№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Думаю, што я з каменя ці з жалеза… (лісты Ларысы Геніюш да Язэпа Найдзюка)
Гэтыя лісты захоўваюцца ў мастака Міколы Давідзюка ў Лодзі, ён атрымаў іх падчас апошняй сустрэчы з дзядзькам Язэпам недзе за месяц да смерці таго. Згодны на публікаванне іх.
Відавочна, перапіска пачалася ў 1979 годзе. Язэп Найдзюк у гэты час жыў пад прозвішчам Александровіч, але Л. Геніюш добра ведала, з кім перапісваецца (сумеснае падарожжа 1944 года згадваецца ў «Споведзі» паэтэсы)…
Валянціна ТРЫГУБОВІЧ
-------------------------------------------------------
Зэльва, 25/І. 79 г.
Паважаны і дарагі сябра Язэп!
Дзякуй Вам за ліста, за цёплыя, дарагія братнія словы спагады і разуменьня.
За вокнамі сеецца нейкі дробны, густы сьнег. Муж крыху заснуў. Выварваю шпрыцы для ўколаў, якія яму робяць штодзённа, і пішу Вам. Баюся нават парушыцца, каб яго не збудзіць. Стогне праз сон. Ноч была вельмі цяжкая, часам здавалася — апошняя… Страшна труднуе. Але ўсё ж папытаўся — каторага сяння? Гэта так чакае на сына, які вернецца толькі ў лютым… Вельмі злуецца на яго, але чакае нечаму хоць весткі ад іх. Сын абяцаў пісаць з дарогі. Не напісаў ні разу! А можа, проста не пусьцілі лістоў. Такое бывае. «Ласкавая» нявестка «далікатна» напісала, што Алесь не можа пісаць дзеду, бо мусіць вучыцца, а Міхась не любіць пісаць лістоў... Раней Міхась пісаў іх, а вось цяпер, перад сьмерцю калі дзед бедны чакае ад іх слоўца [Гаворка пра ўнукаў Л.Геніюш. — Рэд.]… Не, лепш не буду пісаць пра гэта. Алесь аднак напісаў пару слоў, нехта падсказаў яму відаць, бо ліст з русыцызмамі, але гэта нічога. Няхай Бог благаславіць яго, гэтага малога, сардэчнага хлопчыка. Міхась 10 дзён быў удома і не знайшоў хвілінкі напісаць дзеду. Тут усім камандуе жонка. Яна некалі жывучы ў нас сказала мужу — Вы некалі ракам будзеце паўзьці, каб я дала вам кусок хлеба на старасьць… Я кажу ёй: можа і будзем, не заракаемся, але да сына, не да цябе, а ў сына адзін бацька, а з жонкамі бывае розна. Тата табе столькі добрага зрабіў, кажу, і на працу ўладкаваў, а ты, пры сваім характары, нават вады не падала б яму, каб уміраў. «А вы на гэта не заслужылі! Трэба заслужыць на тое, каб вады падаць перад сьмерцю».
Калі я была ў іх у Польшчы, дык прабыванне маё там было пакутаю... Найбольшай ахвярнасьцю і дабрынёй мы яе не зьменілі. Яна з сяла побач. Яе бацька быў санітарам у ветэр[ынарным] пункце, вось яна і загадала, каб Міхась быў не лекарам, як бацька і дзед, а ветэрынарам. Якое грамадзянства мае Міхась, нават не ведаем, бо яна ўсё хацела, каб меў такое, як яна, бо ён тут радзіўся. Я лічыла сваім абавязкам напісаць Вам гэта, але гэта яшчэ кропля ў моры. Сын мае крыху сумлення, якое захавалася ў яго з дзяцінства, але яно толькі прачынаецца часам, іначай ён пад яе ўплывам. Я думаю, што Вы шмат разумееце. Здаецца, разумеюць ужо і хлопцы. Прытым яна баптыстка, і як гэта ўсё разам спалучыць — проста не разумею.
