xxx

/ Данута БІЧЭЛЬ: Мост Святога Францішка

/ Данута БІЧЭЛЬ: Мост Святога Францішка

У серыі «Кнігарня пісьменніка», якую запачаткаваў і выдае Саюз беларускіх пісьменнікаў, падрыхтаваныя і неўзабаве выйдуць шэраг новых кніг. Сярод іх –унікальны том успаміннай эсэістыкі вядомай паэтэсы Дануты БІЧЭЛЬ «Мост Святога Францішка». Прапануем чытачам «Ь» некалькі тэкстаў з гэтай кнігі.

--------------------------------------------------------------
Любоў ніколі не мінае

Гэтую кнігу я ствараю на той час, калі мяне тут не будзе.

Але хто яе знойдзе, калі мяне тут не будзе?

У мяне ў апошні час з’яўляюцца падазрэнні, што літаратурная творчасць робіцца залішне індывідуальнай, нават інтымнай — сам напісаў кнігу, сам яе і чытай…

У гэтай кнізе мне давялося памяняць некаторыя імёны — падбірала са слоўніка і з жыцця тыя імёны, якія я люблю. Каб не пакрыўдзіць тых, каго няма, каб не пакрыўдзіць тых, хто ёсць, і захоча гэтую кнігу пагартаць, але не захоча ў ёй знайсці нешта пра сябе, бо кожны мае  «аўтарскія» правы на сваё жыццё… Уласнае імя я не мяняла, застаюся шчырай з чытачамі, наколькі можна быць шчырай у кнізе.

Я вяртаюся ў маленства, раблюся малою дзяўчынкай і падрастаю з успамінамі разам. Хочацца, каб маю кнігу чыталі менавіта дзяўчаты: спачатку, калі будуць малымі, пасля, калі падрастуць на падлеткаў, а потым, калі стануць маладымі мамамі, — каб пачыталі сваім дачушкам.

Хацела б пажадаць вам, дзяўчаты, каб не паўтаралі маіх памылак. Але вы і так не будзеце іх паўтараць, пражывеце сваю долю, якую вызначыў вам Бог. Не адступайце ад сваіх сцежак, не залазьце ў гушчар, каб не згубіць сваю долю. Не заглушайце голас свайго Анёла, слухайце, што ён вам кажа ў цішыні і ў тлуме, не пярэчце яму, каб ён не змоўк, каб не пакінуў вас без сваёй апекі.

Многія мае знаёмыя лічаць, што я павінна вярнуцца да паэзіі. Вядома, гэта мой абавязак. Вярнуся, калі адпачне мой стомлены розум, перастане балець галава, і апустошаныя закуткі душы запоўняцца паэзіяй.

Кніга «Мост святога Францішка» — працяг маёй папярэдняй кнігі «Хадзі на мой голас»(2008, Гародня — Вроцлаў). Але аснову той кнігі склалі ўспаміны пра вялікіх сяброў, настаўнікаў, вядомых у Беларусі і нават у свеце: як Янка Купала, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Наталля Арсеннева, Чэслаў Мілаш, Янка Брыль, Аляксей Карпюк…

У гэтай кнізе апавядаю пра людзей духоўна прыгожых, якія жылі для саміх сябе, для сваіх блізкіх і для Радзімы, — у тым сэнсе, як яны разумеюць паняцце Радзімы. Апавядаю пра каханне і сяброўства... Паўтараюся: сяброўства жаночаму сэрцу патрэбна не меней, чым каханне. Бываюць такія моманты, што толькі сяброўства і патрэбна. Аспрэчваю тую думку, нібы дзяўчаты не могуць сябраваць з хлопцамі, таму апавядаю пра хлопцаў з дзяцінства і дзявоцтва. І пра хлопцаў Ларысы Геніюш — яе мужа і сына. Янка і Ларыса Геніюшы сваё каханне пранеслі праз агонь, ваду і медныя трубы, яны памерлі з ім. Вучыцеся, як берагчы каханне, на вершах Ларысы Геніюш.

Пра сяброў Зоські Верас і яе мужа Антона Войціка мне апавядала сама Зоська і пляменніца Антона — Валянціна Войцік.

