/ Дзевяць прычынаў, каб любіць беларускую літаратуру

/ Дзевяць прычынаў, каб любіць беларускую літаратуру

Артыкул, які прапануецца ўвазе чытачоў «Ь», змяшчае завочную палеміку з тэкстам Маргарыты Аляшкевіч «Дзевяць прычынаў не любіць беларускую літаратуру», які, пасля змяшчэння на сайце часопіса «ПрайдзіСвет» (prajdzisvet.org), выклікаў актыўную дыскусію.

Меў рацыю Віктар Жыбуль, які ў сваім каментары заўважыў, што гаворка там ідзе перадусім пра нелюбоў да беларускай літаратуры як да прадмета. Прынцыповы перагляд школьнай праграмы па літаратуры — сапраўды даўно наспелае і дужа балючае пытанне. Па сутнасці, яго вырашэнне і шырокае абмеркаванне мусіць стаць найгалоўным і для Міністэрства адукацыі, і для ўсіх грамадзян і інстытуцый, якіх клапоціць сам факт далейшага існавання беларускай нацыі…

Між тым, замест гутаркі па сутнасці, абмеркавання шляхоў да выхаду з таго глабальнага гуманітарнага крызісу, які склаўся ў краіне, удзельнікі прайдзісветаўскай палемікі — а сярод іх і некалькі вядомых літаратараў — пераважна спрабавалі навя­заць сваё бачанне таго, «як трэба любіць беларускую літаратуру» з непазбежным далейшым пераходам на асобы.

На жаль, не пазбеглі гэтага і аўтары прапанаванага ніжэй артыкула. І, хаця яго назва не зусім адпавядае зместу (аўтары прыводзяць шэраг неардынарных цытатаў з беларускай савецкай класікі, спрабуючы зруйнавіць такі Аляшкевіцкі стэрэатып, як «цнота», але ж — ці дастатковая гэта нагода для таго, каб палюбіць беларускую літаратуру?), мы вырашылі пакінуць яе, як і сам тэкст без істотных зменаў. Вырашаць, хто мае рацыю, вам, шаноўныя чытачы. «Ь» гатовая працягнуць распачатую палеміку і вітае новыя водгукі на яе.


Дзякуючы школьнай праграме, многія нашыя маладыя паэты, празаікі, крытыкі (як і пераважная большасць беларусаў) цвёрда зразумелі, што айчынная (і асабліва савецкая) літаратура — гэта нешта гідотна-вяскова-партызанска-нецікава-пафасна-прыродаапісальнае (асабліва калі параўноўваць творы нашых класікаў з тэкстамі Кафкі, Джойса альбо Набокава). 

Школьная праграма па беларускай літаратуры — рэч каварная і хітрая. Вельмі лёгка, самому для сябе незаўважна, стаць няшчаснай ахвярай таго стэрэатыпа, які яна так спрытна навязвае. І тады нічога не застаецца, як надзеўшы маску хобіта, шкадаваць, што ў Максіма Багдановіча не было пранцаў, вышукваць прычыны, каб не любіць літаратуру, зводзіць з ёй «гамбургскія рахункі» ў бясконца-прадуктыўнай «доўгай дарозе да гаршка».

Адчуваць сябе прадстаўніком другаснай літаратуры — не тое што непрыемна, гэта моташна! Таму цалкам зразумела, што каб заглушыць боль душы, трэба шчодра заліць яго алкагольна-суцяшальным сцёбам, аздобленым вострымі ноткамі агрэсіўнай эпатажнасці. Хоць на малы час, але дапамагае.

Як жа ратавацца ад гэтага стэрэатыпа? Бо на адным сцёбе, як казаў яшчэ Уладзімір Караткевіч, доўга не пражывеш. Мабыць, трэба зрабіць немагчымае, сабраць волю ў кулак і паглядзець, ці сапраўды беларуская літаратура такая ўжо аніякая? А раптам (маленькая надзея), што не? 

Мы адмыслова назавем тут 9 імёнаў, чые прозвішчы грунтоўна звязаныя менавіта з савецкай «класічна-нецікавай» беларускай літаратурай. Паглядзім, ці сапраўды гэтыя аўтары настолькі ўжо лапцюжна-другасныя.