Тут Міхась пасябраваў з адной дзяўчынаю, але яна напала на яго пры нас і заявіла, што ён павінен жаніцца толькі з баптысткаю… Якая несуразнасьць… Сын ведаў аб цяжкім стане здароўя бацькі і мог пачакаць са сваім падарожжам, альбо не паехаць зусім! Не думайце, што сын шчодры. Ён нават лекаў не прывёз хвораму тату, а грошы прысланыя для нас сябрамі пакінуў сабе ўжо не першы раз. Гэтак было і з падаркам ад Вас. Яны яго «забыліся» спачатку, даслалі пасьля праз сваячку, якая сюды ехала. Але мы вельмі хацелі б, каб вы ў іх бывалі, каб навучылі, падсказалі, як жыць з людзьмі. Каб крыху стрымалі Юрку [сына. — Рэд.] ад чаркі. Яго распаілі. Тут шмат што можна сказаць, але Вы самыя ўмееце думаць. Сына да болі мне жаль, і гэта не адвага ў яго! Ён, бедны, трусьлівы ў сапраўднасьці. Гэта нейкая «бравада», але каму гэта патрэба? Пішу Вам, як роднаму, бо трэба людзей ратаваць. Аднойчы мне тут сказалі: «А сын ваш уже не человек, и вы не можете расчитывать на него». — А я кажу: «Сын мой вучыцца, і Бог яго не пакіне, і будзе ён чалавекам». Вось і трэба дапамагчы чалавеку быць чалавекам, і я Вас аб гэтым прашу! З нявесткаю гэта справа безнадзейная, паверце мне.
Вось так, дарагі сябра, выглядае рэчаіснасьць. А муж усё сьпіць. Можа, сон яго падкрэпіць. Заўтра ўжо 26/І. Сын ёсьць сын, і які б ён ні быў, для бацькі ён дарагі. Ніколі так не ўніжаў Юрка беднага бацьку, як апошні раз… Увайшоўшы ў хату, зразу абое заявілі, што каб не мы, дык яны паехалі б на Чорнае мора ў Румынію і г. д. Суседзі пыталіся, а што вы бацькам прывезьлі? — А ім нічога не трэба… Мог бацьку хоць сыропы ад кашлю прывезьці, хоць нешта ад сэрца… А бацька лічыць дні да лютага, бо тады вернецца сын, але Богу ведама толькі, ці дачакаецца… Лекары кажуць: можа пажыць яшчэ і да лета, а можа быць дрэнна і кожны дзень… Не адыходжу ад яго нават на хвілінку. Нельга. У больніцу не хоча, ды і я баюся больніцы. Удома лепей дагледжаны. Крыху перастаў стагнаць. Ногі не адыходзяць, яны як падушкі. Сэрца працуе дрэнна, а тут дарагі кожны дзень яго жыцьця. Маем усё неабходнае. Бога прашу, каб хоць да вясны… Як можаце думаць, дык мне тут адной будзе шмат горай, як яму, калі не дай Бог адыдзе.
Ваша Л [подпіс].
Зэльва, 24/ІУ, 79 г.
Шчыра паважаныя і дарагія!
Ласкава даруйце, што не прывітала Вас з Вялікоднымі Сьвятамі. Хварэла. Аб усім на сьвеце забылася. Хварэю яшчэ, але спадзеюся, што вясна хоць крыху паставіць мяне на ногі. У нядзелю была на магілцы са сваякамі с. п. Мужа. Было цяжка пакідаць так яго самога…Божа мой, як гэта ўсё цяжка… Пісаў Юра, што весь у даўгах, што цэны ў Вас на ўсё — шалёныя і г. д. Вельмі шкадую, што сяння ўжо дык нічым не магу яму дапамагчы. Бог ведае, дарагі Язэп, што лепей для гісторыі? Можа, яно лепш нікога ні аб чым не прасіць, тымболей, што здаецца, зноў будзе магчымасьць друкавацца. Лепш зарабіць гэткім шляхотным чынам. Была гутарка з в.[ельмі] адказнымі, разумнымі людзьмі. Яны запэўнілі мяне, што ўсё будзе добра. Забралі нат крыху вершаў з сабою. Аб гэтым маім заўтрашнім дні, дык Вы болей бядуеце за мяне. Я заўсёды моцна веру, што нейк яно будзе. Пакульшто хачу паправіць крыху здароўе. Самотнасьць і гора пакінула цяжкі сьлед.
