№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Валер САНЬКО: Цярпець можна. Не да бясконцасці
Летась абмежаваным накладам выйшла кніга Валера Санько «Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах». Прадмова да кнігі, якую ў скароце прапануем увазе чытачоў, тычыцца не аднаго аўтара — усёй беларускай літаратуры. Верым, узнятыя праблемы закрануць аб’ектыўнага чытача.
Захапленні аўтара — проза (сем кніг), лячэнне травамі (тры кнігі), прыкметаўства, абярэжніцтва (дзве кнігі).
...— Думаяш, у вас там лепей, у Мінску, у тваёй пісаніне?.. — зсек гадоў з трыццаць таму мяне бацька (Скуцэня Мікалай Мікітавіч, айчым). — Тое ж балота. Яшчэ й тхлое.
— Я вам нічога не казаў…
— Маці павядала... Вам, з расчыненымі вачыма, яшчэ цяжэй і здушней, чым нам. Маці праўду кажа: кінь ты ўсю пісаніну. Лягчэй жыць будзеш, — нечакана раіць мне бацька.
Умешваецца маці:
— Ты няшчасны, бо кінуў медінстытут. Быў парторгам курса, угаворвалі не адлічвацца, а ты заўпарціўся. Вось і ясі адмовы за адмоваю…
Вывад дарагой матулі нечаканы, здаўным-даўны, надта часта выказваны:
— Кідай пісаніну, га… Чаго табе мучыцца? Ні дня вольнага ў цябе, ні ночы. Кідай, га?..
Бацькі паўзіраліся ў мяне, замоўклага, штосьці не спадабалася, збавілі тону:
— На ўшчункі нашыя не зварачай увагі. Адно ведай: цярпець прыціск можна; не да бясконцасці.
Першае маё апавяданне надрукавана ў Баранавіцкай раённай газеце ў студзені 1958 года. Аповесць «Камандзіраваныя» змясцілі ў беларускай маладзёжнай газеце «Чырвоная Змена» ў 1964-м. Усяго надрукавана чатырнаццаць аповесцяў, пяцьдзесят дзевяць апавяданняў. У тым ліку ў газетах — восем аповесцяў. Асобная кніга прозы ў дзяжлітструктурах так і не з’явілася. Ні адна. За пяцьдзесят гадоў.
За трыццаць два апошнія гады ні адзін мой літтвор не выйшаў у дзяржлітвыдавецтве, дзяржлітчасопісе. Аўтар не так прабіваецца? Дрэнна піша?
Тут мы сустракаемся з адваротным бокам так званага літаратурнага працэсу. З элементарным беларускім самаедствам — раз, з дзяльбою на сваіх і чужых, землякоў і неземлякоў — два, з пустазвонствам, грызоццем, зацінлівасцю літслужкаў — тры. З густаўшчынаю і фанабэрыяй тых, хто пры хлебнай лусце — у выдавецтве, літчасопісе. Кожны з іх пэўніцца малавінаватым у любых скаргах любых аўтараў, а то і зусім пачуваецца невінаватым. А ў цэлым гэта не так, безумоўна. Беларускія невінаватаўцы падводзяць установу, пісьменніцтва, культуру, дзяржаву.
У перабудовачны час у незалежнай Беларусі ціхае далікатненькае літсамаедства працягваецца. Нават абвастрылася з-за чарговага беларускага глупства, нявыгаднага дзяржаве і народу падзелу пісьменніцкага Саюза на два. Адзін пісьменніцкі лагер зажадаў выдзеліцца з старога Саюза, заснаванага Купалам і Коласам, намерыўся даказаць, што лепей піша, мацней любіць народ, зямлю, парадкі.
Даказаў?
Бе-е-зумоўна. Літшэдэўраў адразу стала мноства, еўрапейскіх перакладаў з беларускай пабольшала ў разы?!
