xxx

/ Дзмітры Плакс: «Рытм — аснова свету і літаратуры»

/ Дзмітры Плакс: «Рытм — аснова свету і літаратуры»

Летам адзначыў сваё 40-годдзе пісьменнік і мастак Дзмітры Плакс. Унікальны, нестандартны, вынаходца, здзіўляльны... Вельмі вялікая верагоднасць памыліцца, выбіраючы эпітэты да творчай дзейнасці Дзмітрыя. Нашая гутарка разгарнулася на прасторах родных Мінска і Пінска яшчэ год таму, доўжылася ў Стакгольме, а скончылася паміж Берлінам і Нью-Ёркам…

(фота  (с) Андранік Антанян)



Валерыя КУСТАВА: — Дзіма, табе споўнілася 40. А колькі гадоў тваёй душы?

Дзмітры ПЛАКС: — Не маю ўяўлення. Душа ж не мая ўласнасць.

— Ты і пішаш на трох мовах. Як адбываецца выбар, на якой мове будзе той ці іншы твор?


— Тут ёсць розныя аспекты. Калі, скажам, я пішу з нейкай «мэтай» — прыкладам, выдаць кніжку, ці мо на чыюсьці замову — дык тут, вядома, мова вызначаецца менавіта гэтай самай мэтай. Калі я проста нешта шукаю, ці спрабую нешта дэфінаваць для сябе самога, дык мова сама неяк прыходзіць, у залежнасці ад кірунку пошукаў. Але, з другога боку, бывае і так, што я пішу нейкія кавалкі на адной мове, потым на другой, а потым і на трэцяй. Пра гэта, часткова, мой праект «Дзённік Сая Туомблі», які, спадзяюся, неўзабаве выйдзе і ў беларускім варыянце. Увогуле, мова — гэта, вядома, інструмент, але і мэта таксама. Чыста інструментальны падыход у мяне толькі да чацьвёртай мовы, якой я карыстаюся ў штодзённасці — ангельскай. Па-ангельску я пішу выключна артыкулы, лісты, выступы, калі патрэбна... Хаця пару разоў нешта спрабаваў рабіць і для самой мовы. Мовы як мэты... Але ўзаемаадносіны аўтара і мовы — гэта тэма складаная і вялікая. Некалі мне здавалася, што гэта я фармую сваю мову. Цяпер я амаль упэўнены, што гэта мова фармуе мяне...

— Хто ёсць тваёй чытацкай аўдыторыяй? Як мяркуеш, ці ёсць яна ўвогуле?


— Не ведаю. Думаю, што калі і ёсць, то складаецца яна амаль выключна з прафесіяналаў — мастакоў, пісьменнікаў, крытыкаў — тых, каго так ці інакш хвалююць тэарэтычныя пытанні таго, чым яны займаюцца, і каму патрэбныя прыклады, каб пацвердзіць ці наадварот аспрэчыць уласныя здагадкі.

— Як паўстала твая першая беларускамоўная кніга?

— Выпадкова. Тэксты з цыклу, частка якога ўвайшла ў кніжку, я паказаў галоўнаму рэдактару часопіса «Дзеяслоў» Барысу Пятровічу. Яны яму спадабаліся, ён надрукаваў невялічкую падборку, але гаворкі пра кніжку ад пачатку не было. Кніжка неяк «вырасла» з далейшых тэарэтычных размоў і не толькі з Барысам, але і з іншымі людзьмі, меркаванне якіх мне не абыякавае. Мне хацелася нейкім чынам праілюстраваць свае пастулаты, давесці пэўныя высновы, да якіх я прыйшоў у часе шматгадовай працы. І атрымалася тое, што атрымалася, падкрэслю яшчэ раз — у выніку размоў, калектыўнай працы, у якой вялікую ролю адыграў дызайнер кніжкі Ігар «Міцёк» Корзун. Ён вельмі дакладна зразумеў і перадаў тое, што мне важна было паказаць у візуальным шэрагу, таму яго варта лічыць сапраўдным суаўтарам кніжкі.