Некалі ў час сустрэчы з Вамі ў мяне было в. мала грошай у кішэні, і я зусім праз іх забылася, бо ўвесь гэты час нейк усё абышлося без адной капейкі. Ці ж не дзіва? Так вось будзе нейк і цяпер. Было б здароўе. Зноў напомню Вам, што я беларуская баба… Паваліўся плот, узяла пілку-нажоўку, малаток, гвозьдзі — і слупок зьмяніла, і штыхецікі выраўняла, а то чужыя куры выдзярлі найлепшыя туліпаны. Увесь плот паправіць паможа мне муж маёй мілай Кумы, а то і сама.
Былі б толькі добрыя вершы, дык будзе і нейкі грош. Сумна толькі. Несказана сумна, але ўсё тут, што звязана з асобаю с. п. Мужа, міла мне, і, здаецца, мяне падтрымоўвае тут Яго няўлоўная прысутнасьць. Жаль, да Вас ніяк не магу прыехаць. Я ўжо напісала Вам, што зусім няма ў мяне грамадзянства. На такі пашпарт нікуды не пускаюць. Трэба моцна і высока прасіць. Ды пашто вам здаўся такі сумны, заплаканы госьць? Ачуняю крыху, дык, можа, убачымся...
Сяння крыху прапаліла дровамі. Цяпло ў маёй хаце. Чатыры пакоі і кухня. Адзін поўнасьцю завалены кніжкамі. Апальваю толькі два. Ашчаджаю дровы. Бог ведае, як доўга тут буду, а думаю ўжо, каб хапіла на зіму, якая яшчэ будзе. Так трэба ў нас. Да болі шкада мне сына. Не ведаю, ці я яго выратавала б, каб прыехала, ці ён мяне даканаў бы гэтай клятай чаркаю дарэшты. Хутчэй другое. Усе тут аж пішчаць, каб не ехала з хаты.
Пайшлі цяпер не тыя дзеці, якія некалі даглядалі сваіх бацькоў сумленна і з любоўю. Кожны мае сумныя ўспаміны аб дзецях як аб эгаістах ды грубіянах. І што сказаў бы мне мілы мой с. п. Яначка, калі б я тут пакінула яго аднаго? Справа не лёгкая. Пагляну яшчэ. Усё трэба абдумаць разумна, усебакова разгледзець. Хоць не бядуйце, што я тут галодная. Далёка — не! Апранутая добра таксама. Модна, прытым, бо ўсё добрае і якаснае ад маіх найдарожшых сяброў. Абутку хопіць таксама. Зімовы ўжо схавала. Думаю толькі пра помнік цяпер, але спадзяюся, што калі будуць вершы, дык будзе і помнік. А колькі мне тут жыць засталося? А вясна падступае. Моцна зазелянелі туліпаны, нарцызы. Ружы прымерзьлі. «Жонкіпе» прыхапіла таксама. Лісьцейка пажаўцела. Але галоўнае — бульба. Яна перазімавала нейк, хоць і крыху салодкая.
Жаль, што так Вы далёка ад нас. Хоць мне плот загарадзілі б. Усе беларусы крыху сталяры, заўсёды мы маем дачыненне з дрэвам. Тут мне зрабілі б усё, але надта не люблю паіць людзей за гэта. Без гарэлкі нават няма што думаць аб нейкай дапамозе…
Як праходзіць Ваша жыцьцё? Добра было б, каб пісалі. Маеце што сказаць. Хачу, каб Вы крыху «наглядалі» за нашым Юркам, каб радзілі яму, дапамагалі словам. Ён Вас вельмі шануе.
Некалі с. п. Муж мой так любіў бачыць надрукаваныя мае рэчы. Цяпер хто будзе цешыцца імі, для каго мне пісаць? Вось падумаю такое, і ападаюць мне рукі. Дарэчы, ці Вы атрымалі кніжкі? Яны высланыя Вам ужо даўно. Люблю высылаць Суродзічам нашыя кніжкі. Гэта мая слабасьць. Любіў гэта і дарагі мой с. п. Яначка. Шмат супольнага ў нас з ім было і засталося. Калі нешта будзе добрае, дык прышлю і Вам.
