№ 5 (276) 3 лютага 2011
Масава-палітычная газета. Выдаецца з сакавіка 2002 г.
/ Анатоль ВЯРЦІНСКІ: «Было з кім гаварыць»: да 100-годдзя Аляксандра Твардоўскага
Апавядаючы ў сваёй кнізе «Доўгая дарога дадому» пра пахаванне ў снежні 1971 года Аляксандра Твардоўскага, Васіль Быкаў згадвае: «…Аркадзь Куляшоў увесь час плакаў. Твардоўскі быў ягоны даўні і найлепшы сябра. Я дык адчуў сябе сіратой». (Я быў у складзе групы беларускіх пісьменнікаў, якія праводзілі ў апошні час слыннага паэта і грамадскага дзеяча, і пацвярджаю, што так яно прыблізна і было). Падзея адбілася ў гісторыі нашай літаратуры. Вярнуўшыся з пахавання, В. Быкаў тут жа, па свежым уражанні, бярэцца за пяро і напіша поўнае глыбокага роздуму слова пра значэнне, пра творчыя і грамадзянскія ўрокі Твардоўскага, пра яго вернасць «асноўным законам мастацтва — законам праўды і чалавечнасці».
Артыкул быў тэрмінова надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» за 24 снежня 71 года пад загалоўкам «Пухам табе зямля!». А Аркадзь Куляшоў, адклаўшы ўсе ранейшыя задумы, бярэцца за паэму, дзе ў форме ўзнёслай размовы з персаніфікаванай Варшаўскай шашой (такі знойдзены майстрам прыём!) аддае належнае памяці свайго, як ён скажа не раз, земляка, свайго вялікага сябра і таварыша па паэтычным цэху.
Лірычна-філасофская паэма, паэма-некралог «Варшаўскі шлях» была напісана літаральна за некалькі тыдняў, на адным, што называецца, дыханні. І тым больш яе можна па праву лічыць нерукатворным, паэтычным помнікам выдатнаму рускаму паэту, вернаму сябру Беларусі і беларускай літаратуры. Мімаволі згадваюцца асобныя, ключавыя радкі твора:
Пасля таго, мой шлях, як абагнеш
Ты ўсю Зямлю, зноў з’явішся на ўсходзе,
Ляці адтуль сяброўства сувязным,
Насустрач мне зрабі прывал пад Доўскам,
Агонь начлежны раскладзі. Пры ім
Пагутарым аб часе, аб Твардоўскім,
Што земляком тваім быў і маім.
Далей:
Няхай, мой шлях, твайго агню іскрынак
Не гасіць куль трасіруючых рой!..
Тут некалі на дзёрзкі паядынак
Выходзіў наш зямляк — з напасцю той.
Жыццё і смерць. Дуэль радкоў з крыжамі.
З вайною, не кіруючы франтамі,
На ўсіх франтах, мой шлях, ён вёў баі.
З рукамі каваля, з душой жняі…
Альбо:
Мне горка ад таго, што не хапае
Не нас яму сягоння, нам — яго.
Было з кім гаварыць, было ў каго
Сумленню прыклад браць, радкам — вучыцца…
Перачытваеш узнёслыя, прасякнутыя ўдзячнасцю і пашанай словы пра Аляксандра Твардоўскага, перачытваеш ягоныя ўласныя творы — з нагоды 100-х угодкаў ды з гледзішча сённяшняга дня, — і выразна ўяўляеш, як, у якой паслядоўнасці ўваходзіў паэт у жыццё майго пакалення…
Спачатку быў «Васіль Цёркін», была «Кніга пра байца», пра салдата, пра чалавека на вайне. Адна з самых першых кніг, якія прыходзілі адразу пасля вайны, — у танным, шэранькім пераплёце, — у толькі што створаныя пасля вызвалення вясковыя хаты-чытальні, у сціплыя школьныя бібліятэкі. «Нёманскія казакі» Янкі Брыля, «Прыгоды цымбал» Аркадзя Куляшова, «Далёкія станцыі» Пімена Панчанкі і вось гэты самы «Васіль Цёркін» Аляксандра Твардоўскага.
Добра памятаецца, як мы, вучні-старэйшакласнікі Каменскай школы, чытаем калектыўна, услых, перад урокамі ці ў перапынках паміж імі «Кнігу пра байца». Чытаем, слухаем, смяемся, задумваемся, падхопліваем, беручы ва ўжытак як крылатыя выразы, радкі, накшталт: «Я согласен на медаль», «Бой идет не ради славы, ради жизни на земле», «Сабантуй бывает разный» і г.д. Тут жа прыгадваецца і першае знаёмства з паэмай «Дом ля дарогі», творам іншай танальнасці і з іншым падзагалоўкам («Лірычная хроніка»), але таксама пра вайну, толькі ўжо пра вайну, якую спаўна зведалі ўсе мы, хто заставаўся па гэты бок лініі фронта, на акупаванай тэрыторыі, і трагізм якой цяпер глыбей усведамлялі і спасцігалі праз тужліва-гаротныя, прачулыя радкі паэмы:
И всё, что выразится здесь,
Да вникнет в душу снова,
Как плач о родине, как песнь
Её судьбы суровой.
Засталося, захавалася ў душы незамутнёным і па сённяшні дзень галоўнае ўражанне ад таго даўняга, першага чытання паэмы. Выказаць яго можна толькі адным простым словам: палёгка. Палёгка ад глыбока чалавечага ладу паэмы, ад той вялікай душэўнай спагады, з якой аўтар паказвае пакуты сваіх герояў, палёгка-спатоля ад гэтага, такога блізкага беларусу-вяскоўцу рэфрэна, як:
Коси, коса,
Пока роса,
Роса долой —
И мы домой.