— Шведскамоўная кніга «Ом» выйшла накладам усяго ў 9 асобнікаў… Хто гэта прыдумаў і для чаго?

— Я прыдумаў зрабіць рукапісную кніжку, а каб было роўна дзевяць экземпляраў – прапанаваў выдавец, бо ён з’яўляецца аматарам Толкіена. Мне было цікава спраўдзіць некалькі сваіх гіпотэзаў, думак, у прыватнасці, я шукаў адказ на пытанне, што такое кніга ў сённяшнім свеце. Стос паперы? Вокладка? Змест? Аб’ект? Усё разам? Гэта не такое простае пытанне, як можа падацца...

— Увогуле, як мяркуеш, твае кнігі карыстаюцца попытам?  Калі браць розныя паказнікі: наклады, тэрміны распаўсюду, чытацкая аўдыторыя…

— Тое, чым я займаюся, ніяк не разлічана на попыт, наклады, тэрміны распаўсюду і падобнае. Гэта чыстай вады эксперыменты, якія могуць быць некаму цікавыя, а могуць і не, мне гэта не вельмі важна. Я, канечне, пішу і больш «звычайныя», канвенцыянальныя тэксты, але пакуль што праца з мовай, са знакам, даследаванне сувязі паміж вербальным і візуальным захапляе мяне больш, чым стварэнне «цэласнага мастацкага вобразу» ці напісанне «шырокага жанравага палатна».

— Чаму  ты адмаўляеш жанравае вызначэнне верша?

— Я не адмаўляю жанравага вызначэння, проста не лічу свае тэксты вершамі, як і ўвогуле  завершанымі творамі, бо яны вымагаюць нейкага кшталту інтэрактыўнасці.

— Калі чытаеш твае творы, заўважаеш, што там усё прадумана. Калі ты кажаш, што ў цябе няма нічога выпадковага, што ты маеш на ўвазе? Кожнае слова стаіць на сваім месцы, кожны твор абдуманы, вывераны і толькі тады напісаны і аддадзены ў друк? Літаратуры патрэбны выпадковасці… Хіба не? Часта перадусім выпадковае робіцца літаратурнаю ўдачаю.


— Тое, што  я шмат думаю над- і часцяком канструюю, выбудоўваю свае тэксты, не выключае выпадковасцяў. Часткова таму, што мае тэксты менавіта так ад пачатку пабудаваныя, што іх можна чытаць (глядзець) сотняй розных спосабаў, а часткова таму, што я не Гасподзь Бог, і нават там, дзе, як мне падаецца, я прадумаў і прадугледзеў усё магчымае, могуць праглядаць цалкам выпадковыя рэчы, пра якія мне не хапіла мазгоў ці ведаў падумаць.

— Столькі часу ты плённа працуеш за мяжой… Ёсць некалькі версіяў твайго ад’езду. Першая — абсалютна палітычная — што ты як свабодны журналіст быў пазбаўлены магчымасці самавыяўлення пасля асабістага «выгавару» ад прэзідэнта? І самая неверагодная версія — што ты з’ехаў па каханні… Што з таго праўда?


— Нават цікава, адкуль ты ведаеш пра першую версію? Гэта было ў часы, калі ты хадзіла ў пачатковую школу, і газет, я думаю, не чытала. Тады нат Інтэрнэту не было, таму і не засталося ад тых падзей нічога, акрамя ўспамінаў... Але так, галава дзяржавы ў той час меў такую манеру — крычаць у прамым эфіры БТ на журналістаў. Як памятаю, дасталі тады, напрыклад, Юрась Карманаў, Аляксандр Старыкевіч, нешта не спадабалася і ў адным з маіх тагачасных «плаксаў», што друкаваліся ў газеце «Имя»... Ну, але з’ехаў я не з-за гэтага. З’ехаў, праўда, па каханні.