Я вырасла ў Заходняй Беларусі, з маленства гадавалася ў польскай культуры, расейскую літаратуру я чытала ў школе, у інстытуце і пасля яго… У нашых мясцінах ваявалі савецкія партызаны і Армія Краёва. Хлопцы з вёскі пайшлі ў АК і адтуль не вярнуліся. Пра гэта мне ўспамінаць не проста, я ж вайну перажыла ў малым узросце, таму я ўзяла ўрывак з кнігі афіцэра Арміі Краёвай, прадстаўніка паважанага роду Тамаша Зана.

Адама Міцкевіча я ведала раней, чым Янку Купалу, мы з ім гадаваліся на хвалях Нёмана. З Чэславам Нёманам вучыліся ў адзін час у Гародні.

Я ствараю эсэ не па правілах прозы — у мяне маналогі з дыялогамі вядзе адна асоба. Гэта — як гульня ў шахматы з самой сабой.

Выбрала некалькі мілосных гісторый са сваёй вёскі, якія мяне вельмі ўразілі. Вясковыя людзі надзвычай далікатныя ў інтымных перажываннях. Успамінаю толькі тое, што бачыла, бо калі пачынаеш распытваць, жанчыны  злуюць і нічога не кажуць, або кажуць не так, як было.

У вёсцы цяжка схавацца ад людзей — усюды ёсць вочы… Таму вясковыя дзяўчаты майго пакалення сваімі таямніцамі не дзяліліся, бо раскажаш — страціш…

Колькі сэрцаў зламаных праз каханне! Ды зямля гоіцца каханнем. Без кахання чалавецтва вырадзілася б. Сэрцы нашыя дасканаляцца болем кахання. Літаратура і мастацтва абнаўляюцца праз каханне.

Я ж прапаную вам вывучыць на памяць «Гімн любові» з Першага ліста апостала Паўла да Карынцянаў (13, 1–13). Назву да свайго ўступу я ўзяла з гэтага твора. Калі будзеце браць шлюб, папрасіце святара, каб на вашым шлюбе гэты гімн чытала першая дружка…

Калі будзеце насіць дзіцятка пад сэрцам, маліцеся да Маці Божай на ўсіх абразах, Яна — зямная і нябесная, прыгожая, і ваша дзіцятка народзіцца прыгожым на падабенства Маці Божай…

Я жадаю, каб вы ўсе пражылі доўгае жыццё ў шчасці.

Пакуль жыву, абяцаю маліцца за ўсіх, хто прачытае маю кнігу. А калі змагу — буду вашай заступніцай — адтуль.

Трымайцеся, дзяўчаты, будзьце шчаслівымі!

Ваша Данута
-----------------------------------------------------

Адам Міцкевіч — мая дзявочая любоў

Калі да ўлады прыйшлі саветы, яны адразу пачалі ўсё руйнаваць, знішчаць, сварыць, запісваць у камсамол, камандаваць, змагацца, прымушаць спяваць песні, танцаваць пад псеўдарэвалюцыйную музыку. Але яны дазволілі бясплатна вучыцца, пераконваючы, што яны жадаюць нам толькі дабра. За бясплатную вучобу трэба было дорага заплаціць — адмовіцца ад усяго, што мы маем ад продкаў, прыняць усё, што яны прынеслі з Расеі, стаць расейцамі, але не на роўных правах з сапраўднымі расейцамі, а іх «малодшымі братамі». Быць малодшай у сям’і — зусім не тое, што быць у расейцаў «малодшымі братамі» ўсім народам. Але шмат хто тутэйшы прывык да гэтага і ўжо не хоча вызваляцца…

За духоўнае прыніжэнне людзі маюць дробныя падачкі. Наша працавітая Краіна прывыкла да няволі, стала Краінай жабракоў, дробных гандляроў, гарохавых шутоў.

…Але Краіна выжывае нават у такіх нялюдскіх умовах.

І сапраўдныя людзі ў ёй таксама засталіся, нараджаюцца і жывуць маладыя — разумныя і самастойныя…

Я вучылася ў педвучэльні бясплатна, мне нават давалі стыпендыю.

На апошнім курсе нашу педвучэльню перавялі з Ліды ў Наваградак. Педвучэльню з Ваўкавыска таксама перавялі ў Наваградак. Навучальныя ўстановы з’ядналі, як калгасы.