Фактычна нішто не змянілася, а аддзяленцы, нібы сляпыя, звоняць, звоняць, звоняць. Толькі па кім? Хоць бы звон быў не па саміх аддзяленцах і цярплівым народзе, няўважнай да выстаўленняў такіх шустрыкаў уладзе…
Перавылежваюцца ў «Полымі» і «Маладосці» мае аповесці «Воўка ты знойдзеш на сваю шыю» і «Карыды вогненныя іскры», думаецца, менавіта з-за літпадзелу. У прыўдзяржаўленых літустановах ідзе патаемная дзяльба дадаткова і па гэтым ракурсе: наш Саюз пісьменнікаў — не наш.
Аддаць твор у недзяржаўны беларускамоўны часопіс зноў-такі не выпадае. Іх няма. Праўдзівей, ёсць на Беларусі адзін — «Дзеяслоў». Там свая чарга, на гады. Лёс адхіленага ў «Дзеяслове» апавядання «Агні Алімпіяды» — яскравае сведчанне…
…Нямногія з цяперашніх беларускіх паэтаў і празаікаў моваю памагаюць торыць дарогу нацыі. Мала хто з іх выпакутоўвае сюжэтавую разнастайнасць і змест, паказвае веліч і шырыню, рознафарбнасць і чарадзейства вялікай беларускай мовы. Рабілі і робяць гэта Аркадзь Чарнышэвіч, Рыгор Шкраба, Янка Брыль, Павел Сцяцко, Іван Мележ, Ніл Гілевіч, Янка Скрыган, Рыгор Барадулін, Алесь Каўрус, Ніна Мацяш, Мікола Лобан, некаторыя іншыя, а ў асноўным у белліттворах і крытыцы найперш высвечваецца стараннасць і пот, зададзенасць і каструбаватая местачковасць, школьная прыгладжанасць мовы. Пра шматлікае калькаванне і перайманні нават не кажу.
У большасці беларускіх аўтараў адзін крытэрый — надрукавацца, чым хутчэй надрукавацца.
«Паэты не паміраюць», — сказаў Леанід Галубовіч пра Васіля Гадульку і Васіля Сахарчука, затраўлены нераскрыты лёс якіх шмат у чым тыповы для Беларусі. Можна дадаць сюды Алеся Бабіцкага, Міколу Купрэева, Віктара Говара, Уладзіміра Лісіцына… На жаль, паміраюць не толькі паэты. Сыходзіць вадою ў пясок творчасць многіх беларусаў.
На адной Салігоршчыне за дваццаць гадоў (1976–1996) заяскравілі звыш дзесяці літаратараў. Спрабавалі пісаць літаратурныя творы і не раскрыліся. «Прычынаў шмат, аднак і не адменіш рэдакцыйнае літаратурнае абыякаўства», — пісаў колішні рэдактар «Калійшчыка Салігорска» Аляксей Восіпавіч Кур’ян, аўтар некалькіх кніг, у тым ліку прозы «Соль надзеяў нашых» (1996).
Гарняк Леанід Якубовіч, Анатоль Дубоўскі, тэхнік-будаўнік Валянціна Міклашэвіч, інжынер-механік Збігнеў Радабельскі, цясляр Аляксей Міклашэвіч, настаўнікі Марыя Мацюкевіч, Іван Раманенка і Анатоль Крывіцкі, журналісты Анатоль Блахін, Уладзімір Коўцік, Феафан Раманоўскі, Мікалай Лойка, Наталля Паўлюц... — яны зазначыліся за два дзесяцігоддзі на адной Салігоршчыне. Усюды парасткі ўзыходілі, у астатніх раёнах Беларусі таксама мноства талентаў. Адзінкі прабіліся праз жвіровы гнёт плітавай шэрай мінскай рэдакцыйнасці, жыццёвых няўладкаў, дзяржаўнай абыякавасці.
