№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Гадавіна «Прайдзісвета»
Часопіс перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет» нядаўна адсвяткаваў сваю гадавіну.
Дзень нараджэння дакладна вядомы: 27 траўня 2009 года, калі нарадзіўся ягоны сайт. Год таму ягонае «вакенца» гарэзна абвесціла: «Ці ёсць большы Прайдзісвет, чымся перакладчык? Большы махляр і круцель, крутасвет і штукар? Ён, як праўдзівы майстар-ашуканец, падмяняе чужое сваім, а сам хаваецца ў ценю. Але мы любім гэтыя махлярствы і марым, што наступным разам ён так нас надурыць, што мы й не прыкмецім падману.»
Юлія Цімафеева, адна з кіраўнікоў праекта, прызналася інтэрнэт-часопісу «n-europe.eu»: «Сярод асноўных дасягненняў, якімі нам, «прайдзісветам», можна пахваліцца, варта, па-першае, назваць чатыры тэматычныя нумары, якія цалкам складаюцца з твораў замежнай літаратуры, большасць якіх перакладзеныя адмыслова для нашага часопіса… На нашым сайце прадстаўленыя пераклады больш як 60 перакладчыкаў з 21 мовы свету. Сайт набыў больш самастойнасці і цяпер абнаўляецца практычна штодня. Таксама былі праведзеныя тры конкурсы паэтычнага перакладу. Цягам гэтага года нам таксама ўдалося выйсці, як кажуць, «у людзі». Разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі!» мы наладзілі шэраг літаратурных чытанняў, прысвечаных пэўным мовам, літаратурным плыням, ды і паасобным выбітным аўтарам…
Творы замежнай літаратуры па-беларуску адкрываюць далягляды для беларускіх пісьменнікаў, дэманструюць ім тыя тэмы, якія, магчыма, у іх уяўленні па-беларуску не зусім маглі б існаваць. Ды і перакладзены твор у любым выпадку робіцца здабыткам той мовы, на якой ён загучаў наноў. Навошта нам заглядвацца на чужыя багацці? Давайце ствараць свае!».
Святкаванне першага юбілею стваральнікі і сябры «Прайдзісвета» адзначалі ўрачыстай цырымоніяй, на якой уручалі прэміі беларускім перакладчыкам.







.jpg)













Пакінуць новы каментар