№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Віктар ВАБІШЧЭВІЧ: Свет ілюзорны
Быць чалавекам
Цябе збівалі дзіды лёсу,
Лілася кроў, і ўсё балела.
Над галавой свісталі косы.
А ты быў смелы.
Бясконца вылі завірухі,
І свет ад роспачы хістаўся.
Усе былі ў палоне ў скрухі.
А ты трымаўся.
Усё ад цемравы дзічэла,
Жывых труціў паволі стронцый.
Святло ад болю анямела.
А ты быў сонцам.
І ўсё таму, што ў свеце гэтым
Ты жыць хацеў не ценем нейкім.
Хацеў ты быць патрэбным свету.
Быць чалавекам.
Парадкаванне
Дрэвы. Пакуты. Высокі парог.
Трубіць анёл у знявечаны рог.
Моўчкі на снезе канаюць чмялі.
Гэткімі будзем. Ці, можа, былі?
Зоры. Аляска. Плача пінгвін.
Ранак. Пустыня. Я ў свеце адзін.
Цені злачынстваў. Атручаны звон.
Тропікі. Холад. Пачварны палон.
Падаюць крылы на мокрае шкло.
Кубу і шару каханне прыйшло.
Грушы растуць на цыбатай вярбе.
Месяц — натоўпу. А сонца — Табе.
Недзе растаў на далонях партрэт.
Зерне. Ралля. Вырастае Паэт.
Неруш у пушчы — ззяе неон.
Свет ілюзорны. Не — гэта не сон.
* * *
Свет паранены
Сумнаю птушкай
На ўзбярэжжы адчайна сеў.
Ты яго пашкадуй, пагушкай,
Правядзі па гаючай расе.
Ты яго прытулі,
Не бойся —
Свет наш кволы, нібы дзіця, —
І ў бязмежным сваім хаосе
Знойдзе ён для сябе працяг.
І ў бязмежнай
Сваёй прасторы
Свет навекі забудзе страх,
Не скіруецца ўсё ва ўчора,
І заззяе дабро ў вяках.
І засвеціцца ўсюды шчасце:
У вачах,
У жыцці планет.
І яго ўжо нішто не засціць,
Не звядзе да малых манет.
Ты маленькі,
А свет — бясконцы.
Вось прамудрасць яго табе:
Зберажы ты яго пад сонцам,
І ўратуе Сусвет цябе.
* * *
Далёка,
На абшарах,
Не дасягальных
Нават для чалавечых фантазіяў,
Ёсць галактыка,
Якая хоць у нечым адным
Падобная на нашу;
Ёсць зорка,
Якая хоць неяк
Напамінае наша Сонца;
Ёсць планета,
На якой існуе
Разумнае жыццё
Накшталт нашага.
Няўжо і туды быў пасланы
З выратавальнай місіяй
Сын Божы?
* * *
Мне ў лесе дрэвы шэпчуць словы
Пра вечны бег свайго жыцця,
І той аповед адмысловы
Знаходзіць недзе свой працяг.
Мне дрэвы шчыра расказалі
Пра свой зямны, звычайны лёс,
Пра спеў жыцця і момант жалю,
Пра ўсё, што дзень з сабой прынёс.
У тых прызнаннях праўду ўбачыў
І навучыўся разумець
Цану і радасцяў, і плачу,
І светлых дзён шчаслівых рэдзь.
Я навучыўся ў дрэваў мудрых
Прымаць нядобрае ў жыцці —
Праз цемру зла і холад тундры
Умець разважліва прайсці.
Мне шчыра дрэвы шэпчуць словы
Пра бег дзівоснага жыцця —
Аповед мудры, адмысловы
У вершах знойдзе свой працяг.
* * *
Па зямлі ступаеш басанож,
Па жыцці імчышся бесклапотна.
Не згубіся ў свеце, не здарож,
З прагнасцю выхоўвайся ахвотна.
Колькі дыяментаў на зямлі,
Колькі асалодаў існавання!
Годнымі вякоў няйнакш былі
Людзі ў сваім клопатным чуванні.
Сохамі распісвалі палі,
Ведалі: вясною ўсё ўваскрэсне.
Кветкі распускаліся, цвілі.
А найперш любілі людзі песні.
Нібы продкі, крочыш у вяках,
А вакол машыны і ракеты.
Каб цякла заўжды жыцця рака,
Трэба быць ва ўсім найперш паэтам.
Новы таіцянскі сон
Мне зноў прысніўся востраў мой — Таіці.
Ужо даўно не сніўся перад гэтым.
Зусім не так прысніўся, як звычайна.
Зусім не гэткім ведаў я той востраў.
Чаму Таіці ўбачыў я інакшым?
Магчыма, вінаваты ў гэтым
Наш паэт і мой сталічны сябар
Дапытлівы Міхась, цікаўны Скобла.
Сваім пытаннем,
Што па радыё гучала,
Ён мне напомніў пра Таіці.
І развярэдзіў мне душу.
У сне я доўга бегаў па дарогах:
Усё шукаў знаёмыя пейзажы,
Усё шукаў,
Шукаў і не знаходзіў.
Не бачыў я знаёмых сцежак,
Знаёмых ручаёў,
Лясоў знаёмых.
Мне сустракаліся
Зусім не тыя людзі,
Якіх я бачыў
З самага дзяцінства.
Таіці быў зусім інакшым.
Ён быў зусім не мой.
Былі перад вачыма
Нейкія кавярні
І рэстаранчыкі, і нейкія гатэлі.
І пальмам
Было млосна ад асфальту,
І плакалі яны.
А з імі разам —
Я таксама плакаў.
Я доўга-доўга плакаў на той выспе.
Я ўпершыню заплакаў на Таіці.
У сне было такое ўпершыню.







.jpg)













Пакінуць новы каментар