xxx

/ Лявон БАРШЧЭЎСКІ: Паляванне на пісьменнікаў

/ Лявон БАРШЧЭЎСКІ: Паляванне на пісьменнікаў

15 верасня 1937 года «бацька народаў» Іосіф Джугашвілі-Сталін, «верны сталінец» Вячаслаў Скрабін-Молатаў і нехта начальнік 8-га аддзела Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі СССР, камісар дзяржаўнай бяспекі В.Цесарскі паставілі ўласнаручныя подпісы пад чарговым расстрэльным спісам з назвай «Спіс асобаў, якія падлягаюць суду ваеннай калегіі Вярхоўнага суда Саюза ССР» пад шапкай «Беларуская ССР».

Гэта быў рэальны чарговы дакумент таго страшнага часу — яго фотакопію, захаваную ў архіве прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, апублікаваў даследнік сталінскага тэрору, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Леанід Маракоў.

Характэрнасць  дакумента, аднак, заключаецца ў тым, што з 103-х пералічаных у ім чалавек, забойства якіх санкцыянавалася кіраўнікамі савецкай дзяржавы і ГБ, каля двух дзесяткаў былі вядомымі ў Беларусі паэтамі, празаікамі, перакладчыкамі, драматургамі, публіцыстамі. Усе яны належалі да створанага за тры гады да таго Саюза пісьменнікаў.

У спісе, надрукаваным звычайнай друкаванай машынкай, пад  нумарам 1 называўся паэт Анатоль Вольны (Ажгірэй), пад № 18 паэт, перакладчык «Жаніцьбы Фігара» Бамаршэ і Шылераўскага «Вільгельма Тэля» Алесь Дудар (Дайлідовіч), пад № 34 — паэт з Віцебшчыны Тодар Кляшторны, пад № 36 — адзін з лепшых беларускіх даваенных празаікаў, таксама народжаны на Віцебшчыне, Міхась Зарэцкі (Касянкоў), пад № 38 — паэт, драматург, шматгадовы камсамольскі і партыйны функцыянер Міхась Чарот (Кудзелька), пад № 64 — празаік, а таксама эканаміст (былы намеснік старшыні Дзяржплана БССР) Янка Нёманскі (Пятровіч), пад № 87 — мабыць, самы адораны беларускі паэт малодшага пакалення (яму ў той час было 26 гадоў, і ўжо чатыры з іх паспеў правесці ў турмах і высылцы) Юлій Таўбін...

Залішне казаць, што ў той самы час былі арыштаваныя і вывезеныя ў Казахстан, на Поўнач або ў Сібір сем’і (жонкі, дзеці, а часам — і бацькі) людзей, усё «злачынства» якіх заключалася ў тым, што Сталін некалі ўсталяваў для сваіх карных органаў план «прарэджвання» творчай інтэ­лігенцыі ў рэспубліках былога СССР. Адпаведныя дакументы ў апошнія гады таксама апублікаваныя. Залішне нагадваць аб тым, што для беларускіх пісьменнікаў быў складзены не адзін падобны спіс: у пачатку 1939 года жывымі і на волі ў БССР заставалася не на многа больш дзесятка паэтаў і празаікаў…

3 лютага 2010 года ў Мінску на пазачарговае пасяджэнне сабралася Рада таго самага Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) — Саюза Янкі Купалы, Якуба Коласа і тых пісьменнікаў, якіх расстралялі ў 1937-м.

СБП — грамадскае аб’яднанне, перарэгістраванае ва ўсталяваным парадку міністэрствам юстыцыі Беларусі. Галоўнае пытанне позвы дня пасяджэння Рады: як абараніць амаль сотню цяперашніх членаў пісьменніцкага Саюза, якія працуюць у залежных ад дзяржаўных структур установах: часцей за ўсё выкладчыкамі ўніверсітэтаў, школьнымі настаўнікамі, супрацоўнікамі газет і часопісаў, музейнымі работнікамі. Слава Богу, пакуль гэтыя асобы не патрапілі ў «расстрэльныя» спісы. Больш чым праз 60 гадоў пасля масавага фізічнага знішчэння беларускіх пісьменнікаў да падобнага, спа­дзяюся, справа не дойдзе.

