№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Валерый КАЗАКОЎ. ХАЛОП ЯСНАВЯЛЬМОЖНАГА ДЭМАКРАТА (фрагмент рамана-дурноты)
Генерал-Намеснік Верабейчыкаў быў вельмі збянтэжаны. Яму толькі што ласкава паведамілі дзіўнаватую навіну: у ягоным цалкам забытым Усевідушчым Вокам краі толькі што прызямліўся верталёт усемагутнага верхавода апрычнікаў генералісімуса Эдмундзі Феліксавіча Касталомскага...
...Каля штабнога будынка ўжо на ўсю моцу тарабанілі рухавічкамі тры магутныя радыёстанцыі.
«Ён што — у космас сабраўся кагосьці пасылаць? — са здзіўленнем аглядаючы ўсё вакол, падумаў галоўны апрычнік, праціраючы круглыя акуляры.
Вайскоўцы, захопленыя сваімі справамі, не звярталі ўвагі на худога і доўгага чалавека ў цёмным камбінезоне са злавеснай абрэвіятурай Кадастра, акружанага такой жа, як і ён, цёмнай світай. Касталомскі, заціскаючы ўнутраную абуранасць, няспешна паднімаўся па прыступках на веранду, ужо зацягнутую маскіровачнай сеткай.
— Грамадзяне свабоды! — гыркнуў над ягонай галавой Верабейчыкаў.
Апрычнік ледзь было не спатыкнуўся ад нечаканай каманды, якая замяніла пры Пераемніку Чацвёртым старарэжымнае «Зважай!».
Усё вакол заціхла і аслупянела, нават бабы, якія мылі ўдалечыні камуфляжныя зрэбнікі, застылі, сабакі перасталі брахаць, а дызелі сувязістаў залапаталі паважней і цішэй.
— Ваша Непахіснасць, Член дзейснай тайнай рады Найсвятлейшага Дэмакрата! Даручанае мне войска рыхтуюцца да правядзення сакрэтнай аперацыі па выкананні найвысокага вердыкта…
— Дабрыдзень, дабрыдзень, дарагі Урза! Вельмі рады вас бачыць! — працягваючы руку генералу, вымавіў апрычнік. Генерал як бы ад безуважлівасці (а што ты з кантужанага возьмеш?) праігнараваў поціск рукі, ліха казырнуў і дадаў: — Дазвольце на правах гаспадара праводзіць Вашую Непахіснасць ва ўнутраныя апартаменты, — і піхнуў другія дзверы, за якімі размяшчаўся самы прыстойны пакой ва ўсёй крэпасці — старая бібліятэка.
Кнігі былі паўсюль, высокія, да столі зашклёныя кніжныя шафы з цікаўнасцю ўтаропіліся на зайшлаў, здзіўляючыся, навошта ў гэтае сховішча мудрасці завіталі тыя спадары, якія відавочна не чытаюць. Ля акна стаяў шырокі стол з газавай лямпай пад жалезнай дахападобнай засняй, старадаўняе, з разьбяной спінкай і падлакотнікамі, крэсла. Злева прымастаколілася пад кніжнымі стэлажамі невысокая скураная канапа з круглымі мяккімі валікамі і акуратны, відавочна нядаўняй работы, кніжны столік.
— Вось тут нам ніхто не перашкодзіць, калі ласка, размяшчайцеся, дзе душы заманецца, — здабываючы было згубленую ініцыятыву, запрасіў Намеснік.
Аднак госць не спяшаўся рушыць услед прапанове і пачаў з цікаўнасцю разглядаць кнігі.