У Наваградку педвучэльня мясцілася ў старым будынку  гімназіі. Напэўна, там да вайны вучыліся нашы класікі — Янка Брыль, Аляксей Карпюк і Уладзімір Калеснік. Гэтыя імёны мне былі ўжо вядомыя, але яшчэ не былі такімі блізкімі, як сталі пасля. У нашым дворыку стаяў бюст Адаму Міцкевічу, стаяў абсалютна законна, бо Адам вучыўся ў Наваградку ў Дамініканскай школе. Цяпер я даведалася ў Язэпа Янушкевіча, што першы верш паэт напісаў у дванаццаць гадоў, — гэта быў лямант па Наваградку, які згарэў у 1811 годзе: за верш дырэктар школы пакараў свайго геніяльнага вучня карцарам, бо прыняў яго твор за плагіят.

… Пры мне не было таго вялікага помніка Адаму Міцкевічу, які паставілі паміж мурамі Замка і Курганам, насыпаным рукамі аматараў яго паэзіі ў трыццатыя гады.

Не было музея Адама Міцкевіча. Не было і таго дому.

Адам Міцкевіч быў маім хатнім паэтам. Па яго томіку вершаў і паэмаў я вучылася чытаць. Паэмы «Гражына» і «Конрад Валенрод» развівалі маю дзіцячую фантазію, я нават сваю цялушку назвала такім прыгожым іменем — Гражына, зусім не хочучы крыўдзіць вялікага звестуна Адама, а таксама польскіх і літоўскіх дзяўчат, якіх называлі гэткім  іменем, а наадварот — з усёй павагай да гераіні паэмы.

Міцкевічавы вершаваныя рамантычныя балады пра сіротак, разбойнікаў, старцаў, цыганоў, прывіды, здані, свіцязянак я ведала нібы да свайго нараджэння. Мусіць, мама спявала мне іх, як карміла грудзьмі і калыхала ў палатнянай калысачцы. Можа, я ведала не творы Адама Міцкевіча, а тутэйшыя легенды, казкі, паданні і плачы, — у нас кажуць, вылічанні, — сюжэты якіх Міцкевіч браў і пераствараў у рамантычныя балады і рамансы.

Адам Міцкевіч быў мне вельмі блізкім чалавекам.

Нёман, рака мая хатняя,
дзе тыя хвалі,
якія я чэрпаў далонямі
немаўляці…


У гэтых радках ёсць і маё адчуванне Нёмана. «О, Нёман, о, бацька мой родны…» — амаль тое самае, але халоднае. А што Міцкевіч пісаў не на мове майго дзяцінства, я таго ніколі не заўважала…

Любоў да паэзіі перадаецца на генетычным узроўні ад продкаў. Усё, што я чытала ў рамантычных баладах, гісторыях і паэмах, потым уваскрасала ў маіх снах, а падзеі сноў адбываліся на маіх пагорках і ў маіх закутках, на нашых могілках, у паўразбуранай капліцы, якая, на думку біскупскага краязнаўца Янкі Сайковага, была спачатку уніяцкай. Таму ў маленстве я была ўпэўнена, што Міцкевіч пісаў пра маіх дзядоў-прадзедаў, што ў нас з ім былі адны продкі, адна вера і адны суайчыннікі, душы якіх у цёмныя асеннія ночы прыходзілі і страшылі мяне, малую, таму што пры зямным жыцці атрымалі надта мала пяшчоты.

…На магілу бабулі, з якой мы ў жыцці размінуліся, на Задушны дзень 2 лістапада прыляцела птушка зімародак, села на дубчык і глядзела на мяне. І я ведала: гэта душа маёй бабулі Франусі са мной размаўляе…

У Наваградку мне было холадна, па-савецку няўтульна, там я навучылася есці сухі хлеб з кіпенем без заваркі. Але ўсе нягоды жыцця здымаліся з плячэй дзякуючы поўнай адзіноце, у якой гучалі глыбокія галасы з далёкіх стагоддзяў праз містычную лучнасць з постацямі Міцкевічавых прывідаў. Ён, як ніхто іншы, навучыў мяне сумаўляцца і з мінулым, і з будучым светам, пераступаючы парог часу, навучыў мяне блытаць адлегласці. Свіцязь, да якой у тыя гады я так і не выбралася, не ўбачыла яе тоні, хвалямі плёскала аб курган Міцкевіча, з якога была відаць уся Беларусь, Літва і Польшча, і нават Канстанцінопаль, дзе паэта смяротна паранілі 26 лістапада 1855 года, і горад яго смутку Парыж...

