№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Васіль ЖУКОВІЧ: Маё вясновае замежжа
НА ЗЯМЛІ САДОЎНІКА
Цыкл, прысвечаны
Карлу Пфаншцілю
* * *
Райскі край
працвітае пад сонцам на свеце:
Там нідзе не валяецца смецце;
Не адвесці вачэй ад вясновага поля —
Поле роўнае ўсё, нібы столік;
Там у норме прыгожыя ўчынкі і рэчы
Незнаёмага
людзі вітаюць пры стрэчы, —
Гэта ёсць зямля Х э с с э н.
Там у крамах
не пахне ніякай нястачай —
Мора вопраткі,
гожай і таннай,
дзіцячай;
Там у парках — разумныя дзецям забавы.
У дарослых — імпэт,
месца першае — справам.
Процьма там і праблем,
грэшным людзям знаёмых.
Падзяліць найскладаней маёмасць.
Гэта ёсць зямля Х э с с э н.
28–30. 04. 2010
* * *
Я хадзіў па чароўным садзе,
А быў красавік у разгары,
І якраз прачыналіся кветкі,
О, яны усміхаліся сонцу,
Кожная — запаветным цветам!
Іх было шмат, мілых ды сціплых,
Што трымаліся маці зямлі.
Я ступаў асцярожліва,
Каб, крый Бог, не пакрыўдзіць якую.
Там цвілі экзатычныя дрэвы й кусты —
Ад раскошных японскіх вішняў
Да ружовых і белых магнолій.
Я ў тым садзе быў госцем,
Вольна водарам дыхаў
Пасля доўгай стамляльнай дарогі.
Калі ўбачыў садоўніка з сынам
За напружанай цяжкаю працай,
Раптам сорамна стала:
Я адчуў сябе трутнем знянацку
Сярод пчолаў, што мёд здабываюць.
18. 04. 2010
* * *
Колькі дзён мне паказваў садоўнік
Сёе-тое з багацця слайдаў —
Сваёй роднай зямлі краявіды,
Поры года ва ўсёй красе фарбаў,
Узрушальныя эпізоды,
Не, імгненні з жыцця прыроды:
Краска, грыб, матылёк сінякрылы,
Мятлік у фантастычным інеі.
Я цяпер зразумеў, што садоўнік
Нездарма назваў сына: Florian.
18–19. 04. 2010
Фульда
Гід распавёў ласкава мне,
Чым Фульда знакамітая,
Наколькі тутака ў цане
Індустрыя развітая.
Я чуў, пра ўсё як распавёў
Ён з гонарам у голасе,
А сэрцам слухаў салаўёў
Я ў індустрыйным горадзе.
20. 04. 2010
* * *
Яблыня ў бела-ружовым цвеце.
Пакалыхвае ласкавы вецер
Вецце.
Я прайшоў-праехаў многа свету,
Ды нідзе не бачыў столькі цвету.
Цвету.
А яго так шмат, што гнуцца голкі.
Тут шчыруюць чмелікі і пчолкі.
Пчолкі.
У іх звоне столькі мілай моцы!
Як шкада: яго не чуе Моцарт!..
Моцарт.
28.04. 2010
* * *
У садоўніка дзень нарадзінаў —
Шостага траўня,
Калі ўсё яшчэ процьма работы;
Так зямельку вясна абудзіла,
Што паўсюдна паспець немагчыма,
Памагаць неадкладна трэба
Кветкам, кусцікам, дрэвам!
Цяжка яму, калі ім, жывым, дрэнна.
Не прыпомніць садоўнік старанны,
Калі ён святкаваў сваё свята.
Зрэшты, хто калі бачыў,
Каб святкавала пчала.
27. 04. 2010
* * *
У краме моднае вопраткі
Сімпатычная немачка,
З якой я разлічваўся
За прыгожыя рэчы,
Так нязмушана весела
Гаварыла па-руску
Сваё «До свидания»,
Што ў мяне словы-ластаўкі
Мігам выраслі:
«Saqen Sie bitte: Да пабачэння».