Жаль, што і Ваш сын выпівае. Гэта трагедыя. Я ніколі ў жыцьці сваяго с. п. Мужа п’яным не бачыла. Была сяння і яго супрацоўніца. Успамінала Яго як ідэал лекара, як прыклад другім… Жаль, калі такія людзі адыходзяць ад нас, але добра, што хоць памяць аб іх застаецца.
Пішэце мне. Вельмі дарагія мне лісты ад Вас, як успаміны супольнай дарогі праз Вільню.
Дзякуй Вам за ўсё, за ўсё. Перадайце сардэчныя прывітанні Вашай мілай жонцы.
Са шчырасьцю і вялікім даверам да Вас Л… Г[подпіс].
Зэльва, 5/VІІІ/ 79 г.
Дарагі Язэп!
Цешыць мяне, што Вы праехаліся па Беласточчыне, дыхнулі пахам сваей зямлі! Род наш паходзіць з Крынак, і шмат там у мяне сваякоў. Мой адзін сябра зьбіраў весткі пра маяго дзеда. Піша, што дзед мой меў 3 дзесяціны зямлі некалі і вазіў тавары жыдам у Крынках. Нешта падобнае было, але сумняваюся, што быў ён балаголам. Ведаю, што быў у іх участак зямлі на двох братоў. Дзед мой прадаў свой надзел, узяў пазычку ў Віленска-Тульскім банку і купіў Астапкаўшчыну каля Крынак. Прадаў лес купцам, і той маёнтак амаль акупіў. Купцы пазычалі яму любую суму на слова, без вексалёў. Пасьля паўстання 1863 г., калі царскі ўрад канфіскаваў землі ўдзельнікам паўстання, дык шмат хто купляў іх назад, але на імя маяго дзеда. Пасьля вайны, калі тыя паны прадавалі землю, дык заўсёды рабіў гэта мой дзед. Памятаю, Сегень даў яму ў падарак каня арабскага за фатыгу, але ў дзеда былі лепшыя коні, бо ён казаў заўсёды: людзі без сала, а коні без аўса ў мяне не жывуць… Не ведаў іншае мовы, акрамя роднай. Я моцна яго любіла.
Юра быў тут тыдзень. Было розна. Ціск мне быў падняўся да 195/115. Гэта дрэнна. Спалохаўся, пабег у аптэку, але піць не перастаў, на жаль. Пісаць праз усё гэта не хочацца… Ад’яжджаючы, дзень не піў і гутарыў цікава і нармальна. Былі два разы на могілках. Лекаў мне ніякіх не прывёз. Прывёз толькі чамадан рэчаў для сваей цёшчы, якія мне трэба было ёй адаслаць. Ужо атрымала. Мне пакінуў тое, што не прадаў. Так яно і ляжыць. Нічога тут не купіў і грошы павёз дамоў. Свой і мой чамадан бітком набіў рэчамі і прадуктамі з хаты. Пытаўся, праўда, ці можна ўзяць тое, ці гэта? Я была рада, што гэта будзе ім на карысьць. Новыя кашулі і свэтры, вярблюжая коўдра для Міхася, хатняя вэндліна і т. п. як звычайна, калі сын выяжджае з хаты. Дай Бог, каб магла яго так выпраўляць заўсёды. Аб грошах ніякое гутаркі не было. Злаваўся толькі, што мы не пакінулі яму багацьце. Казаў, што ён пакіне сваім сыном па мільёну. Дай Бог! Але лепш, каб пакінуў ім здаровыя нэрвы, добрае імя, любоў да працы і пашану ў людзей.
