xxx

/ Васіль ЗУЁНАК: Народзіны праз вякі

/ Васіль ЗУЁНАК: Народзіны праз вякі

* * *

Гарлачык, белая лілея,
На шкле рачнога рукава,
Які ганчар, з якога глею
Тваю красу адштукаваў?

Агледзеў свет увесь падводны,
Трывожачы русалак сны,
Каб матар’ял займець прыгодны —
Такой чысцюткай белізны.

Круціўся вір ганчарным кругам
І з пракаветнай глыбіні,
З прадоння, што чарней за вугаль,
Выводзіў зорныя агні.

З-пад пальцаў белыя пялёсткі
Ўзляталі светла ў ганчара,
Звінелі хваляў адгалоскам,
Нібы акорды ў гусляра.

І ў міг, як музыка застыла
І плёс люстэркам зазіхцеў,
Ганчар сабраў у кветак крылы
І ў неба воблачкам зляцеў…

* * *

Я табун сцерагу,
А ўсе людзі спяць…
О-о-ой!..
Народная песня


Конь маленства начлежным іржаннем
Уварваўся ў мой дзень гарадскі,
Як няздзейсненасць на скрыжаванні,
Як народзіны зноў — праз вякі.

Ты з якой гэта далечы, косю,
Абазваўся, навошта прынёс
Напамін, што было-не-збылося,
Што мой лёс на дарогах растрос?..

Зноў павеяла духам мурожным,
Заклубіўся надрэчны туман, —
Я гады расхінуў асцярожна,
Каб не спудзіць раптоўны абман…

Людзі спяць; мой касцёр дагарае;
Ноч вялікая, як сусвет;
Ветах: быццам хлеба акраец
Мне прыслаў касмічны сусед.

Я адзін на зямлі. І коні
Знаюць гэта, вушамі стрыгуць…
Чуйна слухаюць — і пасёння
Ад напасцяў мяне берагуць.

Косю-косю, назад не прыехаць,
Не вярнуцца, — як знічка, ляцім…
Як трывожна начлежнае рэха
Ўскалыхнулася ў сэрцы маім!..

А была то ўсяго толькі песня —
Нібы плач: «Я табун сцерагу…»
Як мне стала ў самім сабе цесна!
І пазнаць — сам сябе — не магу…

* * *

Калі маўчаць дрэвы —
Гэта не цішыня:
Гэта іх антыспевы
На адыходзе дня.

А мне напамін, тым часам,
Зямны скасаваць настрой:
Застацца з сабою сам-насам —
І ў антысвет з галавой…

Ад гэтай лухты несусветнай,
Ад несусветнай маны,
Ад велічы гэтай ракетнай
І ад «чыноўнай» шпаны…
Ад крымінальных мільёншчыкаў,
Ад кар’ерысцкіх свярбін,
Ад барабаннага пошчаку
Ўладаахоўных дубін…

Вось толькі зашчэпка ў сакрэце:
А што антысвет за цуд —
Ці ён сапраўды ў антысвеце,
Ці ён, выбачайце, — тут?..

Закладнік жыцця зямнога,
У вечнасці дзён не малю,
Хоць іх, як заўжды, не замнога, —
О лес мой, вяртай на зямлю…

Не збегчы ад боскага гневу,
Нікога прысуд не міне…

Я чую, я чую вас, дрэвы!
Ці чуеце вы мяне?..



Ісламскі матыў

Вучоныя мусульмане
Кажуць, што той угодны
Алаху, хто ў мудрым Каране
Шукае сэнс першародны;

І той у Алаха не лішні,
Хто моліцца аб дараванні;
А трэці — каго Усявышні
Слухае з замілаваннем.

Трэці — пявун галасісты:
Певень. Нябесны, канешне, —
Нашых, зямных, вакалістаў
Бацька духоўны, бязгрэшны.

Бялейшы за снег той певень,
Пярынкаю кожнай ззяе,
І песні яго з утрапеннем
Туруе капэла зямная.

Калі ж ён аднойчы змоўкне —
Гэтак Алах пажадае —
То зробіцца ў голасе смолка —
І нашы не заспяваюць.

Знямее ўсё, і для свету
Дзень той апошнім будзе…
Шмат у іслама сакрэтаў.
Слухайце пеўняў, людзі!..



Апошні перадзел

Тым і жылі народы,
Што нешта дзялілі заўсёды, —
За тое Ўсявышні не судзіць:
— На тое яны і людзі…

Дзялілі ваду і сушу,
Дзялілі багоў і душы,
Дзялілі шляхі і дарогі,
Парады і перамогі,
Дзялілі святых і д’яблаў,
Дзялілі разладу яблык,
Дзялілі мужчыны жанчын,
Дзялілі жанчыны мужчын…

Ад звады людской і сваркі,
Здаецца, стаміліся й Паркі
І ўжо дапрадаюць кудзелю…

А мы — усё дзелім і дзелім…
Дзяльбе — не чакай дарма! –
Здаецца, й канца няма…

Нарэшце, у спрэчцы татальнай
Падзел наступіў віртуальны.
Падзел, як Патоп, — сусветны:
Апошні, няўпрошны, бязмэтны…

І што ж мы на гэты раз
Дзелім?
— Прастору і час…

Агонія сэнсу зямнога:
Нікога — нікому — нічога…

* * *

Было: карпеў — але чаму
Мой верш гаркотная няўдача
Падсцерагала, і яму
Я спачуваў знямелым плачам?..

