№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Дык ці быў помнік? (пра «Слова аб палку Ігаравым»)
Ужо больш як дзвесце гадоў разгадваюць загадку «Слова аб палку Ігаравым», спрачаюцца пра сапраўднасць гэтага твора, таямнічасць знаходкі помніка і «тэатральнасць» яго гібелі ў 1812 годзе.
У беларускіх энцыклапедыях, у тым ліку і ў 18-томавай (2002, т.15, с. 10), гаворыцца, што «Слова...» адкрыў «у пачатку 1790-х гадоў рускі гісторык А. Мусін-Пушкін у рукапісе 16 ст., які зберагаўся ў Яраслаўлі і загінуў у Маскве ў 1812 г.». У іншых жа крыніцах, таксама аўтарытэтных, сказана, што гэты спісак ХVІ ст. (рукапіс) знойдзены ў сярэдзіне 1790-х гадоў — і не ў Яраслаўлі, а ў Спаса-Яраслаўскім манастыры пад Масквой. А Мусін-Пушкін не проста «гісторык», а граф, стары кацярынінскі вяльможа, обер-пракурор Сінода (вышэйшага праваслаўнага органа рускай царквы).
Сам граф, як пісаў К.Ф. Калайдовіч у сваіх «Біяграфічных звестках аб А.І. Мусіне-Пушкіне», доўгі час не адказваў на яго просьбы паведаміць, калі і якім чынам было набыта «Слова...». Пазней усё ж паведаміў, што розныя рускія кнігі, і «Слова...» у іх ліку, купіў у архімандрыта Спаса-Яраслаўскага манастыра Іаіла. У «Запісках для біяграфіі» Мусін-Пушкін пісаў, што шмат другіх рэдкіх кніг, «знойдзеных у Польшчы, сярод якіх Літоўскі Статут, надрукаваны славянскімі літарамі ў Вільні ў 1586 годзе», падарыў яму «праасвяшчэнны Іоў Кацярынаслаўскі».
У ранейшых савецкіх падручніках па рускай літаратуры адназначна паведамлялася, што «Слова...» было адкрыта Мусіным-Пушкіным у 1795 годзе (а гэта, як вядома, дата трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай). Пра набыццё ў Вільні або Горадні старажытнага помніка, відаць, далажылі Кацярыне II, і, як паказана ва ўсіх крыніцах, у І795–І796 гг. для яе была зроблена рукапісная копія «Слова...». Цалкам мажліва, што да 1795 г. «Слова...» захоўвалася ў архіве ці манастыры Горадні-Гродна. Такое меркаванне выказваюць беларускія даследчыкі А. Кацерлі, С. Палуцкая, украінскі лінгвіст Е. Паўленка. Згаданы вышэй расійскі архівіст-гісторык К.Ф.Калайдовіч адзначаў, что набытае Мусіным-Пушкіным «Слова...» было «пісана ў ліст беларускім почыркам». А на думку Е. Паўленкі, аўтарам «Слова...» з’яўляецца гродзенскі князь Ізяслаў Васількавіч, які пасля паражэння («притрепанъ Литовскыми мечи») уцёк у Галіч да Яраслава Асмысла. Усе гэтыя імёны князёў, як і братоў Ізяслава — Брачаслава і Усевалада, — упамінаюцца ў «Слове...» Ёсць у «Слове...» і радкі пра Горадню: «Уныли голоси, пониче веселие, трубы трубят городеньскии».
Існуе нямала другіх пунктаў гледжання пра аўтарства гэтага твора. Адны прыпісваюць аўтарства баярыну Пятру Барыславічу, другія — ваяводзе князя Ігара — Рагуйлі, трэція — сыну Ігара ад першага шлюбу Валадзіміру, іншыя — непасрэднаму ўдзельніку адлюстраванага ў творы няўдалага Ігарава паходу супраць полаўцаў у 1185 годзе — Алексічу і г.д.
Украінскі гісторык і даследчык «Слова...» М. Брайчэўскі слушна адзначыў, што ананімнасць гэтага помніка — заканамерная з’ява. «Гэта адна з характэрных рысаў літаратурнага жыцця старажытнай Русі... У тыя часы ні адзін пісьменнік не ставіў свайго подпісу пад уласным творам».