— Многія беларускія літаратары, што з’ехалі, амаль зніклі з даляглядаў… Тваё ж імя даволі часта гучыць у айчынных СМІ. Ці адчуваеш нейкую ізаляванасць ад беларускага культурніцкага кантэксту?


— У першую чаргу я не адчуваю самога беларускага культурніцкага кантэксту. Усё ж такі я не жыву ў Беларусі ўжо вельмі даўно, і мае прыезды не даюць поўнай карціны, толькі фрагменты. У чым, дарэчы, ёсць і перавагі, бо адсутнасць кантэксту падштурхоўвае да яго стварэння. У мяне ёсць уласны, так бы мовіць, беларускі культурніцкі кантэкст, у якім ёсць свая іерархія, ніяк, хутчэй за ўсё, не звязаная з рэчаіснасцю. А можа, якраз і звязаная, але праверыць не выпадае...

— Ці ёсць водгук ад чытачоў, крытыкаў — там, у Швецыі? Нейкія заахвочванні, якія б цябе падтрымлівалі, ад улады, міністэрстваў… У Швецыі нават на грашах пісьменнікі — паказнік якой-ніякой цікавасці да гэтай прафесіі...

— Адчування неабходнасці (для другіх людзей) таго, што я раблю, у мяне няма. Я не пачуваюся «прарокам», не магу вырашаць за іншых, што ім трэба ці не трэба чытаць і разумець, не ўпэўнены ў якасці сваіх тэкстаў і глыбіні пошукаў. Той факт, што я не маю магчымасці прысвячаць увесь свой час працы, якую лічу важнай для сябе, таксама не дадае ўпэўненасці, хаця тэарэтычна ў Швецыі ёсць магчымасць быць прафесійным пісьменнікам ці мастаком — з дапамогай рознага кшталту стыпендый.

Я таксама неаднаразова атрымліваў такую фінансавую дапамогу і ад Шведскай Акадэміі, і ад Пісьменніцкага фонда, і ад Дзяржаўнай Рады культуры, і ад іншых устаноў, але мне ўласна сістэма заявак на стыпендыі не вельмі падабаецца. Мне неяк лягчэй самому зарабіць неабходныя грошы, скажам, журналісцкай працай, чым прасіць дапамогі, ці, дакладней, зрабіць пошукі стыпендый сістэматычным заняткам.

Шмат хто з маіх сяброў мне тут за гэтае «чыстаплюйства» вымаўляе, бо выглядае, што такім чынам я праяўляю пэўную няўдзячнасць. Справа ў тым, што атрымаць, напрыклад, гадавую працоўную стыпендыю ад Пісьменніцкага фонда — гэта гонар. Я атрымаў такую стыпендыю ў 2006 годзе, і тады, калі не памыляюся, працоўных стыпендый давалі 12 штук, а заявак на іх прыйшло нешта каля васьмі соцень. Да таго ж, у склад камісій, якія размяркоўваюць стыпендыяльную дапамогу, уваходзяць, вядома, не чыноўнікі з міністэрства культуры ці палітыкі, а знаныя крытыкі, пісьменнікі, літаратуразнаўцы. Таму гэта не проста грошы (дарэчы, зусім невялікія), а як бы запрашэнне ў цэх, знак таго, што цябе ведаюць і цэняць... А я вось усё неяк не магу наважыцца зрабіць гэты крок і перайсці ў стан «сябра карпарацыі пісьменнікаў», так бы мовіць... Я ўвогуле не люблю адчуваць сябе часткай чагосьці, асабліва, калі гэта «патрэбна толькі мне»...