27/VІІ быў у мяне дзень нарадзінаў. Я забараніла людзям прыносіць падаркі, бо не магу рэвантавацца ім сяння. Пананосілі самыя цудоўныя ружы, цукеркі, парфумы. Адна маладая жанчына сьпякла цудоўны кошычак, поўны «баравічкоў». Паслала ўсяго і ўнукам. Гасьціны не рабіла. Крыху пілі гарбату, хто прыходзіў. Сын ляжаў праз увесь дзень п’яны. Добра, што не буяніў. На маё гора, у нас на вуліцы «бар» (культурная ўстанова…). Я думаю часамі, што я з каменя ці з жалеза…
Мая мілая Юзенька забылася сёлета мяне павіншаваць. Забыліся і ўсе мае іншыя далёкія сябры аб гэтым. А можа, проста лісты ад іх не дайшлі. А цяпер трымайцеся! Цалую Вашу жонку, мілую Люцынку, і Вас за харошы свэтар, які на мяне якраз. Толькі каб болей не рабілі сабе падобных выдаткаў!!! Свэтры маю, усё маю! Пакульшто неабходнае ў мяне ёсьць, а там пабачым. Хачу я, ці не хачу, выехаць мне з гэтуль немагчыма. Я змірылася з лёсам. Пакульшто. Гатуюся да зімы і прашу Бога, каб не хварэць…
Такога дажджу, як сяння, даўно не памятаю. Кветкі мае апусьцілі галоўкі. На гародах суцэльнае возера. Ярына сёлета вырасла на пядзю, а цяпер і «памалоціць» яе дажджом. Тут урад в. стараецца, каб перазімавала жывёла, а там, можа, і пойдуць уражайныя гады. А як у Вас? Як са здароўем? Часта думаю пра Вас, што столькі ў Вас талентаў, здольнасьцяў і энэргіі, якіх вы не змаглі аддаць таму, хто іх найболей патрабаваў ад Вас. А Люцынка Ваша задзіўляюча здольная! Дзякуй Богу за гэта. Ваша Л… Г[подпіс].
[На палях 1-й старонкі:] Ліст мой крыху сумбурны, але ломіць косьці ад такой пагоды і вінецца галава. Болей, каб ніякіх «свэтраў»!!! Калі лекаў не дастану, дык напішу Вам і папрашу.
Зэльва, 9/Х. 79 г.
Паважаны і дарагі Язэп!
Як жаль, што Вы так далёка і не можаце прыйсьці да мяне на абед, ці хоць на вячэру. Карміла б Вас бульбаю, напаіла б віном з яблыкаў, рознымі кампотамі. Знайшлася б і болей адпаведная чарка для Вас, хоць я то яе не п’ю. Гэта сапраўды жаль, бо мне і паразмаўляць няма з кім. З суседкамі харошымі і мілымі пра літаратуру не пагаворыш, яна ім «да лямпачкі». А вонку пад ногі сьцелецца лісьце. Раніцы з марозікам, дні поўныя, халоднага ўжо, сонца.
Я вельмі люблю дом. Клічуць мяне і ў Менск, і ў Вільню, а я стаю на сваім ганачку, дрэвы амаль засланяюць мяне ад вуліцы, і здаецца мне, што так мне найлепей.
Вельмі хачу каб Юрка пераслаў мне лекі ад рэўматызму. Напомніце, ласкава, яму аб гэтым і пастарайцеся, мілы Язэп, каб дайшлі яны да маіх рук. Зіма напярэдзі, і добра, калі ёсьць дровы на зіму, бульба ў склепе ды лекі ў запасе. Крыху звыклася з адзіноцтвам, і начамі ўжо меней баюся…
А ў нас усё яшчэ капаюць бульбу. Цяпер у калгасах. Зямелька сыпле яе сёлета асабліва шчодра. Капаюць яе ўсе арганізацыі пакрысе. Плацяць, безумоўна, за гэта. Як жаль, што Вы некалі не прыехалі з Байдатаў у Гудзевічы, калі гасьціла я ў Дзеда ці з «гіцлямі» — стрыечнымі братамі вудзіла рыбу ў вузенькай рэчцы на дзедавых лугах, альбо важна на Зельну йшла з усімі на фэст у старую цэрквачку. Дарэчы, там яшчэ тады была каралеўская грамата на бел[арускай] мове. Цяпер няма яе. Добра, што і так мы калісьці сустрэліся міла і хораша, як два верныя і непахісныя сябры. Успамін аб шляхотным застаўся на ўсё жыцьцё. Пішу цяпер у вашым свэтарочку, ён заўсёды нейк асабліва міла грэе мяне, можа таму, што сапраўды — сяброўскі. На жонку не гневайцеся за «качаванне», бо і гэта цікава. Не ўсе ж такія, як мы:
Народ аседлы мы,
не птушкі пералётныя,
і Бацькаўшчына нашая не стэп.