У 1800 годзе Мусін-Пушкін сумесна з дырэктарам архіва Калегіі міністэрства замежных спраў і выдаўцом дакументаў Н. Банціш-Каменскім, а таксама яго памочнікам, гісторыкам-архівістам А. Маліноўскім падрыхтавалі рукапіс да выдання. Яны вызначылі, што гэты рукапіс (як ужо гаварылася, незразумела і таямніча набыты) — не арыгінал, а копія, спісак, зроблены ў XV або ХVІ ст. Кніга (46 старонак, наклад — 1200 асобнікаў) была выдадзена пад назвай «Ироическая пѣснь о походѣ на половцовъ удѣльнаго князя Новагорода-Северскаго Игоря Святославича, писанная старинным русскимъ языкомъ в исходѣ XII столетия с переложениемъ на употребляемое нынѣ нарѣчіе».
Лічыцца, што амаль увесь наклад кнігі загінуў у вялікім маскоўскім пажары 1812 года (што таксама ўяўляецца няясным). Прапаў і спісак, знойдзены Мусіным-Пушкіным, але захавалася зробленая для Кацярыны II копія (упершыню апублікаваная ў 1864 годзе).
Цёмная гісторыя знаходкі «Слова...» і знікнення ледзь не ўсяго накладу кнігі спараджала і спараджае недавер да аўтэнтычнасці гэтага твора. Яшчэ ў XIX ст. нявер’е ў старажытнасць помніка выказалі М. Качаноўскі, А. Сенкоўскі, М. Каткоў, Э. Балхавінаў, М. Надзеждзін і іншыя. Так, вядомы французскі славіст Андрэ Мазон у 1940 годзе апублікаваў працу, у якой даказваў, што «Слова...» — майстэрская падробка пад даўніну і створана ў канцы ХVIII ст. на ўзор «Задоншчыны» кімсьці з яго першых публікатараў.
На старонках аналітычнай газеты «Секретные исследования» (2009, № 4) у артыкуле А. Нарваткіна «Склока... о полку Игореве» падрабязна расказана, як у 1963–1964 гг. савецкі расійскі вучоны, доктар гістарычных навук А.А.Зімін у сваёй вялікай працы (яго кніга з 600 старонак была выдадзена толькі ў 2006 годзе — праз 26 гадоў пасля смерці аўтара), аспрэчваючы сапраўднасць «Слова...», аб’яўляе аўтарам падробкі таго самага Іаіля Быкоўскага (родам з Беларусі, вучыўся ў Кіеве), у якога Мусін-Пушкін нібыта набыў скандальны рукапіс. Праца А.А.Зіміна, надрукаваная на ратапрынце колькасцю ў 101 асобнік, з грыфам «для службовага карыстання», 4-6 мая 1964 года абмяркоўвалася ў Аддзяленні гісторыі АН СССР у Маскве. Паколькі версія сапраўднасці «Слова...» лічылася афіцыйнай і была ператворана ў Савецкім Саюзе ў ідэалагічную догму, у «свяшчэнную карову» агітпропа, абмеркаванне працы А.А.Зіміна закончылася тым, што неўзабаве навуковец быў выгнаны з Інстытута гісторыі Акадэміі Навук.
У 2003 г. амерыканскі даследчык Э. Кінан аўтарам падробленага «Слова...» назваў чэшскага вучонага Йосефа Даброўскага (І753–1829), які добра ведаў амаль усе славянскія мовы. У даследаванні Э. Кінана выказваецца думка, што імавернасць стварэння «Слова...» ў канцы ХVIII стагоддзя тлумачыцца самім часам — стагоддзем адкрыцця і распаўсюджання сярэдневяковых эпасаў як канцэптуальных фактараў у працэсе фарміравання нацый (прыгадаем, напрыклад, французскую «Песню аб Раландзе», нямецкую «Песню аб Нібелунгах», фінскую «Калевалу», грузінскага «Віцязя ў тыгравай шкуры»). Трэба было паказаць, што і славяне (у першую чаргу, канешне, Расія) маюць свой старажытны літаратурны помнік.
Разам з тым вельмі многія вучоныя (М. Максімовіч, М. Кастамараў, I. Франко, М. Грушэўскі, М. Палявой, М. Гудзій і інш.) лічылі «Слова...» не падробкай, а сапраўдным творам ХII ст. і абгрунтоўвалі яго ўкраінскае паходжанне. Да прыкладу, расійскі вучоны М. Гудзій апісаў стылістычнае і вобразнае падабенства «Слова...» з Галіцка-Валынскім летапісам; вядомы сучасны ўкраінскі філолаг П. Білавус дэталёва супастаўляе «Слова...» і Кіеўскі летапіс, знаходзіць досыць многа падобнага, адзначае адрозненні і робіць выснову: «Аўтар летапіснага аповеду — хранограф, пісар аднаго з князёў, аўтар «Слова пра паход Ігараў» — паэт, мысляр, мастак».