Што да ўвагі з боку крытыкаў, то яна, як ні дзіўна, ёсць, і нават нашмат большая, чым я, напэўна, заслугоўваю. Напрыклад, кніжка Данііла Хармса, якую я ўклаў, пераклаў і праілюстраваў і якая выйшла ў 2005 годзе, трапіла тады ў спіс «Кніг года», што традыцыйна ў калядны час складаюць крытыкі буйнейшай штодзённай газеты «Дагенс Нюхетер». Менавіта з гэтай кніжкай звязаны і вельмі важны для мяне чытацкі водгук: мой выдавец даслаў мне спасылку на блог, аўтар якога распавядаў пра тое, як набыў і падараваў Хармса свайму смяротна хвораму тату. Дзякуючы Хармсу тата смяяўся і нават рагатаў апошнія дні свайго жыцця... Калі чуеш такое, з’яўляецца адчуванне, што нешта ты ўсё ж зрабіў, нават хочацца неяк на пенсію выйсці...

— У Швецыі якасны, высокі ўзровень жыцця, але там мала святла і бульба кардонная. Свабода кампенсуе ўсё астатняе? Ці сапраўды ты можаш рабіць усё, што захочацца? Ці дранікаў і глазіраваных сыркоў усё ж не стае настолькі, што шукаеш нагодаў для вяртання?

— Свабода, усё ж, паняцце не адназначнае, то бок, не аднароднае, не балванка літога чыгуну... Адной палітычнай свабоды, напэўна, не хапае для паўнавартаснай творчасці, тым больш, што вось напрыклад Андрэй Сіняўскі увогуле адмаўляў карыснасць свабоды слова для пісьменніка...

Збольшага, я раблю тое, што мне хочацца. Але, не толькі, канечне, бо я чалавек адказны, больш-менш, прынамсі, у мяне ёсць і звычайны, пабытовы бок жыцця...

Акрамя гэтага, я адчуваю нейкую, пафасна кажучы, салідарнасць з калегамі, якія жывуць у нашмат горшых умовах, чым я, таму я спрабую нешта рабіць, напрыклад, у межах цэхавых арганізацый, такіх як ПЭН-клуб і Саюз пісьменнікаў.

Гэта патрабуе даволі шмат часу, які я, безумоўна, з большым задавальненнем патраціў бы на іншае, але мне шмат дапамагалі ў жыцці, таму, у сваю чаргу, я спрабую дапамагаць, калі магу. Не ведаю, ці гэта ў мяне атрымліваецца і ці патрэбная ўвогуле тая дапамога, але вось...

Нагодаў для вяртання я не шукаю, бо вяртацца мне, па вялікім рахунку, няма куды — тая краіна і тое грамадства, што я пакінуў амаль 15 гадоў таму, больш не існуюць. А самае галоўнае — няма адчування дому, якое было калісь, то бок той асновы, якая не патрабуе доказу, удакладнення, калі на пытанне: «Ты дзе?» адказваеш само сабою зразумелым: «Дома». Цяпер мне патрэбныя ўдакладненні, і гэта тое, што выгнанне зрабіла менавіта са мною — адняла пачуццё дому.

— Ты мастак у шырокім сэнсе слова: пішаш, малюеш, фатаграфуеш, здымаеш фільмы, працуеш на радыё… Але што з гэтага перадусім для цябе?

— Я, напэўна, нарадзіўся з нейкім агульным недаверам да ўсяго навакольнага. У мяне ёсць моцная патрэба высвятляць для сябе розныя, здавалася б, відавочныя і агульнапрынятыя рэчы. Гэта цэнтральны мой занятак, а ўжо пасярэдніцтвам чаго я шукаю адказы на свае пытанні, не мае для мяне вырашальнага значэння і залежыць ад саміх гэтых пытанняў. Скажам, праблема сувязі прасторы і часу прывяла мяне ў свой час у тэатр. Узаемадзеянне вярбальнага з візуальным патрабуе як заняткаў словам, так і працы з выявамі. Кіно дазваляе даследаваць апасродкаваную перцэпцыю. Ну і гэтак далей.