Дарогі з Наваградка лятуць ва ўсе накірункі свету. Менавіта ў Наваградку я навучылася лётаць, хоць і да таго ўмела.

Бачыш, Марыля, ля самага гаю
вербы ўзнялі свае шаты.
Рэчка віецца далінаю з краю,
мосцік над рэчкай гарбаты…


Рэчка і гарбаты мосцік захаваліся ў наваградскім парку. Я хадзіла па тых утравелых закутках каля гары. Уначы прывіды скакалі на танцпляцоўцы без святла і без музыкі. Без відавочнага святла, з музыкай, якую не ловіць жывое вуха. Руіны Гражынінага замка паварочвалі мяне тварам да касцёла, пабудаванага на месцы паганскага капішча.  Некалі тут стаяў касцёл 15 стагоддзя, ад якога ўсё ж засталася каплічка Божага Цела, дзе ў 1422 годзе бралі шлюб Ягайла і Зоська Гальшанская, дзе 12 лютага 1799 года быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. Наймацнейшае ўражанне зрабіла на мяне мемарыяльная дошка кашталяна наваградскага Яна Рудаміна Дусяцкага ў памяць пра брата і паплечнікаў, якія загінулі ў няроўным баі з туркамі пад Хацімам у 1621 годзе.

У часе майго побыту ў Наваградку пра назарэтанак нам, з вядомых прычынаў, не апавядалі, іх учынак разглядаўся гэтак, як і геройствы іншых смелых людзей ва ўсіх войнах свету. Назарэтанкі памерлі за зняволеных наваградчан — гэта была іх свядомая ахвяра.

Жывой гісторыяй Наваградка, насцеж адчыненай для слёз, былі могілкі, на якіх захаваліся надпісы на беларускай мове лацінкай і кірыліцай. Я блукала плачкай каля старых замшэлых плітаў, аплакваючы мінулае і будучыню Беларусі. Часамі адзін радок на камені дае больш для роздуму, чым тоўстая кніга.

Ёсць каменне з жывымі сэрцамі…
ёсць людзі са скамянелымі сэрцамі…
ёсць кнігі, у якіх сэрцы замерзлі…
ёсць магілы, нямыя птахі…


Наваградак наталіў мяне натхненнем і болем на ўсе гады.

У Лідзе я слізгала па роўных вуліцах, як па лёдзе.

У Наваградку я ўскочыла ў глыбіню Радзімы, нібы ў яміну на царкеўнішчы ў родным бары. Гукі акардэона, на якім іграў хлопец з нашай вучэльні Стан Скалабан, як каменьчыкі па паверхні ракі, кінутыя ўмелаю рукою, доўга скакалі па Наваградку і траплялі ў маё сэрца. Тымі каменьчыкамі можна было брукаваць дарогі, якія збягалі з Замкавай гары ў свет. Але хапала камення на старажытных навакольных прасторах, дзе адбываліся вялікія падзеі Краіны спрадвечных крыўдаў, якою кіруюць прыблудныя дыктатары, таму гісторыя яе складаецца толькі з цярпенняў, слёзаў, крыві і папялішчаў…

За гады вучобы ў педвучэльні я так прыдзічэла ад зубрэння, што ў мяне не было ніякіх захапленняў. Дзяўчаты казалі, што я чэрствая. Але я ўжо ўмела хаваць свае пачуцці глыбока ў сэрцы.

Я жыла тады на прыватнай кватэры па вуліцы Гарадзенскай з Аняй Брэйва, сяброўкай з нашай групы. Мы бегалі з ёю на заняткі праз самую высокую горку, унутры якой была раскапаная вялізная яміна, дзе войска вучылася страляць па мішэнях. Мы хадзілі па вузкай сцяжыне каля самага стрэльбішча. Так хадзіў тады ўвесь Наваградак. Мы з Аняй здымалі вялікі няўтульны прахадны пакой і спалі на дошках, на адным цвёрдым шырокім ложку. Кухня ў нас таксама была вялікай, але мы не мелі ніякіх прадуктаў, — перакусвалі хлебам і галадалі.

