№ 199 (291) 18 траўня 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Беларуская кніга: аўтары і чытачы
Як часта чытаюць беларусы? Колькі сучасных пісьменнікаў ведаюць і ці купляюць кнігі ў кнігарнях? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні высвятляла лабараторыя «Новак» па просьбе Саюза беларускіх пісьменнікаў у снежні 2011 года. Вынікі апытання, праведзеныя напярэдадні Года кнігі, не абнадзейваюць. Як паведаміла прэс-служба Саюза беларускіх пісьменнікаў, каля паловы беларусаў не чытаюць літаратуру або чытаюць вельмі рэдка, беларускімі кнігамі не цікавяцца 62 % апытаных, каля двух трацінаў не ведаюць ніводнага сучаснага беларускага пісьменніка.
Згодна з вынікамі апытання, мастацкую літаратуру хаця б раз на тыдзень чытае 16,9% беларусаў, раз на месяц чытанню прысвячае свой вольны час — 24,4% рэспандэнтаў. Ніколі не бярэ ў рукі кнігу — амаль траціна насельніцтва.
Па-беларуску кнігі не чытаюць 80% апытаных…
97,1% беларусаў не чытаюць мастацкія творы ў перакладзе на беларускую мову. 68,4% з іх ні пры якіх умовах не абралі б беларускамоўны пераклад.
Варта адзначыць, што сярод літаратурных жанраў, якім у большай ступені аддаюць перавагу нашыя суайчыннікі, асноўны — дэтэктыўны (38,3%), за ім па «чытанасці» ідуць жаночыя раманы (28,1%) і класічная (26,5%) літаратура.
Асноўны шлях кнігі да беларускага чытача — ад сяброў і знаёмых. 44% аматараў чытва пазычаюць кнігі, 28,7% — купляюць у кнігарнях, у тым ліку праз інтэрнэт, 26,8% — па-ранейшаму наведваюць бібліятэкі, 12,6 % — спампоўваюць з Інтэрнэту. 49,9 % не купляюць кнігі наогул.
На пытанне пра постаці сучаснай айчыннай літаратуры абсалютная большасць беларусаў (74,6%) не можа назваць ніводнага пісьменніка. Сярод самых вядомых — Васіль Быкаў (6,5%), Уладзімір Караткевіч (3,8%), Іван Шамякін (3,2%), Уладзімір Някляеў (2,8%). Сучаснымі Якуба Коласа і Янку Купалу лічаць 2,4% і 2,2% адпаведна. Ніводнай сучаснай беларускай пісьменніцы не змаглі назваць 84,9 % апытаных. Шасцёрка ж названых выглядае так: Святлана Алексіевіч (2,8%), Цётка (2,5%), Валярына Кустава (2,1%), Раіса Баравікова (1,5%), Наталля Батракова (1,1%) і Яўгенія Янішчыц (1,1%).
А сярод айчынных пісьменнікаў, якіх беларусы не проста ведаюць, але і любяць, –Васіль Быкаў (7,4%), Уладзімір Караткевіч (7,4%), Якуб Колас (5,5%), Янка Купала (3,9%) і Іван Мележ (2,9%).
Замежных пісьменнікаў не ведаюць і не любяць чытаць — 48,7% і 39,0% адпаведна. Любімыя небеларускія пісьменнікі нашых чытачоў: Дар’я Данцова (11,3%), Аляксандра Марыніна (5,6%), Таццяна Усцінава (3,4%), Леў Талстой (2,5%) і Юлія Шылава (2,0%).
Што тычыцца перыядычных выданняў, то 91,9% беларусаў не чытаюць айчынныя літаратурныя часопісы, а 98,9% не чытаюць часопісы замежныя, у тым ліку і расійскія, з якіх найбольш папулярныя «Литературная газета» (0,3%) і часопіс «Наш современник» (0,3%). Найбольш чытаныя айчынныя выданні — дзяржаўныя (якія адпаведна папулярызуюць і выпісваюць бібліятэкі): часопіс «Нёман» (2,9%), газета «Літаратура і мастацтва» (2,6%), часопісы «Полымя» (2,2%), «Маладосць» (2,2%). З незалежных найбольш чытаныя часопіс «Дзеяслоў» (0,6%) і дадатак да «Новага Часу» «Літаратурная Беларусь» (0,4%).