Ва ўсім свеце літаратарам/пісьменнікам прызнаецца чалавек, які надрукаваў дзве кніжкі не за ўласныя грошы, не ў сваім выдавецтве. У роўнай нам па насельніцтву Швецыі пісьменнікаў амаль у дзевяць разоў болей. Кожнаму дзяржава дапамагае…
…Любіць чалавеку Бога немагчыма без малітвы Яму, любіць літаратуру без любові да яе творцаў, якога б рангу ні былі — пустое, труны павапнаваныя. Як жа нашы ветліваўчыкі папіскваюць у дзяржлітустановах, калі не могуць распазнаць пісанае праз слёзы і адкрыццё неба, звязанае з Тымі патокамі, на аснове чаго асмельваюцца валакіціць і адвяргаць вартнае? Не перажываюць. Пры нагодзе ў іх апраўданні: кожны з іх слабенькі, маленькі, ён хоча дабра.
Каму вы хочаце дабра, не ведаю. Толькі не беларускай літаратуры, не люду беларускаму, не дзяржаве Беларусь. І не самім сабе…
…Усюды абараняю беларускую літаратуру і яе падзвіжнікаў, славутых і неславутых аўтараў, і цярпець не магу многіх мяккіх да размазельства ветліўцаў у часопісна-выдавецкіх структурах. Там, на каго ні паглядзі, з кім не загавары, усе мяккія, трымаюцца талентамі, дабракамі. А пакінь рукапіс — і ствараецца ўражанне, што яны сядзяць там, толькі каб не згадзіцца з аўтарам, уставіць свае «не», «я думаю іначай».
Думай інакш, адно не навязвай сваё аўтару і яго старонкам. Не змушвай пагаджацца з тваёй найкаштоўнаю мыслішкаю, перажытым і ўведаным менавіта табою. У герояў аўтара свой лёс, не мні іх пад сябе.
Сорак восем гадоў хаджу па рэдакцыях. Апошнія гады не столькі для карысці сабе, а каб яшчэ раз пераканацца ў нязменным пастаянстве беларускіх райшчыкаў, тузачоў, дарадцаў, памочнікаў. Згледзеў нязвычны дыялект, няўжыўны ў ягонай вёсцы ці мястэчку, не знойдзены ў стандартным слоўніку, і хоча перарабіць твой, заадно ўдасканаліць канструкцыю тваёй фразы.
Як для рымлянцаў кельты, венеты, анты, германцы, скіфы… былі варварамі, так для многіх гарадскіх і напаўгарадскіх беларусаў, кніжных ведкаў мовы, любое народнае слова непрыймальнае. Ён не ведае, а значыць: чытач не зразумее. Ты за сябе не ўмееш турбавацца, ад карыта лыч адарваць не можаш, не начальніку, а яго дзесятаму памочніку «не» сказаць не долееш разочак у жыцці, — а ўжо пра чытача турбуешся. У дыялектах сіла мовы. Яны крыніца мовы.
«Мы б хацелі; чытач не зразумее; не той час; не трэба вострая крытыка; папраўце вось гэта; сакратар сказаў у прамове, ён меў рацыю; цяперашняя пяцігодка (год) цяжкая, не трэба мінусаў шмат; прыйшоў у цэка Іван Іванавіч, у яго характар, даў усім накачку, нельга сярдаваць… У адміністрацыі… Ну як жа, мы раім…». І так да бясконцасці, з году на год, з дзесяцігодкі ў дзесяцігодку. Людзі мяняюцца, словы, матывацыя, сэнс навязваных парадаў — нізашто.
Перад табою ляжыць літаратурны твор, выгабляваны прафесіяналам, адпрацаваны, выгаратнены. Часопіс не твой, не прыватны, чаго лезеш тэкст правіць? Хочаш канструяваць — пішы свой твор, выпраўляй, дадавай... — «Не, вы падумайце. Мы маленькія людзі, перадаём, нам сказалі…».
