады яшчэ, але ўжо паабабіты на партыйнай рабоце.
Нешта ў гадзін восем выехалі мы з Ельска, на грузавой машыне, на мяхах з камбікормам (жмыхі). Ехалі дзяўчаты з Дзямідоў — 6-ая брыгада калгаса Кірава, тыповыя паляшучкі,— смуглявыя, вясёлыя, трохі развязныя, і відаць, — працавітыя. Ехала і вучаніца 9-га класа (закончыла) з рускай Ельскай школы. Прыгожая дзяўчынка гадоў 17-ці, але беларускай літаратуры не ведае, а беларускай пазіі ў прыватнасці — ніяк, ні ў зуб нагой. Нават зморшчылася на «Новую зямлю». Дрэнна вучаць у Ельску, нацыянальнае пытанне кульгае…
Злезлі на калгасным двары, ля канторы. Насустрач выйшаў старшыня, знаны на ўсю рэспубліку Эбер Вульфавіч Рашал, швагер колішняга старшыні Савета Міністраў БССР Кляшчова. Пра старшыню «Кірава» многа расказаў нам яшчэ ў райкаме Яцухна, і многае з таго — праўда. Праўда, што гэта: «цёрты капач», цёрты і перацёрты. І праўда, што гэта дыктатар, нават у поўным сэнсе гэтага слова, і дужа арыгінальны тып. Баюся, што на яго не хопіць гэтага нататніка. Сустрэў нас проста, як даўно знаёмых, ніяк не выказваючыся, што да яго прыехалі людзі з Мінску (а не з Ельску). Такі прыём адразу мне спадабаўся, але пасля я зразумеў, што гэта ўсё тлумачыцца даволі проста, і каб нават з Масквы лаўрэаты прыехалі, ён прыняў бы таксама і большага ўражання яны б на яго не зрабілі.
Рашал — чалавек са складанай і заблытанай біяграфіяй, можна сказаць, чалавек больш мінулага, чым будучага, бо пражыў ён ужо багата і меў пасады ў вобласці, высокія пасады, потым пагарэў, быў біты, выключаны з партыі. Зараз ізноў прыняты…
Перад сном Рашал пачаставаў нас слоікам малака, якое мы з задавальненнем выпілі, і сырымі яйкамі. Ноч была амаль рахметаўская. Куды-небудзь на кватэру ісці было позна. Таму Рашал даў нам спінку ад свайго дывана. І мы леглі: да пояса — на спінцы дывана, астатняе — на ўслонах. Спалі да сямі раніцы.
У гадзін восем мы пайшлі з Рашалам у чайную. У Скародным ёсць такая, бо тут багата людзей — служачых. А потым старшыня павёў нас аглядаць ураджай першай брыгады, расказваючы па дарозе ізноў пра цяжкасці і аб сваім стылі работы. Ураджай, трэба сказаць, добры, а што датычыць бульбы — дык і вельмі добры…
Пасля агляду палёў у 1-ай брыгадзе, мы паехалі на старэнькім «вілюсе» ў другія брыгады: Рашал, Мікола, я і сакратар райкама па зоне Скараднянскай МТС Смяян (ён жа кіроўца)…
Заехалі на бульбяное поле ў брыгаду Рыгора Баранца (вёска Баранцы). Але ж і ўмее гэты Рашал гаварыць з людзьмі! Жанкам, якія палолі бульбу, ён так растлумачыў неабходнасць шчыра, сумленна працаваць на зямлі, рабіць хлеб, сабіраць кармы для жывёлы.
— Ты была ў Маскве? — пытае.
— Была.
— І на Чырвонай плошчы была?
— Была.
— Ну і што ты там бачыла, што там расце, жыта ці картофля?
— Нічога няма, каменне,— разгубілася крыху Ганна — маладая прыгожая паляшучка.
— Дык чаго ж ты чакаеш з Масквы хлеба?! — аж крыкнуў Рашал (але не злосна). — Досыць вазіць хлеб з Масквы! Хлеб на Палессі расце! Бабы — бяда будзе! Будзеце прадаваць каровы: сена не ўкрадзе ніхто ні грама. Касіць трэба! Працаваць трэба! 15% сена накошанага — ваша.
А пасля такой агітацыі — пажартуе, прыпомніць які смешны выпадак, за што-небудзь пажурыць кабету — і бывайце здаровы!..
