№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Берлінская мазаіка
Даўно ў кнігарні «ЛогвінаЎ» не было такіх гарачых дыскусіяў, дзе і глядацкая зала, і выступоўца, і арганізатары сустрэчы былі б роўнымі ўдзельнікамі гутаркі. Менавіта ў такім фармаце 28 снежня прайшла прэзентацыя кнігі Алеся Тарановіча «Берлінская мазаіка», якую зладзіў Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Пагаварылі пра ўсё: пра Беларусь сённяшнюю і ўчорашнюю, пра яе адрозненне ад Нямеччыны, пра «тупік» мадэрнізму ў выяўленчым мастацтве і магчымае выйсце з яго, пра «Тахелес», берлінскія блышыныя рынкі, пра эміграцыю і пра тое, чым ёсць Нямеччына для Алеся Тарановіча, паспрачаліся наконт сучаснай нямецкай прозы і абмяняліся думкамі наконт цяперашняга стану літаратуры і мастацтва ў Беларусі.
Адкрыў сустрэчу старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. Алесь Разанаў расказаў пра сваё знаёмства з аўтарам «Берлінскай мазаікі» і згадаў, як параіў яму пісаць па-беларуску для беларусаў. Леанід Дранько-Майсюк прызнаўся, што чытае кнігу Алеся Тарановіча паўсюль, у метро і кавярнях, і ў пацверджанне прадэманстраваў чэк з кавярні, якім скарыстаўся замест кніжнай закладкі. Віктар Шніп прысвяціў Алесю Тарановічу свой верш «Тутэйшы вожык», мадэратар сустрэчы паэт Анатоль Івашчанка таксама прачытаў некалькі сваіх вершаў з апошняй публікацыі ў «новачаснай» «Літаратурнай Беларусі».
Сам Алесь Тарановіч пачытаў урыўкі са сваёй кнігі і падзяліўся сваімi назіраннямі, што да беларускай ментальнасці ў параўнанні з нямецкай. «Беларусы лёгка жывуць з немцамі, але паміж сабой ім паразумецца цяжка». «Беларусы робяць усё з аглядкай на іншых, а немцы ў цяжкія моманты гуртуюцца».
У конкурсе на самае цікавае пытанне аўтару кнігі перамог колішні амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі, які за сваю актыўнасць на сустрэчы (спадар Пятро проста засыпаў аўтара іранічнымі пытаннямі) атрымаў у падарунак новы нумар часопіса «Дзеяслоў».
Прэсавая служба СБП




















Пакінуць новы каментар