...Агідзела ўсё. З намеснікам рэдактара «Маладосці» Алесем Наварычам сузгаднілі ў 2007 годзе ў аповесці «Карыды вогненныя іскры» кожны радок і коску, знялі няўзгодкі (апрача адной), — а твор як ляжаў нярушна ў «Маладосці», так і ляжыць. Тры гады. Трэйці раз грукаю я ў гэтыя дзверы «Карыдай». Ляжыць і апавяданне «Іскры Алімпіяды»
Тое ж у «Полымі». Чацвёрты раз грукаюся з аповесцю «Воўка ты знойдзеш на сваю шыю». Здаў зноў, у красавіку 2006. Наступіў сабе на горла, улічыў асобныя заўвагі стараннага і прынцыповага рэдактара аддзела Анатоля Зэкава. Ляжыць, чацвёрты год.
…Некалі даўно (1966—1972) працаваў уласным карэспандэнтам «Звязды» па Магілёўскай вобласці. Рэдактар «Магілёўскай праўды» праўдалюбец Васіль Яўхімавіч Цітавец прачытаў аповесць, сказаў коратка: «Сціснеш да паласы — надрукуем. Мы газета, у нас свае памеры».
Дванаццаць старонак «Ваўка», вялікая газетная паласа (07.3.1969), вы клікалі станоўчы рэзананс — пісьмы, званкі, размовы. Ста-ноў-чы-я. І праект пастановы бюро абкама партыі: «Областная газета поместила идеологически вредный рассказ. Автор В.А.Санько политически незрел».
У жыцці, на шчасце, вырашае не адзін чалавек, які б заможны ці пасадны ні быў; вяршэнства ў Наймагутнага, Усебачнага, Найдобрага, перад Якім любы з двуногіх, доктар навук ці жывёлавод, генерал ці настаўнік, мільённая доля казюркі.
Не прынялі на бюро адмоўнага рашэння. Не знялі В.А. Санько з працы. Глеб Аляксандравіч Крыулін, першы сакратар абкама КПБ, не беларус па нацыі, а бурат, быў, царства нябеснае, мудры чалавек. Пры ўсіх мінусах камсістэмы добрых і справядлівых людзей тады было нашмат болей, чым абмежаванцаў. Хоць тупакі цяпер і плешчуць абы-што на ўсё мінулае, усіх былых.
У недзяржаўным выдавецтве «Ваўка» ў 1993 годзе надрукавалі. Хто аповесць бачыў, ведае? Амаль ніхто. Бо ў бібліятэкі, у тым ліку школьныя, ідзе літаратура ў асноўным з дзяржаўных літустаноў.
Дык што, чакаць злітасціўлення Мятліцкага, Баравіковай і падобных? У чэргах выстойвацца?..
За сорак з лішнім гадоў усе чэргі я выстаяў. Намаўчаўся. Няхай цяпер народ убачыць розум/няпраўду беларускіх літацэншчыкаў, належна ацэніць тармажэнні.
«Воўк» не для носа Міколы Мятліцкага. Рэдактар «Полымя» не чытаў яшчэ аповесці, а ўжо дае распараджэнне ў аддзел — «вярніце аўтару».
…У рэдакцыях беларускіх газет, дзе паменей зашоранасці і літаратурнай прадузятасці, дзе рукапіс хутка ацэньваюць па зместу, сюжэтавых разгалінаваннях, моўных якасцях, маім творам, каб не сурочыць, лепей шанцавала. Надрукавалі восем аповесцяў. А ў літаратурных дзяржаўных канторках? Толькі адну, здаўным даўно. («Маладосць», 1977, №6).
За трыццаць з лішнім гадоў, за паўсотню зваротаў усяго адзін раз Іван Пташнікаў (у «Маладосці» і «Полымі») даў пісьмовы адказ. Па маім настаянні. Смехатура. Пра твор, сюжэт, характары нічога не сказаў, ганіць і крытыкаваць не мог, назваў асобныя неўпадабаныя яму дыялектныя слоўцы. Гэта літаратура? Прычына падчыстую адвяргаць твор?