Рашал нам расказаў, як ён на вялікдзень падвозіў старых баб у Ельск, у царкву (ці гэта было на вербніцу), і як бабы баяліся садзіцца, каб не зграшыць перад богам, калі ўбачылі, што начальнік у кабінцы «лаўрэй» (яўрэй). І як у раёне хацелі яму прышыць за гэта «палітыку», як саўдзельніку рэлігійнага дурману. А то расказаў, як ён дачуўся, што ў Скародным ёсць самагонны апарат, і калгаснікі гоняць гарэлку па чарзе: сёння я, заўтра ты і г. д. Выклікаў Рашал брыгадзіра Пастухова і даў ультыматум: «Зараз жа даставіць мне апарат, і на маіх вачах знішчыць!» Усміхнуўся вінавата брыгадзір ды і кажа: «А-яй-яй, шо-ж то будэ: ото-ж моя сённі очередь!..».
Палешукі ў сваёй масе — народ цікавы, самабытны; мужчыны — аброслыя, валасатыя, у белых кашулях і партках, але ўсе здаровыя, мядзведзеватыя. У падалах сарочак — пясок, жарства, для касы. Усе ў лапцях — у пасталах; лапці робяць там жа, на балоце, у час адпачынку. Дамоў з касьбы днём не ходзяць, бо далёка. Полудзень бяруць з сабою. Так горш, бо прыходзіцца касіць самай гарачынёй, а ранічкай, калі прахалода і раса вялікая — яны не косяць. Старыя жанкі ў вышываных сарочках, або каптанах. Можна шмат мудрасці пачуць тут. Адзін стары, у знак згоды са старшынёй, што трэба цяпер касіць ва ўсю, сказаў: «Канешне, цэлы дзень сядзець цяпер дома — мухі з’ядуць»…
Своеасаблівыя адносіны ў Рашала да кіно. Скажам, у маёй Слабадзе, што ні прывязуць — ставяць, хоць і зусім пустышку якую. А Рашал, калі кіно дрэнь — адпраўляе вон. Гоніць і ўсё тут. «Прывязуць якую-небудзь «Не бі ката мокрай анучай» і хочуць, каб я адрываў людзей па 2 гадзіны ад сну, пасля цяжкой працы. Вязіце добрую карціну, сам заплачу». Не любіць, як кіншчыкі хаўтураць. Аднойчы сам праверыў білеты, дык працэнтаў 70 аказалася без білетаў у зале. Праўда, клуба ў калгаса няма. Недаравальны недахоп. Столькі людзей, такі вялікі калгас — і без клуба. Вось і клопат аб культуры!..
Былі з Міколам у адной сям’і, у хатцы «на курыных ножках». 4х2м плошчы. Печ і тапчан. І ўсё. Падобнай беднасці я ў жыцці не бачыў. А шэсць душ сям’і. Рашал даў лесу на хату, і ўжо стаіць зруб, але да заканчэння яшчэ далёка. Дык клічуць на бюро райкама. Відаць, узгрэюць.
Нечаканае ўражанне: што вясковыя жанчыны вельмі сарамлівыя — усім вядома, але не ўсе ведаюць, што іх душы і сэрцы — паза пошласцю. На загад маці, у той убогай хатцы дзяўчына гадоў 20-ці з дзіўна-дзіцячай непасрэднасцю, бачачы ў нас з Міколам толькі начальнікаў, паказвала нам рубцы на руках, на нагах і на плячах, расхінуўшы кофтачку шырока. Яшчэ ад вайны сляды засталіся…
* * *
І так, мы зноў у Ельску. Доўга не затрымліваючыся, пайшлі пяшэчкам у новы шлях, у бок Нароўлі. Тут ужо уся дарога будзе пешшу, праз лясы, балоты, палеткі, ад вёскі да вёскі. Да вечара прайшлі вёрст 8, і начавалі ў пасёлку Ульянаўскім, у галоўнага бухгалтара калгаса імя Леніна Герасіменкі. Гэта крайні пункт Ельскага раёна ў бок Нароўлі. Далей ужо нараўлянская зямля. У вёсцы Ніжэбор’е (назва гучыць не па-беларуску) заходзілі ў хаты, каб паглядзець і пагаварыць з людзьмі. Ну і папалі ж у адну хату! Выйшаў з дужа цяжкім настроем. Бацька — сляпы, зусім, ужо гадоў 30, невылечна. Маці — 63 гады, хваравітая, на работу не ходзіць. Сын іх — 13 гадоў, інвалід, не ходзіць, не ўстае, нават сам не павернецца. Сядзіць увесь час на спецыяльна прыладжаным крэселцы. А з твару — прыгожы, аблічча — разумнае, мілавіднае. Непісьменны. Мы прасілі, каб вучылі яго дома, з кнігамі яму лягчэй будзе жыць. Уся абстаноўка напомніла мне мужыкоў Няхлюдаўскіх, або Рэшэтнікаўскіх падліпаўцаў. А між тым людзі прыветлівыя, уважлівыя; старая збегала і прынесла халоднай вады, расказалі аб жыцці, аб дочках (адна ў Мазыры, другая — у Ельску) і трымаюцца як аптымісты.