І яна паўтарыла за мной
Чыста-чысценька: «Да пабачэння»
Ды з такою прыгожай усмешкай,
Што я ледзь не прамовіў:
«Ich will dir kussen!»
Ах, няхай бы прамовіў!..
Што б яна адказала?
19. 04. 2010
* * *
Садоўнік сардэчны
Прамовіў аднойчы:
«Добраму сэрцу
Дрэнна заўсёды».
Калі процьма працы
Ў садоўніка ў садзе,
Гасцям ён паказвае
Франкфурт-на-Майне.
Ён быў там, вядома,
Кіроўцам і гідам, —
Стараўся гасцям даць
Паболей уцехі.
Вярталіся з песняй
Шчаслівыя госці.
Садоўніка ж дома
Чакаў хворы хлопчык.
І як ні спяшаўся
Садоўнік сардэчны,
Да лекара сына
Спазніўся завезці.
І мне падаліся
Крылатымі словы:
«Добраму сэрцу
Дрэнна заўсёды».
22–23. 04. 2010
* * *
Дзякуй табе, садоўнік,
За гасціннасць тваю,
За ўтульны пакой і ціхі
І за бярозку ў акне,
Модніцу, у завушніцах,
За прыгажосць краявідаў —
Блізкіх вандровак дарунак.
А словы твае, а ўсмешкі,
З іх сонечнаю цеплынёю,
Я павязу з сабою
Цераз дзяржаўныя межы —
У родны май беларускі.
21. 04. 2010
СУСВЕТНАЯ ЗНАКАМІТАСЦЬ
Барыс Кіт
Да сотых угодкаў
слыннага беларуса
Ведаю Кіта навукі
Акіянскай глыбіні.
А жыве з ім дух свабоды
Светлазорнай вышыні.
Праз крывавае стагоддзе
Як ні вёў суровы лёс,
Да радзімай Беларусі
Чалавек любоў пранёс.
Уцякаў ад зла людскога,
Сам ратуючы людзей;
Мае чыстае сумленне:
Шкоды не чыніў нідзе.
Бог яго узнагародзіў —
Шлях адкрыў, і волю даў,
І гадоў яму, гадочкаў
Больш як сто падараваў.
Не здзіўлюся, калі ўбачу
Веснавым ласкавым днём:
Кіт сусветнае навукі
Пачуваецца арлом.
Красавік 2010
Жывое ўражанне
Сто першы стрэў гадок
Цудоўны наш Зямляк,
Прыветлівы дзядок,
Рухавы, як юнак.
На міг пакінуў гмах,
Ад радасці цвіце,
Спусціўся, нібы птах, —
Сваіх спаткаць гасцей.
Прыязны, быццам брат, —
Гарыць вачэй святло!
Уразіць вас наўрад
Ягонае жытло.
Тут, у зямных вірах,
Хвалюе што каго,
Мяне — ягоны шлях
І кнігі пра яго.
Я з радасцю чытаў
Пра космас адкрыцця,
Якому ён аддаў
Зеніт свайго жыцця.
Радзімы нашай сын,
У сэрцы з ёй жыве.
Калі ён і адзін,
То з ім — вялікі свет.
Успомніць мае што,
Бо не забрала цьма!
Яму гадоў за сто
Далося нездарма.
22–23. 04. 2010
Ён павярнуў свой лёс
У Франкфурце-на-Майне
Прафесар знаны Кіт жыве,
Вучоны дужа дбайны
І добры чалавек.
Стаіць на трох кітох ён —
Сумленні, розуме, любві,
Перад людзьмі нітрох
Душою не крывіў.
Як доля ўратавала
Ад смерці у вайну,
Ад сталінскай навалы
Свой лёс ён павярнуў.
Не жоравы, не гусі
Лятуць высокай чарадой:
Пад трыццаць год — на Беларусі,
За семдзесят — па-за мяжой.
Ёсць у навукі донар
Сусветнай — наш Зямляк,
Нам, беларусам, — гонар,
А справе — клічны знак.
19–21. 04.2010







.jpg)













Пакінуць новы каментар