Сорак восем гадоў здзекства! (Ой, што я кажу, трэба здзекаў, здзекніцтва, слоўнічак гэтага слова не дае). Цярпець пакуты можна, не да скону.
Слава перабудове! Слава хоць невялічкай беларускай незалежнасці! Беларускі аўтар цяпер можа надрукаваць твор у незалежнай структуры. Праўда, за грошы спонсараў ці сваякоў.
Вераемна, настаў час пацікавіцца, а суддзі хто. Дапраўды, скажа некаторы дапытнік, дайце факты няправільнасцяў рэдагавання ў дзяржлітструктурах, на якія прама і ўскосна коціце бочку. У чым вінаваціце, каго канкрэтна.
Аўтар абараняе сябе і вядома ж забольшвае свае плюсы. Ніхто ў дзяржлітрэдкалектыве не хоча нашкодзіць яму асабіста ці яго твору. Тут прафесіяналы высокага ўзроўню, чуйныя да мовы і стылю. Умельцы правяць/рэдагуюць толькі для паляпшэння.
Згодны. Давайце разгледзім усяго два эпізоды. Пачнём з большага, найболей кідкага, усім бачнага.
Першы беларускі часопіс усе гады заслужана адзін — «Полымя». Яго рэдактар не абавязаны быць добранькім, усім спачоўным. Але рэдактар першага літаратурнага часопіса дзяржавы Беларусь ва ўсе часы — гросмайстар стылю, логікі, аргументацыі.
Ужо шмат гадоў палымянцаў узначальвае Мікола Мятліцкі, паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Разгледзім яскравыя выстарванні ўмельца толькі па адной кнізе.
Далёка хадзіць не будзем. Возьмем выдатную па фактуры і сур’ёзнасці падачы матэрыяла кнігу «Прайсці праз «зону» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 1996). Адзін з двух яе рэдактараў Мікола Мятліцкі. Другі рэдактар таксама прафесіянал, сталы выдавецкі супрацоўнік, безумоўна, таксама найшырока вядомы празаік Іван Канановіч.
Разгледзім два творы, якія М.Мятліцкі у кнізе не проста адрэдагаваў, а сам пераклаў. То бок у працу ўклаў агонь душы і сэрца боль, усе веды і высілкі. Матэрыял Івана Кеніка «След катастрофы» (с. 433 — 445) і Васіля Несцярэнкі «Горкая праўда аб выніках Чарнобыльскай катастрофы для Беларусі» (484 — 497).
Пераклад Мятліцкага — найгоршае прыніжэнне, утоптванне ў гразь мовы беларускай. Мятліцкі сядзеў (пардон, працаваў рэдактарам) у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ўжо трынаццаць гадоў, да гэтага ўвіхаўся ў газеце «Літаратура і Мастацтва». Слана навучаць танцаваць за тры-чатыры гады, а тут трынаццаць… Над шэдэўрамі яго пераклада парадуемся, заплачам або станем плявацца:
…вырабляемага абсталявання (с. 458) — Выраблянага, вырабленага, робленага, зробленага нельга, толькі праз –емага (бліжэй да рускай);
адбыўшайся аварыі (с. 464) — Не былой, не адбылай, прапусціць зусім гэтае каравае слова, даць проста аварыі, горшы варыянт — якая адбылася, а менавіта адбыўшайся;
адпрацаваўшага паліва (с. 485)…
Далей шмат-шмат такога ж.