— Божа ты мой, Божа! — расхінуўшы скрыпучую створку і беручы наўздагад першую, якая трапіла, кнігу, здзівіўся апрычнік — ды тут жа суцэльная крамола! Так-а-ак, А. Лебедзь «За дзяржаву крыўдна!» — ён саўгануў кнігу назад і, сашчапіўшы рукі за спіной, нібы баючыся запэцкацца, пільна ўчытваўся ў назовы збеглых у далёкі Чулым кніжак. — «Гісторыя дзяржавы Расійскай» Карамзіна, Слоўнік Бракгаўза і Эфрона, а далей і таго горш: Вернадскі, Салжэніцын, Быкаў, Астаф’еў, Бялоў, Распуцін, Морыц, Кіплінг, Бёль, Шэкспір, Булгакаў! Жах, жах! — здавалася, яшчэ трохі, і ён страціць прытомнасць. Тут, у гэтым невялікім пакойчыку было спрасаванае ўсё сусветнае паскуддзе, якое ўжо, мабыць, з паўстагоддзя калёным жалезам выпальваюць на ўсёй планеце, а асабліва ў нашай непахісна дэмакратычнай айчыне. — І хто, цікава, гэта ўсё збіраў? Генерал! Вы што, ахранелі? Ды вы наогул цяміце, што робіце? Гэта ж форменная здрада Радзіме! У вас у акуёме ў цэласці і захаванасці знаходзяцца самыя небяспечныя для вальнадумства прадметы, а вы тут расслабляецеся, п’янствуеце, дзевак па лазнях шчэміце! Ды я вас! — апрычнік рэзка крутануўся на абцасах да генерала ды імгненна памякчэў: на яго ва ўпор глядзеў ліхой чорнай зрэнкай ствол старога і вернага кольта.
— Давай вось што, пыса жандарская, прыкусі свой язык, гэта па-першае, па-другое: перад табой баявы генерал, і я цябе зараз прыстрэлю як апошнюю суку ды спішу на натуральныя страты, па-трэцяе: рускі афіцэр ні храна, акрамя статутаў, навучанняў і парнухі не чытаў, не чытае і чытаць ад нараджэння не будзе, і нарэшце, па-чацвёртае: мараць рукі спальваннем кніг, як і мірных жыхароў, я не навучаны. Хочаш, сам падпальвай, я бачу, там на стале запалкі ляжаць, давай дзейнічай, а я пайду пакуль аперацыю рыхтаваць, старэйшым у гэтай справе мяне, а не цябе, Найсвятлейшы прызначыў. Палі, толькі ведай, дзверцы я падапру, а да акна мужыкоў з рагацінамі прыстаўлю.
— Пачакай, ваяка! — асіплым ад спалоху голасам выціснуў з сябе аблезлы галава апрычнікаў. — Ды апусці ты пісталет!
Генерал саўгануў пісталет у кабуру.
— Вось, — з палёгкай апускаючыся на канапу, вымавіў апрычнік...
Не паспелі за генералам зачыніцца дзверы, як у бібліятэку асцярожна ўвайшоў стары, які сустракаў Эдмундзі на аэрадроме, з падушкай і тонкай вярблюджай коўдрай. Боты, каб не стукаць абцасамі, ён зняў яшчэ ў калідоры, мякка тупаючы ў высокіх вязаных шкарпэтках, падышоў да канапы, прыпадняў саноўную галаву і паклаў яе на прахалодную падушку. Хутка і спрытна сцягнуў з госця чаравікі, ахінуў ногі коўдрай і бязгучным ценем выслізнуў прэч. Нейкае пачуццё падзякі і захаплення за свой народ віхнулася ў сонным мазгу службоўцы, хоць ні ён, ні яго продкі да гэтага народа не мелі ніякага дачынення і глядзелі на яго выключна са спажывецкага пункту гледжання.
І прысніўся апрычніку сон.
Уваходзіць ён у знаёмы да аскомы трыбунал і накіроўваецца да свайго законнага месца экзэкутара, а яго спыняе дзіўнага выгляду вартавы, нейкі ўвесь плоскі і дабрачынны, і без усякіх тлумачэнняў запіхвае яго ў клетку для падсудных. Не паспеў Эдмундзі Фелiксавіч і апамятацца, як за ім ляснулі закратаваныя дзверы і суха, як стрэл, пстрыкнуў замок.
Падковападобная ўрачыстая зала Усенароднага Трыбунала з гэтай лавы выглядала зусім інакш, чым з яго звыклага крэсла. Усё было больш прысадзіста, блякла, убога і аддалена нагадвала хлеў, нават пазалочаная вяршыня дэмакратыі, судзейскі стол, — і той быў падобны на набраклую дамавіну. Але больш за ўсё жандара ўразіла публіка, якая сабралася ў зале. Тут не было ні вайсковых фрэнчаў з пагонамі і аксельбантамі, ні шытых залатымі пазументамі статс-мундзіраў, ні крыналінаў, ласых да страшных прысудаў прыдворных дам: на цвёрдых і няёмкіх дубовых крэслах сядзелі кнігі. Сотні, а можа, і тысячы размаітых, худых і тоўстых, старых і яшчэ па-маладому глянцаватых тамоў. Яны былі маўклівыя і суровыя, на тытулах няяўна праступалі такія ж непрыступныя асобы іх аўтараў. У зале панавала нязвыклая для відовішчнага месца цішыня.
