xxx

/ Арнольд МАКМІЛІН: «Беларусы зашмат цікавяцца Нобелеўскай прэміяй»

/ Арнольд МАКМІЛІН: «Беларусы зашмат цікавяцца Нобелеўскай прэміяй»

21 чэрвеня святкуе Дзень нараджэння лонданскі прафесар, даследнік  беларускай літаратуры Арнольд Макмілін — з чым яго сардэчна віншуем! А зусім нядаўна, у сярэдзіне траўня, спадар Арнольд быў госцем у Мінску.

Нагодаў для прыезду ставала. Па-першае, у спадара Арнольда выйшла новая кніга «Пісанне ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 1970-х да нашых дзён», — не проста кніга, а фаліянт, які можна назваць энцыклапедыяй сучаснай беларускай літаратуры. Па-другое, гэтымі днямі канца вясны прафесар меў выступ на V Міжнародным кангрэсе беларусістаў, дзе браў слова з дакладам «Сучасная беларуская літаратура вачыма замежніка». Па-трэцяе, ён прыехаў пабачыцца са сваімі беларускімі сябрамі, сярод якіх нямала і пісьменнікаў ды літаратуразнаўцаў. І, напрыклад, зрабіць на «Радыё Свабода» наступнае прызнанне: «Цяпер Саюз беларускіх пісьменнікаў — гэта бастыён свабоды, на мой погляд. І канешне, улада ўсё робіць, каб вынішчыць гэты саюз»…

Мы дамовіліся сустрэцца ў адной з самых утульных сталічных кавярняў «Стары Менск», на паліцах якой можна сустрэць і кнігі сучасных літаратараў, — ды няспешна пагартаць іх, пацягваючы чырвонае віно альбо Латэ Макіята.

Калі я тлумачыла спадару Арнольду, як дабрацца да месца, не знайшоўшы іншых падказак, зарыентавала, што кавярня знаходзіцца насупраць жоўнага будынку КДБ. І калі наблізілася да месца прызначэння, Макмілін як сапраўдны ангельскі джэнтэльмен ужо чакаў мяне на ўваходзе… Я разгарнула тэчку, дзе было занатавана колькі асноўных пытанняў, пачала праглядаць старонкі... «О, гэта добрыя пытанні! Мне яны падабаюцца!» — азваўся прафесар, заўважыўшы сярод маіх нататак нерушны белы аркуш. «Так, гэтыя, бадай, найцікавейшыя…» — было немагчыма не пагадзіцца.

---------------------------------------------------------------------------------------------------


«У мяне быў бзік, што я хацеў прэзентацыю…»


Валерыя КУСТАВА: — Спадар Арнольд, перадусім віншую Вас з выхадам новай кнігі! Яна пачынаецца ад Міхася Стральцова, а заканчваецца самымі-самымі маладымі, можна сказаць, паэтамі найноўшага пакалення…

Арнольд МАКМІЛІН: — Вамі і заканчваецца…

—  Як толькі ў беларускім асяродку даведаліся пра гэтую кнігу, усе захацелі яе набыць, пачытаць. Але з гэтым узніклі праблемы: дзе ўзяць?

—  Я даслаў некалькі асобнікаў на Беларусь. Сапраўды, гэта вельмі тоўстае выданне, вельмі вялікае, проста да немагчымага… І ёсць далёка не паўсюль.

—  Колькі старонак?

—  Больш за тысячу… Нават зашмат! Я даслаў яе Алесю Пашкевічу, спадзеючыся на рэцэнзію ў «Літаратурнай Беларусі» і «Дзеяслове». Неахвотна, але даслаў таксама ў «ЛіМ». Не даслаў, наколькі я памятаю, у «Arche», бо не вельмі люблю скандалы — і сам не хачу быць у яго цэнтры. Але я даслаў кнігу Адаму Мальдзісу, таму што ён свецкі чалавек і ведае, каму гэта патрэбна. А таксама асобнік быў адрасаваны Бібліятэцы свабоднага універсітэта ў Вільні. І копію для Нацыянальнай бібліятэкі. Справа ў тым, што кніга не толькі тоўстая, але і дарагая вельмі. Нармальны чалавек яе не набудзе.