Што ж да журналістыкі, то тут патрэба нешта высвятляць, цікаўнасць — аснова працы. Хаця журналістыку я, канечне, разглядаю ў асноўным як «службу», значыць, тое, што я мушу з розных прычынаў рабіць. Мастацтва ж — занятак не абавязковы, забава, збольшага...

— Аснова тваіх тэкстаў — рытм. Аснова рытму — прырода. Рытм ёсць першааснова?


— Безумоўна. Рытм ёсць асновай свету і літаратуры. Цыклічнасць жыцця павінна адлюстроўвацца — і адлюстроўваецца — у творчасці чалавека. Тут галоўнае, каб цыклічнасць не перайшла ў зацыкленасць...

— Дні шведскай і беларускай культуры, што ўжо сталі традыцыйнымі і штогадовымі… Як з’явілася ідэя іх правядзення?

— Афіцыйна гэта мерапрыемства называецца «Дні культуры Швецыі ў Беларусі». Як з’явілася ідэя, я ўжо не памятаю, мабыць, тагачасны дыпламатычны прадстаўнік Швецыі ў Беларусі Ян Шадэк выступіў ініцыятарам, а можа, Ганаровы консул Ларс Карман ці Алена Касько, якая ўжо шмат гадоў адказвае ў прадстаўніцтве Швецыі за культурныя пытанні — цяпер у гэта цяжка паверыць, але культурныя кантакты паміж Швецыяй і Беларуссю існавалі і да таго, як у Беларусь трапіў Стэфан Эрыксан! У любым выпадку, мне пашчасціла ўдзельнічаць у падрыхтоўцы і правядзенні самых першых Дзён культуры, і з таго моманту я звычайна нейкім чынам бяру ў іх удзел. Тут трэба адзначыць, што асобнай і важнай часткай Дзён культуры ёсць літаратурныя чытанні — ініцыятыва шведскай журналісткі і фатографа Марыі Сёдэрберг, чалавека, які робіць для шведска-беларускіх дачыненняў вельмі шмат.

— Менавіта дзякуючы табе «Піпі Доўгаяпанчоха» загучала і для беларускамоўных дзетак. Ці плануеш яшчэ нейкія праекты для дзяцей?

— Я не стаўлюся да перакладчыцкай працы як да асноўнага занятку, ініцыятаркай перакладу «Піпі» была Аляксандра Макавік, якая звярнулася да мяне з прапановаю перакласці кніжку, сабрала ўсю каманду вакол гэтага праекта і праз усе перашкоды давяла яго да завяршэння. Калі будуць яшчэ прапановы, я буду іх разглядаць, але цяпер у Беларусі з’явілася цэлая плеяда перакладчыкаў са шведскай мовы, толькі ў самы апошні час выйшлі з друку кніжкі «Папулярная музыка з Вітулы» Мікаэля Ніемі і «Маленькія тролі і вялікая паводка» Тувэ Янсан у перакладах Вольгі Цвіркі і Насты Лабады адпаведна, дык я думаю, больш лагічна было б ужо звяртацца па пераклады да перакладчыкаў, якія жывуць у Беларусі.

— Натхняе менавіта cын? Ці чытаеш яму свае творы? Ці толькі «Піпі»?

— Так, у часе працы над перакладам я чытаў яму «Піпі», асабліва тыя месцы, дзе не быў упэўнены ў дзіцячым успрыманні. Вядома, дзіця дапамагае жыць, а значыць, і працаваць. Для дзяцей я пакуль што нічога не пісаў, але жаданне такое ёсць, мо з цягам часу...

— На якой мове яго выхоўваеш?

— На трох: шведскай, рускай і беларускай.

— Калі чакаць наступнага здзіву?

— Навошта ж чакаць? Здзіўляйся!

Менск-Стакгольм-Берлін-Нью-Ёрк

 

Валерыя КУСТАВА

 

Поўны тэкст гутаркі  чытайце ў наступным  нумары часопіса “Дзеяслоў”.

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).