У Савецкім Саюзе панавала прыдуманая ў вялікадзяржаўных, шавіністычных мэтах яшчэ ў ХІХ ст. канцэпцыя трохмоўнай калыскі, «трох плямёнаў адзінага рускага народа: велікарусаў, маларосаў і беларусаў», канцэпцыя-трыяда: адна дзяржава (Кіеўская Русь, ці Старажытнаруская дзяржава) — адзін народ (старажытнарускі) — адна мова (старажытнаруская). Гэта канцэпцыя аб развіцці ўсходнеславянскіх моў з адной калыскі — старажытнарускай мовы — набыла ў рускім мовазнаўстве, як пісаў прафесар Л.М.Шакун, «усеагульнае прызнанне; у савецкія часы ёй быў нададзены статус афіцыйнай дактрыны, улады адгарадзілі яе ад усялякай крытыкі, бо яна як найлепей адпавядала іх імкненню сцвердзіць «адвечнае адзінства» ўсходніх славянаў, зліць «ізноў» іх мовы ў адзіную — рускую мову». Пра гэту канцэпцыю прафесар В.У. Мартынаў сказаў, што яна «не вытрымлівае ніякай крытыкі. Гэта была больш палітычная канцэпцыя, чым навуковая, і нам усім добра вядома, чаму яна была папулярная».
Дарэчы, пры савецкай уладзе не пераставала ўвасабляцца ў жыццё тая ж самая трыяда; толькі ў абноўленым выглядзе: адна дзяржава (СССР) — адзін народ (савецкі) — адна мова (руская). Крэмль строга выконваў наказ Леніна: «Размежаванне нацый у межах адной дзяржавы шкодна. Мы, марксісты, імкнёмся зблізіць і зліць іх. А паколькі зліццё народаў магчыма толькі пры асіміляцыі нярускіх народаў у рускім, значыць, менавіта ў гэтым і павінна заключацца нацыянальная палітыка бальшавікоў».
У Расіі і цяпер прытрымліваюцца той жа канцэпцыі, уведзенай у свядомасць вельмі многіх людзей. У расійскіх энцыклапедыях, кнігах, падручніках «Слова аб палку Ігаравым» — гэта «древнерусский памятник». А ў цяперашнім тэксце «Слова...», дзе раней неаднойчы было «за землю Руськую», папраўлена: «за землю Русскую»…
А.А.Залізняк, спрабуючы растлумачыць разнастайныя «цёмныя мясціны» «древнерусского памятника», у адных выпадках знаходзіць «правільную карціну хіба ў паўночна-заходняга перапісчыка ХV–ХVІ ст.» [нашы ліцвіна-беларускія землі ў XIX ст. называліся Паўночна-Заходнім краем], у другіх — адзначае «прадстаўленую ў «Слове...» арфаграфію паўднёваславянскага тыпу, характэрную для пісараў канца ХV — пачатку ХVІ ст.» (паўднёваславянскага — значыць, «украінскага»). Хоць тут і яўная нестыкоўка, але гэта факты, якія таксама гавораць пра многае: перапісчык, пісар — або ліцвін (беларус), або ўкраінец.
У сучаснай Украіне бясспрэчна называюць «Слова...» сваім, украінскім, напісаным тагачаснай, кніжнай, спецыфічна «літаратурнай» мовай. «Літературознавча енциклопедія» (Київ, 2007, т. 2, с.411) пачынае слоўнікавы артыкул пра «Слова...» так: «Слово о полку Ігоревім», або «Слово про Ігорів похід» — пам’ятка киеворуського письменства». У падручніку «Історія украïнськоï літератури XI–ХVIII ст.» (Київ: Академія, 2002, с. 154) «Слова...» называецца літаратурным феноменам, класічным творам, «золотою книгою українського письменного люду». У 1985 г. па рашэнні міжнароднай арганізацыі ЮНЕСКА адзначалася 800-годдзе «помніка стараўкраінскай літаратуры».
…У беларускім часопісе «Роднае слова» (2011, № 3, с. 22) гаварылася пра вялікія магчымасці сучасных інфармацыйных тэхналогій і было адзначана, што з дапамогай інфармацыйна-камп’ютарных методык атрымана «машыннае» пацвярджэнне старажытнасці «Слова аб палку Ігаравым» і яго «непадробнай метафізічнай глыбіні»…
Іван ЛЕПЕШАЎ




















Пакінуць новы каментар