Пачнем з па-сялянску грунтоўнага Якуба Коласа. Цікава, калі вы вучыліся ў школе, ці расказвала вам настаўніца, што ў аўтара «На ростанях» была цудоўная тонка-іранічная проза («Хаім Рыбс», «Курская анамалія», «Калектыў» пана Тарбецкага», «Трагізм» (першая ж фраза з гэтага апавядання зачароўвае: «Усё няшчасце гэтага чалавека было ў тым, што ён быў паэт»); альбо што, пачынаючы з 40-х гадоў, Якуб Колас напісаў цэлую серыю выдатных вершаў пра каханне?

Нельга не згадаць і яго эмацыйна-ваенны твор:

Нібы камень на плечы ўзвалілі —
Такая задуха, цяжар,
Цяжка сэрцу таміцца ў бяссіллі,
Горка думаць, усведамляць,
Што краіну тваю паланілі
Чужаніцы, нямецкая бляць…


Як бачым, ні грама лапцюжнасці і прыкрага маралізатарства, якое можа пакідаць пасля сябе гэты геній, калі над ім папрацавала школьная праграма.

Возьмем Янку Купалу. Як вядома, ён таксама багата і ярка прадстаўлены і ў сённяшніх школах. Але, як раней, у падручніках ні слова пра п’есы «Сон на Кургане» і «Тутэйшыя», не вывучаецца яго востра-экспрэсіяністычная паэзія 1910-х гадоў: «Смейся!..», «Таварыш мой», «Увесь да дна…».

А для псіхалогіі падлетка (асабліва, калі ён вырас на гатычнай музыцы, альбо на творчасці Джыма Морысана ці Курта Кабэйна) такая паэзія настраёва вельмі ж блізкая! Існуе дурны забабон, які актыўна падтрымліваецца некаторымі нашымі моднымі празаікамі-«эмігрантамі», што ў 30-ыя гады Янкам Купалам нічога цікавага не было створана. Падобны забабон мог узнікнуць толькі таму, што ў школе не праходзілі (ды і не праходзяць) такія творы паэта, як востра-рокавая «Балюе панская Варшава…», верш-рэп «Заўсёды наперад», дзіцячыя песенькі «Лявоніха» і «Юрачка» (акурат для пачатковых класаў) і асабліва «Сонца». У праграме няма, а многія сучасныя літаратары далей за праграму не ходзяць…

Як бы тое ні было, але Янка Купала, Якуб Колас і асабліва Максім Багдановіч прадстаўлены, дзякуй Богу, дастаткова поўна. Ёсць жа і такія пісьменнікі, пра сапраўдную значнасць якіх вучань анічога даведацца са школьнай праграмы, каб і захацеў, то не змог бы.

Напрыклад, Пятро Глебка. Некаторыя сцвярджаюць, што аўтар цудоўнага твора «Ноч. Халодная зямлянка…», напісаўшы ў канцы 20-х некалькі яркіх вершаў, затым нічога цікавага і творча-нечаканага не ствараў, бо ў страшныя 30-ыя (і далей таксама) быў заняты пісаннем сацыялістычна-правільных дрындушак… Такія, напрыклад, радкі паэта:

Ноч на вокнах, на вокнах маіх і чужых,
Ноч на вокнах вясковых і на гарадскіх.

Як жа мне распазнаць сярод гэтых акон,
Дзе мне суджана жыць, а дзе тоіцца скон.


павінны спадабацца «экзістэнцыяналісту» Альгерду Бахарэвічу, а такі гарэзлівы вершык:

З Гарохаўскай ад Сокала,
Ад Сокала да «Якара» —
Абцасікамі цокала,
Смяялася і плакала.

Смяялася — у «Якары»,
А плакала — пакінуўшы.
І нам было ніякава,
Цябе на дзень адрынуўшы…


— можа з лёгкасцю спяваць пад гітару Андрэй Хадановіч. <…>

Творчасць Пімена Панчанкі. Пра яго школьная праграма не забылася, друкуючы самыя «правільныя, злабадзённа-дыдактычныя», а таму зусім нецікавыя для вучняў вершы. «Дзякуючы» гэтаму, школьнікі нічога не ведаюць пра дзівосны «Іранскі дзённік» (нізка вершаў, напісаная ў Іране ў 1944–45 гг., дзе ёсць такія радкі: «На Ардабільскім перавале, Пад дзікім позіркам арлоў, Мяне як скрыпку пілавалі, Смыкі дванаццаці вятроў»), не ведаюць яго вясёлай песенькі-верша:

Галяндыя ці Турцыя —
Даруйце прастаку —
Усюды прастытуцыя,
Усюды прастыту… (…)

 
Наступны пісьменнік, якога гэтаксама можна смела назваць па-сапраўднаму нікому не вядомым — гэта Кузьма Чорны. Так-так, менавіта ён. Бо што ведае просты школьнік пра гэтага аўтара? Толькі тое, што ён напісаў «Насцечку» і раман «Пошукі будучыні»? І не будзе ведаць бедны вучань, што Кузьма Чорны — аўтар такіх па-джойсаўску эпахальных раманаў, як «Сястра» і «Зямля», напісаных у 1926–27 гг., калі пісьменніку не было і 30-ці год! Што ён стваральнік такіх шэдэўральных апавяданняў, як «Парфір Кіяцкі», «Захар Зынга» альбо «Вечар». <…>

Яшчэ адзін з «нецікавых» класікаў: Міхась Лынькоў. У школьнай праграме для самастойнага (а гэта значыць неабавязковага) чытання ягоныя два цудоўныя дзіцячыя творы «Міколка-паравоз» і «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў». Але ж, але… Няма ні для якога нават самага пазапазакласнага чытання рамана «На чырвоных лядах», напісанага ў пачатку 30-х гадоў. З жорсткай аб’ектыўнасцю, месцамі нават брутальна (яшчэ задоўга да «Людзей на балоце» Івана Мележа!) выявіў пісьменнік душу вясковага беларуса: яго страхі, комплексы, жаданні, мары і памкненні. <…>

Вось вам заляцанні старога дзядзькі да маладзіцы: «– Настулька, слухай… — задыхаецца Хвядос, схапіўшы яе адзаду за рукі і налягаючы на яе ўсім сваім целам. /…/ — Дзядзька, а дзядзька, што гэта ўссела на вас, хіба то з розумам… — Ціху, Настулька, от жа ўсім пасаблю, чым хочаш… — Адчапіся ж адразу, а то людзей паклічу. Бач ты яго, збязулеў на старасці… Вот, вот крыкну… Хвядос шырокай далоняй — цёплай, пухнатай — закрывае рот Настулі, прыгінае долу яе голаў, пагінае пад пахучую капу і раптам адскоквае, як уджалены, хапаецца ротам за палец. — У-у… язва, паскудніца… Вот павыбіваю зубы». <…>

Максім Танк. Паэт гэтаксама добра прадстаўлены ў школьнай праграме, але было б яшчэ лепей, каб для абавязковага азнаямлення былі змешчаны і яго дзённікавыя «Лісткі календара». Старшакласнікі ўбачылі б жывога, вясёлага юнака, амаль іхняга аднагодка, які па-авантурнаму вынаходліва хаваецца ад польскіх шпікаў, які вельмі любіць прыгодніцкае кіно (фільмы пра Тарзана), меладрамы з Грэтай Гарбо і Марлен Дзітрых, фільмы жахаў («Нявеста Франкенштэйна»).

Янка Маўр. Пісьменнік, які павінен быць прадстаўлены ў школьнай праграме адным з першых сярод дзіцячых, але знайшоў сабе месца толькі ў раздзеле «для пазакласнага чытання». Першы беларускі савецкі фантаст («Фантамабіль прафесара Цылякоўскага»), аўтар аднаго з першых у свеце рамана пра першабытных людзей («Чалавек ідзе») і стваральнік першай у нашай літаратуры анты­ўтопіі (чаму б і не?) «Падарожжа ў пекла» — вясёлай гісторыі пра піянераў, якія з бесклапотнасцю зрабілі ў таталітарным пекле сацыялістычную рэвалюцыю. Такі аўтар, безумоўна, будзе цікавы самым розным узростам.

Каго ж назваць 9-м? Можа, Кандрата Крапіву? Чаму б і не?! Мала хто ведае, што акрамя класічных «Жабы ў каляіне» і «Дыпламаванага Барана» ў гэтага слаўнага пісьменніка ёсць выдатная байка, якая называецца «Саромлівы».