—  Сёння раніцай я глядзела ў інтэрнэце, там яна каштавала 150 даляраў, і нават прапаноўвалі за 125. Такія кошты праўдзівыя?

—  На прэзентацыі ў Англіі яна каштавала 50 фунтаў. Лічыце, паўтара даляры за фунт… І пасля прэзентацыі для Англіі гэта каштавала 75, для замежнікаў 100 і для Амерыкі — 150. Таму гэта нязручная кніга. Але што рабіць?

—  Застаецца цешыць сябе надзеяй, што яна станецца знакавай, прынамсі, калі яна такая нязручная…

—  Пабачым-пабачым… Цяпер рыхтуецца пераклад. Але перакладзеная, наколькі я ведаю, кніга будзе не цалкам, а толькі часткова — палова  кнігі…

—  А хто перакладнік, калі не сакрэт?

—  Магчыма, гэта сакрэт. Але, можа, і не сакрэт. Мяркуецца, што перакладаць кнігу будзе Вольга Калацкая. Яна цудоўная перакладчыца! Яна пераклала на беларускую мову «паршывы» ангельскі раман для «Дзеяслова». І мне казалі знаёмыя, што гэта чытаецца вельмі добра, хаця раман сам, на мой погляд, благі. А што рабіць?..  Я не буду казаць пра іншых перакладнікаў, але Вольга сапраўды добра перакладае.

—  Вы казалі пра прэзентацыю ў Англіі, у Лондане. А якімі былі людзі, што прыйшлі на прэзентацыю, якой была аўдыторыя, якая цікавілася кнігаю?..

—  Я не знаю, цікавіліся ці не, але гэта былі мае сябры. Я запрасіў амбасадара Беларусі ў Англіі і яго дарадцу — але яны не прыйшлі.  Яны паглядзелі запрашэнне, кароткі змест мерапрыемства — і вырашылі, што туды ісці не трэба. Сама прэзентацыя атрымалася вясёлаю, былі і жарцікі, і показкі, і не было доўгіх прамоў…  Усё прайшло даволі нефармальна. Была там і моладзь — мае аспіранты, і маладыя сябры і сяброўкі таксама. А пасля імпрэзы мы пайшлі ў рэстарацыю. І там было не менш весела…

—  А ці плануецца прэзентацыя ў Беларусі? Можа, калі выйдзе пераклад?

—  Гэта будзе ўжо крыху запозна для прэзентацыі. Цяпер гэта для мяне не вельмі важна: прэзентацыя тут, прэзентацыя там. Але ў мяне быў бзік, што я хацеў прэзентацыю ад нашага інстытута. Таму я папрасіў — і яны зладзілі. І там было віно, і ўсё было, як я хацеў.
-----------------------------------------------------------------------------------------

«Для мяне Быкаў — ідэальны беларус… Ён як ікона беларускага народа…»

 

—  А пра каго з аўтараў Вам было найцікавей пісаць, хто падаўся найбліжэйшым?..

—  Мяркую, што Рыгор Барадулін не толькі самы вядомы, але і цудоўны паэт! І вельмі добры чалавек таксама. Быў такі выпадак, калі ў Англію запрасілі Васіля Быкава, але так атрымалася, што прыехаў Барадулін замест яго. І Барадуін аказаўся вельмі прыемным і добрым расказчыкам, весяліў усіх, спадабаўся так, што ўсе нават перасталі сумаваць, што Быкаў не здолеў прыехаць, і былі радыя Барадуліну. Але я быў знаёмы і з Быкавым шмат гадоў. І бачыў яго, калі ён жыў у Нямеччыне. Было такое, што мы з жонкай паехалі ў Прагу ў надзеі сустрэцца з Быкавым, але не заспелі яго там — ён тады вярнуўся ў Менск. Ён быў вельмі добры чалавек і сумленны. Ён проста як ікона беларускага народа. Для мяне Быкаў — ідэальны беларус, сціплы, таленавіты, без «самовержства», як у расійскіх пісьменнікаў. Мы былі сябрамі.

