№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Віктар КАЗЬКО: Утрымаць душу!
Хоць кітайцы і гавораць: не дай вам Бог жыць у часы перамен, здаецца, зусім нядаўна нам актыўна даводзілі: таленты абуджаюцца і найбольш ярка і плодна расцвітаюць на пераломе, на стыках эпох — у час крутой змены пакаленняў. Усё старое скідваецца з воза гісторыі, бяруць сілу і лейцы ў рукі маладыя пачаткі.
Мо і таму ў свой час на зломе эпохі малады Аляксандр Фадзееў у адным са сваіх твораў напісаў: «У пакой зайшоў стары гадоў сарака». Крыху пазней, праўда, паправіўся: «гадоў пяцідзесяці». Калі ж увабралася ў сілу і заняло ўладныя высоты ўсё маладое, яркае і таленавітае на зломе і ў росквіце застойнай, як пазней пачалі гаварыць, стабільнасці, адпаведна было яно амністыравана і пасунута: сярэднім узростам сталі 70 гадоў.
Сёння на чарговым, а мо і постчарговым пераломе эпохі ці не большасць нашых літаратараў можна назваць людзьмі сярэдняга ўзросту, а то постсярэдняга. Вось такія вынікі нашай зацягнутай гульні з гісторыяй, часам і ўзростам. Мастацкай гульні ў пацеркі — дэманстрацыя вынаходлівасці нашага розуму, яго здольнасці да самападману. Таму што жывем мы ў час непадробнага самаспакушэння, калі не толькі апазіцыі, але і ўсім нам, усяму народу згодна з найноўшымі ўладнымі пастановамі, дырэктывамі, законамі амаль загадана добраахвотна садзіцца ў турму. I зусім не за нейкія парушэнні, дзейнасць, а нават сумненні! Бо мы вінаватыя ўжо ў тым, што жывем, дыхаем…
Думаю, некаторыя з вас чыталі ў «Новым часе», як прадпрымальнік Мікалай Чарнавус падаваў заяўку ў Баранавіцкі гарвыканкам на дазвол падыхаць дзве гадзіны ў цэнтры горада каля помніка Леніну. Адмовілі, бо гэта парушае артыкулы 2,5,8 Закона аб масавых мерапрыемствах.
Абсалютная абсурднасць, падманная прывіднасць нашага жыцця і ладу вымусілі мяне выказацца. У сучасных гульнях, гульнях беларускіх дурняў і ў беларускага дурня, як пісала ў «жаноцкім рамане з гноем» Аксана Спрынчан, удзельнічаем, вымушаны ўдзельнічаць і мы. У тым і сутнасць «падкіднога»: падкідваць нешта і некаму.
I падкідваючы, наступаючы ці абараняючыся, мы павінны думаць пра тое, што застанецца ўсё ж пасля гэтай высокаінтэлектуальнай гульні. Пра наш стан, хаця б метафізічны пасля заканчэння яе, стан сярэдняга ўзросту і тых, хто падменіць іх у новых гульнях у новага «падкіднога». Як не страціць метафізічнае і сапраўднае, прыроднае і прыроджанае, карэннае і карнявое, дзякуючы чаму беларус спакон веку гуляе амаль з усім светам? Як захавацца і працягнуць сілу і моц нашай наканаванасці, нарачонасці і прызначэння на зямлі?
Амаль пятнаццаць гадоў таму ў часопісе «Дружба народаў» была надрукавана мая аповесць «Прахожы». Надрукавана і надрукавана. Мне заўсёды сорамна перачытваць напісанае мной. У свой час я так і не разгарнуў часопіс. Зірнуў на аповесць, перабіраўшы архіў, якраз напярэдадні нашага пісьменніцкага З’езда. Здзівіўся пасляслоўю Льва Аннінскага. Вось яно, прабачце, скарочанае і без перакладу:
«...После пятилетнего госразвода беру в руки новую повесть Козько с щемящим чувством: родные, ну как вы там, за кордоном? Суверенность гуляет по страницам повести, как кот (кот — это главный герой), сама по себе... На земле перегородок понаделали, а в головах перегородки попадали: все смешалось... С сочувствием слежу, как отделившийся брат пускает в свой новый дом кота... Возврат к природе, к началам, к истокам. По Руссо... В смутное, неопределенное время надо строиться. Есть пристанище, нет пристанища — совершенно не в этом дело. А дело в том, что смута — страшное время. А в страшное время надлежит строиться. Чтобы не свихнуться...
Может, так: звезда Полынь положила конец нашему расширяющемуся свинарнику. А может, наоборот, в самом свинарнике вонь дошла до небес. И Чернобыль — следствие конца, и начало, что по Руссо, что по Дарвину — одно. Однако между началом и концом душу удержать надо...».
«Удержать» душу!
Утрымаць душу! На вялікі жаль, у нашай літаратуры не атрымалася. «Выгнанне» (прынамсі, метафізічнае, па сведчанні крытыка Ірыны Шаўляковай), для беларускага літаратара найноўшае пары — стан натуральны.
Беларускі літаратар, творчае сталенне якога прыпадае на цяперашні этап так званай новай літаратурнай сітуацыі, выгнаннікам не становіцца, а «нараджаецца».
Інакш аб’ектыўна і суб’ектыўна не магло і не можа быць. Выгнанне, вытручванне беларускай душы, беларушчыны пазбаўляе не толькі ў творчасці, але і ва ўсіх іпастасях нашага развіцця і існавання плёну — творчасці.
Апатычны народ цяжарны апатычнымі нашчадкамі. Маладыя творцы больш і часцей збягаюць, знаходзяць прытулак у віртуальнай рэальнасці. А як інакш, калі выгнанніцтва — справа рэальная? I яна сёння ўзаемная: уласцівая літаратуры маладой і літаратуры сталага і постсталага ўзросту. Таму з яе амаль цалкам знікла надзённае, рэальнасць. Альбо тое, што ў наш час называлі грамадскім гучаннем. Найбольш гэта тычыцца, адчуваецца ў маладой паэзіі. Дарэчы, мо таму ў яе сёння пераважна жаночы, а праўдзівей дзявочы твар і столькі гламуру…
Што тычыцца літаратуры старэйшага пакалення — я зноў вяртаюся да Ірыны Шаўляковай: вострае адчуванне яго прадстаўнікамі сваёй «адчужанасці» ў хаосе літаратуры і культуры так званага пераходнага перыяду, на першы погляд, лагічна вытлумачваецца «ўзроставым абвастрэннем, калі мінулае — асабістае і мастацкае (творчае) — успрымаецца больш сапраўдным, больш жывым за сучаснасць. З гэтага пункту гледжання добраахвотнае «выгнанніцтва» многіх старэйшых беларускіх пісьменнікаў паўстае не выракам, а выраем, ратавальнымі ўцёкамі ў віртуальную маладосць ад рэальнага, фізічна адчувальнага нябыту».
Жорстка сказана, вылеплена. Але гэта так, так. I што здзіўляе: такія процілеглыя тлумачэнні двух пакаленняў, як гэтыя процілегласці, супадаюць, сыходзяцца. Сапраўды, чары выгнанніцтва (сапраўднага і метафізічнага) не такія ўжо і «бяскрыўдныя».
I сёння, як ніколі, нам трэба думаць пра шляхі вяртання. Трэба думаць, як вярнуць і «удержаць душу». Як утрымаць душу. Гэта наша, па запавету Васіля Быкава, доўгая дарога дамоў. Да сябе.




















Пакінуць новы каментар