Але… з прыходам новага 2010 года практычна з кожным з названых членаў СБП непасрэдныя начальнікі правялі гутаркі. Калі да 5 лютага адпаведны літаратар не выйдзе з Саюза беларускіх пісьменнікаў — страціць працу. Службовыя асобы недвухсэнсоўна намякалі, што падначаленых яны выклікаюць «на ковёр» не па сваёй ініцыятыве, а па распараджэнні аднекуль «з самога верху»…

Вось канкрэтная сітуацыя, якую я ведаю асабіста. Таленавітая паэтка Л.Р. жыве ў адным з невялікіх мястэчкаў пацярпелага ад Чарнобыля рэгіёна, працуе ў адзіным у мястэчку музеі і адна гадуе двух малалетніх дзяцей. Страта сённяшняга (хай і вельмі малааплочванага) месца працы паставіць сям’ю перад праблемай фізічнага выжывання, таму што ў мястэчку, як кажуць, «усе ўсіх ведаюць» і шанцаў уладкавацца нават прыбіральніцай у Л.Р. бу­дзе няшмат.

Кажуць, што за інструкцыяй аб пераследзе членаў СБП стаіць кіраўнік нядаўна створанага (у 2006 годзе) «альтэрнатыўнага» Саюза пісьменнікаў. Той самы, які не толькі даслужыўся да генерала міліцыі, але і ўславіўся цесным супрацоўніцтвам з уладнымі структурамі. Дык вось, у яго Саюз не ўступілі, застаўшыся ў старым, «купалаўскім» Саюзе: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Віктар Казько, Святлана Алексіевіч, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Арлоў, Васіль Сёмуха, Васіль Зуёнак; тыя, хто заўчасна, на жаль, сыйшоў у лепшы свет: Янка Брыль, Іван Навуменка, Валянцін Тарас, Ніна Мацяш. Ды і абсалютная большасць іншых, па сапраўднаму вядомых у нашай краіне літаратараў засталася вернымі традыцыям і годнасці членаў СБП.

Натуральна, генералы-чыноўнікі не павінны былі б забываць, што існуе Канстытуцыя: (артыкул 36: «Кожны мае права на свабоду аб’яднанняў...») і Закон «Аб грамадскіх аб’яднаннях» (артыкул 6: «Дзяржава гарантуе абарону правоў і законных інтарэсаў грамадскіх аб’яднанняў… Умяшанне дзяржаўных органаў і службовых асобаў у дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў… не дапускаецца…», артыкул 20: «Грамадскія аб’яднанні з дня іх дзяржаўнай рэгістрацыі маюць права: ажыццяўляць дзейнасць, накіраваную на дасягненне статутных мэтаў; бесперашкодна атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, якая тычыцца іх дзейнасці; карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масай інфармацыі; абараняць правы і законныя інтарэсы… сваіх членаў, падтрымліваць сувязі з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі...»).

Але ж «дзержимордовские» інстынкты не даюць ні жыць, ні спакойна спаць… Якая Канстытуцыя? Якія законы?! Ёсць жа Яго Вялікасць Тэлефоннае Права! І яшчэ — беспамылковае пачуццё ўласнай беспакаранасці…

Ветэран беларускага літаратурнага цэха, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1992 года, кавалер высокіх узнагародаў Латвіі і Нямеччыны Васіль Сёмуха — аўтар бліскучых перакладаў на беларускую Старога і Новага Запаветаў, гётаўскага «Фаўста», інтэлектуальнай паэзіі Райнера Марыі Рыльке, Аляксандра Чака, прозы Ганса Ґрымельсгаўзэна, Томаса Мана, Германа Гессэ, Фрыдрыха Ніцшэ, Вітольда Ґамбровіча. Ён распавёў мне наступную гісторыю.

Увесну мінулага года яму на хатні тэлефон патэлефанавала асоба, як яна паведаміла, «з сакратарыята Саюза пісьменнікаў» (таго, «генеральскага» — Л.Б.). Асоба выявіла выдатную дасведчанасць, нагадаўшы, што доўгія гады нявыдадзенымі застаюцца перакладзеныя Васілём Сёмухам раманы Патрыка Зюскінда, Фрыдрыха Дзюрэнмата, Штэфана Гайма, Густава Майрынка, іншыя творы сусветнай класікі. Дама падкрэсліла, што яе шэф гатовы дапамагчы пенсіянеру-літаратару не толькі ў выданні перакладаў, але і ў лепшым уладкаванні (скажу па-праўдзе, нешыкоўнага) цяперашняга побыту. Адзіная ўмова гэтага «шчасця» — выхад з СБП і ўступленне ў новы Саюз пісьменнікаў. Васіль Сёмуха заўважыў, што не бачыць неабходнасці бегаць з Саюза ў саюз, што наогул не членства ў тым альбо іншым саюзе вызначае каштоўнасць літаратара, а тым больш не членства ў саюзе, куды вабяць «пугай і пернікам»…

З абсалютным беззаконнем, калі яно пануе ў тваёй краіне, змірыцца цяжка… Калі ўлада імкнецца як мага балюча біць па годнасці нашай культуры і нацыі, чаго тады чакаць ад яе звычайнаму чалавеку? Як ка­жуць, «прыйдуць і за ім».
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).