Тым не меней менавіта так на Беларусі перакладаюць і друкуюць. Прапускаюць выродства на старонкі. Даюць зачэпку сапраўдным нядобразычліўцам гнюсіць беларускую мову і літаратуру, а няўмекам і нездарам пераймаць нягегліцу, лічыць калі не ўзорнай, то дапушчальнай. Як жа, аўтарытэты не памыляюцца. Далі штуршок, а паслядоўнікі ўжо пішуць, нармуюць — прычын, зацверджан, асаблівасцей, меж, месц, мінут, глеб, хуткасцей… Руйнуюць мову, а значыць нацыю, цярплівы народ.
Можа ў «Полымі» і «Маладосці» выпадкова памыліліся? Прачытаную парадкоўна з намеснікамі рэдактара «Маладосці» Алесем Наварычам аповесць «Карыды вогненныя іскры» рэдактар Раіса Баравікова, дапусцім, не хоча друкаваць. Тым болей ужо выказвалася: «Мы сталых і пажылых стараемся не друкаваць».
Дык не валакіць… Пісьмова аргументуй, чаму чатыры гады В.А.Санько «ляжыць» у запасніках — і вяртай заказным пісьмом даўно адобраныя апавяданне і аповесць.
Паўтарай шлях «палымянца», які таксама чатыры гады не пушчае практычна без матывіроўкі аповесць «Воўка ты знойдзеш на сваю шыю», дэталёва тройчы прачытаную рэдактарам Анатолем Зэкавым.
Перад вамі, часопісна-выдавецкія, ніхто не выпрошваўся ў савецкія часы. Цяпер тым болей. Вартнае, патрэбнае беларускай літаратуры — друкуйце, шэрасць вяртайце. Вы разумныя і здольныя людзі, выдатна ведаеце, які грэх бераце на душу, калі адхіляеце патрэбнае літаратуры, хаця і нязвычнае вам. Ведаеце пра шкоду для беларускай культуры, а значыць і народа, якую вы нясеце фільтроўкамі, нядопускамі на старонкі дзяржвыданняў своеасабліва напісанага.
Пяройдзем да лягчэйшага, прасцейшага. Аддалімся ад галоўнага дзяржаўнага літаратурнага часопіса і звернемся да галоўнай дзяржаўнай літаратурнай газеты — «Літаратура і Мастацтва». Узначальваў калектыў «ЛіМа» памярковец, празаік Анатоль Казлоў.
Ён ведаў, што ў свой час рэдактар «Маладосці» Анатоль Грачаннікаў (мёртвыя чуюць) на здадзенай загадчыкам аддзела Уладзімірам Дамашэвічам аповесці В.А.Санько напісаў рэзалюцыю: «У друк. Планаваць тэрмінова». Новы рэдактар аддзела Васіль Гігевіч стаў выстаўляцца, прыдзірацца. Чатыры разы назначаў аўтару сустрэчу і штораз не змог прачытаць 52 старонкі аповесці. Аўтар болей не панёс яе ў часопіс. Страціў грошы, аўтарытэт — і не панёс. Адрэдагаваную, здадзеную аддзелам.
Так у яго, дарэчы, было і з на ўсіх узроўнях адобранаю кнігаю пра лячэнне травамі. У выдавецтве «Народная асвета» сталі патрабаваць скараціць рэцэпты аздараўлення з кожнай травы. Кніга стаіць у квартальным графіку здачы, 1981 год, афармленне гатовае, тыраж 167 тысяч, але аўтар запрынцыповіўся. Без аздараўленчых рэцэптаў такая кніга як выпакладаны бык сярод кароў. (Кніга выйшла праз адзінаццаць гадоў, 336 стар., у другім выдавецтве, тыражом пяцьдзесят тысяч).
Анатоль Казлоў ведаў пра выхад неўзабаве аўтарскай кнігі «Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах». Зразу адобрыў апавяданне «Наперад! Ура-а!!!». Трэба толькі скараціць, болей паласы на літтвор «ЛіМ» не дае. Аўтар ні ў якую: паўтары старонкі не вялікі перабор, можа зусім забраць апавяданне.