З 9-га класа можна смела даваць яе юнакам вучыць на памяць. Там распавядаецца пра «ласага да кабет» хлапца, які здабыў сабе «гасцінец ад Вэнэры» і вельмі ж позна прыйшоў са сваёй «цацай» да «спэца». І павучальна, і весела, і педагагічна. Акрамя таго, такія апавяданні Крапівы, як «Гарэлік і ягоная жонка» (які там па-рэнуараўску цудоўны пачатак: «Калі вы любіце ружовае, калі вы любіце белае, калі вы любіце круглае, мяккае, салодкае, цёплае, то вы бярэце гэткую жонку, як у Гарэліка») альбо «Ліха яго разбярэ» (пра стомленага сямейным жыццём дзелавода Круковіча, які заляцаецца да машыністкі Ганны), — ведаць не зашкодзіць.

І ўжо дакладна школьнікі павінны пазнаёміцца з «Рамэа і Джульетай» менавіта ў творчым перакладзе Крапівы. Адзін маналог Меркуцыё, які кліча Рамэо, варты гэтага: «Вачамі Разаліны заклінаю, яе чалом, пунсовымі губамі, маленькай ножкай, трапяткім сцягном і тым дабром, што па суседству з ім, — з’явіся нам у вобразе сваім». Для параўнання, у расійскіх перакладчыкаў (Пастарнака і Шчэпкінай-Купернік) ні слова пра гэтае «дабро» няма, замест гэтага нейтральныя «прочие прелести», «прочие околичности» і г.д.).  

Кожны з названых творцаў — гэта прычына любіць беларускую літаратуру. А яшчэ ж ёсць Аркадзь Куляшоў са сваім «Хамуціусам», Анатоль Вярцінскі, Іван Мележ (для нас ён — тое ж самае, што і Стэйнбэк для амерыканцаў), Міхась Стральцоў. Ёсць ужо зусім «несавецкія» Максім Гарэцкі, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў… А колькі сучасных?

Праблема не ў літаратуры. Праблема ў нас. Вызваліць сябе ад школьна-праграмных стэрэатыпаў можна, відаць, толькі адным самым простым спосабам: навучыцца ўчытвацца ў саму літаратуру (а пісьменнікаў, якія стваралі да 1930-га года, пажадана ўвогуле чытаць не ў перавыданнях, а толькі ў арыгіналах!). Знаходзіць у ёй нешта незвычайнае і па-еўрапейску вартае (а такога ў ёй хапае з гакам), натхняцца знойдзеным і натхняць іншых.

У нас няма яшчэ цікавых, па-дэтэктыўнаму займальных даследванняў пра Аляхновіча, Ластоўскага, Максіма Танка, Глебку і Чорнага. Няма авантурна-прыгодніцкага рамана пра Цётку, Багушэвіча альбо Максіма Танка. Няма таго, чаго хапае на кніжных паліцах Расіі, Еўропы ды Амерыкі. Але затое ёсць чыста алкагольная залежнасць ад сцёбу. Пара завязваць. Пара ўжо быць, згадваючы назву кнігі Джэці, «За здаровы лад жыцця»!

Мюр Фарыдовіч, Ася Паплаўская
 

 #
Дай вам Бог, дзеткі,здароўя і далейшага літаратурнага досціпу.Леаніду Дранько Майсюку -- рэшпект за сына.
 
 #
Дай вам Бог, дзеткі, здароўя і далейшага літаратурнага досціпу. Леаніду Дранько-Майсюку -- рэшпект за сына.
 
 #
Дай вам Бог, дзеткі, здароўя і далейшага літаратурнага досціпу. Леаніду Дранько-Майсюку -- рэшпект за сына.
 
 #
Дай вам Бог, дзеткі, здароўя і далейшага літаратурнага досціпу. Леаніду Дранько-Майсюку -- рэшпект за сына.
 
 #
Дай вам Бог, дзеткі, здароўя і далейшага літаратурнага досціпу. Леаніду Дранько-Майсюку -- рэшпект за сына.
 
 #
Дай вам Бог, дзеткі, здароўя і далейшага літаратурнага досціпу. Леаніду Дранько-Майсюку -- рэшпект за сына.
 
 #
Дай вам Бог, дзеткі, здароўя і далейшага літаратурнага досціпу. Леаніду Дранько-Майсюку -- рэшпект за сына.
 
 #
Леаніду Дранько-Майсюку і жонцы - безумоўна, рэспект за сына. А вось "бацькам" Асі Паплаўскай - хутчэй, ганьба!!
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Беларусы нагадалі пра "мірны атам" і палітвязняў

Краязнаўчы фестываль

 Беларускае Радыё Рацыя вярнулася ў літоўска-беларускі эфір

З 1 мая перадачы Радыё Рацыя можна пачуць на хвалях «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM), якое транслюецца з Вільні.