—  Васіль Быкаў быў верагодным кандыдатам на Нобелеўскую прэмію. А пасля таго, як яго не стала, як думаеце, ці ёсць у беларускай літаратуры шанец? Можа, цяпер, а, можа, у перспектыве… Канечне, пры ўмове, што намінант будзе прыстойна перакладзены, бо гэта наша вялікая праблема…

—  Я лічу, што беларусы зашмат цікавяцца Нобелеўскай прэміяй. Такое маё перакананне. Але я быў расчараваны, калі Быкаў не атрымаў яе, бо падтрымка была добрая: падтрымалі чэхі, палякі і гэтак далей. З такой падтрымкай — гэта «кранты» для беларускіх надзей. Самі скандынавы вырашаюць там па чарзе, каго ўзнагародзіць: адзін год — леваму капіталісту, другі — беднаму славяніну альбо вядомаму рускаму пісьменніку… І той год не быў годам Быкава. Але яго кандыдатура для мяне з маімі скептычнымі пазнаннямі была аптымальнай. Але з іншага боку, гэта прэмія — вянок для ўлады...

—  А Вы б не назвалі ніякага іншага імя — на будучыню?..

—  Не ведаю, не ведаю… Прапанавалі, канечне, Барадуліна. Але калі прапаноўвалі Быкава — у мяне ніхто пра тое не пытаўся. А калі вырашылі вылучыць Барадуліна, то пісалі са Швецыі. І я ім адказаў, як мог, што пераклады паэзіі бываюць неадэкватныя. І мая галоўная ідэя ў тым, што паэзія — у словах, а словы іншай мовы — іншыя, чужыя. А ў Барадуліна былі пераклады «кустарныя», не вельмі добрыя. І калі сябры Нобелеўскага камітэта, што ў Швецыі, пытаюцца: «Што вы думаеце пра гэта?» і паказваюць «кустарныя» пераклады… То, вядома, нічога добра з таго не выйдзе, нягледзячы на мае красамоўныя аповеды і заўвагі. Таму я дапамог, чым змог. З Быкавым, канечне, усё было прасцей, бо перакладаць прозу прасцей. І тады я мог зрабіць больш для гэтага.

—  Вы б пагадзіліся, што рэч і ў тым таксама, што паэзія Барадуліна празмерна беларуская, што яе цяжкавата зразумець еўрапейцу, бо яна ўся каранямі проста прарослая ў Беларусь, у яго родныя Ушачы…

—  Так, канечне, так і ёсць!

-------------------------------------------------------------------------------------------


«З жонкай мы пазнаёміліся арыгінальна: на канферэнцыі па Дастаеўскім»


—  Калі мы ўжо пачалі пра карані… То скажыце колькі слоў пра Вашыя карані, пра Вашую сям’ю… Скуль вы ёсць?

—  Мае бацькі вельмі традыцыйныя людзі. І ў мяне ёсць па лініі маці мой радавод да 13 стагоддзя. Я б сказаў, што я з сям’і настаўнікаў, з інтэлігентнай сям’і. У мяне самога тры дачкі. Старэйшая Пенелопа (Пені) працуе на Сусветны банк, яна прадстаўніца банка ў розных краінах Усходу: у Індыі і г.д. Яе муж працуе ў Міжнародным валютным фондзе як бухгалтар. Малодшая дачка — Дыяна, яе муж працуе ў лонданскай міліцыі. Але нашая міліцыя не як вашая: у нас гэта прэстыжная прафесія. І ад іх (сям’і малодшай дачкі) мне дасталіся дзве ўнучкі. Гэта нашая радасць. А старэйшая цяжарная цяпер… Жонка мая руская. І мы пазнаёміліся з ёй арыгінальна, я думаю, — на канферэнцыі па Дастаеўскім. Мы знайшлі агульную мову адразу. І ў нас завязалася шматгадовае ліставанне... Яна напісала першую сур’ёзную кнігу пра Венедыкта Ерафеева на рускай мове. І потым было шмат плагіятаў яе кнігі. Але гэта прыемна — быць першым.