Пераспалі мы надта добра: на сене, пад цёплаю коўдраю.
Бухгалтар з жонкай надзвычай ветліва аднесліся да нас. Нейкую магічную сілу ўтрымлівае ў сабе слова «писатель», — канешне, для людзей простых, не шыбка адукаваных. У бухгалтара абажанне дайшло да таго, што ён з жонкай уступілі нам свой ложак, а самі сабіраліся ісці начаваць кудысьці. Дзівіліся, што мы адмовіліся і аддалі перавагу начлегу на вышках, на сене. Раніцой, пасля добрага снядання, Герасіменка правёў нас да лесу, і мы рушылі далей у самым цудоўным настроі…
Дарога ад Завойці да Нароўлі вельмі цікавая: тыповая палеская грэбля праз балоты — гразкая, топкая, тарфяная. Па баках — глыбокія канавы, у якіх бачылі дзікіх качанят і чарапах. Адна — вялікая, чорная, з шапку-цюбецейку — сядзела на калодзе і грэлася на сонцы, нязграбна абшчарэпіўшы калоду лапамі і гэтак жа нязграбна затым скулілася з калоды ў ваду. Дзіўнае стварэнне!
Абапал грэблі — лугі, са стажкамі і бусламі, і лясы. Потым грэбля перайшла ў лясную дарогу і доўгі час мы ішлі лесам — вельмі прыемна ісці сасновым лесам наадвячорку! Хутка прышыбавалі да Нароўлі. На першай жа вуліцы — бяда: лужына ад хаты да хаты праз усю вуліцу: разувацца трэба. Але знайшлі сцежку праз нейчы двор і агарод і выйшлі на другую вуліцу. Вось і цэнтр. Адсюль відна Прыпяць. Якая ж яна шырокая ў Нароўлі! З вялікімі пясчанымі астравамі і водмелямі — пясчанымі белымі косамі. З гадзіну пасядзелі на беразе, назіраючы за параходамі, баржамі, лодкамі і прыгожымі птушкамі — чайкамі. Іх тут дужа багата. Я ўпершыню бачыў іх.
…Раніцой аб’еліся ў рабочай сталоўцы (тры стравы і ўсе макаронныя) і выкаціліся на беразе Прыпяці. Спалі. І ў дзве гадзіны — ура! Упершыню ў жыцці я сеў на параход. Гэта быў параходзік, прыгарадны, Мазыр—Нароўля. Ехаць на параходзе добра, толькі надта ўжо павольна, «як у зачараваным сне».
Ранічкаю мы прыйшлі на Прыпяць, каб у 7.45 сесці на параход і — у Мазыр. Доўга чакалі бакеншчыка, хваляваліся. Нарэшце, за пару хвілін да парахода, ён перавёз нас на другі бок, ля якога спыняецца параход (правы бераг мелкі), і раптам — гвалт: параход мінуў стаянку і пайшоў на ўсіх парах у Мазыр. Паплявалі мы з Міколам, потым ускінулі ямчэй плашчы на плечы і рушылі паўз бераг, ля самай вады, на Мазыр. У адным месцы я перанёс Міколу на плячах праз прыток Прыпяці, бо ў яго былі забінтаваны ногі (мазалі балючыя нацёр, бядняга).