З зямелькі орнае, з сяўні і поту мы,
Так пакахаўшыя касу і серп.
…Мне, дык патрэба пакінуць след ад нашай зямлі і жыцьця і абычаяў яе, і таму я «ўрасла» ў сваю землю. Кожнаму свой шлях і свой лёс. Гэта нам толькі з вамі найпрыгажэй свеціць сонца, калі яно ўзыходзіць над Нёманам. Нешта ёсьць у гэтым, праўда?
Я хоць і забытая ўсімі, адна,
Дзён лучына маіх дагарае,
Усё ж мне хочацца выпляскаць душу
да дна,
Для цябе, Беларусь дарагая.
А дзённіка ніяк весьці не ўмею. Штучна выходзіць і нудна. Шчырасьць з агенчыкам прабіваецца толькі ў вершах. Я ўжо гэта прабавала. Яно цікава было б для другіх, гэта праўда.
А ў нас растуць харошыя людзі. Нейк суседскія хлопцы паехалі ровэрам мне па карасіну. Дала ім на кіно, але падшыванкі шапталіся нешта і «важна» вярнулі мне тыя капейкі, мовячы: «Не, не трэба, мы ніколі не возьмем ад Вас ніякіх грошай, бо 33 рб. і 75 кап. гэта мала, каб сяння пражыць»… Я ледзь не заплакала, што растуць нам сапраўдныя людзі. З’елі мы разом з імі нешта смашное, і так засталося.
На жаль, не ўсе дарослыя дадумаюцца да такога. Ёсьць розная моладзь, безумоўна, як і ўсюды, але каля мяне, нейк, такія. Толькі цяпер, на мінулым тыдні, заехаў да нас адзін з рэдактараў у Менску. Паважна і цікава пагутарылі. За 8 месяцаў ад сьмерці с. п. Мужа я з іх нікога не бачыла! Крыўдна крыху, бо былі сапраўды адчайныя хвіліны. Ужо ў нядзельку будзе 40 дзён ад сьмерці с. п. Генкі, таго нашага плямянніка. Нейк паклалі мы іх усіх у адзін рад. Меншы сын яго йдзе ўжо сёлета ў армію. Ужо абрылі галоўку, а старшы стаў добрым гаспадаром і пасьля працы ўсё нешто строіць, майструе, дарабляе да новае хаты. У нядзелю прыйшлі і яны на могілкі. Быў харошы, сонечны дзень, і з горкі відно было і Зэльву, і лясы навокал, і ціхія нейкія, старыя сёлы. Занесла я апошнія белыя астры на магілку. Цяпер ужо ўсе памерзлі. Помнік я схавала. Будзем яго ставіць, калі прывязуць агарожу. Колькі будзе каштаваць, не ведаю, бо дала яшчэ толькі задатак. Нарабілі памылкаў на бел. мове, і іх не сатрэш на камяні, але нічога тут не парадзіш. На помніку будзе харошы, высокі крыжык з Распяцьцем. Загародзім, безумоўна, месца і для мяне, каб было побач. Штодня прапальваю ў печцы, і з холаду бягуць да мяне суседкі грэцца, п’ем разам гарбату. Так вось і праходзяць маі дзянькі.
А цяпер прысяду за работу, каб хоць не горшая ад другіх выйшла кніжка. Але Вам я буду пісаць заўсёды. Цешуся, што цікава і весела Вам прайшло лета і што ля Вас ёсьць родныя, дарагія. Гэта, бадай, у жыцьці нашым самае галоўнае. Удома ў нас была вялікая сям’я і таму я так трагічна адчуваю сяння адзіноту.
Не парывайце, прашу Вас, кантакту з нашым сынам. Яму патрэбны нечый добры ўплыў. Я хацела б, каб ён заняўся зноў, хоць крыху, літаратураю. У яго гэта атрымоўваецца. Такая праца дык і развівае і ўшляхотнівае чалавека.
