№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Кастусь ТРАВЕНЬ: Жыццё паводле Брэга
Рана ці позна, хоча чалавек ці не хоча, а будзе вымушаны пачаць жыць паводле Брэга ці Мантыньяка, Нішы або Маі Гагулан. А гэта значыць, каб жыць далей і назіраць вір жыцця, ён, гэты чалавек, павінен перастаць есці.
Калі быць дакладным, то спачатку ён павінен кінуць паліць, затым перастаць піць гарэлку, каньяк, віскі, самагонку, «Санцадары» і процьму розных «Агдамаў» і партвейнаў. Вы помніце дзіўны партвейн пад назвай «Тры сямёркі»? Калі вы помніце гэны дзівосны напой, то можна смела зазначыць, што вашае жыццё, дружа, не прапала дарма. Колькі незвычайных імгненняў вы перажылі, спажываючы гэты чароўны нектар, колькі ўзнёслых мрояў, летуценняў пранеслася ў вашым уяўленні за гады вясны вашага жыцця.
Мой знаёмы лекар, да якога я звярнуўся, адчуўшы сябе кепска пасля бурліва пражытых гадоў, паслухаў стук майго сэрца, паглядзеў мутныя сікі, што я прынёс у слоічку з-пад маянэза, доўга ўглядаўся ў мой язык, мераў ціск, мацаў вантробы, кратаў чэлесы, глядзеў у розныя месцы, дзюркі, адтуліны і нарэшце зацвердзіў:
— Хочаш жыць, Мікола, — перастань жэрці.
Паколькі паводле ягоных меркаванняў раней я ўжо кінуў паліць, а затым перастаў і выпіваць, і пасля ўсяго гэтага ўсё яшчэ заставаўся жыць, то і гэтая незвычайная парада прымусіла мяне яго паслухацца.
— Месяц не еш, а праз месяц прыйдзеш да мяне, там пабачым, — прамовіў мой знаёмы кардыёлаг, уролаг, практолаг, нарколаг ды фельчар Лявон і, крутнуўшыся на крэсле-круцялі да кампутара, даў нырца ў віртуальную рэчаіснасць.
З наступнага дня я фактычна перастаў есці, бо тую траву, розныя напоі, гародніну і садавіну, арэхі і семкі сапраўдны мужчына ежай прызнаць не можа. Пасля першых дзён галадавання я адчуў лёгкае кружэнне ў рэчаіснасці. Асяроддзе пачало размывацца. Звыклая рэчаіснасць плыла ў маіх вачох лёгкім хісткім туманам. Розныя маленькія і вялікія думкі, і нават глабальныя стратэгічныя дзяржаўныя меркаванні і распрацоўкі, наконт якіх я нават хацеў па электроннай пошце звярнуцца да Ягонай Вялікасці пана Прэзідэнта, каб пасобіць яму ў кіраванні дзяржавай, — дык вось, гэныя думкі і меркаванні сплылі некуды ўбок і больш мяне не турбавалі.
Адзіная думка пра ежу цяпер сядзела ў маёй галаве, як жалезны трактар у дрыгве, і не было аніякай магчымасці ад яе выратавацца. Мары аб розных спажытых мной некалі стравах узнікалі ў маёй галаве штохвілінна. Я мроіў аб смажаным на патэльні скрылі мяса з сальцам, якое падсмажваецца з абодвух бакоў так, што паміж двума краямі застаецца тая дзівосная пекная шкварачка, якая так чароўна растае ў тваім роце, і аб цыбульцы, смажанай разам з скрылёчкамі мяска, і аб бульбачцы ў вялізным рондалі, і аб цэлым слупе пары, якая ўзносіцца да столі. А квашаная капустачка з журавінамі, і ўсё гэта пад чарачку жытнёвай… І размовы, дзіўныя мужчынскія размовы пра розныя гераічныя выпадкі, загадкавае і таемнае каханне, незвычайныя здарэнні, рэдкую ўдачу…
А вось калі яшчэ ўзяць злоўленых узімку шчупачкоў, ды лінёў, ды ёршыкаў, ды ўсё гэта ўмеючы згатаваць у кіпені ў вялікім металёвым рондалі, ды некалькі разоў закласці ў кіпень свежых шчупачкоў з лінямі, то выходзіць такая юха, такая юха, якую затым можна сёрбаць драўлянымі лыжкамі, а можна піць малянкоўскімі шкляначкамі, ды пад лусту смажанага мяска, ды пад жытнёвую… Ба-ба-ба… «Я люблю тебя, жизнь, и надеюсь, что это взаимно»…
Сучасная яда таксама мроілася ў мяне ўваччу…
У канцы тыдня, выпіўшы травянога напою і заеўшы жменяй семак, я рухаўся па абшарах існавання з вялікай цяжкасцю. Калі я праходзіў у двары каля кантэйнера са смеццем, мой абвостраны нюх сярод мноства смярдзючых пахаў вылушчваў дзівосны пах вэнджанай скумбрыі, падкісленага чорнага хлеба, непараўнальны да магутнага — аж валіў з ног — пах маянэза, грудзінкі, сыру і кілбасы. Гэтыя пахі прымусілі мяне насілу амаль на карачках адысці ад сметніцы на бяспечную адлегласць.