Рэдактар і намеснік Мікалай Станкевіч уламалі аўтара. У прамым сэнсе. «Правіць не будзеце?» — «Скарачайце, перадавайце па E-mail, не будзем правіць».
Мне агоркла біць галавою ў глухую ватную сцяну. Скараціў, перадаў.
Прыйшоў чытаць карэктуру і… спужаўся. У «Полымі» Анатоль Зэкаў, як некалі маладосцеўскі тонкі стыліст Уладзімір Дамашэвіч, мала якія словы падкрэсліваў, асобныя намячаў для так званай мажлівай папраўкі, а тут ужо выпраўлена. Многае.
Ахніце і вы, чытачы:
1. У аўтара: …траншэяў. — Праўка: траншэй…
2. У аўтара: «Цяпер салдаты глухія да ўсяго ваколля. Не пазіралі…» — Праўка: «Салдаты нібы аглухлі, нават не пазіралі…»
…4. … не думае, не хоча думаць, і думае пра ўсё. — …не хоча думаць, але думае пра ўсё.
5. … напярэдадні хвіліны літасці. — …напярэдадні рашаючай хвіліны літасці. (Без рускіх -ючых беларуская мова не абыйдзецца).
…10. … пайшлі ў рух людзі… — … людзі рушылі…
…22. … атакоўнікам… — … атакуючым…
23. … помыслы… — … думкі…
…28. … слабых, моцных… — … слабейшых, мацнейшых…
Прыводжу не ўсё папраўленае...
Чаго ў такіх праўках болей: старання, жадання памагчы аўтару, паказаць працу сваю, недаверу да чытача, палахлівасці, абмежаванства, элементарнага няведання законаў літаратурнага рэдагавання, — не мне рашаць.
Бачна адно: упэўненае нядумкае непаважэнне волі і стылю аўтара. Адносіны да яго, як да першакурсніка. І адпрэчванне любой навізны: слова, стылю, думкі.
Выстарваўся далікатна-ветлівы супрацоўнік «ЛіМа» (Я.Лайкоў). А тут нявыхаваны аўтар нявыхавана хоча забраць апавяданне з рэдакцыі. Вялікадушны і разумны стараннік прапануе аўтару кампраміс: адвярніце назад няўцерпнае.
Аўтару, паўтараюся, апрыкла гадамі біцца галавою ў ватную бюракратычна-стандартную літсценку. Пагадзіўся. Тым болей, што не рабілася на шкоду ці зло. Шчыра правілася маладзёнам, для дапамогі.
Бяда ў тым, што аўтару не трэба ніякая памога, тым болей такая.
Зкампраміснічалі — 50 на 50.
Ведаю, шмат умекаў за рэдакцыйнымі мурамі, сваю праўку, як правіла, узгодненую з начальнічкам (так было і ў «ЛіМе»), не хочуць адправіць назад, не паслухаюць аўтара...
Возьмем часопіс «Маладосць». Тут, думалася, не пташнікаўскія выўчанікі, лепшыя да аўтараў.
Першыя тры старонкі апавядання «Іскры Алімпіяды» Андрэй Федарэнка прачытаў. На кожнай старонцы падкрэсліў ці закрэсліў болей за дваццаць слоў. На кожнай з трох.
— Выпраўляйце.
— Выпраўлю. Чаму вы падкрэслілі гэтае слова?
Нямая сцэна. «Мэтр» правіць зелень, навічка, памагае, а той, цемра, не разумее дабра, дае пытанне.
— А чаму гэтае?
— Ну, ведаеце…
— Апавяданне вы прачыталі?
— Навошта. Тры старонкі, самі бачыце заўвагі.
Іван Пташнікаў асільваў твор да канца. Цяперашнія ацэншчыкі ўзняліся вышэй. У іх няма часу, яны занятыя-с. Першыя старонкі прагледзеў — і ўсё ясна. Няма твора.