Занудзіла я Вас, дарагі Язэп, сваімі бабскімі клопатамі і справамі. Спадзяюся, даруеце мне! Бывайце, мой Дружа! Буду чакаць лістоў ад Вас.
Ваша заўсёды Ларыса Г(подпіс)
Зэльва, 12/VІІІ. 1980 г.
Шчыра паважаны і дарагі Язэп!
Колькі дзён, як у дарозе да Вас і «Полымя» і «Маладосць». Даруйце, што крыху затрымалася з лістом. Забегалася, стамілася. З нашых быў толькі Міхасёк, які хутка мусяў ад’ехаць. Сьпяшаўся. Здаецца мне, што было ў нас в. хораша. Перадусім многа кветак. Букеты пачалі прыносіць яшчэ задоўга да юбілею [На той час Ларысе Антонаўне споўнілася 70 гадоў. — Рэд.]. Прыехала многа харошых сяброў. Адзін пакой быў застаўляны сталамі. Па белых абрусах тканыя нашыя паяскі. Была чарка, было і да чаркі. Міхась казаў — каралеўская гасціна, але яна была толькі — беларускай. Жаль, не было дарагога маяго с. п. Гаспадара. Сябры перад застольлем адведалі і Яго. Хораша прамаўлялі. А як грымнулі — «Пад гоман вясёлы», дык спыніўся мне дых, бо гэтую песню праз усё жыццё пяяў с. п. Яначка. Хто не змог прыехаць, дык прыслалі падаркі і мілае віншаванне, размаляванае і напісанае ў стылі і спосабам скарынаўскіх друкаванняў. Кожны падарак — прадуманы харошы родны сувэнір ці нешта зробленае сваімі рукамі. З цеплынёю, з любоўю. Калі далі слова Міхасю, дык зумеліся, як талкова, як хораша выступаў Ён на роднай мове. Хлапец не п’е. Усім ён в. спадабаўся. Паэтку Ніну Мацяш унеслі на руках у хату. У яе хворыя ножкі. Маладзенькая яшчэ, в. прыгожая. Цудоўна пяе, дэклямуе. Сястра яе прывезла на сваёй «Волзе». Была і мілая Дануся Бічэль.
«Паэзія — гэта не задзіранне
і не на нэрвах веку ігранне —
а самазнішчэнне, самазгаранне.
Ларыса Антонаўна —
Вы як ранне»…
Чытала яна за сталом зваротку за звароткаю. Хораша, узварушліва ўсе прамаўлялі. Нехта вылез з аўтобуса, каб нарваць у полі букет васількоў… Высокія, чырвоныя гладыёлусы. Два букеты белых лільяў ля іх, а далей ружы, васількі, рамонкі і ўсяго, усяго. Толькі-што быў ліст ад Міхася. Богу дзякаваць заехаў шчасліва. Крыху тут закахаўся… І ў гэтай справе адносіцца з даверрам да бабусі… Залатое дзіця. Каля 15/VІІІ мае прыехаць сюды Юра.
Змушаная кончыць ліста! Усім сэрцам дзякуй Вам за добрыя словы. Вітайце сваю мілую жоначку. Ваша Л[подпіс].
[На палях 1-ай старонкі:] Госьці ішлі яшчэ праз цэлы тыдзень… Дзякуй ім, нашым добрым, простым людзям за тое, што ёсьць у іх сэрцы.
Зэльва, 18/ІІ. 1981 г.
Шчыра паважаны і дарагі Язэп!