На сваіх родных, калег па працы, знаёмых і незнаёмых людзей, што ўвесь час жэрлі розныя смачныя стравы, я ўжо звыкла пачаў пазіраць, як на сваіх заклятых асабістых ворагаў. Гэта пачуццё неяк нечакана ўзнялося аднекуль знутры мяне і заняло трывалае месца ў маёй свядомасці. У канцы другога тыдня я ператварыўся ў дзвюхногага ваўка, небяспечнага для ўсіх, хто меў нейкае дачыненне да ежы. Хоць знаёмыя, сябры і блізкія ў адзін голас цвердзілі пра дзівоснае маладзенне майго аблічча, ніхто не ведаў, што пад гэтым абліччам гадуецца драпежнік.
Харчовыя крамы сталі для мяне тэрыторыямі, да якіх я не мог нават наблізіцца. Я ўбачыў раптам, што горад перанасычаны харчовымі прадпрыемствамі — крамамі, шапікамі, кавярнямі, дзе людзі толькі і рабілі, што куплялі, елі, жавалі, церабілі, жэрлі ежу. Горад быў перагружаны ежай і людзьмі, якія елі і елі. Разумовае жыццё займала мізэрныя прамежкі часу паміж ядой, гатаваннем страваў, транспарціроўкай харчоў, вырошчваннем усяго таго, з чаго гатавалася яда, — усіх гэтых емяў і емін. І яшчэ: рэчаіснасць была насычаная размовамі пра яду — хто, дзе, калі, учора ці сёння, у Менску ці ў Вільні, каго і што еў і есць.
На трэцім тыдні мая істота канчаткова пачала ператварацца ў сапраўднага дзвюхногага ваўка з усімі звычкамі і перакананнямі жыццёвай канцэпты гэтых істот. Я пачаў вучыцца хаваць сваё неўтаймаванае і палкае імкненне да мэты, навучыўся лагодна ўсміхацца, хаваць драпежны бляск вачэй, быць ветлівым. Усе людзі сталі ўсведамляцца мной як «яны», якія супрацьстаяць майму аўтаномнаму асабістаму «Я». Калі нехта пачынаў казаць пра духоўнае, узнёслае, я ўнутры сябе ўсміхаўся і не верыў ніводнаму слову суразмоўніка. Я разумеў, што гэта такі самы, але больш дасканалы і вытанчаны дзвюхногі ваўчыла.
За тыдзень да заканчэння тэрміну я зайшоў да знаёмага ўролага, практолага, нарколага, венеролага і акушэра Лявона. Проста так, бо ў ягоных парадах я ўжо не меў патрэбы.
— Прывітанне, Мікола, ты яшчэ не склеіў ласты? Не даў дуба? Малайчына! —закрычаў ён, моцна здзіўлены, убачыўшы мяне.
— Скажы ты, стары пярдун, — прамовіў я ў адказ, — навошта ты мяне пазбавіў ілюзій наконт чалавецтва? Знішчыў веру ў ідэалы, у асвету, адукацыю, прагрэс чалавецтва, у каханне, у сэнс існавання, у асваенне касмічнай прасторы?..
— Прыходзь праз тыдзень. Праз ты-дзе-нь! Цыкл яшчэ не скончаны, — Лявон ізноў крутнуўся на крэсле-круцялі і даў нырца ў віртуальную кампутарную рэчаіснасць.
Праз тыдзень я нарэшце закончыў цыкл і, саспеўшы, ужо не пайшоў да Лявона, бо ператварыўся ў дасканалага і вытанчанага хцівага дзвюхногага драпежніка. Ежа для мяне перастала быць асноўнай дамінантай жыцця і страціла нада мной уладу.
Цяпер звыклым дасведчаным позіркам я пазнаю страваманаў — іх, як заўсёды, большасць, і, як толькі мне патрэбна іхная прыхільнасць ці апекаванне, ці нейкая патрэбная мне пастанова, я не шкадую грошай, бо ведаю: яны ў палоне мамоны. І гэтага дастаткова для дасягнення любых маіх драпежных мэтаў.
Дарэчы, знаёмы інтэлектуал нядаўна вярнуўся са Штатаў, дзе праходзіў паскораныя курсы вывучэння асноў дэмакратыі, лібералізму і свабоды, — дык вось, ён умацаваў маё меркаванне. З разгубленым і збянтэжаным выглядам ён шчыра пацвердзіў маю тэзу тым чыннікам, што Штаты перапоўненыя таўстунамі. Народ там жарэ яшчэ больш, чым у нас. Вось вам і ўся іхная хвалёная свабода і дэмакратыя — і ўсё дзеля таго, каб як мага болей есці.
Быццам цвік, забіты ў скроню, апошнім часам адна думка турбуе мяне: пры гэткіх апетытах можна ж урэшце зжэрці ўсе планетарныя рэсурсы…







.jpg)













Пакінуць новы каментар