—  У Вас папросту сямейная традыцыя — быць першым…

—  Чаму?.. Ведаю хіба, што мая першая кніга пра беларускую літаратуру [У 1977 годзе з’явілася першая манаграфія пра беларускую літаратуру ад вытокаў і да XX стагоддзя. — В.К. ] была больш ці менш першай…

—  А колькі ж моваў у вас гучыць у сям’і?

—  Мы гаворым на трасянцы ангельска-рускай…

—  А Вашыя дзеці ведаюць беларускую ці рускую мову?

—  Яны вучыліся рускай. Яна вельмі цяжкая — гэта не так проста. Але яны ведаюць французскую і нямецкую. Я думаў, што яны выбралі рускую мову разам з гэтымі, бо ў нас быў рускамоўны памочнік. Але яны сказалі: «Не, тата!» і нагадалі адзінага дрэннага асістэнта, які ў нас быў… і размаўляў па-руску.

-------------------------------------------------------------------------------------------------


«Мой шлях да беларускасці вельмі асабісты і вельмі выпадковы…»


—  Як Вы звярнуліся да беларускасці: гэта была асоба ці нейкая падзея, што паўплывалі на Вас?..

—  Калі я скончыў універсітэт і пачынаў вучыць рускую літаратуру ХVIII стагоддзя, раптам да нас прыйшоў новы прафесар, яркі, цікавы. І я сказаў: «Так, да пабачэння, Ламаносаў, Сумарокаў!..» і пайшоў да гэтага прафесара: «Хачу вучыцца ў Вас!». І калі я добра скончыў універсітэт, ён прыняў мяне. І зрабіў мне прапанову, я помню, даследаваць сувязі македонскіх і нямецкіх моў. Але я не ведаў македонскай мовы наогул. А нямецкую трошачкі, як усе, на ўзроўні «хэндэ хох!».

І тады ён сказаў: «Беларуская мова патрабуе, каб яе вучылі — адкуль яна і як!». І я напісаў дысертацыю пра развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX стагоддзі. Таму мой шлях да беларускасці вельмі асабісты і вельмі выпадковы… Але калі я пачынаў, беларусы ў Лондане «разнюхалі» гэта і запрасілі мяне на сустрэчу, дзе частавалі віном, гутарылі — і было вельмі-вельмі прыемна. І я не шкадую, што так склалася [Яшчэ дзве кнігі Арнольда Макміліна — «Беларуская літаратура ў 50-60-я гг. ХХ стагоддзя» і «Беларуская літаратура дыяспары», перакладзеныя з ангельскай на беларускую мову ў 2001 і 2004 гадах адпаведна, былі выдадзеныя ў Беларусі — В.К.].

—  І апошняе. А Вам як чалавеку, які жыве далёка за межамі Беларусі і ўвогуле ёсць замежнікам, можа, здаля вымалёўваецца больш ясна: што беларусам трэба зрабіць, каб пачаць размаўляць па-беларуску?


—  Паглядзіце, дзе мы знаходзімся… [Усміхаецца прафесар і матляе галавой у кірунку жоўтага будынку. — В.К.] Беларусь на Захадзе мае не вельмі прыемныя назвы… Калі выбіраць самую мяккую, то можна сказаць: аўтарытэтная ўлада. Я пазбягаю палітыкі, як магу. Хаця гэта практычна непазбежна, у прыватнасці, для сучаснай літаратуры. Але я стараюся. Я замоўлю для пачатку джын з тонікам як аперытыў, а потым віно… Шмат віна! А Вы?..