Не ведаю як Вам дзякаваць за шчырасьць, за вестку пра маяго сына. З гэтага пачынаю. Бо гэта найболей баліць. Званіла ім. Вельмі дрэнна было чутно. Пачула толькі, што было тры нажавыя раны. Адна ў вісок. Бандыт на свабодзе, і ўсё гэта — сьмярдзіць… Прычыны напасьці не ведаю: наагул нічога не ведаю. Маю зноў клопаты са сваім сэрцам. Колькі ж можна? Язэпку, родны напішэце мне ўсё, што ведаеце ў гэтай справе, бо ніхто аб гэтым не напісаў ні мне, ні Міхасю. Усё гэта болей як непрыемна. Жудасна. Біце лекара нажом? Прытым пэдыятра? Цэліць у вісок? Гэта ж бандыцтва! Розна бывае і ў нас, і чалавек толькі ходзіць пад Богам. Трэба в. высокай культуры, каб чалавек перамог у сабе таго «д’ябла», злыя інстынкты ў ім, ужо зароджаныя. Некалі дапамагала з імі змагацца рэлігія. Людзі баяцца права, а вось усялякай несумленнасьці не баяцца, бо мала ў каго ёсьць той перажытак — сумленне. Сяння кожны можа на сябе зарабіць. Галодных і абсалютна бедных няма. А вось засталася лянота, зайздрасьць, распуста, прага мець, нічога не робячы. І рэзультаты. Зразумела гэта было пасьля вайны, калі паяўляецца рознае шумавінне. Сяння гэта — недаравальна! Думаю, бядую і вельмі шкадую, адзінотай і горам скарожаную некалі, душу сваяго Сына…
Язэпку, родны, Зямляча мой дарагі, яшчэ раз вам вялікае дзякуй за вестку. Пішыце мне. Няхай Бог гадуе Вашае мілае Дзецятко. Дочку ніколі не папракайце. Нічога нават не пытайцеся ў яе. Калі зможа, дык скажа сама.
Вашая Л[подпіс].
Зэльва, 28/І. 1983 г.
Шчыра паважаны і дарагі Язэп!
Вашыя святочныя віншаванні я атрымала. Дзякуй вялікае. На днях прыйшоў і Ваш ліст з 26 снежня... Рада, што прыйшоў, і я ведаю, што Вы здаровыя, што быў у вас унучак. Спадзяюся, што кніжку маю Вы атрымалі. Богу дзякую, што п. Чэсь перамог сваі хваробы. Жадаю яму здаровечка. А з Карнэлькі, дык проста гордасць і радасць для добрых бацькоў. Каляды прайшлі мне на вяселлі хрышчонага сына. Было яно багатым, гучным. Гасцей да 100 чалавек. Мне сэрца падтрымалі ўколамі, таму магла там вытрымаць да канца, каб урачыста падарыць маладых. Хаджу і цяпер кожны дзень на ўколы. Ціск упаў: 100 на 60. Аслабела зусім. Даведалася, што сын мой моцна п’е. Страшна перажываю, бо і сям’ю яго шкада і ўстыд перад людзьмі. П’яны ён як жывёліна, і мяне бярэ жах, што магу яго такім бачыць... У нас цяпер змагаюцца з падобнымі праявамі. Патрабуюць чэснасці і працы.
Юзенька прасіла ў мяне пяць кніжак. Трэба мне звярнуцца ў Мін. культуры БССР. Такі цяпер парадак. Можа, і дазволяць. Кніжкі для яе маю. Цешуся, што Вы не адзін. Разом і святкаваць радасна, слухаць сваі кружэлкі. Некалі і мне прыслаў мілы Данчык сваю кружэлку. Ці не выдаў ён чаго новага? Надта тут ім цікавяцца, а мне не даюць спакою.
У нас зіма не зіма. Мест снегу — дажджы. Надвор’е нездаровае, асабліва для маяго зацяжнога рэўматызму. Я ўжо думала, што не дам рады стаць на ногі, але сяння мне крыху лепей. Таму пішу. Сумую вельмі без сваіх унукаў, якія пішуць мне і якіх так хочацца бачыць. Малюся за ўсіх іх, каб хоць апамятаўся бедны сын. Алькагалізм лічу хваробаю, і вылячыцца з яе можна толькі сілаю свае волі.
Як развіваецца мілы Марцінка, ці добра гутарыць? Вітайце Юзеньку і ўсю іх дарагую сямейку. Пішэце мне. Буду старацца паправіцца крыху. Буду чакаць сваіх унукаў. Жадаю Вам усім усяго самага добрага, светлага.
Ваша Ларыса.
Друкуецца без скаротаў у правапісе арыгінала.







.jpg)













Пакінуць новы каментар