Чаго тут болей — упэўненасці, фанабэры, няўмення?..
Вось і выходзяць на Беларусі аўтарскія творы, падгабляваныя на адзін капыл, збедненыя лексікаю, дыялектамі, стылем, думкаю. Іх не паглыбляюць — нівеліруюць, апрашчаюць, змізэрніваюць.
У чытача законнае недаўменне. Над рэдакцыйнымі кантралёрамі/габлёўшчыкамі ёсць начальства/папраўляльнікі. Трэба было да іх аўтару схадзіць.
Хадзіў, пісаў. Вынік нулявы. У нашых камітэтах і міністэрствах і працуюць талковыя спецыялісты. Яны самі звоняць у выдавецтвы і часопісы, просяць пра аднаго знаёмца, другога. Непісьменнікі не могуць указаць, загадаць занатуранаму пісьменніку, рэдактару.
Алесь Карлюкевіч, дырэктар РВУ «Літаратура і Мастацтва», і яго намеснік Алесь Бадак атрымалі мае просьбы прачытаць аповесці «Воўка ты знойдзеш на сваю шыю» і «Карыды вогненныя іскры». Прачыталі, не змаглі адвергнуць, пісьменнікі чуюць вартнае, нестандартнае, але паскорыць друк не могуць.
Дый аргументавацца часопісна-выдавецкія габлёўцы панавучваліся. Некаторым з іх, чарговы раз паўтараюся, абыякавы любы твор, годнасць літаратуры беларускай, ім галоўнае — паслухмянасць аўтара, несупярэчлівасць.
Да каго яшчэ апеляваць? Правільна, да Вас, людцы беларускія. Вашыя крытэрыі, чытацкія — закон для ўсіх.
Час ляціць стралою. Я ўжо на пенсіі. Нішто не змянілася ў беларускіх літаратурных стасунках. Выходзяць на Беларусі літкнігі, часта, шмат, у асноўным выходзяць не літаратурныя творы — шэдэўры. Творы Валера Санько, цяпер прапанаваныя вашай ўвазе, паважаныя чытачы — па-ранейшаму, атрымліваецца, не вартыя белдзяржліт-структураў.
Так думаюць светлыя і азораныя (не кажу прыкарытненыя). Думалі б іначай, за сорак восем гадоў надрукавалі б іх.
А мо творы гэтай маёй кнігі сапраўды не дараслі да высокіх беллітзнаўчых столяў з белдзяржлітструктураў?
Скажы, люд беларускі, важкае слова сваё.
Усё жыццё справаю і словам бараніў вас, людзі Крывіі, Літвы, Беларусі. Фельчарам у Пінскім раёне і ў арміі, санінспектарам (памочнікам санітарнага урача) у Мінску, журналістам і выдавецкім работнікам, доктарам народнай медыцыны. Дабраславіў на чытацкія полкі 1089 (!) аўтарскіх кніг, уласных дванаццаць (аўтарскіх і сааўтарскіх). Біяграфія дадзена ў трох энцыклапедыях (у тым ліку БЭ, т.18, кн. 1, стар. 447), а для гэтай асветленай (не кажу шэрай), прыкарытненай застоенасці творы дадзенай кнігі — пустата, драбяза.
Цярпець можна. Не да бясконцасці. Так казалі бацькі (царства нябеснае). Іх волю выконваю. Вось і прашу Цябе, высокагоднасць, пашанотнае гаспадарства, люд беларускі, выказацца: правільна літздзекніцтва над мною цягнецца дзесяцігоддзямі ці мне здаецца?
Усё ад цябе, народ — абярэгі, прыкметы і рэлігія, нацыя і дзяржава. Дык абзавіцеся, людцы, прашу, малю, укленчваю. Не прашу дапамогі — аб’ектыўнасці, праўды, толькі праўды.







.jpg)













Пакінуць новы каментар