На беразе, на стаянцы, сядзелі чатыры цыганкі. Старая прыстала, каб пагадалі. От смалавітая! У маторку садзіліся разам, і ехалі разам. Цыганкі ўсю дарогу да Мазыра танцавалі і спявалі. Асабліва прыгожая была адна цыганачка гадоў чатырнаццаці (хаця ім цяжка вызначыць узрост). Яна так весела і прыгожа танцавала, прыпяваючы, і так смела, без сарамлівасці, паглядала на пасажыраў, што міжволі напомніла нешта тыповае, класічнае цыганскае: Кармэн ці Раду.
Пытаюся ў старой: «Як жывеце? Цяжка?» — «А чаго ж цяжка? Жыў-здароў і слава богу. Жывецца, пакуль здаровы…». Гэта было сказана з робленым аптымізмам, і таму цяжка было паверыць. Ды і высахлы, хваравітага колеру твар сведчыў аб нялёгкім жыцці і малой радасці.
— А дзяўчаты ў вас прыгожыя,— заўважыў Мікола.
— Якая там прыгажосць, -- цяжка ўздыхнула цыганка і ўставілася ў шырокую гладзь Прыпяці.
За праезд заплацілі яны ўдвая менш, прычым маладая цыганачка неяк дзіўна-разгублена глядзела на кандуктара…
У Мазыры ужо на адвячорку, селі на кіеўскі параход «Ул. Громова» і адчалілі ўверх — на Петрыкаў. На захадзе сонца і потым да змяркання стаялі з Міколам на тэрасе і глядзелі, любаваліся вечарам на Прыпяці. У адным месцы раку пераплывалі валы, і калгаснікі крычалі параходу, каб прыпыніўся і цішэй ішоў, пакуль валы адплывуцца.
Заснулі мы ў салоне 1-га класа, на мяккіх тапчанах, і… праспалі Петрыкаў. Я прахапіўся, калі параход быў ўжо кіламетры два за Петрыкавым. Разбудзіў Міколу. Пасмяяліся, пагаравалі. Нічога не зробіш… Да бліжэйшай стаянкі Снядзін — 15 км. У 3 гадзіны ночы былі ў Снядзіне, і да паловы 6-ай сядзелі, драмалі на парозе ў бакеншчыка. Потым пайшлі ў сяло, калі выганяў пастух кароў на пашу. Цётак пяць адмовіліся прадаць малака — няма, кажуць. Накіравалі да адной маладзіцы. Купілі літар малака.
— Гэта людзі гэткія… Думаеце, у іх няма малака? — прамовіла маладзіца.
— Хто іх ведае… вам лепш ведаць…
— А дзе вашы дзеці? — спытаў Мікола.
— А чорт іх! Одно було, дай тэ вмэрло…
У Петрыкаве пабылі да вечара, пасядзелі ў рэдакцыі, начаваць пайшлі ў Белку, але гэта прыгарад, не спадабалася нам там, і рашылі пераначаваць «дзе-небудзь». На высокім узроўні зрабілі гняздо з сена (сена ўкралі на лузе) і пераначавалі. От бо здаровы і прыемны сон у летнюю ноч у адкрытым полі!
Раніцой пайшлі ў Петрыкаў і адразу на базар, каб купіць сняданне. Але Петрыкаў — гэта галодны горад. Нічога не купілі і пайшлі ў чайную.
* * *
Учора ў рэдакцыі мы натуральна загаварылі пра славутага героя Грамадзянскай вайны дзеда Талаша. Дзе ж яшчэ ўспомніць і загаварыць пра яго, як не тут, на Петрыкаўшчыне. Шчыра кажучы, і галоўнай мэтай нашага пераезду з Нароўлі — праз Мазыр — у Петрыкаў было гэта — пабываць на радзіме дзеда Талаша, у яго Навасёлках. З першых школьных гадоў захопленыя вобразам гэтага легендарнага героя-партызана Грамадзянскай вайны, упусціць такую магчымасць мы не маглі. Аповесць Якуба Коласа «Дрыгва» вывучаецца і ў школах, і на філфаках ВНУ — дык гэта ж які мы будзем мець козыр у руках: сваімі вачыма пабачылі мясціны, дзе жыў і змагаўся Талаш: яго вёску, і яго хату, і ваколіцы… Адным словам, едзем у Навасёлкі, дзе, мабыць, і закончым сваю вандроўку па прыпяцкім Палессі.
Да хаты дзеда Талаша правяла нас аднабокай вуліцай маладая, інтэлігентнага выгляду, жанчына — відаць, настаўніца мясцовай школы.