Наша гаспадыня працавала ў вайсковай часці медсястрой, хадзіла на службу ў вайсковай форме. Калі ў кастрычніку 1956 года ў Венгрыі пачалася рэвалюцыя, наша гаспадыня дадому не прыходзіла, чакала ў баявой гатоўнасці, што яе вайсковая адзінка паедзе ваяваць з венгерскімі студэнтамі. Абышліся без іх тымі сіламі, якія акупавалі Венгрыю ад часу Другой сусветнай вайны. Нам перадавалася трывога гаспадыні, якая ўплывала на наша здароўе, бунтавала нашы дзявочыя галовы: мы тады не разумелі, чаму венгерскіх студэнтаў расстрэльвае савецкае войска.

Вучыцца ў Наваградку было цяжка, таму што на апошнім выпускным курсе памяняліся ўсе выкладчыкі. Я вучылася ў групе зубрылак, у якой было больш за палову выдатніц і ніводнага хлопца. Неяк хлопец з групы «А» даганяе мяне на лыжні на ўроку фізкультуры і кажа: «Выходзь за мяне замуж!»

Ну і напалохаў, бо зрабіў гэта знянацку, не прызнаваўся ў каханні прыгожа, не запрашаў на танцах, не прыносіў кветак, як пра гэта пішуць у кнігах. Проста  надумаўся і так сам з сабой вырашыў…

Я ўцякла ад яго на лыжах і пасля ўцякала, калі ён да мяне набліжаўся. Прасіла дзяўчат на вечарынках, каб яны мяне  баранілі. Дзяўчатам падабалася праганяць чужых хлопцаў, яны стваралі паміж ім і мной жывую тарчу. Хлопец хутка супакоіўся, выбраў сабе дзяўчыну са сваёй групы, і яны пажаніліся.

Стан Скалабан пакідаў у інтэрнаце свой акардэон і часам праводзіў мяне праз тую высокую горку. Дзяўчаты з яго групы палохалі мяне, што ён здраднік, і, відаць, мелі на тое падставы. Ён быў зоркай першай велічыні на местачковым узроўні, бо пад яго акардэон танцавалі ў вучэльні, іграў ён з натхненнем, бо любіў іграць. Побач з ім у іншых хлопцаў не было ніякіх шанцаў заняць дзявочае сэрца…

Тут мушу растлумачыць, што імя Стас у гэтым кутку Беларусі не ўжываюць, а называюць хлопцаў Стасюк, Стаська і Станіслаў. А нашага музыку называлі Стан, каб рыфмаваць імя з прозвішчам Скалабан.

Але ў маім сэрцы быў Адам Міцкевіч. Хто ж мог супернічаць з геніем, з паэтам сусветнай велічыні? Адам Міцкевіч — самы вялікі паэт на планеце… Я гэта цвёрда ведала з роднай хаты са свайго нараджэння…

Тады я ўспрымала Міцкевіча як вясковае наіўнае дзіця.

Я думала, што калі ён пісаў пра тую дзяўчыну, што так сумна грала, што праз тую скрыпачку гусак пагубляла… пра тую сіротку, што ад вадаёму гнала шэрых гусачак да чужога дому… — гэта ён пра мяне напісаў, ад вялікай да мяне любові…

Беларускія словы ён ужываў у сваіх узнёслых вершах без ніякай патрэбы. Я нават думала, што ён іх устаўляе ў польскія радкі з любові да пакрыўджанай усімі мовы, ён прагне яе бараніць…

Здзіўляе мяне яго тутэйшасць і інакшасць, яго глыбокасць, складанасць, філасафічнасць і адначасна прастата, — вясковая прастата, але не прымітыўная…

Геніяльная працавітасць. «Не варта тварыць іначай, як толькі пасля аб’яўлення цудаў»,  — сцвяр­джаў ён.