Наша праграма гучыць з 21.30 па 22.00 літоўскага і беларускага часу. У будзёны дзень у ёй можна пачуць апошнія навіны Беларусі, актуальныя матэрыялы нашых карэспандэнтаў, а таксама расповеды пісьменніка Уладзіміра Арлова пра гісторыю Беларусі у цыкле перадач «Адкуль наш род». У суботу акрамя навінаў гучаць актуальныя культурніцкія матэрыялы і перадача пра гісторыю Гародні «Імёны Гародні». У нядзелю можна пачуць перадачы пра мастацтва, музыку, інтэрнэт, кампутары.

Слухаце Беларускае Радыё Рацыя на літоўска-беларускім памежжы.

Нашы беларускамоўныя перадачы будуць гучаць у эфіры «Радыё з-над Віліі» (103,8 FM) да 1жніўня.
 


 

ПАДРАБЯЗНЕЙ >>>


 

 ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
У межах выканання праекта “Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці” ладзіць


Краязнаўчы фестываль

28 мая 2012 г.


Праграма фестывалю:


10.00 – 11.00   Рэгістрацыя ўдзельнікаў.
11.00 – 13.00 – дыскусійныя пляцоўкі па тэмах:
                1) Валанцёрскі рух на Беларусі: набыткі, поспехі, перспектывы.
                2) Ахова помнікаў як дзяржаўны клопат і як праява грамадзянскай пазіцыі.
                3) Перспектыўныя накірункі развіцця турызму ў Беларусі.

13.00 – 14.00 Абед

14.00 – 16.00 — Прэзентацыі, майстар-класы, кірмаш рамёстваў.
16.00 – 16.45 — Выступ этна-, фольк-выканаўцаў.
16.45 – 17.00 — Закрыццё фестывалю.


Мерапрыемства адбудзецца ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К.Маркса, 12, г. Мінск).


Запрашаем да ўдзелу!

Заяўку з указаннем формы ўдзелу (дыскусійная пляцоўка, або майстар-клас...) просім даслаць на эл. адрас siadziba@gmail.com з пазнакай – Фестываль.
Іншагароднім удзельнікам фестывалю гарантуецца аплата праезду і аплата выдаткаў на харчаванне.


Шаноўнае спадарства! Калі вы хочаце больш даведацца пра дзейнасць ТБМ, завітайце на наш партал: tbm-mova.by


 


ЯНЫ ВАС ЧАКАЮЦЬ!

Шэлі — ласкавая дзяўчынка з годным позіркам

 

Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, Шэлі захавала спакой і выхаванасць. Хоць выгляду Шэлі і грознага, але добра ставіцца да дзяцей. Ёй толькі тры гады, ростам каля 50 сантыметраў, тыгравай афарбоўкі. Рыхтуецца да стэрылізацыі.

 

Валанцёр прытулку «СуперПёс» гатова пазнаёміць вас з прыгажуняй Шэлі, тэлефануйце: 8-029-775 57 53 (Анастасія).

 


 

Шансі — ідэальная котка

 

Цяжка зразумець, як беспраблемную ва ўсіх адносінах котку вырашылі здаць у пункт адлову на Гурскага, 42. Але ж здалі… Зараз Шансі чакае свой другі шанец знайсці ўтульны дом і клапатлівых гаспадароў. Характар у яе проста анёльскі: даецца ціскацца, калі гуляецца — не драпаецца, дазваляе сябе вычэсваць. Ненавязлівая, ахайная, ходзіць у латочак.

 

Шансі 2,5 гады, стэрылізаваная, прышчэпленая ад шаленства. Мае шыкоўнае срэбна-шэрае футра з белай манішкай.

 

Шансі прынясе радасць у ваш дом! Тэлефануйце валанцёрцы прытулку «СуперКот» Кацярыне: 8-029-378 78 26.

 


 

Болей катоў і сабак — у каталогах на форуме прытулку “СуперКот” http://forum.superkot.com/