Валерыя КУСТАВА

Пакінуць новы каментар

Значэнне поля не будзе паказанае публічна.

Відэа

Юбілею Браніслава Тарашкевіча прысвячаецца

 Стыпендыяльная праграма імя Лэйна Кіркланда

Польска-Амерыканская Фундацыя Свабоды (фундатар Праграмы) разам з Польска-Амерыканскай Камісіяй Фулбрайта (адміністратар Праграмы)
АБВЯШЧАЮЦЬ АДКРЫТЫ КОНКУРС ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ З УКРАІНЫ, БЕЛАРУСІ, РАСІІ, МАЛДОВЫ, ГРУЗІІ, АРМЕНІІ, АЗЕРБАЙДЖАНА, КАЗАХСТАНА І КЫРГІЗСТАНА НА АТРЫМАННЕ стыпэндый імя Лэйна Кіркланда НА 2011/2012 НАВУЧАЛЬНЫ ГОД.


Гэта праграма адрасавана маладым лідарам, якія маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадскай супольнасці ў сваіх краінах і ў сваім рэгіёне. Рэалізацыя праграммы адбываецца ў межах двух семестраў навучання ў польскіх ВНУ, аб’яднанага з дзвюх- або чатырохтыднёвымі прафесійнымі стажыроўкамі ў прыватных ці дзяржаўных установах Рэспублікі Польшча. 

 

Падрабязнае апісанне Праграмы, фармуляры заяў і інструкцыю па іх запаўненні можна знайсці на сайце: www.kirkland.edu.pl

 

Тэрмін складання заяў на стыпэндыі Кіркланда заканчваецца 1 сакавіка 2011


 У мінскім Палацы мастацтва (вул. Казлова,3) адкрыліся дзве выставы: “Проста жывапіс” Уладзіміра Сулкоўскага і “Акорды майго натхнення” Івана Пратасені

 

Выставы працуюць да 16 лютага
 

 

 

 

Яны вас чакаюць!

Рэсі — плюшавая дзяўчынка з пранікнёнымі вочкамі



Малечу Рэсі людзі закапалі жыўцом, разам з брацікамі і сястрычкамі. Але маці шчанюкоў знайшла іх і адкапала, клапацілася пра іх і здолела вырасціць. У Рэсі быў пераламаны таз, але і з гэтай бядой яна справілася — усё зраслося.

Жыццё не было ласкавым для маленькай Рэсі, але зараз яна жыве ў валанцёра “СуперПса” і верыць у тое, што заззяе і яе зорачка — знойдзецца той самы яе гаспадар. Ёй 5 месяцаў, ростам сабака зараз каля 30 сантыметраў, але яшчэ крыху падрасце.

Рэсі ўмее цаніць сяброўства і жыва рэагуе на любоў і пяшчоту, будзе выдатным кампаньёнам.

Тэлефануйце Анастасіі і прыязджайце знаёміцца з Рэсі і іншымі суперсабакамі і супершчанюкамі, 8-029 775 57 53
 

 

Алёша — містэр Вялікія Шчочкі



За нядоўгі час знаходжання ў прытулку “СуперКот” гэты каток ужо паспеў закахаць у сябе ўсіх валанцёраў і займець уласны фан-клуб. А як інакш? Алёша — спакойны, выхаваны, інтэлігентны малады коцік, ярка-руды з ахайнай белай манішкай. Ягоная прыгажосць, непасрэднасць і пяшчотнасць скарае з першага позірку!

Коцік кастрыраваны і ходзіць у латочак.

Болей пра Алёшу і іншых гадаванцаў Коткінага дому можна даведацца па нумарах 8-029 650-97-29 (Аксана), 8-029 373-96-49, 8-029 779-52-03 (Вольга).