— Устаць, суд ідзе! — абвясціў судовы прыстаў.
За судзейскі стол праціснуліся тры аб’ёмістыя тамы ў цёмных мантыях з ажурнымі каўнярамі і абшыўкамі. Калі суддзі звярнуліся да залы і занялі свае месцы пад высокімі спінкамі крэслаў сляпой Феміды, Касталомскі пахаладзеў: ад гэтых чакаць паблажкі і патуранняў не даводзілася. Старшыню-кнігу ён пазнаў адразу, гэта быў «Архіпелаг ГУЛАГ», справа ад яго рупліва гартаў таўсценную справу важкі том «Ідыёта», а вось левага суддзю ён ніяк не мог узгадаць, хоць і з гэтай кнігай ён відавочна дзесьці сутыкаўся.
— Вось гэтыя барадатыя, хутчэй за ўсё, Маркс з Энгельсам, а голены — Пляханаў, — амаль у патыліцу апрычніку прашаптаў знаёмы голас.
— Ды кіньце вы, з бародамі — Леанарда да Вінчы і Леў Талстой, а безбароды — Шыкпір… — і гэты голас, які пярэчыў першаму, быў яму знаёмы.
— Шаксьпір — гэта камедыянт з Літвы, — грунтоўна паправіў хтосьці знаёмым да болю шапатком.
Эдмундзі не вытрымаў і азірнуўся: клетка была бітком набітая размаітым народам. Многіх ён ведаў і толькі ўчора з імі расстаўся, іншыя асабіста былі не знаёмыя, але вядомыя па малюначках, гістарычных хроніках і дакументах спецсхова. Тут сядзелі, чакаючы сваёй долі, амаль усе Пераемнікі са сваёй дворняй; нейкія замшэлыя цары і дыктатары, паэты-песеннікі, збянтэжаныя дэтэктыўшчыкі, аўтарыцы любоўных раманаў і яшчэ хтосьці, безаблічны і ледзь улоўны.
— Працэс «Літаратура супраць улады» аб’яўляю адкрытым! — Стук малатка балюча гухнуў па барабанных перапонках.
Пракурорам выступаў і зусім нікому не вядомы таўшчэзны том. Насельнікі клеткі і так і сяк выварочвалі шыі, каб прымудрыцца прачытаць пазалочаны надпіс на поцёртым карэньчыку кнігі.
— Пу-шкін, — шаптаў па складах Уладзісур, прасунуўшы вузкі твар між жалезных дубцоў.
— Артылерыст нейкі, — паспрабаваў адгадаць спадар са слаба знаёмых.
— Ды не, тамака наперадзе перад гэтымі «гарматамі» яшчэ слова «ас» напісана, — уцягваючы галаву назад у клетку, вымавіў былы галоўны дарадца.
— Артылерыст і лётчык? Няўжо такое бывае? — разнерваваўся Пераемнік Трэці, — а дзе ў нас міністры абароны?
Усе шэсць міністраў апынуліся ў наяўнасці. Яны, карыстаючыся ўсеагульным замяшаннем, ужо паспелі адабраць у міністраў культуры іх лаву, паставілі яе паміж дзвюмя сваімі, насажалі сабе на калені рублёўскіх і правінцыйных пісьменніц павульгарней і самазабыўна рэзаліся ў «пераваднога дурня». Ардынарцы заціхлі з бутэлькамі і прэзерватывамі напагатове.
— Ды вас бы за такое наплявальніцкае стаўленне да справы народа варта было б паставіць да сценкі, — скрушна хітаючы галавой, вымавіў Сталін і, пыхнуўшы люлькай, дадаў: — Вунь пасля мяне ўсё чыста, ні міністраў, ні культуры, затое якая літаратура засталася!
— Ты нас, вусаты, сценкай не палохай, мы пад ёй па пасадзе сваёй ходзім, — смачна хлестануў картай аб лаву міністр Пераемніка нумар пяць, — а сямёрачку красцёвую ці не дазволіце, спадары?