Паэму «Пан Тадэвуш» ён напісаў за такі кароткі час, што нават перапісаць гатовую паэму за такі час немагчыма… У снежні 1832 года напісаў першую песню. Увесь 1833 год знаходзіўся каля пасцелі хворага сябра, які паміраў ад сухотаў. А ў лютым 1834 года Міцкевіч закончыў паэму…

Адам Міцкевіч паэмай «Пан Тадэвуш» так спаліў свае духоўныя сілы, што ўжо не мог іх узнавіць з часам.

Я шкадавала Адама Міцкевіча, як брата…

Я магла зразумець Гражыну, якая згарэла на стосе, каб не ваявалі паміж сабою Літавар і Вітаўт… Я магла зразумець Альдону, якая памерла з роспачы ў тую хвіліну, калі загінуў яе каханы Конрад Валенрод… Зосю я моцна палюбіла за яе зялёны андарачак і вяночак з валошкаў.

Я магла зразумець Пана Бога, які з любові да жанчын ператварыў іх у зёлкі, у кветкі цар-зелля, каб іх не зняволіў расейскі цар…

Але Марылю Верашчак, якая паддалася волі бацькоў і не выйшла за Адама, або Свіцязянку, якая ўтапіла паляўнічага ў тонях Свіцязі за здраду, — як іх можна зразумець?

28 жніўня 2009 года Павел Мажэйка і Алёша Белы паказалі мне Завоссе. Дуб не дачакаўся майго прыезду, але там, дзе ён доўга трымаў пазіцыю, ад пня адрасла вялікая купіна дубоў. Ціхія хвалі пагоркаў... Каб тут пасадзілі малых дзяцей з вёскі Завоссе, яны з пяску зляпілі б прыгажэйшую сядзібу-музей, чым тое, што тут збудавала дзяржава.

Як праславіць месца, дзе зачаты Паэт, прызначэнне якога — памірыць варажнечу любоўю? Якую хату збудаваць яго бессмяроццю? Ці не будаваць ніякай, а проста чытаць яго вершы?



Вясна сустракаецца з летам на пагорках Наваградка. На цэнтральным пляцы, на замчышчы, пад гарой у парку — усюды канцэрты, гучыць музыка, хоры, капэлы, танцы… Наваградак грыміць і ўздрыгвае ад спеваў і скокаў.

Да кургана Адама Міцкевіча па спіралі ўецца сцяжынка — вышэй, вышэй, аж да вяршыні. Па сцяжынцы карагоды ходзяць і таньчаць, і спяваюць — вышэй, вышэй, аж да вяршыні, а пасля вяртаюцца па той жа сцяжынцы — ніжэй, ніжэй, аж да самага падножжа…

А ў мяне заўтра дзяржаўны экзамен па літаратуры — сачыненне. Шукаю месца, каб не чуць гучнай музыкі. Звычайна я чытаю на сумежку каля жыта за вуліцай Гарадзенскай, але сёння прабіраюся паміж сцяблінаў глыбей. Знайшла латку мураўца, спаднічку сваю скінула, а на яе кінула свае костачкі. Нібы ўцякла ад тлуму. Толькі гэты акардэон з вясёлай песняй «Ціха вода бжэгі рве…» усё роўна далятае ўсюды. Песня простая і вельмі вясёлая, а сярод польскіх словаў ёсць адно беларускае –«жонка»…

Разгарнула кнігу — і не чытаю. Люблю пісаць сачыненні на вольную тэму… Якую вольную тэму мне могуць прапанаваць? Пра шчаслівую Краіну? «Нёман — рака мая хатняя»… Гэта прапанавала б я. Напісала б вершам. Але такі верш ужо напісаў Адам Міцкевіч. Мая хатняя рака — Гаўя, прыток Нёмана. Якая рака, такая ўзрастае на ёй паэтка… І паэтка, і рака — жаночага роду…

А што я ведаю пра Краіну Неманіну? Я і Нёман добра вывучыла толькі там, дзе ў яго ўпадае Гаўя. Бачыла яго ад Морына да Казечына, а ніжэй — каля Дакудава, дзе вуліца сяла спыняецца на беразе Нёмана. Ёсць два Дакудавы: сяло і вёска — з пляцам, царквой, школай і сельсаветам… Нёман каля Бярозаўкі вітаю з акна аўтобуса. Для сачынення на выпускным экзамене замала ведаю нават пра Нёман, які вельмі люблю…

Шукаю ў чыстым прадонні нябёсаў падказку да заўтрашняга сачынення… І бачу: з закасанымі да каленяў нагавіцамі ў плыткім чоўніку па бязмежжы жытнёвага Нёмана проста ў мой бок плыве Адам Міцкевіч. Скідае з плячэй кашулю колеру неба, упрыгожаную фальбонкамі.