— Вось гэта і ёсць яго хата,— сказала,— дзе ён жыў, якую, дарэчы, і пабудаваў пасля Грамадзянскай, калі быў старшынём нашага сельсавета…
— А жыве ў ёй цяпер хто? — удакладніў я, хоць і ведаў з друку, што сын — той самы «падлетак Панас», які неаднойчы згадваецца ў «Дрыгве» Коласа.
— Жыве сын, Дзмітрый Васільевіч Талаш.
Мы развіталіся з жанчынай і пайшлі ў двор — адкрыты, досыць прасторны і, здалося, не зусім дагледжаны. З хаты выскачылі тры дзяўчынкі — гадоў васьмі, дзесяці і трынаццаці. Не адна за адной выскачылі, а неяк усе тры адразу. Убачылі, што мы ідзем да дзвярэй, і юркнулі назад, у хату — гэтак жа ўсе трое разам. У першай палове хаты, наўзбоч ад печы, стаяў гаспадар — гадоў пяцідзесяці, досыць мажны з выгляду, сярэдняга росту мужчына, з густа зарослым чорнай шчэццю тварам. Даўшы «добры дзень», адразу ж патлумачылі, хто мы і чаго патурбавалі (прабачце, калі недарэчы, ведаем, што цяпер у вясковых людзей часу — хоць надтачы).
— Гэто праўда,— пагадзіўся гаспадар і запрасіў нас на другую палавіну. Услед за намі ўпырхнулі і ўсе тры яго дачушкі і селі радочкам на ўслоне — ад гасцей воддаль.
— А я якраз сабраўся пагаліцца, дык вы пытайце сабе, а я займуся гэтым дзелам…
А што пытаць? Што напісана ў «Дрыгве» — тое мы ведаем. А вось што было ў гэту вайну, пад немцамі? Ці чапляліся яны да Васіля Ісакавіча? Ці праўда, што адабралі ордэн Чырвонага Сцяга, якім ён быў узнагароджаны? Нам хацелася пачуць усё гэта на свае вушы ад роднага сына Талаша.
Гаспадар тым часам дастаў з прыскрынку брытву, зачапіў за жалезны крук у сцяне шырокі, з дабрэннай скуры, рамень і пачаў вастрыць на ім свой «золінген» (дакладна такі, як у майго бацькі, падораны яму пасля вайны адным з франтавікоў).
— Дык немцы, біягама, адразу ж прычапіліся да бацькі, забралі, біягама, у раён і — аддавай ордэн, а то, біягама, расстраляем…
— Тата! — узмалілася большая дзяўчынка, чырванеючы ад сораму перад мінскімі паэтамі за бацькава «стылістычнае ўпрыгожанне» мовы.
Але бацька, здаецца, не зразумеў, чаго яна яго перабівае, і вёў сваё далей.
— Ну, дык прыйшлося, біягама, аддаць той ордэн…
— Тата! — яшчэ мацней узмалілася дзяўчынка, і так балюча скрывіўся яе мілы тварык, што аж мне стала шкада яе.
— Што тата! Што! — злосна сувярнуўся на малую гаспадар. — Што я, няпраўду, біягама, кажу? Выдумляю? — і яшчэ больш размашыста стаў вадзіць лязом брытвы па рэмені.
Дзяўчынка ну проста сарвалася з услона і мігам знікла за дзвярыма.
Услед за большай, як і трэба было чакаць, тут жа «пырснулі» і абедзьве меншыя. Во якія дружныя сястрычкі!..
— А ордэн быў схаваны на гарышчы, пад кроквай, загорнуты ў чыстую анучку. Тут ужо, біягама, прыйшлося дастаць і аддаць гадам. А ў сорак трэцім бацька пайшоў у партызаны. А пасля самалётам яго пераправілі ў Маскву. Яму ж ужо амаль сто гадоў было…
Усё далейшае Талаш-сын расказваў па-пісанаму: па-газетнаму, нічога цікавага «свайго» ён ужо нам не ўзычыў.
Але наведаннем хаты дзеда Талаша мы засталіся вельмі задаволеныя. Апрача ўсяго і тым, што ўнучкі легендарнага партызана растуць з пачуццём чалавечай і жаночай годнасці.
1954, ліпень







.jpg)













Пакінуць новы каментар