Цяпер даўмеўся: ён не мой –
Ён быў чужы, ён быў прыёмны,
Ён жыў чужою галавой
І ў дамаганнях быў нястомны.

То партыя, то правадыр
Яго зацята дыктавалі,
І на зубах рыпеў, як жвір,
Харэй, а ямбам запівалі…

Мой верш, цябе я праклінаў, —
І ўсё ж чагосьці — а дамогся:
Душу сваю не распранаў,
Не прадаваў, маўчаў у злосці.

Ну што ж, няхай не перамог
Нікога ў гэтай паняверцы —
Але душу сваю збярог
І не аддаў на згубу сэрца…

* * *

Можна здзяцінець, ды нельга прайсці
Ад старасці шлях да дзяцінства, —
Жыццё адно нам Бог адпусціў
З дзяцінствам — боскім гасцінцам…

Не дадзена й двойчы кахаць у жыцці
І гэтак жа — быць каханым, —
Усё астатняе можа ўзрасці
Толькі ўспамінам ці самападманам…

* * *

Мы — у цэнтры, не на ваколіцы, —
Гэта нас і сагнула, відаць:
За Украінай — казацкая вольніца,
Нам жа трэба ўсіх прывітаць.

Тут шляхі з Усходу і Захаду,
Поўнач з Поўднем сустрэліся тут…
Свайму святу пад нашымі дахамі
Замаўляюць чужынцы салют.

Мы жаданых — частуем чаркай.
Набрыдзь — лезе сама штодня…
І няма ў нас крыві янычарскай, —
Першародная чысціня…

А таму і адбіцца не можам, —
І з паклонам, з паклонам усё,
Як Пясняр гаварыў, на свет Божы
Сваю вечную крыўду нясём.

І нікому не замінаем,
І сваё гатовы ўступіць, —
Талерантнасць…
І дзе, не знаем,
Талерантнасць тую ўтапіць…

* * *

Адыходзяць сябры, адыходзяць,
І нікому гэта не шкодзіць,
Застаюцца зласліўцы жывыя,
Нібы вечнасці вартавыя.

Застаюцца, хаваюць з ахвотай, —
Пахавальная ў іх работа
І пахвальная: цела на вынас!.. —
Ды схаваць, каб назад не вылез.

Ды хутчэй! — не цвяліў каб уладу,
Каб уладзе не псуў фасаду.
Каб з салютам і маршам — па-ўзводна! —
А галоўнае — не прынародна.

Так, як Пушкіна: па этапе,
Пры жандарскім і конскім храпе…
Каб ва ўсім быў строгі парадак:
Колькі слоў, колькі слёз — па раскладу.

Каб, крый Божа, не перахвалілі
І падзякваць каму — не забылі…
Каб захлёбваліся ў замілаванні:
— Ах, якое было пахаванне!..

* * *

«Храни меня, мой талисман»…
Якім ён быў, ахоўнік тайны?
Каго маліў паэт апальны
Адпрэчваць здраду і падман?

Хто струны вешчыя кранаў:
Ці знак які, ці рэч-драбніца –
Пярсцёнак? Дзевы завушніца?..
Хто знае!.. Пушкін толькі знаў…

І мне ён шэпча: праз вякі
Паэта дух праносіць тайну,
Наспех — разгадкаю звычайнай —
Не адамкнуць яе замкі…

І талісман — нібы сусвет,
Скалапсаваны ў кропку тую,
Вам грэшную, а мне святую, —
І ў тым, бадай, увесь сакрэт.

Ці ўсмешка сонца праз туман,
Ці першы снег на чорнай глебе,
Ці хвалі спеў, ці зорка ў небе?.. —
«Храни меня, мой талисман»…



Сніцца сініца...

Сніцца сініца. Штоночы
Сніцца — зімы сястрыца,
Як быццам сказаць што хоча,
Ды агалоскі баіцца.

А я не магу здагадацца,
Таму й не магу суцешыць.
Колькі ж ты будзеш гайдацца
На ветры, блакітны арэшак?

Як раскусіць тваю тайну,
Як разгадаць таямніцу:
З краіны якой віртуальнай
Ты прылятаеш, сініца?

Дзе ты жывеш, дзе гняздуеш
З песенькай сціплай і шчырай,
Дзе сваіх дзетак гадуеш,
Дзе твой далёкі вырай?

Ці я нагадаў абліччам
Той згублены май далёкі,
І ты душу маю клічаш,
Бо сумна тваёй, адзінокай?..

У свет які на світанні
Ты адлятаеш, сініца, —
Неразгаданаю тайнай,
Каб зноў прыляцець і прысніцца?..

 #
На нашей доске объявления http://donlife.ru каждый желающий может разместить своё объявление, а все остальные прочитать.
 

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).