Другі этап, пяцідзесятыя гады. Мы, студэнты, чытаем — у інтэрнаце, у аўдыторыі паміж лекцыямі раздзелы паэмы Аляксандра Твардоўскага «За даллю — даль». Чытаем і ўслых, калектыўна, і моўчкі, для сябе. Абменьваемся ўражаннямі, абмяркоўваем. Паэт з яго сумленным, адкрытым, часам востра-крытычным радком дапамагае асэнсоўваць новую паласу ў жыцці грамадства, абуджае спадзяванне на перамены да лепшага. Паэма імпанавала, запаміналася яшчэ і тым, — а мы ўжо і самі пачыналі да гэтага часу пісаць вершы і таму паняцце пакалення мушу звужаць да кола літаратурных равеснікаў, — што аўтар выступаў як непадкупны і непахісны змагар за праўдзівы змест і маральную чысціню мастацкага слова, бескампрамісна выкрываў замаскаваную пад так званы сацрэалізм псеўдалітаратуру.
Глядишь, роман, и все в порядке:
Показан метод новой кладки,
Отсталый зам, растущий пред
И в коммунизм идущий дед…
И все похоже, все подобно
Тому, что есть иль может быть,
А в целом — вот как несъедобно,
Что в голос хочется завыть.
І наступны, заключны этап. Лірыка Аляксандра Твардоўскага апошніх гадоў яго жыцця. Ягоныя напоўненыя шчымліва-пранізлівым пачуццём вершы «Я знаю, никакой моей вины…», «Лежат они, глухие и немые», «На дне моей жизни», «В случае главной утопии», «Час мой утренний, час контрольный» і інш. Яны ўяўляюць сабой яшчэ адзін прыклад гарманічнага спалучэння ў вершаваным радку ўнутранага і вонкавага, інтымнага і агульналюдскага, яшчэ адзін яркі маральны і эстэтычны ўрок.
Да слова сказаць, далёка не пераканаўчым выглядае сцвярджэнне некаторых крытыкаў, што Аляксандр Твардоўскі, маўляў, раскрыўся як лірык толькі ў апошні перыяд сваёй творчасці. Па вялікім рахунку, лірыкам ён быў і ў некаторых ранніх вершах, і ў асобных раздзелах паэм «Дом ля дарогі» і «За даллю — даль». Не кажучы ўжо пра такія творы, як «Я убит подо Ржевом» і «В тот день, когда окончилась война».
Асобная, вялікая і шматгранная, тэма — Аляксандр Твардоўскі і Беларусь. Яна знайшла пэўнае адлюстраванне ў нашых энцыклапедычных выданнях і некаторых літаратуразнаўчых працах. І гэта добра, гэта справядліва. Але пададзеныя там скупыя, фактаграфічнага плану звесткі не даюць поўнага ўяўлення пра тое, што значыла для паэта Беларусь, яе людзі, яе мова, яе літаратура і мастацтва. Між тым беларускі чыннік адыграў значную ролю ў яго жыцці і творчасці. Звяртаючыся да Аляксандра Твардоўскага не інакш як «наш зямляк», Аркадзь Куляшоў меў на ўвазе не толькі яго карані, яго паходжанне, але і яго, так бы мовіць, непрыхаваны беларускі патрыятызм.
У сваім выступе на Другім з’ездзе беларускіх пісьменнікаў (1949 год) Аляксандр Твардоўскі прызнаваўся: «Я люблю беларускую паэзію і ўжо пісаў аб тым, што мова майго дзяцінства блізкая да беларускай мовы». Таму і не дзіўна, што ў ягоных творах не-не ды і сустрэнеш яўныя беларусізмы, накшталт «абапал», «сцішыцца», «краіна», «справа», «страха» і г.д. Ад дзеда Гардзея і бацькі Трыфана ён чуў беларускія народныя песні ( «І шуміць, і грыміць, дробны дожджык ідзе…» ды інш.). Некалькі песняў ён ведаў сам і ахвотна спяваў іх пры адпаведнай нагодзе. І з захапленнем пісаў, што нашыя песні — «лепшае сведчанне красы зямлі і народа, які насяляе яе, народа са шчодрым, сумленным і вясёлым сэрцам».
Так, ён любіў нашую паэзію, па-зямляцку, блізка да сэрца прымаў нашыя літаратурныя справы. Сябраваў, як мы ўжо бачылі, з Аркадзем Куляшовым, як галоўны рэдактар часопіса творча і маральна падтрымліваў Васіля Бакава. Вядомыя яго добрыя адносіны да творчасці іншых беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку маладзейшых. Я асабіста ганаруся тым, што быў аўтарам «Нового мира», калі яго рэдагаваў Аляксандр Твардоўскі.
Мае, безумоўна, рацыю чытач «Народнай волі», геолаг Сяргей Барысаў, які ўскліквае: «Ён жа — і наш паэт!» ды прапануе паставіць у сталіцы Беларусі помнік «блізкаму другу і брату нашай зямлі Аляксандру Твардоўскаму». «Хай ён будзе стаяць, — працягвае чытач, — побач з помнікамі Купалу, Коласу, Багдановічу і іх сабратам — геніям славянства Пушкіну, Міцкевічу, Шаўчэнку. Гэта і будзе духоўнае ўзаемаўзбагачэнне блізкіх народаў на справе, а не ў пустых траскучых лозунгах».
Голас народа — голас Божы. І пажаданне чытача, трэба думаць, калі-небудзь спраўдзіцца. А пакуль што, кажучы словамі юбіляра,
Да будет камнем камень,
Да будет болью боль.
19–21 чэрвеня 2010 г.







.jpg)













Пакінуць новы каментар