Але даволі сумная сітуацыя з беларускай літаратурай у нашай краіне, на думку рэспандэнтаў, можа змяніцца. Больш за палову апытаных (52,4%) лічаць, што гэтаму будзе спрыяць з’яўленне цікавых аўтараў і твораў, 27,2% — большавая жанравая разнастайнасць, 22,9% — лепшая рэклама, 17,5% — зніжэнне кошту кніг. Дзяржаўная падтрымка можа палепшыць сітуацыю на думку толькі 14,6% рэспандэнтаў.
Варта таксама адзначыць, што дзейнасць найстарэйшай творчай арганізацыі Беларусі — Саюза беларускіх пісьменнікаў — станоўча ацэньваюць 61,4% апытаных, і толькі 8,8% даюць дзейнасці СБП негатыўную адзнаку.
Вынікі прыведзенага сацыялагічнага апытання выклікалі розгалас. Адно з меркаванняў публікуем сёння. Вось якімі думкамі падзяліўся ў сваім блогу крытык Павал Абрамовіч:
«Саюз беларускіх пісьменнікаў замовіў сацыялагічнае апытанне, па выніках якога высветлілася: 82% чытаюць кнігі на рускай мове і толькі 13,8% — па-беларуску. Пры гэтым 70% не ведаюць ніводнага сучаснага пісьменніка.
Чаму такія вынікі?
З аднаго боку, дзяржава імкнецца кантраляваць сферу беларускага кнігагандлю праз механізмы ліцэнзіяў, выдавецкіх планаў і цэнзуры; яна не аслабляе падаткі, не дае інвестыцыяў, дзічыцца найновых сродкаў камунікацыі, выдання і распаўсюду кніжнай прадукцыі; паўсюль тут пануюць бюракратыя, адсутнасць ведаў, густу і матывацыі. Больш за тое, улады задзейнічалі адміністрацыйны рэсурс, каб аддаліць ад людзей сапраўдную нацыянальную літаратуру — як класічную, так і сучасную, — падмяніць яе ідэалагічнай графаманіяй, паралізаваць працу нелаяльных пісьменнікаў і прыватных выдаўцоў.
Акром таго, у краіне не распрацаваныя нацыянальныя праграмы папулярызацыі чытання, зруйнаваныя перакладчыцкая школа і інстытут літаратурных крытыкаў. Распаўсюдам літаратуры па-за межамі краіны займаюцца, як могуць, Мінкульт і МЗС. Паўсюль галеча, неўладкаванасць: работнікі культуры ў сталіцы і рэгіёнах выбіваюцца з апошніх сіл, атрымліваючы мізэрныя заробкі за сваю працу; у дзіцячыя садкі бацькам даводзіцца несці свае кніжкі, бо іх настойліва просіць аб гэтым адміністрацыя, — гэта мела месца нават у часы беларускага «эканамічнага цуду».
Пры гэтым на дзяржаўным узроўні мовай зносінаў у сферы культуры, як і ва ўсіх іншых, застаецца пераважным чынам руская.
З другога боку, беларускія чытачы апынуліся ў палоне расійскіх выдаўцоў, якія свабодна пачуваюцца на нашай тэрыторыі. Адбылося гэта дзякуючы моўнаму фактару, моцным сувязям на ўзроўні «метраполія-правінцыя», наяўнасці вялікіх грошай ў расійскіх літаратурных холдынгаў, неаслабнай падтрымцы рускай (і рускамоўнай) літаратуры з боку розных інстытутаў, у тым ліку мас-медыя, якія транслююцца на тэрыторыі Беларусі. Да таго ж расійскія выдавецкія групы могуць задаволіць чытацкі попыт на ўсе жанры масавай літаратуры, якая цяпер дамініруе ва ўсім свеце, маюць рэзервы для якасных перакладаў замежных твораў розных узроўняў на сваю мову, спрытна друкуюць розныя даведнікі і энцыклапедыі. У гэтых варунках нядзіўна, што многія беларускія прыватныя кнігавыдавецтвы дзейнічаюць як расійскія філіі, а маладыя пісьменнікі Беларусі вырашаюць пытанне з моваю сваіх кніг на карысць рускай і адпраўляюць свае рукапісы ў Маскву і Санкт-Пецярбург.
Гэтую прыкрую сітуацыю можа змяніць толькі стварэнне эканамічна незалежнай дзяржавы ў нацыянальных формах — усё астатняе беларуская літаратура зробіць сама. Як магутная рака, на берагох якой нарэшце зруйнавалі хімічныя прадпрыемствы».




















Пакінуць новы каментар