— Памый мне кашулю! — просіць вялікі майстра паэзіі.

— Не маю мыла…

Багром зачапіў кучаравую хмарку, скінуў мне пад ногі:

— Гэта пенная хмарка. Памый мне кашулю…

Мыю яго туркусовую кашаміравую кашулю, усю ў фальбонках. Каўнерык асцярожна адціраю зубною шчоткай. Папаласкала ў хвалях Нёмана, павесіла на вярбіну. Кашуля хутка высахла, але той бок, які сох на сонейку, пасвятлеў, а той бок, які сох у цяньку, пацямнеў. Спалохалася я, што змарнавала паэтаву кашулю — мыю другі раз, сушу ў цяньку. Цяпер высыхае роўна. Але ж трэба распрасаваць усе фальбонкі, а вуглёў гарачых няма. Пайшла я да суседкі, якая робіць дзяўчатам хімічныя завіўкі, і пазычыла гарачых вуглёў поўныя прыгаршчы. Засыпала ў жалязка і старанна адпрасавала паэтаву кашулю, а каб не было на ёй святлаценяў, павесіла ў цяньку шафы.

Ноч прамінула. Спевы і скокі замоўклі. І раптам Стан Скалабан… у акенца маё пастукаў зязюльчыным ранкам пасля салаўінага вечара і перапёлчынай ночы…

— Ці высахла мая «шчаслівая» кашуля, у якой мне добра здаюцца экзамены? — палез у шафу і апранае на свае моцныя загарэлыя плечы паэтаву кашулю.

— Гэта не твая кашуля! — абурана кажу яму.

— А чыя?

— Гэта кашуля тутэйшага праслаўленага паэта…

— А мне яна падыходзіць памерам і нават пасуе да твару…

— З другімі дзяўчатамі ўвесь фэст весяліўся, а ранкам прыйшоў да мяне, каб забраць паэтаву кашулю!

— А табе, як слаўнай дзяўчыне, з ранняга дзявоцтва трэба навучыцца доўга быць адной, давядзецца ўсё жыццё некага чакаць — або з вайны, або з гулянкі…

— Я з-за твайго акардэона не падрыхтавалася да сачынення.

— А што да яго рыхтавацца? Ты пра што збіраешся пісаць?

— Пра Нёман і пра паэта Адама Міцкевіча!

— Дзівачка! Каго ты хочаш напалохаць? Ні Нёмана, ні Адама Міцкевіча няма ў праграме. Пішы пра Лабановіча і Ядвісю, герояў Якуба Коласа… Напішаш на «выдатна»…

— Вось што, юнача, табе адкажу я: гэта містычная нават кашуля, і Нёман містычны цячэ краем жыта, у хвалях містычных кашуля памыта…

Каб простую польку наярваць так зычна, не трэба музыку кашулі містычнай. Табе ж падыходзіць любая кашуля, якая сохне на жэрдцы, на шуле, а я не люблю тваёй ціхай вады, у нас з табой, Стан, разышліся брады.

Так, я хачу напісаць сачыненне, сонным, спакойным на абуджэнне, так, падбіраю слова да слова, каб новая думка зайграла нанова… А раптам слабую з мястэчка душу хоць словам задзірыстым разварушу?... Будуць у новым маім сачыненні не факты банальныя — сэрцаў прагненні…

Пакуль ты спяваў мне «Дана, ой, Дана!», я словам Адама зачаравана…

Толькі прызнайся, у каго ты пазычыў сёння ўначы гэты німб таямнічы? Так весяліўся — і раптам замоўк. Хто цябе раптам замкнуў на замок?

Для ціхай згоды і для заробку — будзем мы песні спяваць паасобку… Ты на вяселлях людзей весяліць, я — ў зорным прысаку сэрца спаліць…

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).