— А мы да яе чырвоваю-с і ў перавод, — аддазваўся галоўны воінскі начальнік пераходнага перыяду часоў Пераемніка Першага і Другога, камерцыйнага выгляду мужчына з круцельскімі вачыма. — Мы-с толькі пад мэблевай сценкай хадзілі, іншых, прабачце вялікадушна, і не бачылі-с.
— Артылерыст таксама можа быць асам, — зграбаючы карты, выказаўся міністр Трэцяга Пераемніка, — гэта значыць, што класны стралок, адным словам, бог вайны!
— Ды Пушкін гэта! — віскатліва выгукнуў боравападобны службовец са смешным прозвішчам, які заведаваў грашыма кіно, абіраў жабрацкія бібліятэкі і клубы, а свае мільярды скалаціў на спекуляцыях музейнымі каштоўнасцямі ў закардонныя калекцыі.
— Так-так, абавязкова гэта Аляксей Самуілавіч, наш дэмаградскі паэт і выхаванец, — дагодліва падтакнуў Шустрыку яго змоўшчык па музейным бізнэсе Пішыпрапаўскі, злёгку крывабокі мужык з вечным шалікам вакол шыі, які, як гавораць дасведчаныя людзі, ён адмаўляецца здымаць нават у парылцы.
— Аляксандр Сяргеевіч! — захацелася з абурэннем паправіць музейшчыка, але асцярожны Касталомскі прамаўчаў і пачаў запамінаць усё, што гавораць навакольныя, так, на ўсякі выпадак.
А тым часам родапачынальнік славеснасці хвацка чытаў абвінаваўчае заключэнне. Але насельнікам клеткі было не да яго. Пераемнікі, хоць і шэранькія ўсе як на падбор, невялічкія, а штурханіну між сабой задумалі прыстойную. Аднак справядлівасці дзеля варта абмовіцца, што родапачынальнікам усякіх пярэчанняў, як заўсёды, быў упарты Горбі. Сёння яго ўжо ніхто толкам і не памятае, хіба што ў глянцавых часопісах зрэдку мільгане старая рэклама модных кайстраў або піцы, з якімі, як дурань з пісанай торбай, насіўся былы генеральны сакратар усевелічайшай партыі. Большасці народу так і невядома, кім калісьці была гэтая старажытная старэчына, але цяперашнюю сварку задумаў менавіта ён:
— А вось Макса Раісаўна такога б не стрывала, каб бацьку-заснавальніка, ганаровага масона шостай гільдыі — і ў клетку...
— Ну ты, разумееш, заткнуўся б! — зароў Бэн, які сядеў побач і, як заўсёды, быў крышку пад шафэ. — Я вам, расейцы...
— Гэй, дзядзька, — злёгку папляскаў яго па плечуку Царэвіч Лубельскі, — няма ўжо ніякіх расейцаў, яны яшчэ пры мне дадружыліся й пачалі рассасвацца, так што ўважаць дыялектыку нада, навука такая была...
— Яшчэ мне, дыялектык хрэнаў знайшоўся, ды каб я, блін, толькі ўявіць мог, што ты такія фарцялі выкідваць пачнеш, сваімі ўласнымі рукамі задушыў бы, паскуду! — мацёрая глыбішча адзінага ўсенародна абранага ўладара страшэнна навісла рэальнай небяспекай над запалоханым Царэвічам.
І тут такое пачалося, што, калі б не клетка, сабраныя тамака асобы перагрызлі б добрых паўсвету. І суддзі, і пракурор, і паважныя адвакаты, і ўся зала замоўклі і са здзіўленнем утаропіліся на падсудную брацію, якая стагнала, біла ды грызла саму сябе.
— А каб чытачы іх убачылі ў такім выглядзе?! — вымавіў з уздыхам трэці прасветлены суддзя, і апрычнік пазнаў яго — гэта была кніга «Мёртвым не баліць» Васіля Быкава…
— Ваша непахіснасць, ваша непахіснасць!
Касталомскі, як механічная сава, шырока размружыў вочы. Ён так прывык прачынацца, але дурны сон усё ніяк не хацеў адыходзіць, яго зноў з усіх бакоў атачалі кнігі...




















Пакінуць новы каментар